Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Куды б ні накіроўваўся розум, зьменьлівы й неспакойны па прыродзе, йог заўсёды павінен вяртаць яго пад уладу свайго сапраўднага «я».



Калі йог дасягае гэтай ступені дасканаласьці, якая называецца трансам, ці самадхі, яго розум цалкам адхіляецца ад матэрыяльнай дзейнасьці. Дзякуючы чысьціні розуму ён атрымлівае здольнасьць бачыць сваё сапраўднае «я», і яно робіцца для яго крыніцай радасьці й шчасьця. Атрымаўшы задавальненьне, йог сваімі духоўнымі пачуцьцямі адчувае бязьмежную духоўную асалоду. Спасьцігнуўшы ісьціну, ён ужо ніколі не забывае яе і лічыць, што няма нічога вышэй за яе. Такі чалавек не губляе самавалоданьня, нават сутыкаючыся з найвялікімі цяжкасьцямі. Вось сапраўдная свабода ад пакутаў, што ўзьнікаюць ад судотыку з матэрыяльным сьветам.

 

КАМЭНТАР: Займаючыся йогай, чалавек паступова зжывае матэрыяльныя ўяўленьні аб жыцьці. Гэта асноўны прынцып йогі. У выніку йог уваходзіць у стан трансу, ці самадхі, у якім ён з дапамогай адухоўленага розуму й інтэлекту спасьцігае Звышдушу, але пры гэтым не атаясамляе сябе зь Ёй. Практыка йогі ў значнай ступені заснавана на вучэньні Патанджалі. Некаторыя некампэтэнтныя камэнтатары спрабуюць паставіць знак роўнасьці паміж індывідуальнай душой і Звышдушой, а маністы называюць усьведамленьне гэтай роўнасьці вызваленьнем. Яны ня ведаюць, у чым сапраўдная мэта йогі Патанджалі. Патанджалі прызнае існаваньне духоўнай асалоды, а маністы адхіляюць яе, бачачы ў гэтым пагрозу для філязофіі адзінства. Маністы не прызнаюць адрозьненьня паміж тым, хто ўспрымае і аб'ектам успрыманьня, але з гэтага верша ясна, што духоўная асалода існуе і адчуць яе можна духоўнымі пачуцьцямі. Гэта таксама пацьвярджае сам Патанджалі Муні, заснавальнік сыстэмы йогі. У сваіх «Йога-сутрах» (3.34) вялікі мудрэц кажа: пурушартха-шунйанам гунанам пратіпрасавах каівалйам сварупа-пратіштха ва чіті-шактір іті. Чіті-шакті, альбо ўнутраная энэргія, духоўная па прыродзе. Паняцьце пурушартха складаецца зь мірскай рэлігійнасьці, імкненьня да матэрыяльнага роськвіту й пачуцьцёвых задавальненьняў і ў канчатковым рахунку спробы зьліцца з Усявышнім. Маністы называюць такое зьліцьцё з Усявышнім кайвальяй. Але, на думку Патанджалі, кайвалья - гэта ўнутраная, ці духоўная, энэргія, якая дазваляе жывой істоце ўсьвядоміць сваю духоўную прыроду. Госпад Чайтанья назваў гэты працэс чето-дарпана-марджанам, ачышчэньнем люстэрка розуму. Такое ачышчэньне й ёсьць сапраўднае вызваленьне з матэрыяльнага палону (бхава-маха-давагні-нірвапанам). Гэтаму паняцьцю адпавядае паняцьце нірваны, якая таксама зьяўляецца толькі папярэдняй ступеньню. У «Бхагаватам» (2.10.6) гэтую ступень называюць сварупена вйавастхітіх. Гэта пацьвярджаецца і ў дадзеных вершах «Бхагавад-гіты».

 

За нірванай, спыненьнем матэрыяльнага існаваньня, ідзе этап духоўнай дзейнасьці - дзейнасьці ў сьвядомасьці Крышны, ці адданага служэньня Госпаду. Як сказана ў «Бхагаватам», гэта сапраўднае быцьцё жывой істоты (сварупена вйавастхітіх). Маяй, ці ілюзіяй, завецца духоўнае быцьцё, пакрытае матэрыяльнай гнюсьсю. Ачышчэньне ад гэтай гнюсі зусім не супярэчыць спрадвечнаму становішчу вечнай жывой істоты. Патанджалі таксама прызнае гэта: каівалйам сварупа-пратіштха ва чіті-шактір іті. Чіті-шакці, ці духоўная асалода, - вось сапраўднае жыцьцё. Гэта пацьвярджае «Веданта-сутра» (1.1.12): ананда-майа 'бхйасат. Натуральнае для жывой істоты становішча духоўнай асалоды зьяўляецца канчатковай мэтай йогі, і яно лёгка дасяжнае з дапамогай адданага служэньня, ці бхакці-йогі. Мэтад бхакці-йогі будзе дэталёва апісаны ў сёмай частцы «Бхагавад-гіты».

 

У сыстэме йогі, пра якую расказваецца ў гэтай частцы, адрозьніваюць два віды самадхі: сампраг'ята-самадхі і асампраг'ята-самадхі. Сампраг'ята-самадхі - гэта духоўны транс, якога дасягаюць шляхам філязофскіх пошукаў. Што да асампраг'ята-самадхі, то на гэтым узроўні чалавек цалкам вызваляецца ад матэрыяльных задавальненьняў, бо яго больш не прыцягвае шчасьце, крыніцай якога зьяўляюцца матэрыяльныя пачуцьці. Дасягнуўшы гэтага трансцэндэнтнага становішча, йог ужо ніколі не страціць яго. Той, каму не атрымалася ўстаць на гэты ўзровень, не дасягнуў мэты йогаўскай практыкі. Сучасная так званая йога, што дапускае розныя формы пачуцьцёвых задавальненьняў, супярэчыць гэтаму прынцыпу. Йог, які не адмовіўся ад полавага жыцьця і ачмуральных сродкаў, зьяўляецца пародыяй на йога. Нават тых, хто займаецца йогай, імкнучыся знайсьці сідхі (містычныя здольнасьці), нельга лічыць дасканалымі йогамі. Людзі, якія вабяцца пабочнымі прадуктамі йогі, не змогуць дасягнуць дасканаласьці, апісанай у гэтым вершы. Таму тыя, хто імкнуцца ўразіць уяўленьне людзей акрабатычнымі трукамі й містычнымі сідхамі, павінны ведаць, што яны забыліся на сапраўдную мэту ёгі.

 

У цяперашні век лепшы від йогі - гэта практыка сьвядомасьці Крышны, і той, хто займаецца ёй, не пазнае гаркаты расчараваньня. Дзейнічаючы ў сьвядомасьці Крышны, чалавек адчувае велізарную радасьць, так што яму не трэба нічога іншага. Людзі, якія практыкуюць хатха-йогу, дх'яна-йогу і г'яна-йогу, асабліва ў цяперашні век, век варожасьці й крывадушнасьці, сустракаюць на сваім шляху мноства перашкодаў, якія невядомыя таму, хто займаецца карма-йогай, ці бхакці-йогай.

 

Пакуль у нас ёсьць матэрыяльнае цела, мы змушаны задавальняць ягоныя патрэбы ў ежы, сьне, абароне й сэксе. Але чалавек, які ідзе шляхам чыстай бхакці-йогі, ці шляхам сьвядомасьці Крышны, ніколі не патурае сваім пачуцьцям. Ён прымае толькі тое, што абсалютна неабходна для жыцьця, імкнучыся атрымаць, так бы мовіць, максымальную карысьць зь нявыгаднага пагадненьня, і адчувае духоўнае шчасьце, дзейнічаючы ў сьвядомасьці Крышны. Ён абыякавы да скажонасьцяў лёсу, нават калі гэта будзе няшчасны выпадак, хвароба, галеча ці нават сьмерць блізкага чалавека, але пры гэтым заўсёды імкнецца як мага лепш выконваць свае абавязкі ў сьвядомасьці Крышны (бхакці-йогу). Ніякія няўдачы не перашкодзяць яму выканаць свой абавязак. Агамапайіно 'нітйас тамс тітікшасва бхарата (Б.-г., 2.14). Ён цярпліва пераносіць усе нягоды, ведаючы, што яны часовыя і ня могуць стаць перашкодай на ягоным шляху. Так ён дасягае вышэйшай дасканаласьці йогі.

 

ТЭКСТ 24

 

са нішчайена йоктавйо
його 'нірвінна-четаса
санкалпа-прабхаван камамс
тйактва сарван ашешатах
манасаівендрійа-грамам
вінійамйа самантатах

 

сах - тая; нішчайена - з рашучасьцю; йоктавйах - тая, якой варта; йогах - йога; анірвінна-четаса - няўхільна; санкалпа - разважаньнямі; прабхаван - спароджаныя; каман - матэрыяльныя жаданьні; тйактва - зжыўшы; сарван - усё; ашешатах - цалкам; манаса - розумам; эва - безумоўна; індрійа-грамам - усе пачуцьці; вінійамйа - падначаліўшы; самантатах - з усіх бакоў.

Займацца йогай трэба з рашучасьцю й верай, ніколі не сыходзячы з абранага шляху. Трэба пазбыцца ад усіх без вынятку матэрыяльных жаданьняў, што ўзьнікаюць у розуме, і з дапамогай розуму падначаліць сабе ўсе пачуцьці.

 

КАМЭНТАР: Той, хто займаецца йогай, павінен мець рашучасьць і цярпліва працягваць свае заняткі, не сыходзячы з абранага шляху. Ён павінен верыць у тое, што ўрэшце дасягне посьпеху, і зь вялікай зацятасьцю рухацца наперад, не адчайваючыся, калі па той ці іншай прычыне не зможа хутка дамагчыся жаданых вынікаў. Калі йог настойлівы й рашучы, ён абавязкова прыйдзе да заплянаванай мэты. Рупа Госвамі кажа:

 

утсахан нішчайад дхаірйат
тат-тат-карма-правартанат
санга-тйагат сато вріттех
шадбхір бхактіх прасідхйаті

 

«Той, хто зь неаслабным запалам, упартасьцю й рашучасьцю выконвае свае абавязкі ў адданым служэньні, мае зносіны з адданымі й займаецца вылучна дзейнасьцю ў гуне даброці, абавязкова дасягне посьпеху на шляху бхакці-йогі» (Упадэшамрыта, 3).

 

Што да рашучасьці, то йог павінен кіравацца прыкладам вераб'іхі, якая страціла свае яйкі. Вераб'іха адклала яйкі на беразе акіяна, але іх панёс марскі прыліў. Ахопленая горам, яна стала прасіць акіян вярнуць ёй згубу. Але той застаўся безуважным да яе маленьняў. Тады вераб'іха вырашыла асушыць акіян. Сваёй маленькай дзюбай яна пачала па кроплі вычэрпваць зь яго ваду, і ўсе вакол сьмяяліся над яе неверагоднай рашучасьцю. Пагалоска пра гэта разьляцелася па ўсім сьвеце й дайшла да Гаруды, гіганцкай птушкі, якая носіць на сьпіне Госпада Вішну. Зьлітаваўшыся над сваёй маленькай сястрой, Гаруда прыляцеў на бераг акіяна. Захоплены ейнай упартасьцю, ён паабяцаў дапамагчы ёй. Ён тут жа загадаў акіяну вярнуць вераб'ісе яйкі, прыстрашыўшы, што інакш сам возьмецца вычэрпваць ваду. Спалохаўшыся гэтай пагрозы, акіян адразу падпарадкаваўся. Так вераб'іха з ласкі Гаруды зноў стала шчасьлівай. Падобна гэтаму, займаньне йогай, асабліва бхакці-йогай, можа здавацца нам вельмі цяжкім. Але калі чалавек з усёй рашучасьцю трымаецца правілаў бхакці-йогі, Госпад неадменна прыйдзе да яго на дапамогу, таму што Бог дапамагае таму, хто дапамагае сабе сам.

 

 

ТЭКСТ 25

 

шанаіх шанаір упарамед
буддхйа
дхріті-гріхітайа
атма-самстхам манах
крітва
на
кінчід апі чінтайет

 

шанаіх - паступова; шанаіх - паступова; упарамет - хай стрымлівае; буддхйа - інтэлектам; дхріті-гріхітайа - якія абапіраюцца на перакананасьць; атма-самстхам - зьмешчаны на духоўным узроўні; манах - розум; крітва - зрабіўшы; на - не; кінчіт — аб чым-небудзь; апі - нават; чінтайет - хай думае.

Паступова, крок за крокам з дапамогай розуму, што абапіраецца на цьвёрдую перакананасьць, йог павінен пагрузіцца ў транс і цалкам засяродзіць розум на душы, не думаючы ні пра што іншае.

 

КАМЭНТАР: З дапамогай цьвёрдай перакананасьці й інтэлекту йог павінен паступова спыніць дзейнасьць пачуцьцяў. Гэтая ступень завецца пратйяхара. Адхіліўшы пачуцьці ад аб'ектаў успрыманьня і ўтаймаваўшы розум з дапамогай мэдытацыі й перакананасьці, йог уваходзіць у стан трансу, ці самадхі. Тады яму ўжо не пагражае небясьпека зноў апынуцца ў палоне матэрыяльных уяўленьняў аб жыцьці. Пакуль йог знаходзіцца ў матэрыяльным целе, ён змушаны датыкацца з матэрыяй, аднак яму ня трэба думаць пра задавальненьне патрэбаў уласных пачуцьцяў. Ён павінен думаць толькі пра тое, як даставіць задавальненьне Вышэйшай Душы. Гэтага ўзроўню няцяжка дасягнуць, калі проста займацца дзейнасьцю ў сьвядомасьці Крышны.

 

 

ТЭКСТ 26

 

йато йато нішчалаті
манаш чанчалам астхірам
татас тато нійамйаітад
атманй эва вашам найет

 

йатах йатах - адкуль бы ні; нішчалаті - празьмеру ўзбуджаецца; манах - розум; чанчалам - зьменьлівы; астхірам - няўстойлівы; татах татах - адтуль; нійамйа - здушыўшы; этат - гэта; атмані - у сваё «я»; эва - безумоўна; вашам - пад кантроль; найет - хай прыводзіць.

Куды б ні накіроўваўся розум, зьменьлівы й неспакойны па прыродзе, йог заўсёды павінен вяртаць яго пад уладу свайго сапраўднага «я».

 

КАМЭНТАР: Розум па сваёй прыродзе зьменьлівы й няўстойлівы. Але йог, які спасьціг сваё сапраўднае «я», павінен утаймаваць розум, а не дазваляць яму панаваць над сабой. Таго, хто ўціхамірыў розум, а значыць і пачуцьці, называюць госвамі ці свамі, тады як чалавека, які падначальваецца дыктату розуму, завуць го-дасам, слугой пачуцьцяў. Госвамі ведае, што такое сапраўднае пачуцьцёвае задавальненьне. Пачуцьці таго, хто адчувае духоўнае пачуцьцёвае задавальненьне, занятыя служэньнем Хрышыкешы (Крышне), вярхоўнаму валадару пачуцьцяў. Той, хто, ачысьціўшы свае пачуцьці, выкарыстоўвае іх у служэньні Госпаду, дзейнічае ў сьвядомасьці Крышны. Толькі так можна стаць поўнаўладным гаспадаром сваіх пачуцьцяў і толькі так можна дасягнуць вышэйшай дасканаласьці йогі.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.