|
|||
Для таго, хто ўтаймаваў розум, ён робіцца лепшым сябрам, а для таго, у каго гэта не атрымалася, розум застаецца лютым ворагам.ТЭКСТ 5
уддхарет - хай вызваліць; атмана - розумам; атманам - абумоўленую душу; на - не; атманам - абумоўленую душу; авасадайет - змушае дэградаваць; атма - розум; эва - бо; хі - сапраўды; атманах - абумоўленай душы; бандхух - сябар; атма - розум; эва - безумоўна; ріпух - вораг; атманах - абумоўленай душы. З дапамогай розуму чалавек павінен вызваліцца з матэрыяльнага палону, а не дэградаваць, апускаючыся ў ніжэйшыя формы жыцьця. Розум можа быць і сябрам абумоўленай душы, і яе ворагам.
КАМЭНТАР: У розных кантэкстах слова атма можа перакладацца па-рознаму: «цела», «розум» ці «душа». У сыстэме йогі асабліва важнымі элемэнтамі зьяўляюцца розум і абумоўленая душа. Паколькі цэнтрам дзейнасьці ў практыцы йогі зьяўляецца розум, слова атма ў гэтым вершы азначае «розум». Мэта йогі - утаймаваць розум і вызваліць яго ад прыхільнасьці да аб'ектаў пачуцьцяў. Тут асабліва падкрэсьліваецца, што розум трэба прызвычаіць дзейнічаць так, каб ён змог выцягнуць абумоўленую душу з багны недасьведчанасьці. У матэрыяльным сьвеце жывая істота знаходзіцца пад ўладай ўласнага розуму й пачуцьцяў. Насамрэч, чыстая душа застаецца ў гэтым сьвеце толькі таму, што яе розум знаходзіцца пад уплывам падманнага эга, якое імкнецца панаваць над матэрыяльнай прыродай. Таму розум трэба навучыць супрацьстаяць спакусам матэрыяльнае прыроды, - тады абумоўленая душа будзе выратавана. Жывая істота не павінна дэградаваць з-за прыхільнасьці да аб'ектаў пачуцьцяў. Чым мацьней яна прывязана да іх, тым больш заблытваецца ў сетках матэрыяльнага жыцьця. Самы лепшы спосаб вызваліцца ад матэрыяльных прыхільнасьцяў - прымушаць розум заўсёды дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны. Каб падкрэсьліць гэта, Крышна ўжывае слова хі: чалавек абавязкова павінен зрабіць гэта. У Ведах сказана:
мана эва манушйанам
«Розум можа спрычыніцца рабству, а можа й прывесьці да вызваленьня. Паглынуты думкамі пра аб'екты пачуцьцяў, розум ператварае чалавека ў раба, а адхілены ад гэтых аб'ектаў, вызваляе яго» (Aмрыта-бінду-упанішад, 2). Такім чынам, розум, які заўсёды заняты дзейнасьцю ў сьвядомасьці Крышны, дапаможа чалавеку дасягнуць вышэйшай ступені вызваленьня.
ТЭКСТ 6
бандхур атматманас тасйа
бандхух - сябар; атма - розум; атманах - жывой істоты; тасйа - яго; ена - якім; атма - розум; эва - безумоўна; атмана - жывой істотай; джітах - утаймаваны; анатманах - для таго, каму не атрымалася ўтаймаваць свой розум; ту - але; шатрутве - з-за варожасьці; вартета - застанецца; атма эва - той жа самы розум; шатру-ват - падобна ворагу. Для таго, хто ўтаймаваў розум, ён робіцца лепшым сябрам, а для таго, у каго гэта не атрымалася, розум застаецца лютым ворагам.
КАМЭНТАР: Мэта практыкі васьміступеністай сыстэмы йогі - утаймаваць розум і зрабіць яго сваім сябрам, які дапаможа выканаць прызначэньне чалавечага жыцьця. Пакуль чалавек не ўтаймуе розум, усе ягоныя заняткі йогай будуць толькі пустым марнаваньнем часу. Той, хто ня можа даць рады розуму, жыве побач са сваім лютым ворагам і таму марна пражывае жыцьцё, так і не дасягнуўшы яго мэты. Кожная жывая істота па сваёй прыродзе заклікана выконваць указаньні звыш. Пакуль розум застаецца нескароным ворагам, мы змушаны падпарадкоўвацца дыктату пажадлівасьці, гневу, прагнасьці, ілюзіі і г.д. Калі ж у нас атрымліваецца ўтаймаваць яго, ён самахоць згаджаецца выконваць указаньні Вярхоўнага Госпада, які знаходзіцца ў сэрцы кожнага ў вобразе Параматмы. Сапраўдная йога дае чалавеку магчымасьць адчуць прысутнасьць Параматмы ў сваім сэрцы й пачаць дзейнічаць, падпарадкоўваючыся волі Госпада. Для таго, хто ўстаў на шлях сьвядомасьці Крышны, зусім натуральна выконваць усе ўказаньні Госпада.
|
|||
|