|
|||
Эрых Марыя Рэмарк 13 страница- Хутка- пані... няшчасце... Я пабег па пясчанай сцежцы, праз лес, да дома. Драўляныя весніцы не адчыніліся, я пераскочыў праз верх, кінуўся ў пакой. Пат ляжала на ложку, на грудзях была кроў, рукавы закасаныя. Кроў цякла ў яе з рота. Каля яе стаяла фройляйн Мюлер. У руках у яе былі ручнікі і міска з вадой. - Што здарылася? - выгукнуў я і адпіхнуў яе. Яна нешта сказала. - Прынясіце бінт! - крыкнуў я. - Дзе рана? Яна пазірала на мяне, вусны ў яе дрыжалі. - Няма раны. Я зірнуў на яе. - Кравацеча. Я падскочыў да яе і забраў з рук міску з вадой. - Прынясіце лёду, прынясіце хутчэй кавалак лёду. Я намачыў ручнік і паклаў яго Пат на грудзі. - У нас дома няма лёду, - сказала фройляйн Мюлер. Я павярнуўся да яе. Яна адхіснулася. - Богам прашу, прынясіце кавалак лёду, пашліце каго-небудзь у шынок і патэлефануйце лекару. - У нас няма тэлефона. - Чорт пабяры! Дзе найбліжэйшы тэлефон? - У Масмана. - Бяжыце хутчэй туды. Адразу ж патэлефануйце лекару, які жыве найбліжэй. Як яго завуць? Дзе ён жыве? Не дачакаўшыся, што яна скажа, я падпіхнуў яе. - Хутка, хутка бяжыце, што ёсць сілы. Ці далёка гэта? - Тры хвіліны, - сказала жанчына і пабегла. - Прынясіце ж лёду! - крыкнуў я ёй наўздагон. Яна кіўнула галавой. Я прынёс вады і зноў намачыў ручнік. Я не адважваўся дакрануцца да Пат. Я не ведаў, ці так яна павінна ляжаць, я быў у адчаі, што не ведаў, а гэта ж было адзінае, што трэба было ведаць. Падкласці пад галаву падушку ці, наадварот, нельга? Яна захрыпела, потым напружылася, і з рота заструменіла кроў. Яна дыхала цяжка, з плачам, у вачах яе стаяў нечалавечы жах, яна душылася і кашляла, кроў вырывалася струменямі. Я то ўтрымліваў яе, то адпускаў, падклаўшы руку ёй пад плечы. Я адчуваў кожны рух яе беднага зняможанага цела, здавалася, гэта будзе цягнуцца бясконца, потым яна без сілы адвалілася на спіну. Вярнулася фраў Мюлер. Яна глядзела на мяне, як прывід. - Што рабіць? - крыкнуў я. - Зараз прыйдзе лекар, - прашаптала яна. - Лёд... на грудзі і, калі можна... у рот... - Як палажыць - падняць галаву ці не трэба, гаварыце ж, каб д'ябал вас узяў... хутка! - Няхай ляжыць... ён зараз прыйдзе. Я паклаў кавалак лёду на грудзі Пат, апрытомнеўшы, ведаючы, што нешта магу рабіць. Я пабіў лёд для кампрэсу і паклаў яго і ўсё ўзіраўся на гэтыя салодкія, каханыя, спакутаваныя вусны, адзіныя, скрываўленыя... Чуваць было, што нехта прыехаў на ровары. Я ўскочыў на ногі. Лекар. - Патрэбна мая дапамога? - спытаў я. Ён пахітаў галавой і адкрыў сумку. Я стаяў зусім побач з ім перад ложкам, ухапіўшыся за спінку. Ён зірнуў на мяне. Адступіўшы на крок, я не адрываў ад яго вачэй. Ён глядзеў на скабы Пат. Яна стагнала. - Гэта небяспечна? - спытаў я. - Дзе лячылася ваша жонка? - спытаў ён у адказ. - Што? Лячылася? - прамармытаў я. - У якога лекара? - спытаў ён нецярпліва. - Я не ведаю... - адказаў я. - Не, я нічога не ведаю... я не думаю... Ён зірнуў на мяне. - Вы гэта павінны ведаць... - Але я не ведаю. Яна мне ніколі нічога не казала. Ён нахіліўся над Пат і спытаў. Яна намагалася адказаць. Але закашлялася, пацякла кроў. Лекар падхапіў яе пад плечы. Яна хапала паветра, дыхала з прысвістам. - Жафэ, - з булькатаннем прамовіла яна. - Фелікс Жафэ? Прафесар Фелікс Жафэ? - спытаў лекар. Яна пацвердзіла вачыма. Ён павярнуўся да мяне. - Вы можаце патэлефанаваць яму? Лепш спытаць яго. - Так, так, - адказаў я. - Зараз. Я потым паклічу вас. Жафэ? - Фелікс Жафэ, - сказаў лекар. - Спытайце нумар тэлефона ў бюро даведак. - Яна будзе жыць? - спытаў я. - Трэба, каб спынілася кравацеча, - сказаў лекар. Я паклікаў служанку, і мы пабеглі. Яна паказала мне дом, дзе быў тэлефон. Я пазваніў у дзверы. Невялікая кампанія сядзела за сталом. Яны пілі хто каву, хто піва. Я акінуў іх позіркам і не мог зразумець: людзі пілі піва ў той час, калі Пат сцякала крывёй. Я сказаў, што мне тэрмінова трэба пагаварыць, і пачаў чакаць. Услухоўваючыся ў гулкі змрок, я праз занавескі бачыў частку пакоя і постаці, нібы ў тумане. Я бачыў, як туды-сюды матлялася лысіна, яна ў святле здавалася жоўтай; я бачыў брошку на жоўтай тафце зашнураванай сукенкі, падвойны падбародак, пенснэ і высокую прычоску... кастлявую старую руку з прыпухлымі венамі, якая барабаніла па стале... мне не хацелася нічога гэтага бачыць, але я быў безабаронны: усё гэта лезла мне ў вочы, як зыркае святло. Нарэшце тэлефон адказаў. Я папрасіў паклікаць прафесара. - На жаль, - адказала сястра, - прафесар выйшаў. Сэрца ў мяне спачатку спынілася, а потым загрукатала, як кавальскі молат. - А дзе ён? Мне трэба пагаварыць з ім неадкладна. - Не ведаю. Магчыма, пайшоў яшчэ раз у клініку. - Калі ласка, патэлефануйце ў клініку. Я пачакаю. У вас жа ёсць яшчэ адзін апарат. - Хвілінку. - Зноў пачалося гудзенне, бяздонная цемра, над якой цягнуўся толькі тоненькі металёвы дроцік. Я ўздрыгнуў. Побач са мной у завешанай клетцы пачала спяваць канарэйка. Зноў пачуўся голас сястры: - Прафесар Жафэ ўжо пайшоў з клінікі. - Куды? - Я гэтага сапраўды не магу вам сказаць, пан. Пайшоў. Я прыхіліўся да сцяны. - Ало! - сказала сястра. - Вы яшчэ слухаеце? - Так... паслухайце, сястра, вы не ведаеце, калі ён вернецца... - Гэта невядома. - Няўжо ён вам не кажа? Ён жа павінен казаць. Калі што здарыцца, неяк жа трэба яго знайсці. - Ёсць лекар у клініцы. - Не маглі б вы яго... не, не, не мае сэнсу, ён жа нічога не ведае... добра, сястра, - сказаў я знясілена, - калі прыйдзе прафесар Жафэ, папрасіце яго неадкладна патэлефанаваць сюды. - Я назваў нумар. - Але, калі ласка, неадкладна. - Можаце паверыць мне, пан. - Яна паўтарыла нумар і павесіла слухаўку. Я застаўся адзін. Галовы, што матляліся, лысіна, брошка, другі пакой былі далёка, бліскучая гума, якая хісталася. Я азіраўся вакол сябе. Больш мне тут не было чаго рабіць. Трэба было толькі сказаць людзям, каб яны паклікалі мяне, калі будзе званок. Але я не мог адарвацца ад тэлефона. Здавалася, што гэта выратавальны канат, які я выпускаю з рук. І раптам я здагадаўся, што рабіць. Я зноў узяў слухаўку і назваў Кёстэраў нумар тэлефона. Ён павінен быць на месцы. Інакш і не магло быць. І вось з гаму і шуму ночы пачуўся спакойны голас Кёстэра. Я адразу ж таксама супакоіўся і расказаў яму пра ўсё. Я адчуваў, што ён запісвае. - Добра, - сказаў ён. - Я адразу выязджаю на пошукі прафесара. Я патэлефаную. Супакойся. Я яго знайду. Канец. Канец? Свет заціх. Прывід знік. Я пабег назад. - Ну? - спытаў лекар. - Вы знайшлі яго? - Не, - сказаў я. - Але я знайшоў Кёстэра. - Кёстэра? Не ведаю. Што ён сказаў? Як ён лячыў яе? - Лячыў? Ён не лячыў яе. Кёстэр знойдзе яго. - Каго? - Жафэ. - Божа мой, хто ён, гэты Кёстэр? - Ах... прабачце. Кёстэр - мой сябра. Ён знойдзе прафесара Жафэ. Я яго не застаў на месцы. - Шкада, - сказаў лекар і зноў павярнуўся да Пат. - Ён яго знойдзе, - сказаў я. - Калі той жывы, то ён адшукае яго. Лекар паглядзеў на мяне як на вар'ята. Потым ён паціснуў плячыма. У пакоі свяціла цьмяная лямпачка. Я спытаў, ці патрэбна мая дапамога. Лекар пахітаў галавой. Я ўзіраўся ў акно. Пат хрыпела. Я зачыніў акно і стаў у дзвярах. Я назіраў за дарогай. Раптам мяне паклікалі: - Тэлефон! Я павярнуўся. - Тэлефон. Я пайду. Лекар падскочыў. - Не, я. Я лепш распытаю яго. Заставайцеся тут. Нічога не прадпрымайце. Я зараз жа вярнуся. Я сеў каля пасцелі Пат. - Пат, - ціха прамовіў я, - мы ўсе тут. Мы зробім усё. З табой нічога не здарыцца. З табой не павінна нічога здарыцца. Ужо прафесар размаўляе з доктарам. Ён нам усё раскажа. Заўтра, напэўна, ён прыедзе сам. Ён дапаможа табе. Ты выздаравееш. Чаму ты мне ніколі ні слова не казала, што ты хворая? Не страшна, што ты крыху страціла крыві, Пат. Мы вернем яе табе, Пат. Кёстэр знайшоў прафесара. Цяпер усё добра, Пат. Лекар вярнуўся. - Гэта быў не прафесар. Я ўстаў. - Гэта быў ваш сябар Ленц. - Кёстэр не знайшоў яго? - Знайшоў. І той сказаў, што рабіць. Ваш сябар Ленц перадаў мне ўсё па тэлефоне. Усё ясна і нават правільна. Ваш сябар Ленц - лекар? - Не. Ён хацеў стаць ім. А Кёстэр? Лекар глянуў на мяне. - Ленц сказаў, што Кёстэр паехаў некалькі хвілін назад. З прафесарам. Мне трэба было да нечага прыхінуцца. - Ота, - сказаў я. - Так, - дадаў лекар. - Толькі адно ён пераблытаў. Ён думае, што яны праз пару гадзін дабяруцца сюды. Я ведаю гэтую дарогу. Нават пры хуткай яздзе - не менш трох гадзін. Ва ўсякім разе... - Доктар, - сказаў я, - вы можаце паверыць. Калі ён гаворыць: дзве гадзіны, то праз дзве гадзіны будзе тут. - Гэта немагчыма. Шмат паваротаў, ноч. - Паглядзім, - сказаў я. - Ва ўсякім разе... добра, што ён прыедзе. Я не мог больш трываць. Я выйшаў на вуліцу. Наваколле зацягнулася туманам. Удалечыні шумела мора. З дрэваў капала. Я азірнуўся. Я ўжо быў не адзінокі. За гарызонтам на поўдзень роў матор. За туманамі па бліскучых дарогах імчала дапамога, фары плявалі святлом, шыны свісталі, дзве рукі сталёва трымалі руль, пара вачэй свідравала змрок, холадна, упэўнена: вочы майго сябра... Пазней Жафэ мне расказаў, як яны ехалі. Кёстэр адразу пасля майго званка тэлефанаваў Ленцу, каб той быў напагатове. Потым ён забраў «Карла», і яны з Ленцам паімчаліся ў клініку Жафэ. Сястра выказала меркаванне, што прафесар пайшоў вячэраць. Кёстэр пачуў ад яе шэраг назваў рэстаранаў, дзе ён мог быць цяпер. Кёстэр паехаў. Ён парушаў правілы руху, ён не звяртаў увагі на перапуджаных паліцэйскіх. Ён гнаў машыну, як стаенніка, па запруджанай вуліцы. У чацвёртым рэстаране ён знайшоў прафесара. Жафэ адразу зразумеў, пра каго ідзе гаворка. Ён пакінуў яду і пайшоў з ім. Яны паехалі да прафесара на кватэру, каб узяць неабходныя рэчы. Гэта быў адзіны ўчастак, дзе Кёстэр ехаў хоць і хутка, але не парушаючы правілаў. Ён не хацеў без пары пужаць доктара. Па дарозе Жафэ спытаў, дзе ляжыць Пат. Кёстэр назваў месца на адлегласці сарака кіламетраў. Трэба было, каб прафесар сеў у машыну. Усё астатняе потым пойдзе само сабой. Пакуль Жафэ пакаваў сваю сумку, ён тлумачыў Ленцу, што трэба сказаць па талефоне. Потым ён сеў да Кёстэра ў машыну. - Гэта небяспечна? - спытаў Кёстэр. - Так, - сказаў Жафэ. У гэты момант «Карл» ператварыўся ў белую здань. Ён зрабіў рывок і паімчаў. Ён праціскаўся паміж машын, ён імчаў супроць усіх па вуліцах з аднабаковым рухам, ён шукаў самы кароткі шлях з горада. - Вы звар'яцелі? - закрычаў прафесар. Кёстэр абмінуў высокі бампер аўтобуса, на момант збавіў газ. Потым матор зноў зароў. - Едзьце павольней, - крычаў лекар. - Якая карысць трапіць у аварыю? - Не трапім. - Пры такой яздзе - праз дзве хвіліны. Кёстэр кінуў машыну ўлева, аб'язджаючы трамвай. - Мы не трапім у аварыю. - Цяпер перад ім была шаша. Ён зірнуў на лекара. - Я сам ведаю, што вы нам патрэбны жывы. Даверцеся мне... я паеду, як ехаў. - Але якая карысць ад гэтай гонкі! Вы выйграеце некалькі хвілін. - Не, - сказаў Кёстэр, ухіляючыся ад сутыкнення з грузавіком, нагружаным каменнем. - Нам трэба праехаць яшчэ дзвесце сорак кіламетраў. - Што? - Праўда... - Машына прабіралася паміж паштовым аўтамабілем і аўтобусам. - Я проста не хацеў гаварыць вам раней. - Гэта было б усё роўна, - прабурчаў Жафэ. - Мая дапамога не залежыць ад адлегласці. Едзьце на вакзал. Па чыгунцы мы дабяромся хутчэй. - Не, - Кёстэр выбраўся ў прыгарад. Вецер зрываў у яго словы з вуснаў. - Я ўжо ведаю... цягнік спазняецца... - Ён яшчэ раз зірнуў на Жафэ, і лекар, відаць, нешта заўважыў у яго твары. - Божа, - прамармытаў ён. - Ваша сяброўка? Кёстэр пахітаў галавой. Ён ужо не адказваў. Мінулі дачны пасёлак. Кёстэр выехаў на роўную дарогу. Цяпер машына імчала на поўнай хуткасці. Лекар скурчыўся за вузкім ветравым шклом. Кёстэр падаў яму свой скураны шлем. Бесперапынна гудзела сірэна. Лясы вярталі яе рык назад. Толькі ў вёсках, калі ўжо інакш нельга было, Кёстэр збаўляў хуткасць. На машыне не было глушыцеля. Грамавым рэхам аддаваўся гул матора паміж сценамі дамоў, якія змыкаліся за ім і ляскаталі, як палатно пад ветрам. «Карл» праносіўся між імі, асвятляючы іх на імгненне бледным святлом фараў, і зноў угрызаўся ў ноч ікламі промняў. Колы рыпелі, шыпелі, вылі, свісталі - матор выдаваў цяпер усю моц, якую меў. Кёстэр нахіліўся над рулём, яго цела ператварылася ў вялізнае вуха, у фільтр, які прасейваў гул і свіст на зразумелыя яму шумы і які гатовы быў вылавіць самы нязначны пабочны шум, любы падазроны скрып ці шоргат, што пагражалі аварыяй і смерцю. Шаша стала мокрай. На гліністай дарозе машына віхляла і падскоквала. Кёстэру давялося знізіць хуткасць. Павароты патрабавалі яшчэ большага напружання. Кёстэр кіраваў ужо не так з дапамогай розуму, як інстынкту. Фары высвечвалі павароты толькі напалову. У той момант, калі машына паварочвала, дарогі відаць не было. Пражэктар-шукальнік не дапамагаў, прамень быў занадта тонкі. Лекар маўчаў. Раптам паветра перад фарамі завіхрылася, яно афарбавалася ў бледна-серабрысты колер, з'явіліся стракатыя клубы. Гэта быў адзіны момант, калі Жафэ пачуў лаянку Кёстэра. Праз хвіліну яны былі ў густым тумане. Кёстэр пераключыў фары на малое святло. Яны плылі ў ваце, міма праносіліся цені, дрэвы, невыразныя сілуэты ў малочным моры, шашы больш не было, толькі выпадак і прыблізнасць, плямы, якія вырасталі і знікалі ў рыку матора. Калі яны праз дзесяць хвілін выбраліся з машыны, твар Кёстэра выглядаў запалым. Ён зірнуў на Жафэ і штосьці прамармытаў. Потым ён даў поўны газ... насуплены, халодны і зноў упэўнены ў сабе.
У пакоі панавала ліпкая цеплыня, гнятучая, як свінец. - Не перастае? - спытаўся я. - Не, - адказаў лекар. Пат зірнула на мяне. Я паспрабаваў усміхнуцца ёй. Атрымалася грымаса. - Яшчэ паўгадзіны, - сказаў я. Лекар ускінуў позірк на мяне. - Яшчэ паўтары гадзіны, калі не дзве. Ідзе дождж. Кроплі з ціхім шоргатам падалі на лісце і кусты ў садзе. Аслеплымі вачыма я ўзіраўся ў цемру. Колькі часу прайшло, як мы ўставалі ўначы і масціліся паміж ляўкоямі і рэзедой і Пат напявала дзіцячыя песенькі? Ці даўно тое было, калі дарога блішчала ў белым сонечным святле і Пат бегла паміж кустоў, падобная да гнуткага звярка? Я соты раз выйшаў за дзверы. Гэта не мела сэнсу, я ведаў. Але так скарачалася чаканне. Паветра было туманнае. Я вылаяўся: я ведаў, што гэта азначае для Кёстэра. У душнай начы закрычала птушка. - Заткніся, - прабурчаў я. На ўспамін прыйшлі расказы пра птушак - вестуноў смерці. - Глупства! - сказаў я гучна, і ўсё роўна па спіне пабеглі мурашкі. Недзе гудзеў хрушч... але не набліжаўся... не набліжаўся. Ён гудзеў аднастайна ціха; а вось перастаў... цяпер зноў пачуўся... гэта быў не жук, гэта быў далёкі гул матора, які на высокай хуткасці браў павароты. Я стаяў нерухома, я затрымаў дыханне, каб лепш чуць: зноў... зноў аддаленае тонкае гудзенне, як гудзіць злосная аса. А цяпер мацней, я ўжо выразна разбіраў гук кампрэсара. Тут гарызонт, які быў так напяты, што здавалася, разарвецца, абрынуўся ў мяккую бесконцасць, ён пахаваў пад сабой ноч, страх, жахлівасць... Я ўскочыў у пакой і, трымаючыся за дзверы, сказаў: - Яны едуць! Доктар, Пат, яны едуць. Я ўжо чую. Лекар увесь вечар лічыў мяне крыху ненармальным. Ён устаў і таксама прыслухаўся. - Гэта, пэўна, іншая машына, - сказаў ён нарэшце. - Не, я пазнаю матор. Ён раздражнёна паглядзеў на мяне. Ён, здавалася, лічыў сябе спецыялістам па аўтамашынах. З Пат ён абыходзіўся цярпліва і асцярожна, як маці з дзіцем. Але варта мне было запнуцца пра машыны, як ён зыркаў на мяне праз акуляры і пярэчыў. - Немагчыма, - коратка сказаў ён і вярнуўся ў пакой. Я застаўся ў двары. Мяне калаціла ад хвалявання. - «Карл»! «Карл»! - выгукнуў я. Цяпер матор то прыціхаў, то ўзвываў; машына, відаць, была ўжо ў вёсцы і на шалёнай хуткасці імчала між дамоў. Вось і выццё аслабла, машына была за лесам... і вось гул зноў набраў сілы, імклівы, нястрымны, светлы прамень прабіваў туман, фары, грымоты, гуд... Разгублены лекар стаяў каля мяне, раптам нас асляпіла блізкае святло... і рыпнулі тармазы, і машына спынілася перад садовай брамкай. Я пабег туды. Прафесар вылазіў з машыны. Ён не звярнуў на мяне ўвагі, пайшоў да лекара. За ім выйшаў Кёстэр. - Як яна? - сказаў ён. - Кроў ідзе. - Здараецца, - сказаў ён. - Пакуль што няма чаго баяцца. Я моўчкі глянуў на яго. - Ёсць запаліць? - спытаў ён. Я даў яму цыгарэту. - Добра, што ты прыехаў, Ота. Ён рабіў глыбокія зацяжкі. - Падумаў, што так будзе лепей. - Ты вельмі хутка ехаў. - Нармальна. Быў крыху туман. Мы прыселі побач на лаўку. Чакалі. - Ты думаеш, што яна паправіцца? - спытаў я. - Вядома. Кравацеча... гэта нічога. - Яна мне ніколі пра гэта не гаварыла. Кёстэр кіўнуў галавой. - Яна павінна паправіцца, Ота, - сказаў я. Ён не глядзеў на мяне. - Дай мне яшчэ адну цыгарэту, - сказаў ён. - Я забыўся ўзяць свае. - Яна павінна паправіцца, - сказаў я, - інакш усё астатняе - дрэнь. Выйшаў прафесар. Я ўстаў. - Будзь я пракляты, калі яшчэ раз паеду з вамі, - сказаў ён Кёстэру. - Прабачце, - сказаў Кёстэр. - Гэта жонка майго сябра. - Вось як, - сказаў Жафэ і зірнуў на мяне. - Яна паправіцца? - спытаў я. Ён уважліва разглядваў мяне. Я пазіраў убок. - Вы думаеце, я стаяў бы тут з вамі так доўга, калі б думаў, што яна не паправіцца? - сказаў ён. Я сціснуў зубы. Я да болю сплёў пальцы. Я заплакаў. - Прабачце, - сказаў я, - занадта хутка ўсё адбылося. - Такія справы не адбываюцца занадта хутка, - сказаў Жафэ і ўсміхнуўся. - Не злуйся, Ота, - сказаў я, - што я заплакаў. Ён падштурхнуў мяне, павярнуўшы да дзвярэй. - Ідзі туды. Калі прафесар дазволіць. - Больш не буду, - сказаў я. - Можна пайсці? - Можна, толькі не размаўляйце, - адказаў Жафэ, - і толькі на хвілінку. Ёй нельга хвалявацца. Я нічога не бачыў, акрамя водбліску святла на вадзе. Я паміргаў. Святло паплыло, замігцела. Я не адважваўся выцерці вочы, каб Пат не падумала, быццам я плачу таму, што з ёй так кепска. Я паспрабаваў увайсці ў пакой з усмешкай. Потым я зноў хуценька адвярнуўся. - Вы патрэбны былі тут? - спытаў Кёстэр. - Так, - сказаў Жафэ, - правільна, што прыехаў. - Заўтра раніцай я магу адвезці вас назад. - Лепш не трэба, - сказаў Жафэ. - Я паеду спакойна. - Я хачу застацца яшчэ на дзень і паназіраць. Ваш ложак свабодны? - спытаў ён мяне. Я кіўнуў галавой. - Добра, тады я пасплю тут. Вы можаце знайсці сабе месца ў вёсцы? - Магу. Знайсці вам зубную шчотку і піжаму? - Не трэба. У мяне ўсё з сабой. Заўсёды гатовы да нечага падобнага. Толькі, можа, не да гонак. - Прабачце, - сказаў Кёстэр. - Разумею, што вы раззлаваліся. - Зусім не, - сказаў Жафэ. - Тады я шкадую, што адразу не сказаў вам праўды. Жафэ засмяяўся. - Вы дрэнна думаеце пра лекараў. Цяпер ідзіце спакойна. Я застануся тут. Я хутка прыхапіў тое-сёе для нас з Кёстэрам. Мы накіраваліся ў вёску. - Ты замарыўся? - спытаў я. - Не, - сказаў ён. - Пасядзім яшчэ дзе-небудзь. Праз гадзіну я занепакоіўся. - Калі ён застаецца, то, пэўна ж, ёсць небяспека, Ота, - сказаў я. - Інакш навошта б яму... - Мне здаецца, што ён застаецца з-за асцярожнасці, - адказаў Кёстэр. - Ён вельмі любіць Пат. Ён мне расказаў па дарозе. Ён лячыў і яе маці... - І ў яе быў... - Я не ведаю, - хутка адказаў Кёстэр. - Магчыма, было нешта іншае. Пойдзем спаць? - Ідзі, Ота. Я хачу яшчэ раз... хоць здалёку... - Добра. Пайшлі разам. - Я хачу табе штосьці сказаць, Ота. Я вельмі люблю спаць на волі, калі так цёпла. Не турбуйся. У апошні час я часта рабіў так. - Сыра ж... - Нічога. Я падыму верх «Карла» і пасяджу. - Добра. І я пасплю з ахвотай на волі. Я зразумеў, што мне ад яго не адбаярыцца. Мы склалі разам коўдры і падушкі і вярнуліся да «Карла». Мы адпусцілі рамяні і адкінулі пярэднія сядзенні. Так можна было легчы. - Лепш, чым было на фронце, - сказаў Кёстэр. Светлая пляма акна свяцілася праз туман. Некалькі разоў я ўбачыў цень Жафэ. Мы выпалілі цэлы пачак цыгарэт. Потым святло пагасла, гарэла толькі маленькая настольная лямпа. - Дзякаваць богу, - сказаў я. На брызент капаў дождж. Дзьмуў слабы вецер. Пахаладала. - Вазьмі маю коўдру, Ота, - сказаў я. - Не трэба, мне цёпла. - Выдатны хлопец гэты Жафэ, праўда? - Выдатны. Мне здаецца, вельмі шчыры. - Несумненна.
Я прачнуўся з неспакойнага паўсну. На дварэ было шэра і холадна. Кёстэр ужо не спаў. - Ты не спаў, Ота? - Спаў. Я выбраўся з машыны і па садовай сцяжынцы ціха падышоў да акна. Настольная лямпа ўсё яшчэ гарэла. Я ўбачыў на ложку Пат з заплюшчанымі вачыма. На момант я спужаўся, што яна памерла. Але потым я ўбачыў, як паварушылася яе правая рука. Яна была вельмі бледная. Але кроў больш не ішла. Яна зноў паварушыла рукой. У той самы момант Жафэ, які спаў на другім ложку, расплюшчыў вочы. Я хутка адышоў, супакоены. Ён сачыў за ёю. - Мне здаецца, нам трэба знікнуць адсюль, - сказаў я Кёстэру, - каб ён не бачыў, што мы сочым за ім. - Там усё ў парадку? - спытаў Ота. - Так, наколькі можна бачыць. У яго правільны сон, у гэтага прафесара. З гарматы страляй - не разбудзіш, але адразу прачнецца ад мышкі, калі яна зашкрабецца каля яго рэчмяшка. - Можам пайсці пакупацца, - сказаў Кёстэр. - Тут цудоўнае паветра. - Ён пацягнуўся. - Ідзі адзін, - сказаў я. - Пайшлі разам, - настойваў ён. Шэрае неба праяснілася. На ім засвяціліся аранжавыя прасветы. На гарызонце паднялася хмарная заслона, а з-за яе з'явілася яркая зеляніна. Мы скокнулі ў ваду і паплылі. Вада пералівалася шэрым і чырвоным колерамі. Потым мы вярнуліся. Фройляйн Мюлер ужо ўстала. Яна рэзала ў садзе пятрушку. Яна ўздрыгнула ад маіх слоў. Я засаромлена паспрабаваў ёй растлумачыць, чаму я ўчора, магчыма, зашмат лаяўся. Яна пачала плакаць. - Бедная жанчына. Яна такая прыгожая і такая яшчэ маладая... - Яна дажыве да ста гадоў, - сказаў я, раззлаваўшыся за тое, што яна плакала, быццам Пат наканавана памерці. Пат не памрэ. Свежы вецер, ранак, жыццё ўва мне, абноўленае морам, сцвярджалі: Пат не можа памерці. Яна можа памерці толькі тады, калі я страчу мужнасць. Побач стаяў Кёстэр, мой таварыш; побач стаяў я, таварыш Пат... спачатку мы павінны памерці. Пакуль мы жывыя, мы яе ўтрымаем. Так было заўсёды. Пакуль жывы Кёстэр, не памру я. І пакуль мы жывыя абодва, не памрэ Пат. - Трэба быць пакорлівым перад лёсам, - сказала старая дзева і павярнула да мяне з ледзь прыкметным папрокам загарэлы, зморшчаны, як печаны яблык, твар. Магчыма, яна мела на ўвазе маю лаянку. - Пакорлівым? - сказаў я. - Навошта - пакорлівым? Ніякага толку ад гэтага. У жыцці трэба за ўсё плаціць, удвая і ўтрая. Навошта ж тады пакорлівасць? - Не, не... так лепш. «Пакорлівасць... - падумаў я. - Што яна зменіць? Біцца, біцца - вось што патрэбна ў гэтай неразбярысе, дзе ўрэшце ўсё роўна будзеш біты. Біцца за тую кропельку, што любіш. Пакорлівым можна стаць, калі табе стукне семдзесят». Кёстэр перакінуўся з ёй некалькімі словамі. Яна хутка зноў заўсміхалася і спытала яго, што прыгатаваць на полудзень. - Бачыш, - сказаў Ота, - вось дар узросту. Слёзы і ўсмешка - усё мяняецца імгненна. Не чапаючы адно аднаго. Так, пэўна, будзе і з намі, - прамовіў ён задумліва. Мы хадзілі вакол дома. - Кожная хвіліна сну ёй на карысць, - сказаў я. Мы зноў пайшлі ў сад. Фройляйн Мюлер прыгатавала сняданак. Мы пілі гарачую чорную каву. Сонца ўзышло. Адразу зрабілася цёпла. Лісце на дрэвах іскрылася ад святла і вільгаці. З мора даносіліся крыкі чаек. Фройляйн Мюлер паставіла на стол букет руж. - Мы ўручым іх ёй потым, - сказала яна. Ружы пахлі мураванай сцяной і дзяцінствам. - Ты ведаеш, Ота, - сказаў я, - у мяне такоё адчуванне, быццам я сам хворы. Цяпер ужо не будзеш такі. Як быў. Мне трэба было б быць спакайнейшым. Больш разважлівым. Чым спакайней сябе паводзіш, тым больш можаш дапамагчы. - Не заўсёды атрымліваецца, Робі. І ў мяне бывалі часіны. Чым больш жывеш, тым больш раздражняльным робішся. Як той банкір, які ўсё больш траціць. Адчыніліся дзверы. Выйшаў Жафэ ў піжаме. - Добра, добра, - махнуў ён рукой, убачыўшы, што я амаль перавярнуў стол з кавай, - наколькі гэта магчыма. - Можна мне ўвайсці? - Пакуль што - нельга. Пакуль што там дзяўчына. Памыць і ўсё астатняе. Я наліў яму кавы. ён заміргаў на сонцы і звярнуўся да Кёстэра: - Шчыра кажучы, я вам павінны падзякаваць. Хоць на адзін дзень выбраўся на волю. - Вы маглі б рабіць так і часцей, - сказаў Кёстэр. - Вечарам выехаць, а наступным вечарам вярнуцца. - Мог бы, мог бы... - адказаў Жафэ. - Ці заўважылі вы, што мы жывём у час самакатавання? Што многае, што можна было б зрабіць, не робіцца няведама чаму? Праца сёння стала такой жудаснай справай, што яна забівае ўсё астатняе - і таму ў многіх яе няма. Як цудоўна тут! Я не бачыў такога ўжо некалькі гадоў. У мяне дзве машыны, дзесяціпакаёвая кватэра і дастаткова грошай - што мне з таго! Што гэта ўсё ў параўнанні з гэтым летнім ранкам на прыродзе! Праца - змрочная апантанасць з вечнай ілюзіяй, што потым будзе інакш. Ніколі не будзе інакш. Смешна, у што ператвараюць сваё жыццё. - Я думаю, што лекар - адзін з нямногіх, хто ведае мэту жыцця, - сказаў я. - Што тады гаварыць бухгалтару? - Даражэнькі, - адказаў Жафэ, - было б памылкай меркаваць, што ва ўсіх аднолькавая здольнасць успрымаць. - Правільна, - сказаў Кёстэр. - Але ж людзі выбіралі прафесію незалежна ад здольнасці ўспрымаць. - Вядома, - адказаў Жафэ. - Складаная справа. - Ён кіўнуў мне. - Цяпер можна... але спакойна, не датыкацца, не ўцягваць у размову...
Яна ляжала ў падушках, знясіленая, як пабітая. Яе твар быў бясколерны, вялікія сіняватыя цені леглі пад вачыма, вусны пабялелі. Толькі вочы былі вялікія і бліскучыя. Занадта вялікія, занадта бліскучыя. Я ўзяў яе далоню. Яна была халодная і вялая. - Пат, мой добры сябра, - сказаў я сарамліва і хацеў прысесці, але раптам заўважыў каля акна рыхлы твар пакаёўкі, якая з цікаўнасцю ўтаропілася на мяне. - Выйдзіце адсюль, - сказаў я злосна. - Трэба зацягнуць фіранкі, - запярэчыла яна. - Добра, зрабіце што трэба, а потым выйдзіце. Яна зацягнула на акне жоўтыя фіранкі. Але ўсё роўна не выходзіла. Яна пачала паволі замацоўваць занавескі шпількамі. - Паслухайце, - сказаў я. - Тут не спектакль. Знікніце хутчэй. Яна флегматычна павярнулася. - Спачатку кажуць мне прышпіліць, а потым - не трэба... - Ты ёй сказала? - спытаў я ў Пат. Яна кіўнула. - Табе перашкаджае святло знадворку? - спытаў я. Яна пахітала галавой. - Лепш, каб ты мяне сёння выразна не бачыў... - Пат! - сказаў я, спужаўшыся. - Табе ж нельга размаўляць! Але калі толькі гэта прычына... Я адчыніў дзверы, і пакаёўка нарэшце знікла. Я вярнуўся. Я ўжо не быў разгублены. Я нават быў рады, што сутыкнуўся з пакаёўкай. Яна дапамагла мне справіцца ў першы момант. Усё-такі як жудасна было бачыць Пат у такім становішчы. Я прысеў каля ложка. - Пат, - сказаў я, - ты скора паправішся... Яна сказала аднымі вуснамі: - Заўтра... - Заўтра яшчэ не, але праз некалькі дзён... Тады ты ўстанеш, і мы паедзем дадому. Нам нельга было ехаць сюды, паветра занадта вільготнае для цябе... - Не, -прашаптала яна, -я ж не хворая, Робі. Гэта толькі няшчасны выпадак. Я глянуў на яе. Няўжо яна сапраўды не ведае, што хворая? Ці яна не хоча ведаць? Яе позірк блукаў. - Не бойся, - прашаптала яна. Я не адразу зразумеў, што яна мела на ўвазе і чаму было так важна, каб менавіта я не баяўся. Я толькі бачыў, што яна хвалявалася, у яе вачах быў незвычайна пакутлівы, пранізлівы выраз. І раптам у мяне з'явілася думка. Я зразумеў, пра што яна думала. Ёй здалося, што я баюся яе, бо яна хворая. - Божа мой, Пат, - сказаў я. - Магчыма, па гэтай прычыне ты мне ніколі не гаварыла нічога дакладнага? Яна не адказала, але я ўбачыў, што так і было. - Чорт вазьмі! - сказаў я. - Кім жа ты мяне лічыш? Я нахіліўся над ёй. - Паляжы хвілінку моўчкі, не варушыся. Я пацалаваў яе. Вусны былі сухія і гарачыя. Калі я выпрастаўся, я ўбачыў, што яна плача. Яна плакала бязгучна, з шырока адкрытымі вачыма. Яе твар быў нерухомы. Толькі слёзы каціліся з вачэй. - Пабойся бога, Пат... - Я такая шчаслівая, - сказала яна. Я стаяў побач і глядзеў на яе. Было сказана адзінае слова, але гэта было слова, якое для мяне так ніколі не гучала. Я ведаў жанчын, але звычайна гэта былі беглыя сустрэчы, прыгоды, часам - вясёлая гадзіна ці самотны вечар, уцёкі ад самога сябе, ад адчаю, ад пустэчы. Я і не жадаў нічога іншага, бо я быў навучаны, што ні на што іншае нельга разлічваць, як толькі на самога сябе і сама болей - на таварыша. Цяпер я раптам убачыў, што і я магу нешта значыць для чалавека, проста сваім існаваннем, і што ён шчаслівы ад таго, што я побач з ім. Калі так проста вымавіць, то гучыць зусім звычайна, але калі задумацца - робіцца бясконца жудасна. Гэта нешта такое, што можа канчаткова разбіць чалавека і змяніць яго. Гэта - каханне, і ўсё ж - нешта іншае. Нешта, дзеля чаго можна жыць. Дзеля кахання мужчына не можа жыць. Дзеля чалавека - можа.
|
|||
|