|
|||
Эрых Марыя Рэмарк 17 страница- Убірайцеся, а то заробіце яшчэ, - сказаў яму Кёстэр. Свайго Фогта я яшчэ раз стукнуў мордай аб асфальт і адпусціў. Ленц ужо стаяў каля Кёстэра. Яго пінжак быў парваны. З кутка рота ў яго цякла кроў. Яго бойка, здаецца, закончылася ўнічыю, бо хоць яго Фогт таксама быў у крыві, але ён стаяў на нагах. Паражэнне старэйшага брата вырашыла ўсё. Ніхто не адважваўся вымавіць хоць адно слова. Яны дапамаглі старэйшаму падняцца і пайшлі да сваёй машыны. Непаранены брат яшчэ раз вярнуўся і забраў дамкрат. Ён скасавурыўся на Кёстэра, як на нячыстую сілу. Потым «мерседэс» паехаў. Аднекуль раптам з'явіўся каваль. - Хапіла ім, - сказаў ён. - Даўно яны такога не каштавалі. Старэйшы ўжо сядзеў за забойства. Ніхто яму не адказаў. Кёстэр раптам здрыгануўся. - Свінства! - сказаў ён і павярнуўся. - Давайце! - Я тут, - адклікнуўся Юп, падцягваючы прычэп для буксіроўкі. - Падыдзі сюды, - сказаў я. - З сённяшняга дня ты - унтэр-афіцэр. Можаш паліць цыгары.
Мы паднялі перад машыны на прычэп і прымацавалі яго ззаду да «Карла». - Думаеш, што яму не пашкодзіць? - спытаў я Кёстэра. - Наш «Карл» - імклівы стаеннік, а не ўючны асёл. Ён пахітаў галавой. - Тут недалёка. Дарога роўная. Ленц сеў у пабітую машыну, і мы паціху паехалі. Я прыціскаў хусцінку да носа, гледзячы ў вечаровыя палі і на сонца перад заходам. Вакол панаваў надзвычайны спакой, нічым не патрывожаны, і адчувалася, што прыродзе было ўсё роўна, што тварыў у свеце гэты злосны мурашнік, які называў сябе чалавецтвам. Шмат важней было, што аблокі паступова ператвараліся ў залатыя горы, што фіялетавыя цені змяркання бясшумна наплывалі ад гарызонту, што жаўранкі вярталіся з бязмежнай прасторы неба ў свае барозны і што паступова на зямлю апускалася ноч. Мы прыехалі ў свой двор. Ленц вылез з разбітай машыны і ўрачыста зняў перад ёй капялюш. - Вітаем цябе, дабраславёная! Ты трапіла сюды з сумнай прычыны, але ты прынясеш нам, калі кінуць на цябе пяшчотны, няхай і павярхоўны позірк, трыста - трыста пяцьдзесят марак. А цяпер дайце мне шклянку вішнёвай настойкі і кавалак мыла - хачу адмыцца ад сям'і Фогтаў. Мы выпілі па шклянцы, а потым узяліся адразу за разборку машыны. Не заўсёды было дастаткова таго, што гаспадар машыны заключаў з намі дагавор на рамонт. Часта прадстаўнікі страхавых кампаній патрабавалі перадаць заказ у адну з майстэрань, з якімі ў іх былі кантракты. Таму мы і стараліся - чым большая была разборка, тым лепш нам. Цана зборкі аказвалася потым настолькі высокай, што дзешавей было пакінуць машыну ў нас. Мы кінулі работу, калі ўжо сцямнела. - Ты паедзеш сёння на таксі? - спытаў я Ленца. - Не, - адказаў Готфрыд. - Імкнучыся зарабіць больш, нельга перастарацца. На сёння хопіць і гэтага. - А мне - не, - сказаў я. - Калі ты не едзеш, то я з адзінаццаці да дзвюх пашчыпаю начныя рэстараны. - Я не раю, - усміхнуўся Готфрыд. - Лепш паглядзіся ў люстэрка. У апошні час твайму носу не шанцуе. З такім чырвоным бураком да цябе не сядзе ніводзін пасажыр. Ідзі спакойна дадому і пакладзі на нос кампрэс.
Ён меў рацыю. З носам сапраўды не ўсё было ў парадку. Вось чаму я развітаўся і пайшоў дадому. Па дарозе я сустрэў Хасэ, і мы пратопалі астатак разам. Выгляд у яго быў змарнелы. - Вы пахудзелі, - сказаў я. Ён згодна кіўнуў галавой і расказаў мне, што ён вечарам амаль нічога не есць. Жонка ледзь не кожны вечар ходзіць да знаёмых, якія з'явіліся няведама адкуль. Дамоў яна прыходзіць позна. Ён рады, што яна знайшла сабе забаву, але ў яго няма жадання ў адзіноце гатаваць сабе ежу. Ён і есці не вельмі хоча, бо бывае занадта змораны. Я глянуў на яго збоку. Ён ішоў побач з абвіслымі плячыма, ён сапраўды верыў у тое, што казаў, але слухаць яго было жахліва. Гэтая сям'я і ціхае сціплае жыццё рушыліся: ім не хапала ні ўпэўненасці, ні грошай. Я падумаў, што ёсць мільёны такіх людзей і што ім заўсёды не хапае крыху пэўнасці і крыху грошай. Быццё нейкім жудасным чынам сціснулася ў дробязную барацьбу толькі за існаванне. Я падумаў пра сённяшнюю бойку, я ўспомніў убачанае за апошнія два тыдні, я ўспомніў усё, што я ўжо зрабіў... Потым я падумаў пра Пат. У мяне раптам з'явілася пачуццё, што ўсё гэта не можа суіснаваць. Я зрабіў завялікі скачок, жыццё стала занадта бруднае, каб быць шчаслівым. Гэтае шчасце не можа працягвацца, у яго больш не верылася, гэта быў толькі перадых, але не прыстанішча... Мы падняліся па лесвіцы і адчынілі дзверы. Хасэ спыніўся ў прыхожай. - Што ж, да пабачэння... - З'ешце сёння што-небудзь, - сказаў я. Ён пахітаў галавой са слабай усмешкай, быццам хацеў папрасіць прабачэння, і падаўся ў свой пусты цёмны пакой. Я паглядзеў яму ўслед. Потым я пайшоў па калідоры, падобным на рукаў. Раптам я пачуў, што нехта ціха спявае. Я спыніўся і прыслухаўся. Гэта быў не патэфон Эрны Бёніг, як мне спачатку здалося. Гэта быў голас Пат. Яна была адна ў пакоі і спявала. Я глянуў на дзверы, за якімі знік Хасэ, я зноў нахіліўся і прыслухаўся. Раптам я сціснуў кулакі. Ліха забяры! Няхай гэта тысячу разоў будзе перадых, а не прыстанішча, няхай гэта ўсё тысячу разоў будзе настолькі чужое і не сумяшчальнае, што паверыць нельга - менавіта, што нельга паверыць, менавіта таму заўсёды шчасце было такое нечакана новае і ўладарнае...
Пат не чула, як я прыйшоў. Яна сядзела на падлозе перад люстэркам, так і сяк прымяраючы чорны капялюшык. Побач з ёй на дыване стаяла лямпа. Пакой быў запоўнены цёплым карычнева-залацістым змрокам. Толькі яе твар быў ярка асветлены. Яна прысунула да сябе крэсла, са спінкі якога звісаў кавалак шаўковай тканіны. На крэсле ляжалі бліскучыя нажніцы. Я ціха спыніўся каля дзвярэй, гледзячы, як сур'ёзна яна была занятая капялюшыкам. Яна любіла сядзець на падлозе. Часта вечарам я знаходзіў яе ў якім-небудзь куточку на падлозе, дзе яна засынала з кніжкай у руках і сабакам пры боку. Сабака і цяпер ляжаў каля яе. Ён завурчаў. Пат падняла вочы і ўбачыла мяне ў люстэрку. Яна заўсміхалася, і мне здалося, быццам дзякуючы гэтаму ўсё на свеце пасвятлела. Я пайшоў праз пакой, стаў за яе спіной на калені і, забываючы ўвесь дзённы бруд, дакрануўся вуснамі да цёплай, мяккай скуры яе галавы. Яна паказала мне чорны капялюшык. - Я перарабіла яго, мілы. Табе так падабаецца? - Шыкоўны капялюшык, - сказаў я. - Але ж ты нават не глянуў на яго! Я абрэзала ззаду поле, а спераду заламала ўверх. - Я ўсё добра бачу, - сказаў я, схаваўшы твар у яе валасы, - глянуўшы на твой капялюшык, парыжскія мадэльеры збялелі б ад зайздрасці. - Ну, Робі! - Яна са смехам адштурхнула мяне. - Ты нічога ў гэтым не разумееш. Ці заўважаеш ты ўвогуле, што на мне? - Я бачу самую маленькую дробязь, - заявіў я, падсаджваючыся да яе на падлозе, але стараючыся трымаць нос у цені. - Няўжо? У чым жа я была ўчора ўвечары? - Учора? - Я задумаўся. Я сапраўды не памятаў. - Так я і ведала, мілы! Ты ўвогуле амаль нічога не ведаеш пра мяне. - Сапраўды, - сказаў я. - Але менавіта ў гэтым і соль. Чым больш ведаеш адзін пра аднаго, тым больш непаразуменняў. І чым бліжэй знаёмішся, тым больш адчужаешся. Вазьмі, напрыклад, сям'ю Хасэ: яны ўсё ведаюць адзін пра аднаго і спрыкралі адзін аднаму горш, чым чужыя. Яна надзела маленькі чорны капялюшык на галаву і стала прымяраць перад люстэркам. - Тое, што ты кажаш, толькі напалову праўда, Робі. - Так бывае з усімі праўдамі, - адказаў я. - І з гэтым нічога не зробіш. На тое мы - людзі. І сваімі паўпраўдамі мы робім даволі шмат глупстваў. А з праўдай мы і жыць не змаглі б. Яна зняла капялюш і адклала яго ўбок. Потым павярнулася да мяне і заўважыла мой нос. - Што гэта? - са страхам спытала яна. - Нічога асаблівага. Толькі глядзіцца непрыгожа. Я працаваў пад машынай, і на мяне звалілася жалязяка. Яна з недаверам зірнула на мяне. - Бог ведае дзе ты пабываў зноў! Ты мне ніколі нічога не кажаш. Я ведаю пра цябе гэтаксама мала, як і ты пра мяне. - А так і лепш, - сказаў я. Яна прынесла міску з вадой і ручнік і прыклала мне кампрэс. Потым уважліва паглядзела на мяне яшчэ раз. - Падобна, што цябе ўдарылі. Шыя таксама падрапана. У цябе, відаць, былі прыгоды, мілы. - Самая вялікая сённяшняя прыгода яшчэ чакае мяне, - сказаў я. Яна здзіўлена зірнула на мяне. - Гледзячы на ноч, Робі! Што ты яшчэ прыдумаў? - Я застаюся тут! - адказаў я, адкінуў кампрэс і абняў яе. - Я ўвесь вечар буду з табой!
XX
Жнівень выдаўся цёплы і ясны, у верасні надвор'е было яшчэ амаль летняе. Але ў канцы верасня задажджыла. Хмары ў цёплыя дні віселі нізка над горадам, з дахаў цякло, пачаліся навальніцы, і калі аднойчы ў нядзельку раніцай прачнуўся і падышоў да акна, я ўбачыў на могілках на дрэвах жоўтыя, як сера, плямы і першыя аголеныя сукі. Я пастаяў крыху каля акна. На працягу некалькіх месяцаў пасля нашага прыезду з мора ў мяне было дзіўнае адчуванне: я ўвесь час, кожную гадзіну памятаў, што Пат трэба будзе паехаць, але я памятаў так, як памятаюць шмат што - што годы праходзяць, што ты старэеш, што ты не вечны. Але рэчаіснасць была мацнейшая, яна ўсе падобныя думкі выцясняла з галавы, і пакуль Пат была са мной, пакуль дрэвы яшчэ зелянелі густой лістотай, такія словы, як восень і ад'езд і развітанне, уяўлялі сабой нішто іншае, як цьмяныя цені на гарызонце, якія толькі абвастралі шчасце блізкасці, шчасце быць разам. Я глянуў праз акно на мокрыя ад дажджу могілкі і на надмагільныя камяні, пакрытыя брудным рудым лісцем. Нібы шэрая жывёліна, туман за ноч высмактаў зялёны сок з лістоты дрэў, і лісты, знясіленыя, звісалі з галін. Парывы ветру зрывалі ўсё новыя лісты і гналі іх перад сабой... і раптам, нібы востры рэжучы боль, мяне ўпершыню кальнула разуменне, што расстанне набліжаецца, што яно стала рэчаіснасцю, такой самай рэчаіснасцю, як восень, што пракралася праз кроны дрэў і пакінула там свае сляды.
Я прыслухаўся, што робіцца ў другім пакоі. Пат яшчэ спала. Я падышоў да дзвярэй і пастаяў там хвілінку. Яна спала спакойна, не кашляла. На нейкі момант у мяне з'явілася балючая надзея - я ўявіў сабе, што Жафэ патэлефануе сёння, заўтра ці праз некалькі дзён, каб сказаць мне, што ёй не трэба ехаць... але потым я прыпамінаў ночы, калі я чуў лёгкі шум яе дыхання, гэты рэгулярны, прыглушаны хрып, які з'яўляўся і знікаў, нібы шум ад работы далёкай тонкай пілы, і надзея пагасала гэтаксама хутка, як і загаралася. Я вярнуўся да акна і зноў утаропіўся ў дождж. Потым я прысеў да пісьмовага стала і пачаў лічыць грошы. Я палічыў, наколькі іх магло б хапіць для Пат, але мне зрабілася невыносна, і я зноў схаваў іх у кашалёк. Я глянуў на гадзіннік. Было каля сямі. Пакуль Пат прачнецца, у мяне ёсць яшчэ добрыя дзве гадзіны. Я хутка апрануўся, каб папрацаваць крыху на таксі - куды лепш, чым заставацца ў пакоі са сваімі думкамі. Я пайшоў у майстэрню, вывеў машыну і паволі паехаў па вуліцах. Людзей было мала. У рабочых раёнах цягнуліся доўгія рады даходных дамоў-казармаў. Непрыбраныя і закінутыя, яны стаялі пад дажджом, нібы старыя сумныя прастытуткі. Тынк на брудных фасадах абваліўся, цьмяныя вокны бязрадасна міргалі на ранішняе святло, а сцены зеўралі мноствам глыбокіх жоўта-шэрых дзірак, быццам цела, паточанае болькамі. Я перасек старую частку горада і пад'ехаў да сабора. Я спыніўся перад брамкай і вылез. З-за цяжкіх дубовых дзвярэй глуха даляталі гукі аргана. Якраз надышоў час ранішняй малітвы, і па мелодыі я зразумеў, што ішло асвячэнне святых дарункаў, да канца імшы заставалася не менш дваццаці хвілін. Потым выйдуць людзі. Я пайшоў у царкоўны сад. Ён патанаў у шэрым святле. З кустоў руж сцякалі кроплі дажджу. Мой плашч быў даволі шырокі, і кветкі, што я пазразаў, добра месціліся пад ім. Хоць была нядзеля, прахожых не было, і я спакойна занёс ахапак руж у машыну. Потым вярнуўся, каб набраць яшчэ. Толькі я паспеў схаваць ружы пад плашч, як пачуліся нечыя крокі. Я прыціснуў букет рукой і спыніўся перад барэльефам, быццам молячыся. Крокі наблізіліся, але не мінулі мяне. Нехта спыніўся. Мне стала душна. Я вельмі задумліва ўтаропіўся на барэльеф, перахрысціўся і паволі пайшоў далей ад барэльефа, які быў воддаль ад сцежкі. Крокі рушылі следам за мной і зноў спыніліся. Я не ведаў, што рабіць. Я не мог ісці адразу, трэба было перачакаць той час, які патрэбны, каб дзесяць разоў паўтарыць «Авэ Марыя» і адзін раз «Ойча наш». Інакш я выдаў бы сябе. Я стаяў і пазіраў, стараючыся зразумець, што здарылася, - асцярожна, з адсутным позіркам, быццам хтось патрывожыў маю малітву. Я глянуў у зычлівы круглы твар пастара і з палёгкай уздыхнуў. Я ўжо лічыў, што выратаваны, бо ведаў, што ён не будзе перабіваць малітву. Але тут я заўважыў, што, на сваё няшчасце, стаю ўжо каля апошняга адрэзка хрэснага шляху. Як бы марудліва я ні маліўся, праз некалькі хвілін я павінен закончыць, і гэтага моманту ён, відаць, чакаў. Не мела сэнсу цягнуць справу далей. І я паволі, як нічога ніякага, пайшоў да выхаду. - Добрай раніцы, - сказаў святар. - Будзь дабраславёны Ісус Хрыстос! - Вечна дабраславёны, аман! - адказаў я. Гэта было каталіцкае прывітанне. - Рэдка хто бывае тут у гэты час, - сказаў ён зычліва і паглядзеў на мяне светлымі блакітнымі вачыма дзіцяці. Я нешта прамармытаў. - На жаль, рэдка здараецца цяпер, - працягваў ён заклапочана. - Асабліва рэдка моляцца мужчыны каля хрэснага шляху. Таму я так рады за вас і таму загаварыў з вамі. У вас, пэўна, ёсць нейкая асаблівая просьба, раз вы так рана і ў такое надвор'е прыйшлі сюды. «Ёсць просьба, каб ты пайшоў адсюль», - падумаў я і з палёгкай кіўнуў галавой. Дагэтуль ён, здавалася, не здагадаўся пра кветкі. Цяпер трэба было толькі хутка ўлізнуць ад яго і не насцярожыць. Ён зноў усміхнуўся мне. - Я рыхтуюся да сваёй пропаведзі і магу ўключыць вашу просьбу ў малітву. - Дзякуй, - сказаў я разгублена і сарамліва. - За спачын душы нябожчыка? - спытаў ён. Я на момант утаропіўся на яго, мае кветкі папаўзлі пад плашчом. - Не, - сказаў я хутка, моцна прыціснуўшы руку да плашча. Ён глянуў на мяне сваімі добрымі пранізлівымі вачыма. Магчыма, ён чакаў, што я скажу яму, у чым справа. Але мне ў галаву нічога не прыходзіла, і мне не хацелася хлусіць яму больш, чым трэба. Таму я прамаўчаў. - Тады я буду маліцца за дапамогу незнаёмцу, які трапіў у бяду, - нарэшце сказаў ён. - Добра, - адказаў я. - Калі вам не цяжка. Я вам буду вельмі ўдзячны. Ён з усмешкай махнуў рукой. - Не трэба мне дзякаваць. Мы ўсе ў руках божых. - Ён яшчэ раз зірнуў на мяне, крыху нахіліўшы галаву, і мне здалося, быццам па яго твары нешта прамільгнула. - Толькі верце, - сказаў ён. - Айцец нябесны дапаможа. Ён заўсёды дапамагае, нават тады, калі мы гэтага не заўважаем. - Потым ён кіўнуў мне і пайшоў. Я пазіраў услед яму, пакуль за ім не зачыніліся дзверы. «Так, - падумаў я, - калі б усё было так проста! » Ён дапамагае, дапамагае заўсёды! Але ці дапамог ён Бернгарду Бізэ, калі той ляжаў з прастрэленым жыватом у Гоўтхольцкім лесе і крычаў, ці дапамог ён Качынскаму, які загінуў пад Гандзэме, пакінуўшы хворую жонку з дзіцем, якога яшчэ не бачыў, ці дапамог ён Мюлеру, і Леру, і Кэмерыху, ці дапамог ён малому Фрыдману, і Юргенсу, і Бэргеру, і мільёнам іншых? Пракляцце! Занадта шмат крыві праліта ў свеце за гэткую веру ў нябеснага айца!
Я завёз кветкі дадому, потым загнаў машыну ў майстэрню і пайшоў назад. Як ні дзіўна, але ад паху кавы ў мяне стала весялей на душы. Мне ўжо было вядома з вайны: не важныя падзеі суцяшаюць чалавека. Суцяшэнне прыносяць непрыкметныя дробязі... Не паспеў я адчыніць дзверы ў калідор, як са свайго пакоя выскачыў Хасэ. Твар у яго быў жоўты і прыпухлы, вочы чырвоныя ад бяссонніцы, у яго быў выгляд, быццам ён ляжаў у пасцелі ў касцюме. Калі ён убачыў мяне, па яго твары прабег цень бязмернага расчаравання. - А, гэта вы, - прабурчаў ён. Я здзіўлена зірнуў на яго. - Вы так рана кагосьці чакаеце? - Чакаю, - ціха адказаў ён. - Жонку. Яна не вярнулася дадому. Вы не бачылі яе? Я пахітаў галавой. - Я выходзіў толькі на гадзіну. Ён кіўнуў галавой. - Я падумаў толькі... магло здарыцца, што вы сустракалі яе. Я паціснуў плячыма. - Пэўна, прыйдзе пазней. Вы не тэлефанавалі? Ён з нейкім страхам глянуў на мяне. - Учора ўвечары яна пайшла да сваіх знаёмых. Я дакладна не ведаю, дзе яны жывуць. - А прозвішча ведаеце? Тады можна было б спытаць у бюро даведак. - Я ўжо спрабаваў. У бюро няма такога прозвішча. Ён пазіраў вачыма пабітага сабакі. - Яна заўсёды таіла сваіх знаёмых. Калі ж я аднаго разу нешта спытаў, яна раззлавалася. Тады я перастаў пытацца. Я быў рады, што ў яе з'явіліся сябры. Яна заўсёды казала, што і тут я хачу ёй перашкодзіць. - Магчыма, яна хутка прыйдзе, - сказаў я. - Я нават упэўнены, што прыйдзе. На ўсякі выпадак вы патэлефанавалі ў паліцыю? Ён кіўнуў. - Усюды. Там нічога не ведаюць. - Ну вось, - сказаў я. - Вам няма чаго хвалявацца. Магчыма, ёй зрабілася блага, і яна засталася пераначаваць. Такое здараецца часта. Пэўна, праз гадзіну-дзве яна прыйдзе. - Вы так думаеце? Дзверы кухні адчыніліся, з'явілася Фрыда з падносам. - Каму гэта? - спытаў я. - Фройляйн Хольман, - адказала яна крыху раздражнёна. - Яна ўжо прачнулася? - Здаецца, прачнулася, - заявіла Фрыда баявітым голасам, - інакш бы не пазваніла, каб я несла сняданак. - Благаславі вас бог, Фрыда, - сказаў я. - Уранку часта я з вас нацешыцца не магу. Ці не маглі б вы прымусіць сябе згатаваць і мне каву? Яна нешта буркнула і пайшла, пагардліва віхляючы задам. Яна гэта ўмела. Яна была адзіная істота, у якой атрымлівалася так выразна. Хасэ чакаў. Мне раптам стала сорамна, калі я павярнуўся і ўбачыў, як аддана і ціха ён зноў стаіць каля мяне. - Праз гадзіну-дзве вы, напэўна, пазбавіцеся сваіх турбот, - сказаў я і падаў яму руку. Ён мне сваю не падаў, а толькі глядзеў дзіўным позіркам. - Ці не пашукаць нам яе? - ціха спытаў ён. - Але ж вы не ведаеце, дзе яна. - Магчыма, яе варта было б пашукаць, - паўтарыў ён. - Калі б мы паехалі на вашай машыне... я, вядома, за ўсё заплачу... - хутка дадаў ён. - Не ў гэтым справа, - адказаў я. - Проста... не мае сэнсу. Куды мы паедзем? Яна ж не будзе ў гэты час хадзіць па вуліцы. - Не ведаю, - сказаў ён тым самым ціхім голасам. - Я толькі думаю, што яе можна было б пашукаць. Фрыда вярнулася з пустым падносам. - Мне трэба ісці, - сказаў я. - Мне здаецца, што вы дарма турбуецеся. Нягледзячы на гэта, я ахвотна дапамог бы вам, але фройляйн Хольман неўзабаве ад'язджае, і мне хацелася б сёння пабыць з ёй. Магчыма, гэта - апошняя яе нядзеля тут. Гэта вы, пэўна, можаце зразумець. Ён кіўнуў галавой. Мне было шкада яго. Але не цярпелася хутчэй пайсці да Пат. - Калі ўсё ж вам хочацца зараз паехаць, то ўнізе вы можаце ўзяць таксі, - сказаў я. - Але я вам не раю. Лепш крыху пачакайце яшчэ, тады я патэлефаную свайму сябру Ленцу, і ён пашукае з вамі. Мне здавалася, што ён нават не слухае. - Вы яе сёння раніцай не бачылі? - раптам спытаў ён. - Не, - здзіўлена адказаў я. - Інакш я даўно вам сказаў бы. Ён зноў кіўнуў і пайшоў у свой пакой з адсутным выглядам, не сказаўшы ні слова. Пат ужо пабыла ў маім пакоі і знайшла ружы. Яна сустрэла мяне вясёлым смехам. - Робі, - сказала яна. - Я ўсё-такі даволі наіўная. Толькі Фрыда растлумачыла мне, што свежыя ружы ў нядзелю раніцай пахнуць крадзяжом. Яна ж і падказала мне, што такі сорт не прадаецца ў крамах. - Думай, што хочаш, - адказаў я. - Галоўнае, каб у цябе была радасць. - Цяпер яна ў мяне яшчэ большая, мілы. Ты ж зведаў небяспеку, рабуючы іх. - Яшчэ якую! - Я прыпомніў пастара. - Але чаму ты так рана ўстала? - Не магла больш спаць. Ды яшчэ нешта сасніла. Штосьці нядобрае. Я ўважліва паглядзеў на яе. Выгляд у яе быў змораны, пад вачыма ляжалі цені. - З якіх пор ты бачыш такія сны? - сказаў я. - Мне здавалася, што гэта мой канёк. Яна пахітала галавой. - Ты заўважыў, што на дварэ восень? - У нас гэта называецца бабіным летам, - адказаў я. - Яшчэ цвітуць ружы. Ідзе дождж, вось і ўсё, што я бачу. - Ідзе дождж, - паўтарыла яна. - Занадта задажджыла, каханы. Бывае, ноччу, калі прачнуся, мне здаецца, што я пахаваная пад бясконцым дажджом. - Прыходзь ноччу да мяне, - сказаў я. - Тады ў цябе не будзе такіх думак. Наадварот, так хораша быць разам у цемры і пад дажджом. - Магчыма, - адказала яна і прыхілілася да мяне. - Я вельмі люблю, калі ў нядзелю ідзе дождж, - сказаў я. - Тады неяк лепш адчуваеш утульнасць жыцця. Мы - разам, у нас выдатны цёплы пакой. Нас чакае вольны дзень... Думаю, што гэта вельмі шмат. Яе твар засвяціўся. - Праўда, мы жывём утульна? - Мне здаецца, што мы жывём цудоўна. Калі я падумаю, што было раней... божа мой! Я і не спадзяваўся, што буду так добра жыць... - Як хораша, калі ты так кажаш... Тады я адразу веру. Гавары такія словы часцей. - Ці ж я не часта іх гавару? - Не. - Можа быць, - сказаў я. - Мне здаецца, я не вельмі пяшчотны. Не ведаю чаму, але я проста не ўмею. А мне вельмі хацелася б... - І не трэба, мілы. Я і так цябе разумею. Але часам усё роўна хочацца пачуць такія словы. - З сённяшняга дня буду гаварыць увесь час. Нават калі сам сабе буду здавацца дурнем. - Што такое дурасць? - спытала яна. - У каханні не бывае дурасці. - Дзякуй богу, што не бывае... А так невядома, што сталася б з чалавекам. Мы паснедалі разам, і Пат зноў легла ў пасцель. Так рэкамендаваў Жафэ. - Ты пабудзеш яшчэ? - спытала яна, лежачы пад коўдрай. - Калі ты хочаш, - сказаў я. - Мне хацелася б, але калі табе трэба... Я прысеў каля ложка. - Я не пра тое. Я проста ўспомніў, што ты раней не любіла, каб на цябе сонную глядзелі. - Раней было... а цяпер часам баюся, адна... - Такое было і са мной, - сказаў я. - У шпіталі пасля аперацыі. Я тады баяўся спаць ноччу. Я ляжаў і чытаў ці думаў пра нешта. Толькі калі світала, я засынаў. Але гэта праходзіць. Яна прытулілася шчакой да маёй рукі. - Боязна, што не вернешся назад, Робі... - Так, - сказаў я. - Але вяртаешся, і ўсё праходзіць. Ты ж бачыш па мне. Заўсёды вяртаешся на тое самае месца. - У тым якраз і справа, - прамовіла яна, ужо засынаючы, з прыплюшчанымі вачыма. - Я гэтага таксама баюся. Але ж ты сочыш за мной, праўда? - Я сачу, - сказаў я і пагладзіў яе па лбе і па валасах, якія здаліся мне таксама зморанымі. Яе дыханне зрабілася глыбейшым. Яна павярнулася на бок. Праз хвіліну яна моцна заснула. Я сеў да акна і пачаў глядзець на дождж. За акном сек суцэльны шэры лівень, і дом здаваўся маленькім востравам у змрочнай бясконцасці. Я занепакоіўся: рэдка бывала, каб Пат зранку губляла мужнасць і сумавала. Але потым я ўспомніў, што яшчэ некалькі дзён назад яна была ажыўленая і вясёлая і што, можа, калі яна прачнецца, усё яшчэ пераменіцца. Я ведаў, што яна шмат думае пра сваю хваробу, і я ведаў ад Жафэ, што ёй яшчэ не палепшала, але ў сваім жыцці я так часта бачыў смерць, што любая хвароба азначала для мяне жыццё і надзею. Я ведаў, што памерці можна ад раны, тут у мяне быў вялікі вопыт. Але менавіта з гэтай прычыны мне часта бывала цяжка паверыць, што і хвароба, пры якой чалавек знешне здаваўся здаровым, можа быць небяспечнай. Вось чаму мне ўдавалася хутка пераадолець такія выпадкі адчаю...
Пастукалі ў дзверы. Я адчыніў і ўбачыў Хасэ. Я прыклаў палец да вуснаў і выйшаў у калідор. - Прабачце, - праз сілу вымавіў ён. - Заходзьце да мяне, - сказаў я і адчыніў дзверы свайго пакоя. Хасэ спыніўся на парозе. Яго твар, здавалася, паменшаў і зрабіўся белы, як вапна. - Я толькі хацеў сказаць, што нам ужо не трэба ехаць, - сказаў ён, амаль не варушачы губамі. - Спакойна заходзьце, - адказаў я. - Фройляйн Хольман спіць, у мяне ёсць час. У руцэ ён трымаў пісьмо. Выгляд у яго быў як у падстрэленага, які яшчэ верыць, што гэта толькі драпіна. - Вы ўжо пілі каву? - спытаў я. Ён пахітаў галавой. - Прачытайце пісьмо... - Добра, але тым часам вы можаце выпіць... Я выйшаў і даў распараджэнне Фрыдзе. Потым я пачаў чытаць пісьмо. Гэта было пісьмо ад фраў Хасэ - усяго некалькі радкоў. Яна паведамляла мужу, што хоча яшчэ штосьці мець ад жыцця. Вось чаму яна не вернецца. Ёсць чалавек, які разумее яе лепш за Хасэ. І няхай ён нічога не пачынае - не мае сэнсу. Яна нізашто не вернецца. Гэта, відаць, і яму найлепшае выйсце. У яго не будзе турботаў, не трэба думаць, ці хопіць зарплаты. Частку сваіх рэчаў яна забрала, астатнія забярэ пры выпадку. Змест пісьма быў ясны і дзелавы. Я склаў яго і вярнуў Хасэ. Ён пазіраў на мяне так, быццам усё залежыць ад мяне. - Што цяпер рабіць? - спытаў ён. - Спачатку выпіце гэты кубачак кавы і з'ешце што-небудзь, - сказаў я. - Якая карысць бегаць і даводзіць сябе... Мы падумаем. Вам трэба паспрабаваць добра супакоіцца. Тады вы зможаце прыняць найлепшае рашэнне. Ён паслухмяна выпіў кубак кавы. Яго рука дрыжала. Ён не мог есці. - Што рабіць? - спытаў ён яшчэ раз. - Нічога, - сказаў я. - Пачакаць. Ён махнуў рукой. - А што вы хочаце рабіць? - спытаў я. - Не ведаю... Ніяк не магу зразумець. Я прамаўчаў. Што я мог яму сказаць? Трэба было толькі супакоіць яго, усё астатняе заставалася вырашаць яму самому. Можна было здагадвацца, што ён больш не кахаў жонку. Але ён прывык да яе, а ў бухгалтара прывычка - больш чым каханне. Праз нейкую хвіліну ён пачаў гаварыць нешта блытанае, што паказвала яго ваганне. Потым ён пачаў папракаць самога сябе. Ён не вымавіў ніводнага слова супроць жонкі. Ён стараўся даказаць сабе сваю віну. - Хасэ, - сказаў я, - вы гаворыце глупства. У такіх справах няма вінаватых. Жонка пайшла ад вас, а не вы ад яе. І не трэба папракаць сябе. - Трэба, - адказаў ён, глянуўшы на свае рукі. - Я не справіўся. - З чым? - Я не справіўся. Вінаваты той, хто не спраўляецца. Я здзіўлена глянуў на маленькую бедалажную постаць у чырвоным плюшавым крэсле. - Пан Хасэ, - спакойна сказаў я, - тое, пра што вы гаворыце, можа быць прычынай, але не віной. Акрамя таго, да гэтага часу вы спраўляліся. Ён усхвалявана захітаў галавой. - Не, не, я давёў жонку да вар'яцтва сваім вечным страхам, што мяне звольняць. І з гэтым я таксама не справіўся. Што я мог прапанаваць ёй? Нічога! Ён тупа задумаўся. Я ўстаў і прынёс бутэльку каньяку. - Давайце вып'ем, - сказаў я. - Яшчэ нічога не страчана. Ён падняў галаву. - Яшчэ нічога не страчана, - паўтарыў я. - Чалавека траціш толькі тады, калі ён памірае. Ён паспешліва заківаў і падняў чарку. Але, не выпіўшы, зноў паставіў яе. - Учора мяне прызначылі начальнікам бюро, - ціха сказаў ён. - Старшым бухгалтарам і начальнікам бюро. Мне пра гэта сказаў упраўляючы. Мяне павысілі за тое, што я апошнія месяцы працаваў звышурочна. Цяпер аб'ядналі два бюро. Другога начальніка звольнілі. Я буду атрымліваць на пяцьдзесят марак больш. - Ён раптам у адчаі зірнуў на мяне. - Як вы думаеце: ці засталася б яна, каб ведала пра гэта? - Не, - сказаў я. - На пяцьдзесят марак больш. Я аддаваў бы іх ёй. Яна заўсёды магла б сабе штосьці купляць. 1200 марак у мяне ўсё ж ляжыць на кніжцы. Навошта я іх збіраў? Мне хацелася мець нешта ў запасе для яе, калі нам будзе дрэнна. І вось за тое, што я клапаціўся, яна пайшла. Ён зноў утаропіўся ў адну кропку перад сабой. - Хасэ, - сказаў я, - мне здаецца, што вы не пра тое думаеце. І не лезьце вы ва ўсё гэта. Вам трэба толькі перажыць некалькі дзён. Тады вам стане ясней, што рабіць. Магчыма, ваша жонка вернецца сёння ці заўтра раніцай. Яна ж таксама заклапочана, як і вы. - Яна не вернецца, - адказаў ён. - Вы не ведаеце. - Каб ёй можна было сказаць, што мне павысілі зарплату і што мы на сабраныя грошы можам кудысьці паехаць у водпуск... - У вас будзе магчымасць сказаць ёй усё гэта. Так жа проста не разыходзяцца. Мяне здзіўляла, што пра другога мужчыну ён увогуле не думаў. Да яго, відаць, яшчэ не дайшло. Ён думаў толькі пра тое, што жонка пакінула яго, а ўсё астатняе было зацягнута туманам. Мне карцела сказаць яму, што праз некалькі тыдняў ён, магчыма, будзе рады, што жонкі няма... але пры яго разгубленасці гэта прагучала б грубасцю. Праўда для параненага пачуцця заўсёды грубая і амаль невыносная. Я з ім яшчэ крыху паразмаўляў, каб толькі даць яму магчымасць выгаварыцца. Нічога не дапамагло. Ён паўтараў адно і тое, але мне здалося, што крыху супакоіўся. Ён выпіў чарку каньяку. Потым я пачуў, што мяне кліча Пат. - Хвілінку! - сказаў я і ўстаў. - Зараз, - прамовіў ён, як паслухмяны хлопчык, і таксама падняўся. - Пабудзьце, я зараз вярнуся. - Прабачце... - Я неўзабаве вярнуся, - сказаў я і пайшоў у пакой да Пат. Яна сядзела ў пасцелі. Выгляд у яе быў свежы і здаровы. - Я цудоўна паспала, Робі! Ужо, мусіць, полудзень. - Ты праспала роўна гадзіну, - сказаў я і паказаў ёй гадзіннік. Яна глянула на стрэлкі. - Тым лепш, у нас яшчэ процьма часу. Я зараз устану. - Добра. Праз дзесяць хвілін я прыйду. - У цябе хтосьці ёсць? - Хасэ, - сказаў я. - Але мы не заседзімся. Я вярнуўся ў пакой, але Хасэ ўжо не было. Я адчыніў дзверы ў калідор, але і там было пуста. Я пайшоў у другі канец калідора і пастукаў у яго дзверы. Ён не адказаў. Я адчыніў дзверы і ўбачыў, што ён стаіць перад шафай. Некалькі шуфляд было выцягнута.
|
|||
|