Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Круглянскі мост 6 страница



Між тым, борзда патрухваючы, Рослік з фурманкай набліжаўся да кусцікаў. Міця высока сядзеў на адным з бітонаў, выглядаў ён спакойны. Праўда, трохі ненатуральным здавалася гэта яго сядзенне, хіба што так ямчэй было сапхнуць з задка міну. І зноў - ні ў фурманцы і нідзе паблізу нікога: Брытвіна з Данілам сапраўды не было. Няўжо яны засталіся ў сасонніку ці, можа, з імі здарылася што кепскае? - дзівіўся Сцёпка. Вядома, ён прыкрые Міцю, калі на тое пасланы, але навошта тады яны? І на што ўвогуле ўсё гэта падобна?..

І тут Сцяпан згледзеў над возам дым. Хлопец здзівіўся, нават спалохаўся, але неўзабаве сцяміў, што Міця пыхкаў цыгаркаю. Пыхкаў, аднак, няўмела, надта ўжо дымна і часта - незразумела было, ці для таго, каб падпаліць шнур, ці каб замаскіраваць ягонае гарэнне. Міця настойліва варушыў лейцамі, Рослік увішна бег, і фурманка на момант схавалася за навіслым суччам алешын...

У Сцёпкі ад хвалявання нядобра закалацілася сэрца, спатнелі далоні, ён пасунуўся крыху ўбок, ствол аўтамата нацэліў на вартавога. Як на тое ліха, свежаваты вецер заматляў перад тварам галінкі, маладая лістота то адкрывала на момант, то зусім затуляла сабой паліцая. Але вось той ступіў з месца насустрач фурманцы і, нешта нягучна гыркнуўшы, зняў карабін. Міця саскочыў на дарогу.

Фурманка спынілася, трохі не даязджаючы да вартавога, мо за які дзесятак крокаў ад моста. Рослік, выставіўшы наперад нагу, узяўся яе церабіць зубамі. Сцяпан у алешніку ўвесь сцяўся ад напружання - ён кепска разумеў, што адбываецца, але адчуваў, што брытвінаўскі план пляжыцца, што справа паварочвае ў другі бок і што цяпер, відаць па ўсім, настала ягоная чарга.

Ён не ведаў, ці запаліў Міця шнур (павінен быў запаліць), але калі сапраўды той гарыць, то паліцай, як толькі падыдзе да воза, адразу ўсё згледзіць. Тады незалежна ад таго, будзе выбух ці не, хлопец загіне. Дужа хвалюючыся, каб як уратаваць хоць бы Міцю, Сцёпка скіраваў аўтамат па-над насыпам і ціскануў на спуск.

Тр-р-р-р-р-р-рр-рт!

Што адбылося далей, ён не адразу і сцяміў. Ён убачыў толькі, як ірвануў з месца Рослік - збіўшы, ці што, паліцая, конь з возам кінуўся па мосце наперад, задняе кола, мусіць, трапіўшы на выбоіну, дужа падскочыла, затрэсліся ўвязаныя вяроўкай бітоны, фурманка апантана загрукала. Ззаду на дарозе астаўся адзін толькі Міця, паліцай недзе знік. Хлопец памкнуўся быў за фурманкай, але ў нейкай няўцямнасці спыніўся, раскінуўшы ў бакі рукі.

Сцёпка ўскочыў, каб бегчы, ды позірк яго напаследак ухапіў гэтую разгубленую постаць Міці, і ён зноў асеў за кустом. Ён хацеў крыкнуць хлопцу, каб той бег, ратаваўся, як раптам Міця скалануўся, нібы ад жаху, ад таго нябачнага, што ў гэты момант сталася на мосце. Сцёпка хуценька і трывожна выглянуў праз голле - Рослік, упаўшы ў аглоблях на пярэднія ногі, біўся аб насціл каленямі, спрабуючы ўстаць, высока і роспачна матляў галавой. У тое ж імгненне аднекуль збоку, нібы нават здалёк, да слыху запознена данеслася нягучнае «бах-х! ». Сцёпку здалося, што гэта паліцай з-за насыпу, і ён зноў ірвануў да пляча аўтамат.

Але стрэліць ён не паспеў.

Міця апантана сарваўся з месца і, матляючы поламі свайго пінжачка, кінуўся па мосце. «Што ты робіш?! » - нема закрычала ўсё ў Сцяпане. З таго канца моста да фурманкі ўжо бегла трое паліцэйскіх, Рослік скроб заднімі нагамі па насціле, марна спрабуючы падняцца, воз перакасіўся, упёршыся адным колам у парэнчу...

Сцёпка на каленях крутануўся з-за вецця ўбок, ловячы на мушку тых, што беглі, але яму не хапіла якое секунды, каб сумясціць яе з проразам, як магутная сіла выбуху кінула хлопца вобзем. На ўсю глыб скалануўся поплаў, цёплая смярдзючая хваля шаснула па кустоўі. Аглушаны Сцяпан нейкаю часткай пачуцця адзначыў, як штось важкае гэпнула паблізу на зямлю. Ён, аднак, тут жа ўскочыў, глытаючы горкую сліну, навобмацак ухапіў ля сябе аўтамат. Клубы едкага рудога дыму ахінулі кустоўе, вочы тут жа заслала слязьмі, хлопец спатыкнуўся і зноў упаў на штось цвёрдае - пад нагамі, коса ўбіты ў зямлю, тырчаў абламаны брус ад парэнчы.

Ён прабег трохі за алешнічкам - далей ад моста і дарогі, потым па лузе завярнуў да недалёкага знаёмага хвойнічку. Па ім не стралялі, усё наўкола замерла, аглушанае выбухам. Паступова Сцяпан адолеў сваё ўзрушэнне і ўпершыню азірнуўся: мост акурат пасярэдзіне быў разарваны вялізнай праломінай, з якой бязладна тырчалі ў бакі абломкі бярвён, дошак. Там жа нешта смылела - шызы, не густы дым слаўся па-над рэчкай і поплавам.

На мосце і каля яго не было ніводнай жывой душы.

 

 

Заграбаючы ботамі ў дробнай траўцы, Сцёпка ацяжэла трухаў да недалёкага ўжо сасонніку. Драціна на боце парвалася ці, можа, спаўзла, падэшва зусім адстала і на кожным кроку дакучліва ляскала. Аднак цяпер было не да падэшвы - удалося б вынесці ногі. На бягу ён колькі разоў азірнуўся: дарога з мястэчка ўжо закурэла пылам - некалькі конных імчалі да моста.

Але наўрад ці яны дагоняць яго: ужо зусім блізенька лес, кустоўе, а ззаду рэчка з багністым берагам у трысці - хай паспрабуюць перабрацца цераз яе з коньмі. Праўда, яны маглі дастаць яго тут агнём, ды ўсё роўна ён перайшоў на крок: не хапала ўжо сілы бегчы - гаркота распірала грудзі, вочы заліваў гарачы салёны пот.

- Хутчэй! Хутчэй ты! Бягом!..

Сцёпка падняў разгарачаны твар - між хвойніку ў зялёным суччы варухнулася знаёмая галава ў пілотцы, Брытвін апантана махаў рукой і з прыцішанай злосцю патрабаваў цяпер ад яго:

- Бягом!!

Сцяпан аслабела затрухаў, кіруючы трохі ў бок ад свайго напрамку, туды, дзе быў Брытвін, і праз хвіліну, расхінаючы грудзьмі калючае сучча, уціснуўся ў хвойнік. Ззаду так і не стрэлілі ні разу, і ён не азірнуўся болей - дзе былі ў той час яго даганятыя, ён не бачыў. Ён імкнуўся цяпер хутчэй далучыцца да сваіх двух. Але тыя не дужа чакалі яго - зводдаль у сасонніку мільганула зялёная ў ватоўцы спіна Данілы: не трацячы часу, яны цераз пагорак беглі далей.

Цяжка тупаючы па мяккім іглістым доле, абдзіраючы твар у гушчары, Сцёпка вылез на выспачку і з палягчэласцю ў нагах пабег уніз. Тут ён зноў убачыў тых двух: Брытвін быў ужо на ўзлеску - коратка азірнуўся, матлянуў рукой: «Хутчэй! » - і кінуўся на ніўку.

Здаецца, яны адарваліся ад даганятых, ва ўсякім разе схаваліся з іх вачэй і сталі недасягальныя для іх агню. Можна было б уздыхнуць з палёгкай, нервовае напружанне збавілася. Як ні дзіўна, да Сцёпкі толькі цяпер, у сасонніку, дайшло, што наперакор усяму яны перамаглі. Мост узарваны, было чаго радавацца. Але радасць чамусь не прыходзіла, не было нават сціплага задавальнення, нешта яшчэ не ўсвядомленае замінала ўнутры, не давала нават завязацца радасці. Вядома, найперш - Маслакоў. Ён усё гэта пачаў, вёў іх, першы пайшоў на самае небяспечнае, а цяпер вось яны без яго. Мусіць, без Маслакова самая вялікая ўдача будзе для яго пазбаўлена радасці - Сцёпка пачаў адчуваць гэта амаль выразна. Зноў жа - падлетак Міця. Вядома, Міця - эпізод, хлопец на адзін дзень, - колькі такіх з'яўлялася на яго партызанскім шляху і ішло ў свой лёс: жыло ці нават гінула - якая яму была да іх справа?

Але гэты хлапчук штось зацямніў у ім, штось непраясненае, толькі крышку адчутае панёс з сабою з жыцця, пакінуўшы Сцёпку пытанне: як жа так? Мо таму, што ён нават не быў партызанам, падпарадкаваным абавязку ці сіле загаду, сам па сваёй ахвоце пайшоў на тую сваю пагібель і прапаў. Але чаму тады тут муляе нешта ненатуральнае і крыўднае? Быццам несправядлівае нават?

Калі Сцёпка таксама вылез з узлеску, тыя двое, пылячы раллёй, ужо беглі па ніўцы: у разоры Брытвін і ззаду, крокаў праз дзесяць ад яго, Даніла. Яны зноў не прычакалі хлопца, і ён проста не меў сілы дагнаць іх: схіл тут скончыўся, пачалася роўнядзь, бегчы стала цяжэй.

Усё ж ён бег, горка дыхаючы разяўленым ротам. Аўтамат яго вісеў пад пахай, і ён прытрымліваў яго рукою, не даючы біць дыскам аб бок. І тады ўспомнілася, як некалі ўзімку бадай гэтаксама яны беглі ад чыгункі па снезе: наперадзе Сцяпан, за ім Маслакоў, а група прыкрыцця сядзела ў ельнічку - да апошняй хвіліны, чакала, пакуль іх двое не прайшлі паласу расцяробу. Яны ўдвух выконвалі самае цяжкае: закладвалі міну, тузалі «вуду», і астатнія шанавалі іх за рызыку, беручы пасля выбуху ўсё на сябе. Такі быў парадак, партызанскі звычай, які свята выконвалі ў атрадзе; і толькі калі двое выйшлі з-пад агню, тады пабеглі ўсе разам. Гэтыя ж не маглі дачакацца нават у лесе. Балазе яшчэ ззаду не было даганятых, а то б ён даўно ўжо трапіў на іхнюю мушку.

Сцёпка зусім ужо прыставаў, і чым меней у яго заставалася сілы, тым большая прыкрасць паднімалася ўнутры - нібы яго знарок хацеў хто пакрыўдзіць. Ён, аднак, ведаў, што не знарок, што сапраўды хутчэй трэба змывацца, але не мог зладзіць са сваёй злосцю і, раптам спыніўшыся, крыкнуў:

- Стой вы!

Яны азірнуліся, убавілі кроку і, дасягшы кустоўя, трохі недаўменна прыпыніліся, бокам пастаўшы да яго.

Брытвін сцішана загаманіў, таксама не трымаючы злосці:

- Давай хутчэй! Ну, што ты грабешся, як баба!

Змораным крокам Сцёпка ўрэшце дагнаў іх. Ваўкавата тулячы позірк, хлопец, аднак, убачыў спатнелы твар Брытвіна, ажыўлены рызыкоўным азартам. Удачлівым, аднак, азартам.

- Не бачыў, не беглі? - запытаў Брытвін, калі ён падышоў бліжэй.

Сцёпка знарок не адказаў - ён проста не мог размаўляць з імі і нават глянуць у іхнія вочы - яго даймала пытанне: «Дзе вы былі? » Ён адчуваў сябе абдураным, бо амаль паверыў ужо ў Брытвіна, яго валявую рашучасць і ўмельства і нават схіляўся да таго, каб аддаць яму перавагу над Маслаковым.

Нарэшце яны ўтрох разам ступілі ў негусты тут, дробненькі параснік. Бегчы па ім было лёгка, толькі шорхала пад нагамі прэлае лісце ды пахруствалі апалыя галінкі. Праз хвіліну Брытвін зноў азірнуўся на Сцёпку.

- Кантузіла, ці што?

- Нічога не кантузіла, - буркнуў хлопец.

Няхутка бегучы, Брытвін трошкі затрымаў на ім свой прыдзірлівы позірк і шаснуў за куст. Выскачыўшы па той бок яго, загаманіў з задаволенай зухаватасцю ў тоне:

- Здорава, га? Гахнула, што, мусіць, у Круглянах шыбы павыскоквалі!

Даніла на бягу таксама павярнуў да яго свой касматы, з праставата-радаснай ухмылкай твар.

- Ну.

- Парадак у танкавых вайсках!

Яны радаваліся - што ж, было чаго. Сярод белага дня пад носам у немцаў ірванулі мост - хіба не падстава для радасці? Асабліва Брытвіну, ды і Данілу таксама.

Бег іх, аднак, пачаў выдыхацца, і неўзабаве Брытвін таксама перайшоў на крок, тым болей што наперадзе пачыналася поўнае вады лясное балотца, якое трэба было абысці. Даніла цяпер не выбіраў дарогі - кіраваў наўпрост, абы далей ад Круглян, глыбей у лясную глуш. Так было заўжды: галоўнае - паспець, пакуль не позна, як мага адысціся ад таго месца, куды цяпер кінуцца паліцаі.

Сцёпка даўно ўжо хацеў спыніцца, перавесці дыханне ды нешта зрабіць з ботамі, бо на кожным кроку чапляцца падэшвай аб дол стала пакутай. На правай назе да таго ж даўно ўжо балела пята - мабыць, нацёр да касці. Хлопец рашуча гэпнуўся ў дол, аберуч садраў бот, які ўжо зусім разваліўся, і, не ведаючы, як зладзіць з ім, са злосцю шпурнуў яго ў кустоўе. Потым тое ж самае зрабіў і з правым, шпурнуўшы яго ў другі бок. Сапрэлыя і дзіравыя анучы хлопец, устаўшы, раскідаў нагамі.

Наперадзе з ягонай вінтоўкай на плячы недаўменна азірнуўся Даніла.

- Гы! Што ты ўдумаў?

Сцёпка закінуў за плячо аўтамат, босым нагам стала куды як вольна і нязвыкла сцюдзёна ў сырым, непрагрэтым доле, трава закалола ў падэшвы, але не бяда. «Даўно б так», - падумаў ён з невясёлай палёгкай.

Даніла з Брытвіным, аднак, спыніліся. Барадаты партызан выглядаў яўна здзіўленым ягоным учынкам.

- Ці ты здурнеў? Нашто кінуў?

- Ідзі вазьмі!

І Даніла сапраўды палез у хмызняк, адшукаў яго левы, цалейшы, бот, з цікавасцю абмацаў падэшву.

- Харошы ж бот. Хіба каб саюзкі новыя. Кідае, ха!

- Ты навошта гэта? - пахмура павярнуўся да Сцёпкі і Брытвін.

- Бо рваныя. Не бачылі?

Даніла, аднак, улез у балота і дастаў другі бот. Падэшва ў ім зусім адвальвалася і вісела, ашчэрыўшы рад паржавелых, густа набітых цвікоў.

- Падрамантаваць каб, дык насіць можна.

Ён па-гаспадарску склаў боты ў адно і пачаў падпіхваць іх халявамі пад дзягу. Сцёпка спадылба кідаў непрыязныя позіркі на яго ладныя маслакоўскія кірзачы і ватоўку, амаль новенькую, нават яшчэ не замусоленую. Нічога не скажаш: прыбраўся Даніла на гэтым заданні. Хоць і не забіў ніводнага немца. Каму ляжаць у зямлі, а каму пашэнціла нават і прыфранціцца: глядзі, які ладны, нібы дэсантнік. Хіба што штаны саматканыя.

- Ану, зараз жа абуй боты! Ты што? - са строгасцю накінуўся на Сцёпку Брытвін, пэўна, ужо зусім адчуваючы сябе камандзірам. Гэты быў усё ў тым жа паношаным чырвонаармейскім шынялі без пятліц, расшпіленым на ўсе аплікі, на плячы трымаў сваю СВТ, з якое, мабыць, ні разу не стрэліў. Але Брытвін меў свой інтэрас.

- Ты ж праз гадзіну заплачаш. Тады несці цябе?

- Не бойцеся! Не панесяце. Яго заставіце.

Брытвін, штосьці адчуўшы, падазрона ўгледзеўся ў хлопца, нешта прыкінуў, нібы ўслухаўся ў лесавы шум. Сцёпка падумаў, што справа скончана і зараз, мабыць, пачнецца звыклае ўжо яму і агорклае ўшчуванне, а то і пагрозы. Але Брытвін нібы адумаўся, толькі кальнуў яго напаследак злым позіркам і пайшоў па гушчары.

 

 

Добра-такі адышоўшыся па хмызняках ад Круглян, яны набрылі на сцяжыну ў мяшаным з альхой старым ельніку. Здаецца, тут недзе павінен быў пачынацца Грыневіцкі лес - знаёмая, бяспечная мясціна, іх партызанская парафія. Стала спакойней, пра даганятых ужо не думалі. У ельніку панаваў моцны, амаль спіртовы настой вогкай вясновай прэласці і смалы, вільготны імшарысты дол туліўся ў стракатай ад сонечных блікаў засені; лапчастае голле ялін, пагойдваючыся, звыкла шумела ўгары.

Ледзьве прыкметная ў імшарыне сцяжынка вывела іх на старую, закінутую дзялянку з колісь нарыхтаваным, ды так і не вывезеным кругляком - акрай шырокай прагаліны прыткнулася некалькі доўгіх штабялёў аброслай мохам рудастойкі. Апрэлая кара разлезлася, у пацямнелых ад часу камлях жаўцелі выдзеўбаныя дзятламі ямкі.

На дзялянцы прыпякала сонца, яны ўсе ўгрэліся, і Брытвін, які нёс перакінуты цераз плячо шынель, рашуча шмякнуў яго пад ногі.

- Прывал!

- Фу, цёпла! - згодна азваўся Даніла і, як быў, таўставаты і нязграбны ў расшпіленай ватоўцы, задам сунуўся ў засень пад штабелем.

Брытвін спярша зняў дзягу, расшпіліў усе гузікі на гімнасцёрцы, потым плюхнуўся на шынель і, сапучы, сцягнуў боты.

Сцёпка, памеркаваўшы, таксама прысеў пад штабель.

- Далёка яшчэ топаць? - запытаў Брытвін.

- Не так каб далёка. Троху пройдзем да Ляхавіна, пасля ляснічаства мінуць, - пачаў прыкідваць Даніла.

- Дык колькі кіламетраў? Пяць, дзесяць?

- Кіламетраў? Каб не салгаць... Не многа засталося.

Брытвін асуджальна пакруціў галавой:

- Ну і арыфметыка ў цябе! Многа, нямнога. Давай сумку ды перакусім.

Даніла з падкрэсленай гатоўнасцю перакінуў цераз голаў скручаную почапку сумкі і найперш выцяг адтуль бутэльку з папяровай затычкай. Засцярожліва ўмацаваў яе на няроўным імшыстым доле між сабой і Брытвіным. Сцёпка стараўся не глядзець туды - рабіў выгляд, што даследуе палец на назе, сапраўды да крыві збіты аб корань. Есці яму перахацелася, болей дакучала смага, і ён думаў, што, адпачыўшы, трэба пашукаць дзе ручай.

- Ну, што ж, тады дзёрнем! - задаволена сказаў Брытвін.

- Зарабілі, - ухмыльнуўся Даніла. - Ёсць за што.

Брытвін варухнуў сумку.

- А там жа і закусь была. Ану, даставай, што нарыхтаваў паліцаеў сынок.

Сцёпка аж скалануўся: так проста і будзённа было сказана гэта, нібы Міця ўсё жыццё быў яму ворагам. Хлопец недаўменна ўскінуў голаў, чакаючы нешта ўбачыць у выразе Брытвіна. Аднак на пругкім, кранутым свежаю шчэццю твары таго было толькі шчырае задавальненне ад прадчування хуткай яды з выпіўкай.

Даніла дастаў самадзельны, змайстраваны з акоска ножык і разгарнуў кужэльную анучку. Тоўстая скіба хлеба, адрэзаная ад сяродку бохана, кавалак мяса і чатыры фарбаваныя велікодныя яйкі прымусілі іх неўпрыцям праглынуць сліну. Яны ўжо не маглі адвесці вачэй ад вялікіх Данілавых рук, калі ён пачаў дзяліць харч: разрэзаў на тры кавалкі хлеб, мяса, расклаў яйкі, два з якіх былі патрушчаныя. Брытвін адной рукою ўзяў бутэльку, другой згроб сваю порцыю закусі.

- Ну, а Тоўкач што - не згаладнеў?

Сцёпка ваўкавата зірнуў на іх двух: словы Брытвіна прагучалі так, што стала зразумела: калі ён адмовіцца, яны бедаваць не будуць. Мусіць, менавіта з тае прычыны ён рашуча ўстаў і, нетаропка падышоўшы бліжэй, узяў астатнюю пайку - другая была ўжо ў руках у Данілы.

Брытвін пажлукціў з бутэлькі, паморшчыўся.

- Атрава! І як яе паліцаі п'юць?

- А п'юць! І нічога. Пальзіцельна, кажуць, - жартоўна азваўся Даніла, пераймаючы бутэльку. Апошнім часам ён стаў гаваркі - не тое што ўчора, і Сцёпка падумаў: ад чаго б гэта? Даніла таксама выпіў. Можа, і не столькі, як Брытвін, але таксама нямала - ледзь не ўсю. Выцяг у руцэ і паглядзеў, ці многа засталося.

- Ну, а табе не трэба. Малы яшчэ, - сказаў ён да Сцёпкі, нібы жартуючы, але і сапраўды бутэльку адставіў убок.

Сцяпан перастаў жаваць.

- Хто малы, а хто стары. Давай сюды!

- Сап'ешся яшчэ. П'яніцам будзеш.

- Не тваё дзела. Дай бутэльку!

- Гэта хай камандзіру, - раптам маслена заўсміхаўся Даніла. - Камандзір - ён галава. Глядзі, як усё ўладзіў!

- Ладна, дай і яму, - махнуў рукой Брытвін.

Даніла яшчэ раз паглядзеў на бутэльку - там было, мусіць, з паўшклянкі - і аддаў. Сцяпан, хоць і не меў да гарэлкі вялікай ахвоты, цяпер амаль са злосцю, зацяўшы дух, выцягнуў усё да кроплі.

- Глядзі ты! - здзівіўся Даніла. - Во моладзь пайшла!

Энергічна жуючы, Брытвін з лёгкім асуджэннем касіў на яго позіркам, а Сцёпка сядзеў да іх бокам і засяроджана еў. Мяса яму дасталося нямнога, ён хутка зжаваў яго. Заставаўся кавалак хлеба і маленькае, нібы галубінае, велікоднае яечка, якія ён пакідаў на пасля. Хлопцу было напляваць, што пра яго гаварылі гэтыя двое, ён не паважаў іх і не адчуваў ніякай удзячнасці за выпіўку. Ён ледзьве стрымліваў у сабе злосць, усё выразней адчуваючы, што ў гэтай даволі ўдалай аперацыі з мостам нешта нячыста. Тое, што ўсю дарогу і цяпер Брытвін упарта абыходзіў у размове Маслакова і Міцю, толькі пацвярджала яго падазрэнне, і гэта не магло не азвацца ў ім ранейшаю непрыязнасцю да ротнага.

- Ні павагі табе, ні ўступкі! Во моладзь! - бурчаў тым часам Даніла. - Раней гэтак не было.

- Што б вы рабілі без гэтай моладзі? - рэзка сказаў Сцяпан, адчуваючы, як гняўлівая задзірыстасць узнімаецца ў ім з катастрафічнай няўхільнасцю. - Блох па хатах пладзілі б?!

Звычайна рахманы Даніла з-пад касмылявых брывей нядобра нацэліў на яго вузенькія шчылінкі вачэй.

- А ты нам не ўказ! Не камандзір, каб указваць.

- Надта ты, бачу, камандзіраў любіш. Каб камандавалі. Нябось без каманды, пэўна, і ў лес не пайшоў? Чакаў, пакуль з печы сцягнуць!

- Маё дзела. Не табе папракаць. Смаркач яшчэ!

- Будзе, не заядайцеся! - абарваў сварку Брытвін. - Тоўкач хоць і злы, а смелы. Маладзец!

Сцёпка ўважліва паглядзеў на Брытвіна, але той на поўным сур'ёзе вытрымаў яго погляд. Хлопец, аднак, зласліва ўсміхнуўся аднымі вуснамі: не ўжо, на такую танную прынаду яго не возьмуць.

- Хваліце? Таксама як і яго хвалілі?

- Гэта каго?

- Міцю, каго!

Брытвін выразна хмыкнуў.

- Ну, знаеш! Трэба было, дык і хваліў.

- А цяпер ужо не трэба? Цяпер мяне трэба? - хутка наліваючыся злосцю, адрывіста сказаў Сцёпка. Кавалак недажаванага хлеба мулка тырчаў за яго шчакой.

- А ты што, недавольны?

- Давольны!

- Слава Богу. А то я падумаў, што ты ў абідзе: чаму я цябе, як учора Маслакоў, на мост не пагнаў?

«Ах, вось што! » - мільганула ў галаве ў Сцёпкі. Можа, Брытвін яшчэ пачне папракаць яго за няўдзячнасць? Сапраўды, на мост не пагнаў, справу зрабілі, і ўсё як найлепш. Нават узрыўчатку для атрада зэканомілі. Але ўсё роўна да Маслакова яму далёка.

- Маслакоў не гнаў! - амаль крыкнуў, зрываючыся на сварку, Сцяпан. - Маслакоў вёў! Гэта ты гнаў!

- Каго я гнаў?

- А Міцю! Успомні!

Ну, так і ёсць! Тут ужо стала пэўна, што Сцёпка трапіў у яго балючае месца.

Распяразаны, босы, Брытвін раптам ускочыў і ашчэрыўся на хлопца:

- Ах ты, сапляк! Абгаварыць хочаш? У мяне во - сведка! Ану, хай скажа: гнаў я ці ён сам пайшоў!

- Сам, сам! - хуценька пацвердзіў Даніла. - Прасіў Хрыстом-Богам. Каб, значыць, за бацьку апраўдацца.

- Паняў? Паліцэйскага сынок да таго ж! Не забудзь.

Сцёпка маўчаў, трохі збянтэжаны гэтым неспадзяваным паваротам спрэчкі. Так, тут яны мелі рацыю. Прасіўся, гэта праўда. І што паліцаеў сынок, таксама праўда. Але што ж тады атрымліваецца?

- Выходзіць тады, гэты паліцаеў сын мост узарваў. А не мы. Так?

- Не, не так! - цвёрда сказаў, як адсек, Брытвін. - Мы ўзарвалі. Мы арганізавалі ўсё і кіравалі. Я кіраваў. Ці ты з гэтым не згодзен?

Сцёпка не ведаў чаму, але з гэтым ён сапраўды быў не згодны, хоць і пярэчыць болей не стаў. Мусіць, для сваркі з гэтым чалавекам ён быў слабак. Нешта ў яго галаве пераблыталася, усе гэтыя ўзаемазалежнасці і складанасці, і без таго не дужа зразумелыя яму, цяпер і зусім прыцьмелі - не разабрацца. Толькі нейкаю самай упартай і самай чуйнай часткай свае душы ён адчуваў, што Брытвін махлюе, і ён нізашто не мог памірыцца з ім.

Даніла пад штабелем драў жоўтымі рэдкімі зубамі кавалак мяса:

- Гэта самае... Каб не яны, - кіўком барады ён паказаў на Брытвіна, - каб не яны, усё прапала б.

Сцёпка падняў голаў і, адчуўшы нешта загадкава-важнае ў гэтых словах, утаропіўся на Данілу.

- Ага. Калі конь падбрыкнуў на мост, яны бабахнулі, і гатова. Якраз пасярод моста.

- Каго? Каня?

- Ну! Таго Росліка. Во снайпер, а-яй! - набраўшыся голасу, басавіта гаманіў Даніла.

У шумлівай і хісткай Сцёпкавай галаве, мусіць, са спазненнем, але надта выразна бліснула проста неверагодная здагадка, аслеплены якой, хлопец хвіліну не мог вымавіць слова. Ён толькі глядзеў то на Брытвіна, то на Данілу. Але спакваля ўсё станавілася на свае месцы, і ён ужо зусім пэўна пачаў разумець, чаму не пабег разам з ім Міця: хлопец кінуўся ратаваць Росліка.

А яму, дурню, здалося, што ў каня страляў паліцай.

- Падлюга! - адчуваючы, як нешта лютасцю ўзгарэлася ў ім, закрычаў Сцёпка. - Падлюга ты! Паняў?

Амаль не валодаючы сабой, Сцёпка ўскочыў на ногі, сашчэпленыя ў кулакі яго рукі дрыжалі, і ён задыхнуўся ад бяссільнага абурэння. Брытвін хвіліну сядзеў, нібы таксама збіты з панталыку ягонымі словамі.

- Ах, во як! - урэшце зразумеў ён і таксама ўскочыў на шынялі. - Здаць аўтамат!!

Цяпер ужо апешыў Сцяпан:

- Аўтамат? А ты мне яго даваў?

Брытвін памкнуўся да хлопца, але Сцёпка, апярэдзіўшы яго, з нетаропкаю ўпэўненасцю нагнуўся і ўзяў з долу свой новенькі, з лакіраванай ложаю ППШ.

- Здаць аўтамат! - гняўліва патрабаваў Брытвін.

- А хрэна вот!

- Ты што, блазнота! Выпіў, дык бунтаваць? Проці камандзіраў ісці?

- Ты не камандзір! Ты - жулік!

- Ах, так!

Стычка прымала новы абарот. З-пад штабеля са спуджаным тварам таропка і няспрытна ўзграбаўся Даніла. Брытвін, счакаўшы секунду, моўчкі павярнуўся і рашуча схапіў прыхінутую да бервяна яго трохлінейку. З ёй ён упэўнена сігануў да Сцёпкі.

- Не падыходзь! - крыкнуў Сцяпан і пад штабелем адступіў на адзін крок.

Але Брытвін і яшчэ сігануў з нарыхтаванай вінтоўкай у руках - увесь зацяты, напружаны і рашучы.

- Не падыходзь, кажу! - амаль з роспачнай лютасцю папярэдзіў Сцёпка і скінуў з пляча аўтамат. Ад шалёнасці і хвалявання ён цяжка, задышліва дыхаў, заходзячыся ў крыўдзе, што іх двое на яго аднаго.

Брытвін на момант спыніўся, самкнуўшы настырчаныя бровы, з лютасцю ў вачах, затым раптам шырока скочыў і апынуўся насупроць. Сцяпан тузануў рукаятку - затвор шчоўкнуў у цішы, стаўшы на баявы ўзвод. Дзеручы аб дравіны плечы, Сцёпка ціснуўся спіной да штабеля.

У азвярэлых вачах Брытвіна слізганула нерашучасць. Але зараз жа яны ўзгарэліся яшчэ большым шаленствам, ён зрабіў рэзкі выпад наперад і адначасна ўзмахнуў вінтоўкай. Сцёпка ўгнуўся, ды няўдала: боль электрычным ударам пранізаў яго ад скуляной шыі да пят, па плячах пацякло штось гарачае. Хлопец ледзьве не выпусціў аўтамат і сцяў зубы. Злосная крыўда пыхнула ў ім з новаю сілай, не сваім голасам ён крыкнуў: «Сволач! » - і, захліпнуўшыся, пырануў ад сябе аўтаматам. Кароценькая, у тры кулі чарга пругка пырснула ў лесавой цішыні.

Брытвін раптам выпусціў вінтоўку, угнуўся, абедзвюма рукамі схапіўся за жывот і, хістка ступаючы, пачаў хіліцца долу.

У гарачцы хлопец яшчэ нічога не паспеў зразумець - ён толькі адчуў, што сталася бяда, - як ззаду штось дыхавічна хакнула, і шырокія чужыя рукі сашчапіліся на яго грудзях. Сцёпка тузануўся, паспрабаваў вырвацца, але не хапіла сілы, і ён, тузаючыся і жахліва слабеючы, асядаў пад цяжарам, пакуль не ўваткнуўся тварам у імшысты дол.

- Блазнота! Страляць? Ах ты!..

- Вяжы яго! Рукі вяжы! - сіпеў побач плаксіва-разлютаваны голас.

Даніла без пільнай патрэбы помсліва крутануў яго на зямлі, болей падламаў рукі, каленам бязлітасна ціскануў у рэбры ніжай лапаткі - у хлопцавых вачах бліснуў і расплыўся жоўта-агнявы круг. Сцяпан захліпнуўся, але змаўчаў, з усяе сілы трываючы боль і задыхаючыся ад кіслага смуроду імшарыны, які раздзіраў яго грудзі.

 

 

А цяпер вось тут сядзі. Відаць, і сапраўды яго расстраляюць.

Сонца з-за яліны лагодна высвечвае адзін бок ямы - робіцца цяплей. Лес наўкола ваўсю поўніцца гукамі: чуваць, гамонячы, строіцца кудысь група партызан - мабыць, на чарговае заданне; хтосьці з пасыльных, аклікаючы па дарозе знаёмых, шукае начальніка гаспадаркі Кляпца; з другога боку адпрагаюць каня - бразгаюць кінутыя на дол аглоблі, і рыпіць хамут. Чуваць рэплікі і смех людзей. Новы вартавы не-не ды і падыдзе да ямы - мусіць, зазірне ў яе: на земляныя камякі ўскрайку тады кладзецца яго рэзкі зламаны цень і тут жа знікае. Хоць ён і суцяшаў Сцёпку, але, мабыць, размаўляць яму з арыштантам не хочацца, і хлопец адчувае гэта. Нейкая страхавітая адчужанасць ужо аддзяліла яго ад астатніх, колішніх яго суседзяў і таварышаў па атрадзе, і паставіла ў асаблівае становішча - крыўднае і пагрозлівае. Што ж, мусіць, ён вінаваты.

Наверсе, мяркуючы па гуках, нічога асаблівага не адбываецца, там з поўнай абыякавасцю да яго ідзе заўсёднае атраднае жыццё. І таму зусім нечаканы знаёмы голас прымушае яго здрыгануцца:

- Во дзе яны! Шукаў, шукаў...

- Чаго шукаць! Вунь кухня.

Сцёпка непрыемна сціскаецца ў камяк - гэта ўжо па яго, пэўна. Але чаму Даніла?

- Ну, дзе ён? Сядзіць?

У зямлі добра аддаюцца крокі, абодва з вартавым яны ідуць да ямы, і неўзабаве Сцяпан бачыць над сабой знаёмыя Данілавы касмылі. Ну, што яму яшчэ трэба?

- Во пасадзілі! Як ваўка. Га! На, есці прынёс.

У яму звешваецца на драцяной дужцы зроблены з нейкае бляшанкі кацялок, на краі яго свежы, трохі падсохлы пацёк куляшу. Пах ежы адразу забівае ўсе іншыя, затхлыя пахі ямы. Адчуўшы на хвіліну радасць, Сцёпка бярэ кацялок і заціскае яго між калень.

- Лыжка ёсць?

Лыжка ў яго ёсць, ён дастае яе з кішэні - сваю даўнюю алюмініевую карміцельку з коратка абрэзаным тронкам, выцірае пальцамі ад крошак і пачынае есці. Даніла сядае над ямай. Побач стаіць вартавы.

- Знаю я гэтага Брытвіна, - кажа ён. - Занудлівы, не дай бог. Вунь зімой Маланчука ў Падасінавіках застрэліў. Нібыта за парушэнне дысцыпліны. Нягоднік ён.

- Нягоднік, - лёгка згаджаецца Даніла, і Сцёпка ажно папярхаецца ад здзіўлення: глядзі, як хутка перамяніў думку! Ён коратка пазірае знізу ўгору: Даніла нетаропка ладзіць цыгарку - на яго касмылявым твары не разабраць што.

- Дык, кажуць, пабіліся? - пытаецца вартавы.

- Было, - няпэўна адказвае Даніла. Мяркуючы па яго настроі, расказваць, як і што адбылося ўчора, у яго няма ахвоты.

- На гэтай чортавай вайне ўсё бывае. Мабыць, ты, Барада, на закурку багаты?

- Дзе там! Ацяробкі сабраў.

- Дык бычка пакінеш. А то ўжо два дні не курыў - вушы апухлі... З такімі, як гэты Брытвін, лепей не заядацца. Ну іх. Што нам - болей за ўсіх трэба?

- Пэўне. Нашто проціў ветру рукамі махаць? - пагаджаецца Даніла, напусціўшы ў яму дыму.

Размова не клеіцца, вартавы чакае «бычка», і Даніла з прагнай асалодай дацягвае цыгарку.

- На, куры.

Кончыкамі пальцаў вартавы асцярожна бярэ з Данілавых кіпцяў акурак і адыходзіць - ягоны цень слізгае па Данілавых ботах. Сцёпка выскрэбвае кацялок. Кулеш смачны, але малавата, з'еў бы і болей.

- Ну, пад'еў?

Сцёпка маўчыць: што яму размаўляць з чалавекам, ад якога немаведама чаго чакаць.

- Брытвіну аперацыю рабіць будуць. Хацеў, каб цябе прывялі.

Яшчэ чаго не хапала! Навошта яму ісці да Брытвіна - сварыцца хіба? Але сварка ўжо скончана. Цяпер слова - начальству, яно ўсё і вырашыць. У ягоных руках лёс Сцёпкі Тоўкача.

- Доктар казаў, мала не пацэліў, - прадаўжае тым часам Даніла. - Яшчэ б трохі - і капец!

Чорт з ім! Гэтая навіна Сцёпку і не радуе, і не засмучае. Зусім ён не цэліў. Каб цэліў, дык доктар, мусіць, не спатрэбіўся б.

- І гэта самае... - Даніла чагось азіраецца, хоць побач нікога няма, і трошкі цішэйшым голасам гудзіць над ямай: - Казаў, на цябе не злуецца. Ну, выпілі, ведама... Калі па-добраму, дык можна дамовіцца.

Сцёпка паднімае голаў. Ён шчыра здзіўлены.

- Гэта як?



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.