Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Круглянскі мост 2 страница



Ён думаў, што яны дачакаюцца яго і пойдуць, аднак яны не ўставалі. Акрай дарогі з заклапочаным выглядам сядзеў Брытвін, ля яго пераабуваўся Маслакоў. Даніла, засцярожліва хапаючыся за сучча, палез да ручая напіцца. Занятыя размовай, яны не звярнулі на хлопца ніякай увагі.

- Раку пад Круглянамі ведаеш? - казаў Маслакоў, пераабуваючыся.

- Ну.

- Дык вось там.

- Доўгі той? Драўляны?

- Ён самы.

- Наўрад ці што выйдзе, - падумаўшы, сказаў Брытвін, па сваёй звычцы пазіраючы ў дол. - Там ахова.

Сцёпка сцяміў, што размова датычыла іх задання, і спадылба пільна пазіраў то на Брытвіна, то на камандзіра. Маслакоў, падчапіўшы наском, сцягнуў другі бот, двума дакладнымі рухамі загарнуў скарэлую анучу.

- Аховы няма. Учора прыйшоў Галёнкін з разведкі. На мосце пуста.

Насунуўшы бот, Маслакоў мякка прытупнуў ім па імшарыстым доле.

Сцёпка адразу ж здагадаўся пра сэнс іхняга задання, і яму стала зразумела, што спаліць мост, мусіць, будзе нялёгка. Калі нават і няма аховы. Там за логам - мястэчка з паліцыяй, адкуль гэты мост відзён як на далоні. Але цяпер сваім пярэчаннем хлопец не хацеў падтрымліваць Брытвіна і маўчаў.

- Удзень, можа, і няма. А ўночы? - сказаў Брытвін.

- А нашто ўночы? Мы ўдзень і падпалім.

- Пад носам у бобікаў?

- А што? Дрэва сухое - пыхне, што порах! Толькі б бензіну болей, - бадзёра пацвердзіў Маслакоў і паглядзеў на Сцяпана. - Тоўкач, давай драгунку.

Хлопец падаў вінтоўку, камандзір дастаў фінку і чаранком пачаў ціхенька кляпаць пад мушкай.

- Уся справа ў тым, як абмазгована. А абмазгаваў ты няважна. Хітрасці няма, - незадаволена зазначыў Брытвін.

- Якой хітрасці?

- Такой, каб сказаў - і адразу паверылі, што ўдасца.

- Хітрасць, хітрасць! Тут наважыцца трэба. Чым раптоўней, тым лепш.

«Ведама ж, так. Што разводзіць нейкія там хітрыкі», - думаў Сцяпан. Слухаючы нетаропкую гаману-спрэчку, ён пазбыўся першага міжвольнага сумнення наконт маслакоўскай задумы і ўзняў на Брытвіна крыўдлівы, амаль злы позірк.

- Не такія нішчылі. Аж трэскі ляцелі. І не палохаліся.

Ён знарок сказаў так груба і задзірліва, каб зачапіць Брытвіна, над якім тым самым сцвярджаў нейкую сваю калі не перавагу, дык ва ўсякім разе не прызнаную ім годнасць. Праўда, гэта выглядала трохі самаўпэўнена, можа, нават легкадумна, але ён ужо адчуў у сабе прыемны халадок помслівай рашучасці і ведаў, што не саступіць.

Брытвін насупіўся.

- Хто гэта - нішчылі?

- А мы.

- Гляджу: разумныя вельмі, - з'едліва сказаў былы ротны.

Было прыкметна, аднак, што ён асцярожнічаў, можа, хітрыў, тым самым паслабляючы ў сабе звыклую камандзірскую самаўпэўненасць, якая нядаўна яшчэ трымала Сцёпку наводдалі. Адчуўшы гэта, хлопец ужо шыбаваў напралом, беручы на сябе яшчэ больш, абы толькі дапячы Брытвіну за нядаўнюю яго пагарду.

- Ды ўжо ж баяцца не будзем. За шкуру дрыжаць.

З рова, шорхаючы кажухом у голлі, зморана вылез Даніла і стаў ззаду, прыслухоўваючыся да размовы.

- Што ж, пабачым! - раптам рашуча аб'явіў Брытвін.

- Пабачыце.

- Ладна, годзе! - прыкрыкнуў Маслакоў. - Прыйдзем, агледзімся, вырашым на месцы. Трымай стрэльбу.

Не ўстаючы, ён шпурнуў у Сцяпанавы рукі вінтоўку, якую на гэты раз той са спрытным ляскам ухапіў за ложу.

- Абы дажджу не было. - Маслакоў паглядзеў на неба.

Астатнія, апроч Брытвіна, таксама паднялі галовы. Бялявая смуга там, здаецца, гусцела, небасхіл за раўком нават падазрона засінеўся. Падобна - сапраўды збіралася на дождж.

- Нешта хмарыцца, - няпэўна сказаў Даніла.

- Відаць, што хмарыцца.

Маслакоў энергічна ўстаў на ногі.

- Ну, патопалі! Даніла, бяры каністру. Тоўкач сваё аднёс.

 

 

Яны выходзілі з Грыневіцкага лесу, ельнік радзеў - мабыць, канчаўся, шырэй раздалося неба над галавой, побач ужо праглядваў узлесак. Раптам Маслакоў коратка кінуў: «Чакайце! » - і, крута збочыўшы са сцежкі, схаваўся ў суцэльным зялёным гушчары хвойнага падлеску. Астатнія трое спыніліся з лёгкім недаўменнем на тварах. Даніла, адсопваючыся, адразу паставіў каністру і сеў, Брытвін засцярожліва глядзеў у гушчар. Сцёпка счакаў трохі, потым паклаў на траву вінтоўку і, стаўшы на калена, пачаў падкручваць завязку на боце, які ашчэрыўся так, што вылезла ануча. Але не паспеў хлопец развязаць драцяны вузел, як з гушчару данеслася:

- Сюды давай!

Не цямячы навошта, яны нездаволена падняліся і таксама палезлі ў ельнік, які густа пах маладою жывіцай і калюча чапляўся суччам за вопратку. Расхінаючы тугое калючае голле і ўгінаючы галаву, Сцёпка, аднак, неўзабаве вылез на вальнейшае месца. Тут быў край лесу. Над маладым ельнічкам на выспе ўзвышаліся дзве абымшэлыя таўшчэзныя яліны з разлапістым голлем, якое панура звісала з вышыні. Пад бліжняю з гэтых ялін нечага таптаўся, узіраючыся ў дол, Маслакоў.

- Давайце паправім хуценька.

У доле неглыбокай правалінай азначылася нясвежая, мусіць леташняя, магілка. Нядбайна накапаная зямля асела, берагі абсыпаліся. Маслакоў пачаў ботамі гарнуць з бакоў да яе пясок. Даніла паставіў каністру.

- Што, знаёмы? - запытаў Брытвін.

- Двое нашых: Кудрашоў і Богуш. Увосень у Стараселлі на засаду наскочылі.

Сцёпка прыхінуў да елкі вінтоўку і без лішніх роспытаў падаўся да камандзіра. Каб зусім не застацца разутым, сунуць пясок ботамі яму не выпадала, і хлопец следам за Маслаковым пачаў далонямі разроўніваць зямлю па форме магілкі. Даніла з Брытвіным няпэўна глядзелі зводдаль.

- Ну, што? - падняў галаву камандзір. - Давай, Шпак, дзярна пашукай. Абкласці ж трэба.

Даніла моўчкі выцягнуў з ножнаў на дзязе нямецкі штых-цясак і стомленым крокам неахвотна паплёўся да ўзлеску. Брытвін сеў насупроць пад елкай.

«Падла! - шлёпаючы далонямі па воглай зямлі, думаў Сцёпка. - Баіцца рукі запэцкаць. Начальнік! »

Пакуль яны ўдвух завіхаліся над магілкай, Даніла ў пале кажуха прынёс тры скібы дзёрну, вываліў іх побач. Маслакоў паклаў дзярніны на край магілкі - іх было, вядома, замала. Тады з-пад елкі нецярпліва падняўся Брытвін.

- Дай штых! А то правалаводзішся тут...

Даніла аддаў штых, і Брытвін рашучым крокам рушыў з выспы да ўзлеску. Трохі памарудзіўшы, Даніла пайшоў следам. Сцёпка падумаў, што і яму трэба ўключыцца ў гэтую працу, але перш чым выправіцца туды, ён сказаў Маслакову:

- Каб ведаў, не пайшоў бы.

Камандзір выпрастаўся.

- А што?

- Ды гэты... Брытвін!

- Нічога, - сказаў Маслакоў, памаўчаўшы. - Не звяртай увагі. Звяглівы... Затое галавасты.

Усе па разу яны прынеслі дзесятак дзярнін, і Маслакоў як-колечы аблажыў магілку. Атрымалася зусім няблага - не горш, чым на могілках.

- Ну, во і паправілі. Харошыя ж хлопцы былі, - зморана ўздыхнуў Маслакоў.

Брытвін паморшчыўся:

- На ўсіх не напапраўляешся. Часу не хопіць.

- Колькі таго часу: паўгадзіны.

- Бывае, што і паўхвіліны важна. Асабліва на вайне, - разважліва сказаў Брытвін, выціраючы аб шынель далоні.

Сцёпка незнарок зірнуў на яго рукі - не, яны былі даволі спрацаваныя: шырокія, з учэпістымі вузлаватымі пальцамі і тоўстымі кіпцямі. Ужо без нядаўняе пагарды хлопец падумаў, што, мабыць, ён перабольшыў, надта вызвяраючыся на гэтага чалавека. Але ўсё роўна прыкрасць на яго яшчэ не міналася.

Брытвін між тым паправіў на плячы сваю СВТ з аблезлаю ложай і, зрабіўшы крок, азірнуўся.

- На дыверсіях час - золата. Што-што, а гэта я ведаю. Дванаццаць паяздоў рота фуганула. Вунь ад Клепікаў да Замошша пад насыпам скрозь мая работа.

- Пад насыпам - гэта старо, - сказаў Маслакоў. - Што пад насып пускаць! У выемках трэба.

Брытвін, нібы перапыняючы яго, варухнуў далонню.

- Нічога. І так няблага.

Маслакоў з ім не спрачаўся, ён угрэўся і, зняўшы з ватоўкі дзягу, падперазаў ёю гімнасцёрку. Сцёпка спадылба пазіраў на Брытвіна і думаў: «Знайшоў чым выхваляцца: яго работа! У тым атрадзе яшчэ зімою было загадана дыверсіі на чыгунцы наладжваць толькі ў выемках, бо спушчаныя пад адхон паязды затрымлівалі рух не болей як на паўдня».

- А наконт магілы, - сказаў Брытвін да Маслакова, - можна было б дзядзькам наказаць. Прывялі б у парадак як найлепш. І яшчэ далажылі б.

Яны падышлі да каністры, якую цяпер Даніла прыкметна не спяшаўся браць з долу, і Брытвін, мабыць, зразумеў, што настала яго чарга.

- Нязручна ж. Як вы яе неслі? - здзівіўся ён, прыўзнімаючы пасудзіну. Ён зноў паставіў яе, акінуў наваколле позіркам і, адышоўшыся, прынёс крываваты яловы сук, прадзеў праз ручкі каністры. - Ось так будзе лепш. Ану, бярыся, хлопец!

Гэта было сказана да Сцяпана, але той не крануўся нават: няма дурных, ён сваё аднёс. Хай бярэцца Даніла.

- Ваша чарга. Ну і нясіце.

- От дзівак! - бяскрыўдна ўхмыльнуўся Брытвін. - Ты паспрабуй.

Але Сцёпка не хацеў і спрабаваць нават, і тады за канец палкі ўзяўся Маслакоў. Праўда, хутка стала відаць, што камандзіру несці надта нязручна: спаўзаў аўтамат з пляча; левай рукой Маслакоў упраўляўся засцярожліва - мусіць, яшчэ балела. Тады наперад выйшаў Даніла.

- Дайце!

- Што, у другую змену? Калі ласка, - усміхнуўся Маслакоў і аддаў палку.

Даніла і Брытвін хутка пайшлі па схіле пагорка ўніз, з імі поруч сігаў камандзір. Але як толькі сунуліся з лесу, ледзь не наткнуліся на вёску: недалёка за гародамі шарэлі дахі з комінамі, хлеўчукі, на выгане пасвіліся гусі, і некалькі хлапчанят капалася пад плотам. Крыху паўзіраўшыся праз рэдкі яшчэ хмызняк, Маслакоў крута павярнуў убок, у алешнік. Алешнікам яны ішлі доўга, пакуль не ўзбіліся на нейкую перакапаную кратамі сцяжыну, якая вывела іх да ручая на лужку. Ручай перайшлі па дзвюх хлюпасткіх жардзінах-кладках. Неўзабаве зноў трапілі на палявую дарожку, што вяла да густой сцяны пахмурнага ельніку. Думалі адразу зашыцца ў яго, але дарога з вярсту кіравала па-над узлескам, акрай поля, якое заўзята зелянела густымі лапікамі вясновае руні. Вайна вайною, а сялянская душа без зямлі не магла: і сеялі, і аралі, і жалі. Што ж, жыць трэба было, каму хацелася прападаць, ды яшчэ з голаду. Маслакоў усё цікаваў па баках, часам азіраўся - Брытвін далёка не адставаў ад яго, жылісты, рукасты Даніла цягавіта тупаў у сваіх растаптаных, ды лёгкіх, аднак, на хадзе лапцях. Адзін толькі Сцяпан марудна валокся апошні: ён прытаміўся, на назе муляла ануча, у намочаных на балоце ботах надакучліва чвякала.

Урэшце дарога зноў павярнула ў лес, пад абвіслыя яловыя шаты, і ва ўсіх павальнела на душы: лес быў саюзнік, ахоўнік. Лес быў абаронца.

- Ну, болей вёсак не будзе, - уздыхнуў Маслакоў. - Загараны спалены. Каўшы хутарскія лесам абыдзем.

- Прохвішчы яшчэ, - глухім і нізкім, як з бочкі, голасам азваўся ззаду Даніла.

- Прохвішчы застануцца ўбаку. За рэчкай.

- За рэчкай, ага. Пляменніца там замужам.

Гэта быў пэўны намёк, які таіў у сабе немалую спакусу. Калі ў каго ў вёсцы надараліся знаёмыя, ды яшчэ радня, гэта азначала шмат што, і не для аднаго толькі ляснога родзіча. Маслакоў, канечне, разумеў гэта не горш за іншых і, мабыць, таму хвіліну маўчаў, штосьці прыкідваючы.

- Пасля, як назад пойдзем. Не цяпер...

- Цяпер не. Дзе ўжо цяпер, - лёгка пагадзіўся Даніла.

Сцёпка нечакана нават для сябе самога расчараваўся: зайсці ў вёску ён заўсёды быў рады, хоць і з рызыкай, з бояззю наткнуцца на бобікаў або немцаў - усё роўна пасля апрыклага ляснога жытла ўладарна цягнула да людзей, да звычайнага хатняга прытулку, якога не меў шмат год. Гэтая цяга жыла ў ім яшчэ з ранняга дзяцінства, калі падчас калектывізацыі ён страціў бацькоў, не прападала ў дзіцячым доме і ў школе ФЗН і асабліва асілілася за вайну, у яго беспрытульных партызанскіх бадзяннях па лесе.

Ступаючы на слізкія, абадраныя коламі яловыя карані, яны па адным абышлі вялізную, з застаялай вадой лужыну на дарозе, і Маслакоў азірнуўся. Было відаць, што скупыя Данілавы словы запалі і ў ягоную душу.

- Калі мо ўправімся, уночы заскочым. Так таму і быць, - сказаў камандзір групы.

Даніла прыспешыў крок, яны з Брытвіным дагналі Маслакова, і Даніла падхапіў размову, якая яго яўна цікавіла.

- Калі ўправімся, дык здатна было б. Вялікадня ж...

- Вялікадня, ага. А наогул - лепш не заходзіць, - сказаў Маслакоў. - Меней бяды будзе.

Брытвін чужавата маўчаў, а Даніла і гэта, хоць і без асаблівай ахвоты, пацвердзіў:

- Ну.

- Неяк зайшлі - ледзьве ногі вынеслі, - успомніў Маслакоў. - Прапанавалі, і я, дурань, паслухаўся.

- Ведама ж, як кажуць людзі: другіх слухай, а сваім розумам жыві, - прабубніў Даніла.

- Вось іменна. Закурыць няма?

- Ёсць троху.

- То давай задымім. Каб весялей жылося.

Насільшчыкі ахвотна прыпыніліся, паставілі на зямлю каністру. Даніла адхінуў палу кажуха і пачаў поркацца ў кішэнях рудых суконных, дашчэнту злапленых штаноў. У Брытвіна тым часам знайшлася паперка - старонка са школьнага падручніка з чарцяжом раўнабедранага трохвугольніка. Стоячы ўбаку, Сцёпка абыякава пазіраў, як яны разадралі яе на шматкі, і Даніла адмераў кожнаму па шчэпцю самасаду. Сцёпка таксама часам курыў, калі было што, але цяпер яму не прапаноўвалі, і ён не прасіў, бо ведаў, як даражылі курывам заўзятыя курцы накшталт гэтага вось Данілы.

- Прыкурым ад нямецкай запалачкі, - сказаў Маслакоў, засоўваючы руку за пазуху. Памацаўшы там, ён нязручна дастаў плоскую, бы пачак іголак, паперку з запалкамі, складзенымі ў радок накшталт зубоў у грабеньчыку. Камандзір ашчадна адламаў адну і крамсануў аб цёрку.

Даніла ажно спалохаўся.

- Ды я... У мяне ж крэсіва! - спахапіўся ён. Але запалка ўжо загарэлася, і ён першы мусіў прыпаліць з Маслаковых прыгаршчаў. - Сапсаваў, ну!

- Нічога, - супакоіў яго Маслакоў і палічыў: - Раз, два, тры, чатыры, пяць... На Круглянскі мост хопіць.

Яны з асалодай раскурылі цыгаркі і неяк весялей рушылі па парослай дробненькай мураўкай дарозе. Мабыць, вяртаючыся да ранейшае думкі, Маслакоў азірнуўся на астатніх.

- Пра камбрыга Прэабражэнскага чулі?

- Таго, з лук'янаўскай групы? - запытаў Брытвін, не вымаючы з рота цыгаркі.

- Ну.

- Чулі быццам. Я з ім увосень на засаду хадзіў.

- Якую восень! Яго ўлетку немцы расстралялі.

- А казалі - сам у палон здаўся, - ненастойліва запярэчыў Брытвін.

Маслакоў ажно спыніўся.

- У палон! Языкі б тым папрыпякаць, хто так кажа.

- Не ведаю. Я ж у іх у атрадзе не быў.

Маслакоў кінуў беглы, але спрактыкавана-ўчэпісты позірк наперад, куды кіравала гэта пакручастая малаезджаная лесавая дарога, паўзіраўся па баках. У лесе скрозь было ціха, адно ў галлі паценьквалі нябачныя птахі ды ўгары, на пасвяжэлым ветры, ківаліся і шумелі яловыя вяршаліны. Унізе ж, у вузкім крывым калідоры між ельніку, было хораша і зацішна, камары яшчэ не з'явіліся. Час, мусіць, кіраваў пад вечар, сонца на небе не было відаць, над елкамі ціха плыла шэрая навісь аблокаў.

- Быў хто ў Шнурах? - запытаў камандзір.

Але наўрад ці хто быў там - Сцёпка першы раз чуў гэтую назву, ды і Брытвін, мусіць, таксама. Яны маўчалі, адзін толькі Даніла па сваім звычаі, штось успамінаючы, пакутна зацепаў вачмі.

- Гэта хіба тыя, што за Лясовічамі?

- Во-во, яны самыя, - пацвердзіў камандзір. - Ладная вёсачка, на пагорку, пры параснічку. Вось мы на яе і вылезлі. Людзі папаліся добрыя, залатыя людзі. Ну і заплацілі за іх дабрату...

 

 

- Розная дабрата бывае. Іншая горш, чым зло, - сказаў Брытвін, спакойна ідучы за Маслаковым. Цяжару каністры ён нібы і не адчуваў, трымаўся роўна, і Сцёпка падзівіўся з яго вынаходлівасці: здавалася, ноша цяпер ніколькі і не важыла.

Маслакоў на рэпліку не адказаў - яго ўжо захапіла і поўніла нешта сваё.

- От было, хай яе чорт. Нас-то двое выскачыла, а камбрыга ўзялі. Узялі і павялі, а мы ляжалі, як ёлупы, у бульбе і не ведалі, што і думаць. На Палік тады ішлі. Ведаеце Палік? Возера за Лепелем, некаторыя з нашага атрада базіраваліся там. Двое сутак лазілі па балотах, вымаклі ў вадзе ды расе, сухое ніткі на целе не асталося. Зноў жа - і харч скончыўся. Трэ было запасціся болей, ды ў тых, што заставаліся, таксама не густа было з шамоўкай. Думалі, як-небудзь перахопім.

- А што, многа вас было? - запытаў Брытвін.

- У тым жа і справа, што мала. Трое ўсяго.

- Ну, для траіх - не праблема. У кожнай хаце...

- Ага, гэта здаецца так, у кожнай хаце... Сунуліся ў адну вёску - сабакі такі гвалт узнялі, што прыйшлося ў лес павярнуць. У другой паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, на вуліцах поўна падвод, п'янка - дым каромыслам. Думалі, патрываем, заставалася вёрст трыццаць, каб не зблудзілі. Заблудзіліся, аднак, у балотах, занервавалі, пасварыліся. А тут камарэча жарэ няшчадна, а наўкола то алешнік, то дрыгва, чараты, і сілы ўжо без жратвы пад канец падыходзяць.

Дык, значыць, было нас трое: я, камбрыг Прэабражэнскі і лейтэнант адзін, таксама з кадравых: ад самае граніцы ўсё камбрыга пільнаваўся - ну, быццам за ад'ютанта, хоць сам такі ж радавы ў атрадзе, як і камбрыг гэты. Не дзіва: камбрыг у сваёй танкавай брыгадзе камандзір, а прыбіўся да атрадзіка з пяццю ўцалелымі танкістамі - чужы чалавек. Атрадзік з мясцовых, хоць былі і чырвонаармейцы, акружэнцы, камандзірам Барсук. Во, той самы, што ў Цішкоўскі атрад перадалі ў рэйд. Да вайны быў старшынёй сельсавета. Не глядзі, што ў вайсковай справе ні гу-гу, затое ўсе вёскі яму знаёмыя, а ў вёсках процьма мужыкоў - свае. А што камбрыг без войска? Усёй цаны, што пісталет у кішэні ды граната на дзязе.

Праўда, Прэабражэнскі і не стаў фанабэрыцца, біць на амбіцыю, як некаторыя. Барсук прыняў, запытаўся, якую камбрыг пасаду хоча. А якая пасада ў атрадзе, дзе сорак чалавек? Два ўзводы, узводныя пастаўлены. Начштаба, камісар таксама ўжо ёсць. Прэабражэнскі і кажа: хоць радавым, абы немцаў біць. Так і пайшоў радавым у наша аддзяленне.

Я быў аддзялённы. Паніжэнне, вядома. Бо дзяйствіцельную служыў памкамузводам, старшы сяржант быў...

- Вялікая шышка! - Брытвін задаволена азірнуўся на Данілу, шукаючы яго ўвагі. - Я паўгода радавым пабегаў.

- Ну, так, вядома, але не ў тым справа. У мяне такія ваякі сабраліся, што не сорам і аддзялённым пабыць: адзін сакратар райвыканкома, міліцыянер з Полацка, два лейтэнанты і гэты камбрыг, Прэабражэнскі. Спярша думаў - будзе артачыцца, не слухаць. Зноў жа - як мне, па ўзросту ўдвая маладзейшаму, камандаваць ім? Пасля аказалася: ён яшчэ і акадэмію ў Маскве скончыў. Ды нічога, утрэслася. Быў ціхі, маўклівы. Як усім, так і яму. Сам па чарзе і на варце стаяў, і буданы рабіў.

І ўсё ж не раўня нам, маладым, - у гэтым мы хутка пераканаліся. Чалавеку ўжо за пяцьдзесят, як ні пнецца-стараецца, а відаць: сілы не тыя. І задышка, і ногі цяжкаватыя. Пацее дужа. Праўда, ні разу нідзе не паскардзіўся, на хадзе з усяе сілы стараецца не адстаць. І ўсё ж адстае.

Тады яму нешта вельмі кепска было. Казаў (прагаварыўся пасля ўжо, як у лазні ляжалі) - радзікуліт даняў. І праўда - цягне гэтак нагу і моршчыцца ўсё. Твар суровы заўжды, грубы і неяк бы скошаны ў адзін бок - міна такая, як калі баліць што. Тады мы двое, маладзейшыя, і то без ног асталіся, а яму куды ўжо. Адставаць пачаў. Параснічак прайшлі, тры разы спыняліся, бо адстане - згубіцца і прападзе. Лейтэнант ужо ўзяў у яго сумку - болей не дае нічога. «Ніякай паблажкі, кажа. Не нада, кажа, балаваць цела. Кажа, нада яго падчыніць волі. Як навабранца старшыне».

- Правільна. Такі закон арміі. А як жа? - уставіў Брытвін.

- Закон законам, а пад вечар ужо зусім кепска стала. Я і то ледзьве валакуся па пералесках. А тут яшчэ дождж заладзіў. У кустоўі макрэдзь. Пачало змяркацца, выбавіліся на ўзлесак, і тут - вёска. Цераз балацявінку за бульбоўнічкам - хаты, дым сцелецца над мокрымі гародамі, і так варанай бульбачкай пахне!..

- Знаёмая карцінка, - усміхнуўся Брытвін.

- Ну, прысланіўся я да бярозкі, маўчу. Прытопалі камбрыг з лейтэнантам. Лейтэнант быў дужы, спартыўны хлопец, кадравы камандзір, а ўжо і ён спахмурнеў. Камбрыг жа датопаў і кажа: «Падажджыце, рабяты! »

Што ж там ждаць? Чалавек, вядома, знясілеў, падбіўся, наперадзе ноч, макрата - чаго дачакаешся? А вёска - вунь яна, і так зманліва дражніцца дымкамі, цяплом, утулкам. Кароўка, помню, зарыкала - мусіць, гаспадыня даіць пайшла. Гляджу на лейтэнанта, той на камбрыга, а камбрыг і кажа: «Пажалуй, рыскнём! »

Ну, вядома, перш трэба разведаць - а раптам немцы. Пайшоў лейтэнант, нядоўга пабыў. Бачу: ідзе бадзёра так і вядзе двух дзядзькоў. Адзін стараваты такі, аброслы сівізной, але яшчэ ў сіле, такі дзед-лесавік, другі - маладзейшы мужчына ў паддзёўцы. Павіталіся стрымана так, але добразычліва, сардэчна, павялі ўсіх у сяло. Кажуць, нікога няма, спрэс свае. Пачастуем, ды ў цяпле і пасушыцеся. Адчуваем: не зусім гэта добра, а ідзём - дужа ж абрыдла ўжо на пусты жывот па макрэдзі. Можа, нічога і не здарыцца.

- Ось тут вы і праваронілі, - здагадаўся Брытвін і павярнуўся да Данілы. - Давай памяняемся, а то...

Яны паставілі каністру, Брытвін зайшоў з другога боку. Маслакоў цярпліва счакаў, пакуль яны мяняліся ля каністры.

- У тым-та і справа, што там нічога і не здарылася. Людзі слаўныя аказаліся, дзед - бывалы салдат, усё пра тую мікалаеўскую расказваў. Бабы - старая і дзве маладухі, сабралі на стол не горш, як у свята. Вядома, вёсачка глухаватая, немцы пакуль не чапалі, партызаны яшчэ не надакучылі, а галоўнае - адзін сын іх таксама ў арміі. Бацькоўскае сэрца, яно ў такіх выпадках дужа чулае. Знялі мы ўсё верхняе мокрае, бабы пачалі сушыць на печы і перад чалеснікамі. І пачаставаліся. За стол, праўда, з намі і яшчэ трое мужыкоў села. Дзед кажа: «Не бойцеся, усе людзі свае, акцівістыя». Ну, добра, мы не баімся. Слова за слова, размова пайшла пра вайну, пра немца. Камбрыг ім цэлую лекцыю прачытаў: Расею нікому не перамагчы, яна заўжды ўсіх біла - і шведаў, і французаў, зламае галаву і Гітлеру.

Дагэтуль не магу даўмецца, як яно тады атрымалася, што гаспадарам стала вядома, з кім яны маюць справу. Можа, з нас двух хто прагаварыўся, а можа, ён сам дзе ў размове памянуў. А магчыма, што і па голасе, паводзінах ці па якіх дробязях - рэмень, боты, пісталет; гімнасцёрка без ромбаў, праўда, а здагадаліся, што гэты чалавек - не радавы, а начальства, і вялікае. Праўда, тады мы не заўважылі нічога, наеліся, трохі падсохлі, а кімарнуць гадзінку дзед павёў па гародзе ў лазню каля бульбоўнічку. Цёмна, цесна, гарчыць ад прадымленых сцен, венічкам пахне. Заваліліся на палок - і спаць. Аховы не трэба, дзядзькі самі ўзяліся ахоўваць. У іх шчырасці мы ўжо не сумняваліся. Ранічкай дамовіліся рушыць.

Здалося, толькі задрамаў, як чую - бяда. У расчыненых дзвярах дзед: «Божухна, немцы! » У лазні цёмна, але акенца ўжо святлее - ранак. Падхапіліся мы - ды ў прылазнік, адтуль, сагнуўшыся, за рог будыніны. Ды чуем - дзед ззаду: «І там немцы! » Акружылі, значыцца. Куды падацца? Пападалі ў бульбоўнічку, ляжым. Бульбачка ўжо адцвіла, бульбоўнічак ладны, бухматы, трохі хавае. Уткнуўся я ў камбрыгавы боты, спрасоння ні чарта не цямлю, чакаю... Халера, патухла. У цябе гарыць?

У Брытвіна гарэла, яны зноў спыніліся пад навіслымі над дарогай яловымі лапамі. Маслакоў прыкурыў, зацягнуўся і змоўк. Астатнія таксама маўчалі. З нейкага часу Брытвін перастаў устаўляць рэплікі: пафас расказу ўсё больш завастраў увагу.

- Вось так, - заклапочана, амаль журботна перажываючы ўспаміны, загаварыў далей Маслакоў. - Ранічкай цішыня, усе гукі наверсе; выглянуць нельга, а так чутно далёка. Не паспеў, мусіць, дзед ткнуцца на падворак, як там ужо немцы. Чуем: крыкі, пагрозы, бабы ў плач. Мы слухаем: у чым справа - так проста наскочылі ці нас шукаюць? Няўжо хто прадаў? Вядома, якія б харошыя людзі ні былі, а падлюга між іх заўжды знойдзецца. Як пасля ўведалі, баба адна. Злая была за нешта на дзедавых жанчын, ну, і збегала праз ноч у мястэчка, прывяла фельджандараў - канты на пагонах кручаныя такія.

А тут, як на бяду, камбрыг паварочвае голаў і шэпча: «Гімнасцёрка ў хаце». Я ледзь не самлеў, але так і ёсць: камбрыг ахінуты палаткай, а гімнасцёрка ў хаце. Як вячэралі, цётка на печ паклала, каб да ранку падсохла. Падсушыла, на сваю галаву.

Ну, гімнасцёрку хутка знайшлі, і хоць у ёй нічога не было - камбрыг дакументы, вядома, пераклаў, - змікіцілі, мабыць, на каго натрапілі. Адкуль уведалі, чорт іх знае. Хіба знакі ад ромбаў засталіся. Ромбы тыя камбрыг даўно зняў, але калі прыгледзецца, дык месца пад імі бы намулянае трохі. Ну, і ўзяліся.

Перавярнулі ўсю хату, хлеўчукі, свіронак; з паўгадзіны мы слухалі, як яны там грукочуць, крычаць, нешта кідаюць, ламаюць. Двое зусім блізенька пратупалі да лазні, але там дзверы насцеж, пуста. Паспрабуй здагадайся, што мы за дваццаць крокаў у бульбе ляжым, як вужы, у барознах. Думаюць: пэўна, у схове якім адмысловым. Шукаюць сховаў.

За гадзіны дзве ўсё перавярнулі - ні шыша. Дзед адпіраўся, аднекваўся, а як гімнасцёрку знайшлі - змоўк. Крычаць: «Кажы, куды бандытаў схаваў, інакш усіх прыканаем і хату дымам пусцім! » А дзед пакорліва гэтак адказвае: «Воля ваша. Вы - сіла».

Ля дарогі з лесу выглянула палянка - даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся, і яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.

- Зноў патух! Што такое?

- Кажуць - жонка гуляе, - сказаў Брытвін.

- Да жонкі дажыць трэба.

На хаду камандзір сунуў недакурак за вуха шапкі. Яны цяпер ішлі ўсе разам. Поруч з Брытвіным Маслакоў выглядаў маладзейшым, але быў вышэй за яго ды і шырэй у плячах, рухі яго былі лёгкія і стрымана-нетаропкія, як у кожнага дужага і ўпэўненага ў сабе чалавека.

- Вось, значыць, ляжым, я неяк адным вокам зірнуў праз каліўе - выстраілі іх усіх перад хлеўчуком у шэраг: дзеда, старую, абедзвюх маладзіц і дзяцей - хлопчыка і дзвюх дзяўчынак. Бабы галосяць: яны-то не ведаюць, куды мы з лазні шаснулі, адзін дзед ведае. А дзед маўчыць. Тады паліцаі да баб: «Дзе бандыты? » Бабы праз плач: «А паночкі, даражэнькія, хіба мы ведаем? Былі і пайшлі, мы не глядзелі куды». - «Ах, не глядзелі? А схоў дзе? » - «Няма ніякага схову, хоць забіце - няма». - «Забіце! - кажа адзін. Паліцай, мусіць: чутно, па-тутэйшаму гаворыць. А можа, перакладчык - з баразны не разабраць. - Не, мы спярша вашых шчанюкоў заб'ём». І тут - трах!

У мяне ўсё нутро пахаладзела - што ўдумалі, гады! Чую, і камбрыг варухнуўся, напружыўся. А на падворку лямант, крык. Так і ёсць: у самую малую, самую крайнюю ў шэрагу. А праз крык - усё той жа голас: «Не скажаш - тады следуюшчага! » Пасля расказвалі: падскочыў да хлапчука - і пісталет у лоб. А што яму - застрэліў бы і яго, і ўсіх. Хіба шкада, абы выслужыцца. Тым болей калі такая здабыча - камбрыг.

І што думаеце? Камбрыг падхопліваецца, развярнуў ботам баразну - на сцежку. А ляжаў ён трохі за лазняй; як уставаў - з падворка, мусіць, не відно было. І са сцежкі як крыкне: «Стой, варвары! » Мы сцяліся ў бульбе - ну, думаю, усё прапала. А ён гэтак рашуча проста на іх. Паліцаі - казалі пасля - ажно разбегліся з перапуду: хто за дровы, хто ў хлеў, а той крыкун з пісталетам хуценька на калена і пісталет на руку. Ну, у самы акурат як да вайны ў Асаавіяхіме вучылі. А камбрыг: «Завошта дзіцёнка, ірады? Я камбрыг, бярыце! »

Ну, і ўзялі.

Узялі ды зноў кінуліся да лазні - чалавек пяць. І туды, і сюды, але нідзе нікога. Камбрыг кажа: «Дарма стараецеся. Астатнія ўжо ў лесе! » Паверылі. Як не паверыць, калі чалавек на такое пайшоў. І што думаеце: усіх разагналі прыкладамі; дзеда, праўда, таксама забралі, але праз тыдзень выпусцілі. Дзяўчынку пахавалі. А камбрыг, казалі, ім такое ў лепельскім СД устроіў, што там жа і расстралялі. Нават і адпраўляць нікуды не сталі.

- Да, - сказаў Брытвін. - Сердабольны надта. А калі б яны і яго ўзялі і сям'ю не адпусцілі? Тады як?

- Знаеш, - падумаўшы, сказаў Маслакоў. - Тут дзела совесці. Аднаму хоць увесь свет у тартарары, абы самому выжыць. А другому - каб па совесці было. Мусіць, сваю віну чуў перад гэтымі людзьмі. Фактычна ж яго гімнасцёрку знайшлі на печы.

- Гімнасцёрку! Што гімнасцёрка, - нязгодна зазначыў Брытвін, відаць, маючы ў думках нешта сваё.

 

 

Рэшту дарогі, добра прытаміўшыся, ішлі ўскрай параснічку. Праз негусты хмызняк раз за разам праглядвала шырокая роўнядзь поплаву, са сцішанай радасцю зазелянелага першай вясновай травой. Там недзе, крывуляючы між дрыгвістых берагоў, цякла рэчка Круглянка. Яе, аднак, не было відаць, затое Кругляны паказаліся яшчэ здалёк, выцягшы доўгі рад шэрых дахаў на пагорку з дарогай. Каб трапіць да моста, трэба было зайсці з другога боку, і Маслакоў, параіўшыся з Данілам, крута ўзяў па расцяробе ўгору, у абход. Цяпер яны ўдвох ішлі наперадзе, каністру ж зноў неслі па адным - у хмыззі з палкай было не вывернуцца - паднёс крыху Брытвін, і апошняму яна зноў дасталася Сцёпку.

Даніла, які тут ведаў усе закуткі, неяк дзіўна круціў: то ішлі алешнікам, то, зрабіўшы дугу, улезлі ў роў, выбраліся на яго круты бок і зашыліся ў дробненькі, але густы беразняк, нібы апырсканы зелянінай першых лісточкаў. Потым хуценька перабеглі пыльны ўзараны лапік пашы і ўвайшлі ў поўны смалістага паху сасоннік. Сцёпка з каністраю зноў адстаў, але з астатніх сіл прадзіраўся праз зараснікі, баючыся згубіць таварышаў.

Яны лезлі на пясчаную сухую выспу; рослы і густаваты з берага сасоннік трошкі вышэй здрабнеў і радкавата рассыпаўся па схіле ўперамешку з беразняком і ядлоўцам. У гэтым сасонніку на схіле Сцёпка і нагнаў траіх - паскідаўшы шапкі, разваліўшыся, яны сядзелі ў доле.

- Ну, данёс? - усмешыста жмурачыся, азваўся насустрач яму Маслакоў. - А то баяўся.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.