Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Круглянскі мост 3 страница



- Чаго мне баяцца? Хай фрыцы баяцца, - сказаў Сцяпан, бокам на пахілы дол кладучы каністру.

У хлопца ад стомы ажно падгіналіся калені, але ён прымусіў сябе на невялікую вытрымку: зняў з-за спіны і нетаропка паклаў на зямлю вінтоўку, расшпіліў потны мундзір - восем гузікаў ад каўняра да дзягі - і потым ужо выбраў мякчэйшую, з траўкай, мясціну, дзе і прысеў.

- Ну, тады давай даві вуха. А я паназіраю, як там мост. Толькі ціха каб.

Маслакоў устаў, узяў свой аўтамат з зайздросна новенькай лакіраванай ложай і пайшоў угору.

Застаўшыся без камандзіра, трое падначаленых адчулі сябе неяк нібы вальней. Даніла, стаўшы на калені, расперазаўся, сцягнуў з плеч кажух і з асалодай разваліўся на ім, засцярожліва ўздзеўшы на руку почапку свайго куртатага абрэза. Сцёпка таксама адхінуўся на здаровы, без скулаў бок, закінуўшы голаў, паглядзеў у неба. Там па-ранейшаму грувасцілася туманная мешаніна аблокаў, часам павяваў свежаваты, з сырасцю вецер - надвор'е, здаецца, мелася сапсуцца. Дзесьці ўбаку, мабыць, на недалёкай дарозе, ледзь чутна пратахкала коламі і сціхла фурманка. Было ціха. Праўда, у хвойніку, непадалёк узляцела і доўга нязграбна мясцілася на сасонцы варона. Здаецца, там былі і яшчэ: сярод голля чулася ціхая, але настойлівая птушыная валтузня. Даніла ўжо, мабыць, спаў, накрыўшы шапкай валасаты твар, спакойна і смачна пасопваў. Брытвін нядоўга пасядзеў побач, а потым устаў і з заклапочанай нядобрасцю на сухім абветраным твары пайшоў угору - мабыць, да Маслакова.

Сцёпка паляжаў трохі, пакуль спачыў, і зноў сеў. Пакрысе, але ўсё настойлівей пачала напамінаць аб сабе тужлівая пустата ў жываце: хацелася есці. Зашмальцаваная Данілава сумка ляжала ад яго за тры крокі. Мусіць, там нешта было з яды, і хлопец адвёў убок позірк, каб не глядзець на яе, не растраўляць марнага цяпер жадання. Ён толькі падумаў, што было б здорава пусціць дымам той мост ды заваліцца куды ў вёску - столькі наўкола знаёмых сялян, было дзе паесці кулічоў, яек ды і выпіць. Як бы там ні было, а ўсё ж Вялікдзень, вёскі святкуюць, як святкавалі некалі, толькі вось ім, лесавым бадзягам, не да таго: заданне, дарога, праклятая гэта каністра замест толу, якая пагана і неадчэпна смярдзіць побач, атручваючы такія харошыя, не застарэлыя яшчэ пахі вясновай зямлі. Ну, але на каго крыўдаваць? Пайшоў сам, ніхто не прасіў, з першай ваеннай вясны ўцёк у лес, прыхапіўшы чужы карабін, напаткаў акружэнцаў, і з імі пачалося яго турботнае лесавое жыццё. Шкадаваў толькі, што не забіў таго падлюгу Валодзьку, які атруціў яму ўсё яго местачковае жыццё. Колькі ён начуўся ад яго пагроз і нацярпеўся здзеку, колькі перахадзіў для яго па гарэлку! Сам паліцай быў трусаваты, з мястэчка баяўся далёка паткнуцца, а яго, бязбацькавіча, прыблуднага чужака, якраз і прыгледзеў на гэтую справу.

Як толькі Сцёпка ўспамінаў той час, дык кожнага разу пачынаў хвалявацца ад даўняй застарэлай крыўды, нібы зноў перажываючы жахлівую зіму свайго бяспраўнага існавання - без дакументаў, на падазрэнні, сярод чужых людзей. Але і ў Віцебску жыць не было як - завод закрылі, іхні інтэрнат з будаўнікамі рэквізавалі нямецкія салдаты, і, каб не прапасці з голаду, ён рушыў з горада ў вёску пад Лепель, дзе - цьмяна памятаў - была нейкая матчына радня, напаўзабытая цётка Сцепаніда. Дабірацца давялося амаль скрозь пехатой, праз гразкую познюю восень; яго брызентавыя туфлі разваліліся праз два дні, хлопец прастудзіўся і аднойчы, заначаваўшы ў крайняй ля рова хаціне з абмазанымі глінай вугламі, так і не ўстаў ранкам. Жаласлівая, падатная на чужую бяду бабка Ўсцінка выхадзіла яго, адагрэла на печы пад кажушком, адпаіла ліповым наварам, і ён далей ужо не пайшоў, застаўся да вясны ў гэтым мястэчку над голай нячыстай аўражынай, куды вылівалі памыі і скідвалі пастраляных паліцаямі сабак. Ачуняўшы, Сцяпан, каб не быць дармовым нахлебнікам, надзяваў бабчыны боты, кажушок, браў у суседзяў санкі і ехаў цераз поле ў лясок па дровы або за кавалак хлеба насіў местачкоўцам ваду з раўка, здабываў з капцоў бульбу, якое тады багата зазімавала ў полі. Так і жылі. А поруч, цераз тры двары, хмельна раскашаваў у прымаках былы лейтэнант Валодзька, дружок, які, пераседзеўшы зіму ў сельмагаўскай прадаўшчыцы, па вясне падаўся ў паліцыю і пачаў жартам і ўсур'ёз чапляцца да хлопца. Ён дапякаў Сцёпку яго незаконным жыхарствам і тым, што ў яго не было дакументаў, казаў, што такіх, як ён, загадана збіраць па вёсках і адпраўляць у раён, і калі ён, Валодзька, не арыштоўвае яго, дык толькі па сваёй добрасці, якая, аднак, не бясконцая. Паліцай патрабаваў ад Сцёпкі самых розных паслуг: то схадзіць да суседа-інваліда, каб штось выведаць, то пад ранак папільнаваць дарогу на выездзе з вуліцы, ці насячы дроў і амаль кожнага дня здабываць гарэлку. Сцяпан апасаўся Валодзькі і да пары да часу мусіў слухацца, хоць узненавідзеў яго так, што гэтае нянавісці не пераборала і вострая жаласць да Ўсцінкі, адзінокай гаротніцы ў пахілай хаціне. Аднойчы, пакуль паліцай пасля начной сховы-засады мыўся ў двары ля парога, Сцёпка проста з лаўкі ўзяў яго зараджаны карабін і праз дзірку ў сенцах шмыгнуў у равок, каб болей сюды не вярнуцца...

Аднак Маслакоў з Брытвіным нешта бавіліся: не ішлі і не гукалі, Даніла дык нават ужо і пахропваў пад шапкай. Сцёпка пацягнуўся нагой і разы два ціхенька штурхануў яго лапці - Даніла прахапіўся, недаўменна пазыркаў наўкруга асалавелымі са сну вачмі, але, супакоіўшыся, зноў лёг на спіну.

Сцёпка тужэй падкруціў драціну на боце, пакалупаў галінкай зямлю, пасля заняўся сваёй злашчаснай вінтоўкай. Спярша прыадчыніў затвор - рукаятка пругка, амаль без шуму варухнулася на скосе - са шчыліны магазіннай каробкі з гатоўнасцю выглянулі вострыя дзюбкі куль. Не дасылаючы іх у патроннік, Сцёпка ашчадна засунуў затвор. Потым ён дастаў ножык - сточаны даваенны сельпоўскі складанчык з пляскатымі тронкамі - і ад няма чаго рабіць паскроб ім ложу. З-пад бруду, рэштак счарнелага лаку і змазкі палосамі засвяцілася моцнае сухое дрэва, і Сцёпка амаль з захапленнем узяўся скабліць - абнаўляць брудны, счарнелы прыклад.

Брытвіна ўсё не было, а Даніла, аказваецца, болей не спаў - ціха паляжаў колькі хвілін і глуха абазваўся:

- Чаго яны там?

Сцёпку здалося, што ён гэта спрасоння, але Даніла, услухоўваючыся, уважліва глядзеў у сасоннік.

- Хто?

- Ды вараннё. Схадзіць, можа, людзі...

Сапраўды, усё ў тым жа месцы ў гушчары чулася птушыная валтузня, часам кароткі лопат цяжкіх варонніх крылаў; недзе ля таго ж месца засакатала сарока - пэўная адзнака ляснога неспакою, калі не трывогі.

Сцёпка ўстаў і з вінтоўкай у руках паціху палез у гушчэчу.

Яшчэ здаля ў кустоўі адчувалася прысутнасць, апроч варання, і яшчэ некага, хоць наўрад ці тут мог быць хто жывы. А вароны ўсё капашыліся, адны ўзляталі на верхавіны сасонак, іншыя адтуль важка ападалі ўніз. Сцёпка падабраў ламачыну і шпурнуў у птушыны гам.

- Кыш вы, праклятыя!

Вароны неахвотна падхапіліся з зямлі, залапатаўшы ў галлі крыламі, але далёка не паляцелі: адны пачалі кружыць наўкола па-над узлескам, другія, нездаволена пракаркаўшы, апускаліся паблізу на сасоннік. Сарока засакатала мацней і трывожней, але гэта ўжо на яго. Сцёпка расхінуў сасновыя лапкі і з непрыемнасцю спыніўся, апанаваны не страхам, а нейкай нерашучасцю.

Між сасонак на іглістым доле, з якога сям-там прабіваліся жоўтыя іскрынкі кураслепу, ляжаў чалавечы труп. Тут жа таптаўся вялізны груган.

- Кыш!..

Груган неахвотна азірнуўся, пераступіў і, пругка адштурхнуўшыся жылістымі лапамі, замахаў крыламі.

Кар-р-р-р, кар-р-р-р-р...

Сцёпка, зацяўшы дыханне, падступіў бліжай: труп быў даўні, мабыць, зімовы ці нават леташні, нейкі пляскаты, бы ўтаптаны ў зямлю. Вопратка на ім, адчувалася, амаль струхлела. Хлопец нядоўга паразважаў, шукаючы адказу на адзінае цяпер пытанне: хто - свой ці чужы? - як раптам згледзеў пад нагамі ў траве невялікі шэра-зялёны лапік. Тады ён ступіў да яго і падняў - то была чырвонаармейская пілотка, сухая і нават пыльная з аднаго і сыраватая з другога, ад зямлі, боку. Увогуле, яна была ўжо нікчэмная, апроч хіба чырвонай эмалевай зоркі, пад якой рудзела невялікая плямка ржы. Сцёпка заглянуў пад клапаны, там аказалася ўваткнутая ў падклад іржавая іголка, абматаная чорнаю ніткаю. Хлопец выдзер зорку, а пілотку кінуў.

Ідучы ўгору, туды, дзе застаўся Даніла, ён думаў, што зорку трэба пачысціць ад іржы, і тады можна будзе прымацаваць да шапкі, а то за год партызанства ён так і не прыдбаў сабе ніякіх вайсковых адзнак. Зрэшты, не шмат іх было і ў іншых.

Даніла сядзеў на сваім кажуху і, мусіць, чакаў, углядаючыся ў яго бок. Сцёпка махнуў рукой і паказаў знаходку. Даніла адразу выцягнуў шырокую, у валассі руку.

- Ану...

- Цэленькая, камандзірская, пэўна.

Узяўшы зорку, Даніла нейкі час з цікавасцю пакруціў яе ў руках.

- Да, гэта сама... Харошая звяздэчка.

І, нічога не кажучы болей, на вачах у хлопца сунуў яе ў кішэню сваіх суконных, густа залапленых штаноў.

- Гэта ж мая! - разгублена сказаў Сцёпка.

Даніла выскаліў доўгія пракураныя зубы.

- Гы! Была твая, стала мая.

- Ты што? Аддавай!

Але Даніла, як і раней, нязрушна сядзеў на сваім кажуху і толькі нахабнавата ўхмыляўся маленькімі сярод чорнага дрымучага касмыцця вачмі.

- Давай! - крыкнуў Сцяпан.

- А не крычы. Вунь камандзір ідзе.

Сапраўды, збоку ад іх над растапыранымі галінамі сасонак з'явілася галава Маслакова.

- Тоўкач, сюды!

- Давай! - з апошняй рашучасцю патрабаваў Сцяпан, але тут жа зразумеў, што марна, і, сцяўшы ў сабе крыўду, падаўся да Маслакова. - Ну, пачакай!..

Маслакоў ужо быў павярнуўся, каб ісці, як ззаду, хапаючы кажух, сумку і абрэз, падхапіўся Даніла.

- Таварыш камандзір, чакайце!..

Не цямячы, у чым справа, камандзір спыніўся, сышоў ніжэй да партызана, і калі Сцёпка, пастаяўшы, таксама вярнуўся да яго, Маслакоў ужо прымацоўваў на шапку тую ягоную зорку.

- Ну, дзякуй. А дзе ўзяў?

- Ды вунь Тоўкач падарыў, - хітра жмурачы шчылінкі-вочы, нявінна сказаў Даніла.

«От падла! » - падумаў Сцёпка, але не сказаў нічога. Для Маслакова зоркі яму было не шкада - Маслакову ён аддаў бы і шапку. І тым не менш хлопцу стала чагосьці няёмка і - галоўнае - крыўдна.

 

 

Бралася на змярканне, у хвойніку прыкметна цямнела, неба скрозь засцілалі аблокі, некалькі кропель упала на шыю і рукі - відавочна збіраўся дождж. Першы вясновы дождж, не халодны і не ветраны; яму, помніцца, некалі радаваліся людзі, бо пасля ўсё навыперадкі зелянела, аж шапацела, пускаючыся ў рост.

Цяпер жа, аднак, дождж не радаваў, здаецца - наадварот, нават устрывожыў іх камандзіра групы. Усё ў тым сасонніку Даніла са Сцёпкам узышлі на верх выспы і следам за Маслаковым апусціліся на калені пад крайняю ад прагаліны хвойкай. Побач сядзеў Брытвін і нерухома глядзеў кудысь між хваёвага голля.

Там была дарога і мост.

- Ну што? - ціха спытаў Маслакоў. - Не відаць?

- Ні чарта не разбярэш. Каб бінокль...

Яны ўсе стаіліся, углядаючыся туды, дзе святлявая стужка дарогі, вынікшы з сасонніку збоку ад гэтае выспы, бегла па невысокім на лужку насыпе да моста - доўгага шэрага збудавання з бярвення, што выглядала адсюль, нібы агромністы чарвяк, які споўз з дарогі ў ваду і спыніўся.

- Трэба ісці, - сказаў Маслакоў.

- Цяпер? - насцярожыўся Брытвін, не адрываючы позірку ад прыцьмелай ужо вечаровае далечы.

- Ну, а калі ж? Пакуль дождж не разышоўся. А то намочыць - не ўпаліш.

- Ну ўжо не, - падумаўшы, сказаў Брытвін. - Цяпер я не пайду.

- Можаш не ісці, - пачынаючы нерваваць, кінуў Маслакоў і падняўся. - Даніла!

Даніла выпрастаўся на каленях, але не ўстаў.

- Дык у мяне ж абрэз.

- Ну і што?

- На якіх дваццаць крокаў, не болей. Калі што, дык і не пацэліш, мушкі ж няма, - загаманіў ён нейкім не сваім, бы вінаватым, з плаксівасцю голасам.

Маслакоў ціха вылаяўся і ўхапіў каністру.

- Тоўкач, айда!

Сцёпка ўстаў, непрыязна, амаль з варожасцю зірнуў на Данілу. Хлопцу таксама было не шмат радасці выпраўляцца цяпер, яшчэ завідна, па голай дарозе добрую вярсту навідавоку, але ён болей за ўсё не хацеў, каб тое ўбачылі іншыя. Ён быў гатовы. Асабліва калі з Маслаковым - хай гэтыя героі сядзяць ззаду і чакаюць.

На хаду ён пераняў у Маслакова каністру, яны хуткім крокам выдраліся з хвойнага зарасніку на ўзлесак і апынуліся на лугавіне.

Дожджык усё сыпаў - дробненькі, але спорны; далячынь за ракой заслала туманам, у ім прыцьмелі і мост, і поплаў, і ўвесь той бераг з Круглянамі. Увогуле, гэта было няблага, здалёк іх на мосце не ўбачаць, толькі каб загарэлася дрэва...

Брытвін з Данілам засталіся на ўзлеску акрай дарогі, а Маслакоў са Сцёпкам амаль подбегам пашыбавалі дарожнай узбочынай. На хаду Маслакоў некалькі разоў азірнуўся, і ў тых яго позірках Сцёпка згледзеў трывогу. Яно і зразумела: атрымлівалася не так, як было ўдумана, прыбаўлялася рызыкі, надзея на поспех меншала. Па сутнасці, яны дзейнічалі цяпер на славуты «авось», хоць яўнай небяспекі пакуль не адчувалася, непагадзь добра хавала іх - а можа, і пашэнціць? Адкладваць жа наўрад ці будзе разумна, бо калі разыдзецца дождж і намочыць на мосце гразь ды бярвенне, колькі тады трэба будзе чакаць, пакуль усё гэта высахне. Зноў жа - цяпер мо дапаможа Вялікдзень: усё ж паліцаям таксама ахвота пасвяткаваць.

Сцёпка ледзьве паспяваў за Маслаковым, яны ўжо амаль беглі, камандзір раз-поразу азіраўся, але на дарозе, здаецца, скрозь было пуста.

- Якраз такі час, панімаеш? Удзень там іх варты няма. А на ноч яшчэ не паспелі. Каб не дождж толькі.

Яны ўсё памыкаліся на бег, але Маслакоў знарок стрымліваўся - мусіць, каб не адрывацца ад Сцёпкі або не выклікаць падазрэння, калі хто з'явіцца насустрач. Аўтамат свой ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Сцёпка вінтоўку нёс на плячы, почапка яе недзе на закарку сцягвала скуру, скуллё на шыі балела, але ён не мог нават прыпыніцца, каб перамяніць руку з каністрай.

- Ты па верху. А я ўнізе. Пальеш, а я знізу падпалю. Толькі акуратна, каб на зямлю не лілося. Па бёрнах.

- Знаю.

- Крайнюю ад вады апору. Загарыцца! Павінна загарэцца. І паглядвай за мост. Каб з Круглян хто не наскочыў.

У ашчэраны Сцёпкаў бот набілася пяску, назе стала мулка, хлопец памалу накульгваў. Сасоннічак застаўся ўжо далекавата ззаду, яны былі адны на пустой дарозе; дожджык неяк раздумна лапатаў па дарожным пыле, які смярдзеў, беручыся зверху мокрай васпаватай скарынкай.

Мост быў блізенька, ужо відаць сталі яго парэнчы, адна з іх была абломана з канца і звесілася над вадой. Насып пабольшаў, дарога на ім стала цвярдзейшая, пясок застаўся ззаду, і Сцёпка на хаду трасануў у паветры ботам - каб высыпаць, што там муляла. Мусіць, дзеля засцярогі Маслакоў перабег на другі бок, яму ўжо трэба было спускацца пад насып, але камандзір марудзіў, ва ўсе вочы ўзіраючыся праз дождж наперад, на мост.

І раптам з дажджлівай прыцьмеласці на пустым за секунду да гэтага мосце з'явілася постаць.

Маслакоў нібыта спатыкнуўся, зменшыў крок, Сцёпка таксама прыцішыў хаду, ногі адразу сталі цяжэйшыя, чым секунду раней, і агідна падрыгвалі ў каленях. Постаць - не зразумець было здаля - не то стаяла, не то памалу варушылася, ідучы ўздоўж ля парэнчаў. Няўжо хто са спазнелых прахожых ці, не дай бог, ахова - тады справа іх кепская. У абсалютным неразуменні яны, аднак, ішлі, катастрафічна хутка збліжаючыся з ёй, бо захінуцца тут было недзе, а ўцякаць не выпадала - іх ужо ўбачылі.

Аднак паўхвіліны той, на мосце, нічым не выказваў сваіх намераў, толькі, здаецца, спыніўся ля зламанай парэнчы і - гэта адразу адчулася абодвум - праз прыцемак уважліва паглядзеў на іх. Яны таксама ва ўсе вочы сачылі за ім, гатовыя ўхапіцца за зброю, як ён раптам ускрыкнуў нешта палахліва-пагрозлівае і знік. Спярша яны абодва спыніліся - здалося, ён скочыў пад мост або дзіўным чынам праваліўся праз насціл. Але тут жа ў прыцемку востра бліснула, і рэха вінтовачнага стрэлу скаланула абшар.

Гэта была жахлівая нечаканасць, якой яны не прадбачылі, і цяпер абодва разам шаснулі з дарогі пад насып - Сцёпка па адзін, а Маслакоў па другі яе бок. Хлопец, мусіць, не дабраў спрыту, разгоніста саўгануўся з каністрай, здорава ўдарыў сцягно і бокам споўз да паловы скосу. Тут жа ён ухапіўся за вінтоўку, хуценька тузануў затвор, але не стрэліў - тыцнуўся тварам у зямлю: кулі ў двух месцах ля яго, пырснуўшы жвірам, дзеўбанулі насып. Ад моста стралялі - таропка, спалохана, але зноў, як на злосць, таго, хто бахаў, не было відаць, над дарогай толькі пранозліва дзігала - мусіць, па той бок насыпу. Маслакоў, аднак, маўчаў, і Сцёпка таксама зацяўся, сціх на адхоне, не адважваючыся адкрываць сябе і ўсё гледзячы ў той бок, да моста: чакаў, як пабягуць, каб жарнуць ужо ва ўпор, напэўна.

Аднак адтуль ніхто не бег. Пасля дзесятка стрэлаў там сціхлі, рэха закацілася за лес, і ўсё наогул змоўкла. Сцёпка паляжаў яшчэ грудзьмі на скосе, як раптам падумаў, што, мабыць, ён тут адзін, і гэта ажно напалохала яго. Ведама ж, Маслакоў наўрад ці ляжыць на тым баку, мусіць, адбег да лесу; значыць, і яму трэба падавацца назад. Мост, відаць па ўсім, прыйдзецца адкласці, да моста цяпер не падступішся.

Ускочыўшы на калені, Сцяпан адной рукою ўхапіў каністру, другой вінтоўку і, коўзаючыся па мокрай траве, пабег па-за насыпам. Ён чакаў стрэлаў, і яны сапраўды пачуліся, зноў часта і грымотна: бах - дзі-у-у-у... бах - дзі-у-у-у... Толькі вельмі хутка ён вызначыў, што стралялі не па ім, а міма. Тады ён упаў, загнана дыхаючы, азірнуўся - месца тут было крыху вышэйшае, а насып ніжэйшы, чым ля моста, і згледзеў здаля на дарозе цьмяны, прыгнуты сілуэт, які неяк, быццам крадком, бег, падаў і бахаў у ягоны бок стрэламі. Але кулі ён перастаў чуць, і гэта прарвалася ў ім неспадзёўкай-сполахам: ён ужо зразумеў, што паліцай страляў у Маслакова. Значыць, Маслакоў там, бліжэй да моста. Але чаму ж ён не страляе?

Сцёпка кінуў, дзе быў, каністру і, вывернуўшы ўбок ногі, амаль не цэлячыся, грымнуў стрэлам насустрач постаці, потым яшчэ і яшчэ. Ён не цэліў, ды і не было куды цэліць: ужо добра прыцьмела, і паліцай зноў знік - упаў ці, можа, скочыў за насып. Пасля трох стрэлаў Сцёпка даслаў у патроннік і чацвёрты патрон, але страляць не стаў, а, ускочыўшы, за тры крокі перабег дарогу.

Тут ён зноў зморана ўпаў і стаіўся. Ззаду, узбітае ботамі, пасунулася воблака смярдзючага пылу, пад рукамі і грудзьмі замулялі ў мокрай траве нейкія калючкі, па шапцы і плячах далікатна і гусценька лапатаў дожджык. Сцёпка думаў тут недзе знайсці Маслакова, але яго не было відаць ні ззаду, ні спераду. Хіба што камандзір ужо адбег да лесу, што ўвогуле было зусім верагодна. І ўсё ж нейкае падсвядомае адчуванне сведчыла, што ён не ззаду, а, мабыць, ля моста. Трохі аддыхаўшыся і зацяўшы ў сабе страх, Сцяпан таксама падаўся туды.

Увага яго раздваілася: ён чакаў стрэлаў, каб тут жа ўпасці пад насып, і з усяе сілы хацеў убачыць дзе Маслакова. У яго ўжо з'явілася і шырэла ў сваёй акрэсленасці думка, што з ім кепска, мусіць, яму папала. Тады Сцёпка проста не ведаў, чым можна дапамагчы камандзіру і як яго ратаваць тут, пад носам у аховы. Баючыся самага найгоршага, ён, аднак, спадзяваўся яшчэ, што, можа, Маслакоў проста стаіўся і ён яго зараз знойдзе.

Ён і сапраўды хутка ўбачыў свайго камандзіра - у дажджлівым паўзмроку той цёмным бугром знерухомеў акрай насыпу, і яшчэ зводдаль Сцёпка зразумеў, што камандзіра падстрэлілі. Напэўна, упаў Маслакоў яшчэ на скосе і ссунуўся ўніз. Ён так і ляжаў цяпер, закінуўшы ўгору рукі, з ненатуральна падкурчанымі ў каленях нагамі. Ватоўка на ім загарнулася, кашуля таксама, і голы запалы жывот цьмяна свяціўся ў доле. З разбегу Сцёпка выцягся ля камандзіра, і па тым, як той ніводным рухам не рэагаваў на яго з'яўленне, хлопец з паныласцю зразумеў, што найгоршае сталася. Сцяпан не стаў тармасіць яго ці абмацваць: не было часу - на дарозе вось-вось маглі з'явіцца паліцаі. Ён толькі выдзер з-пад пляча аўтамат і стаіўся побач, чакаючы.

Унутры ў ім усё аж захлыналася ад стомы і страху, пачуцці, здавалася, дасяглі мяжы напружання і, бы сірэны, гулі ад роспачы. Наўкола, аднак, было ціха: дождж роўненька, але настойліва лапатаў па дарозе, траве. Паліцаі нешта марудзілі - не беглі сюды і не стралялі. Сцёпка тады азірнуўся і, сцяўшы ў сабе агорклае дыханне, пераваліў Маслакова на бок. Не адрываючы позірку ад дарогі, ён зачапіў на руку почапкі аўтамата і вінтоўкі і, напружыўшы не дужа вялікія свае сілы, узваліў на сябе страшэнна цяжкога цяпер Маслакова. Ён ажно спалохаўся, што не падніме; ад натугі ў вачах бліснулі і расплыліся жоўтыя плямы, але ўсё ж ён устаў на ногі і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, бы п'яны, пабрыў пад насыпам.

Ён упаў, крыху не дасягшы ўзлеску. У трохі святлявым небе відаць былі верхавіны сасонак, але ў яго не хапіла сілы забрысці ў лес, ногі падламаліся, і ён мякка лёг з ношай на бок. Сцёпка чакаў, што з лесу выбегуць тыя двое і скончацца яго пакуты, утрох бы яны ўжо маглі выхапіць адсюль камандзіра і адбіцца. Хвілін пяць ён захлынаўся горкай задухай: прыціснутае да зямлі, шалёна таўклося ягонае сэрца; усё на ім было мокрае ад поту і дажджу. Ён не памятаў, колькі часу, нібы ў непрытомнасці, ляжаў на мокрай маладой траве, і ніхто да яго не бег ні насустрач, ні ззаду. Зрэшты, ззаду ён не бачыў нічога - ён толькі слухаў, але ні крокаў, ні стрэлаў адтуль не было.

Найгорш, што ён па-ранейшаму не ведаў, жывы Маслакоў ці не. Магчыма, ён нёс забітага. Але ні жывога, ні мёртвага ён бы яго не кінуў, хоць нешта ў ім пратэставала супроць гэтай няўдачы, у якой, мусіць, найбольшая віна была Маслакова. Цяпер, аднак, становішча Сцёпкі і яшчэ горшылася ад новай неспадзеўкі: чым болей раўнела яго дыханне, тым выразней расла ў ім злосць на тых двух, якія чорт ведае дзе прапалі і не ішлі, калі дорага была кожная секунда. А можа, і зусім уцяклі? Гэта абурала да слёз, ён ужо гатовы быў і заплакаць, толькі не ставала сілы, а галоўнае - зноў трэба было ўставаць і несці.

І ён устаў. Жахліва цяжка было падняць непрытомнае цела Маслакова, але ён, ледзьве не выломваючы камандзіру рукі, неяк усцягнуў яго на сябе. Толькі калі ўставаў з калень на ногі, не ўтрымаўся і зноў паваліўся на бок. Тут жа, не даючы сабе перадышкі, пачаў узграбацца зноў і, дужа сагнуўшыся, абапіраючыся аб зямлю адною рукою, неяк устаў.

Найлепш было б зашыцца ў лес, але на ўзлеску ён напароўся ў цемры на нейкае калючае сучча, абдзёр твар - мабыць, тут быў найбольшы гушчар, і ён не адважыўся лезці ў яго - зноў пайшоў краем пожні. Ад слабасці Сцёпка хістаўся і з усяе сілы стараўся не ўпасці. Маслакоў жа тугім, налітым цяжарам увесь час спаўзаў долу, хлопец ледзьве ўтрымліваў ягоныя рукі і хіліўся наперад - так лягчэй было трымаць яго на спіне.

Увесь час страшэнна замінала зброя, чаплялася за зямлю і блыталася ў нагах, але ён не мог кінуць нават вінтоўкі. Яна яму, мабыць, была ўжо не патрэбна, ды ён памятаў на гэты конт загад па брыгадзе і ведаў, як дорага там было ўсё, з чаго можна страляць. Добра, аднак, што яго не даганялі, і ён ажно падзівіўся з таго: так проста было цяпер узяць іх двух з Маслаковым.

Праз якіх паўсотню ці меней крокаў ён зачапіўся ботам за нейкі корч і ўпаў - балюча, грудзьмі на цвёрдае, перавярнуўшыся на бок, застагнаў ад болю і тут жа прыцяў у сабе гэты стогн: ззаду ён пачуў крокі. Сцёпка схапіўся за аўтамат, аднак хутка сцяміў, што ён не спатрэбіцца - яшчэ здалёку на светлаватым небе ля хвойніку ён пазнаў характэрную ў кажуху постаць Данілы, які прыпыніўся і глухавата гукнуў там, напэўна, Брытвіну:

- Унь ён.

Хлопец аслабела павярнуўся і сеў побач з распластаным на зямлі Маслаковым. Даніла падбег першы, за ім праз рэдкае сяйво дажджу ўжо варушыўся ў шызым шыняльку Брытвін, які змораным голасам спытаў:

- Што, паранілі?

Сцёпка не адказаў, ён пакратаў мокрую, без шапкі галаву Маслакова, якая падатка перакацілася пад ягонай рукой. Потым яго рукі трапілі ў нейкую ліпкую макрату на ватоўцы; хлопец зразумеў, што гэта кроў, і толькі цяпер адчуў яе пах - трывожлівы пах чалавечай бяды. Але тут ужо за параненага хапіўся Даніла, і Брытвін дыхавічна камандаваў:

- Так! Пасля... Давайце бярэм! Панеслі...

Яны ўдвух зграблі з-пад яго рук Маслакова, Даніла моўчкі прысеў і натужыўся, пераняў яго на сваю спіну і крута павярнуў у цёмны гушчар сасонніку.

Воддаль на дарозе тым часам пачуўся рух, прыцішаныя адлегласцю галасы, штось стукнула на мосце, і па насціле глуха затопалі конскія капыты. Сцяпан устаў, згроб з долу аўтамат, вінтоўку і зноў ледзь не заплакаў ад крыўды і вострага ўсведамлення няўдачы.

 

 

Яны бясконца доўга прадзіраліся ў цемры праз мокры хмызняк, пасля натрапілі былі на сцяжынку, але хутка згубілі яе ў лесе, перайшлі змрочны, шумлівы на ветры ельнік і апынуліся ў нейкім чорным праваллі - яры. Даніла, які ўвесь час цярпліва валок на сабе Маслакова, у цемры паслізнуўся на мокрай траве, упаў і склаў з сябе цела параненага.

- Годзе! Уходаўся...

- Ладна, - спыніўся наперадзе Брытвін. - Адпачнём.

Ён падышоў бліжэй і таксама апусціўся долу на нешырокай травяністай прагаліне сярод кустояў. Недзе побач, унізе, чутно было, бурчаў-гаманіў ручай, неба ўгары нядобра чарнела, але дождж сціх. Скрозь стаяла лясная ціхмань, глушэча, адно з галля наўкола шапотка падалі сцюдзёныя кроплі. Людзям, аднак, было цёпла, нават горача пасля імпэтнай хады па лесе.

Пакуль Даніла аддыхваўся, Сцёпка перш-наперш абмацаў у доле ўсё яшчэ непрытомнага Маслакова. На шчасце, той быў жывы, сэрца яго, чуваць было, торгала слабымі няроўнымі штуршкамі. У грудзях, калі прыслухацца, штось булькатала-хлюпала, і гэта палохала хлопца - здавалася, Маслакоў памірае. Павязка з сарочкі, як-колечы зробленая імі ў дарозе, перакруцілася, спаўзла на жывот. Удвух з Данілам яны пачалі папраўляць яе. Зводдаль, згорбіўшыся, апанурана сядзеў Брытвін.

- А каністра дзе? - спахапіўшыся, запытаў ён.

- На дарозе, - буркнуў Сцёпка.

Брытвін памаўчаў і сказаў са злоснай іроніяй:

- Падпалілі, называецца!

Сцёпка з Данілам маўкліва поркаліся над параненым.

- Здаецца, вопытны падрыўнік, а такога цюху-мацюху ўпароць!

Даніла аслабіў канцы ўшчэнт скрываўленага кавалка сарочкі, Сцёпка прытрымліваў іх і, амаль глытаючы слёзы ад жалю па Маслакову, не мог запярэчыць Брытвіну. Як ён ні быў настроены супроць яго, але мусіў цяпер прызнаць, што Брытвін казаў праўду. Хоць, вядома, пасля бяды, калі было позна штосьці паправіць, кожны станавіўся разумнейшы; а тады хто ведаў, што паліцаі ўсё ж выставяць варту? І тым не менш былая яго непрыязнасць да ротнага сама па сабе меншала, зрэшты, як і да Данілы: мінулыя крыўды сталі цяпер драбязой перад тым няшчасцем, якое напаткала Маслакова.

- Што тут у яго робіцца! - бурчаў Даніла, поркаючыся пад загорнутай мокрай кашуляй.

Ноч наогул была цёмная, без месяца, а ў гэтай лясной яме дык і пад носам нічога нельга было разабраць. Каб хоць пасвяціць чым, агледзець рану, а то першы раз перавязалі навобмацак і цяпер таксама. Так нядоўга і сплысці крывёй. Сцёпка, аднак, успомніў, што ў Маслакова недзе былі запалкі.

- Запалкі ж былі. Пасвяціць?

- Трымай.

Сцёпка ўзяў канец павязкі, а Даніла пачаў абмацваць мокрыя кішэні параненага, якія, як, зрэшты, і ва ўсіх, былі туга напханы рознай драбязой. Цяпер, выцягваючы адтуль, што трапляла пад рукі, Даніла пералічваў:

- Нож. Анучка нейкая. Кніжка ці блакнот...

- Дай сюды, - працягнуў руку Брытвін.

- Патроны. Скрутак дроту... Аловак ці не - запал бытта. Наце, паглядзіце там.

Брытвін без асаблівай цікаўнасці ўзяў у яго нешта і, абмацаўшы, адразу вызначыў:

- Бікфордаў шнур, а не дрот. І ўзрывальнік быццам. Ну да, узрывальнік. Толькі ўзрываць нечага.

- А во запалкі.

- Нашто табе тыя запалкі? - раздражнена загаманіў Брытвін і ўстаў. - Ты што, будзеш яму аперацыю рабіць? Падводу трэба шукаць!

Даніла на момант, мабыць, збянтэжыўся ад гэтага амаль начальніцкага вокрыку і няўцямна павярнуў голаў да невыразнае ў змроку постаці былога ротнага. Неяк так атрымлівалася, што той цяпер браў над імі двума старшынство, хоць аб гэтым яшчэ і не было ніякай гаворкі.

- Падвода, кажу, трэба. Не можам жа мы тут сядзець, пакуль паліцаі налезуць. Вёска далёка?

Даніла агледзеў змрочныя лясныя схілы, нібы там можна было што ўбачыць.

- Валатоўка тут недалёка бытта. І хутары. Хутары, мабыць, бліжэй.

- Дзе, у які бок?

Даніла няпэўна тыцнуў рукой у цемру.

- Ось бытта туды, як па рове. Трошкі, можа, лявей.

- Так! - прыкінуў Брытвін. - Ты, як фамілія?

Сцёпка не адразу і зразумеў, што гэта звяртаюцца да яго, але Даніла ахвотна падказаў:

- Тоўкач яго.

- Ану, Тоўкач, марш за падводай. Інакш твой Маслакоў у пяць хвілін дуба дасць. Паняў?

Сцёпка хуценька ўстаў, адчуваючы, што гэта праўда. Тое, што яго пасылалі немаведама куды, у ноч, цяпер не крыўдзіла, хоць спярша ён і адчуў маленькае недаўменне: чаму не Данілу, які тут ведаў усе хады-выхады. Але, бадай, Даніла патрэбны быў ля параненага, зноў жа - ён столькі валок яго цераз лес. Падабраўшы з долу аўтамат, Сцяпан устаў і палез у мокрае кустоўе.

З вецця лілося, ён аж асцерагаўся яго чапаць, хоць і без таго даўно ўжо намок. На схіле ў мокрай траве было слізка, хлопец некалькі разоў упаў і ўрэшце сышоў ніжэй, да ручая. Тут, аднак, было не лягчэй. Ён доўга прабіраўся праз мокрыя травяныя зараснікі, абышоў прагаліну, заваленую сухім ламаччам. У дашчэнту змакрэлых ягоных ботах надакучліва чвякала, ануча збілася на пяту і муляла, жорсткія калівы папараці рэзалі голыя пальцы. Але ён, не спыняючыся, таропка прадзіраўся ў кустоўі і толькі думаў, каб не заблудзіць, не прыпазніцца, знайсці падводу, якую чорт ведае дзе і шукаць. Найперш трэба было знайсці вёску. Праўда, ён не першы раз ужо хадзіў па начы і трохі ўмеў арыентавацца, у асноўным па формах рэльефу: адкладваў у памяці ўвесь шлях - дзе ўніз, дзе ўгору, дзе касагор або балацявінка. І ўсе павароты таксама.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.