![]()
|
|||||||
Круглянскі мост 7 страница- А так, значыць. Сказаць, што незнарок. Выпадкам аўтамат стрэліў. А пра Міцю таго маўчок. Узарвалі, і ўсё. - Не ўжо! Пайшоў ён у адно месца. - Гэта самае... Нядобра ты! - настойліва бурчыць Даніла. - Пра сябе падумай. А то прыедзе камісар... - Хай едзе! Даніла зверху ўважліва, нібы нават не разумеючы, глядзіць у яму. Сцёпка ўстае і ставіць парожні кацялок ля яго ботаў. - Хай едзе. Я не баюся! Даніла круціць галавой, уздыхае. Увесь яго заклапочаны выгляд сведчыць, што ён не ўхваляе хлопца. Неўзабаве ён пачынае ўставаць, абсыпаючы ў яму зямлю, потым падбірае кацялок, папраўляе на плячы зброю. І Сцёпка толькі цяпер бачыць у яго свой ППШ. Значыць, ужо і ўзброіўся. Сцёпка сядае на ранейшае месца. Нешта цвёрдае і надзіва ўпэўненае ўжо авалодала ім і не саступае. - Нядобра ты ўдумаў. Шкадаваць будзеш. - За мяне не бойся. - Ды мне што... Ось толькі абяцалі адпачынак, трое сутак. А цяпер... Ён не дагаворвае, заклапочана пазірае ўбок, мусіць, на вартавога паблізу, і Сцёпка здагадваецца, што ён мае на ўвазе. Цяпер, калі яны не дамовіліся, мусіць, адпачынак у Данілы лясне. І правільна, што лясне. «Адпачынак за што? Хто сапраўды заслужыў яго, тых ужо няма. А гэтаму за якія заслугі? » - думае Сцёпка. Не, нічога ў іх з Брытвіным не выйдзе. Хопіць хітрыць і выязджаць на чужым гарбе. Сцёпка вінаваты, яго, вядома, пакараюць, але раней ён раскажа, як усё гэта адбылося, і назаве Міцю. Камісар справядлівы, ён зразумее. Не можа таго быць, каб не зразумеў. Хай едзе камісар!
1969
|
|||||||
|