Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Круглянскі мост 4 страница



Праз нейкі час лясное кустоўе абапал асела ніжэй, угары шырэй разлеглася шараватая святлявасць неба, на якім у дзвюх-трох мясцінах слаба бліснула некалькі зорак, - роў аставаўся ззаду. З ім неўзабаве скончыліся і зараснікі, хлопец апынуўся на лужку, а ўзяўшы правей, вылез па касагоры на ўзгорак. Ісці стала лягчэй, мокрыя боты роўна шорхалі ў рослай густаватай азіміне, наперадзе высіліся нейкія бялявыя купкі - здавалася, людзі. Але людзей тут не магло быць, то цвілі грушы-дзічкі. І тым не менш Сцёпка міжвольна браў стараной, далей ад іх - страх не страх, а нейкая інстынктыўная засцярожлівасць прымушала яго паводзіць сябе тут надзвычай чуйна. Праўда, ён зусім не ведаў, куды ісці, і часам лавіў сябе на тым, што паварочвае то ўправа, то ўлева - самае горшае без дарогі. Так можна круціць да ранку і нават зноў выйсці да рова.

Але вось шорхат азіміны пад нагамі сціх, і ён апынуўся на чымсь голым і цвёрдым, не адразу зразумеўшы, што гэта дарога. Тады ён паглядзеў у адзін яе канец, у другі - дарога пралегла якраз упоперак ягонаму кірунку, а ў які бок было лепш павярнуць, ён не ведаў. Прайшоў дзесятак крокаў улева, падумаў і вярнуўся ўправа, увесь час напружана ўзіраючыся ў прыцьмелую далячынь, у якой была няпэўнасць і нешта загадкава-страхавітае.

Дарогай ён ішоў, мабыць, доўга, думаючы, што нарэшце павінна ж яна прывесці ў вёску. Трапіць на вясковую вуліцу ў яго не было намеру - там варта, мужыкі і паліцаі; хто ведае, як паставяцца яны да незнаёмага начнога прыблуды. Лепш зайсці з гарода ў які двор. Праўда, цяпер у яго аўтамат - новенькі, з лакіраванай ложай ППШ, з якім можна пастаяць за сябе, - гэта не вінтоўка ўзору 1891 года. Але ўсё ж лепш асцярожна. Неасцярога ім надта дорага абышлася сёння.

Наперадзе, аднак, зноў, здаецца, чакаў яго лес - нагрувашчаная чарната няроўнай паласой зусім затуліла і без таго азмрочаны краявід. Сцёпка прыцішыў крок, аўтамат перасунуў на плячы пад паху, гатовы кожную секунду рвануць кароценькую ручку затвора. Але ён яшчэ не дайшоў да гэтае чарады дрэў, як учуў збоч нібыта знаёмы, хоць адразу і не зразуметы ім глухі стук аб зямлю. Хлопец стаў і тады, выразней пачуўшы ўдары, здагадаўся, што гэта забівалі кол. Так, мусіць, кол, ды яшчэ калі камянём - некалькі цяжкаватых тугіх удараў аддалося ў зямлі. Сцёпка падумаў, што б гэта магло значыць, і пасля, абнадзеены, нясмела яшчэ ўзрадаваўся.

Ён збег з дарогі і паціху, ледзь не крадком, падыбаў на гэты стук, які, аднак, тут жа сціх. Тады Сцёпка прысеў, знізу ўгору агледзеў святлявы край неба - паблізу нічога падазронага не было відаць. Мякка, амаль нячутна ступаючы па пожні, ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і зноў, прыгнуўшыся, агледзеўся. Зноў нічога навокал не было відаць, толькі зводдаль шырока чарнела куп'ё лазняку, між якога тырчалі ўгору рэдкія дрэўцы алешын. Тым часам трава ў доле пабольшала, стала мякчэй, пад ботамі мокра зачвякала - мусіць, пачыналася забалаць. Ён ужо хацеў быў павярнуць у абход, як зусім побач - так блізка, што ён ажно скалануўся, знянацку ўбачыўшы, - быў конь. Пачуўшы хлопца, конь трывожліва махнуў галавой і сціх, а Сцёпка прыпыніўся, прысеў, зірнуў сюды-туды, але блізка, здаецца, нікога не было. Асцярожліва, каб не спудзіць жывёліну, ён пайшоў да каня.

Конь па-ранейшаму ціха стаяў з цікаўнай страхавітасцю, завярнуўшы галаву ў яго бок, і, відаць па ўсім, недаўменна чакаў яго набліжэння.

- Кось-кось, - ласкавым шэптам паклікаў Сцёпка і выцяг руку, нібы ў ёй было што смачнае. Потым гэтаю ж рукой ён намацаў у доле вяроўку і кароценькі калок, убіты ў пожню, які тут жа, натужыўшыся, выдзер. Цяпер трэба было, не спудзіўшы каня, узлезці на яго.

Сцёпка закінуў за спіну аўтамат і, перабіраючы ў руках вяроўку, памалу пацягнуў за аброць. Конь выцяг морду, але не пайшоў. Тады Сцёпка сам пайшоў да яго, трымаючыся за вяроўку, але яшчэ не дайшоў, як конь раптам коратка і пужліва заржаў.

Сцёпка другі раз скалануўся і вылаяўся, злосна тузануў за аброць. Ён падышоў ужо ўпрытык і рукой ухапіўся за мокры цвёрды хрыбет, ды конь крутануўся задам, не даючыся.

- Ах ты, падла! - сцішана вырвалася ў хлопца злосна-роспачнае, як праклён. Не выпускаючы вяроўкі, ён ужо болей рашуча аберуч ухапіўся за хрыбеціну, але скочыць зноў не паспеў - конь матлянуўся ўбок.

І тады ззаду ён пачуў глухаватыя, як удары ў зямлю, штуршкі нечых крокаў.

- Хто гэта? - пачулася страхавіта-пагрозлівае. - Што ты робіш?

Сцёпка адскочыў ад каня, але вяроўкі не выпусціў, толькі правай рукой за ствол саўгануў з-за спіны аўтамат. Тут жа ён зразумеў, што аўтамата можна было не чапаць - да яго бег нехта адзін: невялічкі, у расхрыстанай адзежыне чалавек, босы, як гэта ён адразу пазнаў у змроку па тонкіх, з падкасанымі штанамі нагах. Не адказваючы, Сцёпка счакаў, пакуль той, запаволіўшы бег, нерашуча падыходзіў да яго.

- Куды вы бераце? Гэта мой конь.

Па голасе Сцёпка канчаткова ўпэўніўся, што гэта падлетак, і зноў адчуў сябе амаль спакойным і ўпэўненым. Ён падумаў, што зблізку выгляд яго і асабліва зброя дадуць хлопцу ўсё зразумець без роспытаў.

- А ты хто? Ану, падыдзі бліжэй!

Хлопец не дужа рашуча падышоў і спыніўся трошкі воддаль, ва ўсёй сваёй постаці тоячы боязь і недавер. Конь з высока ўзнятай галавой уважліва глядзеў на гаспадара, нібы не цямячы, што тут адбываецца.

- Гэта мой конь. Не бярыце, дзядзька, майго каня.

Сцёпка пацяг за вяроўку, конь нехаця пераступіў, і ён падышоў бліжэй да хлопца.

- Дзе калёсы?

- Калёсы? Дома.

- А дом дзе?

- Дом? Ды вунь за аселіцай.

- А хто дома ёсць?

- Дома мама і бабка.

- А паліцаі ў вас ёсць?

- Ну, ёсць...

Хлопец, мусіць, нешта ўжо зразумеў і ціха стаяў у намоклым, з чужога пляча пінжачку, пакорліва чакаючы ягоных пытанняў. Сцёпка, аднак, падумаў, што калёсы, мабыць, не прыйдзецца браць - як-небудзь абыдуцца канём, а то налезеш яшчэ на паліцыю. Паглядзеўшы, куды паказваў хлопец, Сцёпка здагадаўся, што тая чорная града непадалёк, якая здалася яму лесам, была вёска, дрэвы, сады: на краі ўгадвалася шэрая святлявая пляма - мусіць, новая страха нейкай будыніны.

- Каня аддамо, - сказаў ён. - Праз пару дзён толькі.

Хлопец, аднак, бадай зусім ужо асмялеў і, ступіўшы на крок бліжэй, запярэчыў:

- Дык нельга мне без каня. Я малако важу.

- Ну, знаеш! Ты малако возіш, а нам трэба чалавека ратаваць. Ану, падзяржы свайго злыдня!

- Ды не бярыце, дзядзька, далібог, не хлушу: неяк мне без каня! - запрасіўся хлопец, аднак узяў каня за аброць і прытрымаў.

Сцёпка грудзьмі скочыў на конскі карак і з прыемнасцю ашчаперыў нагамі цёплыя бакі.

- Дзядзька, партызаны не робяць гэтак!

Сцёпка тузануў быў за вераўчаны повад, конь паслухмяна павярнуў у патрэбны бок, ды раптам хлопцава нявыкрутка ці, можа, ягоны папрок нешта кранулі ў Сцёпку.

- Ну, вось што... Айда з намі, - сказаў ён. - Завязём куды трэба і аддамо. Заўтра дома будзеш.

 

 

Па лесе яны прабіраліся пехатой абодва, ведучы каня на повадзе. Мясціну гэтую падлетак ведаў, ён адразу ж знайшоў сцяжыну на ўзроўку і, расхінаючы рукамі мокрае вецце, упэўнена вёў Сцёпку з канём.

Мусіць, было за поўнач. Ноч яшчэ паглушэла, лес стаіўся, нават не стала чутна шастання кропель, толькі роўна тупалі ззаду конскія капыты ды ў голлі, спуджана залапатаўшы крыламі, часам кідаўся прэч які-небудзь патрывожаны імі птах. Аднак у лесе па-ранейшаму было мокра, няўтульна і трывожна; дрыготкая золкасць нябачным воглым туманам распаўзалася між кустоў.

Сцёпка настойліва цягнуў за сабой каня, які, аднак, не дужа ахвотна ішоў за чужым. Вядома, каня лепш было б аддаць падлетку, але хто ведаў, што ў таго ў галаве. Зноў жа ў парасніку некалькі часу назад Сцёпка пачуў пах дыму, і гэта пачало яго крыху трывожыць. Добра, калі палілі Брытвін з Данілам, а калі хто чужы? Такое суседства, вядома, не падабалася, і ён трывожліва ўглядаўся ў туманны змрок рова, каб не спазніцца ўбачыць агонь. Ён і сапраўды яго хутка ўбачыў - праз хмызняк кораценька бліснула чырвоная плямка і знікла. Спыніўшыся на момант, Сцёпка падумаў, што, здаецца, гэта яны.

Сапраўды, на краі той самай невялічкай прагаліны ля ручая бліскала маленькае цяпельца, ля якога памалу варушылася сутулаватая постаць у ватоўцы. Учуўшы іх на ўзроўку, постаць крута павярнулася і на хвіліну знерухомела, узіраючыся ў змрок. Але яны ўжо лезлі па схіле ў роў, Сцёпка сцішана прыкрыкнуў на каня, які страхавіта сунуўся на падкурчаных задніх нагах, дзеручы капытамі зямлю. Абодва яны з хлопцам прытрымлівалі яго за аброць і хутка спусціліся, збегшы да самага вогнішча.

Брытвін паправіў на плячах нейкую ватоўку і адступіў убок, гойдаючы ззаду, па кустоўі, хісткі змрочны цень.

- Ну, вось конь, - сказаў Сцёпка. - А калёс няма.

Ён чакаў, што Брытвін або выкажа задавальненне, што ўдалося дастаць каня, або пачне папракаць, чаму без калёс. Аднак былы ротны паглядзеў на незнаёмага падлетка, які сціпла спыніўся збоч, і абыякава і нетаропка сеў ля агню; побач, распяты на палках, сушыўся яго шынелак.

- Дарма стараўся.

Сцёпка не зразумеў і запытальна паглядзеў на Брытвіна, але той з маўклівай ваўкаватасцю на твары працяг да вогнішча далоні і пачаў грэцца. Агонь паволі разгараўся, дым шэрымі клубамі плыў угару і еў вочы. І тады Сцёпка, ужо адчуўшы нядобрае, пачуў нейкае тупаценне ў другім краі прагаліны. Туды ж касіў насцярожаны позірк конь. У цьмянай валтузні ценяў пад хмызняком, аднак, можна было разгледзець сагнутыя плечы Данілы, які, стоячы на каленях, нешта калупаў у зямлі. Працяты кепскім прадчуваннем, Сцёпка кінуўся да яго, але адразу за канём наткнуўся на прыкрыты кажухом бугорчык. З-пад аўчыннай палы вытыркаліся дзве босыя, недарэчна белыя ў змроку ступні.

Далей можна было ні пра што не пытацца.

Раптам адчуўшы сябе ўшчэнт знясіленым, Сцёпка апусціўся ля гэтых босых, блізка ссунутых ступняў, па якіх далікатным дотыкам гулялі водбліскі, і зразумеў, што самае страшнае, чаго ён баяўся, сталася. І не з ім, слабаком і няўдакам, не з недарэкам Данілам, нават не з Брытвіным, а з самым лепшым, самым для яго дарагім чалавекам у атрадзе.

Не хочучы паверыць, што гэта не сон, не хваравіты, недарэчны прывід, Сцёпка ў абсалютным змярцвенні прыцяўся позіркам да гэтых надта збялелых ступняў, і перад яго вачмі памалу выплывалі з туману тыя, убачаныя ім у сасонніку, шэрыя, падзяўбаныя вараннём ногі. Цяпёр ён не мог ды і не стараўся асэнсаваць тую несумненную агульнасць, якая аб'ядноўвала іх нейкім аднолькавым сэнсам, - гэты сэнс ён спасцігаў пачуццём. Не зважаючы, што там быў невядомы, зусім абыякавы яму чалавек, а тут ляжаў Маслакоў, на паляне, як і там у сасонніку, ужо ўладарыла смерць. Яна адштурхоўвала, палохала і сваёй несправядлівасцю, як заўжды, падаўляла жывое.

Сцяпан сядзеў так доўга, прыдушаны роспаччу і крыўдай за камандзіра, а можа, і за сябе таксама, - на жыццё, на вайну, а болей на сляпы выпадак, які часцей за ўсё іншае гаспадарыў над іхнім лёсам.

- Цяпер не падвода - лапата трэба. Лапаты няма? - спытаў ля вогнішча Брытвін.

Скручаны горам, Сцёпка не абазваўся, аднак, пэўна, падлетак даў знаць, што лапаты яны не маюць, бо Брытвін не пытаўся болей. Конь пастаяў, паўзіраўся на Данілу ў змроку і, памалу пераступаючы, пачаў скубці маладую траву. Сцёпка ж усё сядзеў, ні аб чым не думаючы, змярцвеўшы ўсімі сваімі пачуццямі, абыякавы да ўсяго і найперш да самога сябе. Ён надта азяб ад начное золкасці, цела яго пачало міжвольна падрыгваць пад воглым мундзірам.

Брытвін, мусіць, убачыўшы тое, сказаў:

- Хопіць мандражыць. Падмяні Бараду.

Сцёпку было ўсё роўна што рабіць, галоўнае для яго мінула, а ўсё астатняе не мела сэнсу. Ён пакорліва ўстаў і паплёўся да змрочнае постаці на краі прагаліны.

- Што тут падмяняць! Каб было чым, даўно б выкапаў, - бурчаў Даніла, але вылез з неглыбокай, па калена, яміны і аддаў хлопцу вышараваны ў зямлі цясак. - На, дзёўбай!

Сцёпка апанурана стаяў у змроку на раскіданай зямлі. Не ўзнімаючы вачэй, узяў у Данілы штых і, калі той ступіў да яго, пачуў ці, можа, адчуў, што крок яго нейкі не такі, як ранейшы, нязвыклы для Данілы. І тады ён заўважыў, што Даніла ўжо ў ботах. На Брытвіне ладная ватоўка, у гэтага боты - ужо ўсё падзелена. Але што ж! Гэта было дужа звычайна і зразумела ў іхнім жыцці: рэчы, як заўжды на вайне, перажывалі людзей. Сцёпка прывык ужо да таго, тым не менш нешта ў яго пачуцці міжвольна і неўсвядомлена варухнулася кароценькай нязгоднай крыўдаю немаведама на каго.

Ён скочыў у магілку і пачаў драць ды сячы цесаком тугія і цвёрдыя, як рамяні, лесавыя карані, якімі тут густа і бязладна пераплецена, мусіць наскрозь, зямля. Накрышыўшы, рукамі выкідваў мяккія лесавыя ацяробкі. Аднак усё гэта ён рабіў нібы ў сне, машынальна, не займаючы свае свядомасці. Яго думкі бязладна снавалі ў галаве, часам затрымліваючыся на чымсь далёкім, дробязным і неабавязковым для такое хвіліны, штораз абрываючыся і пераскокваючы на другое. Часам яны знікалі зусім, і тады ён чуў блізкую размову там, ля агню.

Знарок са строгасцю ў тоне, як дарослы малому, Брытвін казаў падлетку:

- Ось так! Пабудзеш, пакуль захаронім. А тады шагам марш дадому. Панятна?

- Панятна, - ціха адказаў хлапчук.

- Як панятна, тады і ўвесь разгавор, - сказаў Брытвін, але, памаўчаўшы трохі, спытаў: - Табе колькі год?

- Пятнаццаць.

- Бацька ёсць?

- Ёсць, але...

- На вайне хіба?

- Не, - сказаў хлопец, уздыхнуўшы. Голас яго зрабіўся нейкі няўпэўнены і ледзь чутны.

- Што, у паліцыі? - здагадаўся Брытвін.

- У паліцыі, - ціха пацвердзіў падлетак.

Сцёпка ў магілцы трохі нават здзівіўся, зацікаўлены і непрыемна ўражаны адначасова. Называецца, знайшоў памагатага! Мусіць, пра бацьку трэ было запытаць раней, а то яшчэ меўся весці з сабою аж у Грыневіцкі лес - ось бы нарабіў перапалоху! Ён з адчуваннем вінаватасці падумаў, што Брытвін, мабыць, пакліча яго да агню і задасць перцу, якога ён цяпер, безумоўна, заслугоўваў.

- Ну, а ты што ж, значыць, бацьку памагаеш? - запытаў былы ротны яшчэ болей пасцюдзянелым, амаль варожым голасам.

- Я не памагаю, - сказаў хлопец. - Я ў партызаны пайду.

- Ого!

Брытвін - чутно было - разламаў галінку і паклаў яе ў агонь; мігатлівыя водбліскі яго ў наваколлі на момант атухлі, пасля, памалу ажыўляючыся, заскакалі зноў. Хлопец насупіўся і нявесела маўчаў.

- Нічога не выйдзе, - сказаў Брытвін. - Такіх, як ты, у партызаны не бяром. Каб у партызаны пайсці, заслужыць трэба.

- А я заслужу.

- Гэта як жа?

Хлопец, аднак, не адказаў, мабыць, маючы ў думках нешта надта сур'ёзнае, каб так проста даверыць гэта незнаёмаму лясному чалавеку. Сцёпку гэта спадабалася. Ён зірнуў з ямы - невялічкая постаць у абвіслым, дужа паношаным пінжачку цьмяна, але з нейкай упартай годнасцю маячыла ля вогнішча. Побач на каленях стаяў Даніла і падкладваў у агонь сучча.

- Ось так! - заключыў размову Брытвін. - Мы пойдзем, а ты пасядзіш ля агню. Як развіднее, тады паедзеш. Паняў? Не раней. А што не спаў, дык заўтра выспішся.

- Мне ўранку малако на сепаратар везці.

- Паспеецца тваё малако, - сказаў Брытвін, павярнуўшы палкай у агні, з якога шаснуў угору мігатлівы рой іскраў.

Полымя добра разгарэлася, на прагаліне стала відно, дым у цішы слупам валіў угору і барвовым воблакам знікаў у начным небе. Брытвін пасунуўся далей. Раптам, нібы штосьці ўспомніўшы, ён падхапіўся.

- Да, а куды ты малако возіш?

- У мястэчка, куды ж! - з яўнаю нездаволенасцю сказаў хлопец, і Сцёпка падумаў, што паліцаеў сынок, здаецца, з характарам.

- У Кругляны?

- Ну.

Брытвін змоўк, неяк са значэннем паглядзеў на хлопца, потым на Данілу. Той, адваліўшыся на бок, нерухома пазіраў у агонь.

- Цераз мост ездзіш?

- Цераз мост. А як жа.

- Ага! І ўчора вазіў?

- Вазіў. Позна прыехаў толькі. Партызаны паставога забілі, дык не пушчалі доўга.

- Так-так, - сказаў Брытвін і ўсеўся ямчэй, прытрымліваючы на плячы ватоўку. - А што ж у іх, ахрана стаіць?

- Раней не было, а цяпер ставіць пачалі. Два паліцыянты з Круглян.

- Глядзі ты! Усё ведае. Маладзец! Ану, ідзі бліжэй. Сядай во, грэйся.

Хлопец памалу зайшоў з таго боку агню і апусціўся на кукішкі. Даніла, мабыць, зацікаўлены новай акалічнасцю, прыўзняўся і сеў роўна, загарадзіўшы агонь. Цераз прагаліну да Сцёпкі разлёгся ягоны шырокі цень, у магіле не стала відна нічога, і Сцёпка стаў на калені, каб ямчэй было калупаць. Ён ужо не глядзеў туды, толькі слухаў.

- Вот так. Сушыся. Таксама ж мокры. Як цябе завуць?

- Міця.

- Дзмітры, значыць. Харошае імя. У мяне быў друг Дзмітры. Дык, кажаш, партызаны паліцая забілі?

- Ну. Увечары падкраліся і застрэлілі. Роўба яго прозвішча. Да вайны ў маслапроме рабіў.

Дзеручы ў магілцы карані, Сцёпка сціпла парадаваўся: гэта ўжо ягоная работа. Дзіўна толькі, як удалося папасці: ані ж не цэліў нават. Пасля гэтае весткі стала зразумела, чаму не даганялі: мусіць, таксама вывалоквалі з-пад моста забітага і ўпусцілі яго з Маслаковым.

- Так-так, - штось ажыўлена памеркаваў Брытвін. - Бачу, ты хлопец харошы. Мабыць, мы цябе возьмем. Толькі... - ён не дагаварыў і павярнуўся ў другі бок. - Даніла, ану, па сакрэту!

Абодва яны падняліся ад вогнішча і, гойдаючы на кустах пужлівыя цені, ступілі некалькі разоў да ямы. Сцёпка выпрастаўся, пераводзячы дух, Брытвін крануў за рукаў Данілу.

- Ты казаў пра тол. Гэта дзе?

Даніла пераступіў ботамі, нявесела паглядзеў у хмызняк.

- Быў. А ці ёсць, хіба я знаю.

- Гэта дзе? У Фралоўшчыне?

- Ну.

- Слухай, трэба падскочыць.

Не адказваючы, Даніла гучна высмаркаўся ў траву, старанна выцер пяцярнёй нос і бараду.

- Дык жа цёмна. А там балота, ліха на яго. Ды не знаю, ці швагер той дома, - пачаў ён панылым, глухім голасам, які заўжды ў яго сведчыў пра неахвоту.

Брытвін, аднак, абарваў:

- Нічога! Сядай на каня і скачы.

Яны павярнуліся да агню, у якім цяпер засяроджана поркаўся Міця.

Даніла на хаду гучней ужо сказаў:

- Дык што, калі ў мяне абрэз гэты!

- Бяры вінтар!

- Што вінтар! Аўтамат каб.

Брытвін спыніўся.

- Бяры аўтамат. Тоўкач, аддай аўтамат!

- Нашто аўтамат? Хай з вінтоўкай едзе, - паныла сказаў Сцяпан.

Брытвін нецярпліва настояў:

- Кажу: дай аўтамат!

Сцёпка з сілай увагнаў у зямлю цясак і ціха вылаяўся: болей за ўсё на свеце яму не хацелася цяпер аддаваць аўтамат. Але загад Брытвіна прагучаў так катэгарычна, што хлопец стрымаўся ад спрэчкі і падняў з-пад алешыны былы маслакоўскі ППШ.

Брытвін з нецярплівасцю падганяў Данілу:

- І давай скачы. На тое табе дзве гадзіны. Фралоўшчына недалёка, знаю.

Даніла, аднак, усё нешта поркаўся, яўна не спяшаючыся на заданне, да якога ў яго, відаць па ўсім, не дужа ляжала душа.

- Кажух мокры... Калі б вы далі ватоўку.

- На. На і ватоўку, - рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. - Толькі не цягні рызіну.

З маўклівай засяроджанасцю Даніла апрануўся, узяў на краі прагаліны каня і, натугай цягнучы яго за повад, палез на ўзровак.

 

 

Брытвін болей не сеў да вогнішча, ля якога цяпер гаспадарыў Міця, а пастаяў на прагаліне і, калі тупаценне каня сціхла на ўзроўку, падышоў да Сцяпана.

- Ну, ты доўга тут калупацца будзеш?

Хлопец выпрастаўся - магілка была яшчэ мелкаватая, яму да пояса, але Брытвін, прыкінуўшы, вызначыў:

- Хопіць! Давай закопваць.

Ён так і сказаў: не «хаваць» ці «хараніць», а «закопваць». І менавіта ад гэтага слова Сцёпку стала зноў не па сабе, нібы тым самым былы ротны зняважыў Маслакова. Хлопец памаўчаў, думаючы, што, мабыць, трэба б яшчэ паглыбіць: зямля тут сухая і няцвёрдая, ручай куды ніжэй. Але Брытвін падышоў да нябожчыка.

- Давай сюды! Дзмітры, ану, памагні!

Міця з паслухмянай гатоўнасцю ўскочыў ад агню, але тут жа, зразумеўшы, што ад яго патрабуецца, у панылай нерашучасці спыніўся воддаль. Сцёпка вылез з магілкі.

- Чакайце! Што ж, так і закопваць?..

Ён выцер аб траву цясак і, агледзеўшыся ў мільготкім паўзмроку, падышоў да маладой ялінкі, голле якой тырчала з цемры на прагаліну.

Праз хвіліну Сцёпка сабраў у ахапак лапкі, якія ён насек затупленым цесаком, і зноў скочыў у магілу. Тут было цесна і няўпраўна, але, прытоптваючы ў цемры, Сцёпка як-колечы выслаў лапкамі дол. Потым, заціскаючы ў сабе дужа ўзмацнелы напаследак жаль, з некалькіх лапак змайстраваў узвышак пад голаў - нібы рыхтаваў Маслакову пасцель. Пасцель назаўжды, на вечны сон.

- Ну, гатова там? - не трываў Брытвін. - Давай усе сюды.

Ён адкінуў мокры Данілаў кажух, і ўдвух са Сцёпкам яны ўзялі пад пахі нябожчыка.

- Дзмітры, бяры за ногі! - распараджаўся Брытвін.

Міця абшчапіў дзве босыя ступні ног.

- Узялі!

Маслакоў, здаецца, і яшчэ пацяжэў: утрох яны ледзьве паднялі яго прагнутае ў паясніцы, яшчэ не закалянелае цела і цяжка патупалі да магілы. Там, вязнучы ботамі ў свежай зямлі, пасталі ўздоўж вузкай шчыліны-ямы і пачалі апускаць. Гэта было нязручна, цяжкае цела імкнула выкаўзнуць у яму. Сцёпка прытрымліваў яго за сцюдзёную, не дужа гнуткую ўжо руку. Апускаючы, перабраў пальцамі да кісці, па-ранейшаму перавязанай брудным бінтам, і, ухапіўшы за яе, ажно спалохаўся: здалося - прычыніў боль. Тут жа зразумеў марнасць свайго спалоху, але за перавязаную далонь болей не ўзяўся - укленчыўшы на жвіры, апускаў цела ўсё ніжай, аж пакуль не адчуў, што яно мякка легла на спружыністыя лапкі.

- Ну во! - выпрастаўся Брытвін. - Давай загартаць!

- Чакайце!

Нагнуўшыся ў чорны зеў магілы, Сцёпка аднаруч пазапіхваў туды рэшту яловых галін, накрыў найбольш твар нябожчыка, і яны з незразумелай палёгкай пачалі дружна гарнуць зямлю. Сцёпка гроб рукамі, Брытвін ботам, Міця, таксама ўкленчыўшы, аберуч выграбаў з травы рэшткі накапанай зямлі. Вогнішча іх ужо дагарала, ледзь-ледзь свецячы па кустоўі дробнымі язычкамі агню.

- Ну, так! Даканчвай, а мы ў агонь падкладзём, - выціраючы аб траву рукі, сказаў Брытвін. - Дзмітры, ану, пашукай дзе дравішак!

Міця адразу ж падаўся на ўзровак, а Сцёпка тым часам завяршыў магілку.

На палянцы стала пуста і ціха, яна нібы папрасторнела цяпер без каня, без Маслакова, з невялічкім вогнішчам на краі, ля абрыву. Зрабіўшы ўсё, што можна было зрабіць у адносінах да мёртвага, Сцёпка адчуў сябе такім адзінокім, такім няшчасна-непатрэбным на гэтым свеце, як, мабыць, не адчуваў ніколі. Адзінае, што тут яшчэ вабіла яго, быў касцёр, хлопец падышоў да Брытвіна.

- Што, да ранку тут будзем?

- Пабудзем, да.

- А потым?

- А потым паспрабуем грымнуць, - сказаў Брытвін, стоячы на кукішках і зграбаючы ў доле недагаркі, якія ён кідаў у вогнішча. Спакваля на вуголлі весела заскакалі агеньчыкі, зблізку асвятліўшы сухі, нібы прасмалены, твар ротнага.

- Як гэта - грымнуць?

- Пабачыш як. План адзін маю.

Сцёпка пачакаў яшчэ, не дапытваючыся, думаў: скажа сам. Але той не сказаў, затаіў, што ўвогуле было ў ягоным характары, і Сцёпка змоўк, не ведаючы яшчэ, ці можна прымаць усур'ёз трохі саманадзейныя словы гэтага чалавека.

- Такі план маю, што ахнеш! Калі выгарыць, вядома.

Сцяпан паныла моўчкі сядзеў, спадылба паглядаючы на Брытвіна і баючыся яшчэ паверыць яму.

Міця нешта бавіўся з галлём - спярша чуваць было яго шастанне па ўзроўку, а потым і яно сціхла.

Сцяпан паглядзеў туды, услухаўся і трохі занепакоена сказаў:

- Каб не збег. Паглядзець мо?

- Не збяжыць. Цяпер ён да нас як прывязаны.

Сцяпан не паверыў: так ужо і прывязаны! Зрэшты, наўрад ці ён пабяжыць, пакінуўшы тут каня. І сапраўды, неўзабаве наверсе зашумела, зашорхала, і з цемры паказаўся сам Міця, які валок звязанае вяроўкай бярэма галля.

Брытвін з трохі не ўласцівым яму ажыўленнем узрадаваўся:

- От здорава! Цэлы воз! Такі і на кані не ўвязеш!

Міця быў яўна падахвочаны пахвалой: маленькі і з выгляду трохі слабаваты на свае пятнаццаць год, ён, аднак, аказаўся надзіва старанным у працы. Люба было глядзець на вялізнае бярэма, якое ён па-гаспадарску ўпарадкаваў побач і акуратна зматаў вяроўку.

- На каня я воз во які кладу! - Падняў ён руку вышэй свайго росту.

- Харашо, харашо. А каня як завуць?

- Каня? Рослік. Двухлетак ён, малады яшчэ, але ладны конік. А разумны які!

- Ну?

- Яй-богу. Вот ад'едзеш куды, схаваешся, гукнеш: «Рослік! » - і бяжыць. А то як заржэ!

- Глядзі ты! Як дрэсіраваны.

- Ды ну! Хто яго дрэсіраваў. Гэта ж я ўсё даглядаю яго: і кармлю сам, і на выпас. У начлег тым летам вадзіў. Тады яго ў мяне немцы забралі. Раніцай вяду з Круглянскага лесу - едуць тры. Вярхамі. Ну і забралі. Думаў - усё: прапаў мой Рослік. Аж прыбягае ўночы. Чую - хрумстае хтось. Выходжу - ходзіць па двары, траву скубе. І повад парваны.

- Да, замячацельны конь, - пагадзіўся Брытвін.

- Ага. Толькі стрэлу баіцца. Ляціць тады як шалёны.

- Ну, хопіць хлапатаць - ідзі сядай, пагрэемся.

Брытвін зняў з палак, мусіць, прасохлы ўжо шынелак і разаслаў яго на зямлі.

- Сядай во побач.

Відаць, ужо асвоіўшыся з партызанамі і прывыкшы да ягонай увагі, Міця задаволена апусціўся на край шыняля, цягнучы да агню скарэлыя рукі. Касцёр добра гарэў, пырскаючы іскрамі, наўкола стала горача, мокрыя рукавы хлопцавай світкі хутка задыміліся парай. Прытомлены і апанураны Сцёпка самотна сядзеў збоч, вяла слухаючы ажыўлена-сцішаную гаману хлапчука. Твар у яго быў маленькі, нейкі сцяты, нібы дзіцячы кулачок, з якога піпкай тырчаў кірпаты нос. На доўгай худой шыі з-пад світкі выглядваў зашмальцаваны зрэбны каўнер сподняй кашулі.

- Слухай, а ты даўно малако возіш? - зацікаўлена пытаўся Брытвін.

- Ды з вясны. Як лёд сышоў. Спярша Кузьмоў зяць вазіў, але яго ў паліцыю забралі.

- За што забралі?

- А хто яго ведае. За нешта забралі.

- А тыя, што на мосце, цябе ведаюць?

- Паліцаі? Ведаюць, а як жа. Усё чапляюцца: «Водкі прывязі». Асобенна гэты Роўба, што забілі.

- Гарэлкі, значыць? - раздумна перапытаў Брытвін. - Ну, на гарэлку яны любіцелі. А малако не чапаюць?

- Малако? Не-а, - сказаў Міця і сарамліва заўсміхаўся сваім маленькім тварам. - Я ў тое малако курачае... сыплю.

- Ды ну? Дзеля тлустасці, мусіць? Маладзец!

Усхапіўшыся ад нейкае думкі, Брытвін сеў, саўгануў на патыліцу пілотку. І раптам сказаў:

- Слухай, Міця! Хочаш мост узарваць?

Сцёпка ад здзіўлення ажно разявіў рот, але тут жа падумаў: а праўда ж - хлопец мог бы памагчы.

Міця, з выгляду ніяк не ўражаны пытаннем, адказаў проста:

- Хачу. Каб было чым.

- Ну, гэта не твой клопат. Гэта мы пакумекаем. Калі ўдасца - табе найперш аўтамат. Той вунь, з якім Барада паехаў. Далей - правіцельсцвенная награда. Ну, і ў атрад, вядома, з ходу. Я сам парэкамендую.

Уважліва выслухаўшы Брытвіна, Міця ўздыхнуў:

- Мне галоўнае - каб у партызаны. Бо мне ўжо дома неяк...

- Гэта чаму?

- Бацька ў мяне... Ну, і хлопцы ў вёсцы чапляюцца. Мне ўжо неяк стала.

- Так, зразумела. За атрад я ручаюся. Цяпер слухай мой план. Проста і ясна, - сказаў Брытвін, але змоўк і раздумна паглядзеў у агонь. - Хаця ладна. Хай Даніла прыедзе.

«Ну, што ж, хай прыедзе. Калі толькі ён прыедзе? » - расчаравана падумаў Сцёпка, які ўжо быў сабраўся пачуць план Брытвіна. Але той усё таіўся. Размова іх на тым перарвалася, стала ціха. Ад нерухомасці Сцёпку пачала адольваць дрымота; вогнішча прыгравала твар і грудзі, а спіна стыла. Мусіць, нацёртыя мокрым каўняром, разбалеліся скулы на шыі. Сцёпка падумаў, што трэба б перавязаць шыю, ды не было чым. Боты і калені яго былі ў гразі, рукі таксама. Каб прагнаць дрымоту, хлопец устаў.

- Ты куды? - зірнуў праз дым Брытвін.

- Рукі памыць.

Унізе, у беспрасветнай цемры кустоўя, булькатаў ручай. Шукаючы здатнай для спуску мясціны, Сцёпка пайшоў краем прагаліны, пакуль не наткнуўся на свежую, сіратліва аціхлую пад алешнікам магілку і аж схамянуўся ў недаўменні. Ён усё не мог зразумець чагось і ніяк не мог прыняць гэту недарэчную смерць. Сённяшняе яму здавалася благім сном. Хацелася спадзявацца, што міне ноч і ўсё зробіцца, як раней: ён убачыць жывога, рухавага Маслакова, які з добрай усмешыстасцю зноў гукне яго на заданне.

Хапаючыся за галлё, Сцёпка збег да ручая. Тут было сыра і холадна. Нешырокі струмень вады старанна мыў слізкія камяні. Хлопец намацаў нагой адзін і схіліўся.

Не, Брытвін не такі. Ён жорсткі, нядобры, але справу сваю, здаецца, ведае. Гэты не спудлуе, думаў Сцяпан, апускаючы ў сцюдзёную ваду рукі. Яму надта хацелася цяпер удачы; пасля перажытага ён гатовы быў на новыя пакуты і рызыку, абы толькі расквітацца за іх няўдачу.

 

 

Даніла прыехаў ранкам, калі праяснілася неба над ровам і ў галлі навакол ваўсю ішла світальная птушыная гамана: цвіркатанне, цоканне, посвіст. Акрай прагаліны ў шэрай кучы вуголля ледзь цепліўся агеньчык, стала халаднавата; яны ўсе трохі падрамалі. Аднак конскі фыркат на ўзроўку адразу прагнаў дрымоту. Угары зашастала кустоўе, пачулася знаёмае глухое: «Стой ты, халера! » Дзеручы нагамі зямлю, з шэрых прыцемак на палянку ссунуўся рыжы запараны Рослік.

Міця першы падскочыў да каня, залашчыў яго, гладзячы па шыі. Рослік задаволена стрыг вушамі і касіў блішчастае вока на Сцёпку. Сцёпка, аднак, глядзеў на ўзровак, як і Брытвін: там, няпэўны яшчэ ў ранішнім паўзмроку, цяжка варушыўся Даніла. Спярша яны не зразумелі, чаму ён затрымаўся, а пасля ўбачылі ў яго, сагнутага, нейкую ношу ў руках.

Злезшы з узроўка, Даніла цяжка асадзіў долу амаль пад завязку напханы чымсь мех.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.