Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Ваўчыная яма 1 страница



Адзінокая постаць чалавека то зьяўлялася, то зьнікала ў негустым бярозавым падлеску, сярод высока памкнутых да неба хвояў. Гэта быў малады хлапец у зашмальцаваным салдацкім бушлаце, зь зімовай шапкай на галаве. З-пад расхрыстаных каўняроў ягоных апратак на грудзях выглядалі сінія палоскі заношанай цяльняшкі. Схуднелы хлапечы твар нёс выраз немалога клопату, амаль спалоху. Салдат ішоў нетаропка, часта спыняючыся, часам мяняючы напрамак хады, штораз азіраючыся - назад і ўбакі.

Хваёвы бор між тым поўніўся ветраным шумам, які несьціхана мкнуў з вышыні і глушыў усе іншыя лесавыя гукі. Зрэшты, салдат ужо навучыўся ў звыклым пошуме лесу лавіць які іншы гук, ягоны слых зыўжды быў насьцярожаны. Але ўнізе пад хвоямі, сярод маладога падлеску было амаль ціха, адно далікатна трапятала сьвежая лістота бярозак. Дол быў яшчэ па-веснавому голы й шэры, хіба там-сям зелянеў чарнічнік ды, як заўжды на грудках, шарэлі лапіклы беламошніку, ступаць па якім было мякка, бы па дыване ў пакоі. Зрэшты, па дыване салдат не хадзіў, - адзіны дыван у іхнай кватэры чамусьці вісеў на сьцяне. Ды й ботаў ён не насіў да войска, а гэтыя, як надзеў - цяжкія кірзачы зь нягнуткімі халявамі, - дык і не зьнімаў другі год. І ў сухмень, і ў слату яны былі на нагах - ня дзіва, што левы пачаў ужо «прасіць кашы». Хаця што боты - прахудзіліся, пачалі ірвацца ягоныя штаны, вайсковыя «хабэ», залапленыя на каленях, на адным ужо паявілася дзірка. Вядома ж, усё тое было кепска і, мабыць, іншы раз прычыніла б салдату клопату. Але не цяпер. Цяпер яму дапякаў клопат іншага кшталту - салдат хацеў есьці.

Гэты клопат і вёў яго па хвойным грудку, прымушаў узірацца долу і ўгару, у вецьце дрэваў. То быў ягоны канкрэтны інтарэс: у доле маглі зьявіцца грузды, учора ён іх знайшоў ажно тры і зьеў. А тады спалохаўся ад думкі, што можа атруціцца й сканаць тут, у гэтай лесавой глушчэчы. Аднак учора абышлося - трохі пакруціла ў жываце й аціхла. Значыць, можна харчавацца грыбамі, падумаў ён, абы шэнціла іх знаходзіць. Яшчэ ён імкнуўся згледзець у гольлі птушынае гнязьдзечка - дробныя лесавыя птушкі павінны ўжо пачаць несьціся. Калісьці малыя падчас канікулаў у бабулі на вёсцы апаролі на ўзьлеску малое гнязьдзечка, зь якога выкаціліся чатыры шэранькія яечкі. Два зь іх разьбіліся, а два ён асьцярожна прынес у хату. Бабуля насварылася: нашто пабурылі птушынае жытла, Бог пакарае. Тады ён сапраўды пашкадаваў: нашто было бурыць? Іншая справа цяпер, калі даўно ўжо няма бабулі, а Бог, падобна, зусім адвярнуўся ад яго. А галоўнае - ён добра спазнаў, што голад - сапраўды ня цётка.

Ні груздоў, ні гнёздаў у гольлі, аднак, не трапляла. Не было бачна і птушак, ня чулася іхнага сьпеву, і салдат падумаў, што, можа, гэтак толькі ў бары. Мабыць, варта было павярнуць з грудка ўніз, у сыраваты алешнік на беразе рэчкі. Учора ён хадзіў там, праўда, таксама з нулявым вынікам. Але ўчора яго рана выгнаў адтуль веснавы дожджык, ад якога хлопец схаваўся пад баравымі шатамі. У каторы раз за вясну хвоі ратавалі яго ад дажджу й давалі прытулак ноччу, але харчу тут не было. Пад хвоямі не расло нічога, дол быў густа ўсыпаны сухой ігліцай, па якой поўзалі веснавыя кузуркі. Уначы, як ён спаў на грудку, пад ягоныя апраткі налезла мурашоў, і хлопец усё раньне цёр лыткі, каб ад іх пазбавіцца.

Сыраватыя алешнікавыя мясьціны ўвогуле ён не любіў, і за час свайго лесавога блуканьня звычайна абмінаў іх. Нашмат весялей было брысьці борам, дзе стромкія хвоі зачароўвалі сваім выгоністым хараством, асабліва ў ціхманы сонечны надвячорак, калі іхныя вершаліны ўрачыста зьзялі ў золаце нізкіх промняў. А на ўзьлеску ці дзе на прагаліне часам трапляла якая старая сукаватая хваіна з такім крывулякам-суччом, што па-хлапечы карцела ўзьлезьці на яе і не зьлязаць да ночы. Першы раз салдат трапіў у вялікі хваёвы лес на выезьдзе, у час манэўраў, як толькі прыехаў з «вучэбкі» ў полк. Аўтамабілі сувязі тады паставілі пад хваёвыя шаты, не спатрэбілася й нацягваць сеткі. Салдат працаваў на радыёстанцыі і праз расчыненыя дзьверы тры дні й начы дыхаў смалістым водарам бору і слухаў сьпевы птушак. Шкада, вучэньні неўзабаве скончыліся, а затым усчалося такое, пра што ня хочацца і ўспамінаць. Ды й забыць немагчыма.

Алешнік над рэчкай ваўсю зелянеў сакоўнай лістотай, мусіць, вільгаці тут хапала. У доле праз ссохлы быльнёг прабіваліся галінастыя калівы крапівы, настырчыліся сухія дубцы маліньніку. У ім выразна прыкмячалася закінутая ад леташняга сьцежка. Ну вядома, сьцежка кіравала па беразе, уздоўж рэчкі, якая круцілася побач. Салдат засьцярожліва пайшоў па ёй, асабліва ня дбаючы, куды, - сьцежкай заўсёды карцела некуды ісьці. І тады яго чуйны на пахі нюх злавіў у паветры гаркаваты пах дыму. Салдат спыніўся. Ну пэўна, то быў дым ад лесавога вогнішча - дзесь гарэў касьцярок. А можа, тое неслася з поля, на момант усумніўся салдат. Але не, поле ўсё ж было далекавата адсюль, за балотам, вёскі там ці ня ўсе ўжо папалілі-панішчылі. Гэта ж поруч з зонай. Ці, можа, таксама ў зоне - не зразумець. Казалі, на мяжы з зонай нядаўна яшчэ быў дрот на кольлі, але дрот у шмат якіх месцах зьнялі, парэзалі - на продаж ці што? Міліцыя часам патыкаецца сюды на сваіх «Уазах», але ў міліцыі бракуе бэнзыну, а галоўнае - каму хочацца лішні раз лезьці ў атамнае пекла? Не хацелася лезьці й салдату, але во мусіў. Калі яго ў хлеўчуку на хутары ледзьве не апарола міліцыя, ён болей рызыкаваць ня стаў. Ды й гаспадар, самасёл-хутаранец сказаў: трэба табе ісьці адсюль, хлопец. Што ж, ён разумеў і не хацеў ліха ні сабе, ні старому, якому падзякаваў за тое, што той прытуліў на тыдзень у сьцюжу. І ён пайшоў, куды глядзелі вочы. Вочы і прывялі яго ў зону.

Праўда, магло так стацца, што ён сам пакараў сябе нават болей строга, чым гэта зрабіў бы вайсковы трыбунал. Усё ж зона - ня рай, калі адсюль усіх выселілі, калі сюды баіцца патыкацца міліцыя, калі ў газэтах не перастаюць пісаць пра цэзій ды стронцый, якімі засыпана навакольле. Увесь сьвет устрывожаны. Захад гоніць гуманітарную дапамогу, лякарствы, вывозіць дзяцей на аздараўленьне. Дык то з бліжніх да зоны паселішчаў і вёсак, а ён во ўлез у самае пекла. Праўда, і ён напачатку баяўся, думаў, захварэе. Але за паўтара месяцы нічога кепскага ў сабе не заўважыў, нават не прастудзіўся ні разу, пачуваўся быццам нармальна. Калі б толькі было што есьці. Ды й стары хутаранец Карп, які з хутара нікуды не патыкаўся, за ўсе гады пасьля аварыі пачуваўся, казаў, можа лепей за каго з маладых. Бо ня піў - гэта галоўнае. А гарэлка, яна горш за радыяцыю для здароўя і без пары губіць мужчынаў. Харчу ж у хутаранца хапала - была карова, сьвінчо, дзясятак курэй ды сабачка Кудлацік, - і ўсе жывыя, здаровыя. Карп сваім прыкладам здорава абнадзеіў салдата, асабліва як сказаў, што і па суседзтву, за шашой таксама нехта жыве (чутно, як брэша сабака), ды й за балотам у былой вёсцы таксама паявіліся самасёлы, - жывуць без электрычнасьці, крамы і ўлады. Што без улады - дужа спадабалася салдату, як Карпу - што без калгасаў. Ніхто, мабыць, ім не дакучае - не памагае, але й не замінае, гаспадар, як хочаш. Во, дажыліся мужыкі, век пра тое ня марылі.

Так, можа, яно й добра, думаў салдат, можа, і няблага старым. Але во маладыя, сыны і ўнукі таго ж Карпа, усе паразьехаліся, ніхто на хутары не застаўся. Значыць, чагосьці баяцца. Значыць, ёсьць чаго апасацца...

Гэткія думкі ня першы ўжо раз лезьлі ў затлумленую галаву салдата, можа, яны адтуль і не вылазілі. Ён і баяўся, і супакойваў сябе, і меркаваў і так, і гэтак. Але што ён мог зрабіць лепш, куды падацца? Без дакумэнтаў, бяз грошай. Пешшу ці далёка дойдзеш, а на першай жа аўтобуснай станцыі яго возьме міліцэйскі патруль. Дома яго ніхто не чакаў; мачаха, калі б дазналася пра яго, адразу б пабегла ў міліцыю ці ў ваенкамат - гэтая толькі й чакала, каб яго пасадзіць. Сябры? Пасьля таго, што здарылася, якія маглі быць сябры?

Крывулякай-сьцежкай у кустоўі салдат прайшоў уздоўж рэчкі, асьцярожна выглянуў з-за куста на бераг. Усюды было пуста, ды й дымам быццам перастала патыхаць, - можа, перамяніўся вецер? Тады ён зноў павярнуў ад рэчкі да хвояў і, узьлезшы на пагорак, апусьціўся на падушку мяккага белага моху. Было цёпла, нават угрэўна, але свой скарэлы бушлат салдат не зьнімаў ніколі -ні ўдзень, ні ўначы. Тут яго адразу апанавалі мурашкі -забегалі, замітусіліся па абдрыпаных халявах ботаў, мабыць, дзесь блізка быў іх мурашнік. Глядзі, якія порсткія, падумаў салдат, і ніякая радыяцыя іх не бярэ, прыстасаваліся за мільёны гадоў. Во, каб так чалавек! Але чалавек, мабыць, ніколі не прыстасуецца да гэтай атамнай пагібелі, - ня той арганізм. Добра гэта ці не, салдат ня ведаў. Можа, і добра, інакш чалавек можа ператварыцца ў мураша... А калі не ператворыцца і адкіне капыты - хіба так лепш? Вунь маманты не прыстасаваліся і ўсе пагінулі. Цяпер толькі косьці выкопваюць зь вечнай мерзлаты. Можа, такі лёс напаткае і людзей...

Але маманты ня самі сябе пагубілі, а нейкія аб'ектыўныя перамены ў сьвеце. А чалавек? Сам - сябе.

Во даў Бог чалавеку розум - на ўласную згубу.

Як салдат пераставаў думаць пра ежу, тады яго пачынала адольваць дрымота, і ён быў гатовы заснуць. Удзень спаць, аднак, баяўся. Хоць тут, у лесе, нікога яшчэ не спаткаў, апроч хіба якой дробнай жывёліны - вожыка ці зайца. Людзей тут не было. Сьпярша тое абнадзейвала салдата, але затым пачало нават палохаць - усё ж ці не дарма ён сюды прыдыбаў? Мусіць, людзі ўсё ж адчувалі нешта нядобрае. Зноў жа адзінота пачала яго прыгнятаць, і чым далей ён тут бадзяўся, тым больш. Ды што зробіш? Розумам ён даводзіў сабе, што інакш нельга, што тут ён не па ўласнай волі, што лепш быць аднаму. Але, здаецца, і аднаму было неяк, не трывала душа. Во ў чым загвоздка.

Трохі паляжаўшы на сугрэве, салдат зноў адчуў подых дыму і на гэты раз затрывожыўся не на жарты. Хутка падхапіўся, паўзіраўся ў бор, у алешнік унізе. Затым, памеркаваўшы, зноў паціху пайшоў да рэчкі. Здалося, дымам павеяла менавіта адтуль.

Дзе сьцежкай, а дзе наўпрост праз хмызьняк салдат выйшаў на нешырокі ўзьбярэжны лужок, абышоў яго па краі алешніку. Лужок быў пусты. Блізка да рэчкі зноў падступаў абрывісты бераг з хвоямі, і ён пайшоў паблізу над ім, каб бачыць бераг. Яшчэ зводдаль на рачным павароце згледзеў нейкае жытло ў абрыве -цёмны лаз у зямлянку-нару, прыкрыты зьверху жардзём. На канцы адной жардзіны матлялася-сохла нейкая ануча, і наводдаль, на самым беражку лена дыміў касьцярок, дым ад якога, мабыць, і патрывожыў салдата.

І тады трошкі далей на беразе ён убачыў чалавека.

То быў невялікі мужчына ў кухвайцы, у ссунутай на патыліцу зімовай шапцы, ён махнуў у паветры белым, мабыць самаробным вудзільнам, зьнерухомеў на колькі сэкундаў і дакладным рухам выкінуў на бераг бліскучую рыбіну. Рыбіна, як бачна было здаля, надарылася ладная, не якая там уклейчына, - салдат тое вызначыў пэўна. У гэты момант чалавек таксама ўбачыў салдата, які ад нечаканкі не пасьпеў куды захінуцца. Мусіць, трэба было бегчы адсюль, але тая ўдалая рыбіна ў чужых руках нібы зачаравала згаладнелага хлопца, і ён знарок паволі пайшоў да рыбака.

- Здрасьце...

Рыбак не адказаў і нават не памкнуўся да свае рыбіны, якая білася ў траве на беразе. Утаропіўшыся ў незнаёмца, той мусіць, вывучаў яго, таксама ня ведаючы, як паставіцца да ягонага тут зьяўленьня.

- Лешч? - запытаўся салдат, абы не маўчаць.

- Падлешчык, - скупа адказаў рыбак і рашуча ўскінуў да яго аброслае шчэцьцю падбародзьдзе. - А ты скуль тут узяўся?

- Усё адтуль, - няпэўна адказаў салдат і няўлад са сваёй асьцярогай сеў непадалёк у доле. Чалавек яшчэ паўзіраўся ў яго, штось мяркуючы.

- А ты гэта - не зь міліцыі?

- Не-а. З арміі.

- Дэмабілізаваны?

- Дэзэрцір, - раптам сказаў салдат і ўнутрана схамянуўся. Ніколі яшчэ ён не вымаўляў услых гэтага слова, якое цяпер неяк само зьляцела зь языка.

Рыбак, відаць было, шчыра зьдзівіўся, аж хакнуў.

- Во гэта дзела! Першы раз бачу дэзэрціра.

Ён спрытна зьдзеў з кручка трапяткога падлешчыка, кінуў у траву, дзе, як заўважыў салдат, ужо ляжала некалькі раней злоўленых рыбін. Чалавек гаварыў гучна, відаць, з намерам паставіцца да хлопца строга, можа нават сурова, - усё ж ён быў куды старэйшы. Але салдат цяпер ня дужа на тое зважаў, ён ужо адчуваў, што рыбак не такі й суровы, як хоча здавацца.

- А дайце я, - раптам прапанаваў хлопец, як чалавек узьдзеў на кручок новага белага чарвяка. Рыбак трохі змоўчаў, а затым рашуча сунуў у ягоныя рукі шурпатае ляшчынае вудзільна.

- На. Калі ўмееш.

- Некалі лавіў...

Чалавек адышоўся на сушэйшае і сеў на беразе.

У салдата адразу клюнула, і яшчэ празь дзьве паклёўкі ён выкінуў на бераг зноў такога ж, як ранейшы, ладнага падлешчыка. Рыбак ускочыў, зьняў рыбіну, пасунуў да яго бліжэй берасьцянку з чарвякамі.

За ня дужа даўгі час салдат выкінуў у траву яшчэ трох падлешчыкаў, і рыбак аж захваляваўся.

- Ну, дэзэрцір, ну малайчына! Значыць, рыбацкае шчасьце маеш. Я тут з раніцы тры штукі, а ты за пятнаццаць хвілін чатыры. Ну-ну! Давай лаві болей...

Салдат сам дзівіўся ў душы - не такі ўжо ён і рыбак. Як і ўсе, некалі вудзіў у дзяцінстве, а тут такая ўдача! Пасьля, добра, праўда, счакаўшы, зьняў з кручка яшчэ адну ўклейчыну. Але затым у рыбы, мабыць, настаў перапынак, і колькі ён ні кідаў паплавок у тое ды іншае месца - нічога не ўзялося.

- Ладна, - сказаў нарэшце рыбак. - Трэба гэту засмажыць.

- Дзе? - салдат праглынуў сьлінькі.

- На вогнішчы.

- А радыяцыя?

- Ну, і хрэн зь ёй, радыяцыяй. Смачней будзе, - сказаў рыбак і ўпершыню з прыязнасьцю засьмяяўся, паказаўшы шчарбатую сківіцу. Салдат зь цікаўнасьцю ўгледзеўся ў ягоны густа аброслы твар, - мабыць, чалавек быў яшчэ не стары, але ўжо моцна пакамечаны жыцьцём, можа нават хворы. Сабраўшы ў нейкую анучу рыбін, ён панёс іх да касьцярка, дымок ад якога ціха курэў над берагам. Салдат пабрыў сьледам - усё ж ён адчуваў нейкае сваё права на тых падлешчыкаў.

- Запалак няма? - запытаў на хадзе рыбак.

- Няма.

- Гэта горш. У мяне таксама скончыліся. Так што дуй за суччом.

Чалавек пачаў разграбаць вугольле, а салдат узьлез на невысокі абрыў і пайшоў у бор. Паблізу, аднак, сучча ў доле было малавата, і ён змушаны быў адысьці далей, у хвойнік. Неяк ён быў нават рады, што натрапіў на гэтага рыбака, што злавіў падлешчыкаў і цяпер, можа, збольшага спатоліць голад.

Праз колькі часу салдат прывалок важкае бярэма сушняку, кінуў ля вогнішча. Рыбак ашчадна перагортваў прысак - пёк рыбіны. Нейкі час яны засяроджана маўчалі, напружана чакаючы самага жаданага моманту, які, аднак, трохі адкладваўся.

- Даўно тут? - запытаўся рыбак.

- Другі месяц.

- Ого! - рыбак уважліва паўзіраўся ў хлопца. - І цябе не скруціла?

- Ды быццам не...

- Тады й ня скруціць, - упэўнена аб'явіў рыбак. - Калі за месяц ня ўзяла, дык і ня возьме. Яна, ці ведаеш, ня кожнага бярэ.

- Хто ведае, - ціха мовіў хлопец.

- Я ведаю. Я тут ужо тры месяцы. І ні чарта: загартаваны арганізм!

- Як жа вы яго загартавалі?

- Гарэлку піў.

- Зразумела, - сказаў салдат.

- Столькі выпіў, што ніякая халера не бярэ. Так што й ты ня трусь.

Салдат не пярэчыў і не пагаджаўся - трошкі падзівіўся самаўпэўненасьці рыбака, але хто ведае. Можа, і праўда, што гарэлка загартоўвае - яму лепей відаць. Салдат жа гарэлкі выпіў няшмат і таму наўрад ці мог лічыць сябе загартаваным.

Яны сядзелі так - болей моўчкі ля гарачаватага цяпельца, якое то ўспыхвала невялікім полымем, то пачынала дымна курэць, абкурваючы іхныя твары. Салдат ніякавата адварочваўся, але ня зрушваў зь месца. Рыбак жа, амаль не рэагуючы на дым, дбайна паварочваў і агартаў прысакам рыбіны.

- Во гэтая ўжо, можа, і гатовая. Перакладзем яе сюды, а гэтага бліжэй да агню, во... Жару тут ня надта й патрэбна, каб не згарэла...

Нарэшце ён выграб адну і, абпякаючы запэцканыя пальцы, трохі абцёр зь яе попел.

- Ну во! Не падсмажылася - падгарэла. Але есьці можна.

Выграбшы яшчэ адну, не ўтрымаў і кінуў далей у траву.

- Частуйся. Лепшай ня будзе.

Рыбіна была дужа гарачая - ня ўзяць у рукі, салдат раскрышыў на траве рэшткі наліплага на ёй вугольля і пачаў аддзіраць касьцістыя кавалачкі. Увогуле было смачна, ён зжаваў усё, што можна было зжаваць, старанна абсмактаў калючы хрыбет. Але было да роспачы мала, і тое зразумеў рыбак.

- Бяры яшчэ адну. Болей ня дам, - строга абвясьціў ён.

Што ж, і за тое дзякуй, падумаў салдат, маючы, аднак, надзею, што рыбу яны ўсё ж падзеляць пароўну. Але рыбак і сам зьеў толькі дзьве і раздумна памарудзіў, штось вырашаючы.

- А ладна! Яшчэ па адной. Астатняе ўраньні.

Зьелі й яшчэ па адной і зноў не наеліся. У прысаку засталіся тры апошнія, і рыбак прыняў непазьбежнае рашэньне:

- А чорт зь ёй! Што пакідаць... Яшчэ да ранку не дажывеш - радыяцыя!

Менавіта такога рашэньня й чакаў салдат. Хіба што недарэчны напамінак пра радыяцыю непрыемна шкрабануў ягоныя адчуваньні, але ён хутка на тое забыўся. Не ўстаючы ад цяпельца, яны зьелі ўсе рыбіны; рыбак дбайна загарнуў вугалькі, пакідаў у іх недагаркі.

- Ты паначуеш ці пойдзеш? Хаця куды табе йсьці, праўда? -папытаўся ён проста, нібы даўні знаёмы. І салдат нечакана для сябе гэтак жа проста адказаў:

- Праўда.

- Ну і хай! Тут такая справа - трымаць агонь. Згасьне -будзем сырую рыбу жраць. Паняў?

- Ды ўжо ж, - болей бадзёра адказаў хлопец, адразу прыпамятаўшы зьмест адной кнігі, якую чытаў у школе. Кніга называлася «Барацьба за агонь». Тады яго надта ўразілі падзеі, што адбываліся ў першабытным племені, як у таго згас агонь. Цяпер ім двум пагражала нешта падобнае.

- Цябе як зваць? - крыху падабрэлым голасам запытаўся рыбак.

- Ды салдат проста, - падумаўшы, адказаў хлопец. Яму зусім не хацелася называць сябе, а хлусіць таксама ён ня меў вялікай ахвоты.

- А я бамж проста, - у тон яму адказаў рыбак і засьмяяўся.

Што ж, хай будзе так, падумаў салдат. Адзін дэзэрцір, другі бамж, - сышлася салодкая парачка, зьедліва падумаў ён.

- Такія справы, - няпэўна закругліў кароткую гутарку бамж і выцягся на траве. З-пад расшпіленай ватоўкі зь дзіравым подкладам агаліўся ягоны запалы жывот увесь у нейкіх сіняках і больках, і салдат зважліва адвёў позірк. Падумаў, аднак, што цяпер і ў яго ня лепшы. Паляжаўшы крыху, бамж зноў падняўся, сеў на траве.

- Не паелі - толькі жывот разгнявілі. Знаеш, салдат, бяры вуду і закідвай. Можа, і яшчэ возьмецца...

Салдат паслухмяна ўзяў з долу ня надта зграбнае вудзільна з накручанай на яго жылкай і пайшоў на ранейшае месца, дзе нядаўна клявала.

- І глядзі мне кручок! - гукнуў ззаду бамж. - Адарвеш -галаву скручу!

Ды ўжо як-небудзь, адказаў яму ў думках салдат.

Увесь надвячорак ён кідаў у невялічкую затоку выразаны з хваёвай карыны паплавок і ўсё марна - клёву не было. Тады ён перайшоў у іншае месца - далей за трысьнёг, ніжэй па цячэньні. Але й там ў яго ні разу ня клюнула. Надвор'е тым часам усё лепшала, зрабілася зусім цёпла, над вадой таўкліся клубкі машкары. Вецер суняўся, круглявая рачная затока, бы цьмянае люстэрка, адбівала нязыркае хараство лесавога берагу, за які паволі заварочвала рака. Нізка навіслае над вадой кустоўе лазьняку на тым беразе клала на ваду глыбокі люстраны прыцемак, дзе, напэўна, вадзілася рыба. Можа, нават ляшчы, калі ў яміне, падумаў салдат. Але як перабрацца туды, каб не разьдзяваючыся, разважаў ён, губляючы цікавасьць да вуды. Было ціха й лагодна, і ўжо ня верылася ў тую пагрозу, якая гадамі навісала над краем, якой гэтак баяліся. Але, можа, дарма? Можа, той страх перабольшаны? Неяк жа жыве каля ракі бамж і нават фанабэрыцца - загартаваны! А можа, ён гэтак, каб ня думаць пра горшае й падбадзёрыць сябе? А заадно й яго таксама.

Як сонца схавалася за вершаліны хвояў, салдат выкінуў з вады невялічкага акунька - і ўсё. Болей да самага зьмярканьня нічога ў яго не ўзялося. На вадзе ўжо цяжка было ўгледзець нерухомы паплавок, і хлопец зматаў вуду.

- Ну-у... А я думаў! - расчаравана сустрэў яго бамж, лежачы ля цяпельца. - Значыцца, такое тваё шчасьце...

- Не клявала зусім.

- Гэта яна як калі. Неяк за раньне я вывудзіў шэсьць штук. А пасьля два дні ніводнай. Проста злосьць бярэ. Але й жраць хочацца...

- А болей тут - нічога? - папытаўся салдат.

- А што ж тут яшчэ? Грыбоў, ягад няма - яшчэ рана. Зьверына ўся сышла прэч. Людзей адсялілі. Што беглым бамжам застаецца?

Так, мусіць, няшмат застаецца беглым бамжам-дэзэрцірам, згодна падумаў салдат. Але што можна было зрабіць, каб здабыць харчу, ён ня ведаў, як ня ведаў таго й бамж. Зрэшты, той, мабыць, і ня надта клапаціўся пра ежу.

- Тут, знаеш, такое дзела: менш будзеш есьці - даўжэй пражывеш, - не зразумець, жартам ці насур'ёз зазначыў ён. - Менш радыяцыі спажывеш. Так што нам голад карысны.

Не, з тым салдат ня мог пагадзіцца, - ён і так згаладнеў дарэшты, а сілы ад таго не паболела, - паменшала, гэта пэўна. І ён усё думаў, дзе каб што зьесьці. Але цяпер ля рэчкі зьявілася надзея, і ён не хацеў нікуды адсюль ісьці.

Як стала цямнець, бамж падняў з долу вудзільна і адвязаў ад жылкі кручок, які акуратна зачапіў за падклад кухвайкі.

- Трэба берагчы, а то... Спаць хочаш?

- Ня дужа, - адказаў хлопец.

- Дык пільнуй агонь. А я кімарну пару гадзін.

Бамж на кукішках палез у цесны лаз свае зямлянкі ў абрыве, а салдат застаўся ля касьцярка.

Ён патроху падкладваў ў вагонь сухія хваёвыя палкі, санлява сачыў, як паволі, але настойліва між дрэваў тачыліся, большалі, убіраліся ў сілу, каб затым пачаць мізарнець, лянівыя языкі полымя. Тады зноў трэба было падкласьці. Часам на хлопца шугала дымам - ад подыху ветру з рэчкі. Наўкола панавала цемра; чорнай рачной затокі адсюль было ўжо й ня згледзець. Адно няроўна сьвіціўся - то ярчэў, то цямнеў - невысокі пяшчаны абрыў з нарой побач. Бор уначы амаль перастаў шумець, і навакол зрабілася аж занадта ціхмана.

На хлопца зноў абвалілася звыклае адчуваньне адзіноты, і ён пачаў думаць-меркаваць пра сваё незайздроснае становішча. Зрэшты, думаў ён пра яго заўсёды, быццам намагаўся штось вырашыць. Ці што зразумець. Але ні таго, ні гэтага ніколі да канца не ўдавалася, ён ня мог выкараскацца зь нейкага разумовага тупіку, куды яго загнала жыцьцё. Ці, можа, загнаў сябе сам. Шмат было незразумелага ў ягоным недаўгім жыцьці, але адно было пэўна, - яму не пашчасьлівіла нарадзіцца дужым. Нельга сказаць, што слабаком, але й ня дужым, - такім, каб уласнай сілай абараніць сябе. Як гэта рабілі іншыя - у двары. Калі тае сілы бракуе, тады над табой будуць знушчацца іншыя, а табе толькі й спадзявацца на іхную літасьць ці абстрактную справядлівасьць. Сіле ж ня трэба справядлівасьці, яна сама сабе гаспадыня й кіруе сабой як хоча. У дзяцінстве салдата так сталася, што хлопцы з падворка былі старэйшыя за яго і ўжо таму дужэйшыя, якія ня грэбавалі тым, каб пазьдзеквацца зь яго. Калі трэба было куды па што зьбегаць, пасылалі яго, калі ў яго паяўляўся ножык, можна было яго адабраць. Ці папрасіць паглядзець і не аддаць. Ашукаць таксама можна было. Бо, апроч таго, што ён слабейшы за іншых, ён яшчэ скардзіцца не пабяжыць, бо яму не было на каго скардзіцца - ён ня меў бацькі. А пасьля ў яго ня стала й маці.

Дзяцінства для яго выдарылася мала шчасьлівае, нават пакутнае; асабліва, як ён страціў бацькоў і застаўся адзін з старой, нямоглай бабуляй. Пасьля, у інстытуце, што-нішто для яго зьмянілася да лепшага, ён шчыра памкнуўся да ведаў, набыў самастойнасьць і па магчымасьці адасобіўся ад калектыву, які яго ніколі ня вабіў. Але пасьля прызыву ў войска ўсё горшае да яго вярнулася: і гаманкі, мітусьлівы калектыў у казарме, і абсалютная залежнасьць ад нахабных, самазваных салдацкіх лідэраў. Апынуўшыся пасьля «вучэбкі» ў палку, ён думаў, што тут будзе інакш, што тут яны ўсе роўныя, і афіцэры будуць ставіцца да іх справядліва. Афіцэры, можа, і ставіліся да ўсіх справядліва, але афіцэраў было няшмат, і тыя былі занятыя ўласнымі афіцэрскімі справамі. Салдатамі ж верхаводзілі свае, тыя, што вылучыліся з салдацкай масы й кіравалі паводле свайго крымінальнага разуменьня. Самымі аўтарытэтнымі сярод іх былі тыя, што ўжо пасядзелі ў турме, адкуль яны прынесьлі ўласную мараль і турэмныя звычаі. Неяк перад вячэрняй паверкай сяржант Дробышаў упусьціў пад ложак свой футарал ад зубной шчоткі і, як заўжды, па-хамску загадаў салдату: «А ну, паднімі! » Замест таго, каб зараз жа выканаць загад, салдат коратка кінуў: «Сам паднімі» і тут жа паляцеў ад моцнага ўдару ў твар. Ён ня сьцяміў, што сяржант з намерам кінуў пад ложак футарал, і гэта яго няўцямнасьць каштавала салдату прыкметнага сіняка пад вокам. Назаўтра пры разводзе на заняткі камандзір роты пацікавіўся: «Што гэта ў цябе? » У страі ўсе напружана чакалі ягонага адказу, і ён, трохі счакаўшы, сказаў, што ўпаў. «Трэба глядзець пад ногі», - глыбакадумна заўважыў ротны. А непадалёк зь першай шарэнгі злосна шчэрыўся на яго сяржант Дробышаў. Салдат падумаў тады, што, напэўна, адказаў правільна, але ўжо на наступны дзень яму давялося пашкадаваць аб тым. У курылцы, дзе ён толькі прысеў з хлопцамі, паявіўся сяржант Дробышаў і моўчкі з усяе сілы выцяў яго кулаком пад дых - пачаму не ўстаеш, калі старэйшы заходзіць? Скорчыўшыся ад болю, салдат павалокся ў казарму, у той час, як іншыя моўчкі і абыякава пазіралі ўсьлед. Ніхто не заступіўся, нібы так і належала ставіцца да шараговых.

Але яшчэ горшае стала на пачатку вясны, як старшыном роты прызначылі прапаршчыка Зяленку. Гэты ўзяў за звычай таемна кучкавацца зь сябрамі пасьля адбою ў капцёрцы, дзе яны выпівалі. Часам каго-небудзь будзілі ў казарме й таксама клікалі ў капцёрку. Аднойчы пасьля поўначы адтуль выйшаў счырванелы з твару, мо нават заплаканы, зямляк Пецюхоў, моўчкі лёг на свой ложак і накрыўся з галавой коўдрай. «Што яны там? » - ціха папытаўся салдат, ды зямляк нават не адказаў і доўга яшчэ ўздрыгваў пад коўдрай ад плачу. Салдат здагадваўся пра тое, што там адбылося, але маўчаў, ужо адчуваючы, што прыйдзе чарга й да яго. Праўда, пакуль не прыходзіла, і хлопец з трывогай і страхам чакаў, калі тое здарыцца. Пару разоў ён прыкмячаў, як пад ранак з капцёркі выбрыдаў яўна п'янаваты Дробышаў, таропка распранаўся і клаўся ў свой рупна разасланы для яго ложак, - праз тры ложкі ад салдатавага. Аднойчы Дробышаў, ужо легшы, устаў і з кішэні штаноў дастаў фінку, якую, азірнуўшыся, сунуў пад матрац. Ужо ці не зьбіраўся ён каго зарэзаць уначы, засынаючы, падумаў салдат. У той момант ён ня ведаў яшчэ, што зарэзаць давядзецца самому, і з тае хвіліны ўсё ягонае жыцьцё пойдзе наперакасяк.

Яны тады стомленыя зьмяніліся з нараду, і толькі салдат заснуў пасьля адбою, як адразу прачнуўся ад моцнага штуршка ў бок, -над ім у праходзе стаяў камлюкаваты радыст Падабед. «Да прапара», - прагугнявіў ён, і салдат зразумеў, што яго клікалі ў капцёрку. Пасьля другога такога ж тумаку ён мусіў устаць, пачаў надзяваць штаны, затым боты. «Босы», - прасіпеў Падабед, і ён, памарудзіўшы, босы паплёўся па праходзе ў капцёрку.

Там яшчэ соннага й стамлёнага, з замутнёнай гідотай сьвядомасьцю яго нахабна згвалтаваў на падлозе ўсё той жа ненавісны яму сяржант Дробышаў; Падабед і Зяленка трымалі. Змучаны і зганьбаваны, як і нядаўна ягоны зямляк Пецюхоў, ён дабрыў да свайго ложка і лёг. Ён не палез хавацца пад коўдру, нават не заплюшчыў вочы і ляжаў, чакаючы свайго часу. Наўкола ў начным прыцемку казармы саплі, варочаліся, мармыталі ў сьне салдаты, і нікому не было справы да таго, што рабілася за сьцяной у капцёрцы. І салдат так меркаваў, што ня будзе справы й да таго, што неўзабаве мела здарыцца.

Усё ж ён дачакаўся таго, чаго хацеў. Праз гадзіну ці болей да свайго ложку ціха, нібы крадком, падышоў нарэшце і Дробышаў, распрануўся і лёг. Яшчэ праз кароткі час пачуўся ягоны нягучны храп, сяржант спаў. Тады салдат падняўся, надзеўся, акуратна навярнуў парцянкі, нацягнуў боты. Усё рабіў нетаропка і грунтоўна, бы цягнуў час. Заставалася надзець бушлат, але бушлат разам зь іншымі вісеў каля тумбачкі днявальнага, які там прымасьціўся кімарнуць у глухі час начы. Салдат падышоў да соннага Дробышава, паціху засунуў руку пад ягоны матрац. Не адразу, але намацаў фінку і без размаху, зь незвычайнай для сябе сілай увагнаў яе па самы тронак у левы бок Дробышава. Той толькі хрыпнуў гучней і, не прачнуўшыся, абвяў на ложку.

Ледзьве трымаючыся на дрыготкіх нагах, салдат зьняў з кручка свой бушлат і, на хадзе надзяваючы яго ў рукавы, выскачыў у калідор.

- Куды? - сонна гукнуў да яго днявальны.

- Жывот! - кінуў ён, зачыняючы дзьверы.

На далекаватую прахадную ён не пабег, за прыбіральняй у агароджы быў вузкі пралом, празь які тыя ж сяржанты хадзілі ў самаволку. Салдат вылез зь яго і па цёмным перавулку скіраваў на гарадзкую ўскраіну.

 

Бамж кімарнуў, як ён і казаў, ня болей за пару гадзін і недзе за поўнач задам выбраўся са сваёй нары.

Была бязьмесячная ноч, над рэчкай курэла-паўзла белаватая коўдра туману. На беразе пачувалася па-начному зябкавата, і бамж, скалануўшыся, патупаў да касьцярка, дзе, паклаўшы галаву на калені, сядзеў салдат. Бамж затрывожыўся:

- О, о! Патухае! Падкласьці трэба...

Ён падклаў у вогнішча некалькі сухіх палак, ад якіх слабы агонь і зусім захацеў згаснуць, але памалу-пакрысе стаў разгарацца. Пустэльны бераг трошкі асьвяціўся, стаў відзён блізкі абрыў і над ім - суцэльная сьцяна бору.

- Ідзі ў зямлянку, - сказаў бамж. - Там лахманіна, накрыесься.

Салдат моўчкі падняўся, але не палез у нару-зямлянку, а прымасьціўся пад абрывам побач і адразу заснуў. Сноў ніякіх ня бачыў - ён іх наогул ня сьніў, - але не даспаў да ранку. Прачнуўся на золку ад сьцюжы, - ля ракі было куды халадней уначы, чым на баравінцы ў лесе, тут дрыжака даймала, як мае быць. Раз за разом скаланаючыся, ён падышоў да цяпельца, ля якога ў сьвітальным паўзмроку шарэла самотная постаць бамжа.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.