Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Круглянскі мост 5 страница



- Вось! Ледзьве давёз, халера. Мокры, ці што?

- Як мокры?

Брытвін быў ужо побач, абодва яны схіліліся над мехам. Даніла апусціўся на калені і кіпцюрамі пачаў калупаць тонкую вяровачку завязкі. Сцёпка, ды і Міця, ад якога не адступаўся Рослік, стаялі насупроць.

Тым часам ужо без агню стала відаць уся прагаліна - шэрая, як і ўсё ў гэты світальны час, з расплывістымі ценямі людзей, каня; змрок паволі спаўзаў пад кустоўе, да ручая; неба ўгары ўсё яснела густым вясёлым блакітам - ранак збіраўся быць сонечны.

Даніла развязаў мех.

- Што такое? - адразу вырвалася ў Брытвіна. Запусціўшы руку ў мех, ён дастаў адтуль жменю нейкіх жаўтаватых драбкоў, угледзеўся, нават панюхаў. Выгляд ягонага твару быў амаль што разгублены.

- Што ты прывёз?

- Ды гэта самае... Тол. Ці як яго...

- Якога хрэна тол? Аманіт? - сярдзіта запытаў Брытвін, шырэй разгортваючы край мяшка.

- Ну. Аманіт бытта. Так казалі.

- Дзярмо! Я думаў - тол. А гэтым што зробіш? Рыбу глушыць?

Даніла вінавата стаяў збоч, пашкроб за каўняром, потым пад ватоўкай, за пазухай.

- Казалі, бахае. Карчы ім на дзялянках ірвалі. Дык нейкую сілу мае.

Брытвін маўчаў - з яўным недаверам на твары ён даследаваў аманіт: адламаў дробку, раскрышыў яе ў пальцах, зноў панюхаў і зморшчыўся - ад паху ці ад расчаравання. Сцёпка, са спадзяваннем гледзячы на яго, пераборваў у сабе сумненне: няўжо не ўдасца? Так усё добра сышлося: і Міця, і ахова, няўжо ж падвядзе ўзрыўчатка?

- Падмочаны? Ну да. Зляжаўся, як гліна. Эх ты, галава калматая, купаў ты яго, ці што?

- Чаму купаў? У яме ляжаў - дык вільгаці набраўся.

Брытвін штось пашукаў наўкола вачмі.

- Ану, дай шынель!

Міця паслухмяна збегаў да вогнішча па шынелак, і Брытвін шырокім рухам распластаў яго на траве.

- Высыпай!

Даніла вываліў усё з меха - на шынялі аказалася ладная куча жоўтае, з камякамі мукі, ад якой курэла рудым смярдзючым пылам. Усе чацвёра абступілі яе, Сцёпка таксама памацаў некалькі сыраватых драбкоў, якія лёгка раскрышыліся ў пальцах.

- Ладна. Сушыць трэба! - падабрэла рашыў Брытвін. - Дзмітры, сядай на каня і дуй па малако. Дарога дзе?

- Якая дарога? - не зразумеў хлопец.

- Дарога, па якой возіш. Дзе, далёка адсюль?

- Не дужа каб. Можна выехаць. Па кусціках.

- Давай! - прыспешыў Брытвін. - Мы чакаем. А тады дамовімся.

- Добра.

- Толькі глядзі: каб ніхто ні-ні!

- Ну.

- Ні адна душа каб не сніла, не бачыла. А не - дык...

- Знаю. Што я - не разумею? - гатовы быў пакрыўдзіцца Міця.

Невялічкі і рухавы, ён павалок за сабой на ўзгорак коніка, які, цяжка хакаючы, каторы ўжо раз адолеў круты касагор. Кусты хутка схавалі іх, недзе там пачулася ціхае «тпру», потым тупат капытоў па сцежцы.

Брытвін павярнуўся да Сцёпкі:

- Давай па галлё! Паболей. Сушыць будзем.

- Як сушыць? - заморгаў вачмі Даніла. - Ля агню?

- На агні! - адрэзаў Брытвін.

Даніла зусім знерухомеў.

- А гэта самае... не ўзарвецца?

- Не бойся. А ўзарвецца - не вялікая бяда. Ці жытухі шкада?

Замест адказу Даніла валюхаста пераступіў з нагі на нагу і пасунуў наперад сваю процігазную сумку. Там нешта грувасцілася, камякамі выпіраючы ў бакі, напяты раменьчык быў зашпілены на апошнюю дзірачку. Адшпіліўшы яго, Даніла дастаў ладны акрайчык хлеба.

- А, гэта маладзец. Здагадлівы.

- І во яшчэ, - задаволена буркнуў Даніла, варухнуўшы сумкай, з-пад вечка якой тырчала рыльца бутэлькі з самадзельнай папяровай затычкай.

- Атлічна! Толькі пасля. Не цяпер. Давай болей галля. Усе па галлё! - бадзёра камандаваў Брытвін.

Сцёпка, глытнуўшы сліну, раптам на ўсю глыбіню адчуў свой пусты жывот і з неахвотай адарваў позірк ад Данілавай сумкі, якую той асцярожна паклаў ля шыняля. Аўтамат ён, пэўна, не збіраўся аддаваць і нават не знімаў яго з-за спіны. Сцёпку гэта пачало не падабацца, і ён ступіў да Данілы.

- Аўтамат давай!

Даніла павярнуўся, зірнуў на хлопца, потым, бы шукаючы падтрымкі, - на Брытвіна.

- Ну, што глядзіш! Здымай, кажу!

- Ладна, аддай, - прымірэнча сказаў Брытвін.

Нехаця Даніла сцягнуў аўтамат цераз галаву, сапхнуўшы на траву шапку.

Яны палезлі на ўзровак, бо паблізу ўжо ўсё было падабрана за ноч, ламачча трэба было шукаць далей. Даніла ў акуратнай ватоўцы і ботах зрабіўся зусім не падобны на сябе ранейшага, у сялянскім адзенні і ў лапцях. Набыўшы нейкі не ўласцівы яму зухаваты, вайсковы выгляд, ён нібы памаладзеў, хоць па-ранейшаму не траціў страхавіта-пагрозлівага выразу свайго касмылявага твару. Але касмылявасць не была навіной, многія насілі бароды і вусы, асабліва старэйшыя.

Яны вылезлі з рова. Сцёпка трохі пакрыўджана маўчаў, Даніла, мусіць, адчуўшы тое, адсопся і запытаў:

- Міну тэй хлопец павязе?

- А я адкуль знаю?

- Брытвін не казаў?

- Мне не казаў, - буркнуў Сцяпан, не маючы ахвоты гаварыць з гэтым чалавекам.

Даніла дабрадушна згадзіўся:

- Гэты не скажа. Але я бачу...

«Бачыш, ну і ладна», - падумаў Сцёпка, забіраючы ў бок да яго. Яны разышліся па парасніку. За ноч трава ў доле трохі падсохла, лес таксама зрабіўся сушэйшы і болей прыветны, хоць сцюдзёныя кроплі не-не ды апякалі за каўняром скуру. Месцамі тут раслі елкі з бярозамі, і скрозь раскашаваў абмыты дажджом алешнік, у якім дзе-нідзе зелянелі густаватыя купкі ядлоўцу. Сушняку тут хапала. Сцёпка хутка назбіраў бярэма, прыхапіў за камель ссечаную сухую яліну, павалок за сабой.

Тым часам у рове на сярэдзіне прагаліны ваўсю ўжо гарэла новае вогнішча, у якое Брытвін кідаў прынесены Данілам сушняк. Даніла ж яловымі лапкамі, як памялом, размятаў затухлае начное вуголле.

- Давай сюды! - прыпыніў хлопца Брытвін. - Бяры і падкладвай, каб зямля грэлася. Будзем аманіт смажыць.

Падкладваючы ў агонь, Сцёпка з прыцішанаю асцярогай пазіраў, як яны там, на выгаралай чорнай плешыне, разаслалі распоратую ўдоўж тарбіну і ссыпалі на яе раскрышаныя жаўтлявыя камякі аманіту. Неўзабаве ад гэтых камякоў пацягнула парай і нейкім удушлівым, рэзкім смуродам. Даніла жмурыў вочы, а пасля, кінуўшы ўсё, пачаў аберуч церці іх.

Брытвін грубавата падбадзёрваў зводдаль:

- Нічога, нічога! Жывы будзем! Хіба вошы падохнуць.

- А хай яго! Як усё роўна цыбуля!

Наўсцяж па рове папоўз удушлівы серны смурод; добра, што ранішні ветрык гнаў яго, як і дым, нізам, па ручаі; на адным краі прагаліны можна было трываць. Цяпер справа была за часам. Пазіраючы, як сохне на гарачым подзе іхняя ўзрыўчатка, Брытвін з Данілам селі ўбаку, і Даніла ўзяўся за сумку.

- Ты, ідзі сюды! - паклікаў Брытвін.

Сцёпка рабіў выгляд, што заняты вогнішчам, і яшчэ паклаў туды дзве галіны, хоць зноў пакутна глынуў сліну.

Брытвін зласнавата гукнуў:

- Ну што - прасіць трэба?

Знарок нетаропка, бы нехаця, ён падышоў і атрымаў з Данілавых рук цвёрды ражок акрайца.

- І давай палі. Гэты астыне - на той перакладзём. А то скора Дзмітры прыедзе, - гаманіў Брытвін.

Сцёпка вярнуўся да вогнішча і незаўважна праглынуў усё - хлеб быў такі смачны, што, здавалася, з'еў бы ўвесь акраец. Падкладваючы ў агонь галлё, ён неўпрыцям кідаў позіркі на іх двух. Аманіт у грудцы на мяху, здаецца, памалу сох, быццам і смярдзеў ужо меней. Раз-поразу Даніла памешваў яго палкай, Брытвін, назіраючы за ім, гаманіў:

- Мы ім зробім салют! Харашо, гэты хлопец папаўся. Хлопец - находка. Ану, давай паварочай сярэдзіну!

- Ай-яй, хай ён згарыць! - хутка заенчыў Даніла, адварочваючы твар і смешна моршчачы таўставаты, бульбінай нос.

З рудаватых грудак зноў заструменіў жоўты смярдзючы дым.

- Нічога, не смяртэльна. Затое грукне, як бомба.

- Каб жа хоць грукнула! - Даніла кінуў палку і абедзвюма рукамі пачаў церці вочы.

- Грукне, а як жа! Гэта вам не банка бензіну... Смехата: каністрай бензіну захацелі мост знішчыць! А яшчэ казалі: Маслакоў - вопытны падрыўнік. Падрыўнік ён, аказваецца, ліпавы. Пабег, як дурань, завідна... На што разлічваў? Без разведкі, без апоры на мясцовых! Без мясцовых, брат, не шмат зробіш. Гэта точна.

- А можа, ён не хацеў нікім рызыкаваць, - азваўся зводдаль Сцёпка.

- Рызыкаваць? Знаеш ты, разумнік, што такое вайна? Спрэс рызыка. Рызыка людзьмі. Хто разумней рызыкуе, той і пабяждае. А хто ў розныя там прынцыпы гуляе, той вунь дзе! - Брытвін паказаў на прагаліну. Твар яго расчырванеўся, стаў злы, і Сцёпка пашкадаваў, што не змоўчаў: сварыцца з Брытвіным цяпер не хацелася.

- Ты зялёны яшчэ, дык я табе скажу: слухаць старэйшых нада, - сказаў ён, памаўчаўшы. - Вунь у нас прошлай зімой адзін балван таксама ў благародства надумаў сыграць, ледзь таварыша на той свет не адправіў. Бач, прынцып яго заеў!

 

 

Брытвін адышоў за тры крокі ад агню і сеў, падкурчыўшы перад сабой ногі.

- Цярпець не магу гэткіх разумнікаў. Проста злосць бярэ, калі пачую, як каторы вылупляецца. Трэба дзела дзелаць, а ён пачне рассуждаць: так ці не так, правільна - няправільна. Не дай бог, калі хто нявінны пастрадае! Пры чым нявінны - вайна! Надта немцы вінаватых шукаюць? Яны, знай, б'юць! А мы рассуждаем: добра, нядобра... Быў адзін такі. У Капылова. Можа, хто помніць - усё ў акулярах хадзіў?

- У нямецкім шынялі? Худы такі, га? - запытаўся Даніла.

- Да, худы. Здыхлаваты чалавек, не так і малады, настаўнік, здаецца. Не, не настаўнік - інспектар райана. Вось забыў яго фамілію: не то Ляховіч, не то Ляўковіч. Я яшчэ ўвосень кацялок яму трафейны даў - свайго ж не меў, вядома. А акуляры ў яго на драцінках замест дужак, адно шкло трэснута. І то сляпы. Перш чым што ўбачыць, доўга ўглядаецца. Вочы вылупіць і глядзіць-глядзіць. Адзін раз на пераездзе на немцаў наткнуліся, абстралялі і цікаць. А ён стаіць на каленях і ўзіраецца. «Не можа быць, - кажа, - каб гэта немцы». - «Цікай, - крычу, - пакуль кулю ў зад не ўсадзілі! » Не, пакуль не ўбачыў, як за будкай перабягаюць самыя стопрацэнтныя фрыцы з аўтаматамі, не пабег.

Не чалавек, а недацёпа, яй-богу. А так, здаецца, і не дурны, вышэйшая адукацыя. А можа, усё гэта праз адукацыю? На вайне яна непатрэбна. Раз паслалі яго ў Гумялёва нейкага тамашняга паслугача прыкончыць. Чаму яго? Бо знаёмыя там былі ў яго, сувязі. Вабшчэ, у тых месцах сувязі ў яго былі крэпкія. У кожнай вёсцы свае. І да яго няблага адносіліся. Ніхто не прадаў ні разу, пакуль сам не ўскочыў. Ну, але гэта пазней ужо, зімой. А тады пайшоў з напарнікам. Напарнікам быў Сураў, акружэнец. Рашучы хлопец, але трохі таго, за гальштук любіў закінуць. Потым ён вярнуўся і адмовіўся болей з гэтым хадзіць. Дурны, кажа, або кантужаны. Тады гэты Ляховіч так удала ўсіх абышоў (жанчына там адна памагла), што да гэтага запраданца проста на кватэру з'явіўся. У кішэні парабел, дзве гранаты, аховы ў двары ніякай. Напроці на лавачцы Сураў сядзіць, семкі лускае - страхуе, каб не перашкодзілі.

І што ж думаеце: хвілін праз пятнаццаць вывальваецца, разводзіць рукамі - маўляў, не выйшла. У лесе ўжо расказаў, як было. Аказваецца, дзіця перашкодзіла. Разумееце: паліцаяў абвялі, СД, гестапа, бабу яго (таксама, сучка, ва ўправе рабіла), а дзіця перашкодзіла. І дзіцю таму гады два. Апраўдваецца: з дзіцем на ложку сядзеў, карміў, і гэты дурань не наважыўся ў яго кулю ўсадзіць. Ну, гэта ж трэба! Вы чулі такое?

Не, мабыць, такога яны не чулі і не бачылі. Тым не менш тое, што абурала Брытвіна, не выклікала ў Сцёпкі ніякай рэакцыі. Наадварот, чымсь той Ляховіч нават здаўся яму сімпатычным.

Брытвін на хвіліну задумаўся, успамінаючы.

- А другі раз зноў канфуз выйшаў. Хадзіў недзе на жалезку, ды няўдала. Налезлі на фрыцаў, ледзьве з засады вырваліся. Далі кругаля, выйшлі на дарогу, усе злыя, як чэрці, - вядома, няўдача. І тут, мінаючы адну вёсачку, ужо ў партызанскай зоне, чуюць: у кустах гергочуць. Прыгледзеліся: немцы машыну з гразі штурхаюць. Вялізная такая крытая машына буксуе, а штук пяць фрыцаў уперліся рукамі, піхаюць, па баках не глядзяць. Ну, хлопцы, натуральна, узрадаваліся, кажуць: ударым! Ляховіч гэты - ён старшым быў - агледзеўся, памеркаваў. «Не, кажа, нельга. Вёска блізка». Маўляў, машыну знішчым - вёску агнём пусцяць. Так і не даў каманды. А немцы вывалаклі машыну, селі і газанулі.

Даніла з Сцёпкам маўчалі. Адхінуўшыся ад смярдзючага дыму, Даніла ўсё моршчыў расчырванелы, у чорным валассі твар, адным вокам пазіраючы на ўзрыўчатку. Сцёпка ж дбайна напякаў зямлю, роўным кругам расклаўшы на доле цяпельца. Трава навокал яго шырока абгарэла. Аднак касцёр дагараў: канчаўся сушняк. Хлопец паскідаў у сярэдзіну канцы-галавешкі, якія ціха курэлі апошнім агнём.

Устаўшы са свайго месца, да яго падышоў Брытвін. Распяразаны, у ботах і ладным, хоць і пацёртым, цёмна-сінім галіфэ, ён выглядаў цяпер нібы сапраўдны кадравы камандзір, хіба што без знакаў адрознення.

- Ну, пажалуй, нагрэлася. Давай адграбай. Барада, нясі рэшту сюды. Падбяры з краёў.

Сцёпка голлем старанна адмёў у адзін бок прысак, і яны насыпалі на пыльную гарачую выгарыну нятоўсты слой аманіту.

- Так. Хай грэецца. І мяшай, мяшай, няма чаго глядзець!

Цяпер настала Сцёпкава чарга задыхацца і плакаць ад смярдзючай едкасці. Разы два, не стрываўшы, ён ажно ўцякаў падалей глынуць чыстага паветра. Брытвін адышоўся ў надветраны бок і зноў усеўся на сваім пакамечаным шынялі.

- Але гэта што, - лагодна казаў ён, усё яшчэ ва ўладзе сваіх успамінаў. - Гэта што! Во ён у круглянскай паліцыі выкінуў фокус. Гэта ўжо зусім дзіва. Самая бязглуздая дурасць.

- Казалі, гэта самае, бытта павесілі яго? - спытаўся Даніла.

- Ну. Павесілі. Прапаў нізашто. А Шусцік, каторы з ім папаўся, той і цяпер у Ягорава бегае. Пусцілі. Спярша думалі: хлусіць. Думалі: завербавалі. Ды праверылі праз сваіх людзей - не, праўда, Шусціка пусцілі, а Ляховіча павесілі. І, думаеш, за што? За прынцып.

- Як гэта? - не зразумеў Сцёпка.

- А так. Злапалі іх у Пракопавічах на начлезе. Як гэта сталася - не ведаю. Факт: прывезлі ў мястэчка ў паліцыю і здалі. А начальнікам паліцыі там быў адзін прыблуда з белагвардзейцаў. Знюхаўся некалі, ну, і служыў, хоць і з партызанамі заігрываў - вядома, свае разлікі меў. Во яшчэ піў здорава. Расказваюць: хоць шнапсу, хоць чыміргесу - кварту за раз кульне, і ніякай закусі. А пісталет дастане і за дваццаць крокаў у курыцу - цюк! Галава прэч, і рэзаць не трэба.

Дык гэты паліцай, мабыць, змікіціў, хто такія, а віду не падаў, павёў да шэфа. А шэф такі стары ўжо немец быў, сівы і трохі з прыдурам - усё баб каціным крыкам палохаў. Бабы наўцёк, а ён рагоча. Лічылі яго дурнаватым, але калі справа даходзіла да экзекуцыі, не пудлаваў. Звераваў нароўні з усімі.

Дарэчы, гэты Ляховіч з Шусцікам, калі іх бралі, аружжа сваё недзе прыхавалі, сказалі: маўляў, акружэнцы па вёсках хадзілі, на хлеб зараблялі. Невядома, што белагвардзеец шэфу далажыў, але той паставіўся не строга, Шусціку толькі даў палкай па горбе. Паліцай і кажа: «Кланяйцеся, прасіце пана шэфа, можа, даруе». Шусцік, як расказвалі, не чакаў угавораў, адразу немцу ў ногі, ілбом як грукне ў падлогу, ажно гузак ускочыў. Паліцаі, іх некалькі чалавек было, ухмыляюцца; немцу прыемна, рагоча. «Прызнаеш власць вялікага фюрэра нямецкага народа Адольфа Гітлера? » - «Прызнаю, - кажа, - паночку, як не прызнаць, калі ўвесь свет заваяваў». Гэта спадабалася, немец паказвае на Ляховіча: а той, маўляў, прызнае? Паліцай перакладае, а ён маўчыць. Маўчаў, маўчаў, а пасля кажа: «На жаль, я не магу гэтага прызнаць. Гэта не так». Немец не разумее, паглядае на паліцая. Паліцай шыпіць: «Не прызнаеш - памрэш сёння ж! » - «Магчыма, - адказвае, - але памру чалавекам, а ты будзеш жыць скацінай». Хлёстка, праўда? Прыгожа, як у кіно, ды што карысці. Немец без перакладчыка здагадаўся, у чым справа, і як гыркне: «Аднаго вэк, другога на вяз! » На вязе тым вешалі. Павесілі і Ляховіча. Ну, хіба не дурань?

 

 

Як паставіцца да гэтай гісторыі, Сцёпка не ведаў: калі верыць Брытвіну, дык Ляховіч сапраўды дурань - які там прынцып у адносінах з немцамі. Мусіць, трэба як мага хітрыць, каб абдурыць іх, бо, не абдурыўшы, не паб'еш - паб'юць яны. А яны літасці не знаюць, для іх усе сродкі здатныя, абы перамагчы. Аднак гняўлівая рэзкасць Брытвіна ў асуджэнні Ляховіча ўвогуле спадабалася Сцёпку, і ён з маўклівай задаволенасцю падумаў, што Брытвін - не Маслакоў; гэты, мабыць, свайго дабіцца ўмее. Пойдзе сам і пагоніць усіх на мост, Міцю таксама. Але што ж, калі трэба, дык трэба. Зусім магчыма, што ім прыйдзецца сербануць ліха, і хай. Толькі б удалося.

Стоячы на кукішках, ён старанна памешваў аманіт, які хоць і смярдзеў - аж блажыла, але нібыта сох. Узяўшы адзін драбок з тых, што былі найбольш мокрыя, хлопец, бы гарачы вугольчык, перакінуў яго з далоні на далонь, паспрабаваў раструшчыць. Дзе там: спёкся, як камень.

- Высах ужо.

- Ладна, хай яшчэ паляжыць, - сказаў Брытвін. - Не зашкодзіць. Усё роўна Дзмітра няма.

Над ровам ужо ўспаўзло сонца; узровак, край прагаліны і кустоўе над ёю ярка заззялі ў святле; патроху стала цяплець. Брытвін санліва расцягнуўся на шынялі, паглядзеў у высокае, з рэдкімі аблокамі неба.

- Значыць, так, - раптам сказаў ён і сеў. - Эй, Барада, шчэ храпець пачнеш!

Ён штурхануў нагой залапленае калена Данілы, той расплюшчыў сонныя вочы і, паволі заварушыўшыся, таксама сеў.

- Значыць, так. Некаму трэба падабрацца да моста. Кусцікі там ля ракі, я ўчора бачыў: падход харошы. Задача: у случаі чаго падтрымаць агнём. Хто пойдзе?

Даніла, відаць было, адразу пазбыўся сну і маўкліва ўтаропіў кудысь у дол свой позірк: мабыць, думаў, што б гэта для яго магло значыць. Сцёпка таксама маўчаў: навошта напрошвацца самому? Справа тая, мусіць, не дужа вясёлая; каго пашлюць, той і пойдзе.

- Так, - сказаў Брытвін. - Ну, тады ты, Тоўкач. Падкрадзешся і замры. Паняў?

Сцёпка маўчаў. Ён быў гатовы, калі гэта выпала на яго долю. Хоць тое, што Брытвін цяпер звярнуўся іменна да яго, маленькай крыўдай закранула хлопца. Ён усё ж не падаў выгляду, нібы нічога і не меў супроць. Тым не менш Брытвін нешта, мабыць, заўважыў.

- У цябе ж аўтамат. Ці, можа, аўтамат Барадзе аддаць? Тады ён пойдзе.

- Не ўжо, не аддам.

Яны яшчэ пасядзелі хвілін пятнаццаць. Аманіт, мабыць, пачаў ужо астываць, як Брытвін ускінуў галаву - на ўзроўку з'явіўся Міця. Хапаючыся за вецце, хлопец імкліва збег аж да нізу. Брытвін ускочыў з трывогай на твары, але Міця, ажыўлены і спатнелы, усё ў тым жа чорным картовым пінжачку, супакоіў:

- Ну, усё гатова.

- Маладзец, - сказаў Брытвін. - Дзе падвода?

- Тут, у кусціках. Прыпазніўся толькі, але нічога.

- Так! - Брытвін азірнуўся. - Тоўкач, марш з ім да воза, з аднаго бітона малако вэк, бітон сюды. Колькі ў цябе бітонаў?

- Тры.

- Двух хопіць. Адзін пойдзе на міну.

Міця неяк з няёмкасцю пераступіў босымі нагамі.

- Тут от... паесці вам.

Аберуч ён выдраў з тугой кішэні нейкі пакунак, загорнуты ў чыстую кужэльную анучку, аддаў Брытвіну. А той толькі і ведаў, што хваліць ды з трохі фальшывай празмернасцю захапляцца хлопцам:

- Маладзец! Проста герой! Ну, дабро. На, Барада, у тваю сумку.

Даніла пачаў запіхваць сняданак у сумку, а Сцяпан з Міцем таропка падаліся на ўзровак.

Міця бег наперадзе. Яго босыя, пасівераныя пяткі рупна мільгалі па мокрай траве, невялічкая галава ў чорнай зашмальцаванай кепцы, бы ў вараняці, зырка снавала на шыі туды-сюды - праз радкаваты алешнічак было відаць далёка. Сцёпка, аднак, прывык ужо за ноч да рова і схілу і, як на знаёмай мясцовасці, амаль не адчуваў небяспекі.

Ён думаў над тым, што сказаў Брытвін, - стараўся зразумець яго план, але зразумеў не многа. Былы ротны ўсё нешта хітрыў з імі, намякаў, а па сутнасці - таіў ад іх сваю задуму - дзеля сакрэтнасці, ці што? Калі Сцёпку пасылаюць на прыкрыцце, дык, выходзіць, самі паедуць на мост? Але ці не мала будзе іх двох, каб зладзіць з аховай, якая цяпер, пасля ўчарашняга выпадку, мабыць, набралася пільнасці і, вядома, спаць у шапку не будзе. Зноў жа, паліцаі іх убачаць, мабыць, здалёк, і мала што ведаюць Міцю, але іншых могуць западозрыць і не падпусціць блізка. Тады што рабіць?

Гэты брытвінаўскі план з малакавозам ужо ў самым пачатку выглядаў не надта пераканаўча.

Рослік стаяў непадалёк, забіўшыся ў ляшчыннік разам з калёсамі, на якіх, увязаныя вяроўкамі, блішчалі белыя бакі трох бітонаў. Мабыць, недзе паблізу была дарога, бо Міця сцішана палашчыў прывязанага за куст каня і моўчкі ўскочыў у воз. Удвух яны ледзьве саставілі крайні бітон на зямлю. Пад рукамі цяжка боўтала, запахла сырадоем, статкам, і калі хлопец адчыніў вечка, Сцёпка ажно сумеўся: столькі малака трэ было выліць.

- Пі. Хочаш? - прапанаваў Міця.

Піць Сцяпан зусім не хацеў - хацеў есці, але цяпер не стрымаўся. Укленчыўшы, ён наглыкаўся, колькі змясціў ягоны пусты жывот, хоць асаблівае асалоды не адчуў: іншая справа, каб быў хлеб.

- Ну, што? Выліваем?

- Давай.

Яны нахілілі пасудзіну і, абліваючы белымі пырскамі ногі, пусцілі па траве духмяны малочны ручай. Падняўшы на сабе сухое лісце, галінкі, рознае лясное смецце, малако шырока расцяклося ў кустоўі.

Парожні бітон здаўся даволі лёгкім. Сцёпка ўзваліў яго на плячо і пашыбаваў у алешнік. Міця бег побач.

- А ў ім колькі патронаў? - спытаў на бягу хлопец.

- Дзе? - не зразумеў Сцёпка.

- Ну, у аўтамаце гэтым.

- А-а. Семдзесят у адным магазіне.

- Ого! Гэта семдзесят чалавек можна пакласці!

Бокам лезучы праз ляшчыннік, Сцёпка трохі падзівіўся вайсковай недасведчанасці хлопца і цярпліва вытлумачыў:

- Семдзесят, гэта калі адзіночнымі стрэламі. І то калі лучаць усімі. А калі чэргамі, дык дай бог дзесятак.

- А астатнія міма?

- А ты думаў? Немцы ж таксама не дурні, мух лавіць не будуць.

- Нада ляпей цэліцца, - заключыў Міця. - А ў вінтоўцы пяць толькі?

- Ну.

Ідучы наперадзе, Міця засцярожліва адхінуў галіну, прапускаючы Сцёпку, і азірнуўся.

- А ў гэтага, камандзіра вашага, самазарадка, га?

- У Брытвіна? Самазарадка.

- Харошая вінтоўка?

- Калі спраўная. А калі заесць - бяры палку.

- А аўтамат не заядае?

- Калі як, - знарок няпэўна сказаў Сцяпан, пасоўваючы на плячы ношу. Роспыты гэтага хлопца пачалі дакучаць, тым болей што той надта ўжо выразна паглядваў на яго новенькі ППШ, а яго Сцёпка не меў намеру ўступаць нікому.

Размова на тым спынілася. Яны злезлі з узроўка, і Сцёпка глуха гэпнуў бітон перад Брытвіным.

- Харашо! Барада, нясі ўзрыўчатку!

Рабіць міну Брытвін узяўся сам, не давяраючы гэтае справы нікому. Побач на шынялі ўжо ляжаў узяты ноччу ў Маслакова паўметровы абрэзак бікфордава шнура, злучаны з жоўценькім цыліндрыкам узрывальніка.

Зрэшты, начыніць міну было не складана. Праз дзесяць хвілін Брытвін насыпаў да палавіны бітона аманіту, асцярожна ўставіў у яго нутро ўзрывальнік, канец шнура выпусціў цераз край.

- Гарэць будзе пяцьдзесят секунд. Значыць, трэба падпаліць, метраў трыццаць не даязджаючы да моста.

Мабыць, для лепшай дэтанацыі, ці што, ён дастаў з кішэні і гранату - жоўтае нямецкае «яечка» з рубчыкам - і таксама паклаў усярэдзіну. Пасля пад самае вечка напхаў у бітон аманіту.

- Ну во, і гатова. На сярэдзіне моста з воза вэк і пугай па кані. Пакуль паліцаі апомняцца, ірване за мілую душу.

- А хто павязе? - запытаў Сцёпка, сціпла стоячы побач з цікаўным, поўным таямнічае ўвагі Міцем.

Брытвін нібы знарок не зразумеў пытання.

- Як хто? - зыркнуў ён на Сцяпана строгімі вачмі. І раптам амаль закрычаў: - А ты яшчэ не пайшоў? Ану бягом, куды я сказаў! Паняў?

- Я-то паняў.

- Ну, і давай! І мы зараз едзем. А то, бач, сонца дзе.

Сцёпка ямчэй паддаў на плячы аўтамат і зноў палез на адхон. Наверсе, перш чым схавацца ў лесе, ён азірнуўся. Між кустоўя ўнізе выглянуў напаследак зялёны лапік іхняй прагаліны з дзвюма плямамі ад вогнішчаў і накапанай зямлёй на краі. Тры невялічкія здалёку постаці тоўпіліся над блішчастым бітонам, таксама гатовыя неўзабаве пакінуць гэтае прыстанішча, каб, можа, ніколі больш не з'явіцца сюды. Адзін толькі небарака Маслакоў навек заставаўся ў гэтым рове, які так нечакана стаў для яго апошнім прытулкам на гэтай зямлі...

 

 

Дачакаўшыся за альховаю купкай, калі вартавы на мосце паверне ў другі канец, Сцёпка куляю матлянуўся за кустоўем і ўпаў ледзь не пад самаю крайняй чародкай маладога алешніку - за якіх сто крокаў ад насыпу.

Некалькі хвілін ён цяжка, зморана соп, распластаўшыся на амаль голай тут, не зарослай яшчэ травою, чорнай зямлі, і ва ўсе вочы глядзеў на дарогу.

Самае найгоршае, здаецца, мінула: ён падабраўся да моста і, мабыць, яго не заўважылі. Праўда, за вярсту адсюль ён незнарок наткнуўся на нейкага дзядзьку ля рэчкі - па той бок, мабыць, была сцяжына: неспадзеўкі з-за хмызняку выткнуўся чалавек у шэрай суконнай паддзёўцы, з пугаўём у руцэ. Раздзеленыя нешырокай рачулкай, яны спаткаліся позіркамі, абодва трохі схамянуліся ад нечаканасці, але Сцёпка хуценька і моўчкі праскочыў міма і схаваўся ў радкаватым прыбярэжным кустоўі. Чалавек таксама ні пра што не спытаўся, толькі зацяў у сабе здзіўленне, ці, можа, і спалох, і памалу пайшоў па беразе рачное крывуліны. Мабыць, трэба было б прасачыць за ім, ды не было калі - Сцёпка і так баяўся спазніцца з выхадам да моста і, як апантаны, імкнуўся наперад, хоць і адчуваў, што ў такой спешцы надта проста было дастукацца бяды. Пакуль жа, аднак, усё абышлося: яго не затрымалі, ззаду нікога не было відаць.

Да моста адсюль было так блізка, што аж рабілася страшна. Ён ужо мог крамсануць па ім з аўтамата, хоць, вядома, цяпер лепш было мець вінтоўку: з яе куды зручней было зняць вартавога, які між тым лена сноўдаўся сюды-туды між парэнчаў. На сярэдзіне ненадоўга спыніўся, паглядзеў уніз, плюнуў і з блазенскай цікаўнасцю прасачыў, як плявок плюхнуўся ў ваду. На плячы ў паліцая вісеў нямецкі карабін, які ён раз-пораз папраўляў аберуч. Калі паліцай адварочваўся, Сцёпка бачыў яго вузкаватую спіну ў цеснай чорнай куртцы і светлую стрыжаную патыліцу пад чорнай, з кантам пілоткай - быў ён гліставаты, малады - мабыць, не надта старэйшы за Сцёпку. Гэтага вартавога хлопец угледзеў яшчэ здалёк, з кустоўя, і падумаў спярша, што ён тут адзін. Але потым да алешнічку данеслася ціхая гамана на дарозе, аднойчы нават пачуўся лязгат рыдлёўкі аб камень ці жалезку: мабыць, у тым канцы моста акрай насыпу нешта капалі. Сцёпку адсюль не было відаць, колькі іх там, ён чуў толькі скупыя абрыўкі размовы, часам невысока па-над дарогай узлятала зямля. Праз нейкі час з-за насыпу на дарогу вылез распрануты да пояса паліцай у зялёных штанах і чорнай пілотцы. Ён недалёка пратупаў узбочынай, нагнуўшыся, нешта падняў з долу і зноў пайшоў сабе туды, дзе капалі.

Сцёпка здорава ўгрэўся, пакуль бег, але цяпер, заняты ўвагай да моста, не здагадаўся нават расшпіліць гузікі ды зняць шапку. Трохі спачыўшы ў засені, ён зразумеў, што, мабыць, давядзецца паляжаць тут доўга: на дарозе ў сасонніку яшчэ нікога не было відаць. Затое з боку мястэчка неўзабаве паказалася нейкая фурманка, якая хутка каціла дарогай да моста. Яшчэ праз нядоўгі час стала відаць, што гэта брычка; запрэжаны ў яе ладны буланы конік рухава кідаў капытамі, наравіста выгінаючы прыгожую, з коратка падстрыжанай грывай шыю. Сцёпка сцяміў, што гэта хтосьці з начальства. Сапраўды, хутка брычка ненадоўга спынілася каля тых, што капалі, там жа апынуўся і вартавы; не злазячы з сядзення, чалавек у шэрым паліто нешта загаманіў, другі, з лейцамі ў руках, сядзеў ля яго моўчкі. Неўзабаве, аднак, ён заварушыўся, гукнуў на каня, і брычка з ціхім стукатам пакацілася па дашчаным насціле моста.

Сцёпка шчыльней прытуліўся да зямлі, нават зацяў дыханне; яны праехалі зусім блізка ад яго, але нават не зірнулі ў яго бок, і Сцёпка ўздыхнуў, з прыемнасцю адчуваючы вясновыя пахі зямлі.

Зноў пацягнуўся час. Сонца ў небе павольна падымалася над лесам; мабыць, было ўжо гадзін дзесяць, калі не болей. Сцёпка часцей, чым на мост, пазіраў цяпер назад, на дарогу, чакаючы ўбачыць там Міцеву фурманку з Рослікам. Але там доўга нікога не было, і хлопца пакрысе пачаў агортваць неспакой: ці не здарылася што на дарозе?

Вартавы разы тры прайшоўся сюды-туды па мосце і зноў завярнуў у гэты канец. Правай рукой ён высока, ля самага пляча, перахапіў рэмень, а левай, заклаўшы яе назад, ашчаперваў ложу карабіна, які, мабыць, добра ўжо намуляў за змену яго худое плячо. Ён нетаропка пашкандыбаў уздоўж па мосце, спыніўся ля паламанай парэнчы, і Сцёпка падумаў, што зараз паверне назад. Але паліцай чамусь не паварочваўся. Ён нават выняў левую руку з-за спіны і таксама перанёс яе на рэмень карабіна, нібы рыхтуючыся зняць яго з-за пляча. Адчуўшы штось новае ў паводзінах паліцая, Сцёпка азірнуўся і з-пад навіслай альховай галінкі ўбачыў, як з горкі ў хвойнічку шпарка і неяк весела нават коціць уніз знаёмы іх Рослік.

Хлопец пасунуў бліжэй да сябе аўтамат, ямчэй упёрся локцямі ў чорны мяккаваты дол. Думкі яго набылі іншы, паскораны тэмп. Сам не хочучы таго, ён захваляваўся, адчуваючы, што зараз настане самае важнае. Праўда, ягонае напружанне трохі расслабілася ад здзіўлення, калі ён згледзеў на калёсах аднаго толькі Міцю: ні Данілы, ні Брытвіна там не было. Не відаць іх было і ззаду, і нідзе паблізу. «Няўжо яны выправілі Міцю аднаго? » - падумаў Сцёпка. А мо там што здарылася? Здагадвацца, аднак, не было калі: фурманка хутка набліжалася, а паліцай стаяў у пачатку моста, і ў Сцёпкі аж схаладнела ўнутры: а раптам спыніць? Калі паліцай спыніць падводу, тады, мусіць, усё прапала.

Сцяўшыся і нязручна падкурчыўшы ногі, Сцёпка праз вецце пазіраў то на дарогу з фурманкаю, то на мост, дзе ва ўпартай нязрушнасці ля зламанай парэнчы стаяў паліцай. І тады ў хлопца мільганула думка: а раптам гэтаю ноччу варту змянілі, паставілі новых, якія цяпер першы раз бачаць малакавоза? Вядома, тады ўжо яны яго спыняць. Але ж Міця недзе тут, блізенька ад моста, павінен падпаліць шнур - што ж тады здарыцца?



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.