Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Круглянскі мост 1 страница



 

Прачнуўся Сцёпка на золку. Абудзілі яго галасы - блізкая гамана людзей, смех, ранішні курэцкі кашаль, бразгат кацялкоў. Яшчэ не зусім асіліўшы ў сабе дрымоту, хлопец зразумеў, што гэта ішлі на сняданак - побач, у алешнічку, была сцяжынка да недалёкае кухні, пах дыму ад якой даўно ўжо даносіўся да яго лаўжа. Сцёпкаў галодны нюх некалькі разоў лавіў спакушальны пах смажанага, і тады Сцяпан нават у сне адчуваў згаладнелую знямогу ва ўсім целе. Але пра яду ён тут жа і забыўся. Разам з абуджэннем на хлопца хлынула плойма самых непрыемных думак і адчуванняў - учарашняе абрынулася ўсё адразу, і ён з тужлівай самотай адзначыў гэты пераход з санлявага забыцця ў надта турботны, нярадасны цяпер для яго свет.

Болей ужо не заснуў.

Свядомасць яго была цалкам ва ўладзе трывогі, на некалькі гадзін прыпыненай сном; зноў пацягнулася чаканне, у канцы якога, аднак, не прадбачылася нічога добрага. Сцёпка паварушыў галавой: шыя па-ранейшаму - не моцна, а неяк дакучліва-тупа - балела; скулы, здаецца, нарывалі ўсё болей; адна, разбітая ўчора, мабыць, падсохла і, скранутая цяпер, азвалася вострым болем. Было балюча варухнуць плячом, і ён пакутна паморшчыўся, думаючы, што скуллё, якое нядаўна яшчэ атручвала яму жыццё, цяпер не болей чым дробязь.

У яме ад ранішняй свежасці было холадна, цела са сну прабірала дрыготка, азяблі рукі. Струхлелая салома ў дне адсырэла, стала вогкая, як скошаная падвялая трава, і не грэла. Недзе, нябачнае за лесам, усходзіла сонца; абяцаючы пагодлівы дзень, у высокім прасторы неба бялела некалькі невялічкіх спакойных аблокаў. Ніжай пад імі высілася абсыпаная шышкамі вяршаліна елкі. Некалькі тугіх шышак ляжалі і ў доле, на ўтаптанай саломе, ля яго босых і брудных ног.

Яма была не такая ўжо і глыбокая, некалі нядбайна выкапаная на бульбу - невялікі яе запас хавалі тут да вясны. З абсыпістых сцен бізунамі вісела яловае карэнне, таўсцейшае тырчала з бакоў, як цвёрдыя, вузлаватыя локці. Вылезці адсюль было проста, нават і дзіця вылезла б, але ён вылазіць не збіраўся. Па-першае, наверсе да ямы была прыстаўлена варта - партызан з вінтоўкаю, што пільнаваў яго як злачынцу. Па-другое, і гэта галоўнае, Сцёпка не лічыў сябе ніякім злачынцам, чакаў і дужа спадзяваўся на справядлівасць. Цяпер, памалу спакайнеючы пасля таго недарэчнага ўчарашняга здарэння, Сцяпан адчуваў, што пагарачыўся, што не трэба было даводзіць усё да бяды. Але разумныя думкі звычайна спазняюцца, і таго, што здарылася, ужо не перайначыш.

Галасы тым часам памалу аддаліліся, заглухлі ў ельніку, наўкола зноў стала ціха і надта чуйна, як звычайна ў яме. У гэтай самотнай цішы лесавога ранку Сцяпану неяк міжвольна захацелася пачуць вартавога, які ўсю ноч тупаў паблізу. Калі ўчора саджалі сюды, дык ставілі Кучкіна, але цяпер, мусіць, не Кучкін - змянілі іншым. Той быў непаседлівы і надта шумлівы: то кашляў, то мармытаў нешта і ўсё хадзіў і хадзіў наўкола. Гэты ціхі - мусіць, сядзіць недзе паблізу і дрэмле.

Прыцяўшы дыханне, Сцёпка, аднак, злавіў на слых ціхенькія гукі, якіх спярша не адгадаў нават, а пасля неяк само сабою між думак стала зразумела, што вартавы стругае палачку ці, можа, дубчык: чутны былі ціхае шорханне нажа, мах рукі. Пасля ён пачуў і лопат дубца аб прысыпаны ігліцаю дол. І хлопцу раптам да душэўнай сутаргі захацелася туды, на волю, хоць азірнуцца, паглядзець на бакі з краю ямы, вылезці з гэтага сырога, прасмярдзелага трухлявай саломай і зямлёй дна.

Але ён знае, што, пакуль не прыедзе камісар, ніхто яго адсюль не пусціць.

Між тым на сцяжыне пад елкамі спярша невыразна, а потым усё гучней раздаюцца чыесь шырокія крокі, чуецца шорхат скранутых галін, мернае пабразгванне ў такт кроку - зброі ці чаго ў кішэні. Паблізу, чутно, мусіць, устае вартавы, ударамі далоні абтрасае падол світкі; рэзка пстрыкае складанчык. Сцёпка спазнела здагадваецца: ідуць сюды. Можа, па яго? Ён чакае гэтага і гатовы ўжо ўзрадавацца, але замест адпаведных для такога выпадку слоў чуе іншыя.

- Ну, ідзі падрубай, - чуваць здаля роўны голас задаволенага сабой і, пэўна, не галоднага ўжо чалавека.

Нечакана блізка і хрыплавата адгукаецца вартавы:

- Што там? Зноў ячная?

- Не, зацірка з салам.

- Ну, усё лепей. А то гэта ячная ўжо ў бруха не лезе.

- Палезе. Ну, як твой бандыт? - раптам пытаецца новы вартавы.

- Ціхі, як мыша. Спіць усё.

- Ціхі, кажаш?

Галасы незнаёмыя, - мусіць, хтось з новых. Сцёпка адчувае, што ідуць сюды, і, сеўшы, робіць незалежны выгляд, насупліваецца, ледзьве адольваючы невыразную, шчымлівую трывогу.

Над краем ямы з'яўляюцца дзве галавы - адна ў шапцы, другая ў нямецкай пілотцы, а пасля і боты - трафейныя, падбітыя шыпамі, - гэта ў таго, што змяняе. Той, што адстаяў, месціцца далей, і Сцёпка бачыць яго да пояса.

- Прывет! - з пераігранай добразычлівасцю кідае новы вартавы, цікаўна абмацваючы яго нязлымі вачмі.

Сцёпка паволі апускае голаў - яму не да жартаў і бязглуздых размоў. Вартавы, мусіць, разумее гэта і зганяе з твару ўсмешку.

- Нічога. Камісар разбярэцца. Ты з чые роты?

- А табе што? - ціха кажа Сцёпка і ўзнімае дакорлівы позірк.

- Ды так.

- Што ты яго дапытваеш? - нецярпліва пераступае другі. - З чыёй бы ні быў, цяпер яго дзела труба. Расстрэл будзе.

- Ну, чаму ўжо і расстрэл? А калі змякчаючыя абстаяцельствы? Пашлюць на жалезку, іскупіць віну і будзе бегаць, - з бадзёрай упэўненасцю гамоніць вартавы.

Сцёпка прыслухоўваецца і ўзіраецца ў гэтага чалавека: ён не стары яшчэ, каржакаваты і - па гаворцы чуваць - не тутэйшы. Мабыць, з акружэнцаў ці з былога раённага начальства. Хлопец ужо гатоў павесялець, як у голасе вартавога адзначае ноткі няшчырасці, хутчэй - бяздумнае абыякавасці, і зноў тупіць свой позірк.

- Прыедзе камісар - ён яму пакажа «змякчаючыя».

- Нічога. Галоўнае - не дрэйф. Калі што - моў, пад мухай быў. А пад мухай - яно ўсё магчыма.

Яны паварочваюцца і знікаюць. Раздражненае напружанне ў Сцёпку патроху слабее - трываць гэтую гаману яму ўжо рабілася не пад сілу. Што б там ні чакала яго, абы толькі скарэй. Хлопцу ўжо здаецца, што ён сядзіць тут доўга-доўга, і ягоныя ўстрывожаныя пачуцці то прыглушваюцца ўспамінамі, то абуджаюцца да нясцерпнасці. Мусіць, лепш, калі ён адзін і ніхто не дакучае ні пагрозамі, ні не патрэбным цяпер суцяшэннем. Сцяўшыся ад золкасці, ён прытыкаецца плячом да вогкае земляной сцяны, адну да другой горне азяблыя ступні - нагам так робіцца нібы цяплей.

Непадалёк у алешніку сякуць дровы - мабыць, на кухню, чуюцца непаспешлівыя ўдары, кароткі хруст дрэва, шорхат галля; часам тонка адзвоньвае сякера. Так і ён сек два дні назад і, мабыць, сек бы і цяпер, і заўтра, і жыў бы, хоць і не дужа весела, але ўжо напэўна без гэтых непрыемнасцей, якія горш за рану, а можа, і за самую смерць, калі ў баі. І трэба ж было яму паперціся на тое заданне... Ён і дагэтуль не разумее, ці сапраўды Маслакоў яго шукаў, каб узяць у групу, ці, можа, выпадкам напаткаў у лесе і паклікаў.

Зрэшты, на Маслакова ён крыўды не мае - той усё рабіў з найлепшым намерам. Ці яго віна, што многае абярнулася такім чынам...

 

 

Тады ён, ссекшы некалькі альховых дравін, вяртаўся на кухню.

Нятоўстыя тыя дравіны аказаліся надзіва цяжкія. Сцёпка іх спярша нёс, пасля валок за набрынялыя вясновым сокам камлі. Вяршаліны і няроўна абсечанае суччо дралі прэлую залеж леташняга лісця, чапляліся за хмызняк і ядловец. Камлі ж дык адрывалі рукі. А тут яшчэ вінтоўка на даўгаватай вераўчанай почапцы - яна біла прыкладам між ног, замінала ісці, і хлопец, добра прытаміўшыся, кінуў дравіны, трохі не давалокшы да кухні. Потым, памарудзіўшы, і сам стомлена апусціўся на дол у рэдкім яшчэ, з дробнымі лісткамі, альшэўнічку збоч сцежкі. Было цеплавата і зацішна, ён угрэўся, пад суконным мундзірам ажно прыпацеў карак. Сцёпка расшпіліў каўнер, кінуў на дол пляскатую рудавухую шапку, ад мокрай падшэўкі якой ішла пара. Некалькі хвілін хлопец, сапучы, аддыхваўся і думаў, што шапка - не бяда, як ні дзіўна, разам з яго галавой дажыла да цяпла і яшчэ, мабыць, паслужыць. Таксама як і руды, гузікасты, з чатырма кішанямі венгерскі мундзір, і чорныя, прашытыя кантам паліцэйскія штаны. А вось з ботамі яму не пашэнціла. Боты развальваліся. Левы ён ужо з тыдзень насіў звязаны кавалкам чырвонага нямецкага кабелю, а правы не было як і звязаць: перад амаль увесь згніў. У ботах было мокра, ногі заўсёды стылі. Мусіць, з тае прычыны хлопца стала дапякаць скуллё - па баках, на сцёгнах, а цяпер вось яшчэ і на шыі - абляпіла так, што не павярнуць галавы.

Зрэшты, з ботамі ён быў вінаваты сам: мог сцягнуць з немца, якіх тады багата валялася на дарозе пасля ўдалай засады, звычайныя салдацкія, а не квапіцца на афіцэрскія. Афіцэр гэты падвярнуўся яму ў канаве, куды Сцяпан папярэдне шпурнуў гранату; і тут жа, не трацячы часу, хлопец зняў з яго дзягу, да якой была прычэплена цвёрдая скураная кабура парабелума і гэтыя вось боты. Парабелумам, аднак, ён пакарыстаўся нядоўга - мусіў уступіць новаму начальніку штаба, які меў нейкі старасвецкі даўгаствольны наган. Дзягу аддаў узводнаму Бойчанку, бо ў Сцёпкі і старая была някепская. А вось на хромавыя боты, занадта шыкоўныя для ляснога жыцця, ахвотнікаў памяняць не знайшлося - мусіў насіць. Пакуль не данасіўся дарэшты.

Наогул, у гэтым атрадзе Сцёпку не шэнціла ўсю зіму. Пачалося з таго, што яго зблыталі з адным сувязным, таксама па прозвішчы Таўкач, які недзе выдаў атрадных разведчыкаў і за якім палявалі партызаны. Пакуль разабраліся, мусіў з тыдзень пасядзець у замкнёнай зямлянцы. Потым яго выпусцілі, але на першым жа заданні ў Астапаўшчыне здарылася бяда. Невялічкая група іх заначавала тады ў пуньцы, Сцёпка звечара стаяў на варце і толькі, змяніўшыся, прыдрамаў у сене, як на вёску наляцелі паліцаі. Хлопцы гародамі ўцяклі ў лес, а яго пабудзіць, мусіць, забыліся. Давялося да паўдня, не варухнуўшыся, пастаяць ля шула за варотамі крокаў за дзесяць ад п'яных бобікаў, якія атабарыліся ў гумне. Калі ж назаўтра ён прыйшоў у атрад, усе вельмі здзівіліся яго неверагоднаму выратаванню. Вядома, нейкі час Сцёпку падазравалі, выклікалі да начальства, слухалі яго кароткі расказ, верылі і не верылі. Пасля, калі гэтае падазрэнне крыху ўляглося, яму не стала адбою ад Грушэцкага, надта вострага на язык партызана з Полацка, які не мінаў ніводнага выпадку, каб паздзекавацца з хлопца. Неяк, не стрываўшы кпінаў, Сцёпка выцяў зласліўца вінтоўкай па галаве, за што тут жа быў надзелены мянушкай Псіх - самаю крыўднаю з усіх, якія ён меў за сваё васемнаццацігадовае жыццё.

У ранейшым атрадзе - імя Варашылава - жылося яму куды лепей, там ён быў ледзь не самы стары партызан, са стажам, не дужа меншым, чым у самога камандзіра атрада лейтэнанта Круцікава. Праўда, там яго таксама дражнілі, ды ўсё ж мянушкі былі больш людскія: Белы - гэта за валасы ды бровы, а яшчэ Здыхля - маўляў, што худы, хоць худых і без яго ў атрадзе было нямала. Але там ён адчуваў сябе не горшым за іншых, раўнапраўным байцом, не тое што тут, у гэтых чапаеўцаў. На жаль, тагачаснае жытло яго беззваротна мінулася, пакінуўшы адны ўспаміны.

Сцёпка крыху адпачыў, але не спяшаўся ўпрагацца ў нялёгкую пастылую працу і задуменна калупаў трэскай у боце. Самае найгоршае было, вядома, не ў змене атрадаў і нават не ў адносінах да яго партызан. Хлопцы, зразумела, часам нахабнічалі над ім, маладым і слабасільным, але рабілі гэта без асаблівае злосці, хутчэй дзеля пацехі. А вось начальства - тое жартаў не знала. З начальствам партызан Тоўкач быў у даўнім застарэлым канфлікце, прычыны якога з розных бакоў вызначаліся неаднолькава. Сцёпка лічыў, што да яго прыдзіраліся, а начальнікі прытрымліваліся тае думкі, што Тоўкач разгільдзяй, на якога патрэбна строгасць. Прынамсі, так гаварыў узводны Бойчанка, калі скардзіўся на яго камандзіру атрада за самаўпраўства з высялкоўскім старастам. За разгільдзяйства лаяў яго начальнік штаба, калі ён, пераведзены ўжо ў гаспадарчы ўзвод, упусціў прадуктовую карову. Атрад тады выходзіў з блакады, гаспадарнікі з вазамі і параненымі прабіраліся па нейкіх раўках ды балацявінах, ля шашы іх усё ж падпільнавалі карнікі, усчаўся абстрэл трасіруючымі, і чорная порсткая рагуля - жывы прадуктовы запас - так ірванулася з рук, што толькі ён яе бачыў у прыцемках. Калі перайшлі шашу, мусіў з абарваным павадком з'явіцца перад разлютаваным начальнікам штаба. Думаў, гэта для яго кепска скончыцца. Але навакол было поўна карнікаў, і партызаны таіліся, баючыся хруснуць галінкай.

- Тоўкач!

Сцёпка знечывела ўздрыгнуў і азірнуўся: адхінаючы рукой голле, праз кустоўе ішоў Маслакоў - падрыўнік, колішні кадравы чырвонаармеец, з якім аднойчы зімой Сцяпан хадзіў на чыгунку. Апошнім часам Маслакоў залечваў у санчасці параненую руку і калі-нікалі наведваўся да іх у гаспадарчы ўзвод.

Трохі здзіўлена пазіраючы на падрыўніка, Сцяпан маўчаў, не цямячы, навошта спатрэбіўся. Рука ў Маслакова была ўжо без почапкі, аднак, ідучы, ён кратаў ёю засцярожліва, на далоні ўсё яшчэ бялеў замызганы бінт павязкі. Падрыўнік падышоў бліжэй - тонкае голле алешніку пругка прашоргала па яго расшпіленай зялёнай ватоўцы.

- Ну, як жысць, Тоўкач?

Сцёпка памаўчаў, не ведаючы, як аднесціся да гэтага пытання: каму невядома, якое жыццё ў гаспадарчым узводзе, ля кухні. Было падобна, што Маслакоў жартуе, але ў тоне і выглядзе яго, здаецца, не было ні здзеку, ні нават іроніі; як заўжды, добрая, ледзьве прытоеная жартоўнасць бруіла на яго смуглым твары. І Сцяпан сказаў абыякава:

- Ды во - дровы запашу.

Нагою ў спраўным яшчэ, намазаным лоем кірзавым боце Маслакоў наступіў на крывы камель дравіны, вяршаліна якой, бы жывая, коратка варухнулася ў доле.

- Ну і алешына! І ты адзін цягаеш?

- А хто ж яшчэ?

- Не жыццё, а катарга! - спачувальна заключыў Маслакоў і павярнуўся да хлопца. - Слухай, а ў мяне да цябе справа.

Сцяпан з нецярплівай цікаўнасцю знізу ўгору зірнуў на Маслакова. Калі той яшчэ толькі аклікнуў хлопца, Сцёпка адчуў, што гэта не так сабе - што ён нясе навіну і што навіна гэтая неблагая. Таму ён цяпер на ўсе вочы глядзеў на падрыўніка, а той нейкі час нібыта вагаўся ў нерашучасці: на твары яго ўсё блукала стрыманая ўсмешка.

- Сходзім на адно дзела. З музыкай.

Невядома чаму, але Сцёпка ўжо адчуваў, што будзе іменна такая прапанова. Гэта было куды як зманліва - схадзіць з Маслаковым на баявое заданне, ды яшчэ «з музыкай». А то ён апошні час калі і вырываўся куды, дык то па бульбу на які-небудзь хутар, то па сена ў лугі, а аднойчы вазіў трафейны брызент у суседні атрад. На заданні яго не пасылалі.

Але Сцёпка ўспомніў сваё становішча ў гаспадарчым узводзе і тут жа апанурыўся.

- Кляпец хіба пусціць!..

- А куды дзенецца?

- Ты гаварыў з ім?

- Камандзір пагаворыць. Выкліча, загадае, і ўвесь разгавор, - без ценю сумнення сказаў Маслакоў.

Сцёпка, аднак, паныла махнуў рукой.

- Ну, камандзір не заступіцца.

Маслакоў нецярпліва пераступаў на месцы, таўхануў на плячы новенькі, з паліраваным прыкладам ППШ.

- Ладна. Гэта маё дзела. Ты кажы: згодны?

- Ну.

- Дык патопалі. Часу мала.

Яшчэ не верачы, Сцёпка валюхаста ўстаў на ногі, падабраў з долу вінтоўку, глыбей за дзягу зашчаміў сякеру. Маслакоў аднаруч ухапіў дзве дравіны і імкліва пашыбаваў у хмызняк - напрасткі да недалёкае ўжо кухні. Сцёпка заспяшаўся следам. Насуперак сваім невясёлым апасенням ён памалу стаў паддавацца бадзёрай упэўненасці падрыўніка і амаль ужо верыў, што лёс нечакана павярнуўся да яго лепшым бокам. Але яшчэ не знікла і сумненне. Сцёпка надта добра ўяўляў сабе, як сустрэне гэтую навіну Кляпец, якому вечна не хапае людзей на кухні, ды і тыя ў яго заўжды гультаі і разгільдзяі. Аднак Маслакоў, мабыць, тым ніколькі не клапаціўся. Азірнуўшыся, падрыўнік сказаў:

- Помніш, як мы пад Фарынавам грукнулі?

- Ну.

- Вось я і думаю: чаго гэта Тоўкача на кухні капцяць? Такога падрыўніка, з вопытам.

Ён паглядзеў на хлопца з такой шчырай сяброўскасцю, што Сцёпка ажно адчуў сябе шчаслівым. Праўда, хлопец зразумеў, што Маслакоў жартуе: які там у яго вопыт?

Вопыт, канечне, быў невялікі, апошнім часам на чыгунку ён не хадзіў. Але тады, пад Фарынавам, яны сапраўды грукнулі ўдала. Месца трапілася зручнае: насып, паварот і да таго ж спуск, а наперадзе падмёрзлае балота. Машыніст, мабыць, не прадчуваў небяспекі, добра паддаў пары, і як грукнула - амаль увесь састаў зляцеў з насыпу. Помніцца, тады з імі хадзілі Балашэвіч і Струк. Першага ўжо няма, другі застаўся, паранены, у Казельскай пушчы.

З адною дравіной хлопцу было ўпраўней; яны вылезлі з хмызняку ў рэдкалессе, і Сцёпка падбег трохі наперад, каб ісці поруч.

- А хто яшчэ пойдзе?

- Яшчэ? Яшчэ Даніла Шпак з узвода Мяцёлкіна. Пажылы такі. Мясцовы. І Брытвін. Ведаеш?

- Той, што ротным быў?

- Ну. Пойдзе іскупаць правінку. Як іскупіць, тады, казалі, зноў камандзірам паставяць.

Што ж, гэта было няблага: Маслакоў, Брытвін - куды якія ўмелыя партызаны, Даніла Шпак - мясцовы, наскрозь ведае ўсе хады-выхады. Сцёпка памалу ўжо асвойваўся з сваёй радасцю; пра заданне ён не пытаўся: ведаў, прыйдзе час - усё растлумачаць, рабі як найлепш.

Яны падвалаклі дравіны да кухні ў ельніку, ад якой прытульна патыхала дымком, і спыніліся каля пня, дзе быў дрывасек. Тут ужо ляжала некалькі палак, прыцягнутых Сцёпкам раней, аднак ён адразу вызначыў, што на абед дроў было малавата. Тым не менш гэты клопат, які нядаўна яшчэ дапякаў яму, цяпер зрабіўся такі апрыклы, што не хацелася пра гэта думаць. Яны размашыста пакідалі свае дравіны на ранейшыя, і Маслакоў падштурхнуў на плячы аўтамат.

- Дык збірайся. Праз гадзіну патопаем.

 

 

Праз гадзіну, аднак, не патопалі: здарылася няўпраўка са ўзрыўчаткай. Пакуль Маслакоў бегаў па начальству, яны ўтрох чакалі пад елкай акрай лясное прагаліны, у тым месцы, дзе пачыналася дарога. Былы камандзір партызанскае роты Брытвін, толькі прыйшоўшы сюды, адразу паваліўся жыватом на іглісты пад елкаю дол і ляжаў так, з маўклівай засяроджанасцю ўткнуўшы ў рукавы моцны паголены падбародак. З іх трох ён адзін, у шынялі і суконнай пілотцы, меў хоць прыблізна вайсковы выгляд; Сцёпка ж у сваім зборным убранні быў падобны хутчэй на паліцая. Што ж да трэцяга тут, стараватага селяніна Шпака Данілы, дык у таго наогул не было нічога вайсковага. Маўклівы, з зарослым чорнымі касмылямі тварам, у рыжым, злубянелым ад вільгаці кажуху і лапцях, ён сядзеў, прыхінуўшыся да смалістага камля елкі, і нешта старанна, з ненасытнаю асалодаю жаваў. Побач ляжаў яго кароценькі абрэз з нефарбаванай самадзельнаю ложай. Сцёпка не адразу і зразумеў, што Даніла еў боб, які даставаў з зашмальцаванай процігазнай сумкі патрошку, па пары каліваў, нібы яны былі ў яго ўжо апошнія. Тым не менш і праз паўгадзіны ён усё жаваў, кожны раз унікаючы Сцёпкавага позірку, калі той паварочваўся да яго. Хлопец наскрозь разумеў гэтыя прастадушныя дзядзькавы хітрыкі, але маўчаў, бо даўно меў за правіла нічога не прасіць у тых, хто не хацеў даць.

Ён быў у прыўзнятым, амаль радасным настроі, бо выхад на заданне ўвогуле абышоўся ўдала. Кляпца не спатрэбілася і выклікаць да камандзіра, проста Маслакоў перадаў яму загад начштаба, і гаспадарнік, пабурчаўшы, змоўк, што значыла - пагадзіўся. Сцёпка не чакаў абеду, атрымаў свой кус хлеба, які тут жа з'еў, і цяпер быў ва ўладзе адвыклага ўжо хвалюючага нецярпення, калі хацелася толькі аднаго: як найхутчэй рушыць у дарогу. Закінуўшы за спіну вінтоўку, ён выламаў дубчык і пасцёбваў ім у доле, паглядаючы ў бок буданоў, адкуль павінен быў паявіцца Маслакоў.

- Можа, ля Азярышча пойдзем? Не ведаеце?

Яму ніхто не адказаў. Даніла быў заняты бобам, а Брытвін толькі павёў на хлопца косым абыякавым позіркам.

- Ля Азярышча б прайсці лягчэй. Там паліцыя свая.

- А ты скуль ведаеш? - суха запытаў Брытвін.

- Я? Гэткі сакрэт! Усе ведаюць, - знарок бесклапотна адказаў Сцёпка, але ўнутрана насцярожыўся: тон гэтага пытання быў яму дужа вядомы, і ён ужо зразумеў, што дарма так сказаў.

Брытвін пасля паўзы важка зазначыў:

- Ты за ўсіх не атветчык. А сам трымай язык за зубамі. Калі што і ведаеш.

Паверх лесу Сцёпка паглядзеў у неба, завалочанае малочнай смугой, праз якую з раніцы не магло выбавіцца сонца, потым перавёў позірк уніз, на буданы за палянай: Маслакова ўсё не было. Другому б ён нешта адказаў у такім выпадку, але Брытвіну пярэчыць цяпер не стаў: як-ніяк той старэйшы і нягожа было заядацца з ім. Праўда, хадзілі чуткі, што месяц назад Брытвін здорава праштрафіўся на заданні, яго знялі з роты, хацелі нават судзіць, ды перавялі ў іхні атрад радавым. І тым не менш тон і ўвесь яго выгляд сведчылі, што радавым ён сябе не лічыў. Прынамсі, тут, у гэтай групе, паводзіў сябе як старшы, хоць і з маленькай, але ўсё ж з перавагай над імі двума. Праўда, гэтае яго старшынство не дужа турбавала Сцёпку, які адзіным камандзірам прызнаваў тут Маслакова.

Паляскаўшы дубцом, Сцёпка зняў з-за спіны вінтоўку і таксама прысеў на дол, трохі воддаль ад іх двух. Вінтоўка ў хлопца была старая, з гранёным казённікам, выпушчаная, мяркуючы па кляйме, яшчэ да мадэрнізацыі 1930 года. Увогуле, страляла яна няблага, затвор таксама працаваў нармальна, і Сцяпан быў бы ёю задаволены, калі б не мушка. Мушка раскярнілася ў сваім гняздзе і соўгалася туды-сюды. Перш чым стрэліць, трэба было пасунуць яе на месца, да рыскі, а пасля ўжо цэліцца.

Сцёпка ўзяў з долу сучок, пазногцямі адшчыкнуў ад яго трэску і стаў ціхенька запіхваць яе ў шчылінку пад мушкай. Трэска, аднак, не лезла, ламалася. Ягоны занятак звярнуў на сябе ўвагу Данілы, а потым і Брытвіна, які нездаволена варухнуў брывамі.

- Што ты робіш?

- Ды во - мушка.

Былы ротны павярнуўся на бок і з патрабавальнай упэўненасцю працяг руку.

- Ану!

Сцёпка яшчэ раз калупнуў трэскай, але зноў няўдала і падаў вінтоўку Брытвіну. Той сеў, расставіўшы калені, звыкла паляскаў затворам.

- Ну і ламачына! Гразная, канечне, іржавая. У цябе хто камандзір? Мелік'янц, ага?

Сцёпка прамаўчаў. Гаварыць з Брытвіным у яго ўраз прапала жаданне - хлопец ведаў, што той скажа далей.

- Ладна. Давайце вінтоўку.

- Не, пачакай! - ухінуўшыся ад яго рукі, Брытвін шчоўкнуў курком, пакратаў прыцэльную рамку. Потым зірнуў на мушку. - А яшчэ казалі: Мелік'янц - строгі камандзір!

Сцёпка ўсё маўчаў, але пад елкай падазрона заёрзаў Даніла.

- Ды ён не Мелік'янца. Ён з кухні.

- Як з кухні?

Брытвін апусціў вінтоўку і ўтаропіў у Данілу недаўменны, амаль абураны позірк. Сцёпка за рулю выхапіў у яго вінтоўку, падумаўшы пра Данілу: «Каб ты прапаў! Цягнуў яго хто за язык! » Хлопец адчуў у сабе пакутную няёмкасць ад гэтае недарэчнай падказкі, але паправіць нічога ўжо нельга было, і ён агрызнуўся:

- А што на кухні - не людзі?

Пасля ўстаў і закінуў сваю ламачыну за плячо, гатовы ісці, толькі ісці яшчэ не выпадала - хочаш ці не, а трэба было чакаць з гэтымі побач. Тым часам Даніла з лёгкай пагардай на валасатым твары, а Брытвін з трывожлівай насцярожлівасцю пазіралі на яго.

- Дык хто цябе назначыў у групу? - запытаў Брытвін, ссунуўшы да пераносся густыя чорныя бровы.

- А вам якое дзела? - Так, усё было дужа знаёмае: Сцёпка зноў адчуў сябе ў становішчы горшага за іншых, і гэта міжвольна выклікала ў ім інстынктыўны парыў абараняцца. - Каму трэба было, той і прызначыў.

Брытвін, аднак, пільнаваўся стрыманасці, неўзабаве прыцяў здзіўленне і зірнуў на Данілу. Той без асаблівай увагі да іх варушыў рукой у сваёй сумцы.

- Дажыліся, няма чаго сказаць! - прабурчаў Брытвін і зноў адхінуўся на локаць.

Сцёпка, патаптаўшыся трохі, сеў воддаль ад іх, ля сцежкі. Першая прасветліна ў ягоным настроі хутка завалоквалася прыкрасцю, ён ужо лаяў сябе, што даў Брытвіну ў рукі вінтоўку, - хай бы трымаў сваю. А то прыдбаў недзе дзесяцізарадку, дык столькі ўжо фанабэрыі. Калі спатрэбіцца, яшчэ невядома, чыя лепш возьме - гэтая СВТ ці яго, узору 1891 года. Сцяпан мог бы ўсё гэта ім растлумачыць, таксама як і тое, што на кухні ён апынуўся выпадкова, што ён не менш за іх пахадзіў у свой час на заданні. Але нейкая нядобрая ўпартасць у адносінах да іх, асабліва да Брытвіна, ужо брала сваё, і ён нічога не мог зрабіць з ёю. Яна яму не падпарадкоўвалася, ён ведаў гэта і не імкнуўся перасіліць яе.

Пакрыўджана прыціхшы, Сцёпка і не згледзеў, як ад буданоў паказаўся Маслакоў. Хлопец пачуў толькі, як пад хваінай, устаючы, зашорхаў кажухом Даніла, падняўся і зручней сеў Брытвін. У Сцёпкі ж ад скулля ламіла ў шыі, і, каб азірнуцца, ён мусіў павярнуцца ўсім целам. Цераз прагаліну наўпрасткі ішоў іх камандзір. Адною рукой ён нёс штосьці цяжкое - здаецца, нямецкую каністру, у якой звычайна трымалі бензін. Падышоўшы бліжэй, паставіў каністру і ссунуў з потнага лба армейскую шапку.

- Што гэта? - запытаў Брытвін.

- Дымок, дымок рабіць будзем, - жартоўна загаманіў камандзір групы. - Думаў, грукнем - нічога не выйшла. Будзем дыміць.

Яны ўсе пахмурна глядзелі на каністру: Даніла і Сцяпан - пастаўшы ля яе, а Брытвін - маўкліва седзячы на сваім месцы. Вядома, усе з прыкрасцю разумелі, што выходзіла горш, чым меркавалася: бензін - не тол; як бы там ні выпадала, паліць заўжды горш, чым узрываць.

- Дык мы што? Хіба не на чыгунку? - стрымана запытаў Брытвін, пазіраючы некуды ў дол, на камандзіравы боты.

Маслакоў з жартоўнаю жвавасцю ў вачах агледзеў сваіх падначаленых.

- Не, не на чыгунку. У другі бок. На Кругляны.

- На Кругляны. А хто табе групу камплектаваў?

- А што - кепская група? Сам падбіраў.

Брытвін устаў і падышоў бліжэй. Потым з нейкаю замаруджанай важнасцю павярнуўся да Сцёпкі.

- А таго таксама сам выбраў?

- Каго? Тоўкача? А што, кепскі падрыўнік?

Брытвін спадылба выпрабавальна і настойліва глядзеў на камандзіра.

- Дзе ж гэта ён падрываў? На кухні?

- Якое вам дзела? - не стрываўшы, агрызнуўся Сцяпан. - Падумаеш, начальнік знайшоўся!

- Ціха!

Маслакоў, мабыць, толькі цяпер зразумеў нешта. З ягонага твару сышла ўсмешка, без якое рысы яго зрабіліся рэзкія, амаль жорсткія.

- Каго браў - мая справа, - сказаў ён. - Хто заслужваў.

- Заслужваў! Ты паглядзі, якая ў яго вінтоўка, - кіўнуў галавой Брытвін.

Маслакоў павярнуўся да Сцёпкі.

- Ану, дай сюды.

Сцяпан падаў вінтоўку, Маслакоў адкрыў і закрыў затвор, спусціў курок. Строга зірнуў на хлопца.

- У чым справа?

- Ды мушка трохі ківаецца, - знарок, як аб дробязі, скорагаворкай адказаў Сцёпка і прыкусіў губу. Пакуль Маслакоў аглядаў і абмацваў мушку, хлопец усё болей панурыўся і з нянавісцю думаў пра Брытвіна. Ці ён быў вінаваты, што Кляпец уручыў яму гэту ламачыну? Ці яму самому не хацелася мець добрую зброю? З асаблівым шкадаваннем ён успомніў свой ладны трафейны аўтамацік, які ў яго забралі, калі пераводзілі ў гаспадарчы ўзвод.

Маслакоў узняў позірк на хлопца.

- Закярніць не мог, да?

- Дык не было чым.

- Цяпер некалі - на перакуры напомніш. Сам замацую. Астатняе ў парадку?

- У парадку, - паспешліва адказаў Сцёпка.

Маслакоў яшчэ зірнуў на яго тонкую постаць, перацятую дзяжкай, даўжэй затрымаў позірк на завязаным дротам боце, але не сказаў нічога.

- Трымай!

Сцёпка на ляту ледзьве ўхапіў кінутую яму вінтоўку і з палёгкай уздыхнуў. Напружанне яго расслабілася, галоўнае абышлося - яго не прагналі; астатняе для хлопца ўжо не мела вялікага сэнсу.

- Так. Тады шагам марш! - сказаў Маслакоў да астатніх. - Каністру панясём па чарзе. Хто першы?

Першага, аднак, не знаходзілася, каністра стаяла ў доле, над ёй, чакаючы ахвотніка, стаяў Маслакоў. Брытвін, па яго, мабыць, старой звычцы, адышоўся воддаль з такім выглядам, нібы яго тут нічога не датычыла. Даніла чамусьці глядзеў у лес - бы і не чуў, што сказаў камандзір. Тады Сцёпка з гняўлівай зацятасцю ступіў крок наперад і ўзяўся за гнутую металічную ручку каністры.

- Да-а, - няпэўна прамовіў Маслакоў і кораценька ўздыхнуў. - Ладна, пачынай, Тоўкач.

 

 

Пачынаць было не так ужо і цяжка - з гадзіну Сцёпка, мяняючы рукі, нёс каністру. Закінутая лесавая дарожка вілася спярша ў змрочным, замшэлым ельніку, пасля папаўзла нізінай, альховым хмызняком, расцяробамі. Цераз чорны, гразкі тарфянік хлопцы нядоўга абходзілі хлюпкае, з талай вадой балота, на якім у кустоўі нясмела яшчэ зелянелі кволыя зубчыкі вясновай травы.

Яшчэ ўпачатку Сцёпка знарок адстаў, каб не ісці поруч з Брытвіным, якога ён ужо амаль ненавідзеў. Хлопец разумеў, што былы ротны незадаволены ім, бо сумняваўся ў ягоных баявых якасцях, а можа, і наогул лічыў няўдакам. У глыбіні душы Сцёпка не мог не адчуваць, што сапраўды ад радасці трохі паспяшаўся з выхадам. Мусіць, трэба было папрасіць у Спірыдзёнка аўтамат або хоць бы закярніць мушку, тады б, можа, і не было гэтае звягі. Цяпер, разважыўшы, ён не лічыў сябе зусім невінаватым, але і не мог пагадзіцца, каб яму «чытаў мараль» Брытвін, які тут, па сутнасці, такі ж радавы, як і яны ўсе. Калі ўжо на тое пайшло, дык Сцёпка яшчэ стрываў бы мараль ад Маслакова ці ад каго з атраднага начальства, але толькі не ад Брытвіна, якога ён не ведаў, а цяпер ужо і не паважаў зусім. Мала што ён колішні камандзір, але таварыш з яго няварты, гэта ўжо было ясна з самага пачатку. І гэта засмучала, бо ў той справе, на якую яны выпраўляліся, куды важней было мець проста надзейнага таварыша, чым нейкага там звяглівага камандзіра. Камандаваць, уласна кажучы, не было кім - трэ было валачы каністру.

І ён валок яе, ледзьве не пераломваючыся напалам. Бензін нязвыкла смярдзеў, заглушаючы лесавую духмянасць, і з ціхім плёскатам мерна варушыўся ў пасудзіне. Спакваля, аднак, каністра ўсё цяжэла. Сцёпка стаў перабіраць яе ў руках амаль штомінуты, некалькі разоў спыняўся, мяняючыся рукамі, і ўрэшце адстаў. Наперадзе якраз трапіўся неглыбокі, зарослы ляшчыннікам равок, Маслакоў з астатнімі перайшоў па дарожцы на той бок, а Сцёпка спыніўся на ўзроўку і паставіў каністру. Напэўна, трэ было крыкнуць, каб падмянілі, але ён маўчаў: не хацеў пры Брытвіне ні аб чым прасіць - маглі б здагадацца самі. Студзячы ў паветры пякотную далонь, ён толькі глядзеў ім услед і думаў: азірнецца хто ці не? Тыя адзін за адным лезлі па схіле ўгору, і толькі выкараскаўшыся з рова, Маслакоў гукнуў яго. Сцёпка не азваўся, а з затоенай крыўдай сеў ля каністры. Яны за ровам таксама паселі - ніхто не ішоў сюды. Тады ён устаў і, узяўшы каністру, памалу сышоў у роў.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.