Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Той, хто нікому не прычыняе клопату і сам заўсёды застаецца спакойным і ў радасьці, і ў горы, хто ня ведае страху і трывог, - вельмі дарагі Мне.



ВЕРШ 12

 

шрейо хі джнанам абхйасадж джнанад дхйанам вішішйате
дхйанат карма-пхала-тйагас тйагач чхантір анантарам

 

шрейах - лепш; хі - безумоўна; джнанам - веды; абхйасат - чым практыка; джнанат - чым веды; дхйанам - мэдытацыя; вішішйате - лічыцца лепш; дхйанат - чым мэдытацыя; карма-пхала-тйагах - адрачэньне ад вынікаў кармічнай дзейнасьці; тйагат - дзякуючы адрачэньню; шантіх - супакой; анантарам - потым.

Калі ж ты ня можаш займацца й гэтым, то прыкладзі свае намаганьні для здабыцьця ведаў. Аднак мэдытацыя пераважней, чым веды, а адрачэньне ад пладоў сваёй працы пераважней мэдытацыі, бо чалавек, які зрокся ад пладоў сваёй працы, знаходзіць супакаеньне.

 

КАМЭНТАР: Як было сказана ў папярэдніх вершах, існуе дзьве формы адданага служэньня: адданае служэньне, рэглямэнтаванае сыстэмай правілаў і прадпісаньняў, і адданае служэньне, заснаванае на спантаннай любові і прыхільнасьці да Вярхоўнай Асобы Бога. Тыя, хто ня здольны кіравацца прынцыпамі сьвядомасьці Крышны, павінны імкнуцца атрымаць духоўныя веды, бо веды дапамогуць ім усьвядоміць сваё сапраўднае становішча. Паступова веды прывядуць іх на ўзровень мэдытацыі, і, займаючыся мэдытацыяй, яны зь цягам часу змогуць спасьцігнуць Вярхоўную Асобу Бога. Некаторыя мэтады духоўнага самапазнаньня могуць прывесьці чалавека да разуменьня, што ён сам і ёсьць Усявышні; падобнага роду мэдытацыі аддаюць перавагу тыя, хто ня можа займацца адданым служэньнем. Тым, хто ня здольны займацца нават такой мэдытацыяй, Веды загадваюць выконваць абавязкі ў сыстэме варнашрамы: абавязкі брахманаў, кшатрыяў, вайш'яў ці шудраў, пералічаныя ў апошняй частцы «Бхагавад-гіты». Але якія б ні былі абавязкі чалавека, яму трэба зрачыся пладоў сваёй працы, то бок ахвяраваць вынікі сваёй кармічнай дзейнасьці на нейкую добрую справу.

 

Такім чынам, да вышэйшай мэты - Вярхоўнай Асобы Бога - вядуць два шляхі: шлях паступовага разьвіцьця і просты шлях. Адданае служэньне ў сьвядомасьці Крышны - гэта просты шлях, іншыя ж мэтады вучаць чалавека адрачэньню ад пладоў сваёй дзейнасьці. Гэта дапамагае яму атрымаць веды, потым перайсьці да мэдытацыі, потым спасьцігнуць Звышдушу і паступова прыйсьці да Вярхоўнай Асобы Бога. Чалавек можа або прайсьці праз усе гэтыя ступені, або скарыстацца простым шляхам. Паколькі апошні даступны не ўсім, вакольны шлях спазнаньня Госпада таксама прымальны. Трэба, аднак, заўважыць, што Крышна не стаў рэкамэндаваць гэты шлях Aрджуне, бо той ужо аддана служыў Вярхоўнаму Госпаду. Шматступенны, вакольны шлях прызначаны для тых, хто яшчэ не дасягнуў узроўня адданага служэньня і таму павінен спачатку навучыцца адрачэньню, потым атрымаць веды і падчас мэдытацыі ўсьвядоміць Звышдушу і Брахман. Аднак «Бхагавад-гіта» асноўную ўвагу надае простаму шляху духоўнага самапазнаньня. Яна заклікае кожнага ўстаць на гэты шлях і аддацца Вярхоўнай Асобе Бога, Крышне.

 

 

ВЕРШЫ 13 -14

 

адвешта сарва-бхутанам маітрах каруна эва ча
нірмамо ніраханкарах сама-духкха-сукхах кшамі

сантуштах сататам йогі йататма дрідха-нішчайах
майй арпіта-мано-буддхір йо мад-бхактах са ме прійах

 

адвешта – той, хто не мае зайздрасьці і варожасьці; сарва-бхутанам - усіх жывых істот; маітрах - прыязны; карунах - зычлівы; эва - безумоўна; ча - таксама; нірмамах - пазбаўлены ўласьніцкіх пачуцьцяў; ніраханкарах - пазбаўлены падманнага эга; сама - аднолькавы; духкха - і ў горы; сукхах - той, хто ў шчасьці; кшамі – які даруе; сантуштах - задаволены; сататам - заўсёды; йогі - заняты адданым служэньнем; йата-атма - які валодае сабой; дрідха-нішчайах - які валодае цьвёрдай рашучасьцю; майі - на Мне; арпіта - засяроджаны; манах - і вум; буддхіх - той, чый розум; йах - які; мат-бхактах - Мой адданы; сах - той; ме - Мной; прійах - дарагі.

Той, хто нікому не зайздросьціць і прыязна ставіцца да ўсіх жывых істот, хто пазбавіўся ўласьніцкага інстынкту й падманнага эга, хто застаецца спакойным у радасьці і ў горы, хто цярплівы і заўсёды задаволены, хто, утаймаваўшы пачуцьці і засяродзіўшы на Мне свой вум і розум, з рашучасьцю аддае сябе адданаму служэньню, - такі чалавек вельмі дарагі Мне.

 

КАМЭНТАР: Вяртаючыся да апісаньня чыстага адданага служэньня, Госпад у гэтых двух вершах пералічвае духоўныя якасьці чыстага адданага. Такі адданы ў любых абставінах захоўвае супакой. Ён нікому не зайздросьціць і ні да каго не адчувае варожасьці. Замест таго каб адказваць варожасьцю на варожасьць, адданы думае: «Варожасьць гэтага чалавека да мяне зьяўляецца вынікам маіх мінулых грахоў. Таму лепш пакорліва зносіць пакуты, якія ен прычыняе мне». У «Шрымад-Бхагаватам» (10.14.8) сказана: тат те 'нукампам сусамікшамано бхунджана эватма-крітам віпакам. Трапляючы ў бяду ці сутыкаючыся зь цяжкасьцямі, адданы разглядае іх як міласьць Госпада. «У кару за мінулыя грахі, - думае ён, - я павінен быў бы пакутаваць значна мацней, чым пакутую цяпер. Толькі з ласкі Вярхоўнага Госпада я не атрымаў заслужанай кары ў поўнай меры. Літасьцю Вярхоўнай Асобы Бога мне дасталася толькі малая крыха пакут». Таму адданы заўсёды захоўвае супакой і цярпліва зносіць усялякія пакуты. Адданы таксама нязьменна добры да ўсіх жывых істот, нават да сваіх ворагаў. Нірмама: ён не надае асаблівага значэньня целавым пакутам, бо добра ведае, што не зьяўляецца целам. Паколькі адданы не атаясамляе сябе з матэрыяльным целам, у яго няма падманнага эга і ён аднолькава спакойна ставіцца да шчасьця й гора. Ён цярплівы і здавольваецца тым, што прыходзіць да яго з ласкі Вярхоўнага Госпада. Не ставячы перад сабой цяжкадасягальных мэтаў, ён заўсёды знаходзіцца ў радасным настроі. Няўхільна паводзячыся ўказаньнямі духоўнага настаўніка, адданы робіцца дасканалым йогам, і, паколькі ён утаймаваў свае пачуцьці, яму ўласьціва непахісная рашучасьць. Яго ніколі не саб'юць са шляху ілжывыя аргумэнты, бо нішто не можа пахіснуць ягонай рашучасьці займацца адданым служэньнем. Ён цалкам усьвядоміў, што Крышна - вечны Госпад, і нішто не можа пахіснуць яго. Усё гэта дапамагае яму цалкам засяродзіць свой вум і розум на Вярхоўным Госпадзе. Вядома, рэдка каму атрымліваецца дасягнуць такога высокага ўзроўню адданага служэньня, але кожны можа ўстаць на гэтую прыступку, калі будзе выконваць правілы адданага служэньня. Больш за тое, Госпад кажа, што такі адданы вельмі дарагі Яму, бо Госпад нязьменна задаволены ўсім, што той робіць у поўнай сьвядомасьці Крышны.

 

 

ВЕРШ 15

 

йасман нодвіджате локо локан нодвіджате ча йах
харшамарша-бхайодвегаір мукто йах са ча ме прійах

 

йасмат - ад якога; на удвіджате - не прыходзяць у занепакоенасьць; локах - людзі; локат - ад людзей; на удвіджате - не адчувае занепакоенасьці; ча - таксама; йах - які; харша - шчасьцем; амарша - горам; бхайа - страхам; удвегаіх - і трывогамі; муктах - вызвалены; йах - які; сах - той; ча - таксама; ме - Мой; прійах - дарагі.

Той, хто нікому не прычыняе клопату і сам заўсёды застаецца спакойным і ў радасьці, і ў горы, хто ня ведае страху і трывог, - вельмі дарагі Мне.

 

КАМЭНТАР: Тут пералічаны яшчэ некалькі якасьцяў адданых. Адданы ніколі не ставіць іншага чалавека ў цяжкае становішча й ніколі не робіцца крыніцай трывог, страху ці незадаволенасьці для іншых. Жадаючы дабра кожнай жывой істоце, адданы ніколі не стане прычыняць іншым турбот. Разам з тым, калі яго самога спрабуюць патрывожыць, ён застаецца спакойным. Спакою ў любых, нават самых цяжкіх сытуацыях ён навучыўся з ласкі Госпада. Паколькі адданы заўсёды пагружаны ў сьвядомасьць Крышны і заняты адданым служэньнем, вонкавыя матэрыяльныя акалічнасьці ня могуць вывесьці яго з раўнавагі. У матэрыяльным сьвеце людзі звычайна вельмі цешацца з таго, што дае задавальненьне іх пачуцьцям, але, калі чалавек бачыць, што іншыя адчуваюць задавальненьні, якіх сам ён пазбаўлены, ён засмучаецца й пакутуе ад зайздрасьці. Чаканьне помсты ворагаў пагружае яго ў страх, а няўдачы прыводзяць у засмучэньне. Адданы, які вольны ад усіх гэтых турбот, вельмі дарагі Крышне.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.