Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Засяродзь свой вум на Мне, Вярхоўнай Асобе Бога, скіруй на Мяне ўвесь свой розум. Так ты будзеш заўсёды жыць ува Мне, і ў гэтым ня можа быць ніякіх сумневаў.



ВЕРШ 2

 

шрі-бхагаван увача
майй авешйа мано йе мам нітйа-йукта упасате
шраддхайа парайопетас те ме йуктатама матах

 

шрі-бхагаван увача - Вярхоўны Госпад сказаў; майі - на Мне; авешйа - засяродзіўшы; манах - вум; йе - якія; мам - Мне; нітйа - заўсёды; йуктах - занятыя; упасате - пакланяюцца; шраддхайа - верай; парайа - духоўнай; упетах - надзеленыя; те - яны; ме - Мае; йукта-тамах – тыя, хто дасягнулі вышэйшай дасканаласьці ў навуцы йогі; матах – якія разумеюць.

 

Вярхоўны Госпад сказаў: Я лічу, што тыя, чый вум засяроджаны на Маёй асобавым вобразе і хто заўсёды пакланяецца Мне з глыбокай духоўнай верай, дасягнулі вышэйшай ступені дасканаласьці.

КАМЭНТAР: Адказваючы на пытаньне Aрджуны, Крышна заяўляе, што той, хто засяродзіў вум на Ягонай асобавай форме і пакланяецца Яму зь верай і адданасьцю, павінен лічыцца самым дасканалым йогам. Любая дзейнасьць чалавека, які цалкам ўсьведамляе Крышну, зьяўляецца нематэрыяльнай, бо ўсё, што ён робіць, ён робіць дзеля Крышны. Чысты адданы ўвесь час заняты. Ён або паўтарае імёны Госпада, або слухае аповеды пра Крышну ці чытае кнігі пра Яго, гатуе прасад ці ідзе на базар, каб купіць што-небудзь для Крышны, прыбірае храм ці мые посуд - што б ён ні рабіў, кожнае імгненьне яго жыцьця прысьвечана Крышне. Робячы ўсё гэта, чысты адданы знаходзіцца ў дасканалым самадхі.

 

 

ВЕРШЫ 3-4

 

йе тв акшарам анірдешйам авйактам парйупасате
сарватра-гам ачінтйам ча кута-стхам ачалам дхрувам

саннійамйендійа-грамам сарватра сама-буддхайах
те прапнуванті мам эва  сарва-бхута-хіте ратах

 

йе - якія; ту - але; акшарам - недаступнаму ўспрыманьню пачуцьцяў; анірдешйам — нявызначанаму; авйактам - нявыяўленаму; парйупасате - прысьвячаюць сябе цалкам; сарватра-гам - усюдыіснаму; ачінтйам - неспасьціжнаму; ча - і; кута-стхам - нязьменнаму; ачалам - нерухомаму; дхрувам – сталаму; саннійамйа - падначаліўшы; індрійа-грамам - сукупнасьць пачуцьцяў; сарватра - паўсюль; сама-буддхайах - якія адносяцца бесстароньне; те - яны; прапнуванті - дасягаюць; мам - Мяне; эва - абавязкова; сарва-бхута-хіте - дзеля дабра ўсіх жывых істот; ратах - занятыя.

Але і тыя, хто цалкам прысьвячае сябе пакланеньню нявыяўленаму, нявызначанаму, недаступнаму ўспрыманьню пачуцьцяў, усюдыіснаму, неспасьціжнаму, нязьменнаму, сталаму й нерухомаму — безасабоваму аспэкту Абсалютнай Ісьціны, - тыя, хто клапоціцца пра ўсеагульную карысьць і, цалкам ўтаймаваўшы ўсе свае пачуцьці, аднолькава ставяцца да ўсіх жывых істот, ўрэшце дасягаюць Мяне.

 

КАМЭНТАР: Тыя, хто не пакланяецца непасрэдна Вярхоўнаму Госпаду, Крышне, а спрабуе дасягнуць той жа мэты абыходным шляхам, урэшце дасягаюць таго ж самага - прыходзяць да Шры Крышны. «Пасьля вялікага мноства пражытых жыцьцяў мудрэц, які знайшоў прыстанак ува Мне, спасьцігае, што Васудэва ёсьць усё» (Б-г., 7.19). Калі чалавек, пражыўшы мноства жыцьцяў, урэшце знаходзіць дасканалыя веды, ён аддаецца Госпаду Крышне. Той, хто ідзе да Госпада гэтым шляхам, павінен навучыцца валодаць сваімі пачуцьцямі, служыць кожнай жывой істоце і клапаціцца пра ўсеагульную выгоду. З гэтага вынікае, што датуль, пакуль чалавек не прыйшоў да Госпада Крышны, ягонае веданьне нельга назваць дасканалым. Найчасьцей, перад тым, як цалкам аддацца Госпаду чалавек павінен прайсьці праз мноства цяжкасьцяў і выпрабаваньняў.

Каб адчуць прысутнасьць Звышдушы у сваім сэрцы, трэба спыніць дзейнасьць матэрыяльных пачуцьцяў, перастаць бачыць, чуць, адчуваць смак, працаваць і г. д. Толькі тады чалавек зможа зразумець, што Звышдуша знаходзіцца ўсюды. Усьвядоміўшы гэта, ён перастае адчуваць варожасьць: ён да ўсіх ставіцца аднолькава, і да чалавека, і да жывёлы, бо бачыць толькі душу, а не вонкавую абалонку. Аднак для звычайнага чалавека гэты мэтад разуменьня безасабовага аспэкту Aбсалютнай Ісьціны вельмі складаны.

 

 

ВЕРШ 5

 

клешо 'дхікатарас тешам авйактасакта-четасам
авйакта хі гатір духкхам дехавадбхір авапйате

 

клешах - цяжкасьць; адхіка-тарах - найвялікае; тешам - іх; авйакта - на нявыяўленым; асакта - засяроджаны; четасам - тых, вум якіх; авйакта - нявыяўлены; хі - безумоўна; гатіх - рух; духкхам - цяжка; деха-вадбхіх - увасобленымі; авапйате - дасягаецца.

 

Тым, чый вум засяроджаны на нявыяўленым, безасабовым аспэкце Ўсявышняга, вельмі цяжка ісьці па шляху духоўнага разьвіцьця. Для ўвасобленых жывых істот кожны крок на гэтым шляху даецца зь вялікімі намаганьнямі.

 

КАМЭНТАР: Трансцэндэнталістаў, якія імкнуцца да спазнаньня неспасьціжнага, нявыяўленага, безасабовага аспэкту Вярхоўнага Госпада, называюць г'яна-йогамі, а тых, хто, заўсёды ўсьведамляе Крышну і займаецца адданым служэньнем Госпаду, называюць бхакті-йогамі. У дадзеным вершы ясна паказана розьніца паміж г'яна-йогай і бхакті-йогай. Хоць г'яна-йога ўрэшце прыводзіць чалавека да той жа мэты, што і бхакті-йога, шлях гэты вельмі складаны й цярністы, тады як шлях бхакті-йогі, непасрэднага служэньня Вярхоўнай Асобе Бога, значна лягчэйшы й больш натуральны для ўвасобленай душы. Абумоўленая душа знаходзіцца ў матэрыяльным целе са спрадвечных часоў, і ёй вельмі цяжка зразумець, нават тэарэтычна, сваё адрозьненьне ад цела. Вось чаму бхакті-йогі пакланяюцца Боству, вобразу Крышны, тым самым выкарыстоўваючы целавыя ўяўленьні аб жыцьці, якія моцна заселі ў нашым вуме. Вядома, пакланеньне Вярхоўнай Асобе Бога ў вобразе ўсталяванага ў храме Боства не мае нічога агульнага з балвахвальствам. У Ведах гаворыцца пра дзьве формы пакланеньня: сагуна і ніргуна. Гэта значыць, што Ўсявышняму можна пакланяцца ў форме, якая валодае даступнымі ўспрыманьню якасьцямі і якая не валодае імі. Пакланеньне Боству ў храме адносііцца да катэгорыі сагуны, таму што выява Госпада створана з матэрыі. Аднак вобраз Госпада, увасоблены ў камені, дрэве ці фарбах, якія зьяўляюцца матэрыяльнымі, сам матэрыяльным не зьяўляецца. Такая абсалютная прырода Вярхоўнага Госпада.

 

У сувязі з гэтым можна прывесьці адно, можа, трохі грубае параўнаньне. Калі апусьціць ліст у любую з паштовых скрынак, развешаных на вуліцах, ён без цяжкасьцў знойдзе свайго адрасата. Аднак любая іншая скрыня, хай нават падобная на паштовую, але не ўсталяваная паштовым адзьдзяленьнем, не падыходзіць для гэтай мэты. Аналягічна, арча-віграха, Боства, усталяванае ў храмах, - гэта асьвячоны вобраз Госпада, які прадстаўляе Яго ў гэтым сьвеце. Aрча-віграха зьяўляецца ўвасабленьнем Вярхоўнага Госпада. Госпад паўстае перад намі ў гэтым вобразе, каб прымаць служэньне. Госпад усёмагутны, таму, увасабляючыся ў вобразе арча-віграхі, Ён прымае служэньне адданых, каб абумоўленым душам было лягчэй пакланяцца Яму.

 

Такім чынам, адданым не цяжка зьвярнуцца прама да Ўсявышняга, але для тых, хто спрабуе спасьцігнуць безасабовы Aбсалют, шлях духоўнага самапазнаньня вельмі нялёгкі. Каб спасьцігнуць нявыяўлены аспэкт Усявышняга, ім даводзіцца вывучаць такія ведычныя творы, як Упанішады, яны павінны вучыць мову гэтых пісаньняў, аналізаваць найтонкія адчуваньні і ў дасканаласьці авалодаць усім гэтым. Для звычайнага чалавека гэта вельмі цяжка. Але той, хто займаецца адданым служэньнем пад кіраўніцтвам сапраўднага духоўнага настаўніка, проста кожны дзень пакланяючыся Боству, слухаючы аповеды пра веліч Госпада і прымаючы рэшткі прапанаванай Яму ежы, без цяжкасьці разьвівае ў сабе сьвядомасьць Крышны і спасьцігае Вярхоўную Асобу Бога. Імпэрсаналісты, ідучы сваім шляхам, несумнеўна, пераадольваюць непатрэбныя цяжкасьці і перашкоды, рызыкуючы пры гэтым урэшце так і не спасьцігнуць Aбсалютную Ісьціну. Аднак тыя, хто пакланяецца асобаваму аспэкту Бога, ідуць да Госпада прамым шляхам, нічым не рызыкуючы і не маючы аніякіх турботаў і цяжкасьцяў. Падобнае сьцьверджаньне ёсьць у «Шрымад-Бхагаватам». Там гаворыцца, што чалавек урэшце ўсё роўна павінен аддацца Вярхоўнай Асобе Бога (гэта і называецца бхакті), але, калі ён замест гэтага спрабуе разабрацца ў тым, што ёсьць Брахман і што ня ёсьць Брахман, і марнуе на гэта ўсё сваё жыцьцё, ён у выніку не атрымлівае нічога, апроч цяжкасьцяў. Вось чаму ў дадзеным вершы Крышна не рэкамэндуе такі складаны шлях, бо, абраўшы яго, чалавек не можа быць упэўнены ў канчатковым выніку.

 

Жывая істота вечна застаецца індывідуальнай душой, і той, хто хоча зьліцца з духоўным цэлым, можа ўсьвядоміць такія аспэкты сваёй спрадвечнай прыроды, як вечнасьць і веданьне, але яму не атрымаецца спазнаць аспэкт асалоды. Атрымаўшы міласьць адданага, трансцэндэнталіст, які дасягнуў вышынь у навуцы г'яна-йогі, можа ў нейкі момант пачаць займацца бхакті-йогай, адданым служэньнем Госпаду. Але шматгадовыя пошукі безасабовага Aбсалюта і ў гэтым выпадку стануць перашкодай для яго, бо яму будзе цяжка адмовіцца ад ідэі імпэрсаналізма. Такім чынам, разуменьне невыяўленага заўсёды зьяўляецца для ўвасобленай душы крыніцай цяжкасьцяў - і на стадыі практыкі, і на стадыі дасканаласьці. Кожная жывая істота надзелена пэўнай незалежнасьцю, і трэба зразумець, што спробы спасьцігнуць нявыяўленае супярэчаць самой прыродзе жывой істоты, духоўнай і споўненай асалоды. Чалавеку не трэба ўставаць на гэты шлях. Самым лепшым мэтадам духоўнага самапазнаньня для кожнага зьяўляецца мэтад сьвядомасьці Крышны, які вядзе да поўнага пагружэньня ў адданае служэньне. Але той, хто адпрэчвае адданае служэньне, рызыкуе ператварыцца ў атэіста. Такім чынам, як вынікае з дадзенага верша, людзям не варта засяроджваць сваю ўвагу на спазнаньні нявыяўленага і неспасьціжнага, недаступнага ўспрымаьньню пачуцьцяў. Гэты прынцып справядлівы заўсёды, і асабліва ў наш век. Госпад Крышна не рэкамэндуе людзям станавіцца на гэты шлях.

 

 

ВЕРШЫ 6-7

 

йе ту сарвані кармані майі саннйасйа мат-парах
ананйенаіва йогена мам дхйайанта упасате

тешам ахам самуддхарта мрітйу-самсара-сагарат
бхавамі на чірат партха майй авешіта-четасам

 

йе - якія; ту - жа; сарвані - усе; кармані - дзеяньні; маі - ува Мне; саннйасйа - адмовіўшыся; мат-парах - якія адчуваюць да Мяне прыхільнасьць; ананйена - непадзельнай; эва - абавязкова; йогена - бхакті-йогай; мам - на Мяне; дхйайантах – якія мэдытуюць; упасате - пакланяюцца; тешам - іх; ахам - Я; самуддхарта - збаўца; мрітйу - сьмерці; самсара - у матэрыяльным жыцьці; сагарат - з акіяна; бхавамі - раблюся; на - не; чірат - доўга; партха - о сын Прітхі; майі - на Мне; авешіта - засяроджаны; четасам - тых, чый вум.

Але тых, хто пакланяецца Мне, непадзельна аддаўшыся Мне і прысьвячаючы Мне ўсе свае дзеяньні, тых, хто займаецца адданым служэньнем і ўвесь час разважае пра Мяне, засяродзіўшы на Мне свой вум, - такіх людзей, о сын Прітхі, Я вельмі хутка вызваляю з акіяна народзінаў і сьмерці.

 

КАМЭНТАР: Тут ясна сказана, што адданым вельмі пашанцавала, бо Госпад Сам без прамаруджваньня вызваляе іх з палону матэрыяльнага існаваньня. Займаючыся адданым служэньнем, чалавек усьведамляе, што Госпад вялікі, а індывідуальная душа падначалена Яму. Яе абавязак - служыць Госпаду, і калі яна не будзе рабіць гэтага, то ёй давядзецца служыць майі.

Як ужо гаварылася, спасьцігнуць Госпада можна толькі займаючыся адданым служэньнем. Таму трэба непадзельна аддацца Госпаду. Каб прыйсьці да Крышны, патрэбна цалкам засяродзіць на Ім свой вум. Усё, што мы робім, трэба прысьвячаць толькі Крышне. Не так важна, што мы робім, галоўнае - рабіць гэта толькі для Крышны. У гэтым іста адданага служэньня. Адзінае жаданьне адданага - даставіць задавальненьне Вярхоўнай Асобе Бога. Мэта ўсяго яго жыцьця - задаволіць Крышну, і дзеля гэтага ён гатоў ахвяраваць усім, як гэта зрабіў Aрджуна на полі бітвы Курукшэтра. Мэтад вельмі просты: мы павінны прысьвячаць усе свае дзеяньні Госпаду і ў той жа час паўтараць Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ. Гэтыя трансцэндэнтныя гукі прывязваюць адданага да Вярхоўнай Асобы Бога.

 

У дадзеным вершы Госпад абяцае без прамаруджваньня вызваліць чыстага адданага, які цалкам прысьвяціў сябе служэньню Яму, з акіяна матэрыяльнага жыцьця. Вялікія йогі-містыкі па жаданьні з дапамогай йогі могуць перамясьціць сваю душу на любую плянэту. Другія карыстаюцца іншымі мэтадамі, але што датычыцца адданага, то тут ясна сказана: Госпад Сам вызваляе яго з матэрыяльнага палону. Адданаму ня трэба чакаць, пакуль ён сам атрымае вялікі духоўны досьвед, які дапаможа яму дасягнуць духоўнага неба.

У «Вараха-пуране» ёсьць такі верш:

 

найамі парамам стханам
арчір-аді-гатім віна
гаруда-скандхам аропйа
йатхеччхам аніварітах

 

Сэнс гэтага верша ў тым, што адданаму ня трэба займацца аштанга-йогай, каб перанесьціся на духоўныя плянэты. Госпад Сам паклапоціцца пра гэта. Тут Ён ясна кажа, што Сам робіцца ратавальнікам адданага. Увесь клопат пра дзіцё бяруць на сябе яго бацькі, таму малы адчувае сябе ў поўнай бясьпецы. Гэтак жа адданаму ня трэба прыкладаць нейкія асаблівыя высілкі, каб з дапамогай йогі трапіць на іншыя плянэты. Вярхоўны Госпад Сам па Сваёй вялікай міласьці прылятае за адданым на Гарудзе й вызваляе яго з палону матэрыяльнага быцьця. Чалавек, які тоне ў акіяне, можа штосілы змагацца за жыцьцё і быць вельмі добрым плывуном, але яму ўсё роўна не атрымаецца выратавацца самому. Але калі нехта іншы прыйдзе да яго на дапамогу і выцягне з вады, то ён выратуецца без усялякіх высілкаў. Таксама й Госпад ратуе адданага з акіяна матэрыяльнага жыцьця. Адзінае, што нам патрэбна, - гэта скарыстацца нескладаным мэтадам сьвядомасьці Крышны і цалкам прысьвяціць сябе адданаму служэньню. Кожны разумны чалавек аддасьць перавагу мэтаду адданага служэньня перад усімі іншым мэтадамі самаўсьведамленьня. У «Нараяніі» гэта пацьвярджаецца наступным чынам:

 

йа ваі садхана-сампаттіх
пурушартха-чатуштайе
тайа віна тад апноті
наро нарайанашрайах

 

Сэнс гэтага верша ў тым, што ў кармічнай дзейнасьці ці філязофскіх пошуках ісьціны няма ніякай карысьці, таму што той, хто аддаўся Вярхоўнай Асобе Бога, можа атрымаць усе даброты, якія прыносяць розныя віды йогі, разважаньні аб прыродзе духа, ведычныя рытуалы і ахвярапрынашэньні, раздача міласьціны і г. д. У гэтым асаблівая перавага адданага служэньня.

Проста паўтараючы сьвятое імя Крышны – Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ, - адданы Госпада лёгка й радасна дасягае вышэйшай мэты, якая застаецца недаступнай для тых, хто ідзе іншымі духоўнымі шляхамі.

У васямнаццатай частцы, падводзячы вынік усяму сказанаму ў «Бхагавад-гіце», Госпад кажа:

 

сарва-дхарман парітйаджйа
мам экам шаранам враджа
ахам твам сарва-папебхйо
мокшайішйамі ма шучах

 

Ён заклікае адмовіцца ад усіх іншых мэтадаў самаўсьведамленьня і проста прысьвяціць сябе адданаму служэньню ў поўнай сьвядомасьці Крышны. Толькі тады мы зможам дасягнуць вышэйшай дасканаласьці жыцьця. Ня трэба баяцца наступстваў грахоў, зьдзейсьненых у мінулым, таму што Сам Вярхоўны Госпад бярэ на Сябе клопат пра адданых. Таму не трэба дарэмна спрабаваць самому выратавацца з дапамогай таго ці іншага мэтаду духоўнага самапазнаньня. Хай кожны знойдзе прыстанак у вярхоўнай і ўсемагутнай Асобе Бога, Крышне. У гэтым - вышэйшая дасканаласьць жыцьця.

 

ВЕРШ 8

майй эва мана адхатсва майі буддхім нівешайа
нівасішйасі майй эва ата урдхвам на самшайах

майі - на Мне; эва - неадменна; манах - вум; адхатсва - засяродзь; майі - у Мяне; буддхім – розум; нівешайа - увядучы; нівасішйасі - будзеш жыць; майі - ува Мне; эва - безумоўна; атах урдхвам - з гэтае пары; на - не; самшайах - сумневы.

Засяродзь свой вум на Мне, Вярхоўнай Асобе Бога, скіруй на Мяне ўвесь свой розум. Так ты будзеш заўсёды жыць ува Мне, і ў гэтым ня можа быць ніякіх сумневаў.

 

КАМЭНТАР: Той, хто аддана служыць Госпаду Крышне, непасрэдна зьвязаны зь Вярхоўным Госпадам і таму адпачатку знаходзіцца на трансцэндэнтным узроўні. Адданы жыве не ў матэрыяльным сьвеце, ён жыве ў Крышне. Госпад і Яго сьвятое імя неадрозныя адзін ад аднаго, таму, калі адданы паўтарае мантру Харэ Крышна, Крышна і Яго ўнутраная энэргія танцуюць на ягоным языку. Калі адданы прапануе Крышне ежу, Крышна Сам прымае ягонае паднашэньне, і, смакуючы потым рэшткі гэтай ежы, адданы паступова «насычаецца» Крышнай. Таму, хто не займаецца адданым служэньнем, ніколі не зразумець, як гэта адбываецца, хоць яны могуць чытаць пра гэта ў «Бхагавад-гіце» і іншых ведычных пісаньнях.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.