|
|||
«Па-над белым пухам вішняў.»«Па-над белым пухам вішняў... » De la musique avant toute chose. P. Verlaine*
* Музыка перш за ўсё. П. Вэрлен (фр. )
Па-над белым пухам вішняў, Быццам сіні аганёк, Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра Ў струнах сонца залатых, – Ён дрыжачымі крыламі Звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песьня, – Ціхі, ясны гімн вясьне. Ці ня сэрца напявае, Навявае яго мне?
Ці ня вецер гэта звонкі Ў тонкіх зёлках шапаціць? Або мо сухі, высокі Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі, Не разьведаць, не спазнаць: Не даюць мне думаць зыкі, Што ляцяць, дрыжаць, зьвіняць.
Песьня врецца і ліецца На раздольны, вольны сьвет. Але хто яе пачуе? Можа, толькі сам паэт. Раманс
Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла. З гэтай пары я пачаў углядацца Ў неба начное і зорку шукаў. Ціхім каханнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў. Але расстацца нам час наступае; Пэўна, ўжо доля такая у нас. Моцна кахаў я цябе, дарагая, Але расстацца нам час. Буду ў далёкім краю я нудзіцца, У сэрцы любоў затаіўшы сваю; Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю. Глянь іншы раз на яе, — у расстанні Там з ёй зліём мы пагляды свае... Каб хоць на міг уваскрэсла каханне, Глянь іншы раз на яе... Санет Ахвярую А. Погодіну
Un sonnet sans dé faut vaut seul un long poè me. Boileau*
Беззаганны санэт варты адзін цэлае паэмы. Буало (фр. )
Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючаго Ніла, Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла: Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі, Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла Збудзілася і буйна ўскаласіла Парой вясеньняй збожжа на ральлі.
Вось сымбаль твой, забыты краю родны! Зварушаны нарэшце дух народны, Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца, Каторая магутна, гучна мкне, Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
|
|||
|