|
|||
На чужыне. Мае песні. Над магілай. Прыйдзе вяснаНа чужыне
Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць. Маркотна між іх я хаджу адзінок, Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае Наш родны, забыты ў цяні васілёк. «Здароў будзь, зямляча! » Чуць бачны ў даліне, Панура, нявесела шэпча ён мне: «Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне Аб беднай, далёкай сваёй старане».
1908
Мае песні
І
Калі смутак моцна дзьме душу маю І шкада мне дзён загубленых сваіх, - Я паціху песні сумныя пяю, Ўсю жуду сваю выкладываю ў іх. Ціха песня разліваецца, звініць, Вымаўляе, як я моладасць згубіў, Як дагэтуль не патрапіў палюбіць І саўсім, бадай, праўдзіва шчэ не жыў.
ІІ
А як родную згадаю старану, Як згадаю яе буднасць і нуду, - Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, - Мо душу хоць трохі гэтым адвяду. Грозна песня разліваецца, грыміць, Долю горкую, мужыцкую кляне, Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць, Бо ім цяжка жыць у роднай старане.
1908
Ноч
Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы... Ноч цемнатою навокала ўсё пакрывала, Ясныя зоркі блішчалі, і месяц ўжо выплыў, Неба, і лес, і палі серабром аблівая. Ўсё ўжо уснула, і толькі бярозы шапталісь, Толькі асіны шумелі, і толькі калоссі, Ў полі шырокім качаясь, зямлю цалавалі. Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы.
1908
Над магілай
Каля шляху ў чыстым полі Магіла стаіць; Кругом круціць завіруха, Гуляе, шуміць. На магіле адзінока Каліна расце; Яе вецер абвявае, Мяцеліца гне І навокала магілы Спявае-гудзіць Пра таго, хто ў чыстым полі Пахаваны спіць...
[1908]
Прыйдзе вясна
Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе, - Кепска цяпер! Але мне сэрца пяе: не нудзіся! Прыйдзе вясна! Гукне: «Прачніся, зямля! прабудзіся З цяжкага сна! » Сонца прагляне, зазелянее Траўка ў лугу, Гукне вясна і, як ветрам, развее Гора-нуду!
1908
|
|||
|