|
|||
Хрэсьбіны лесуна. З песняў беларускага мужыка. Асенняй ночайХрэсьбіны лесуна
Бор шумеў, навяваў зводны сон, А ў ім ціха гул раздаваўся, - Гэта ў небе лясун калыхаўся На вяршынах вялізных сасон. Яму месяц маркотны свяціў, Падымалі крыжы ў неба елі, - І ў сіняй нябеснай купелі Душу дзікую ён ахрысціў.
[1909]
З песняў беларускага мужыка
І Гнусь, працую, пакуль не парвецца Мне жыццё, як сагніўшая ніць; А каб ведаў, што столькі пральецца Майго поту, не стаў бы і жыць.
Адтаптаў сотні вёрст пехатом я, Будаваў я дарогі, масты; Ліўся пот мой, як рэзаў на ком'я Плугам глебы сухія пласты.
Працаваў пад пяском, пад дрыгвою І не мала там выцерпеў мук, І не прыдзецца мне пад зямлёю Гэтых чорных саромецца рук.
А канаць ужо час: пот і слёзы Мне жыццё, нібы мышы, грызуць; Гора гне, як мяцеліца лозы, Цэлы век не дае мне дыхнуць.
Шчасце ж гляне і ў даль пранясецца, І магу я аб ім толькі сніць... Дык няхай жа, няхай сабе рвецца Мне жыццё, як сагніўшая ніць.
ІІ
Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, - Яны ж мне каменні давалі; І тыя каменні між імі і мной Сцяною вялізнаю ўсталі.
Яна усё вышай і вышай расце І шмат каго дужа лякае. Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна? Каго пад сабой пахавае?
[1909]
Асенняй ночай
Чарнеецца сажаю вечар. Дождж б'ецца аб хвалі ракі; Гуляе, гудзе над ёй вецер, Заводзіць, што ў полі ваўкі.
Спакойна мне тут пад вадою: Залёг я ля млына на дне; Апруся на кола рукою, - Млын казку старую пачне.
Кругі завіруюцца жорнаў, Трасецца хадырна сцяна; А думы - як колас без зёрнаў, - Усё мяне цягне да сна.
Бяспамятна колы піхаю, Хілюся да дна галавой - І ўжо я драмлю, засыпаю Пад шум непагоды глухой.
1909
Пугач
Загарэлісь кроўю вочы. Вось нясецца З цёмнай елкі гук нуды і смеха, І далёка голас аддаецца - Пракацілася па лесе рэха. І, лякаючысь, канца чакаеш ночы. Ўсё здаецца: ўстаў лясун вялікі - Чырванеюць, адбіваюць кроўю вочы, Не змаўкае смех глухі і дзікі.
[1909]
|
|||
|