|
|||
Вадзянік. «Жывеш ня вечна, чалавек.». ЛетапісецВадзянік Сівавусы, згорблены, я залег між цінай І гадамі грэюся – сплю на дне ракі. Твар травой аблутана, бытцам павуцінай, Засыпаюць грудзі мне жоўтые пяскі.
Над вадой ля берага ціха сьпіць асока, Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць, Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, – І усё навокала сном адвечным сьпіць. «Жывеш ня вечна, чалавек... » ... passe sans laisser meme Son ombre sur le mur. V. Hugo*
*... праходзіць, не пакідаючы нават Свайго ценю на сьцяне. В. Гюго (фр. )
Жывеш ня вечна, чалавек, – Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыцьцё, Каб больш разгону ў ім было, Каб цераз край душы чуцьцё Ня раз, ня два пайшло!
Жыві і цэльнасьці шукай, Аб шыраце духоўнай дбай.
І ў напружэньні паўнаты Свайго шырокага жыцьця Бяз болю, ціха зойдзеш ты Ў краіну забыцьця. Зімой Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег! Мяцель не вее, сціхнуў вецер, I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць, У небе зоркі ад марозу Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле Празрысты, светлы стоўп спусціў I рызай срэбнаю раздолле Снягоў сінеючых пакрыў.
Ўзрывайце ж іх санямі, коні! Звіні, вясёлых бомаў медзь! Вакол лятуць бары і гоні, Ў грудзях пачала кроў кіпець.
Летапісец Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах, Свой век канчаю я ў манастырскіх мурах І пільна летапіс другі ўжо год пішу: Старанна літары малыя вываджу І сьпісваю усё ад слова і да слова З даўнейшых граматак пра долю Магілёва. І добрыя яго, і кепскія дзяла Апавядаю тут. Так рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак, І бачанаму мной – я годны веры сьведак. Хай тыя ведаюць, што зьявяцца па нас, Ўсю праўду пра жыцьцё у наш і пройшлы час, Пра войтаў, лаўнікаў, і райцаў, і паспольства, Пра розных каралёў, і бітвы, і пасольсва, Што тут чынілася у даўнія гады, Што думалі, чаго жадалі мы тады, За што змагаліся, як баранілі веру, – Хай зьведаюць усё патомкі праз паперу! Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, – І вось у спомінах устане, ажыве, Калі знайдуць маё няхітрае пісаньне Пра гэтае жыцьцё, надзеі, справаваньне... Так мора – ў Гданску я чуваў – прымчыць вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала. Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб’юць I, як трапляецца, быць мо у ёй знайдуць Ліста. За звычаю марскога гэтак весьці Нам, утапаючы, шлюць людзі. Ў моры дзесьці Загінулі яны, і, можа, соткі год З тых часоў працяклі, і згінуў іх народ, І ўсё зьмянілася, і ўжо пра іх забылі. Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі! І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх, Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх, Каму маліліся, чаго яны шукалі, Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.
|
|||
|