|
|||
«Нашай ніве». Цемень. Старасць. Падвей«Нашай ніве»
Віншую ад душы, панове, З трохлеццем вашае дзіця - Газету ў беларускай мове. Віншую ад душы, панове, Яе, і ў простым, шчырым слове Жадаю доўгага жыцця. Віншую ад душы, панове, З трохлеццем вашае дзіця.
[1909]
Цемень
(Ахвярую М. А. Кіц-най)
Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок! Над зямлёю - імгла, у душы маёй змрок. О, як пуста у ёй! О, як холадна жыць! Але вось цераз цемень маланка блішчыць, Асвячае мне вобраз Хрыста... яго крыж... Ажываеш, здаецца, душою гарыш. Але толькі чаму ж так малы гэты час?! Зноў навокал цемень. Свет зірнуў і пагас. Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста. Над зямлёю імгла, у душы пустата.
[1909]
Лясун
Сосны, елі, хвоя, хвошчы, Цёмны мох. Чую я - лясун касматы Тут залёг. Паваліўся ён на хвою, На кару, І усім калышэць, дзвіжэць У бару.
1909
Старасць
Палаюць асіны, каліны, Чырвоныя сыплюць лісты І вязкай жаўцеючай гліны Цяжолыя крыюць пласты.
Брыдзець, пахіліўшысь панура, Лясун на раздоллі дарог. Абшарпана старая скура, Зламаўся аб дзерава рог.
Дарога ўся ў лужах. Размыта Дажджом праліўным каляя. Гразь чаўкаець жадна капыта, Шуршыць, упаўзая, змяя.
Касматая шэрсць перамокла, Стаміўся ён, стары, прадрог; Лёд тонкі і востры, як сцёкла, Капыта царапаець ног.
Спяшыць ён дайсці да трасіны: Там - мяккія, цёплыя мхі, А тут толькі плачуць асіны Ды б'юцца галіны альхі.
1909
Падвей
Разгулялася вясёлая мяцель, Прабудзіўся, ў поле кінуўся Падвей. Ў галаву яму ударыў снежны хмель, - І не змог ён бурнай радасці сваей.
Пляша, скача. Снег зрываецца, ляціць. Веюць ў полі снегавыя рукава, А Падвей нясецца, кружыцца, гудзіць, Запявае, удалая галава!
Рвецца белы, рвецца, трэплецца насоў, Разляцелісь яго кудры-валасы, З трэскам падаюць галіны ад кустоў, Енчаць, плачуць на раздоллі галасы.
Доўга, доўга будзе цешыцца Падвей! Калі ж зваліць хмель ў пуховую пасцель, - Белы снег яго хавае між палей, Замяцець, уложыць буйная мяцель.
1909
* * *
Дождж у полі і холад... Імгла... Дзесь у вёсцы міргаюць агні. Там, злякаўшысь, схавалась, лягла Доля горкая ў чорным цяні.
І пад цёмнымі скрыдламі ночы Не убачаць цяпер яе вочы.
Толькі вецер асенні, начны Ў полі сумна гудзіць і пяе Аб радзімай старонцы глухой Ды аб долі няшчаснай яе.
Цісне сэрца мне песня начная... Хай жа голасна вецер спявае,
Хай пяе ён у роднай зямлі, Каб у сэрцах нам сорам збудзіць, Каб змагацца з няпраўдай ішлі, Ў чыім сэрцы сумленне не спіць.
Долю чорную ноч не схавае, Калі выльецца песня жывая!
[1909]
* * *
Ты ночкаю каляднай варажыла І ў воду воск напоўправідны ліла, Цікавячы, што выхадзіла мне: Курганчык... белы крыжык... так, магіла! У гэты рок я буду ўжо ў труне.
І, броўкі хмурачы, са дна ўзяла Ты белы воск, яго сціскала, мяла І, смеючысь, сказала: «Дзе твой кон? Дык чым бы моц яго нас ні спаткала - Ў маіх руках, як воск, падасца ён».
[1909]
|
|||
|