|
|||
Эрых Марыя Рэмарк 19 страницаБыло восем гадзін вечара. З вуліцы пачуўся гук клаксона. - Гэта Готфрыд на таксі, - сказаў я. - Ён павязе нас павячэраць. Я ўстаў, падышоў да акна і крыкнуў, што мы ідзём. Потым я ўключыў настольную лямпу і накіраваўся ў свой пакой. Ён мне здаўся непазнавальна чужым. Я дастаў бутэльку рому і хуценька выпіў чарку. Потым я сеў у крэсла і ўтаропіўся на шпалеры. Праз хвіліну я зноў устаў і пайшоў да ўмывальніка прычасацца. Але ўбачыўшы свой твар у люстэрку, я забыўся пра свой намер. Я разглядаў сябе з халоднай цікаўнасцю. Я скрывіў вусны і ўсміхнуўся сам сабе. У адказ я ўбачыў нацягнутую бледную ўсмешку. - Здароў, - моўчкі сказаў я. Потым вярнуўся да Пат. - Пайшлі, сябрук? - спытаў я. - Пайшлі, - сказала яна. - Але я хачу яшчэ раз зазірнуць у твой пакой. - Навошта? - здзівіўся я. - Старая буда... - Пачакай, -сказала яна. -Я зараз вярнуся. Я крыху пачакаў, а потым пайшоў за ёй. Яна стаяла пасярэдзіне пакоя і, убачыўшы мяне, уздрыгнула. Я ніколі не бачыў яе такой. Яна была зусім пагаслая. Але гэта цягнулася толькі секунду, потым яна зноў заўсміхалася. - Пайшлі, - сказала. - Цяпер можна адпраўляцца. Каля кухні нас чакала фраў Залеўскі. Яе сівыя локаны калыхаліся. На чорнай шаўковай сукенцы свяцілася брошка з картачкай нябожчыка Залеўскага. - Сцеражыся! - шапнуў я Пат. - Яна будзе цябе абдымаць. У наступны момант Пат ужо знікла, патануўшы ў агромністым бюсце. Над ёй сутаргава крывіўся вялізны твар. Яшчэ некалькі секунд, і Пат бясследна прапала б. Калі матухна Залеўскі плакала, у вачах яе быў ціск, як у сіфонах. - Прабачце, - сказаў я. - Мы спяшаемся. Нам пара! - Пара? - Фраў Залеўскі змерыла мяне знішчальным позіркам. - Цягнік адпраўляецца праз дзве гадзіны! За гэты час вы, відаць, хочаце напаіць беднае дзіця? Пат не стрымалася ад смеху. - Не, фраў Залеўскі. Нам жа трэба развітацца з сябрамі. Матухна Залеўскі з недаверам пахітала галавой. - Вы паглядаеце на гэтага маладога чалавека як у залаты гаршчок, фройляйн Хольман. А ён не больш чым пазалочаная бутэлька. - Выдатны вобраз, - сказаў я. - Дзіця маё! - фраў Залеўскі зноў захвалявалася. - Вяртайцеся хутчэй! Пакой чакае вас заўжды! Калі б там аказаўся нават кайзер, я выселіла б яго дзеля вас! - Сардэчна дзякую, фраў Залеўскі, - сказала Пат. - Вялікі дзякуй за ўсё. І за варажбу. Я ўсё буду помніць. - Добра. Адпачывайце і папраўляйцеся на здароўе. - Вядома, - адказала Пат. - Паспрабую. Да пабачэння, фраў Залеўскі. Да пабачэння, Фрыда. Мы пайшлі. Дзверы калідора стукнулі за намі. На лесвічнай пляцоўцы панаваў паўзмрок - некалькі лямпачак перагарэла. Пат моўчкі, ціха і мякка ступаючы, спускалася па лесвіцы. У мяне было такое адчуванне, быццам скончыўся водпуск і мы цяпер шэрым ранкам ідзём на вакзал, каб адправіцца на фронт. Ленц адчыніў дзверцы таксі. - Асцярожна! - сказаў ён. Машына ўся была запоўнена ружамі. Два вялізныя букеты белых і чырвоных бутонаў ляжалі на задніх сядзеннях. Я адразу пазнаў, адкуль яны - з царкоўнага кветніка. - Апошнія! - заявіў Готфрыд самазадаволена. - Запатрабавалі пэўных намаганняў. Давялося правесці даволі працяглую дыскусію пра іх са святаром. - У яго светлыя дзіцячыя вочкі? - спытаў я. - Ага, значыць, гэта быў ты, брат! - адказаў Готфрыд. - Значыць, ён расказваў мне пра цябе. Бедалага быў вельмі расчараваны, калі зразумеў, што ў цябе за малітвы. А яму ўжо здалося, што набожнасць мужчынскай часткі насельніцтва зноў пайшла ўгору. - Няўжо ён цябе так і выпусціў з кветкамі? - спытаў я. - Мы з ім паразмаўлялі. А потым ён дапамог мне нарэзаць ружаў. Пат засмяялася. - Няўжо праўда? Готфрыд усміхнуўся. - Вядома. Карціна была казачная: духоўны айцец скача ў паўзмроку, каб дастаць самыя высокія галінкі. Яго апанаваў спартовы азарт. Расказваў мне, што раней, у гімназіі, быў добрым футбалістам. Здаецца, правым нападаючым. - Ты спакусіў пастара на крадзеж, - сказаў я. - Гэта абыдзецца табе ў пару сотняў гадкоў пекла. А дзе Ота? - Ён ужо ў Альфонса. Мы ж ідзём вячэраць да Альфонса? - Ну, вядома, - сказала Пат. - Дык наперад! У Альфонса нам падалі шпігаванага зайца з чырвонай капустай і печанымі яблыкамі. На заканчэнне вячэры ён паставіў на патэфон пласцінку з хорам данскіх казакоў. Гэта была вельмі ціхая песня, хор вёў яе стрымана, як далёкі арган, а над ім плыў адзінокі светлы голас. Мне здалося, быццам нячутна адчыніліся дзверы, у пакой увайшоў стары змораны чалавек, моўчкі сеў за столік і заслухаўся песняй сваёй маладосці. - Дзеці, - сказаў Альфонс, калі хор, паступова заціхаючы, лёгка выдыхнуў апошні гук. - Дзеці, вы ведаеце, пра што я заўсёды думаю, калі чую гэтую песню? Пра Іпр. Памятаеш, Готфрыд, сакавік 1917 года, вечар з Бертэльсманам? - Так, - сказаў Ленц, - я ўсё помню, Альфонс... Вечар і вішнёвыя дрэвы... Альфонс кіўнуў. Кёстэр устаў. - Здаецца, пара. - Ён зірнуў на гадзіннік. - Трэба ехаць. - Па чарцы каньяку, - сказаў Альфонс. - Сапраўднага «Напалеона». Я ж прынёс яго спецыяльна для вас. Мы выпілі каньяк і падняліся. - Да пабачэння, Альфонс! - сказала Пат. - Я так любіла бываць тут. - Яна падала яму руку. Альфонс зачырванеўся. Ён сціснуў яе даланю ў сваіх лапах. - Ну, калі што якое... проста дайце знаць. - Ён глядзеў на яе разгублена. - Вы цяпер належыце да нас. Ніколі не падумаў бы, што жанчына можа стаць сваім хлопцам. - Дзякую, - сказала Пат. - Дзякую, Альфонс. Вы сказалі мне самае прыемнае, што толькі можна. Да пабачэння і ўсяго найлепшага. - Да пабачэння! Да хуткага! Кёстэр з Ленцам павезлі нас на вакзал. Перад нашым домам мы на хвілінку спыніліся, і я прывёў сабаку. Чамаданы Юп ужо завёз на вакзал. Мы прыехалі на вакзал у самы раз. Ледзь паспелі сесці ў вагон, як цягнік адправіўся. Ужо лакаматыў зрушыў з месца, калі Готфрыд выцягнуў з кішэні і падаў мне закручаную ў паперу бутэльку. - Вось, Робі, вазьмі. У дарозе заўсёды можа спатрэбіцца. - Дзякую, - сказаў я. - Лепш выпіце сёння самі, хлопцы. Я прыхапіў з сабой тое-сёе. - Вазьмі; - не пагадзіўся Ленц. - Лішняя не будзе. Ён, ідучы побач з цягніком, які рухаўся, кінуў мне бутэльку. - Да пабачэння, Пат! - крыкнуў ён. - Калі мы тут прагарым, то ўсе разам прыедзем да вас. Ота будзе лыжнікам, я - настаўнікам танцаў, а Робі - піяністам. Разам з вамі мы ўтворым трупу і пойдзем ад гатэля да гатэля. Цягнік набраў хуткасць. Готфрыд адстаў. Пат высунулася з акна, махаючы рукой, пакуль вакзал не знік за паваротам. Потым павярнулася да мяне. Яна была вельмі бледная, у яе вачах бліснулі слёзы. Я абняў яе. - Хадзем, - сказаў я. - Вып'ем кроплю. Ты трымалася цудоўна. - Але на душы ў мяне зусім не цудоўна, - адказала яна, спрабуючы ўсміхнуцца. - Як і ў мяне, - сказаў я. - Вось таму мы і вып'ем. Я адкаркаваў бутэльку і наліў ёй шкляначку каньяку. - Добра? - спытаў я. Яна кіўнула і прыхілілася да майго пляча. - Ах, мілы, што толькі будзе? - Не трэба плакаць, - сказаў я. - Я так ганаруся, што ты не заплакала, ніводнага разу за дзень. - Я і не плачу, - адказала яна і заматала галавой, а слёзы каціліся па яе вузкім твары. - Давай, выпі яшчэ крыху, -гаварыў я, трымаючы яе ў абдымках. - Трэба перажыць толькі першы момант, потым будзе лягчэй. Яна кіўнула. - Так, Робі. І ты не турбуйся. Зараз усё пройдзе, і стане лягчэй, толькі ты не глядзі на мяне. Пакінь на некалькі хвілін мяне адну, і я спраўлюся з сабой. - Але чаму? Увесь дзень ты трымалася так мужна... Цяпер ты можаш паплакаць, колькі табе захочацца. - Я трымалася зусім не мужна. Ты толькі не заўважыў. - Магчыма, - сказаў я. - Але ў тым і ёсць мужнасць. Яна паспрабавала ўсміхнуцца. - У чым мужнасць, Робі? - У тым, што не здаешся. - Я пагладзіў яе па валасах. - Пакуль не здаешся, ты - над лёсам. - У мяне гэта не мужнасць, мілы, - прамармытала яна. - Гэта проста страх. Нікчэмны страх перад вялікім, апошнім страхам. - Гэта самая вялікая мужнасць, Пат. Яна прыхілілася да мяне. - Ах, Робі, ты зусім не ведаеш, што такое страх. - Ведаю, - сказаў я.
Дзверы адчыніліся. Праваднік папрасіў білеты. Я падаў. - Білет у спальны вагон - для дамы? - спытаў ён. Я кіўнуў. - Тады вам трэба перайсці ў спальны, - сказаў ён Пат. - У іншыя вагоны білет не годны. - Добра. - А сабаку трэба здаць у багажны вагон, - заявіў ён. - Там - купэ для сабакі. - Выдатна, - сказаў я. - А дзе спальны вагон? - Справа - трэці. Багажны - самы першы. Ён пайшоў. У яго на грудзях матляўся маленькі ліхтарык. Быццам ён ішоў па шахце. - Трэба перабірацца, Пат, - сказаў я. - Білі я перапраўлю да цябе кантрабандай. У багажным яму няма чаго рабіць. Сабе я не купіў білета ў спальны вагон. Мне нічога не значыла праседзець ноч у куточку купэ. Ды і дзешавей так. Юп ужо занёс чамаданы Пат у спальны вагон. Маленькае зграбнае купэ было аздоблена чырвоным дрэвам. У Пат было ніжняе месца. Я спытаў правадніка, ці занята верхняе. - Будзе занята, - сказаў ён. - Ад Франкфурта. - У колькі мы будзем у Франкфурце? - А палове трэцяй. Я даў яму «гасцінца», і ён вярнуўся ў свой куток. - Праз паўгадзіны мы з сабакам зноў будзем у цябе, - сказаў я Пат. - Але ж нельга, праваднік застаецца ў вагоне. - Можна. Не замыкай дзверы. Я пайшоў назад міма правадніка. Ён зірнуў на мяне. На наступнай станцыі мы з сабакам выйшлі і на пероне міма спальнага вагона перайшлі ў наступны. Тут я пачакаў, пакуль праваднік выйшаў, каб паразмаўляць з машыністам. Потым я зноў падняўся, прайшоў праз вагон да купэ Пат. Ніхто мяне не ўбачыў. У белым мяккім халаце яна выглядала вельмі прыгожа. Яе вочы гарэлі. - Я ўжо зусім супакоілася, Робі, - сказала яна. - Добра. Але ці не прылегчы табе? Тут вельмі цесна. Тады я прысяду каля цябе. - Добра, але... - Яна павагалася і паказала на верхняе месца. - Калі раптам адчыняцца дзверы і перад намі з'явіцца прадстаўніца Саюза выратавання паўшых дзяўчат? - Да Франкфурта яшчэ далёка, - сказаў я. - Я буду напагатове. Я не засну. Перад самым Франкфуртам я перайшоў у сваё купэ. Я сеў у куток каля акна і паспрабаваў заснуць. Але ў Франкфурце ў купэ з'явіўся чалавек з вусамі, як у цюленя. Ён адразу штосьці дастаў з чамадана і пачаў есці. Ён еў так старанна, што я не мог заснуць. Сілкаванне працягвалася амаль гадзіну. Потым цюлень выцер вусы, улёгся і пачаў канцэрт, якога я не чуў ад роду. Гэта быў не проста храп, гэта былі ўздыхі з падвываннем, якія перарываліся раптоўнымі стогнамі і працяглым булькатаннем. Я не мог ва ўсім гэтым вызначыць ніякай сістэмы, так усё было разнастайна. На шчасце, а палове шостай чалавек выйшаў. Калі я прачнуўся, за акном усё было бялюткае. Снег падаў буйнымі шматамі. Купэ патанула ў нерэальным паўзмроку. Мы ўжо ехалі паміж гор. Было каля дзевяці гадзін. Я пацягнуўся і пайшоў мыцца і галіцца. Вярнуўшыся, я ўбачыў у купэ Пат. Выгляд у яе быў свежы. - Добра паспала? - спытаў я. Яна кіўнула галавой. - А кім аказалася старая спірытыстка - суседка па купэ? - Яна маладая і прыгожая. Яе завуць Хэльга Гутман. Яна едзе, як і я, у санаторый. - Сапраўды? - Праўда, Робі. Але ты не выспаўся, па табе бачна. Табе трэба добра паснедаць. - Кавы, - сказаў я. - Кавы з вішнёвай настойкай. Мы пайшлі ў вагон-рэстаран. Раптам настрой мой падняўся. Усё ідзе не так дрэнна, як здавалася ўчора. Хэльга Гутман ужо сядзела за столікам. Гэта была статная вясёлая дзяўчына паўднёвага тыпу. - Дзіўна, - сказаў я, - што так супала - вы едзеце ў адзін санаторый. - Нічога асаблівага, - адказала яна. Я глянуў на яе. Яна засмяялася. - У гэты час пералётныя птушкі зноў збіраюцца ў гурт... Там... - яна паказала на куток рэстарана, - там увесь столік едзе туды. - Адкуль вы ведаеце? - спытаў я. - Я іх ведаю з мінулага года. Там усе знаюць адзін аднаго. Афіцыянт прынёс каву. - Прынясіце мне яшчэ да кавы двайную порцыю вішнёвай настойкі, - сказаў я. Мне трэба было крыху выпіць. Раптам усё стала так проста. Вунь сядзяць людзі і едуць у санаторый нават другі раз, і здавалася, што гэтая паездка для іх - проста прагулка. Глупства - так баяцца. Пат вернецца, як вярталіся дадому ўсе гэтыя людзі. Я не падумаў, што ўсе гэтыя людзі ехалі туды зноў. Дастаткова было ведаць, што адтуль можна вярнуцца і жыць яшчэ цэлы год. Наша мінулае навучыла нас не забягаць у думках далёка наперад. Мы прыехалі пад вечар. Неба раз'яснілася, сонца пасылала залацістыя промні на заснежаныя палі, а неба было такое блакітнае, якога не было ўжо некалькі тыдняў. На вакзале было шмат сустракаючых. Яны віталі тых, хто прыехаў, махалі ім хусцінкамі, а з цягніка ім адказвалі пасажыры. Хэльгу сустрэла вясёлая жанчына-бландзінка і два мужчыны ў светлых штанах-гольф. Яна ўсхвалявана замітусілася, быццам пасля працяглай разлукі вярнулася дамоў. - Да пабачэння, - потым, наверсе! - крыкнула яна нам і села са сваімі сябрамі ў вазок. Людзі хутка разышліся, і праз некалькі хвілін мы засталіся на пероне адны. Да нас падышоў насільшчык. - У які гатэль? - спытаў ён. - У санаторый «Лясны спакой», - адказаў я. Ён кіўнуў і даў знак фурману. Яны пагрузілі чамаданы ў блакітны вазок, запрэжаны двума канямі. На іх галовах былі султаны са стракатых пёраў, і пара з іх храпаў ахутвала пысы перламутравым воблакам. Мы селі. - Хочаце падняцца наверх па канатнай дарозе ці ў санях? - спытаў фурман. - Ці далёка на санях? - Паўгадзіны. - Тады на санях. Фурман шчоўкнуў языком, і мы паехалі. Дарога вывела з вёскі і спіраляй закруцілася ўверх. Санаторый быў на гары па-над вёскай. Доўгі белы будынак са шматлікімі вокнамі на балконы. Слабы вецер гайдаў сцяг над будынінай. Я думаў, што ўбачу нешта накшталт бальніцы. Але санаторый быў больш падобны, ва ўсякім разе на першым паверсе, да гатэля. У холе гарэў камін. На некалькіх століках стаяў чайны посуд. Мы адзначыліся ў рэгістратуры. Работнік занёс нашы чамаданы, і дама ў гадах растлумачыла нам, што Пат будзе жыць у пакоі 79. Я спытаў, ці нельга мне атрымаць пакой на некалькі дзён. Яна пахітала галавой. - У санаторыі нельга. Магчыма, у флігелі. - А дзе ён? - Тут побач. - Добра, - сказаў я. - Тады дайце мне пакой і скажыце, каб занеслі мой чамадан. У бясшумным ліфце мы падняліся на трэці паверх. Наверсе, праўда, усё нагадвала бальніцу. Хоць і вельмі камфартабельную, ды ўсё ж бальніцу. Белыя калідоры, белыя дзверы, усюды бляск шкла, нікелю і чысціні. Нас сустрэла старшая сястра. - Фройляйн Хольман? - Так, - сказала Пат, - пакой 79? Старшая сястра кіўнула, пайшла наперад і адчыніла дзверы. - Вось ваш пакой. Гэта было светлае, сярэдняй велічыні памяшканне, у якое праз шырокае акно свяціла вечаровае сонца. На стале стаяў букет жоўтых і чырвоных астраў, а за акном прасціраліся светлыя заснежаныя палі, у якія вёска хуталася, як у вялізную мяккую коўдру. - Табе падабаецца? - спытаў я Пат. Яе позірк на імгненне спыніўся на мне. - Падабаецца, - сказала яна потым. Работнік прынёс чамаданы. - Калі мне прыйсці на абследаванне? - спытала яна сястру. - Заўтра раніцай. Сёння вам лепш раней легчы спаць, каб як след адпачыць. Пат скінула з сябе плашч і паклала яго на белы ложак, на якім вісеў чысты тэмпературны ліст. - У пакоі няма талефона? - спытаў я. - Ёсць разетка, - сказала сястра. - Тэлефон можна ўстанавіць. - Што я павінна яшчэ зрабіць? - спытала Пат. Сястра пахітала галавой. - Сёння нічога. Толькі заўтра пасля абследавання будзе прызначана лячэнне. Абследаванне - у дзесяць. Я прыйду па вас. - Дзякую, сястра. Сястра выйшла. Работнік яшчэ стаяў каля дзвярэй. Я даў яму «гасцінца». Ён пайшоў таксама. У пакоі стала раптам вельмі ціха. Пат глядзела ў акно. Яе галава ў бляску святла здавалася чорнай. - Ты замарылася? - спытаў я. Яна павярнулася. - Не. - У цябе змораны выгляд, - сказаў я. - У мяне іншая змора, Робі. Але на адпачынак у мяне яшчэ хопіць часу. - Ты хочаш пераапрануцца? - спытаў я. - Ці спусцімся спачатку на гадзінку ўніз? Мне здаецца, будзе лепш, калі мы яшчэ спусцімся. - Добра, - сказала яна. - Так будзе лепш. На бясшумным ліфце мы з'ехалі ўніз і селі за маленькі столік у холе. Праз хвілінку да нас падышла Хэльга Гутман з сябрамі. Яны селі за наш столік. Хэльга была ўзбуджаная і крыху ненатуральна вясёлая, але я быў рады, што яна была з намі і што ў Пат ужо з'явілася некалькі знаёмых. Заўсёды цяжка перажыць першы дзень.
XXІІ
Праз тыдзень я вярнуўся. Ад вакзала пайшоў адразу ў майстэрню. Калі я прыйшоў, ужо сцямнела, яшчэ ішоў дождж, і мне здавалася, што мінуў год, як я адвёз Пат. Кёстэр і Ленц сядзелі ў канторы. - Ты прыйшоў у самы час, - сказаў Готфрыд. - А што здарылася? - спытаў я. - Дай яму аддыхнуць з дарогі, - сказаў Кёстэр. Я сеў. - Як справы ў Пат? - спытаў Ота. - Добра. Наколькі можа быць добра. Але скажыце мне, што тут здарылася. Гаворка пайшла пра машыну, якую мы забралі пасля аварыі. Мы яе адрамантавалі і вярнулі тыдні два назад. І вось Кёстэр учора пайшоў па плату. Але гаспадар машыны за гэты час збанкрутаваў. Машына прадаецца з аўкцыёну, разам з усёй маёмасцю. - Нічога страшнага, - сказаў я. - Мы маем справу толькі са страхавой кампаніяй. - І мы так думалі, - суха заявіў Ота. - Але машына не застрахавана. - Д'ябал! Няўжо праўда, Ота? Кёстэр кіўнуў. - Толькі сёння даведаўся. - А мы цацкаліся з гэтым братам, як сёстры міласэрнасці, і яшчэ пабіліся за гэтую ламачыну, - прабурчаў Ленц. - А чатыры тысячы марак вылецелі на вецер! - Хто б мог прадбачыць! - сказаў я. Ленц засмяяўся. - Якая дурасць! - Што ж будзем рабіць, Ота? - спытаў я. - Я заявіў пратэст распарадчыку аўкцыёну. Але баюся, што карысці з гэтага будзе не шмат, - сказаў Готфрыд. - Фінансавае ўпраўленне і так злуецца на нас за падаткі. - Магчыма, - згадзіўся Кёстэр. Ленц падняўся. - Раўнавага і добрая вытрымка ў цяжкіх сітуацыях упрыгожваюць салдата. Ён падышоў да шафы і ўзяў бутэльку каньяку. - Выпіўшы такога каньяку, мы можам праявіць нават гераізм, - сказаў я. - Калі не памыляюся, гэта апошняя бутэлька добрага каньяку. - Гераізм, хлапец, - запярэчыў Ленц, - патрэбны толькі ў цяжкія часіны. А мы жывём у часы адчаю. Тут адзіна прыстойныя паводзіны - гумар. - Ён выпіў сваю чарку. - Добра. А цяпер я сядлаю нашага старога Расінанта, каб зарабіць якую дробязь. Ён пайшоў праз змрочны двор і выехаў на таксі. Мы з Кёстэрам яшчэ крыху пасядзелі. - Не шанцуе, Ота, - сказаў я. - Нам заклята нё шанцуе ў апошні час. - Я прывык не задумвацца больш, чым трэба, - адказаў Кёстэр. - І гэтага хапае. Як там - у санаторыі? - Каб не хвароба, то там - рай. Снег і сонца. Ён падняў галаву. - Снег і сонца. Гучыць крыху нязвыкла, праўда? - Праўда. Вельмі нязвыкла. Там усё нязвыкла. Ён зірнуў на мяне. - Што робіш сёння ўвечары? Я паціснуў плячыма. - Трэба спачатку занесці чамадан дадому. - Мне на гадзіну трэба адлучыцца. Ты потым прыйдзеш у бар? - Абавязкова, - сказаў я. - Што мне яшчэ рабіць? Я забраў на вакзале чамадан і занёс яго дамоў. Я адчыніў дзверы ціха: у мяне не было жадання размаўляць ні з кім. Мне ўдалося прашмыгнуць, не трапіўшы ў лапы фраў Залеўскі. Хвілінку я пасядзеў у сваім пакоі. На стале ляжалі пісьмы і газеты. У канвертах былі толькі праспекты. Мне ніхто не пісаў. «Цяпер мне будуць пісаць», - падумаў я. Неўзабаве я ўстаў, умыўся, пераапрануўся. Чамадан я не распакоўваў. Я вырашыў пакінуць сабе нейкі занятак пасля вяртання. Я не пайшоў у пакой Пат, хоць і ведаў, што там ніхто не жыве. Я ціхенька пракраўся праз калідор і, выбраўшыся на вуліцу, з палёгкай уздыхнуў. Я накіраваўся ў кавярню «Інтэрнацыяналь» перакусіць. Афіцыянт Алоіс вітаў мяне на парозе. - Зноў да нас? - Да вас, - сказаў я. - Урэшце, заўжды вяртаешся на старое месца. Роза і астатнія дзяўчаты сядзелі вакол вялікага стала. Сабраліся амаль усе. Гэта быў час паміж першым і другім выхадам. - Бог мой, Роберт, - сказала Роза. - Рэдкі госць. - Не пытайся ў мяне ні пра што, - сказаў я. - Галоўнае, што я вярнуўся. - Не зразумела. Цяпер будзеш прыходзіць часцей? - Магчыма. - Не бяры блізка да сэрца, - сказала яна, зірнуўшы мне ў твар. - Усё праходзіць. - Згодны, - сказаў я. - Гэта самая вялікая праўда на свеце. - Вядома, - адказала Роза. - Лілі таксама ёсць што расказаць пра гэта. - Лілі? - Толькі цяпер я заўважыў яе каля Розы. - Што ты тут робіш? Ты ж выйшла замуж і павінна сядзець дома ў сваёй краме водаправоднай арматуры. Лілі не адказала. - Крама, - сказала Роза кпліва. - Пакуль былі грошы, усё ішло гладка... Лілі - Лілічка... ніхто пра мінулае не ўспамінаў. Роўна паўгода працягваўся рай. Як толькі яна аддала апошні пфеніг, дык шаноўны пан, які стаў панам праз яе грошы, адразу адмовіўся ад жонкі... былой прастытуткі... - Яна цяжка дыхала. - Канечне, раптам заявіў, што нічога не ведаў. Быў бязмерна здзіўлены: няўжо ў яе такое мінулае? Так здзівіўся, што падаў на развод. Але ж грошыкі не вернеш. - Колькі? - спытаў я. - Чатыры тысячы марак, не дробязь! Як ты думаеш, колькі мярзотнікаў трэба прыняць для гэтага ў пасцелі? - Чатыры тысячы марак, - сказаў я. - Зноў чатыры тысячы. Сёння сума як начараваная. Роза зірнула на мяне, не разумеючы. - Сыграй лепш што-небудзь, - сказала яна. - Змяні настрой! - Добра... раз мы зноў сабраліся разам... Я сеў да піяніна і сыграў некалькі модных мелодый. Я іграў і думаў, што ў Пат хопіць грошай на санаторый толькі да канца студзеня і што мне варта было б зарабляць больш. Я механічна барабаніў па клавішах і бачыў, як захоплена слухала Роза, седзячы на канапцы, а побач быў бледны, закамянелы ад жудаснага адчаю твар Лілі, больш халодны і безжыццёвы, чым у нябожчыка.
З задумення мяне вывеў крык. Роза падхапілася, ачнуўшыся ад забыцця. Яна стаяла за сталом, вырачыўшы вочы, са збітым набакір капелюшом. Яна не заўважала, што кава паволі цячэ з перакуленага кубачка па стале ў яе адкрытую сумачку. - Артур! - з цяжкасцю прамовіла яна. - Няўжо - ты? Я перастаў іграць. У кавярню ўвайшоў хударлявы развязны чалавек у капелюшы, збітым на патыліцу. У яго быў жоўты, нездаровы колер твару, вялікі нос і маленькая, падобная да яйца, галава. - Артур, - усё яшчэ мармытала Роза. - Ты? - Ну, а хто яшчэ? - прабурчаў Артур. - Божа мой, адкуль ты ўзяўся? - Адкуль я мог узяцца? З вуліцы праз дзверы. Хаця Артур вярнуўся пасля працяглага расстання, ён быў не вельмі ветлівы. Я з цікаўнасцю назіраў за ім. Вось ён - легендарны ідэал Розы, бацька яе дзіцяці. Здавалася, ён толькі што выйшаў з турмы. Я не мог знайсці ў ім нічога такога, за што Роза магла яго так палымяна любіць. Магчыма, у тым і сакрэт. Дзіўна, чым спакушаюцца гэтыя цвёрдыя, як алмаз, знаўцы мужчын. Артур, нічога не пытаючыся, узяў поўны куфаль піва, які стаяў на стале каля Розы, і выпіў. Адамаў яблык на яго тонкай жылістай шыі хадзіў пры гэтым уверх-уніз, нібы ліфт. Роза глядзела на яго, і вочы яе гарэлі. - Вып'еш яшчэ? - спытала яна. - Вядома, - сказаў Артур. - Але вялікі куфаль. - Алоіс! - Роза, шчаслівая, паклікала афіцыянта. - Ён хоча піва. - Бачу, - абыякава заявіў Алоіс і наліў піва. - А дзіцятка! Артур, ты яшчэ не бачыў маленькай Эльвіры. - Слухай! - Артур упершыню ажывіўся. Нібы абараняючыся, ён прыклаў руку да грудзей. - Пра гэта мне не балбачы! Мяне гэта не датычыць! Я ж хацеў, каб ты пазбавілася байструка. І так бы яно і было, каб я не... - Ён змрочна задумаўся. - А цяпер і на дзіця трэба грошы. - Нічога страшнага, Артур. А потым... гэта ж дзяўчынка. - Таксама каштуе грошай, - сказаў Артур і заліў у глотку другі куфаль. - Магчыма, знойдзецца дурная багатая баба, якая ўдачарыць дзіця. За прыстойную плату, вядома. Адзінае выйсце. Ён схамянуўся. - Ёсць грошы? Роза паслужліва ўзяла сумачку, заляпаную кавай. - Толькі пяць марак, Артур, я ж і не спадзявалася, што ты прыйдзеш. Дома ёсць яшчэ. Артур, як які паша, абыякава сыпануў серабро ў кішэню жылеткі. - Праціраючы задніцай крэсла, не заробіш нічога, - незадаволена сказаў ён. - Ужо іду, Артур. Але цяпер няма чаго лавіць. Час вячэры. - Хто стараецца, той і мае, - заявіў Артур. - Ужо іду. - Ну... - Артур дакрануўся да капелюша. - Заскочу зноў каля дванаццаці. Развінчанай хадой ён пайшоў да дзвярэй. Роза праводзіла яго шчаслівым позіркам. Ён не азірнуўся і не зачыніў за сабой дзвярэй. - Вярблюд, - вылаяўся Алоіс і зачыніў дзверы. Роза горда глянула на нас. - Ці ж не маладзец? Цвёрды, як крэмень. І дзе ён прападаў столькі часу? - Бачна па колеры скуры, - адказала Валі. - У турме. Герой! - Ты яго не ведаеш... - Як аблупленага, - сказала Валі. - Табе гэтага не зразумець, - Роза ўстала. - Ён сапраўдны мужчына. Не якісьці смаркач. Ну, я пайшла. Прывітанне, дзеткі! Памаладзелая і акрыленая, яна пайшла, круцячы сцёгнамі. Цяпер зноў паявіўся чалавек, якому яна будзе здаваць грошы на прапой. А потым ён яе за гэта адлупцуе. Яна была шчаслівая.
Праз паўгадзінкі пайшлі астатнія. Толькі Лілі засталася сядзець. Твар яе закамянеў. Я яшчэ крыху пабарабаніў на піяніна, потым з'еў бутэрброд і таксама пайшоў. Было цяжка доўга заставацца сам-насам з Лілі. Я павольна ішоў па мокрых цёмных вуліцах. Каля могілак выстраіўся атрад Арміі выратавання. У суправаджэнні труб і трамбонаў яны спявалі пра нябесны Ерусалім. Я спыніўся. Раптам з'явілася пачуццё, што мне не вытрываць аднаму, без Пат. Я ўтаропіўся на бляклыя магільныя пліты. Я сказаў сабе, што год назад я быў куды больш адзінокі, што ў той час я быў увогуле незнаёмы з Пат. А цяпер яна была, хоць і не са мной. Але нічога не дапамагала - настрой мой раптам зусім сапсаваўся. Я адчуў сябе бездапаможным. Нарэшце я вярнуўся ў свой пакой, каб паглядзець, ці няма ад яе пісьма. Гэта не мела сэнсу, бо пісьма не магло быць і не было, але я ўсё роўна падняўся ў пакой. Выходзячы, я каля дзвярэй сустрэў Арлова. Пад яго расшпіленым паліто быў бачны смокінг. Ён адпраўляўся ў гатэль на працу, ён там танцаваў. Я спытаў яго, ці не чуў ён што пра фраў Хасэ. - Не, - сказаў ён. - Яна яшчэ не вярталася. І ў паліцыю не заявілася. Было б лепш, каб яна ўжо не вярнулася. Мы разам ішлі па вуліцы. На рагу стаяла грузавая машына з мяшкамі і вугалем. Шафёр падняў капот і корпаўся ў маторы. Потым ён уладкаваўся на сваё сядзенне. Калі мы праходзілі каля машыны, ён завёў матор і даў газ на халастых абаротах. Арлоў уздрыгнуў. Я зірнуў на яго. Ён збялеў. - Вам нездаровіцца? - спытаў я. Ён усміхнуўся збялелымі вуснамі і пахітаў галавой. - Не... але я часам пужаюся, калі нечакана чую такі гук. Калі ў Расеі расстрэльвалі майго бацьку, на вуліцы таксама завялі матор грузавіка, каб заглушыць выстралы. Але мы іх усё роўна чулі. Ён зноў усміхнуўся, быццам просячы прабачэння. - З маці доўга не важдаліся. Яе расстралялі раненька ў падвале. Нам з братам ноччу ўдалося ўцячы. І былі яшчэ каштоўнасці. Але мой брат замёрз па дарозе. - За што расстралялі вашых бацькоў? - спытаў я. - Мой бацька да вайны камандаваў казацкім палком, які ўдзельнічаў у падаўленні паўстання. Ён ведаў, што яго чакае. Ён лічыў гэта, так бы мовіць, у парадку рэчаў. Мая маці так не лічыла. - А вы? Ён зрабіў змораны адмоўны жэст. - З таго часу так шмат было ўсяго. - У тым-та і справа, - сказаў я. - Было больш, чым месціцца ў галаве. Мы падышлі да гатэля, дзе ён працаваў. З «б'юіка» ў гэты час выйшла дама і з радасным воклічам кінулася да яго. Гэта была даволі поўная элегантная бландзінка гадоў сарака. Па яе прывялым бяздумным твары было відаць, што яна не зведала ні турбот, ні гора. - Прабачце, - сказаў Арлоў, амаль не глянуўшы ў мой бок, - справы... Ён пакланіўся бландзінцы і пацалаваў ёй руку.
У бары былі Валянцін, Кёстэр і Фердынанд Граў. Ленц прыйшоў крыху пазней. Я сеў за іх столік і заказаў паўбутэлькі рому. Я ўсё яшчэ адчуваў сябе вельмі дрэнна. Фердынанд - шырокі, масіўны - сядзеў у кутку. У яго былі запалыя шчокі і ясныя блакітныя вочы. Ён ужо выпіў. - Ну, малыш Робі, - сказаў ён і ляпнуў мяне па плячы. - Што з табой здарылася? - Нічога, Фердынанд, - адказаў я. - І гэта дрэнна. Хвілінку ён узіраўся ў мяне. - Нічога? - сказаў ён потым. - Нічога? Гэта шмат! Нічога - гэта люстэрка, праз якое пазнаеш свет. - Брава! - крыкнуў Ленц. - Надзвычай арыгінальна, Фердынанд! - Супакойся, Готфрыд, - Фердынанд павярнуўся да яго магутнай галавой. - Такія рамантыкі, як ты, - толькі патэтычныя конікі, што скачуць па краі жыцця. Яны разумеюць яго няправільна, і ўсё для іх сенсацыя. Што ты ведаеш пра НІЧОГА, ты - легкавагавая істота? - Ведаю тое-сёе. І гэтага дастаткова, каб любіць сваю вагу, - заявіў Ленц. - Прыстойныя людзі паважаюць НІЧОГА, Фердынанд. Яны не корпаюцца ў ім, як краты.
|
|||
|