|
|||
Эрых Марыя Рэмарк 20 страницаГраў утаропіўся ў яго. - Будзь здароў, - сказаў Готфрыд. - Будзь здароў, - адказаў Фердынанд. - Будзь здароў, корак. Яны выпілі да дна. - Хацеў бы я быць коркам, - сказаў я і таксама выпіў сваю чарку. - Каб, што ні зробіш, усё атрымлівалася як трэба. Хоць бы нядоўга. - Здрада! - Фердынанд так гоцнуўся на крэсле, што яно затрашчала. - Хочаш стаць дэзерцірам? Здрадзіць нашаму братэрству? - Не, - адказаў я. - Я не хачу здраджваць. Але мне хочацца, каб у нас нічога не крышылася. Фердынанд нахіліўся да мяне. Яго вялізны дзікаваты твар перасмыкнуўся. - Ты - член аднаго ордэна, брат, ордэна няўдалых, няўмелых, з іх бязмэтнымі жаданнямі, з іх сумам, што не прыносіць карысці, з каханнем без будучыні, з адчаем, што не мае сэнсу. - Ён усміхнуўся. - Ты - з таго братэрства, члены якога лепш загінуць, чым зробяць кар'еру, лепш прайграюць жыццё, пусцяць яго на вецер, згубяць, чым забрудзяць альбо забудуць недасягальны вобраз - той вобраз, брат, які яны носяць у сэрцы, які непагасна гарыць у гадзінах, днях і начах, дзе нічога няма, акрамя аднаго: голага жыцця і голай смерці. Ён падняў чарку, звяртаючыся да Фрэда за стойкай: - Дай мне выпіць. Фрэд прынёс бутэльку. - Завесці яшчэ патэфон? - спытаў ён. - Не трэба, - сказаў Ленц. - Выкінь свой патэфон і прынясі большыя чаркі. А потым выключы палову святла, пастаў на стол некалькі бутэлек і знікні ў сваім кабінеце. Фрэд кіўнуў галавой і выключыў верхняе святло. Засталіся гарэць толькі лямпачкі пад пергаментнымі абажурамі са старых геаграфічных картаў. Ленц наліў у шклянкі. - Будзьце здаровы, дзеці! Вып'ем за тое, што жывыя! За тое, што дыхаем! За тое, што мы так моцна адчуваем жыццё, што нават не ведаем, што з ім рабіць! - Сапраўды, - сказаў Фердынанд. - Толькі няшчасны ведае, што такое шчасце. Шчаслівы - як манекен. Ён толькі дэманструе шчасце жыцця. Ён ім не валодае. Святло не свеціць на святле. Яно свеціць у змроку. За змрок! Хто хоць раз перажыў навальніцу, той разумее, што такое электрычны разрад. Да д'ябла навальніцы! Няхай будзе блаславёна наша кароткае жыццё! Любячы яго, мы не закладзём яго пад працэнты! Мы скарыстаем яго самі! Піце, дзеці! Ёсць зоркі, што свецяць кожную ноч, хоць яны пагаслі ўжо дзесяць тысяч светлавых гадоў назад! Піце, пакуль ёсць час! Няхай жыве няшчасце! Няхай жыве змрок!
Ром стукнуў мне ў галаву. Я ціха ўстаў і пайшоў да Фрэда ў кабінет. Ён спаў. Я разбудзіў яго і папрасіў заказаць тэлефонную размову з санаторыем. - Пачакайце, - сказаў ён. - У гэты час хутка даюць. Праз пяць хвілін тэлефон зазваніў. - Я хачу пагаварыць з фройляйн Хольман, - сказаў я. - Хвілінку, я звяжу вас з дзяжурнай. Мне адказала старшая сястра: - Фройляйн Хольман ужо спіць. - У яе пакоі няма тэлефона? - Вы не можаце разбудзіць яе? Голас павагаўся. - Не. Сёння ёй ужо нельга ўставаць. - Штосьці здарылася? - Нічога. Толькі ў гэтыя дні ёй трэба паляжаць. - Сапраўды нічога не здарылася? - Не, не, спачатку заўсёды так. Яна павінна паляжаць у пасцелі і адаптавацца. Я павесіў слухаўку. - Запозна? - спытаў Фрэд. - Што ты маеш на ўвазе? Ён паказаў на свой гадзіннік. - Ужо дванаццатая гадзіна. - Сапраўды, - сказаў я. - Не трэба было тэлефанаваць. Я вярнуўся і выпіў яшчэ. У дзве гадзіны мы сабраліся ісці. Ленц завёз на таксі Валянціна і Фердынанда дамоў. - Пайшлі, - сказаў мне Кёстэр. Ён завёў «Карла». - Я магу прайсці некалькі крокаў пехатой, Ота. Ён глянуў на мяне. - Мы выедзем за горад. - Добра. - Я сеў у машыну. - Садзіся за руль, - сказаў Кёстэр. - Глупства, Ота. Я не магу кіраваць, я - п'яны. - Кіруй! На маю адказнасць. - Пабачыш, - сказаў я і сеў за руль. Матор зароў. Руль задрыжаў у маіх руках. М'атляючыся, праляталі вуліцы міма, дамы хісталіся, ліхтары моклі пад дажджом. - Не атрымліваецца, Ота, - сказаў я. - Я дзесьці ўрэжуся. - Цісні, - адказаў ён. Я зірнуў на яго. Твар быў светлы, напружана-спакойны. Я сціснуў зубы і прыжмурыўся. Паволі дарога стала бачыцца выразна. - Куды, Ота? - спытаў я. - Наперад. За горад. Мы даехалі да ўскраіны і выскачылі на шашу. - Уключы фары, - сказаў Кёстэр. Светла-шэрая бетонка блішчала. Дождж быў ужо невялікі, але кроплі білі мне ў твар, як градзіны. Вецер налятаў рэзкімі парывамі, хмары плылі нізка, над самым лесам яны віселі шматамі, а паміж імі свяцілася серабро. Туман спаў з маіх вачэй. Шум матора праз рукі перадаваўся ва ўсё цела. Я адчуваў машыну і яе сілу. Выхлапы ў цыліндрах праганялі тупую анямеласць маёй галавы. Поршні нібы пампавалі маю кроў. Я паддаў газу. Машына ляцела па шашы. - Хутчэй, - сказаў Кёстэр. Шыны засвісталі. Дрэвы і тэлеграфныя слупы з гудам праляталі міма. Прамільгнула нейкая вёска. Я канчаткова працверазеў. - Больш газу, - сказаў Кёстэр. - А ці ўтрымаю я машыну? Дарога мокрая. - Убачыш. Перад паваротамі пераключай на трэцюю хуткасць, не збаўляючы газу. Матор зароў. Паветра ўдарыла мне ў твар. Я прыгнуўся за ветравым шчытком. І раптам праваліўся ў гул матора, цела злілося з машынай у адзіным напружанні, у з'яднанай высокай вібрацыі. Я адчуваў колы пад нагамі, я адчуваў зямлю, шашу, хуткасць; адным штуршком нешта раптам стала на месца, ноч раўла і свістала, яна выбіла з мяне ўсё, вусны сціснуліся, рукі зрабіліся як абцугі, і я ператварыўся ў шалёную язду, да беспрытомнасці абыякавы і бязмежна ўважлівы. На павароце зад машыны занесла. Я некалькі разоў ірвануў руль у адваротным напрамку і зноў даў газу. На нейкі момант машына завісла, як паветраны шар, потым зноў набыла ўстойлівасць. - Добра, - сказаў Кёстэр. - Трапілі на мокрае лісце, - адказаў я і адчуў цеплыню палёгкі, якая заўсёды прыходзіць пасля небяспекі. Кёстэр кіўнуў. - Такая д'ябальшчына здараецца восенню на паваротах у лесе. Даць запаліць? - Давай, - сказаў я. Мы спыніліся і запалілі. - Цяпер можна вяртацца, - сказаў потым Кёстэр. Мы прыехалі ў горад, і я выйшаў з машыны. - Добра, што мы пакаталіся, Ота. Усё прайшло. - Наступны раз я табе пакажу яшчэ адзін спосаб упісвацца ў паварот, - сказаў ён. - Паварот з адначасовым тармажэннем. Але гэта робіцца толькі на сухой дарозе. - Цудоўна, Ота. Дабранач. - Дабранач, Робі. «Карл» імкліва знік. Я пайшоў у дом. Я вельмі замарыўся, але супакоіўся. Сум мой прайшоў..
XXIII
У пачатку лістапада мы прадалі «сітраэн». Грошай хапіла, каб яшчэ нейкі час трымаць майстэрню, але наша становішча з кожным тыднем пагаршалася. Людзі на зіму ставілі машыны ў гаражы, каб зэканоміць на бензіне і падатках. Рамонт перападаў нам усё радзей. Праўда, мы так-сяк перабіваліся заробкамі на таксі, але грошай не хапала. Таму я вельмі ўзрадаваўся, калі гаспадар «Інтэрнацыяналя» прапанаваў мне са снежня пачаць зноў іграць у яго вечарамі на піяніна. Яму ў апошні час пашанцавала: саюз жывёлапрамыслоўцаў праводзіў свае штотыднёвыя сустрэчы ў адным з задніх пакояў «Інтэрнацыяналя»; іх прыклад пераняў саюз гандляроў коньмі, а потым, нарэшце, і таварыства па крэмацыі ў імя агульнаграмадскай карысці. Такім чынам, я мог пакінуць таксі Ленцу і Кёстару, а мне і так добра было - я часта і без таго не ведаў, як мне забавіць вечар. Пат пісала рэгулярна. Я чакаў яе пісьмаў, але не мог уявіць сабе, як яна жыве, і часам у змрочныя гразкія снежаньскія дні, калі нават аполудні не было па-сапраўднаму светла, мне здавалася, што я ўжо даўно страціў яе, што ўсяму канец. Здавалася, што з дня яе ад'езду прайшло бясконца шмат часу, і я не мог уявіць сабе, што яна вернецца. Потым надыходзілі вечары, напоўненыя цяжкой, дзікай журбой, калі нічога не дапамагала. Заставалася толькі сядзець і піць да раніцы з прастытуткамі і гандлярамі скацінай. Гаспадар «Інтэрнацыяналя» атрымаў дазвол не зачыняць кавярню і на куццю. Халасцякі ўсялякіх таварыстваў адзначалі вялікае свята. Старшыня саюза гандляроў жывёлай, свінагандляр Стэфан Грыгаляйт ахвяраваў на свята двух малочных парасят і некалькі кумпякоў. Грыгаляйт - добрая душа - ужо два гады быў удавец. Яму захацелася правесці калядны вечар у кампаніі. Гаспадар прыдбаў ёлку вышынёй у чатыры метры, якую паставілі побач са стойкай. Роза - аўтарытэт па стварэнні ўтульнай даверлівай атмасферы - узялася ўпрыгожваць ёлку. Ёй дапамагалі Марыон і Кікі, які ў адпаведнасці са сваімі схільнасцямі таксама меў адчуванне прыгожага. Гэтыя трое пачалі сваю працу аполудні. Яны навешалі процьму стракатых шароў, свечак і бліскучай паперы - дрэва ўрэшце выглядала шыкоўна. У знак асаблівай павагі да Грыгаляйта яны павесілі яшчэ шмат ружовых свінак з марцыпана.
Паполудні я прылёг на гадзінку-другую паспаць. Калі я прачнуўся, было цёмна. Я не адразу ачомаўся, каб зразумець: вечар цяпер ці раніца? Штосьці мне прыснілася, але я не мог прыпомніць што. Быццам я быў недзе далёка і, здавалася, пачуў, як за мной з шумам зачыніліся чорныя дзверы. Потым пачуў, што нехта стукае. - Хто там? - адазваўся я. - Я, пан Локамп. Я пазнаў голас фраў Залеўскі. - Заходзьце, - крыкнуў я. - Дзверы адчынены. Клямка забразгала, і ў дзвярах я ўбачыў фраў Залеўскі, асветленую жоўтым святлом з калідора. - Фраў Хасэ з'явілася, - прашаптала яна. - Хадзем хутка. Я не магу ёй сказаць. Я не паварухнуўся. Мне трэба было зарыентавацца. - Пашліце яе ў паліцыю, - сказаў я потым. - Пан Локамп! - Фраў Залеўскі ўзмахнула рукамі. - Больш нікога няма. Вы мусіце дапамагчы мне. Вы ж хрысціянін! У чатырохкутніку дзвярэй яна была як чорны цень, які танцуе. - Перастаньце, - незадаволена сказаў я. - Зараз іду. Я выйшаў. Фраў Залеўскі чакала мяне ў калідоры. - Яна ўжо што-небудзь ведае? - спытаў я. Яна пахітала галавой і прыціснула хусцінку да вуснаў. - А дзе яна? - У былым сваім пакоі. Каля дзвярэй кухні стаяла Фрыда, узмакрэлая ад хвалявання. - На ёй капялюш са страўсінымі пёрамі і брошка з брыльянтамі. - Сачыце, каб гэтая ідыётка не падслухоўвала, - сказаў я фраў Залеўскі і ўвайшоў у пакой. Фраў Хасэ стаяла каля акна. Калі я ўвайшоў, яна імкліва павярнулася. Відавочна, яна чакала кагосьці іншага. Я паводзіў сябе як дурань: мой першы позірк мімаволі быў скіраваны на капялюш і брошку. Фрыда мела рацыю: капялюш быў шыкоўны. Брошка - больш сціплая. Кабета прыбралася, быццам жадаючы паказаць камусьці, як добра ёй жывецца. Увогуле яна глядзелася нядрэнна. Ва ўсякім разе лепш, чым раней. - Хасэ, мусіць, працуе і на куццю? - з'едліва спытала яна. - Не, - сказаў я. - Дзе ж ён? У водпуску? Яна падышла да мяне, круцячы сцёгнамі. У нос мне ўдарыў пах парфумы. - А што вам трэба ад яго? - спытаў я. - Упарадкаваць свае справы. Разлічыцца. Урэшце, мне належыць мая доля. - Не турбуйцеся, - сказаў я. - Цяпер вам належыць усё. Яна ўтаропілася на мяне. - Ён памёр, - сказаў я. Лепш было б сказаць неяк інакш. Не так паспешліва, падрыхтаваўшы. Але я не ведаў, як пачаць. Акрамя таго, мая галава была яшчэ пустая пасля сну. Пасля такога сну, прачнуўшыся, можна пакончыць жыццё самагубствам. Фраў Хасэ стаяла пасярэдзіне пакоя, і, як ні дзіўна, у той момант, калі я ёй гаварыў, я вельмі яскрава бачыў, што яна, калі будзе падаць, ні аб што не ўдарыцца. Гэта было неверагодна, але я сапраўды больш нічога не бачыў і ні пра што не думаў. Але яна не ўпала. Яна трымалася на нагах і пазірала на мяне. - Так, - сказала яна, - так... - Толькі пёры на яе страўсіным капелюшы ўздрыгвалі. І раптам - я не заўважыў, як гэта адбылося, - на маіх вачах гэта расфранчаная, напарфумленая кабета пачала старэць. Здавалася, што час, нібы навальнічны лівень, зваліўся на яе і кожная секунда была роўная году. Напружанасць знікла, урачыстасць згасла, твар азыз. Зморшчыны напаўзлі на яго, як чарвякі, і калі яна потым, няўпэўнена мацаючы рукамі, ухапілася за спінку крэсла і села, нібы баючыся нешта разбіць, перада мной была іншая жанчына - змораная, надломаная, старая... - Што ў яго было? - спытала яна нерухомымі вуснамі. - Ён памёр раптоўна, - сказаў я. Яна не слухала. Яна ўзіралася на свае рукі. - Што я цяпер буду рабіць? - мармытала яна. - Што мне цяпер рабіць? Я крыху пачакаў. Я адчуваў сябе агідна. - Нехта ж ёсць у вас, да каго вы можаце пайсці, - нарэшце сказаў я. - Вам лепш тут не заставацца. Ды вы і не хацелі заставацца тут. - Цяпер усё змянілася, - адказала яна, не гледзячы на мяне. - Што ж мне цяпер рабіць... - У вас жа, напэўна, нехта ёсць, хто чакае вас. Пайдзіце да яго і абмяркуйце ўсё з ім. А потым, пасля каляд, схадзіце ў паліцыю. Там усе дакументы і банкаўскія чэкі таксама. Вам трэба з'явіцца туды. Тады вы зможаце атрымаць грошы. - Грошы, грошы, - прамармытала яна. - Якія грошы? - Даволі шмат. Тысячу дзвесце марак прыблізна. Яна ўзняла галаву. Раптам у яе вачах бліснула вар'яцтва. - Не, - зашыпела яна, - гэта няпраўда! Я не адказаў. - Скажыце, што гэта няпраўда, - прашаптала яна. - Магчыма, гэта няпраўда. Але магчыма, што ён патаемна адкладваў на чорны дзень. Яна ўстала. Яна раптам зусім змянілася. Яе рухі сталі аўтаматычнымі. Яна наблізіла свой твар да майго. - Так, гэта праўда, - прашаптала яна. - Я адчуваю, што гэта праўда! Нягоднік! О, які нягоднік! Прымушае мяне пайсці на такое - і на табе! Але я вазьму іх і выкіну ўсё ў адзін вечар, проста на вуліцу, каб нічога ад іх не засталося. Нічога! Нічога! Я маўчаў. З мяне хапіла. Пачатак яна перажыла, яна ведала, што Хасэ нежывы, а з астатнім няхай спраўляецца сама. Магчыма, яна яшчэ раз скаланецца, калі даведаецца, што ён павесіўся, але гэта - яе справа. Вярнуць ёй Хасэ - немагчыма. Цяпер яна заплакала. Яна залівалася слязьмі. Яна галасіла тоненькім жалобным голасам, як дзіця. Гэта цягнулася даволі доўга. Я шмат заплаціў бы за магчымасць запаліць. Я не мог трываць чужыя слёзы. Нарэшце яна перастала, выцерла твар, механічна дастала пудраніцу і пачала пудрыцца без люстэрка. Потым зноў схавала срэбную пудраніцу, але забылася закрыць сумачку. - Я нічога больш не ведаю, - сказала яна надламаным голасам. - Я больш нічога не ведаю. Ён, мусіць, быў добры чалавек. - Так, ён быў добры. Я сказаў ёй яшчэ адрас паліцэйскага ўчастка і што сёння ён ужо зачынены. Мне здавалася, што ёй лепш не ісці туды адразу. На сёння - дастаткова.
Калі яна выйшла, са свайго салона паказалася фраў Залеўскі. - Няўжо тут, акрамя мяне, ніводнай жывой душы? - спытаў я, злуючыся на самога сябе. - Толькі пан Георгі. Дык што яна сказала? - Нічога. - Тым лепей. - Як паглядзець. Бывае, што не лепей. - У мяне няма спачування ёй, - заявіла фраў Залеўскі энергічна. - Ні кропелькі. - Спачуванне - самая бескарысная рэч на свеце, - злосна сказаў я. - Гэта адваротны бок зларадства, каб вы ведалі. Колькі зараз часу? - Без чвэрці сем. - Я хачу ў сем гадзін пагаварыць па тэлефоне з фройляйн Хольман. Але без сведак. Можна? - Нікога няма, акрамя пана Георгі. Фрыду я ўжо адаслала. Калі хочаце, можаце сесці ў кухні. Проваду хопіць. - Добра. Я пастукаў у дзверы да Георгі. Я ўжо даўно ў яго не быў. Ён сядзеў за пісьмовым сталом, і выгляд у яго быў вельмі дрэнны. Вакол яго ляжалі кучы парваных папер. - Добры дзень, Георгі, - сказаў я. - Чым тут займаешся? - Інвентарызацыяй, - адказаў ён з ледзь прыкметнай усмешкай. - Добры занятак на куццю. Я нахіліўся і ўзяў шматок паперы. Гэта былі канспекты з хімічнымі формуламі. - Навошта? - спытаў я. - Больш не мае сэнсу, Робі. Ён амаль свяціўся ўвесь. Вушы здаваліся васковымі. - Што ты сёння еў? - спытаў я. Ён адмахнуўся. - Усё роўна. Справа не ў гэтым. Не ў ежы. Але я проста не магу больш. Трэба кідаць. - Няўжо так дрэнна? - Дрэнна, - сказаў ён. - Георгі, - прамовіў я спакойна, - зірні на мяне. Няўжо ты думаеш, што я не хацеў таксама быць чалавекам, а не піяністам у гэтым бардаку, кавярні «Інтэрнацыяналь»? Ён сціскаў і расціскаў кулакі. - Я ведаю, Робі. Але мне ад гэтага не лягчэй. Для мяне, акрамя вучобы, нічога не існавала. Цяпер я ўбачыў, што няма сэнсу. Нічога не мае сэнсу. Дарэчы: навошта чалавек жыве? Я не стрымаўся, каб не засмяяцца, хоць і недарэчы: такі ён быў варты жалю, так горка яму было. - Вослік! - сказаў я. - Думаеш, што зрабіў адкрыццё? Няўжо табе здаецца, што толькі ты гэткі вялікі мудрэц? Вядома, сэнсу няма. І жывуць людзі не дзеля нейкай мэты. Аднак не ўсё так проста. Апранайся, пайшлі. Пойдзеш са мной у «Інтэрнацыяналь». Адсвяткуем: ты стаў мужчынам. Дагэтуль ты быў школьнік. Праз паўгадзіны я зайду па цябе. - Не, - сказаў ён. Ён зусім скіс. - Зайду, - сказаў я. - Ты зробіш мне ласку. Мне сёння не хочацца быць аднаму. Ён, вагаючыся, зірнуў на мяне. - Ну добра, - сказаў ён потым нерашуча. - Зрэшты, усё роўна. - Вось бачыш, - сказаў я. - Для пачатку - нядрэнны дэвіз.
У сем гадзін я заказаў тэлефонную размову з Пат. З гэтага часу плата зніжалася напалову, і я мог пагаварыць у два разы даўжэй. Я сеў на стол у прыхожай і пачаў чакаць. Ісці ў кухню мне не хацелася. Там стаяў пах зялёных бабоў, і я не хацеў, каб ён неяк звязваўся з Пат, нават у час тэлефоннай размовы. Праз чвэрць гадзіны далі санаторый. Пат ужо была каля тэлефона. Пачуўшы так блізка яе цёплы, прыглушаны, крыху няўпэўнены голас, я так расхваляваўся, што амаль не мог вымавіць слова. Гэта былі нейкія дрыжыкі, бурленне крыві, ад якога не было ніякага ратунку. - Божа мой, Пат, - сказаў я. - Няўжо гэта ты? Яна засмяялася. - Дзе ты, Робі? У канторы? - Не, я сяджу ў фраў Залеўскі на стале. Як пажываеш? - Добра, мілы. - Ты ўстала? - Так. Я сяджу ў сваім пакоі на падаконніку ў белым халаце. На дварэ ідзе снег. Я раптам выразна ўбачыў яе перад сабой. Я ўбачыў, як кружацца сняжынкі, я ўбачыў яе невялікую цёмнавалосую галаву, крыху апушчаныя плечы, бронзавага колеру скуру... - Божа мой, Пат... - сказаў я. - Заклятыя грошы! А то я зараз жа сеў бы ў самалёт і ўжо сёння быў бы каля цябе. - Ах, мілы... Яна замоўкла. Я ўслухоўваўся ў ціхі трэск і гул у трубцы. - Дзе ты, Пат? - Тут, Робі. Але ты не павінен так гаварыць. У мяне аж галава закруцілася. - І я са сваёй нічога зрабіць не магу, - сказаў я. - Раскажы мне, што ты там робіш? Яна пачала гаварыць, але скора я ўжо не слухаў, што яна казала. Я слухаў толькі яе голас, і пакуль сядзеў у цёмным кутку паміж галавой дзіка і кухняй з пахам зялёных бабоў, мне здавалася, што дзверы адчыняюцца і праз іх заплывае хваля цеплыні і бляску, ласкавая і стракатая, напоўненая марамі, смуткам і маладосцю. Я ўпёр ногі ў стол, прыціснуў далоню да шчакі, я глядзеў на галаву дзіка і на адчыненыя дзверы ў кухню, але не мог справіцца з сабой: раптам з'явілася лета, вецер, вечар над жытнёвым полем і зялёнае святло лясных сцежак. Голас змоўк. Я задыхаўся. - Як цудоўна размаўляць з табой, Пат. А што ты робіш сёння вечарам? - Сёння вечарам невялічкае свята. Пачатак у восем гадзін. Я якраз апранаюся. - А што ты апранеш? Срабрыстую сукенку? - Яе, Робі. Срабрыстую сукенку, у якой я была, калі ты нёс мяне па калідоры. - А з кім ты пойдзеш? - Ні з кім. Гэта ж тут, у санаторыі. Унізе ў зале. Тут усе ведаюць адзін аднаго. - Табе, відаць, цяжка будзе застацца вернай мне, - сказаў я. - У срабрыстай сукенцы. Яна засмяялася. - Няцяжка. Яна ж напамінае. - І мне таксама. Я бачыў, якое ўражанне робіць сукенка. Але мне не так і хочацца ведаць. Можаш здрадзіць мне, толькі каб я не ведаў. Потым, калі ты вернешся, для цябе гэта будзе як сон, які прамільгнуў, забыты. - Ах, Робі, - сказала яна няспешна, і голас яе гучаў больш прыглушана. - Я не магу здрадзіць табе. Я занадта шмат думаю пра цябе. Ты не ведаеш, што за жыццё тут наверсе. Бліскучая, прыгожая турма. Стараешся забавіцца нечым - вось і ўсё. Калі я думаю пра твой пакой, то часам не ведаю, што мне рабіць. Тады я іду на вакзал і гляджу на цягнікі, якія прыбываюць знізу, заходжу ў вагоны ці раблю выгляд, што некага сустракаю. Тады мне здаецца, што так я набліжаюся да цябе. Я закусіў вусны. Я ніколі яшчэ не чуў, каб яна так гаварыла. Яна заўсёды была сарамлівая, і яе прыхільнасць выяўлялася хутчэй у жэстах і позірках, чым у словах. - Я пастараюся прыехаць да цябе, Пат, - сказаў я. - Праўда, Робі? - Праўда. Магчыма, у канцы студзеня. Я ведаў, што гэта, напэўна, будзе немагчыма, таму што з лютага трэба будзе плаціць за санаторый. Але я сказаў ёй так, каб падбадзёрыць яе. Потым будзе няцяжка адкласці прыезд, пакуль яна не вернецца. - Бывай, Пат, - сказаў я. - Жадаю табе ўсяго найлепшага. Будзь сёння вясёлая. - Добра, Робі. Сёння я шчаслівая. Я зайшоў за Георгі, і мы з ім пайшлі ў кавярню «Інтэрнацыяналь». Стары пракураны шынок было не пазнаць. Гарэла калядная ёлка, і яе цёплае святло адбівалася ва ўсіх бутэльках, шклянках, у нікелі і медзі стойкі. Прастытуткі ў вячэрніх сукенках, увешаныя падробнымі каштоўнасцямі, сядзелі за столікамі, чакаючы. Роўна ў восем у зале з'явіўся аб'яднаны хор гандляроў жывёлай. Каля дзвярэй яны разбіліся на галасы: справа - першы тэнар, злева - другі бас. Стэфан Грыгаляйт, удавец і гандляр свіннямі, дастаў камертон, даў першую ноту, і спеў на чатыры галасы пачаўся.
Дай паломніку спакой, Божа, у святой начы. І анёльскаю рукой Боль сардэчны палячы. У блакітным моры Ярка свецяць зоры, Палячу без зморы Да цябе душой.
- Як люба, - сказала Роза і выцерла слёзы з вачэй. Адгучала другая страфа. Гучныя воплескі. Хор у падзяку пакланіўся. Стэфан Грыгаляйт выцер спацелы лоб. - Бетховен ёсць Бетховен, - заявіў ён. Ніхто не запярэчыў. Стэфан схаваў хусцінку. - А зараз -да зброі! Стол быў сервіраваны ў вялікай зале, дзе звычайна збіраліся члены саюза. Пасярэдзіне на срэбных блюдах, якія стаялі на маленькіх спіртоўках, красаваліся двое парасят, запечаныя да рудаватай скуркі. У лычах у іх былі лімоны, на спінках маленькія запаленыя ёлачкі. Яны ўжо з нічога не дзівіліся. З'явіўся Алоіс у фраку, падарунку ад гаспадара. Ён прынёс з паўтузіна збаноў з віном і наліў. З ім прыйшоў Потэр з таварыства крэмацыі, які толькі што кіраваў спальваннем нябожчыка. - Мір на зямлі! - сказаў ён з гонарам, падаў Розе руку і сеў каля яе. Стэфан Грыгаляйт, які адразу ж запрасіў Георгі да стала, устаў і зрабіў самую кароткую і самую лепшую прамову ў сваім жыцці. Ён падняў куфель з іскрыстым «Ваххольдэрам», зірнуў на ўсе бакі ззяючым позіркам і выгукнуў: - На здароўе! Потым ён зноў сеў, і Алоіс прынёс свіныя ножкі, квашаную капусту і бульбу. З'явіўся гаспадар з падносам, на якім стаялі вялікія куфлі залацістага пльзенскага піва. - Еш не спяшаючыся, Георгі, - сказаў я. - Твайму страўніку трэба спачатку прывыкнуць да тлустага мяса. - Мне ўвогуле трэба спачатку прывыкнуць, - адказаў ён і зірнуў на мяне. - Гэта прыйдзе хутка, - сказаў я. - Толькі не трэба параўноўваць. Тады ўсё пойдзе як трэба. Ён кіўнуў галавой і зноў нахіліўся над сваёй талеркай. Раптам на другім канцы стала распачалася сварка. Пачуўся каркаючы голас Потэра. Ён хацеў чокнуцца з гандляром цыгарамі Бушам, але той адмовіўся, заявіўшы, што ён не хоча піць, каб пакінуць больш месца ў жываце для ежы. - Глупства, - лаяўся Потэр. - Калі ясі, трэба піць. Калі п'еш, нават больш улезе. - Лухта! - буркнуў Буш, хударлявы высокі мужчына з плоскім носам і ў рагавых акулярах. Потэр аж падскочыў. - Лухта? І гэта гаворыш мне ты, тытунёвая сава! - Ціха! - крыкнуў Стэфан Грыгаляйт. - Ніякіх скандалаў на куццю! Ён папрасіў, каб яму расказалі, у чым справа, і прыняў саламонава рашэнне: праверыць на практыцы. Перад спрачальнікамі паставілі па некалькі аднолькавых місак з мясам, бульбай і капустай. Порцыі былі вялізныя. Потэр мог піць, што хацеў, Буш мусіў есці насухую. Каб надаць канфлікту вастрыні, Грыгаляйт арганізаваў таталізатар, і на абодвух пачалі ставіць. Потэр абставіўся куфлямі з півам, а паміж імі, нібы брыльянты ў каралях, паблісквалі маленькія чаркі з гарэлкай. Заклад быў на яго карысць - 3: 1. Буш глытаў пражорліва, нізка нахіліўшыся над талеркай. Потэр змагаўся ў адкрытай стойцы. Пры кожным глытку ён зласліва гаварыў Бушу: «За здароўе», на што той адказваў позіркам з нянавісцю. - Мне кепска, - сказаў мне Георгі. - Пайшлі выйдзем. Я завёў яго ў прыбіральню, а сам сеў у фае пачакаць. Саладжавы пах свечак мяшаўся з пахам хвойных іголак, якія згаралі, патрэскваючы. І раптам мне здалося, быццам я пачуў лёгкія любімыя крокі, быццам адчуў цёплае дыханне і ўбачыў перад сабой вочы... - Пракляцце! - сказаў я і ўстаў. - Што са мной робіцца? У той самы момант я пачуў магутны рык. - Потэр! Брава! Алозіус! Перамагла крэмацыя. У заднім пакоі дымілі цыгары. Разносілі каньяк. Я ўсё яшчэ сядзеў каля стойкі. Дзяўчаты выйшлі з-за стала, аб нечым энергічна шушукаючыся. - Што ў вас там? - спытаў я. - Для нас таксама ёсць падарункі, - адказала Марыон. - Ах, вось што. Я прыхіліў галаву да стойкі і падумаў: чым цяпер займаецца Пат? Я ўявіў сабе залу санаторыя, камін, у якім палае агонь, і Пат за сталом каля акна з Хэльгай Гутман і іншымі людзьмі. Усё было так даўно. Часам я думаў, што аднойчы прачнуся, а ўсё былое прайшло, забыта, знікла. Няма нічога надзейнага - нават успамінаў. Зазвінеў званок. Дзяўчаты, нібы чародка спалоханых курэй, пабеглі ў більярдную. Там стаяла Роза са званочкам у руцэ. Яна кіўнула, каб і я падышоў. Пад маленькай ёлачкай на більярдным стале стаялі талеркі, накрытыя шаўковай паперай. На кожнай ляжалі скрутачкі з падарункамі і паперкі з надпісамі. Дзяўчаты ўручалі іх адна адной. Роза ўсё падрыхтавала. Падарункі яна атрымала гатовыя ад дзяўчат і расклала іх на талеркі. Дзяўчаты ўсхвалявана залапаталі, спяшаючыся, як дзеці, хутчэй паглядзець, што ім дасталася. - А ты не хочаш узяць сваю талерку? - спытала Роза. - Якую талерку? - Тваю. Табе ж таксама ёсць падарунак. І сапраўды, маё імя таксама было напісана шыкоўным рандо, двума колерамі - чырвоным і чорным. Яблыкі, арэхі, апельсіны, ад Розы вязаны жакет, ад гаспадыні - травяніста-зялёны гальштук, ад Кікі - ружовыя шкарпэткі са штучнага шоўку, ад прыгажуні Валі - скураная дзяга, ад кельнера Алоіса - паўбутэлькі рому, ад Марыон, Ліны і Лілі - паўтузіна хусцінак, а ад гаспадара - дзве бутэлькі каньяку. - Дзеці, - сказаў я. - Дзеці, гэта ж зусім нечакана. - Сюрпрыз? - усклікнула Роза. - Як піць даць. Я стаяў сярод іх, разгублены і, дальбог, крануты да глыбіні душы. - Дзеці, - сказаў я. - Ці ведаеце вы, калі я апошні раз атрымліваў падарункі? Я ўжо і сам не памятаю. Гэта, мусіць, было да вайны. А ў мяне няма нічога вам. Усе былі бязмежна радыя, што мяне так здорава ўразілі. - За тое, што ты нам заўсёды нешта іграў, - сказала Ліна, чырванеючы. - Сапраўды, зайграй нам што-небудзь, вось і будзе твой падарунак, - заявіла Роза. - Што захочаце, - сказаў я. - Усё, што захочаце. - Зайграй «Маю маладосць», -крыкнула Марыон. - Не, што-небудзь вясёлае, - не пагадзіўся Кікі. На яго не звярнулі ўвагі. Яго як «гома» ўвогуле ўсур'ёз не прымалі. Я сеў да піяніна і зайграў. Усе заспявалі.
Песеньку вясны Ветры прыняслі... Маладыя сны, А ці вы былі?
Гаспадыня выключыла ўсе электралямпачкі. Заставалася толькі святло ад свечак. Нібы далёкая крынічка ў лесе, ціха булькатаў піўны кран, а пласкаступы Алоіс блукаў на заднім плане, нібы чорны Пан. Я пачаў другі куплет. З ззяючымі вачыма, з добрымі тварамі мяшчанак дзяўчаты стоўпіліся вакол піяніна. І - вось дык дзіва! - нехта заплакаў горкімі слязьмі. Гэта быў Кікі - салодкі Кікі з Люкенвальдэ. Ціха адчыніліся дзверы з вялікай залы. Пад меладычны напеў сюды гужам уплыў хор на чале з Грыгаляйтам, які паліў чорную бразільскую цыгару. Спевакі выстраіліся за дзяўчатамі.
З дому я пайшоў... Свет багаты цвіў, А вярнуўся зноў... Ён пустэльны быў...
Ціха адгучаў хор. - Выдатна, - сказала Ліза. Роза запаліла бенгальскія агні. Яны шыпелі і стралялі іскрамі. - Добра, а цяпер што-небудзь вясёленькае! - усклікнула яна. - Трэба падбадзёрыць Кікі. - І мяне таксама, - сказаў Стэфан Грыгаляйт. У адзінаццаць гадзін прыйшлі Кёстэр і Ленц. Мы з бледным Георгі селі за стол каля стойкі. Георгі далі некалькі сухарыкаў, каб паставіць яго на ногі. Неўзабаве пасля гэтага Ленц растварыўся ў шумнай кампаніі жывёлапрамыслоўцаў. Праз пятнаццаць хвілін мы ўбачылі яго з Грыгаляйтам каля стойкі. Яны скрыжавалі рукі і пілі на брудэршафт. - Стэфан! - прадставіўся Грыгаляйт. - Готфрыд! - адказаў Ленц, і яны выпілі па чарцы каньяку. - Я прышлю табе заўтра крывяной і лівернай каўбасы. Добра, Готфрыд? - Цудоўна! - Ленц ляпнуў яго па плячы. - Добра, стары Стэфан! Стэфан ззяў. - Ты так добра смяешся, - гаварыў ён у захапленні. - Я люблю, хто так прыгожа смяецца. Я занадта хутка паддаюся суму, гэта мая слабасць.
|
|||
|