![]()
|
|||||||
ІІ. Песьні ў час лоўліІІ. Песьні ў час "лоўлі"
а) песьні дзяўчыны калі ўцякае
Мой мілы бяжком бяжыць, Аж пад ім зямелька дрыжыць. А я памалюсеньку — Я ж яму мілюсенька.
З-пад аконца рэчачка цікла, Я ’д свайго дзядулькі ўцікла, Уцікла, (а)’глянулася, Яму наругнулася.
Казалі мой дзед нічога, Насеяў пшанічкі многа. Пшанічка калосіцца, За мной дзедка носіцца.
На вакне рутачка цвіла, Я ад дзядулькі ўцякла.
Пайду я пабегаю, Як рыбка па берагу, Пайду я пагуляю, Як рыбка на Дунаю.
Ні бяжы, дзядулька, бяжком, Запала дарожка сняжком. Дайце ж мне скарэй мятлу, Я ж дзедзьку сцежку змяту.
Ой, скажы, дзядулька, ты мне, Ці з ахвотай ловіш ці не? Калі ты з ахвотаю, За табой палётаю, А калі без ахвоты – Не буду таптаць боты.
Чаго ж ты за мною ходзіш, Нашто ж ты боцікі топчыш? Боцікі шаўровыя, Падвязкі шаўковыя.
Пайду я кароўку даіць, Аж за мной дзядулька бяжыць, Ах, ты мой дзядулячка, Я ж твая бабулячка,
Каб цябе каршун задраў, Як ты мне хвартух падраў, Каб цябе пятух забіў, Як жа ты мяне любіў!
Пашла ж я кароў даіць, А за мной Давыд бяжыць. Кіну я даёначку Давыду ў галёначку.
калі ловіць
Ах ты мой дзядулічка, Я ж твая бабулічка! Дай божа пагнаціся, З дзядулькам пазнаціся.
Пайду я Цярэшку жаніць, Аж мая галоўка баліць, Аж мае ножачкі млеюць — Не магу за дзедам бегаць. (Аж мае ручачкі вянуць — Не магу на дзедзьку глянуць. - закаханасьць)
Хоць жа я павалюся, За дзедзькам паганюся. Хоць жа я ножачку зламлю, Я свайго дзядульку злаўлю.
Пайду я пяшком, пяшком, Злаўлю я дзядульку мяшком. (насмешка)
Пайду я ў ток, у ток, Знайду я курэй куток, Пятушка чубатага, Дзядульку вусатага.
Паіла коніка ў вядрэ, Відзіла дзядульку на дне. Ці мне коніка паіць, Ці мне дзядульку лавіць?
Пайду я па гародзе У дзявоцкім карагодзе, Хустачкай махаючы, Дзядульку шукаючы. (– Дзядулька, як маешся? Чаму не вітаешся? Дай божа, пазнаціся, З табой павітаціся.)
Ах, ты мой дзядулечка, Я ж твая бабулечка, Я ж цябе люблю, люблю, Я ж цябе злаўлю, злаўлю.
Ні ўцікай, дзядулька, бяжком, Запала дарожка сняжком. Дзевачкі, сястрыцы мае, Тапчыце вы сцежачку мне. (Дзевачкі, сястрыцы мае, Злавіце дзядульку вы мне).
Не ўцякай, дзядулька-шарсцень, Не турбуй маіх ты касцей...
А хоць жа я павалюся, За табою паганюся, А хоць жа ты ў палоўку Я цябе – за галоўку, А хоць жа ты ў мякіну, Я цябе не пакіну.
На небе месячык ясён, А ў суседа малойчык красён. Хоць жа я ў бяду ўпаду, У суседа малойца ўкраду.
А ў полі калінка расла, Беленькім цвяточкам цвіла. Я гэту калінку зламлю, Я свайго дзядульку злаўлю.
Пайду я ў зялёны лясок, Выламлю дубовы кіёк, Як дам дзеду пад нагу, Я яго скоранька злаўлю.
Ой, пайду я каля саду, Наламлю вінаграду. (Вінаград салодзенькі, Дзядулька малодзенькі,) Вінаград ня ломіцца, Дзядулька ня ловіцца.
Дзевачкі, з дарожанькі, Каб ні стаптаць ножанькі, Мальчыкі, схініцеся, Каб ні паваліціся.
Паціху, скрыпачка, іграй, Памалу, дзядулька, ступай, Каб я не ўмарылася, Каб не павалілася.
А я пайду Цярэшку даганяць, А ён ад міне уцікаць, Ах, божа мой, божанька, Баліць мая ножанька. (Цярэшка, пастой, пастой, Пабуду з табой, з табой)
|
|||||||
|