|
|||
ЧАСТКА ТРЫНАЦЦАТАЯ. Прырода, той, хто атрымлівае асалоду і сьвядомасьць.Стр 1 из 7Следующая ⇒ ЧАСТКА ТРЫНАЦЦАТАЯ Прырода, той, хто атрымлівае асалоду і сьвядомасьць. ВЕРШЫ 1 - 2
арджуна увача шрі-бхагаван увача
арджунах увача - Aрджуна сказаў; пракрітім - прыроду; пурушам - які атрымлівае асалоду; ча - таксама; эва - неадменна; кшетрам - поле; кшетра-джнам – той, хто ведае поле; эва - неадменна; ча - таксама; этат - усё гэта; ведітум - даведацца; іччхамі - я жадаю; джнанам - веданьне; джнейам - аб'ект спазнаньня; ча - таксама; кешава - о Крышна; шрі-бхагаван увача - Вярхоўны Госпад сказаў; ідам - гэта; шарірам - цела; каунтейа - о сын Куньці; кшетрам - полем; іті - так; абхідхійате - называюць; этат - гэта; йах - той, хто; ветті - ведае; там - ён; прахух - называюць; кшетра-джнах – той, хто ведае поле; іті - так; тат-відах - тыя, хто ведае гэта. Aрджуна сказаў: О Крышна, я хачу даведацца пра пракріті [прыроду], пурушу [таго, хто атрымлівае асалоду], пра поле і таго, хто ведае поле, а таксама пра тое, што ёсьць веданьне і аб'ект спазнаньня. Вярхоўны Госпад сказаў: Гэта цела, о сын Куньці, называюць полем, а таго, хто ведае цела, - тым, хто ведае поле. КАМЭНТАР: Aрджуна папрасіў Крышну расказаць пра пракріті (прыроду), пурушу (таго, хто атрымлівае асалоду), пра кшетру (поле) і пра кшетра-г’ю (таго, хто ведае поле), а таксама пра тое, што такое веданьне і аб'ект спазнаньня. У адказ Крышна сказаў, што матэрыяльнае цела завуць полем, а таго, хто ведае цела, называюць тым, хто ведае поле. Для абумоўленай душы цела зьяўляецца полем дзейнасьці. Заблытаўшыся ў сетках матэрыяльнага існаваньня, абумоўленая душа спрабуе падначаліць сабе матэрыяльную прыроду і, у залежнасьці ад таго, наколькі яна здольная да гэтага, атрымлівае тое ці іншае поле дзейнасьці. Гэтым полем зьяўляецца матэрыяльнае цела. Але што такое цела? Цела складаецца з органаў пачуцьцяў. Абумоўленая душа шукае матэрыяльных асалодаў і ў адпаведнасьці са сваёй здольнасьцю цешыцца атрымлівае пэўнае цела, ці поле дзейнасьці, - кшетру. Саму ж душу, якая не тоесная зь целам, называюць кшетра-г'ёй, тым, хто ведае поле. Зразумець розьніцу паміж полем (целам) і тым, хто ведае поле (хто ведае цела) зусім не цяжка. Кожны ведае, што яго цела цягам жыцьця, ад маленства да старасьці, перажывае мноства зьменаў, але, нягледзячы на гэта, ён застаецца той жа нязьменнай асобай. Інакш кажучы, той, хто ведае поле дзейнасьці адрозны ад самаго поля. Так абумоўленая жывая істота можа зразумець сваё адрозьненьне ад матэрыяльнага цела. Напачатку «Бхагавад-гіты» ужо гаварылася пра тое, што жывая істота зьмешчана ў цела (дехіно 'смін), якое, зьмяняючыся, ператвараецца зь цела дзіцяці ў цела юнака, потым - у цела сталага чалавека і нарэшце - у цела старога, і што ўласьнік цела ведае пра зьмены, якія адбываюцца зь яго целам. Такім чынам, уласьнік цела адрозны ад цела і зьяўляецца кшетра-г'ёй. Часам мы думаем: «Я шчасьлівы» ці: «Я - мужчына», «Я - жанчына», «Я - кот», «Я - сабака». Так, той хто ведае цела атаясамляе сябе зь целам, хоць насамрэч адрозны ад яго. Мы карыстаемся рознымі рэчамі, напрыклад, адзеньнем і г. д., але пры гэтым ніколі не блытаем сябе зь імі. Па аналёгіі з гэтым, трохі падумаўшы, мы зможам таксама ўбачыць розьніцу між сабой і матэрыяльным целам. Я, вы і кожны, хто валодае целам, зьяўляюцца тымі, хто ведае поле дзейнасьці (кшетра-г'я), а само цела - гэта кшетра, поле дзейнасьці.
У першых шасьці частках «Бхагавад-гіты» апавядалася пра таго, хто ведае цела (то бок пра жывую істоту) і пра тое, як ён можа спасьцігнуць Вярхоўную Асобу Бога. У наступных шасьці частках апавядалася пра Вярхоўнага Госпада і пра стасункі індывідуальнай душы і Звышдушы у адданым служэньні. У гэтых частках вельмі ясна вызначана вяршынскае становішча Вярхоўнай Асобы Бога і падначаленае становішча індывідуальнай душы. Жывыя істоты заўсёды, пры любых абставінах падначалены Вярхоўнаму Госпаду, але, забываючыся пра гэта, яны выракаюць сябе на пакуты. Тыя зь іх, хто дастаткова набожныя, зьвяртаюцца да Вярхоўнага Госпада з рознай нагоды: калі трапляюць у бяду, маюць патрэбу ў грашах, імкнуцца задаволіць сваю цікаўнасьць ці атрымаць веды. Пра ўсё гэта ўжо ішла гаворка ў папярэдніх частках. З наступных частак, пачынаючы з трынаццатай, мы даведаемся пра тое, як жывая істота трапляе ў царства матэрыяльнай прыроды і як Вярхоўны Госпад дае яму магчымасьць вызваліцца з матэрыяльнага палону з дапамогай такіх мэтадаў, як кармічныя рытуалы, філязофскія пошукі ісьціны і адданае служэньне. Хоць жывая істота мае прынцыпова іншую, чым матэрыяльнае цела, прыроду, паміж імі існуе пэўная сувязь, пра што таксама будзе расказана ў наступных частках.
|
|||
|