Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Сентыменталізм



 

Сентыменталізм (ад франц. sentiment — пачуццё) — літаратурны напрамак XVIII — пачатку XIX стагоддзяў у Заходняй Еўропе і Расіі, які характарызуецца адозвай да пачуцця, уводзіць яго ў мерку дабра і зла, у асноўны крытэрый каштоўнасцей чалавека.

Грамадскія вытокі еўрапейскага сентыменталізму — рост трэцесаслоўнай ідэалогіі ўнутры Асветніцтва. Як новая форма самасцвярджэння асобы, заснаваная на перавазе пачуцця над розумам, сентыменталізм з’явіўся рэакцыяй на асветніцкі рацыяналізм, разам з тым паглыбляючы і культывуючы іншую грань асветніцкага гуманізму — каштоўнасць пачуцця. Прынцып ацэнкі чалавека набываў у сентыменталізме дэмакратычную скіраванасць. Культ пачуцця вёў да больш адэкватнага адкрыцця ўнутранага свету чалавека, да паглыблення псіхалагічнага аналізу, да індывідуалізацыі выявы.
Ён спарадзіў і новае стаўленне да прыроды; пейзаж стаў сугучным асабістаму перажыванню. Эмацыйнае ўздзеянне запатрабавала іншай лексікі — адчувальна афарбаванага вобразнага слова [1, с. 763].

Па сцвярджэнні савецкіх даследчыкаў, сентыменталізм зарадзіўся ў канцы 20-х гадоў XVIII стагоддзя ў Англіі, застаючыся ў 20—50-я гады цесна звязаным з асветніцкім класіцызмам і з асветніцкім раманам С. Рычардсана, а родапачынальнікам сентыменталізму з’явіўся Дж. Томсан, які ўвёў у апісальна-дыдактычную паэму «Поры года»
мары аб вясковай ідыліі [1, с. 763]. Суб’ектыўна-лірычнае апісанне прыроды ўпершыню дадзена ў рэлігійна афарбаванай паэме Э. Юнга «Начныя думы»; паэт на фоне могільніка малюе меланхалічны настрой душы і цягу да смерці, а ў форме пярэчанняў вальнадумцу крытыкуе вярхі англійскага грамадства. Частка паэмы, якая мае загаловак «Думкі на могільніку», паклала пачатак так званай «могілкавай лірыцы». Элегічнае сузіранне прыроды і журботныя душэўныя выліванні атрымліваюць поўнае развіццё ў «Элегіі, напісанай па сельскім могільніку» Т. Грэя. Элегія стала кіруючым жанрам. Так Т. Грэй паглыбляе вызначаную Дж. Томсанам актуальную для Англіі вясковую тэму і надае ёй форму проціпастаўлення «нялюдскага» горада ціхамірна шчаслівай вёсцы. На новым этапе, у 70—80-я гады, сентыментальная лірыка ўжо прасякнута настроямі, выкліканымі спусташэннем вёскі. Паэма О. Голдсміта «Пакінутая вёска» ўтрымлівае пратэст супраць улады заможных. У другой палове XVIII стагоддзя развіваецца сентыментальная проза (О. Голдсміт, М. Макензі, Л. Стэрн). Аповесць «Векфільдскі святар» О. Голдсміта свеціцца лагодным гумарам, поўная даверу да пачуцця чалавека: яно — больш надзейны суддзя, чым розум; не пачуццё павінна падпарадкоўвацца маралі, а мараль павінна адпавядаць душэўным імкненням. Стваральнік сентыментальна-гумарыстычнага рамана «Сентыментальнае ван-драванне» Л. Стэрн, загаловак якога ўвёў у літаратурны ўжытак слова «сентыментальны», — гэта пошук прыроды чалавека, у якім эмоцыі падвяргаюцца выпрабаванню гумарам. Англійскі сентыменталізм і асабліва творчасць Л. Стэрна аказалі вялікі ўплыў на развіццё французскай і нямецкай літаратуры.

У Францыі ўласна сентыменталісцкім тэндэнцыям папярэднічае ў 20—30-я гады XVIII стагоддзя пачуццёвасць у камедыях Дэтуша, а ў 40-х — пачатку 50-х гадоў — «слёзная камедыя» П. К. Лашасэ.
У рамане «Жыццё Мар’яны» П. Марыво адлюстроўвае складанае ўнутранае жыццё на грамадскім фоне. А ў рамане «Гісторыя кавалера Дэ Грыё і Манон Леско» А. Прэво паказвае волю і непасрэднасць пачуцця кахання, якое з’яўляецца варожым саслоўнай маралі. Выкарыстоўваючы элементы «слёзнай камедыі», Д. Дзідро стварае жанр мяшчанскай драмы; яго раман «Жак-фаталіст» напісаны пад уплывам Л. Стэрна. Русаіст Л. С. Мерсье ў рамане «Дзікун» усхваляе натуральнае быццё ў лесе. Поўнага развіцця французскі сентымен-талізм дасягае ў эпісталярным рамане Ж. - Ж. Русо «Новая Элаіза». Суб’ектыўна-эмацыйны характар лістоў з’явіўся наватарствам у французскай літаратуры. Раман сцвярджаў натуральнае пачуццё і культ прыроды, супрацьпастаўленай заганнай цывілізацыі. Аўтар стварыў новы тып узнёсла-эмацыйнага пейзажу, звязанага з перажываннямі героя. Працяты лірызмам псіхалагічны аналіз Ж. -Ж. Русо вызначыў характар наступнага развіцця еўрапейскага рамана. Прадаўжальнікам Ж. -Ж. Русо стаў Бернардэн дэ Сен-П’ер у пачуццёвай любоўнай гісторыі «Поль і Віргінія».

Цяга да пачуццёвасці, заглыбленасць у асабістыя перажыванні, у прыватнае жыццё і паўсядзённыя канфлікты (першы за ўсё бюргерства) узнікае ў Германіі ў 40-я гады. Менавіта X. Ф. Гелерт уводзіць жанр «сур’ёзнай камедыі», які набліжаецца да «мяшчанскай драмы», а яго раман «Жыццё швецкай графіні фон Г. ***» кладзе пачатак сямейным сентыментальным раманам, у якіх рычардсонаўская схема выкарыстоўваецца для аб’яднання разважлівасці з пачуццёвасцю.
У канцы 40-х гадоў узнёсла-адчувальная танальнасць гучыць у першых песнях «Месіяды» Ф. Г. Клапштока; у яго одах асабістыя матывы, каханне, сяброўства ўбіраюцца ў эмацыянальна-патэтычную форму. Развіваючыся ва ўмовах запаволенага росту буржуазных адносін, нямецкі сентыменталізм носіць дваісты характар. Гарачае ўзнясенне пачуцця, мяцежны пратэст і бунт асобы ўласцівы драматургам «Буры і націску» і часткова паэтам «Гётынгенскага гаю». Але шцюрмерскае сцвярджэнне мяцежнага запалу і ўсёпаглынальнага пачуцця, найлепшым выражэннем якога служыць «Пакуты маладога Вэртэра» Ё. -В. Гётэ, суіснуе з ідылічнай і слязлівай формай сентыменталізму, якая народжана нясмеласцю нямецкага бюргера, яго ваганнямі і няверай у сябе, што характэрна, напрыклад, для рамана І. М. Мілера «Зігварг», дзе антыфеадальны пратэст спалучаецца з пропаведдзю мяккасардэчнасці і пасіўнай летуценнасцю. У 60—80-я гады шырока распаўсюджваецца пераймальны раман з душэўна цудоўнымі і празмерна адчувальнымі героямі. Сугучным Л. Стэрну аказваецца толькі творчасць Жана Поля, у яго сентыментальна-гумарыстычных раманах адбываецца перакрыжаванне сатырычнага абвінавачвання, сцвярджэння эмоцыі і гумарыстычнае зняцце яе. Жан Поль — апошні сентыменталіст у Германіі, і ён жа разбуральнік сентыменталізму.
Да канца XVIII стагоддзя сентыменталізм вычарпаў сябе і змяніўся новымі літаратурнымі накірункамі.

У Расіі засваенне заходнееўрапейскай літаратуры сентыменталізму было актыўным творчым працэсам, цесна звязаным з рускімі культурна-гістарычнымі ўмовамі. Гістарычнай перадумовай развіцця сентыменталізму ў Расіі, як і ў Еўропе, была рэакцыя супраць асноў абсалютызму, аднак своеасаблівасць рускага сентыменталізму складалася першым чынам у тым, што ён меў пераважна дваранскі характар. Ідэя каштоўнасці асобы, якая з’явілася яшчэ з пятроўскіх часоў, паступова перайначылася: перавага аддавалася зараз здольнасці адчуваць. Ужо ў некаторых рускіх класіцыстаў (А. П. Сумарокаў) прыкметна ўзрасла цікавасць да асобаснага свету чалавека, яго інтымных перажыванняў. Адмова ад культу розуму і класіцысцкіх уяўленняў адбылася паступова, і храналагічныя рамкі рускага сентыменталізму даследчыкі вызначаюць па-рознаму. Так Г. М. Паспелаў адносіць узнікненне сентыменталізму да 1760-х гадоў (оды М. М. Хераскава); іншыя навукоўцы — да 1770-х гадоў, калі М. Н. Мураўёў свядома супрацьпаставіў свае вершы існуючай паэтычнай традыцыі. Канчаткова як самастойны накірунак сентыменталізм аформіўся ў 1790-я гады ў творчасці М. М. Карамзіна і І. І. Дзмітрыева, а таксама Ю. А. Няледзін-скага-Мялецкага, В. В. Капніста, М. А. Львова, В. Л. Пушкіна і інш.
У гэтыя гады выходзяць сентыменталісцкія перыядычныя выданні і альманахі Карамзіна («Маскоўскі часопіс», «Аглая») і Падшывалага («Прыемнае і карыснае правядзенне часу», «Чытанне для густу, розуму і пачуццяў»). Паказальныя назвы новага тыпу збораў твораў М. М. Карамзіна — «Мае забаўкі» і І. І. Дзмітрыева — «І мае забаўкі». Уяўленне аб пачуцці ў рускіх сентыменталістаў, як правіла, яшчэ рацыяналістычнае: розум, разумны сэнс нярэдка застаюцца пануючымі катэгорыямі.

У рэчышчы сентыменталізму развіваюцца асветніцкія ідэі, якія адзначыліся ў літаратуры рускага класіцызму; сувязь з ідэямі Асветніцтва выяўлялася па-рознаму. Некаторыя даследчыкі нават А. М. Радзішчава разглядаюць як прадстаўніка сентыменталізму. Фармаванню сентыменталізму садзейнічала развіццё ў 70—80-х гадах масомства з яго сканцэнтраванай увагай да самапазнання і маральнага самаўдасканалення; у лістах і творах Н. І. Новікава, А. М. Кутузава, В. П. Пятрова відавочная скіраванасць да «унутранага чалавека», яго душэўна-маральных пачаткаў («шукай ісціну ў самім сабе») [1, с. 763].

Да часу росквіту сентыменталізму ў Расіі былі добра вядомыя і перакладзеныя на рускую мову асноўныя творы С. Рычардсана,
Ж. -Ж. Русо, Л. Стэрна. Эстэтычная праграма рускага сентыменталізму найбольш поўна распрацаваная ў працах і артыкулах М. М. Карамзіна («Нешта аб навуках, мастацтвах і асвеце», «Што трэба аўтару? » і інш. ). Спробы стварэння сентыментальнай аповесці пачаліся на мяжы
1770—80-х гадоў (У. А. Ляўшын, Ф. А. Эмін і інш. ), але шырокае прызнанне атрымалі толькі аповесці М. М. Карамзіна (асабліва «Бедная Ліза», «Юлія», «Споведзь»). У іх упершыню ў рускай літаратуры зроблены сур’ёзныя спробы псіхалагічнага аналізу. У пачатку XIX стагоддзя да жанру пачуццёвай аповесці звяртаюцца А. Е. Ізмайлаў, Г. П. Каменеў; акрэсліваецца некалькі яе разнавіднасцей (бытавая, свецкая, гістарычная), якія паслужылі затым асновай для фармавання рэалістычнай аповесці. Папулярным становіцца таксама жанр вандравання (А. Е. Ізмайлаў, П. І. Макараў, П. П. Сумарокаў). «Лісты рускага вандроўніка» Карамзіна гэтак жа характэрныя для рускага сентыменталізму, як «Сентыментальнае вандраванне» Л. Стэрна для еўрапейскага. У адрозненне ад Л. Стэрна, шмат увагі М. М. Карамзін надаў апісанню рэальных фактаў, падзей і асоб, але ўсё ж асноўныя вартасці «Лістоў... » — выражэнне асобы самога аўтара, імкненне перадаць вонкавыя ўражанні скрозь прызму асабістага ўспрымання (ён зваў «Лісты... » «люстэркам сваёй душы»). Творчасць сентыменталістаў (асабліва М. М. Карамзіна), якія абмежавалі ўжыванне славянізмаў і шырока выкарыстоўвалі гутарковую мову адукаванага дваранства, з’явілася этапам у развіцці рускай літаратурнай мовы, і якія шмат у чым падрыхтавалі ўмовы для пісьменнікаў-рэалістаў.

Сентыменталісты аддавалі перавагу больш лёгкім паэтычным жанрам: пасланню, элегіі, ідыліі, байцы, мадрыгалу, а не одзе, пераадольваючы пры гэтым класіцысцкую жанравую іерархію. Байкі І. І. Дзімітрыева, паэзія якога доўга лічылася ўзорам вытанчанасці, лёгкасці і дасціпнасці, былі падобнымі часам на элегію, а часам на казку або сатыру. У лірыцы сентыменталістаў пераважалі тэмы сяброўства, кахання і прыроды, прадстаўленай, аднак, даволі аднатыпна. У пошуках сродкаў для выяўлення простага і шчырага пачуцця сентыменталісты звярталіся да айчыннага фальклору, збіралі народныя песні і пераймалі іх.


[1] Конан У. М., Мальдзіс А. І. Класіцызм у літаратуры // Энцыклапедыя лі­та­ра­туры і мас­­тацтва Беларусі: У 5 т. — Т. 3. — С. 66.

[2] Пульхритудова Е. М. Неоклассицизм // Литературный эн­цик­ло­пе­ди­че­ский сло­варь / Под общ. ред. В. М. Кожевникова, П. А. Николаева. — С. 243–244.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.