|
|||
2. Старажытны перыяд развіцця беларускай мовы (IX – першая палова XIII стагоддзяў).
У другой палове ІХ стагоддзя ўсходнія славяне ўтварылі феадальную дзяржаву Кіеўская Русь. Яна не была ні беларускаю, ні рускаю, ні ўкраінскаю дзяржавай, паколькі яшчэ не існавала асобных усходнеславянскіх народаў. Гэта была ўсходнеславянская феадальная дзяржава, якая складвалася з былых блізкіх славянскіх плямёнаў, пардстаўленая сходнеславянскай народнасцю. Паступова складвалася мова гэтай народнасці. Гэта была ні ўласна беларуская, ні ўласна руская, ні ўласна ўкраінская мова. У Кіеўскай Русі развіваліся эканамічныя, культурныя сувязі паміж асобнымі яе землямі. Аднак сувязі і зносіны паміж часткамі вялікай краіны не былі трывалымі і моцнымі. Таму разнастайныя дыялектныя асаблівасці ў тых умовах не маглі сцерціся. Пашырэнне феадальнай уласнасці на зямлю, развіццё рамяства і гандлю вялі да ўмацавання феадальных цэнтраў (Полацк, Ноўгарад, Суздаль і інш. ), а ўзвышэнне іх палітычнага і эканамічнага значэння прывяло да драблення Кіеўскай Русі на асобныя княствы. У другой палове ХІ – пачатку ХІІ стагоддзя Кіеўская Русь распалася, вялікі кіеўскі князь страціў уладу, якая пераходзіла ў рукі феадалаў асобных земляў, шматлікіх княстваў. Асаблівасцю гісторыі беларускай мовы старажытнага перыяду з’яўляецца тое, што яна складвалася паступова, шляхам насычэння мясцовымі моўнымі рысамі тэкстаў на агульнаўсходнеславянскай мове. Таму вывучэнне беларускай мовы прынята пачынаць з разгляду агульнаўсходнеславянскай мовы як зыходнага этапу ў гісторыі кожнай з усходнеславянскай моў. Мову пісьменства Кіеўскай Русі звычайна называюць старажытнарускай. З XIX ст. расійскія (а ўслед за імі і замежныя) вучоныя называлі гэтую мову проста рускай, тэрмін старажытнаруская мова для іх быў толькі больш грувасткім і таму рэдка ўжываным сінонімам. Доўгі час самастойнасць беларускай і ўкраінскай моў многімі вучонымі не прызнавалася, а руская мова Расіі лічылася агульнай (ці адзінай) мовай усіх усходніх славян. Зразумела, што такое выкарыстанне вяло да неадназначнасці, і тэрмін старажытнаруская мова для многіх навукоўцаў пазначаў проста старажытны этап развіцця рускай мовы. Карыстаючыся тэрмінам старажытнаруская мова, трэба памятаць, што ў гэтым тэрміне слова рускі ўжываецца ў іншым сэнсе, чым мы яго ўжываем цяпер (г. зн. вялікарускі). У старажытнарускую эпоху не было яшчэ ні рускіх–вялікарусаў, ні ўкраінцаў, ні беларусаў. У тэрміне старажытнаруская мова слова рускі ўтвараецца ад слова Русь, якім называлі сябе і сваю зямлю і продкі ўласна рускіх (вялікаросаў), і продкі ўкраінцаў і беларусаў. Большасць даследчыкаў лічыць, што ў Старажытнай Русі існавала літаратурнае двухмоўе, прадстаўленае: 1. Царкоўнаславянскай (кніжна-славянскай) мовай (мова богаслужэбнай і блізкай да яе літаратуры), якая грунтавалася на стараславянскай мове. 2. Народна-літаратурнай мовай (размоўнай, свецка-мастацкай і дзелавой мовай), якая бытавала на аснове жывой гутарковай мове народа. Гэтыя мовы былі ўзаемазвязаны, але выкарыстоўваліся ў розных сферах і выконвалі розныя функцыі: царкоўнаславянская абслугоўвала патрэбы, звязаныя з хрысціянскім светапоглядам, народна-літаратурная была сродкам зносін паміж людзьмі для свецкіх (бытавых) патрэб. У канцы Х ст. на беларускія землі прыйшло хрысціянства, разам з ім і пісьменнасць на царкоўнаславянскай мове – першай літаратурна-пісьмовай мове ўсходніхславян. На гэты час яшчэне было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі былі рукапісныя. (Буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці на Беларусі - Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр). Царкоўнаславянскай мовай карысталіся не толькі пры перапісванні свяшчэнных тэкстаў і перакладаў гістарычных твораў (“Александрыя”, Хроніка Грыгорыя Амартала”), але і для стварэння арыгінальных твораў рэлігійнага зместу: · жыціі святых; · казанні, павучанні, словы, малітвыепіскапа Кірылы Тураўскага. Шырокую вядомасць знакамітаму пісьменніку і прамоўцы прынеслі яго “словы”, прысвечаныя розным біблейскім сюжэтам. Такога роду творы прызначаліся для казанняў у царкве ў прысутнасці народа. Чыталіся яны ва ўрачыстых абставінах, чым стваралі атмасферу прыўзнятасці; · словы-прамовы царкоўнага дзеяча, філосафа Іаана Златавуста; · пісьмовая спадчына пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраамій Смаленскага. Іх дзейнасць прыпадае на XII пачатак XIII стагоддзяў, калі на зямлі крывічоў ішоў працэс фарміравання будучай беларускай народнасці. З яе лексікі ў пісьмовыя творы Клімента Смаляціча і яго вучня Аўраамія Смаленскага трапіла шмат беларускіх слоў. Асаблівай увагі заслугоўвае культурна-асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай (заснавалажаночы і мужчынскі манастыры і царкву ў Полацку, скрыпторыі –майстэрні, у якіх перапісваліся свяшчэнныя кнігі; па яе загаду майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў створаны надзвычайнай прыгажосці крыж, надпіс на якім зроблены таксама на царкоўнаславянскай мове). Перакладная, гістарычная і арыгінальная літаратура стваралася на царкоўнаславянскай мове. Аднак кніжнікі былі дзецьмі свайго часу і таму ў іх творы нярэдка траплялі ўсходнеславянскія (гутарковыя) элементы. Мова кніжна-славянскай пісьменнасці аказала ўплыў на іншыя стылі Старажытнай Русі, у першую чаргу – на народна-літаратурную (гутарковую) мову. Вялікае значэнне ў эпоху Кіеўскай Русі мела летапісанне, якое грунтавалася на гістарычных паданнях, на паэтычным асэнсаванні народам сваёй гераічнай мінуўшчыны і на дакументальных запісах сучаснікаў пра найбольш значныя гістарычныя падзеі. Ужо ў XI ст. гэтыя розныя матэрыялы аб'ядноўваліся ў летапісныя зводы, асобныя літаратурныя помнікі, якія захаваліся ў больш позніх гістарычных кампіляцыях (Старажытнейшы Кіеўскі звод”. У пачатку XII ст. манахам Кіева-Пячорскага манастыра Нестарам быў складзены выдатны помнік старажытнарускага летапісання “Аповесць мінулых гадоў” (“Повесть временных лет”). “Аповесць мінулых гадоў” – выдатны помнік усходнеславянскай старажытнарускай літаратуры, каштоўная крыніца нашых ведаў пра жыццё продкаў рускага, беларускага і ўкраінскага народаў, іх гістарычную мінуўшчыну. У гэтым творы шырока адлюстравана напружаная, гераічная барацьба ўсходніх славян супраць качэўнікаў і Візантыйскай імперыі за сваю незалежнасць, гісторыя станаўлення хрысціянства на Русі, сацыяльная і рэлігійная барацьба ў Кіеўскай дзяржаве і інш. У гэтым зводзе захаваліся таксама унікальныя звесткі па гісторыі розных усходнеславянскіх гарадоў і зямель. У тым ліку Полацка і Полацкай зямлі, пра першых полацкіх князёў Рагвалода і яго дачку Рагнеду, Брачыслава і яго сына Усяслава Чарадзея, апетага ў «Слове пра паход Ігаравы». На старажытнай усходнеславянскай мове напісаны шматлікія гандлёвыя дагаворы, граматы, грашовыя разлікі, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры (пра гэта сведчаць археалагічныя раскопкі): “Руская праўда” (тагачасны звод законаў), наўгародскія берасцяныя граматы, копіі дагавораў Алега з грэкамі, “Мсціславава грамата” і інш. Мова, адлюстраваная ў дзелавых дакументах, заснавана на жывой народнай мове, паколькі такога роду літаратура выклікана да жыцця практычнымі патрэбамі і сама спецыфіка дзелавога дакумента, яго змест (бытавое жыццё народа) прымушае звярнуцца да жывой гаворкі. На старажытнаўсходнеславянскай мове напісана “Слова аб палку Ігаравым, Ігара, сына Святаслаўлева, унука Алегава” (пераклад Янкі Купалы) - адзін з найбольш значных літаратурных помнікаў Еўропы XІІ стагоддзя, які адлюстроўвае сапраўдныя гістарычныя падзеі і не мае роўных па сваёй ідэйнай накіраванасці і сіле патрыятычнага пачуцця твор літаратурнага паходжання. У перыяд Старажытнай Русі з’явілася шмат розных твораў, якія амаль у аднолькавай ступені належаць да духоўнай спадчыны як беларускага, так і ўкраінскага і рускага народаў. Найлепшыя з іх распаўсюджваліся па ўсіх усходнеславянскіх землях і былі ў асноўным зразумелыя для насельнікаў кожнай з іх. Такім чынам, да ХІІІ ст. існавала адносна адзіная пісьмовая мова ўсходніх славян (царкоўнаславянская), аднак гаварылі продкі рускіх, беларусаў і ўкраінцаў па-рознаму (народна-літаратурная ўсходнеславянская мова). Ужо ў гэты час у пісьмовай мове ўсходніх славян вылучаецца як мінімум тры стылі: справавы, царкоўна-кніжны і свецка-літаратурны (дзе гаворка бытавая часцей выкарыстоўваліся ўсходнеславянскія моўныя элементы, а дзе ўрачысты тон – стараславянскія моўныя сродкі, помнікі дзелавой пісьменнасці амаль не ведаюць уплыву стараславянскай мовы).
|
|||
|