Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Станіслаў Лем 7 страница



- Кельвiн! - зноў перапынiў мяне Снаўт.

Мяне здзiвiла, што толькi ён быў незадаволены маiмi неабачлiвымi словамi. Здавалася, Сарторыус iх не баiцца. Магчыма, яго " госць" па сваёй сутнасцi не такi кемлiвы, як " госць" Снаўта. На секунду ў маiм уяўленнi паўстаў нейкi карлiкавы крэтын, якi неадступна следаваў за доктарам Сарторыусам.

- Так, i мы гэта заўважылi, - пачаў Сарторыус. - Цяпер што да матываў з'яўлення ўтварэнняў Ф... Першая найбольш верагодная думка - на нас праводзяць эксперымент. Аднак хутчэй за ўсё гэта быў бы варты жалю эксперымент. Калi мы ставiм дослед, то вучымся на вынiках, перш за ўсё на памылках, i пры паўтарэннi доследу ўносiм у яго папраўкi... У нашым выпадку пра гэта не можа быць i гаворкi. Тыя ж самыя ўтварэннi Ф з'яўляюцца нанава... нескарэктаваныя... не ўзброеныя нiчым дадаткова супраць... нашых спроб пазбавiцца ад iх...

- Словам, тут няма функцыянальнай пятлi дзеяння з карэгiраванай зваротнай сувяззю, як назваў бы гэта доктар Снаўт, - адзначыў я. - I што з гэтага вынiкае?

- Толькi адно: калi лiчыць тое, што адбываецца, эксперыментам, то гэта не эксперымент, а... халтура, што, аднак, непраўдападобна. Акiян... дакладны. Гэта выяўляецца хоць бы ў двухслойнай канструкцыi ўтварэнняў Ф. Да пэўнай мяжы яны паводзяць сябе так, як паводзiлi б сябе... сапраўдныя... сапраўдныя...

Ён змоўк.

- Арыгiналы, - хутка падказаў яму Снаўт.

- Так, арыгiналы. Аднак калi сiтуацыя перавышае нармальныя здольнасцi пасрэднага... э... арыгiнала, настунае нiбыта " выключэнне свядомасцi" ўтварэння Ф, i адразу ж праяўляюцца iншыя дзеяннi, нечалавечыя...

- Гэта праўда, - сказаў я, - але такiм чынам мы толькi складаем каталог паводзiн гэтых... гэтых утварэнняў, i больш нiчога. А гэта бязглуздзiца.

- Я не ўпэўнены, - запратэставаў Сарторыус.

Тут я зразумеў, чым ён мяне так нервуе: ён не проста гаварыў, а казаў прамову, як на пасяджэннi Iнстытута.

Вiдаць, размаўляць iнакш ён не ўмеў.

- Тут узнiкае праблема iндывiдуальнасцi. Акiян цалкам пазбаўлены гэтага паняцця. Так i павiнна быць. Мне здаецца, шаноўныя калегi, што гэты... э... далiкатны, непрыемны для нас бок эксперымента не мае нiякага значэння для Акiяна, ён - за межамi яго разумення.

- Вы лiчыце, што гэта незнарок?.. - спытаўся я.

Яго сцверджанне крыху ашаламiла мяне, але, падумаўшы, я вырашыў, што такi пункт погляду нельга браць пад увагу.

- Так. Я не веру нi ў вераломства, нi ў зласлiвасць, нi ў жаданне нанесцi ўдар у сама балючае месца, як лiчыць калега Снаўт.

- Я зусiм не прыпiсваю Акiяну чалавечых пачуццяў, - упершыню ўзяў слова Снаўт, - але мо ты скажаш, як вытлумачыць гэтыя пастаянныя вяртаннi?

- Магчыма, уключана нейае прыстасаванне, якое ўсё круцiцца i круцiцца, як кружэлка, - прамовiў я, iмкнучыся зачапiць Сарторыуса.

- Не будзем адхiляцца, калегi, - гугнявым голасам заявiў доктар. - Гэта не ўсё, што я хацеў вам паведамiць. У звычайных умовах я лiчыў бы складанне нават кароткага паведамлення пра стан маёй працы дачасным, але з улiкам спецыфiчных умоў я раблю выключэнне. У мяне такое ўражанне, толькi ўражанне, не болей, што ў меркаваннях калегi Кельвiна ёсць рацыянальнае зерне. Я маю на ўвазе яго гiпотэзу пра нейтрынную структуру... такiя сiстэмы мы ведаем толькi тэарэтычна, нам невядома, цi можна i' стабiлiзаваць. Тут з'яўляецца пэўны шанц, бо знiшчэнне сiлавога поля, якое надае стабiльнасць сiстэме...

Я заўважыў, як цёмны прадмет, якi засланяў экран з боку Сарторыуса, адсоўваецца: з самага верху блiснула шчылiна, i можна было ўбачыць, што там паволi шавялiлася штосьцi ружовае. I раптам цёмная перагародка ўпала.

- Прэч! Прэч!!! - пачуўся ў трубцы адчайны крык Сарторыуса.

На раптоўна асветленым экране мiльганулi рукi доктара ў шырокiх лабараторных нарукаўнiках i вялiкi, залацiсты, падобны на дыск прадмет, усё гэта знiкла раней, чым я зразумеў, што залацiсты круг - гэта саламяны капялюш...

- Снаўт? - паклiкаў я, глыбока ўздыхнуўшы.

- Слухаю, Кельвiн, - стомлена азваўся кiбернетык.

Раптам я адчуў, што Снаўт мне вельмi падабаецца. Я на самай справе не хацеў бы ведаць, хто ў яго " ў гасцях".

- Гэтага, вiдаць, досыць, га?

- Думаю, дастаткова, - згадзiўся я. - Паслухай, калi будзеш мець мажлiвасць, зазiрнi ўнiз або да мяне ў кабiну, добра? - спешна дадаў я, пакуль ён не паклаў трубкi.

- Згода, - адказаў Снаўт. - Толькi не ведаю калi.

На гэтым праблемная дыскусiя скончылася.

ПАЧВАРЫ

Пасярод ночы мяне разбудзiла святло. Я абапёрся на локаць, засланяючы другой рукой вочы. Хэры, захiнутая ў прасцiну, скурчылася i сядзела ў нагах ложка, валасы засыпалi яе твар. Плечы ўздрыгвалi. Хэры бязгучна плакала.

- Хэры!

Яна скурчылася яшчэ больш.

- Што з табой?.. Хэры...

Я сеў, яшчэ не зусiм прачнуўшыся, паступова выбаўляючыся з кашмару, якi душыў мяне хвiлiну таму.

- Каханая.

- Не кажы так.

- А што здарылася, Хэры?

Я ўбачыў яе мокры скрыўлены твар. Буйныя дзiцячыя слёзы цяклi па шчоках, блiшчалi ў ямачцы на падбародку, капалi на прасцiну.

- Я не патрэбная табе.

- Што ты гаворыш, Хэры!

- Я сама чула.

Я адчуў, як камянее мой твар.

- Што чула? Ты нiчога не зразумела, проста я...

- Не. Не. Ты гаварыў, што гэта не я. Каб я iшла. Я пайшла б. Божухна! Я пайшла б, але не магу. Не ведаю, што са мной. Я хацела пайсцi, але не мела сiлы. Я такая, такая дрэнь!

- Маленькая!!!

Я схапiў яе, з усяе моцы прыцiснуў да сябе, я цалаваў яе рукi, яе мокрыя i салёныя ад слёз пальцы, паўтараў нейкiя закляццi, клятвы, прасiў прабачэння, гаварыў, што гэта быў дурны, бязладны сон. Пакрысе Хэры супакойвалася. Перастала плакаць. Яе вочы сталi вялiкiя, як у лунацiка. Слёзы высахлi. Яна адвярнулася.

- Не, - сказала яна, - не кажы мне гэтага, не трэба. Ты для мяне не такi самы, як раней.

- Я не такi?! - з енкам вырвалася ў мяне.

- Так. Ты не хочаш мяне. Я ўвесь час гэта адчувала. Толькi прытваралася, што не заўважаю. Думала, мо гэта мне здаецца. Але не, не здаецца. Ты паводзiш сябе... iначай. Не прымаеш мяне ўсур'ёз. Табе прыснiўся сон, але гэта я табе прыснiлася. Ты называў маё iмя. Табе было гiдка. Чаму? Чаму?!

Я ўкленчыў перад ёю, абняў яе каленi.

- Маленькая...

- Я не хачу, каб ты называў мяне так. Не хачу, чуеш? Я не маленькая. Я...

Хэры расплакалася, уткнуўшыся тварам у пасцель. Я ўстаў. З вентыляцыйных адтулiн з цiхiм фырканнем iшло халоднае паветра. Мне стала халаднавата. Я накiнуў купальны халат, сеў побач з Хэры i дакрануўся да яе рукi.

- Паслухай, Хэры. Я табе нешта скажу. Скажу табе праўду...

Яна паволi паднялася, абапiраючыся на рукi. Я бачыў, як пад тонкай скурай у яе на шыi пульсуе жылка. Мой твар зноў камянеў. Мяне працiнаў холад. У галаве было пуста.

- Праўду? - перапытала Хэры. - Слова гонару? Святое слова?

Я адказаў не адразу, да горла падкацiўся камяк. Бо гэта была наша даўняя клятва. Пасля яе нiхто з нас не мог не тое што схлусiць, але нават змаўчаць пра што-небудзь. Некалi мы муштравалi адно аднаго празмернай шчырасцю, наiўна шукалi ў ёй выратавання.

- Святое слова гонару, - сур'ёзна прамовiў я. - Хэры...

Яна чакала.

- Ты таксама змянiлася. Усе мяняюцца. Але я не тое хацеў сказаць. Сапраўды, ты не можаш без мяне. Чаму - мы пакуль што не ведаем... Але гэта нават лепш, бо я таксама не магу без цябе...

- Крыс!

Я падняў Хэры разам з прасцiной, у якую яна захiнулася. Ражок прасцiны, мокры ад слёз, упаў мне на плечы. Я хадзiў па пакоi, гушкаючы Хэры. Яна пагладзiла мой твар.

- Не, ты не змянiўся. Гэта я, - шапнула яна мне на вуха. - Са мной штосьцi адбываецца. Мо справа ў гэтым?

Яна пазiрала ў чорны пусты прамавугольнiк, якi застаўся ад разбiтых дзвярэй, бо iх абломкi я вынес вечарам на склад. Трэба будзе, падумаў я, павесiць новыя. Я пасадзiў Хэры на ложак.

- А ты наогул спiш? - Я стаяў над ёю з апушчанымi рукамi.

- Не ведаю.

- Як не ведаеш? Падумай, каханая.

- Бадай што сплю, але гэта не сапраўдны сон. Мо я хворая. Я проста ляжу i думаю, i ведаеш...

Хэры здрыганулася.

- Што? - спытаўся я шэптам, бо баяўся, што мне здрадзiць голас.

- У мяне вельмi дзiўныя думкi. Не ведаю, адкуль яны бяруцца.

- Напрыклад?

Трэба быць спакойным, думаў я, што б яна нi сказала. Да яе слоў я падрыхтаваўся, як да моцнага ўдару. Хэры бездапаможна пакiвала галавой:

- Усё нейкае такое... навокал...

- Не разумею.

- Як быццам не толькi ўва мне, але i далей, неяк так... Я не магу расказаць. Не хапае слоў...

- Напэўна, табе гэта снiцца, - нiбы мiмаходзь зазначыў я. Мне стала лягчэй дыхаць. - А зараз давай патушым святло, i да ранiцы ў нас не будзе нiякiх згрызот, а ранкам, калi вельмi захочацца, прыдумаем сабе новыя, добра?

Яна працягнула руку да выключальнiка. Стала цёмна, я ўлёгся ў выстылую пасцель i адчуў цяпло яе дыхання. Я абняў Хэры.

- Мацней, - прашаптала яна. I пасля доўгай паўзы: - Крыс!

- Што?

- Я кахаю цябе.

Мне захацелася закрычаць.

Ранак быў чырвоны. Пачырванелы сонечны дыск вiсеў нiзка над гарызонтам. На парозе ляжала пiсьмо. Я разарваў капэрту. Хэры была ў душавой, я чуў, як яна мармыча нейкую мелодыю. Час ад часу яна высоўвалася адтуль, пазiраючы на мяне праз мокрыя валасы. Я падышоў да iлюмiнатара i пачаў чытаць:

" Кельвiн, справы дрэнь. Сарторыус выступае за рашучыя меры. Ён спадзяецца, што яму ўдасца дэстабiлiзаваць нейтрынныя сiстэмы. Для доследаў яму патрэбна крышку плазмы як зыходнага будаўнiчага матэрыялу ўтварэнняў Ф. Ён прапануе табе пайсцi ў разведку i здабыць трохi плазмы. Ты рабi што хочаш, але паведамi мне пра сваё рашэнне. А ў мяне ўжо сваёй думкi няма. Бадай, нiчога ўжо няма. Я хачу, каб ты гэта зрабiў, хоць бы таму, што мы зрушымся з мёртвага пункту, няхай сабе i фармальна. Iнакш застаецца толькi зайздросцiць Г.

Мышаня.

Р. S. Не ўваходзь у памяшканне радыёстанцыi. Гэта ўсё, што ты для мяне яшчэ можаш зрабiць. Лепей пазванi".

Маё сэрца калацiлася, калi я чытаў гэты лiст. Уважлiва перачытаў яго яшчэ раз, парваў паперыну i выкiнуў кавалкi ў ракавiну. Пасля пачаў шукаць камбiнезон для Хэры. Гэта было страшна. Якраз так, як мiнулым разам. Але Хэры нiчога не ведала, iнакш яна не ўзрадавалася б, калi я сказаў, што мне трэба выбрацца ў кароткую разведку за межы Станцыi i я прашу яе суправаджаць мяне. Мы паснедалi на маленькай кухнi (Хэры зноў амаль нiчога не ела) i пайшлi ў бiблiятэку.

Перш чым выканаць даручэнне Сарторыуса, я хацеў пагартаць лiтаратуру па пытаннях поля i нейтрынных сiстэм. Я не ўяўляў нават, як мне гэта ўдасца, але вырашыў кантраляваць яго работу. Я падумаў, што не iснуючы пакуль што нейтрынны ангiлятар мог бы вызвалiць Снаўта i Сарторыуса, а я перачакаў бы разам з Хэры " аперацыю" дзе-небудзь звонку - у лятаючым апараце, напрыклад. Я даволi доўга сядзеў над тоўстым электронным каталогам, якi ў адказ на мае пытаннi альбо выкiдваў мне картку з лаканiчным надпiсам " у бiблiяграфii адсутнiчае", альбо прапаноўваў залезцi ў такi нерат спецыяльных фiзiчных прац, што я не ведаў, як да iх падступiцца. Мне не хацелася пакiдаць вялiкае круглае памяшканне з гладкiмi сценамi, у якiх знаходзiлiся скрыначкi, што высоўвалiся, з вялiкай колькасцю мiкрафiльмаў i электронных запiсаў. Размешчаная ў самым цэнтры Станцыi, без анiякiх iлюмiнатараў, бiблiятэка была сама iзаляваным памяшканнем у стальной шкарлупiне. Мо таму мне было тут так добра, пошукi мае нiчога не давалi. Я блукаў па вялiкай зале, пакуль не спынiўся ля вялiзнай, да самай столi, кнiжнай шафы. Гэта была не столькi раскоша (зрэшты, даволi сумнiцельная), колькi сiмвал памяцi, данiна павагi пiянерам салярыстычных даследаванняў: палiцы, на якiх стаяла каля шасцiсот тамоў, утрымлiвалi ўсю класiчную лiтаратуру па прадмеце, пачынаючы з манументальнай, хоць у значнай ступенi i састарэлай, дзевяцiтомнай манаграфii Гiзэ. Я даставаў гэтыя цяжкiя тамы i лянiва гартаў iх, прысеўшы на ручку крэсла. Хэры таксама знайшла сабе нейкую кнiжку - я прачытаў некалькi радкоў цераз яе плячо. Гэта была адна з тых кнiжак, што засталiся ад першай экспедыцыi, здаецца, ад самога Гiзэ " Мiжпланетны кухар"... Назiраючы, як уважлiва вывучае Хэры кулiнарныя рэцэпты, прыстасаваныя да суровых касмiчных умоў, я моўчкi вярнуўся да старога фалiянта, якi ляжаў на маiх каленях. Манаграфiя Гiзэ " Дзесяць гадоў вывучэння планеты Салярыс" з'явiлася ў серыi " Працы па салярыстыцы" ў выпусках з чацвёртага па трыццаты, а зараз чарговыя выпускi серыi маюць чатырохзначны нумар.

Гiзэ меў не надта спрытны розум, але спрытны розум можа толькi нашкодзiць вывучэнню планеты Салярыс. Бадай, нiдзе ўяўленне i здольнасць хутка ствараць гiпотэзы не становяцца гэткiмi згубнымi, як тут. У рэшце рэшт, на гэтай планеце магчыма ўсё. Неверагодныя апiсаннi плазматычных " узораў" хутчэй за ўсё адпавядаюць сапраўднасцi, хоць праверыць iх звычайна немагчыма, бо Акiян вельмi рэдка паўтараецца. Назiральнiка, якi ўпершыню сутыкнуўся з акiянiчнымi з'явамi, здзiўляе iх велiзарны памер i цалкам адсутны на Зямлi характар. Калi б гэта адбывалася ў маленькай лужыне, усе вырашылi б, што тут звычайная " гульня прыроды", яшчэ адна праява выпадковасцi i сляпога ўзаемадзеяння сiл. Перад незлiчонай разнастайнасцю салярысных формаў аднолькава бездапаможныя i пасрэднасць, i генiй. Гiзэ не адносiўся нi да тых, нi да iншых. Ён проста быў класiфiкатарам-педантам, з гатунку тых, хто пад знешняй абыякавасцю хавае ўсёпаглынальную, невыкараняльную працавiтасць. Гiзэ спрабаваў усё апiсваць, а калi яму не хапала слоў, прыдумляў новыя, часта няўдалыя, не адпаведныя сутнасцi з'явы. Зрэшты, нiводзiн тэрмiн не перадае сутнасцi таго, што адбываецца на планеце Салярыс. Яго " горадрэвы", яго " даўгуны", " грыбавiкi", " мiмоiды", " сiметрыяды" i " асiметрыяды", " хрыбетнiкi" i " мiгценнiкi" гучаць вельмi ненатуральна, але ўсё-ткi даюць хоць нейкае ўяўленне пра Салярыс нават тым, хто не бачыў нiчога, акрамя невыразных фотаздымкаў i надта недасканалых фiльмаў. Вядома, гэты добрасумленны класiфiкатар часам не ўтрымлiваўся ў строгiх рамках класiфiкацый. Чалавек заўсёды прапануе гiпотэзы, нават калi не iмкнецца да гэтага, нават несвядома. Гiзэ лiчыў, што " даўгуны" ўяўляюць зыходную форму, i супастаўляў яе са шматразова павялiчанымi i нагрувашчанымi ў некалькi ярусаў прылiўнымi хвалямi зямных мораў. Той, хто знаёмы з першым выданнем яго працы, памятае, што спачатку Гiзэ называў гэтую форму менавiта " прылiвамi", пад уплывам геацэнтрызму. З такога азначэння можна было б пасмяяцца, калi б яно не сведчыла пра бездапаможнасць даследнiка. Гэтыя ж утварэннi па сваiх памерах пераўзыходзяць - калi ўжо шукаць зямныя параўнаннi - Вялiкi каньён Каларада, да таго ж iх верхнi слой - пенiста-сцюдзянiсты (пена застывае вялiзнымi крохкiмi фестонамi, велiзарнымi карункамi - частка даследнiкаў палiчыла iх " шкiлетападобнымi нарастамi" ), а слаi, што ляжаць нiжэй, становяцца ўсё больш пругкiмi, нiбы мускул, якi скарацiўся, i мускул гэты на глыбiнi паўтара дзесяткаў метраў - больш цвёрды, чым камень, але пругкасцi не губляе. Мiж сцен, паверхня якiх нагадвае скуру на спiне нейкай пачвары i ўся пакрытая прылiплымi да яе " шкiлетамi", на цэлыя кiламетры разлёгся сам " даўгун", знешне самастойнае ўтварэнне, якое падобна на вялiзнага пiтона. Здаецца, нiбыта пiтон цалкам праглынуў некалькi гор i моўчкi пераварвае iх, час ад часу ўздрыгваючы. Але такi выгляд " даўгун" мае толькi зверху, з лятаючага апарата. Калi ж апусцiцца на некалькi соцень метраў, амаль на самае дно " цяснiны", то бачна, што пiтон - гэта паласа, якая працягнулася аж да самага гарызонту, дзе плазма рухаецца з неверагоднай хуткасцю, у вынiку чаго i ўзнiкае ўражанне застылага цылiндра. Спачатку лiчыш гэты рух за кручэнне па кругу слiзiстай шэра-зялёнай масы, якая блiшчыць на сонцы, але ля самай паверхнi (адкуль берагi " цяснiны", дзе супакоiўся " даўгун", здаюцца чорнымi хрыбтамi) заўважаеш, што маса рухаецца па значна больш складаным прынцыпе. Тут ёсць i канцэнтрычныя акружнасцi, i перакрыжаваныя цячэннi больш цёмных струменяў, i люстраныя ўчасткi верхняга слоя, якiя адлюстроўваюць неба i хмары. Часам на гэтых участках грымяць вывяржэннi змешанага з газамi паўвадкага асяроддзя. Паступова разумееш, што проста перад табой - цэнтр дзеяння сiлы, якая падтрымлiвае сцюдзянiстыя сцены, што ўзнялiся ў неба i лянiва застываюць, ператвараючыся ў крышталi. Але тое, што вiдавочна для назiральнiка, не надта паддаецца навуцы. Колькi гадоў доўжылiся непрымiрымыя спрэчкi з нагоды таго, што адбываецца ў " даўгунах", мiльёны якiх плаваюць у бязмежных прасторах жывога Акiяна. Iх лiчылi нейкiмi органамi, лiчылi, што ў iх адбываецца абмен рэчываў, працэсы дыхання i пераварвання ежы i нешта там яшчэ, аб чым памятаюць зараз толькi запыленыя бiблiятэчныя палiцы. Кожная з гэтых гiпотэз была ў рэшце рэшт абвергнута тысячамi цяжкiх, часам небяспечных доследаў. А справа ж толькi пра " даўгуны", пра форму, якая па сутнасцi прасцейшая, найбольш устойлiвая (iх iснаванне доўжыцца некалькi тыдняў - што на планеце Салярыс наогул з'яўляецца выключэннем).

Больш складаная i капрызная форма, якая выклiкае сама рашучы пратэст (вядома, несвядомы) - гэта " мiмоiды". Iх без перабольшання можна назваць любiмай формай Гiзэ. Да сваiх апошнiх дзён вывучаў ён i апiсваў мiмоiды, спрабуючы адгадаць iх сутнасць. У назве Гiзэ спрабаваў перадаць iх сама дзiўную, з чалавечага пункту погляду, уласцiвасць: пэўную схiльнасць быць падобнымi на навакольныя формы, незалежна ад таго, дзе гэтыя формы размешчаны - блiзка або далёка.

I вось надыходзiць дзень, калi ў глыбiнi Акiяна пачынае арганiзоўвацца пляскаты шырокi круг з няроўнымi берагамi i чорнай як смоль паверхняй. Праз некалькi гадзiн на iм можна ўжо адрознiць асобныя сегменты, ён дзелiцца i адначасова прабiваецца ўсё блiжэй i блiжэй да паверхнi. Назiральнiк мог бы прысягнуць, што там iдзе шалёная барацьба: сюды з усiх бакоў збягаюцца бясконцыя шэрагi кругавых хваляў, што нагадваюць прагныя раты, жывыя кратэры, якiя могуць вось-вось стулiцца; хвалi ўздыблiваюцца над расплывiста цёмным углыбiнi прывiдам i, становячыся на дыбкi, кiдаюцца ўнiз. Кожны такi абвал тысячатонных грамадзiн суправаджаецца хлюпаннем, якое доўжыцца цэлыя секунды i падобнае на грымоты, - маштабы таго, што адбываецца, неверагодныя. Цёмнае ўтварэнне спаўзае ўнiз; чарговы ўдар, здаецца, вось-вось расплюшчыць i пашчапае яго; сегменты дыска вiсяць, як мокрыя крылы, ад iх адрываюцца даўгаватыя гронкi, выцягваюцца ў доўгiя пацеркi, злiваюцца адна з адной, цягнучы за сабой i дыск, якi iх утварыў, а тым часам зверху ў гэты ўсё больш выразны круг трапляюць новыя i новыя хвалi. Гэта доўжыцца часам дзень, а часам - месяц. Часта ўсё на гэтым i канчаецца. Добрасумленны Гiзэ назваў гэты варыянт " няспелым мiмоiдам", нiбыта ён аднекуль даведаўся, што канчатковая мэта кожнага такога катаклiзму - " спелы мiмоiд", гэта значыць тая калонiя падобных на палiпы бляклых нарастаў (яна звычайна нават большая за цэлы зямны горад), прызначэнне якiх - перадражнiваць знешнiя формы. Вядома, знайшоўся другi салярыст, Юйвенс, якi прызнаў менавiта гэтую, апошнюю фазу, самалiквiдацыяй, адмiраннем, а новыя формы - несумненнай адзнакай вызвалення " парасткаў" ад уздзеяння зыходнага ўтварэння.

Калi Гiзэ апiсвае ўсе iншыя салярысныя праявы, ён нагадвае мураша, якi апынуўся на замёрзлым вадаспадзе: ён не адхiляецца, не абагульняе, а карпатлiва збiрае i суха выкладае сама драбнюткiя дэталi. Але ён такi ўпэўнены ў сабе, калi гаворыць пра мiмоiды, i так захапляецца, што спалучае асобныя фазы з'яўлення мiмоiда ў залежнасцi ад усё большай дасканаласцi.

Калi глядзець на мiмоiд зверху, ён нагадвае горад, але гэта толькi iлюзiя, якая выклiкана пошукамi хоць нейкай аналогii. Калi неба бязвоблачнае, усе шматпавярховыя вырасты i частаколы на iх вяршынях апяразваюць слой нагрэтага паветра, у вынiку чаго формы, якiя i так цяжка вызначыць, хiстаюцца i раствараюцца. Першая ж аблачынка ў нябесным блакiце (я кажу гэта па зямной звычцы, бо " блакiт" пад час чырвонага дня - рыжы, а пад час блакiтнага асляпляльна белы) адразу ж знаходзiць водгук. Пачынаецца iмклiвае размнажэнне пупышак. Угору iмкнецца абалонка, якая амаль цалкам аддзялiлася ад асновы, цякучая, падобная на гронку. Яна адразу ж блякне i праз некалькi хвiлiн становiцца надзвычай падобная на кучавое воблака. Вялiзны аб'ект дае чырванаваты цень, адны вяршынi мiмоiда нiбыта перадаюць яго iншым у кiрунку, супрацьлеглым руху сапраўднай хмары. Мне здаецца, Гiзэ даў бы адсекчы руку, каб даведацца хоць адно: чаму так адбываецца. Але такiя " адзiночныя" ўтварэннi мiмоiда - гэта дробязь у параўнаннi з бурнай дзейнасцю, якую ён распачынае, калi яго " раздражняе" наяўнасць прадметаў i формаў, якiя з'яўляюцца над iм па вiне прышэльцаў з Зямлi.

Мiмоiд iмiтуе лiтаральна ўсё, што знаходзiцца на адлегласцi не больш за восем-дзевяць мiль. Звычайна мiмоiд пад час iмiтацыi павялiчвае, а часам скажае форму, утвараючы карыкатуры альбо забаўныя спрашчэннi, асаблiва калi ён " мае справу" з механiзмамi. Зразумела, што матэрыялам заўсёды з'яўляеца адна i тая ж маса, якая хутка блякне i, выкiнутая ў паветра, не падае назад, а завiсае, спалучаная пупавiнамi, якiя хутка рвуцца, з асновай; па аснове яна i паўзе, то сцiскаючыся, то набухаючы i раздуваючыся, i тады непрыкметна з'яўляюцца неверагодна складаныя ўзоры. Лятальны апарат, рашоткавая ферма або мачта паўтараюцца з аднолькавай iмклiвасцю; мiмоiд не рэагуе толькi на людзей, а дакладней, на жывыя арганiзмы, у тым лiку i на раслiны - дзеля эксперымента нястомныя даследнiкi нават раслiны прывезлi на Салярыс. Затое муляжы напрыклад, чалавека, сабакi або дрэва, - зробленыя з любога матэрыялу, капiруюцца адразу ж.

I тут, на жаль, трэба зазначыць, што такое выключнае на Салярыс " паслушэнства" мiмоiда эксперыментатарам назiраецца не заўсёды. У сама свядомага мiмоiда надараюцца " лянiвыя днi", калi ён толькi вельмi марудна пульсуе. Кожная фаза " пульсу" доўжыцца больш за дзве гадзiны, таму пульсацыя адбываецца непрыкметна. Выявiць яе ўдалося толькi з дапамогай спецыяльных кiназдымкаў.

У гэты час мiмоiд, асаблiва стары, вельмi прыдатны для шпацыру: надзейнай апорай служаць i дыск, якi плавае ў Акiяне, i нарасты, якiя ўзвышаюцца над iм.

Вядома, можна знаходзiцца на мiмоiдзе i ў яго " працоўныя" днi, але тады бачнасць амаль роўная нулю, бо з пухiрыстых адгалiнаванняў абалонкi, якая капiруе форму, увесь час сыплецца пушыстая, белаватая, як дробны снег, калоiдная завiсь. Зрэшты, зблiзку iмiтаваныя формы немажлiва ахапiць позiркам: сваiмi памерамi яны нагадваюць зямныя горы. Да таго ж нiжняя частка мiмоiда, якi " працуе", ад слiзiстага дажджу становiцца лiпкай i толькi праз некалькi гадзiн слiзь застывае i ўяўляе цвёрдую скарынку, якая ў шмат разоў лягчэйшая за пемзу. Але без адпаведнага рыштунку можна i заблудзiцца ў лабiрынце пузатых адгалiнаванняў, якiя нагадваюць цi то калоны, што расцягваюцца i сцiскаюцца, цi то напалову вадкiя гейзеры. Заблудзiцца можна нават пры сонечным святле, яго промнi не могуць прабiць заслону, якую няспынна выкiдваюць у атмасферу " выбухi-iмiтатары".

Назiраннi за мiмоiдам у шчаслiвыя для яго днi (а калi казаць больш дакладна, то ў днi, шчаслiвыя для даследнiка, якi знаходзiцца над мiмоiдам) могуць пакiнуць незабыўныя ўражаннi. У мiмоiда бывае свой " творчы ўздым", калi ён выпускае неверагодную колькасць звышпрадукцыi. Ён то капiруе знешнiя формы, то робiць iх больш складанымi або стварае iх " фармальны працяг" - такiм чынам ён можа забаўляцца цэлымi гадзiнамi на радасць мастаку-абстракцыянiсту i на адчай вучонаму, якi дарэмна спрабуе зразумець хоць што-небудзь. Часам у дзейнасцi мiмоiда выяўляюцца рысы амаль што дзiцячага прымiтывiзму, часам ён паддаецца " стылю барока", тады на ўсiм, што ён вытварае, ляжыць адбiтак няўклюднай велiчы. Старыя мiмоiды часта фабрыкуюць неверагодна смешныя формы. Праўда, я нiколi не смяяўся з iх - таямнiчае вiдовiшча занадта моцна здзiўляла мяне.

Зразумела, што ў першыя гады вывучэння ўсе так i накiнулiся на мiмоiды. Iх палiчылi цэнтрамi салярыснага Акiяна, бо думалi, што менавiта тут адбудзецца доўгачаканы кантакт дзвюх цывiлiзацый. Аднак вельмi хутка высветлiлася, што пра кантакт не можа быць i гаворкi, бо ўсё пачынаецца i заканчваецца iмiтаваннем формы.

Антрапамарфiзм (або зоамарфiзм) зноўку пранiзваў адчайныя пошукi даследнiкаў, яны бачылi ў розных змяненнях жывога Акiяна то " органы адчування", то нават " канечнасць"; нейкi час вучоныя (напрыклад, Мартанс i Эканаi) лiчылi " канечнасцю" i " хрыбетнiкi", i " мiгценнiкi" Гiзэ. Але гэтыя пратуберанцы жывога Акiяна, якiя часам уздымалiся ў атмасферу на дзве мiлi, можна назваць " канечнасцямi", роўна як землятрус - " гiмнастыкай" зямной кары.

Каталог формаў, якiя паўтараюцца адносна пастаянна i нараджаюцца жывым Акiянам параўнальна часта, налiчвае каля трохсот адзiнак. За суткi можна выявiць iх на паверхнi некалькi дзесяткаў альбо сотняў. Сама " нечалавечыя" формы, гэта значыць абсалютна не падобныя нi на што зямное, як даказвае школа Гiзэ, - гэта сiметрыяды. Было ўжо добра вядома, што Акiян не агрэсiўны i ў плазматычных глыбiнях можа загiнуць толькi вельмi неасцярожны або бесклапотны чалавек (вядома, калi не лiчыць няшчасных выпадкаў, што выклiканы пашкоджаннем кiслароднага апарата альбо кандыцыянера). Нават цылiндрычныя рэкi " даўгуноў" або пачварныя слупы " хрыбетнiкаў", якiя па-вар'яцку хiсталiся памiж хмарамi, можна прабiць наскрозь любым апаратам для палёту, i гэта не прынясе нiякай шкоды - плазма дасць дарогу, расступаючыся перад iншародным целам, iмклiва, з хуткасцю гука ў салярыснай атмасферы; яна ж адчынiць, калi яе прымусiць, глыбокiя тунелi нават у тоўшчы Акiяна. З гэтай мэтай iмгненна трацiцца велiзарная энергiя - Скрабiн падлiчыў, што яна раўняецца 1019 эргаў!!! I ўсё адно, калi пачыналi даследаваць сiметрыяды, вучоныя захоўвалi надзвычайную бяспеку, штораз адступаючы, выдумляючы ўсё новыя меры перасцярогi (часам толькi ўяўныя), а прозвiшчы тых, хто першы выправiўся ў бездань сiметрыяд, ведаюць на Зямлi нават дзецi.

Хоць ад гэтых велiканаў могуць снiцца жудасныя сны, сама страшнае ў сiметрыядах зусiм не iх выгляд. Страх выклiкае хутчэй тое, што ў межах сiметрыяд няма нiчога пастаяннага i пэўнага, там не дзейнiчаюць нават фiзiчныя законы. Менавiта даследнiкi сiметрыяд настойлiва даказвалi, што жывы Акiян мае розум.

Сiметрыяды з'явiлiся раптоўна. Iх нараджае нешта накшталт вывяржэння. Прыкладна за гадзiну да нараджэння сiметрыяды на плошчы ў некалькi дзесяткаў квадратных кiламетраў Акiян пачынае асляпляльна блiшчаць, нiбыта становiцца шкляным. Але нi плаўнасць, нi рытм хвалеўтварэння не змяняюцца. Часам сiметрыяды ўзнiкаюць там, дзе была лейка пасля " мiгценнiка", якi пайшоў углыбiню. Прыкладна праз гадзiну шклопадобная абалонка ўзлятае ўгору, як пачварны пухiр, у якiм адлюстроўваюцца небасхiл, сонца, хмары, гарызонт. Пухiр ззяе ўсiмi колерамi вясёлкi, гульня колераў нагадвае бляск маланак. Гэтая з'ява непаўторная!

Сама ўражлiвыя эфекты святла даюць сiметрыяды, якiя ўзнiкаюць пад час блакiтнага дня або перад самым заходам сонца. Тады здаецца, што з нетраў адной планеты нараджаецца другая, якая з кожным iмгненнем падвойвае свой аб'ём. Шар, якi палае асляпляльным бляскам, лопаецца адразу ж, як толькi падымецца з глыбiнi, падзяляючыся ў верхняй частцы на вертыкальныя сектары, але не распадаецца. Гэтая стадыя, не зусiм удала названая " фазай кветкавай чашачкi", доўжыцца некалькi секунд. Скiраваныя ў неба перапончатыя дугi круцяцца, зрастаюцца ў нябачным чэраве i iмгненна ўтвараюць нешта накшталт магутнага тулава, унутры якога адбываюцца сотнi з'яў адначасова. У самым цэнтры (яго ўпершыню даследавала экспедыцыя Гамалеi ў складзе сямiдзесяцi чалавек) з вялiзных полiкрышталёў складваецца галоўны стрыжань. Часам яго называюць " хрыбетнiкам" (гэты тэрмiн мне здаецца ўдалым). Неверагодныя спляценнi цэнтральнай апоры падтрымлiваюцца ў момант утварэння вертыкальнымi слупамi вадкага, амаль цалкам вадзянiстага рэчыва, якiя выбухаюць з кiламетровых правалаў. У гэты ж час калос нараджае глухi працяглы гук, а навокал уздымаецца вал снежнай, з буйнымi сотамi пены, якая шалёна пульсуе. Пасля пачынаецца надзвычай складанае кручэнне (ад цэнтра да знешнiх межаў) патоўшчаных плоскасцей, на iх наслойваюцца палосы цягучай масы, якая падымаецца з глыбiнi, адначасова гейзеры, пра якiя я толькi што казаў, застываюць, гусцеюць i ператвараюцца ў рухомыя, падобныя на шчупальцы, калоны, скопiшчы якiх скiраваны ў канкрэтных напрамках, падпарадкоўваючыся дынамiцы ўсяго збудавання, i зараз нагадваюць узнятыя ў неба жабры вялiзнага зародыша, якi расце з неверагоднай хуткасцю; у " жабрах" пульсуе ружовая кроў i цёмна-зялёная, амаль чорная вада. З гэтага моманту сiметрыяды пачынаюць выяўляць сваю сама незвычайную ўласцiвасць - здольнасць пераўтвараць або нават прыпыняць дзеянне некаторых фiзiчных законаў. Перш за ўсё зазначым, што дзвюх аднолькавых сiметрыяд не бывае, геаметрыя кожнай з iх - гэта новае " вынаходства" жывога Акiяна. Далей - сiметрыяда выпрацоўвае ўнутры сябе тое, што часта называецца " машынамi iмгненнага дзеяння", хоць гэтыя ўтварэннi зусiм не падобныя на нашы машыны - маецца на ўвазе даволi вузкая i тым самым быццам " механiчная" скiраванасць дзеяння.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.