Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Станіслаў Лем 6 страница



Камiсiя: Чаму?

Бертан: Таму што мае галюцынацыi, няхай нават сама страшныя, гэта мая прыватная справа. Затое вопыт майго знаходжання на Салярыс - не.

Камiсiя: Цi павiнна гэта азначаць, што пакуль кампетэнтныя органы экспедыцыi не прымуць рашэння, ты адмаўляешся адказваць? Ты, вядома, разумееш, што камiсiя не ўпаўнаважана прымаць рашэннi?

Бертан: Так, разумею".

На гэтым канчаўся першы пратакол. Быў яшчэ фрагмент другога, складзенага праз адзiнаццаць дзён.

" Старшыня: Беручы пад увагу ўсё сказанае вышэй, камiсiя ў складзе трох лекараў, трох бiёлагаў, аднаго фiзiка, аднаго iнжынера-механiка i намеснiка начальнiка экспедыцыi прыйшла да высновы, што падзеi, пра якiя паведамiў Бертан, уяўляюць сабой праявы галюцынатэрнага сiндрому, якi развiўся пад уплывам атручэння атмасферай планеты, з сiмптомамi зацямнення свядомасцi, якiм спадарожнiчала ўзбуджэнне асацыятыўных зон кары галаўнога мозгу, i што ў сапраўднасцi не было нiчога або амаль нiчога, што адпавядала б гэтым падзеям.

Бертан: Выбачайце, што азначае " нiчога або амаль нiчога"? Як гэта зразумець?

Старшыня: Я яшчэ не ўсё сказаў. У пратаколе запiсана vоtum sераrаtum асабiстае меркаванне фiзiка, доктара Арчыбальда Месенджара, якi заявiў, што расказанае Бертанам магло, як ён лiчыць, адбывацца рэальна i заслугоўвае ўважлiвага даследавання. А цяпер - усё.

Бертан: Я настойваю на сваiм пытаннi.

Старшыня: Усё вельмi проста. " Амаль нiчога" азначае, што нейкiя рэальныя з'явы маглi паслужыць зыходным пунктам тваiх галюцынацый, Бертан. Пад час ветранай ночы нават сама нармальны чалавек можа палiчыць за чалавека куст, якi хiстаецца. А тым больш на чужой планеце, калi на мозг назiральнiка ўздзейнiчае яд. Гэта не папрок табе, Бертан. Якое тваё рашэнне?

Бертан: Спачатку я хацеў бы даведацца, цi будзе мець вынiк votum separatum доктара Месенджара.

Старшыня: Практычна не будзе, гэта значыць даследаванняў у гэтым напрамку нiхто весцi не будзе.

Бертан: Наша гаворка пратакалiруецца?

Старшыня: Так.

Бертан: У такiм выпадку я хацеў бы заявiць, што камiсiя праявiла непавагу не да мяне - я тут нi пры чым, - а да самога духу экспедыцыi. Я хачу яшчэ раз падкрэслiць, што адмаўляюся адказваць на далейшыя пытаннi.

Старшыня: У цябе ўсё?

Бертан: Усё. Але я хацеў бы сустрэцца з доктарам Месенджарам. Гэта мажлiва?

Старшыня: Вядома".

Так заканчваецца другi пратакол. Унiзе дробным шрыфтам была надрукавана заўвага, у якой паведамлялася, што доктар Месенджар на другi дзень амаль тры гадзiны гаварыў з Бертанам з вока на вока, а затым звярнуўся ў Раду экспедыцыi, дабiваючыся вывучэння паказанняў пiлота. Месенджар сцвярджаў, што на карысць такога вывучэння дадатковыя звесткi, атрыманыя ад Бертана, якiя могуць быць аб'яўлены толькi тады, калi Рада прыме станоўчае рашэнне. Рада ў асобе Шэнагана, Цiмолiса i Трае аднеслася да заявы Месенджара адмоўна, i справа была спынена.

У кнiзе прыводзiлася таксама фотакопiя адной старонкi пiсьма, знойдзенага пасля смерцi Месенджара сярод яго папер. Вiдаць, гэта быў чарнавiк; Равiнцару не ўдалося высветлiць, да чаго прывяло гэтае пiсьмо i цi было яно наогул адпраўлена.

"... iх здзiўляючая тупасць, - так пачынаўся тэкст. - У клопаце пра свой аўтарытэт сябры Рады - а канкрэтна Шэнаган i Цiмолiс (голас Трае не лiчыцца) адхiлiлi мае патрабаваннi. Зараз я звяртаюся непасрэдна ў Iнстытут, але ты ж сам разумееш, што гэта толькi бездапаможны пратэст. Звязаны словам, я не магу, на жаль, перадаць табе, што расказаў мне Бертан. На рашэнне Рады, вядома, мела ўплыў тое, што з такiмi неверагоднымi звесткамi прыйшоў чалавек без вучонай ступенi. А многiя ж даследнiкi маглi б пазайздросцiць цвярозасцi розуму i назiральнасцi гэтага пiлота. Калi ласка, паведамi мне са зваротнай поштай наступнае:

1) бiяграфiю Фехнера з самага дзяцiнства;

2) усё, што табе вядома пра яго сям'ю i сямейныя абставiны; здаецца, у яго засталося малое дзiця;

3) тапаграфiчны план населенага пункта, дзе рос Фехнер.

Мне хацелася б выказаць табе сваё меркаванне пра ўсё гэта. Ты ведаеш, праз нейкi час пасля таго, як Фехнер i Каручы выправiлiся ў палёт, у цэнтры чырвонага сонца з'явiлася пляма, карпускулярнае выпраменьванне якой, згодна з дадзенымi Сатэлоiда, перапынiла радыёсувязь у раёне паўднёвага паўшар'я - там знаходзiлася наша База. З усiх даследчых груп на сама вялiкую адлегласць ад Базы аддалiлiся Фехнер i Каручы.

Такога густога i ўстойлiвага туману пры абсалютным штылi мы не назiралi нi разу за ўвесь час нашай пабыўкi на планеце, аж да самага дня катастрофы.

Я лiчу, што ўсё ўбачанае Бертанам было часткай " аперацыi Чалавек", якую выканала гэтая клейкая пачвара. Сапраўднай крынiцай усiх утварэнняў, якiя заўважыў Бертан, быў Фехнер, яго мозг, над якiм было праведзена незразумелае нам " псiхiчнае ўскрыццё"; у якасцi эксперымента ўзнаўлялiся, рэканструявалiся некаторыя (вiдаць, найбольш устойлiвыя) адбiткi ў яго памяцi.

Ведаю, гэта гучыць як фантастыка; ведаю, я магу памылiцца. Таму i прашу ў цябе дапамогi. Зараз я знаходжуся на Аларыху i там буду чакаць твайго адказу.

Твой А. ".

Я ўжо ледзьве разбiраў лiтары, бо зрабiлася так цёмна, што кнiжка ў маёй руцэ стала шэрай, радкi расплывалiся ў вачах, але пустая частка старонкi сведчыла, што я дабраўся да канца гэтай гiсторыi, якая ў святле сваiх перажыванняў здавалася мне вельмi праўдзiвай. Я павярнуўся да iлюмiнатара. Ён стаў густа-фiялетавым, на гарызонце яшчэ тлелi вугольчыкi воблакаў. Акiян, захiнуты цемрай, быў нябачны. Я чуў шэлест каляровых палос ля вентылятара. Нагрэтае паветра, якое крыху пахла азонам, здавалася нежыццёвым. Вакол нi гуку. Я падумаў, што ў нашым рашэннi застацца няма нiчога гераiчнага. Перыяд беззапаветнай барацьбы, адважных экспедыцый, цяжкiх страт - як гiбель Фехнера, першай ахвяры Акiяна, даўно мiнуўся. Мне было амаль абыякава, хто " ў гасцях" у Снаўта або Сарторыуса. Хутка, падумаў я, мы перастанем саромецца i хавацца адзiн ад аднаго. Калi мы не здолеем пазбавiцца ад гасцей, то прывыкнем да iх i будзем жыць з iмi, а калi iх стваральнiк зменiць правiлы гульнi, мы прыстасуемся да новых, хоць спачатку пачнём адбрыквацца, кiдацца, мажлiва, нехта з нас скончыць самагубствам, але ў рэшце рэшт усё ўраўнаважыцца. У пакоi цямнела, цемра нагадвала мне зямную. Нiчога не было вiдаць, акрамя светлых контураў рукамыйнiка i люстэрка. Я ўстаў, вобмацкам знайшоў на палiцы вату, выцер вiльготным тампонам твар i лёг на ложак. Шум кандыцыянера нада мной то нарастаў, то сцiхаў, нiбыта там бiўся начны матылёк. Але я нават не адрознiваў абрысаў вентылятара, усё залiла чарната, толькi тоненькая палоска святла, якое невядома адкуль бралася, мiльгала перада мной, цi то па сцяне, цi то дзесьцi далёка, у глыбiнi акiянскай пустынi. Я ўспомнiў, як напалохаў мяне ўчора вечарам нежыццёвы позiрк салярысных прастораў, i мне стала смешна. Зараз я яго не баяўся. Я наогул нiчога не баяўся. Я падняў руку да вачэй. Фасфарычным святлом блiшчаў цыферблат. Праз гадзiну ўзыдзе блакiтнае сонца. Я раскашаваў у цемры, глыбока дыхаў, нi пра што не думаў.

У нейкi момант, калi я зварухнуўся, то адчуў на сцягне пляскаты магнiтафон. Ага, Гiбарыян. Яго голас, запiсаны на плёнку. Мне нават у галаву не прыйшло аднавiць яго, выслухаць. А гэта ж было адзiнае, што я мог зрабiць для Гiбарыяна. Я дастаў магнiтафон i хацеў схаваць яго пад ложак. Пачуўся шэлест, зарыпелi дзверы.

- Крыс?.. - пачуўся цiхi, амаль што шэпт, голас. - Ты тут, Крыс? Як цёмна.

- Нiчога, - адказаў я. - Не бойся. Хадзi сюды.

КАНФЕРЭНЦЫЯ

Я ляжаў на спiне, галава Хэры супакоiлася на маiм плячы, я быў не ў стане пра што-небудзь думаць. Цемра ў пакоi ажывала. Я чуў крокi. Сцены знiклi. Нада мной нешта ўзвышалася, губляючы свае абрысы. Нешта пранiзвала мяне навылёт, абдымала, без дотыку; цемра, празрыстая, невыносная, душыла мяне. Недзе вельмi далёка бiлася маё сэрца. Я сканцэнтраваў усю ўвагу, сабраў апошнiя сiлы ў чаканнi агонii. Яна не наступала. Сам я станавiўся ўсё меншым i меншым, а нябачнае неба, нябачны гарызонт - уся прастора, пазбаўленая формы, хмар, зорак, адступалася i разрасталася, зацягвала мяне ў свой цэнтр. Я стараўся закапацца ў ложак, але пада мной нiчога не было. Змрок нiяк не ратаваў мяне. Сцiснуўшы рукi, я закрыў iмi твар, але i твару ў мяне не было. Пальцы прайшлi наскрозь, хацелася закрычаць, заскавытаць...

Шэра-блакiтны пакой. Рэчы, палiцы, куткi - усё матавае, усё пазначанае толькi контурамi, пазбаўлена ўласных фарбаў. А за iлюмiнатарам - яркая перламутравая бель i цiша. Я залiваўся потам, зiрнуўшы ўбок, заўважыў, што Хэры пазiрае на мяне.

- У цябе не анямела плячо?

- Што?

Хэры ўзняла галаву. Яе вочы былi аднаго колеру з пакоем - шэрыя, святлiстыя, у атачэннi чорных вейкаў. Я адчуў цяпло яе шэпту раней, чым зразумеў сэнс.

- Не. Ага, так, анямела.

Я паклаў руку на яе плячо i здрыгануўся ад дотыку. Затым прыхiнуў яе да сябе.

- Ты саснiў нешта страшнае?

- Саснiў? Так, саснiў. А ты не спала?

- Не ведаю. Здаецца, не спала. Мне не хочацца спаць. А ты спi. Чаго ты так пазiраеш?

Заплюшчыўшы вочы, я адчуваў, як мерна, спакойна стукае яе сэрца там, дзе гучна стукае маё. Бутафорыя, падумаў я. Але я ўжо наогул перастаў здзiўляцца. Мяне не дзiвiла нават мая абыякавасць. Страх i адчай мiнулiся. Я быў ад iх далёка, о, так далёка, як нiхто на свеце. Я губамi дакрануўся да яе шыi, пасля нiжэй, да маленькай, гладкай, як сценкi ракавiны, упадзiны памiж сцёгнамi. I тут таксама чуўся пульс.

Я абапёрся на локцi. Цiхi свiтанак змянiўся рэзкiм блакiтным ззяннем, гарызонт палаў, першы прамень стралой пранiзаў пакой, усё заблiшчала, прамень вясёлкай рассыпаўся ў люстэрку, на клямках, на нiкеляваных трубках; здавалася, што на сваiм шляху святло стукаецца ў кожную плоскасць, iмкнецца вызвалiцца, разбурыць цеснае памяшканне. Было балюча глядзець. Я адвярнуўся. Зрэнкi ў Хэры звузiлiся. Яна падняла на мяне шэрыя вочы.

- Гэта надыходзiць дзень? - цiха спыталася яна.

Усё было нiбыта i наяве, нiбыта i ў сне.

- Тут заўсёды так, каханая.

- А мы?

- Што мы?

- Мы доўга будзем тут?

Мне стала смешна. Але невыразны гук, якi вырваўся з маiх грудзей, быў мала падобны на смех.

- Я думаю, даволi доўга. Ты не хочаш?

Яна, не мiргаючы, уважлiва пазiрала на мяне. А цi мiргае яна ўвогуле? Я не ведаў. Хэры пацягнула коўдру, i на яе руцэ заружавелася маленькая трохкутная плямка.

- Чаго ты так пазiраеш?

- Ты прыгожая.

Хэры ўсмiхнулася. Але гэта была толькi ветлiвасць, адказ на мой камплiмент.

- Праўда? А ты глядзiш так, нiбыта... нiбыта...

- Што?

- Нiбыта нешта шукаеш.

- Ну ты i выдумала.

- Не, ты не шукаеш, а думаеш, што са мной нешта адбылося або я табе ў нечым не прызналася.

- Што ты, Хэры!

- Калi ты апраўдваешся, значыць, гэта праўда. Як хочаш!

За палаючымi шыбамi нараджалася мёртвая блакiтная гарачыня. Засланяючы вочы рукой, я пашукаў акуляры. Яны ляжалi на стале. Стаўшы на каленi, я начапiў акуляры i ўбачыў у люстэрку адлюстраванне Хэры. Яна чакала. Калi я зноў сеў побач, Хэры ўсмiхнулася:

- А мне?

Я не адразу зразумеў.

- Акуляры?

Я падняўся i пачаў шукаць у шуфлядах, на столiку ля акна. Знайшоў двое акуляраў, яны былi надта вялiкiя, i падаў Хэры. Яна прымерала адны, пасля другiя. Акуляры звальвалiся ёй на нос.

З працяглым скрыгатаннем папаўзлi засланкi, закрываючы iлюмiнатары. Праз хвiлiну на Станцыi, якая, як чарапаха, схавалася ў свой панцыр, наступiла ноч. Вобмацкам я зняў з Хэры акуляры i разам са сваiмi паклаў пад ложак.

- Што мы будзем рабiць? - спыталася Хэры.

- Тое, што робяць ноччу: спаць.

- Крыс!

- Што?

- Мо зрабiць табе новы кампрэс?

- Не, не трэба. Не трэба... каханая.

Гаворачы так, я i сам не разумеў, прытвараюся я цi не. У цемры я абняў яе худыя плечы, адчуваючы iх трымценне, i раптам паверыў, што гэта Хэры. Зрэшты, не ведаю. Раптам мне падалося - падманваю я, а не яна. Хэры такая, як ёсць.

Пасля я некалькi разоў засынаў, уздрыгваючы, прачынаўся, шалёна грукала сэрца, якое паступова супакойвалася. Смяротна стомлены, я прыцiскаў да сябе Хэры. А яна надзвычай асцярожна датыкалася да майго твару, мацала лоб, правяраючы, цi няма ў мяне гарачкi. Гэта была Хэры. I iншай, больш рэальнай, не магло быць.

Ад гэтай думкi ў мяне нешта змянiлася, я супакоiўся i амаль адразу заснуў.

Мяне разбудзiў далiкатны дотык. Мой лоб адчуў прыемны халадок. Твар быў накрыты нечым вiльготным i мяккiм, затым гэтае мяккае паволi паднялося, i я ўбачыў схiленую Хэры. Абедзвюма рукамi яна выцiскала над мiсачкай з парцэляны марлю. Побач стаяў флакон з вадкасцю ад апёкаў. Хэры ўсмiхнулася.

- Ну ты i спiш, - прамовiла яна, зноў кладучы марлю. - Табе балiць?

- Не.

Я зморшчыў лоб. Сапраўды, апёк не адчуваўся. Хэры сядзела на краi ложка, захiнутая ў мужчынскi купальны халат, белы з ружовымi палосамi; яе чорныя валасы рассыпалiся па каўняры. Яна высока, аж да локцяў, закасала рукавы, каб яны не замiналi. Мне страшна хацелася есцi, бадай што дваццаць гадзiн я нiчога не еў. Калi Хэры зняла з майго твару кампрэс, я ўстаў i ўбачыў дзве сукенкi, якiя ляжалi побач i былi цалкам аднолькавыя - белыя з чырвонымi гузiкамi, адна, якую я дапамог ёй зняць, разрэзаўшы, i другая, у якой яна прыйшла ўчора. На гэты раз яна сама распарола нажнiцамi швы, сказаўшы, што зашпiлька, вiдаць, зламалася.

Гэтыя аднолькавыя сукенкi былi сама страшным з усяго, што я перажыў дасюль. Хэры капалася ў шкапчыку з лекамi, наводзiла там парадак. Я непрыкметна адвярнуўся i да крывi ўкусiў сваю руку. Не зводзячы вачэй з сукенак, дакладней, з аднае, паўторанай двойчы, я пачаў адсоўвацца да дзвярэй. Вада па-ранейшаму шумна лiлася з крана. Я адчынiў дзверы, цiхенька выслiзнуў на калiдор i асцярожна зачынiў iх. Я чуў прыглушанае бульканне вады i звон шкла. Нечакана ўсё сцiхла. Калiдор асвятляўся даўгаватымi лямпамi на столi, невыразная пляма адлюстраванага святла ляжала на дзвярах, ля якiх я чакаў, сцiснуўшы зубы. Я схапiўся за клямку, хоць не меў надзеi ўтрымаць яе. Рэзкi рывок ледзь не вырваў клямку з маiх рук, але дзверы не адчынiлiся, а толькi закалацiлiся, пачуўся аглушальны трэск. Здзiўлены, я выпусцiў клямку i адсунуўся - з дзвярыма адбывалася нешта неверагоднае: iх гладкая пластыкавая плiта выгiналася, нiбыта з майго боку яе пхалi ўнутр пакоя. Эмаль адлушчвалася маленькiмi кавалачкамi, вызваляючы стальны вушак, якi напружваўся ўсё мацней. Я зразумеў: Хэры цягне дзверы да сябе, а яны ж адчыняюцца ў калiдор. Святло адлюстравалася на белай плоскасцi, як ва ўвагнутым люстэрку; пачуўся моцны трэск, i плiта, выгнуўшыся, трэснула. Адначасова клямка, вырваная з гнязда, уляцела ў пакой. У праломе паказалiся акрываўленыя рукi, пакiдаючы чырвоныя сляды на лакiраванай паверхнi дзвярэй, яны цягнулiся да мяне - дзверы разламалiся на дзве палавiны i трымалiся толькi на завесах; бела-ружовы прывiд з мёртва-бледным тварам кiнуўся мне на грудзi, заходзячыся ад слёз.

Каб не гэты выгляд, якi паралiзаваў мяне, я ўцёк бы. Хэры канвульсiўна хапала паветра, бiлася галавой аб маё плячо, яе валасы растрапалiся. Абняўшы Хэры, я адчуў, што яе цела абмякла ў маiх руках. Я працiснуўся праз разбiтыя дзверы i занёс яе ў пакой, паклаў на ложак. Пазногцi ў Хэры былi паламаныя i скрываўленыя, скура на далонях здзёртая. Я паглядзеў на яе твар, расплюшчаныя вочы пазiралi на мяне праз мяне.

- Хэры!

Яна штосьцi прамармытала.

Я паднёс палец да яе вачэй. Века заплюшчылася. Я пайшоў да шкапчыка з лекамi. Ложак зарыпеў. Я павярнуўся. Хэры сядзела прама, са страхам пазiраючы на свае скрываўленыя рукi.

- Крыс, - прастагнала яна, - я... я... што са мной сталася?

- Ты паранiлася, калi выдзiрала дзверы, - суха адказаў я.

Губы не слухалiся мяне, нiжнюю калола як iголкамi. Я прыкусiў яе зубамi.

Нейкi час Хэры разглядвала шчарбатыя кавалкi пластыку, якiя звiсалi з вушакоў, пасля перавяла позiрк на мяне. Яе падбародак затрымцеў, я заўважыў, з якiм намаганнем яна стараецца перамагчы страх.

Я парэзаў марлю на кавалкi, дастаў са шкапчыка лякарства i падышоў да ложка. Усё выпала з маiх рук, шкляная бутэлечка з калодыем разбiлася, але я нават не нагнуўся. Яна была ўжо непатрэбная.

Я падняў руку Хэры. Вакол пазногцяў запяклася кроў, але раны знiклi, далонь зацягнулася маладой, ружовай скуркай, парэзы гаiлiся проста на вачах.

Я сеў, пагладзiў Хэры па твары i паспрабаваў усмiхнуцца ёй, але не магу сказаць, што мне гэта ўдалося.

- Хэры, нашто ты гэта зрабiла?

- Не. Гэта... я?

Яна вачыма паказала на дзверы.

- Так, ты. Хiба не памятаеш?

- Не. Я заўважыла, што цябе няма, спалохалася i...

- I што?

- Пачала шукаць цябе, падумала, што ты, мажлiва, у душавой...

Толькi зараз я ўбачыў, што шафа, якая зачыняла ўваход у душавую, адсунута.

- А пасля?

- Я пабегла да дзвярэй.

- I што?

- Не помню. Штосьцi адбылося?

- Што?

- Не ведаю.

- А што ты помнiш? Што было пасля?

- Я сядзела тут, на ложку.

- Хiба ты не помнiш, як я перанёс цябе сюды?

Хэры вагалася. Куточкi яе вуснаў апусцiлiся, твар стаў напружаным.

- Здаецца... Магчыма. Сама не ведаю.

Яна ўстала, падышла да разламаных дзвярэй.

- Крыс!

Я абняў яе за плечы. Хэры дрыжала. Раптам яна павярнулася, шукаючы мой позiрк.

- Крыс, - шаптала яна, - Крыс.

- Супакойся,

- Крыс, няўжо, Крыс, няўжо ў мяне эпiлепсiя?

Эпiлепсiя, о Божухна! Мне стала смешна.

- Не, каханая. Проста дзверы тут такiя, што... так, тут гэткiя дзверы...

Мы выйшлi з пакоя, засланкi iлюмiнатара з працяглым вiскам паднялiся, i паказаўся сонечны дыск, якi апускаўся ў Акiян.

Я накiраваўся на невялiкую кухню, што знаходзiлася ў другiм канцы калiдора. Мы гаспадарылi разам з Хэры, вялi пошукi ў шкапчыках i халадзiльнiку. Хутка я зразумеў, што Хэры не надта ўмее кухарыць, а здольная толькi адчыняць кансервы, гэта ўмеў i я. Я праглынуў змесцiва дзвюх такiх бляшанак i выпiў некалькi фiлiжанак кавы. Хэры таксама ела, але ела, як часам ядуць дзецi, якiя не хочуць рабiць прыкрасцi дарослым, - нават не з прымусам, а механiчна i абыякава.

Пасля мы пайшлi ў невялiкi аперацыйны пакой, побач з радыёстанцыяй; у мяне быў сякi-такi план. Я сказаў Хэры, што хачу на ўсялякi выпадак яе абследаваць. Я сеў на складное крэсла i дастаў са стэрылiзатара шпрыц i iголкi. Я ведаў амаль на памяць, дзе што знаходзiцца, бо так вымуштравалi нас на Зямлi, на трэнажоры. Я ўзяў кроплю крывi з пальца Хэры i зрабiў мазок, высушыў яго ў экспiкатары, апрацаваў iонамi серабра ў высокiм вакууме.

Рэальнасць гэтай працы супакойвала. Хэры, лежачы на падушках раскладзенага крэсла, разглядвала аперацыйны пакой, застаўлены рознымi апаратамi.

Цiшыню перапынiла мармытанне ўнутранага тэлефона. Я ўзяў трубку.

- Кельвiн слухае, - прамовiў я, не зводзячы вачэй з Хэры, якая з пэўнага часу стала апатычнай, нiбыта за апошнiя гадзiны яе ўсю вычарпалi.

- Ты ў аперацыйнай? Нарэшце! - пачуў я ўздых палёгкi.

Гэта быў Снаўт. Я чакаў, прыцiснуўшы трубку да вуха.

- У цябе " госць", праўда?

- Праўда.

- I ты заняты.

- Так.

- Сякiя-такiя даследаваннi?

- А што? Ты хацеў згуляць партыю ў шахматы?

- Не блазнуй, Кельвiн. Сарторыус хоча з табой сустрэцца. Дакладней, з намi.

- Вось дык навiна, - здзiвiўся я. - А што з... - Я не закончыў, а пасля дадаў: - Ён адзiн?

- Не. Я недакладна сказаў. Ён хоча з намi паразмаўляць. Звяжамся ўтрох, па вiдэатэлефоне, але толькi заслонiм экран.

- Ах, так? Чаму ён не пазванiў адразу мне? Яму сорамна?

- Нешта накшталт гэтага, - прамармытаў Снаўт. - Ну як?

- Значыць, нам трэба дамовiцца? Давай праз гадзiну. Добра?

- Добра.

На маленькiм, не большым за далонь, экране я бачыў толькi яго твар. Снаўт дапытлiва пазiраў мне ў вочы. У трубцы трашчалi разрады.

Пасля Снаўт рашуча прамовiў:

- Як ты маешся?

- Зносна. А ты?

- Лiчу, крыху горай за цябе. Я мог бы?..

- Ты хочаш прыйсцi да мяне? - здагадаўся я.

Я зiрнуў на Хэры. Яна звесiла галаву з падушкi i ляжала, закiнуўшы нагу на нагу, ад самоты падкiдвала срэбны шарык, якiм заканчваўся ланцужок ля поручня крэсла.

- Пакiнь гэта, чуеш? Пакiнь! - пачуўся гучны голас Снаўта.

Я ўбачыў на экране яго профiль. Больш я нiчога не пачуў, ён закрыў рукой мiкрафон, я бачыў толькi яго губы, якiя шавялiлiся.

- Не, я не магу прыйсцi. Мо пасля. Праз гадзiну, - хутка сказаў ён, i экран патух.

Я павесiў трубку.

- Хто гэта быў? - абыякава спыталася Хэры.

- Так сабе, адна асоба. Снаўт. Кiбернетык. Ты яго не ведаеш.

- Яшчэ доўга чакаць?

- А табе хiба сумна? - спытаўся я.

Я заклаў першую серыю прэпаратаў у касету нейтрыннага мiкраскопа i пачаў нацiскаць каляровыя кнопкi выключальнiкаў. Сiлавыя палi глуха загулi.

- Забаў тут няма, а калi майго сцiплага таварыства табе не хапае, то справа дрэнь, - гаварыў я нiбыта мiж iншым, з вялiкiмi паўзамi, апускаючы рукамi вялiкую чорную галоўку, у якой свяцiўся акуляр мiкраскопа, i прыкладваючы мяккую гумавую аблямоўку да вачэй.

Хэры нешта сказала, я не разабраў што. Нiбыта з вялiкай вышынi я бачыў бязмежную пустыню, залiтую срабрыстым бляскам. На ёй ляжалi ахутаныя лёгкай iмглой, патрэсканыя, выветраныя пляскатыя круглякi камянёў. Гэта былi чырвоныя крывяныя цельцы. Не адводзячы вачэй ад шкельцаў, я павялiчыў рэзкасць i ўсё глыбей i глыбей апускаўся ў палаючае серабрыстае поле. Левай рукой я круцiў ручку рэгулятара столiка, а калi адзiнокае, як валун, цельца апынулася на перасячэннi чорных рысачак, я дадаў павелiчэння. Здавалася, што аб'ектыў наязджае на бясформенны, увагнуты пасярэдзiне эрытрацыт, якi меў выгляд кратэра вулкана, з чорнымi рэзкiмi ценямi ў паглыбленнях колцападобнага беражка. Гэты беражок, пакрыты крышталёвым налётам iонаў серабра, не змяшчаўся ў фокусе. З'явiлiся цьмяныя, бачныя нiбыта праз мiгатлiвую ваду, абрысы сплаўленых, сагнутых ланцужкоў бялку; злавiўшы на чорным скрыжаваннi адно з патаўшчэнняў бялковых рэшткаў, я паволi пакручваў ручку павелiчальнiка, усё пакручваў i пакручваў; вось-вось мусiў наступiць канец гэтага падарожжа ўглыбiню. Расплюшчаны цень малекулы запоўнiў усё поле i... раптам расплыўся ў тумане!

Нiчога, аднак, не сталася. Я павiнен быў убачыць мiльганне дрыготкiх сцюдзянiстых атамаў, але iх не было. Экран свяцiўся незатуманеным срэбрам. Я дакруцiў ручку да канца. Гнеўны гул мiкраскопа ўзмацнiўся, але я па-ранейшаму нiчога не бачыў. Дрыготкi сiгнал, якi паўтараўся, папярэджваў, што апаратура перагружана. Я яшчэ раз зiрнуў на срэбную пустыню i выключыў ток.

Я паглядзеў на Хэры. Яна вымушана ўсмiхнулася, каб схаваць пазяханне.

- Як там мае справы? - спыталася яна.

- Вельмi добра, - адказаў я. - Думаю, што... лепш i быць не можа.

Я ўсё пазiраў на яе, адчуваючы паколванне ў нiжняй губе. А што, уласна, адбылося? Што гэта значыць? Гэтае цела, з выгляду такое далiкатнае i слабае, нельга знiшчыць? Па сутнасцi, яно складаецца з нiчога? Я стукнуў кулаком па цылiндрычным корпусе мiкраскопа. Мо якi-небудзь дэфект? Мо няма факусiроўкi?.. Не, я ведаў, што апаратура спраўная. Я апусцiўся на ўсе ўзроўнi: клетка, бялковае рэчыва, малекула - усё мела такi самы выгляд, як i на тысячах прэпаратаў, якiя я ўжо бачыў. Але апошнi крок унiз вёў у тупiк.

Я ўзяў у Хэры кроў з вены i разлiў яе ў прабiркi. Аналiзы занялi больш часу, чым я меркаваў, - я ўжо страцiў ранейшы спрыт. Рэакцыi былi нармальныя. Усе. Хiба што...

Я капнуў канцэнтраванай кiслатой на чырвоную пацерку. Кропля задымiлася, стала шэрай, пакрылася налётам бруднай пены. Разлажэнне. Дэнатурацыя. Далей, далей! Я адхiлiўся па новую прабiрку. Калi ж зiрнуў на ранейшую, прабiрка ледзь не вывалiлася з маiх рук.

Пад бруднай пенай на самым дне прабiркi зноў вырастаў цёмна-чырвоны слой. Кроў, спаленая кiслатой, аднаўлялася! Гэта было неверагодна! Гэта было немагчыма!

- Крыс! - пачуў я быццам здалёку. - Крыс, тэлефон!

- Што? А, тэлефон? Дзякую.

Тэлефон мармытаў ужо даўно, але я пачуў яго толькi зараз.

- Кельвiн слухае, - сказаў я ў трубку.

- Гаворыць Снаўт. Я пераключыў лiнiю, i мы ўтрох будзем адначасова слухаць адзiн аднаго.

- Вiтаю вас, доктар Кельвiн, - пачуўся высокi, насавы голас Сарторыуса. Голас гучаў так, нiбыта яго гаспадар узыходзiў на небяспечна гнуткi подыум, пранiзлiва, насцярожана, хоць знешне спакойна.

- I я вiтаю вас, доктар, - адказаў я.

Мне стала смешна, хоць не было нiякай прычыны для смеху. З каго мне, у рэшце рэшт, смяяцца? Я нешта трымаў у руцэ: прабiрку з крывёю. Я страсянуў прабiрку. Кроў ужо згарнулася. Мо ўсё гэта мне здалося? Мо проста падман?

- Я хацеў бы прапанаваць на ваш разгляд некаторыя праблемы, звязаныя з э... фантомамi, - чуў i не чуў я голас Сарторыуса.

Словы з цяжкасцю даходзiлi да маёй свядомасцi. Я абараняўся ад яго голасу, па-ранейшаму пазiраючы на прабiрку са згусткам крывi.

- Назавём iх утварэннем Ф, - хутка падказаў Снаўт.

- Цудоўна.

Пасярод экрана цямнела вертыкальная лiнiя, якая сведчыла, што я прымаў адначасова два каналы - па абодва бакi ад лiнii я павiнен быў бачыць маiх субяседнiкаў. Аднак экран заставаўся цёмным, толькi вузкая светлая палоска вакол яго сведчыла, што апаратура працуе, а перадатчыкi нечым заслонены.

- Кожны з нас правёў розныя даследаваннi... - Зноў ранейшая асцярожлiвасць у гугнявым голасе таго, хто гаварыў. Маўчанне. - Можа, мы спачатку аб'яднаем нашы назiраннi, а затым я мог бы паведамiць, да чаго прыйшоў сам... Мо вы, доктар Кельвiн, пачняце першы...

- Я? - здзiвiўся я.

Раптам я адчуў позiрк Хэры. Я паклаў прабiрку на стол, яна пакацiлася пад штатыў, а я падсунуў нагой трыногу i ўсеўся на яе. Спачатку я хацеў адмовiцца, але нечакана для самога сябе прамовiў:

- Добра. Кароткi абмен думкамi? Добра! Я амаль нiчога не зрабiў, але сказаць магу. Адно мiкраскапiчнае даследаванне i некалькi рэакцый. Мiкрарэакцый. У мяне склалася ўражанне, што...

Да гэтай хвiлiны я не ўяўляў, што буду гаварыць. Толькi зараз я зразумеў.

- Усё ў норме, але гэта камуфляж. Iмiтацыя. У пэўным сэнсе гэта суперкопiя: паўтарэнне больш дакладнае, чым арыгiнал. Гэта азначае, што там, дзе ў чалавека мы сутыкаемся з мяжой структурнай дзялiмасцi, тут мы iдзём далей - тут скарыстаны субатамны будаўнiчы матэрыял!

- Пачакайце. Пачакайце. Як вы гэта разумееце? - дапытваўся Сарторыус.

Снаўт не прамовiў нi слова. А мо гэта яго частае дыханне чулася ў трубцы? Хэры зiрнула ў мой бок. Я быў надта ўзрушаны - апошнiя словы амаль выгукнуў. Супакоiўшыся, я згорбiўся на сваёй нязручнай табурэтцы i заплюшчыў вочы.

- Як гэта выразiць? Першасны элемент нашых арганiзмаў - атамы. Мяркую, што ўтварэннi Ф складаюцца з адзiнак, меншых, чым звычайныя атамы. Значна меншых.

- З мезонаў?.. - падказаў Сарторыус.

Ён зусiм не здзiвiўся.

- Не, не з мезонаў... Мезоны можна было б убачыць. Бо магчымасць апаратуры, якая стаiць тут, у мяне, унiзе, дасягае 10-20 ангстрэм. I ўсё адно не вiдаць. Значыць, не мезоны. Хутчэй за ўсё нейтрыны.

- Як вы гэта сабе ўяўляеце? Бо нейтрынныя кангламераты нетрывалыя...

- Не ведаю. Я не фiзiк. Магчыма, iх стабiлiзуе нейкае сiлавое поле. Я гэтага не ведаю. Ва ўсякiм разе, калi я маю рацыю, то яны складаюцца з часцiц, якiя меншыя за атам прыблiзна ў дзесяць тысяч разоў. Але i гэта яшчэ не ўсё! Калi б малекулы бялку i клеткi мелi будову непасрэдна з " мiкраатамаў", то яны адпаведна былi б меншыя. I крывяныя цельцы, i ферменты, i ўсё. Але i гэта не так. З гэтага вынiкае, што ўсе бялкi, клеткi, ядро клетак - толькi iмiтацыя! На самай справе структура, якая нясе адказнасць за дзеяздольнасць " госця", схавана глыбей.

- Кельвiн! - амаль выгукнуў Снаўт.

Я здзiвiўся i змоўк. Я сказаў: " Госця"?! Так, але Хэры не пачула гэтага. Зрэшты, яна не зразумела б. Хэры глядзела ў iлюмiнатар, падпершы галаву рукой, яе маленькi чысты профiль вымалёўваўся на фоне пурпуровай зоркi. Слухаўка маўчала. Я чуў толькi далёкае дыханне.

- Тут нешта ёсць, - прамармытаў Снаўт.

- Так, мажлiва, - дадаў Сарторыус, - толькi маецца адна закавыка - Акiян складаецца не з гiпатэтычных часцiц, пра якiя гаворыць Кельвiн, а са звычайных.

- Вiдаць, ён можа сiнтэзаваць i такiя, - адзначыў я.

Раптам мяне ахапiла апатыя. Гэта была бясплодная, нiкому не патрэбная размова.

- Але гэта вытлумачвала б незвычайную вынослiвасць, - мармытнуў Снаўт. - I тэмп рэгенерацыi. А мо энергетычная крынiца знаходзiцца нават там, углыбiнi, iм жа не трэба есцi...

- Прашу слова, - прамовiў Сарторыус.

Я не мог яго пераносiць. Калi б ён хоць не выходзiў са сваёй ролi!

- Давайце прааналiзуем пытанне матывацыi. Матывацыi з'яўлення ўтварэнняў Ф. Я ставiў бы пытанне так: а што такое ўтварэннi Ф? Гэта не асобы, не копii пэўных асоб, а матэрыялiзаваная праекцыя тых звестак пра гэтую асобу, якiя маюцца ў нашым мазгу.

Трапнасць вызначэння здзiвiла мяне. Сарторыус хоць i антыпатычны мне, але мае розум.

- Гэта праўда, - уставiў я. - Гэта вытлумачвае нават, чаму з'явiлiся асо... утварэннi менавiта такiя, а не iншыя. Выбраны сама ўстойлiвыя адбiткi з памяцi, найбольш iзаляваныя ад iншых, хоць, вядома, нiводзiн гэткi адбiтак не можа быць цалкам адасоблены, i ў працэсе яго " капiравання" былi, маглi быць захоплены часткi iншых адбiткаў, якiя выпадкова знаходзiлiся побач, таму прышэлец часам выяўляе ведаў больш, чым аўтэнтычная асоба, паўтарэннем якой ён павiнен з'яўляцца...



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.