Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Станіслаў Лем 2 страница



Так фiзiкi, а не бiёлагi, прапанавалi парадаксальную фармулёўку " плазматычная машына", разумеючы пад гэтым утварэнне ў нашым значэннi, магчыма, i не жывое, але здольнае да мэтанакiраваных дзеянняў - адразу дадамо - у астранамiчным маштабе.

У гэтай спрэчцы, якая за некалькi тыдняў, як вiр, уцягнула ўсе сама знакамiтыя аўтарытэты, упершыню за восемдзесят гадоў захiсталася дактрына Гамава - Шэплi.

Нейкi час яе спрабавалi яшчэ баранiць, даказваючы, што Акiян не мае нiчога агульнага з жывой матэрыяй, што ён з'яўляецца нават не " па-за" або " дабiялагiчным" утварэннем, а толькi геалагiчнай фармацыяй, вядома, нязвыклай, але здольнай стабiлiзаваць арбiту Салярыс з дапамогай змены сiл прыцягнення; абаронцы спасылалiся пры гэтым на прынцып Ле-Шатэлье.

Насуперак гэтай кансерватыўнай думцы з'яўлялiся гiпотэзы, якiя абвяшчалi адна з найбольш распрацаваных гiпотэза Чывiта - Вiта, - што Акiян уяўляе прадукт дыялектычнага развiцця: ад сваёй першапачатковай формы - ад праакiяна, раствору лянiва рэагуючых хiмiчных рэчываў, ён здолеў пад нацiскам неспрыяльных умоў (гэта значыць пагрозлiвых для яго iснавання змяненняў арбiты) перайсцi, iгнаруючы ўсе зямныя ступенi развiцця - з'яўленне адна- i шматклеткавых арганiзмаў, раслiнную i жывёльную эвалюцыi, iгнаруючы ўтварэнне нервовай сiстэмы i мозгу - адразу пераскочыць у стадыю " гомеастатычнага Акiяна". Iнакш кажучы, у адрозненне ад зямных арганiзмаў, якiя сотнi мiльёнаў гадоў прыстасоўвалiся да навакольнага асяроддзя i толькi ў канцы гэтага працяглага перыяду запачаткавалi разумныя iстоты, Акiян адразу ж запанаваў над навакольнымi ўмовамi.

Усё гэта было вельмi арыгiнальна, толькi нiхто па-ранейшаму не ведаў, якiм чынам сцюдзянiсты сiроп можа стабiлiзаваць арбiту нябеснага цела. Амаль спрадвеку былi вядомы механiзмы, якiя стваралi штучнае сiлавое i гравiтацыйнае поле - гравiтатары, - але нiхто нават не думаў, што аморфная жыжка можа даваць эфект, якi ўяўляе - у гравiтатарах - вынiк складаных ядзерных рэакцый i высокiх тэмператур. У газетах, захлiснутых дзеля забавы чытачоў i дзеля страху вучоных сама брыдкiмi выдумкамi на тэму " тайна планеты Салярыс", сустракалiся нават такiя сцвярджэннi, што планетны Акiян з'яўляецца... далёкiм родзiчам зямных электрычных вугроў.

Калi хоць у нейкай ступенi ўдавалася вырашыць адну праблему, высвятлялася, як гэта пасля неаднаразова было з Салярыс, што замест адной загадкi ўзнiкала другая, яшчэ больш неверагодная.

Даследаваннi паказалi, што Акiян не дзейнiчае па прынцыпу нашых гравiтатараў (гэта было б, зрэшты, немажлiва), а валодае здольнасцю непасрэдна мадэляваць метрыку часу-прасторы, што вядзе, мiж iншым, да адхiленняў у вымярэннi часу на адным i тым жа мерыдыяне Салярыс. Такiм чынам Акiян не толькi ў пэўным сэнсе ведае тэорыi Эйнштэйна - Бевi, але нават здолеў iх скарыстаць (што не скажаш пра нас).

Калi гэта стала вядома, у навуковым свеце выбухнула адна з сама значных у нашым стагоддзi сенсацый. Сама непарушныя, усiмi прызнаныя тэорыi рухнулi, у навуковай лiтаратуры з'явiлiся вельмi ерэтычныя артыкулы, усiх распалiла альтэрнатыва " генiяльны Акiян" або " гравiтацыйная сцюдзянiстасць".

Усё гэта адбывалася за добрыя дваццаць гадоў да майго нараджэння. Калi я хадзiў у школу, Салярыс, зыходзячы з выяўленых пазней фактаў, ужо была прызнана планетай, на якой маецца жыццё - праўда, усяго толькi адзiн насельнiк...

Другi том Х'юза i Эйгеля, якi я гартаў амаль механiчна, пачынаўся сiстэматыкай, гэткай жа арыгiнальнай, як i забаўнай. У класiфiкацыйнай таблiцы стаялi па чарзе: тып - палiтэрыi (Роlitеriа), род - суклетныя (Sуnсуtiаliа), клас - метаморфныя (Меtаmоrрhа).

Нiбыта нам было вядома Бог ведае колькi экземпляраў гэтага гатунку, у той час, як прадстаўнiк быў толькi адзiн, праўда, важыў ён семнаццаць бiльёнаў тон.

Пад маiмi пальцамi мiльгалi каляровыя дыяграмы, квяцiстыя графiкi, спектральныя аналiзы, якiя дэманстравалi тып i тэмп асноўнага абмену, яго хiмiчныя рэакцыi. Чым далей я залазiў у тоўсты том, тым больш на яго мелаваных старонках было матэматыкi; можна было меркаваць, што нашыя веды пра гэтага прадстаўнiка класа метаморфных, якi ляжаў, спавiты цемрай чатырохгадзiннай ночы, за некалькi сотняў метраў пад сталёвым дном Станцыi, надзвычай дасканалыя.

На самай справе яшчэ не ўсе прыйшлi да думкi, цi " iстота" гэта наогул, ужо не кажучы пра тое, цi можна назваць Акiян разумным. Я паставiў тоўсты том на палiцу i дастаў наступны. Ён складаўся з дзвюх частак. Першая была прысвечана вынiкам эксперыментаў, праведзеных пад час бясконцых спробаў наладзiць кантакт з Акiянам. Гэтая спроба, я добра памятаў яшчэ са студэнцкiх гадоў, выклiкала бясконцыя анекдоты, кпiны i досцiпы; у параўнаннi з тымi джунглямi, у якiя завяло вучоных пытанне пра кантакт, нават сярэдневяковая схаластыка здавалася зразумелым i даступным акадэмiчным курсам, якi не выклiкае цяжкасцей. Другую частку тома, у якой была амаль тысяча трыста старонак, займала толькi бiблiяграфiя прадмета. Арыгiнальная ж лiтаратура, напэўна, не змясцiлася б у пакоi, дзе я сядзеў.

Першыя спробы кантакту адбывалiся з дапамогай спецыяльных электронных апаратаў, якiя трансфармуюць iмпульсы, што пасылаюцца ў абодва напрамкi. Сам Акiян пры гэтым браў актыўны ўдзел у выпрацоўцы такiх апаратаў. Але ўсё гэта адбывалася ўсляпую. Што значыла " браў удзел у выпрацоўцы"? Акiян мадыфiкаваў пэўныя элементы апушчаных у яго прыбораў, у вынiку чаго змянялiся рытмы разрадаў, якiя запiсвалiся, апараты для рэгiстравання адзначалi мiрыяды сiгналаў, што нагадвалi абрыўкi найскладанейшых матэматычных аперацый, але што ўсё гэта азначала? Мо гэта былi звесткi пра часовае ўзбуджэнне Акiяна? А мо гэта iмпульсы, якiя дзесьцi далёка, за тысячы мiль ад даследнiкаў, нараджалiся яго вялiзнымi ўтварэннямi? А мо перакладзеныя на незразумелую электронную мову адлюстраваннi спрадвечных iсцiн гэтага Акiяна? Або яго творы мастацтва? Хто гэта мог ведаць, калi немагчыма было атрымаць адну i тую ж рэакцыю на раздражняльнiк? Калi Акiян адгукаўся то выбухам iмпульсаў, якiя ледзь не разносiлi на кавалкi апаратуру, то глухiм маўчаннем? Калi нiводзiн дослед нельга было паўтарыць? Увесь час здавалася, што мы вось-вось расшыфруем няспынна нарастаючую лавiну запiсаў, i спецыяльна для вывучэння гэтай iнфармацыi стваралiся электронныя машыны такой магутнасцi, якой не патрабавала дасюль вырашэнне нiводнай праблемы. Сапраўды, некаторыя вынiкi ўдалося атрымаць. Акiян - крынiца электронных, магнiтных, гравiтацыйных iмпульсаў гаварыў быццам на матэматычнай мове; пэўныя выбухi яго разрадаў можна было класiфiкаваць, выкарыстоўваючы найбольш абстрактныя раздзелы зямной матэматыкi, тэорыю множнасцi; там з'яўлялiся гамолагi структур, вядомых у той галiне фiзiкi, якая займаецца пытаннямi ўзаемаадносiн энергii i матэрыi, канечных i бесканечных велiчынь, часцiц i палёў - усё гэта схiляла вучоных да высновы, што яны маюць перад сабой пачвару, якая мыслiць, нешта накшталт протаплазматычнага мора-мозгу, якое шматразова разраслося i абвiло ўсю планету i якое бавiць час у нябачных па сваёй шырынi тэарэтычных развагах пра сутнасць Сусвету, а нашыя апараты ловяць толькi нязначныя, выпадкова падслуханыя абрыўкi гэтага спрадвечнага, глыбiннага, даўжэзнага маналога, якi пераўзыходзiць усялякую мажлiвасць нашага разумення.

Такая думка матэматыкаў. Iхнiя гiпотэзы былi акрэслены аднымi як грэбаванне чалавечымi магчымасцямi, як пакланенне нечаму, чаго мы яшчэ не разумеем, але што дае падставы сказаць пра аднаўленне старадаўняй дактрыны " Ignоrаmus еt ignоrаbimus" *; другiя ж лiчылi, што ўсё гэта шкодныя i бясплодныя байкi, што ў гiпотэзах матэматыкаў праяўляецца мiфалогiя нашых дзён, якая бачыць у вялiзным мозгу, усё адно - электронным або плазматычным, вышэйшую мэту iснавання, суму быцця.

* " Мы не ведаем i не даведаемся" (лац. ).

А яшчэ некаторыя... Зрэшты, даследнiкаў i пунктаў погляду было бясконцае мноства. Але акрамя пошукаў кантакту iснавалi i iншыя галiны салярыстыкi, дзе спецыялiзацыя стала гэткай вузкай, асаблiва за апошнюю чвэртку веку, што салярыст-кiбернетык i салярыст-сiметрыядолаг з цяжкасцю разумелi адзiн аднаго. " Як жа вы дамовiцеся з Акiянам, калi адзiн з адным дамовiцца не можаце? " неяк жартам спытаўся Вейбеке, якi ў час маiх студэнцкiх гадоў з'яўляўся дырэктарам Iнстытута; у гэтым жарце было шмат праўды.

Акiян невыпадкова быў аднесены да класа метаморфных. Яго рухомая паверхня магла даваць пачатак сама розным формам, зусiм не падобным на зямныя, прычым мэтанакiраванасць - адаптацыйная, пазнавальная або якая-небудзь iншая - гэтых часам бурных вывяржэнняў плазматычнай " творчасцi" заставалася абсалютнай загадкай.

Ставячы на палiцу том, гэткi цяжкi, што мне давялося падтрымлiваць яго абедзвюма рукамi, я падумаў, што нашыя звесткi пра Салярыс, якiя запаўняюць бiблiятэкi, з'яўляюцца непатрэбным баластам i трэсянкай фактаў, а мы знаходзiмся на тым самым месцы, як i семдзесят восем гадоў таму, калi толькi пачыналi збiраць факты. Зрэшты, сiтуацыя цяпер значна горшая, бо ўся праца гэтых гадоў аказалася марнай.

Тое, што мы ведалi дакладна, складалася толькi з адмоўных меркаванняў. Акiян не карыстаўся паслугамi машын i не будаваў iх, хоць у пэўных акалiчнасцях выяўляў здольнасцi да гэтага, калi капiраваў часткi апушчанай у яго апаратуры, але рабiў гэта толькi на першым i другiм годзе даследчай працы; пасля ён iгнараваў усе паўторныя доследы, нiбыта страцiў да нашых прыбораў i вырабаў (а мо i да нас самiх... ) усялякi iнтарэс. Акiян не валодаў - я працягваю пералiчваць нашы " адмоўныя звесткi" - нi нервовай сiстэмай, нi клеткамi, нi структурай, якая нагадвала бялковую; ён не заўсёды рэагаваў на раздражняльнiкi, нават на сама моцныя (так, напрыклад, ён цалкам " праiгнараваў" катастрофу дапаможнага ракетнага карабля другой экспедыцыi Гiзэ, якi ўпаў з вышынi трыста кiламетраў на паверхню планеты i знiшчыў ядзерным выбухам сваiх атамных рэактараў плазму ў радыусе паўтары мiлi).

Паступова ў навуковым асяроддзi " справа Салярыс" стала гучаць як " безнадзейная справа", а сярод вучоных, якiя кiравалi Iнстытутам, у апошнiя гады чулiся патрабаваннi ўрэзаць датацыi на далейшыя даследаваннi. Пра лiквiдацыю Станцыi наогул нiхто яшчэ не асмельваўся гаварыць; гэта было б яўным прызнаннем паражэння. Зрэшты, сёй-той у прыватных гаворках адзначаў: усё, што нам патрэбна, гэта мажлiвасць " ганаровага" выйсця з " аферы Салярыс".

Аднак для многiх, асаблiва для моладзi, " афера" паступова станавiлася нечым накшталт пробнага каменя ўласнай вартасцi. " Па сутнасцi, - казалi яны, справа не ў адгадцы салярыснай цывiлiзацыi, а ў нас самiх, у мажлiвасцях чалавечага пазнання".

Адзiн час быў папулярны погляд (яго настойлiва распаўсюджвалi газеты), што Акiян, якi мыслiць i якi абмывае ўсю Салярыс, з'яўляецца вялiзным мозгам, апярэдзiўшым у сваiм развiццi нашу цывiлiзацыю на мiльёны гадоў, што гэта нейкi " касмiчны ёг", мудрэц, спраўджанае ўсёведанне, што ён ужо даўно ўсвядомiў марнасць усялякага дзеяння i таму сустракае нас поўным маўчаннем. Але гэта была няпраўда, бо жывы Акiян дзейнiчаў, ды яшчэ як! - праўда, ён дзейнiчае iнакш, чым уяўляюць сабе людзi; ён не будуе нi мастоў, нi гарадоў, нi лятальных апаратаў, не спрабуе нi перамагчы, нi пераадолець прастору (тыя, хто любой цаной iмкнуўся даказаць перавагу чалавека, бачылi ў гэтым нашу бязмежную перавагу), ён заняты тысячаразовымi пераўтварэннямi - " анталагiчным аўтаметамарфозам"; вучоных тэрмiнаў не бракавала на старонках салярыстычных прац! Аднак жа, з другога боку, чалавеку, якi пачне скрупулёзна вывучаць усе мажлiвыя звесткi пра Салярыс, цяжка пазбавiцца ад уражання, што перад iм толькi рэшткi iнтэлектуальных збудаванняў, магчыма, i генiяльных, але без ладу i складу змешаных з пладамi глупства, якое знаходзiлася ўжо на мяжы вар'яцтва. Таму насуперак канцэпцыi " Акiяна-ёга" з'явiлася тэорыя " Акiяна-дэбiла".

Гэтыя гiпотэзы зноў ажывiлi адну са старажытных фiласофскiх праблем узаемаадносiны матэрыi i духу, свядомасцi. Таму, хто першы, як Дзю-Гарт, надзялiў Акiян свядомасцю, патрабавалася нямала адвагi. Праблема, якую адразу ж прызналi метафiзiчнай, прысутнiчала амаль на ўсiх дыскусiях i спрэчках. Цi магчыма мысленне без свядомасцi? Але цi можна назваць працэсы, што адбываюцца ў Акiяне, мысленнем? Цi справядлiва, што гара - гэта вельмi вялiкi камень? А планета - гэта вялiзная гара? Можна ўжываць i гэтыя тэрмiны, аднак новая шкала велiчынь выводзiць на сцэну новыя заканамернасцi i новыя з'явы.

Гэтая праблема стала квадратурай круга нашага часу. Кожны самастойны вучоны iмкнуўся ўнесцi ў скарбонку салярыстыкi свой уклад; з'явiлася шмат тэорый, якiя даводзiлi, што мы маем прадукт дэгенерацыi, рэгрэсу, якi пачаўся пасля фазы " iнтэлектуальнага росквiту" Акiяна, iншыя пераконвалi, што Акiян гэта глеевы наватвор, якi нарадзiўся ў целе ранейшых насельнiкаў планеты i паеў iх усiх, праглынуў, спёкшы рэшткi ў вечную пазаклеткавую стыхiю, якая здольная да самаамаладжэння.

Пад белым, падобным на зямное, святлом лямпаў я прыняў са стала прыборы i кнiгi, якiя на iм ляжалi, расклаў на пластыкавай дошцы мапу Салярыс i, абапiраючыся рукамi на металiчную акантоўку стала, пачаў узiрацца ў яе. Жывы Акiян меў свае глыбiнi i плыткiя месцы, а яго выспы, пакрытыя налётам выветраных мiнералаў, сведчылi, што калiсьцi яны былi дном Акiяна - было невядома, цi рэгуляваў ён з'яўленне над вадой i знiкненне скальных парод, якiя хавалiся ў яго глыбiнях. Я пазiраў на вялiзныя, з рознымi адценнямi фiялетавага i блакiтнага колераў паўшар'i на карце i каторы ўжо раз у сваiм жыццi быў здзiўлены iх выглядам, як i даўней, у дзяцiнстве, калi ўпершыню пачуў пра iснаванне Салярыс.

Не ведаю, як гэта сталася, але ўсё, што адбывалася дагэтуль - таямнiчая смерць Гiбарыяна, нават мая цьмяная будучыня, - здалося мне гэткiм нязначным, што я нi аб чым не думаў, захоплены аглядам мапы, якая зачароўвала кожнага чалавека.

Асобныя ўчасткi " жыватвору" былi названы iмёнамi даследнiкаў, якiя прысвяцiлi сябе iх вывучэнню. Я пазiраў на глеемасiў Тэхсала, якi ахоплiваў экватарыяльныя архiпелагi. Раптам адчуў на сабе нечы позiрк.

Я ўсё яшчэ стаяў над мапай, але ўжо не бачыў яе, бо быў як паралiзаваны. Дзверы знаходзiлiся насупраць мяне, яны былi застаўлены скрынкамi i прысунутай да iх шафай. Напэўна, гэта нейкi аўтамат, падумаў я, хоць да гэтага ў пакоi не было нiводнага робата, а ўвайсцi непрыкметна ён не мог. Скура на карку i на плячах пачала смылець, адчуванне цяжкага нерухомага позiрку станавiлася нясцерпным. Я мiжволi ўцягваў галаву ў плечы i ўсё мацней абапiраўся на стол, якi раптам пачаў марудна рухацца па падлозе; гэты рух працверазiў мяне. Я рэзка павярнуўся.

Пакой быў пусты. Перада мной чарнела вялiкае паўкруглае акно. Дзiўнае адчуванне не знiкала. На мяне пазiрала пустэча, бязмежная, бязлiкая, бязвокая. За шыбамi, у змроку, не свяцiлася нiводная зорачка. Я занавесiў акно. Яшчэ не мiнула i гадзiны майго знаходжання на Станцыi, але я пачаў ужо разумець, чаму ў некаторых з'яўляецца тут манiя праследавання. Мiжволi згадалася смерць Гiбарыяна. Я добра ведаў яго i да гэтага часу быў перакананы, што нiякiя абставiны не вымусiлi б яго звiхнуцца. Зараз гэтая перакананасць знiкла.

Я стаяў пасярод пакоя каля стала. Дыханне маё супакоiлася, я адчуваў, што пот, якi залiў лоб, высыхае. Пра што ж гэта я толькi што думаў? А - пра робатаў. Тое, што я не сустрэў iх нi ў калiдоры, нi ў пакоях, было дзiўна. Куды ж яны падзелiся? Адзiны, з якiм я меў справу - i то на адлегласцi, - быў з абслугi касмадрома. А дзе ж iншыя?

Я зiрнуў на гадзiннiк. Час iсцi да Снаўта.

Я выйшаў. Калiдор слаба асвятляўся люмiнесцэнтнымi лямпамi. Я мiнуў двое дзвярэй, падышоў да тых, на якiх значылася прозвiшча Гiбарыяна. Доўга стаяў перад iмi. На Станцыi панавала цiшыня. Я ўзяўся за клямку. Па праўдзе кажучы, мне зусiм не хацелася туды заходзiць. Клямка пасунулася, дзверы на дзюйм прачынiлiся, утварылася шчылiна, спачатку чорная, пасля ў пакоi запалiлася святло. Цяпер мяне мог убачыць кожны, хто iшоў па калiдоры. Я хуценька пераступiў парог i зачынiў за сабой дзверы, бясшумна i моцна. Затым павярнуўся.

Я стаяў, амаль што датыкаючыся плячыма да дзвярэй. Пакой быў большы за мой, з такiм жа панарамным акном, на тры чвэрцi захiнутым фiранкай з дробнымi нябеснымi i ружовымi кветкамi, якая, несумненна, была прывезена з Зямлi. Уздоўж сцен стаялi кнiжныя палiцы i шкапчыкi, пафарбаваныя ў вельмi бледны зялёны колер з серабрыстым адценнем. Iх змесцiва, цэлымi стосамi вываленае на падлогу, ляжала памiж столiкамi i крэсламi. Праход загароджвалi два самаходныя столiкi, паваленыя i часткова пахаваныя пад стосам часопiсаў, якiя вытыркалiся з цудоўных папак. Разгорнутыя веерам старонкi кнiг былi залiтыя вадкасцю з разбiтых колбаў i пляшак з прыцёртымi коркамi, у пераважнай большасцi яны былi з гэткага тоўстага шкла, што звыклае падзенне на падлогу нават са значнай вышынi не здолела б iх разбiць. Пад акном ляжаў перакулены пiсьмовы стол з разбiтай лямпай на рухомым кранштэйне; перад iм валялася табурэтка, а яе дзве ножкi былi засунуты ў напалову адчыненыя шуфляды. Уся падлога засыпана карткамi, спiсанымi лiсткамi, нейкiмi паперамi. Я пазнаў почырк Гiбарыяна i схiлiўся над лiсткамi. Падымаючы асобныя аркушы, я заўважыў, што мая рука дае не адзiночны, а двайны цень.

Я павярнуўся. Ружовая фiранка палала, нiбыта падпаленая ўгары, вострая лiнiя асляпляльна блакiтнага агню разгаралася з кожнай хвiлiнай. Я адсунуў фiранку - вочы асляпiў нябачны пажар. Ён займаў трэць гарызонту. Доўгiя, дзiвосна выцягнутыя пераплеценыя ценi беглi памiж хвалямi да Станцыi. Гэта быў усход. У той зоне, дзе знаходзiлася Станцыя, пасля ночы, якая доўжылася ўсяго гадзiну, на неба ўздымалася другое, блакiтнае сонца планеты. Аўтаматычны выключальнiк патушыў святло. Я вярнуўся да раскiданых папер. Натрапiў на кароткае апiсанне доследу, зафiксаванага тры тыднi таму, - Гiбарыян меў намер уплываць на плазму звышжорсткiм выпраменьваннем. Па зместу я зразумеў, што трымаю ў руках копiю iнструкцыi для Сарторыуса, якi павiнен быў правесцi эксперымент. Белыя аркушы паперы сляпiлi вочы. Дзень, якi пачаўся, адрознiваўся ад папярэдняга. Пад ружовым небам астываючага сонца чарнiльны, з крывавым бляскам Акiян амаль заўсёды ахiнала брудна-ружовая iмгла, у якой перамешвалiся небасхiл, хмары i хвалi - зараз усё гэта знiкла. Нават прафiльтраванае праз ружовую тканiну святло нагадвала прамянi магутнай кварцавай лямпы. Загар на маiх руках здаваўся амаль шэрым. Мой пакой змянiўся, усё, што мела чырвонае адценне, збранзавела i паблякла, як колер сырой пячонкi, затое белы, зялёны i жоўты колеры сталi такiмi выразнымi, што здавалася, яны свецяцца ўласным святлом. Прымружыўшы вочы, я паглядзеў праз шэрыя фiранкi: неба ўяўлялася белым морам агню, пад якiм калываўся i дрыжаў вадкi метал. Я сцiснуў павекi, пад якiмi паплылi чырвоныя кругi. На рукамыйнiку (бераг яго быў адбiты) я ўбачыў цёмныя акуляры i надзеў iх, яны закрылi амаль палову твару. Зараз фiранка свяцiлася полымем натрыю. Я чытаў далей, падымаючы аркушы i складваючы iх на адзiны неперакулены столiк. Часткi тэксту не хапала.

Далей iшлi пратаколы пастаўленых доследаў. З iх я даведаўся, што на працягу чатырох дзён у пункце, якi знаходзiўся за тысячу чатырыста мiль на паўночны ўсход ад цяперашняга становiшча Станцыi, на Акiян уздзейнiчалi апраменьваннем. Для мяне гэта была нечаканасць, бо з-за згубнага ўздзеяння звышжорсткiх прамянёў iх скарыстанне забаронена канвенцыяй ААН. Я быў цалкам перакананы, што нiхто не пытаўся ў Зямлi дазволу на такiя эксперыменты. Узняўшы галаву, у люстэрку прачыненых дзвярэй шафы я заўважыў сваё адлюстраванне: смяртэльна белы твар i чорныя акуляры. Дзiўны выгляд меў i пакой, якi палаў белым i блакiтным святлом. Праз некалькi хвiлiн пачулася працяглае скрыгатанне, i звонку iлюмiнатар закрыла герметычная засланка; унутры пацямнела, запалiлася штучнае святло, якое здавалася зараз дзiўна бляклым. Станавiлася цяплей, рытмiчныя гукi кандыцыянера сталi падобныя на адчайны енк. Халадзiльныя апараты Станцыi працавалi на поўную магутнасць. I ўсё адно мёртвая гарачыня нарастала.

Пачулiся крокi. Нехта iшоў па калiдоры. Я зрабiў два бясшумныя скачкi i апынуўся ля дзвярэй. Крокi сталi маруднымi i сцiхлi. Той, хто iшоў, стаяў за дзвярыма. Паволi павярнулася клямка; я iнстынктыўна схапiў яе i затрымаў. Той, з другога боку дзвярэй, па-ранейшаму нацiскаў на клямку, моўчкi, нiбыта яго захапiлi знянацку. Так прастаялi мы даволi доўга. Раптам клямка падскочыла ў маёй далонi - яе адпусцiлi, а ледзь чутнае шамаценне сведчыла, што той адыходзiў. Я пастаяў, прыслухоўваючыся, але панавала цiшыня.

ГОСЦI

Я хуценька склаў у чатыры столкi нататкi Гiбарыяна i схаваў iх у кiшэню. Паволi падышоў да шафы i зазiрнуў у яе - камбiнезоны i адзенне былi пакамечаны i ссунуты ў адзiн кут, нiбыта там хтосьцi хаваўся. З-пад стоса папер на падлозе высоўваўся беражок капэрты. Я падняў яе. Яна была адрасавана мне. Горла перахапiла спазма, я разарваў капэрту i, пераадолеўшы сябе, разгарнуў невялiкi аркушык паперы, якi быў усярэдзiне.

Сваiм незвычайна дробным выразным почыркам Гiбарыян занатаваў:

" Салярыст. штогодн. ". Том 1. Дадатак, а таксама асабiст. думка Месенджара ў спр. Ф.; " Малы Апокрыф" Равiнцара".

Гэта было ўсё. Пiсьмо насiла адзнакi паспешнасцi. Цi была гэта нейкая важная навiна? Калi ён гэта напiсаў? Я падумаў, што трэба як мага хутчэй пайсцi ў бiблiятэку. Пра дадатак да першага тома " Салярыстычнага штогоднiка" я ведаў, дакладней, чуў, што ён iснуе, але нiколi не трымаў яго ў руках, бо ён уяўляў толькi гiстарычную каштоўнасць. Затое пра нейкага Равiнцара, як i пра яго " Малы Апокрыф", нiколi нават не чуў.

Што рабiць?

Я спазняўся ўжо на чвэрць гадзiны. Стоячы ля дзвярэй, яшчэ раз агледзеў пакой. Толькi зараз я заўважыў ля сцяны замацаваны вертыкальна ложак, якi складаўся. Раней я не бачыў яго, бо ён быў захiнуты разгорнутай мапай Салярыс. За мапай нешта вiсела. Гэта быў кiшэнны магнiтафон у футарале. Я дастаў апарат, футарал павесiў на ранейшае месца, а магнiтафон запхнуў у кiшэню. Зiрнуў на лiчыльнiк - амаль уся касета была скарыстана.

Зноў пастаяў ля дзвярэй, на секунду заплюшчыў вочы, напружана ўслухоўваўся ў цiшыню, якая панавала звонку. Нiчога падазронага. Адчынiў дзверы, калiдор здаўся мне чорнай прорвай, я зняў цёмныя акуляры i ўбачыў слабае святло лямпаў. Зачынiў дзверы i пайшоў налева, да радыёстанцыi.

Я наблiжаўся да круглай камеры, ва ўсе бакi ад якой, як спiцы ў коле, разыходзiлiся калiдоры. Калi мiнаў нейкi вузкi бакавы праход, скiраваны, здаецца, да душавых, заўважыў вялiкую невыразную постаць, якая амаль растваралася ў паўзмроку.

Я спынiўся як укапаны. З глыбiнi калiдора няспешна, хiстаючыся, iшла вялiзная мурынка. Я заўважыў бляск яе бялкоў i амаль адначасова пачуў мяккае шлёпанне босых ног. Яна была голая, мела толькi жаўтлявую, нiбыта сплеценую з саломы набедраную павязку; вялiзныя грудзi абвiслi, а чорныя рукi былi падобныя на сцягняк звычайнага чалавека; яна прайшла каля мяне нават не зiрнуўшы ў мой бок, i рушыла далей, пахiстваючы клубамi, як у слана, падобная на тыя каменныя выявы, што сустракаюцца часам у антрапалагiчных музеях. Там, дзе калiдор меў паварот, яна знiкла за дзвярыма Гiбарыяна. Адчыняючы дзверы, яна трапiла ў магутны пук святла, якое лiлося з пакоя. Дзверы цiхутка зачынiлiся, i я застаўся адзiн. Правай рукой я схапiў кiсць левай i сцiснуў яе так, што аж косцi затрашчалi. Пасля разгублена азiрнуўся. Што адбываецца? Што гэта было? Я згадаў перасцярогу Снаўта i здрыгануўся як ад удару. Што гэта магло быць? Хто гэтая пачварная Афрадыта? Адкуль яна? Я зрабiў адзiн, толькi адзiн крок да кабiны Гiбарыяна i знерухомеў. Я добра разумеў, што не зайду туды. Расшыранымi ноздрамi я хапаў паветра. Штосьцi было не так, я не мог з нечым пагадзiцца. Ага! Я ж падсвядома чакаў непрыемнага, рэзкага паху поту, але нават тады, калi яна iшла мiма, нiчога не адчуў.

Не ведаю, колькi я прастаяў, абапёршыся на халодны метал сцяны. На Станцыi панавала цiшыня, адзiным жывым пiскам быў далёкi манатонны гул кандыцыянераў.

Я паляпаў сябе па шчоках i паплёўся на радыёстанцыю Калi нацiснуў на клямку, пачуў гучны голас:

- Хто там?

- Гэта я, Кельвiн.

Снаўт сядзеў ля столiка памiж кучай алюмiнiевых пачкаў i пультам перадатчыка i проста з бляшанкi еў мясныя кансервы. Не ведаю, чаму пад жыллё ён выбраў радыёстанцыю. Ашаломлены, я стаяў у дзвярах, гледзячы на яго скiвiцы, якiя жавалi мяса, i раптам адчуў, што я галодны. Я падышоў да палiц, з кучы талерак выбраў менш запыленую i ўсеўся насупраць Снаўта. Нейкi час мы жавалi моўчкi, пасля Снаўт устаў, дастаў з насценнага шкапчыка тэрмас i налiў па шклянцы гарачага булёну. Ставячы тэрмас на падлогу, бо на столiку не было месца, ён спытаўся:

- Ты бачыў Сарторыуса?

- Не. А дзе ён?

- Наверсе.

Наверсе знаходзiлася лабараторыя. Мы зноў замоўклi. Было так цiха, што бляшанкi аж бразгалi ў нашых руках. На радыёстанцыi панавала ноч. Iлюмiнатар быў шчыльна зачынены звонку, пад столлю гарэлi чатыры круглыя свяцiльнiкi. Iх водблiскi трымцелi ў пластыкавым корпусе перадатчыка.

На скулах Снаўта выступiлi чырвоныя жылкi. Ён быў зараз у чорным вялiкiм паношаным свiтэры.

- Што з табой? - спытаўся Снаўт.

- Нiчога. А што можа быць?

- Ты спацеў.

Я рукой выцер лоб. Сапраўды, я аблiваўся потам; гэта, вiдаць, была рэакцыя на ранейшыя ўражаннi. Снаўт пазiраў на мяне. Мо расказаць яму? Я хацеў, каб Снаўт аказаў мне найбольш спрыяння. Хто, супраць каго i якую вёў тут гульню?

- Горача, - прамовiў я. - Я думаў, што клiматызатары ў вас працуюць лепей.

- Праз гадзiну будзе нармальна. А ты ўпэўнены, што ўспацеў толькi ад гарачынi? - Ён пiльна зiрнуў на мяне.

Я старанна жаваў, не выдаючы, што прыкмецiў яго позiрк.

- Што ты думаеш рабiць? - нарэшце спытаўся Снаўт, калi мы закончылi есцi.

Ён кiнуў увесь посуд i пустыя бляшанкi ва ўмывальнiк ля сцяны i зноў сеў у крэсла.

- Далучаюся да вас, - адказаў я флегматычна. - Вы ж маеце нейкi план даследаванняў? Нейкi новы раздражняльнiк, здаецца, рэнтген цi яшчэ нешта.

- Рэнтген? - здзiвiўся Снаўт. - Дзе ты гэта чуў?

- Не помню. Мне нехта сказаў. Мо на " Праметэi". А што? Вы яго ўжо скарыстоўваеце?

- Я не ведаю дэталяў. Гэта была iдэя Гiбарыяна. Ён распачаў разам з Сарторыусам. Але адкуль ты пра гэта ведаеш?

Я пацiснуў плячыма.

- Не ведаеш дэталяў? Ты мусiш быць пад час доследаў, гэта ж уваходзiць у твае абавязкi. - Я не дагаварыў.

Снаўт маўчаў. Пiск кандыцыянера сцiх. Тэмпература была нармальная. У паветры вiсеў толькi несцiханы высокi гук, якi нагадваў мармытанне канаючай мухi. Снаўт устаў, падышоў да пульта кiравання i пачаў бяссэнсава пстрыкаць выключальнiкамi - галоўны рубiльнiк быў адключаны. Праз нейкi час ён прамовiў, не паварочваючы галавы:

- Трэба будзе ў сувязi з гэтым выканаць усе фармальнасцi... ведаеш...

- Праўда?

Ён павярнуўся i зiрнуў на мяне нiбыта шалёны. Не магу сцвярджаць, што я знарок стараўся вывесцi яго з раўнавагi, але нiчога не разумеючы ў гульнi, якая тут распачалася, я мусiў быць стрыманым. Пад каўняром яго чорнага свiтэра рухаўся востры кадык.

- Ты быў у Гiбарыяна, - прамовiў Снаўт нечакана.

Гэта не прагучала запытаннем. Я ўзняў бровы i спакойна пазiраў у яго твар.

- Ты быў у яго пакоi, - паўтарыў ён.

Я кiўнуў, нiбыта згаджаючыся: " Дапусцiм. Ну i што? "

Я хацеў, каб ён працягваў.

- Хто там быў? - спытаўся Снаўт.

Ён ведаў пра яе!!!

- Нiкога. А хто там мог быць? - спытаўся я.

- Тады чаму ты мяне не пусцiў?

Я ўсмiхнуўся.

- Спалохаўся. Ты ж мяне папярэджваў. Калi клямка зрушылася, я iнстынктыўна прытрымаў яе. Чаму ты не сказаў, што гэта ты? Цябе я пусцiў бы.

- Я думаў, што там Сарторыус, - прамовiў ён няпэўна.

- Ну i што?

- Як ты лiчыш... што там сталася? - адказаў ён пытаннем на пытанне.

Я вагаўся.

- Ты павiнен ведаць лепш за мяне. Дзе ён?

- У халадзiльнiку, - адразу растлумачыў Снаўт. - Мы перанеслi яго ранкам, адразу ж... таму што гарачыня.

- Дзе ты яго знайшоў?

- У шафе.

- У шафе? Ён быў ужо нежывы?

- Сэрца яшчэ стукала, але ён ужо не дыхаў. Гэта была агонiя.

- Ты спрабаваў яго ўратаваць?

- Не.

- Чаму?

Ён памарудзiў.

- Я не паспеў. Ён памёр раней, чым я яго паклаў.

- Ён стаяў у шафе? Памiж камбiнезонамi?

- Так.

Снаўт падышоў да невялiкага пiсьмовага стала ў куце, узяў там лiсток паперы i паклаў яго перада мной.

- Я напiсаў папярэднi акт, - прамовiў ён. - Добра, што ты агледзеў пакой. Прычына смерцi... смяротная доза пернасталу. Там напiсана.

Я вачыма прабег кароткi тэкст.

- Самазабойства... - паўтарыў я цiха. - А прычына?..

- Нервовае ўзрушэнне... дэпрэсiя... альбо як гэта там называецца. Ты ведаеш гэта лепш, чым я.

- Я ведаю толькi тое, што сам бачу, - запярэчыў я i глянуў яму ў вочы, бо ён стаяў нада мной.

- Што ты хочаш сказаць? - спакойна спытаўся Снаўт.

- Ён увёў сабе пернастал i схаваўся ў шафе? Калi было менавiта так, то гэта не дэпрэсiя, не нервовая ўзбуджанасць, а востры псiхоз. Паранойя... Напэўна, яму здавалася, што ён нешта бачыць... - працягваў я ўсё больш павольна, пазiраючы яму ў вочы.

Ён адышоўся ад радыёпульта i зноў пачаў пстрыкаць выключальнiкамi.

- Тут толькi твой подпiс, - азваўся я праз хвiлiну. - А Сарторыуса?

- Ён у лабараторыi. Я табе ўжо казаў. Ён не паказваецца; я думаю, што...



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.