|
|||
Станіслаў Лем 4 страницаКалi звесткi Сатэлоiда рэальна не iснуюць, а толькi народжаны маiм хворым уяўленнем, яны не супадуць з другiм радам лiчбаў. Мой мозг можа быць хворым, але ён нiколi не можа выканаць разлiкi, якiя зрабiў вялiкi калькулятар Станцыi, бо спатрэбiлася б шмат месяцаў. А з гэтага вынiкае, што - калi лiчбы супадуць - вялiкi калькулятар Станцыi iснуе рэальна i я карыстаўся iм наяве, а не ў трызненнi. У мяне калацiлiся рукi, калi я даставаў з шуфляды тэлеграфную стужку i раскладваў яе на стале побач з такой жа, толькi крыху шырэйшай, стужкай калькулятара. Абодва рады лiчбаў супадалi, як я i меркаваў, да чацвёртага знака ўключна. Разыходжаннi з'явiлiся толькi ў пятым. Я схаваў усе паперы ў шуфляду. Калькулятар iснаваў незалежна ад мяне; значыць, iснавала i Станцыя, i ўсё, што на ёй адбывалася. Я збiраўся зачынiць шуфляду, калi заўважыў у ёй цэлы стос лiсткоў, скрэмзаных нейкiмi лiчбамi. Я дастаў iх; з першага позiрку было бачна, што нехта праводзiў ужо эксперымент, падобны на мой. Толькi замест звестак пра зоркавую сферу ў Сатэлоiда папрасiлi замеры асветленасцi планеты Салярыс з саракасекунднымi iнтэрваламi. Я не з'ехаў з глузду. Апошняя надзея патухла. Я выключыў перадатчык, выпiў рэшткi булёну ў тэрмасе i пайшоў спаць. ХЭРЫ Я рабiў вылiчэннi з нейкай маўклiвай зацятасцю, i толькi яна трымала мяне на нагах. Атупеўшы ад стомленасцi, я не здолеў нават раскласцi ложак у кабiне, i замест таго, каб адчапiць верхнiя клямары, я цягнуў за край, пакуль уся пасцель не ўпала на мяне. Нарэшце я апусцiў ложак, скiнуў з сябе на падлогу ўсё адзенне i бялiзну i амаль несвядома звалiўся на падушку, нават не напампаваўшы яе як след. Заснуў я пры святле, але не ведаю калi. Расплюшчыўшы вочы, я вырашыў, што спаў толькi некалькi хвiлiн. У пакоi стаяў чырвоны прыцемак. Было халаднавата i прыемна. Я ляжаў голы, нiчым не накрыўшыся. Насупраць ложка, ля напаўзачыненага iлюмiнатара, нехта сядзеў на крэсле ў промнях чырвонага сонца. Гэта была Хэры, у белай сукенцы, босая, нага на нагу, цёмныя валасы зачасаны назад, тонкая тканiна напiналася на грудзях; апусцiўшы загарэлыя да локцяў рукi, яна пiльна пазiрала на мяне з-пад сваiх чорных вейкаў. Я доўга зусiм спакойна разглядваў яе. Першая мая думка была: " Як добра, што гэта такi сон, калi ведаеш, што ўсё снiцца". I ўсё ж хай бы лепш яна знiкла. Заплюшчыўшы вочы, я з усяе моцы жадаў сабе гэтага, але калi расплюшчыў iх, Хэры сядзела ў ранейшай позе. На твары застыла звыклая грымаса, нiбыта яна збiралася свiснуць, але ў вачах не было нiякiх прыкмет усмешкi. Я згадаў усё, што думаў пра сон вечарам, перш чым заснуць. Яна нiяк не змянiлася, была такая ж, як i тым апошнiм разам, калi я бачыў яе жывой. Тады ёй было дзевятнаццаць; зараз было б дваццаць дзевяць. Так, яна, вядома, не змянiлася - памерлыя не старэюць. Яна мела тыя ж вочы, што здзiўлена пазiраюць на свет; i па-ранейшаму яна не зводзiла з мяне позiрку. Трэба кiнуць у яе чым-небудзь, падумаў я. I ўсё адно, хоць гэта мне толькi снiлася, я не мог нават у сне кiдаць што-небудзь у памерлую. - Бедная, - сказаў я, - ты з'явiлася адведаць мяне, праўда? Я трохi спалохаўся - мой голас прагучаў рэальна, а пакой i Хэры мелi выразныя абрысы, як наяве. Якi жывы сон, я не толькi адрознiваю колеры, але i бачу на падлозе шмат рэчаў, на якiя ўчора, калi клаўся спаць, нават не звярнуў увагi. Калi прачнуся, трэба будзе праверыць, цi ляжаць яны тут, цi проста сняцца мне, як i Хэры... - I доўга ты збiраешся так сядзець?.. - спытаўся я i заўважыў, што гавару цiха, каб нiхто не пачуў, нiбыта можна падслухаць сон! Тым часам сонца ўжо трохi паднялося. Гэта не вельмi кепска. Калi я лёг спаць, быў чырвоны дзень, пасля павiнен пачацца блакiтны i толькi пасля яго другi чырвоны. Не мог жа я праспаць пятнаццаць гадзiн, значыць, мне ўсё гэта снiцца! Супакоiўшыся, я ўважлiва прыгледзеўся да Хэры. Яна сядзела спiнай да святла; прамень, якi пранiкаў праз занавеску, залацiў аксамiтны пушок на яе левай шчацэ, а вейкi кiдалi на твар доўгi цень. Яна была прыгожая. Якi ж я скрупулёзны нават у сне: пiльную рух сонца i хачу, каб ямачка ў Хэры была на сваiм месцы - нiжэй куточка губ, больш нi ў кога я не бачыў такой ямачкi; але хай бы ўсё гэта скончылася. Мне ж трэба займацца справай. Я зажмурыўся, iмкнучыся прачнуцца, i раптам пачуў рыпенне. Я адразу ж расплюшчыў вочы. Хэры сядзела побач са мной i ўважлiва пазiрала на мяне. Я ўсмiхнуўся ёй, яна таксама ўсмiхнулася, нахiлiлася да мяне; першы пацалунак быў ледзь адчувальны, зусiм як дзiцячы. Я цалаваў яе доўга. Хiба можна так паводзiць сябе ў сне? думаў я. Але ж гэта нават не здрада яе памяцi, бо яна снiцца мне, менавiта яна. Такога здарэння са мной яшчэ не было... Мы па-ранейшаму маўчалi. Я ляжаў на спiне; калi яна падымала твар, я мог зазiрнуць у яе маленькiя, пранiзаныя сонцам ноздры - пастаянны барометр яе пачуццяў; кончыкамi пальцаў я пакратаў яе вушы, заружавелыя ад пацалункаў. Не ведаю, што мяне непакоiла; я ўсё даказваў сабе, што гэта сон, але сэрца маё сцiскалася. Я вырашыў устаць, абавязкова ўстаць; але ўнутрана быў падрыхтаваны, што мне гэта не ўдасца, бо ў сне цела часта не слухаецца нас, яно быццам чужое або яго наогул не адчуваеш. Я разлiчваў, што, iмкнучыся ўстаць, прачнуся, але замест гэтага сеў, апусцiўшы ногi на падлогу. Нiчога не зробiш, давядзецца даглядзець сон да канца, - падумаў я, але настрой сапсаваўся дарэшты. Мне стала страшна. - Што ты хочаш? - спытаўся я хрыплым голасам i адкашляўся. Звыкла пашукаў босымi нагамi пантофлi i перш чым успомнiў, што iх тут няма, так стукнуўся пальцам, што нават заенчыў. Ну, цяпер-то ўжо я напэўна прачнуўся, падумаў з задавальненнем. Але нiчога не змянiлася. Калi я сеў, Хэры адсунулася. Яна прыхiнулася да спiнкi ложка. Было бачна, як у яе б'ецца сэрца: сукенка злева прыкметна ўздрыгвала. Яна разглядвала мяне спакойна i з цiкаўнасцю. Добра было б схадзiць у душ, але хiба душ, якi снiцца, можа разбудзiць? - Як ты сюды трапiла? - спытаўся я. Яна падняла маю руку i пачала забаўляцца з ёю, знаёмым рухам падкiдвала i лавiла мае пальцы. - Не ведаю, - адказала яна. - Хiба гэта дрэнна? Голас у яе быў гэткi ж нiзкi, i гаварыла яна гэтак жа абыякава, як i заўсёды, нiбыта яе турбавалi не вымаўленыя словы, а нешта зусiм iншае; таму часам здавалася, што Хэры нi пра што не думае, а часам - што яна нiчога не саромеецца. Яна прыглядалася з ледзь прыкметным здзiўленнем, якое свяцiлася i ў яе ў вачах. - Цябе... хто-небудзь бачыў? - Не ведаю, я проста прыйшла... якое гэта мае значэнне, Крыс? Забаўляючыся i далей з маёй рукой, яна насупiлася. - Хэры? - Што, мiлы? - Адкуль ты даведалася, дзе я? Гэта яе спынiла. Хэры бездапаможна развяла рукамi, усмiхнулася. У яе былi такiя цёмныя губы, што на iх не заставалася слядоў нават ад вiшань. - Паняцця не маю... Дзiўна, праўда? Ты спаў, калi я ўвайшла, але я цябе не разбудзiла. Я не хацела цябе будзiць, ты злоснiк. Злоснiк i зануда, - у такт сваiм словам яна энергiчна падкiдвала маю далонь. - Ты была ўнiзе? - Ага. Я ўцякла адтуль: там холадна. Яна выпусцiла маю руку. Кладучыся на бок, страсянула галавой, адкiдаючы валасы, паглядзела на мяне з той ледзь прыкметнай усмешкай, якую я не пераносiў, пакуль не пакахаў Хэры. - Але ж... Хэры... але ж, - мармытаў я. Нахiлiўшыся над ёй, я падняў кароткi рукаў яе сукенкi. Над падобным на венчык кветкi следам ад прывiўкi воспы чырванелася маленькая ранка ад уколу. Праўда, я гэтага чакаў (бо мiжволi шукаў хоць нейкую логiку), але мне стала блага. Я дакрануўся пальцам да ранкi ад уколу - яна мне снiлася праз доўгiя гады. Як часта я прачынаўся з енкам на скамечанай пасцелi, заўсёды ў адной i той жа позе, скурчыўшыся амаль папалам, так, як ляжала яна, калi я знайшоў яе ўжо халоднай - нiбы стараўся вымалiць у яе памяцi дараванне альбо хоць быць побач з ёй у апошнiя хвiлiны, калi яна, адчуўшы дзеянне ўколу, спалохалася. Яна ж баялася нават звычайнай драпiны, не пераносiла нi болю, нi крывi, а тут адважылася на такое. I пакiнула мне пяць слоў на лiстку. Запiска была са мной заўсёды, пакамечаная, парваная на згiбах; у мяне не хапала смеласцi расстацца з ёй - тысячу разоў я вяртаўся да тае хвiлiны, калi Хэры пiсала яе, i стараўся ўявiць сабе, што яна тады адчувала. Я пераконваў сябе, што яна хацела проста пажартаваць i напалохаць мяне, а доза аказалася - выпадкова - надта вялiкая. Усе даказвалi мне, што так i было альбо што яна зрабiла гэта пад уплывам хвiлiннай слабасцi, раптоўнай дэпрэсii. Нiхто ж не ведаў, што я сказаў ёй за пяць дзён да гэтага. Я нават забраў свае рэчы, каб ёй было яшчэ больш балюча. А яна, калi я збiраўся, прамовiла занадта спакойна: " Ты разумееш, што гэта азначае?.. " - i я зрабiў выгляд, нiбы не разумею, хоць цудоўна разумеў. Але я лiчыў яе баязлiўкай i сказаў ёй пра гэта - а зараз яна ляжала папярок ложка i ўважлiва пазiрала на мяне, быццам не ведала, што я забiў яе. - I гэта ўсё? - спыталася яна. Пакой быў чырвоны ад сонца. Валасы Хэры палымнелi. Яна паглядзела на сваю руку, нiбыта хацела зразумець, чаму я так доўга яе разглядваю, пасля прыцiснулася халаднаватай гладкай шчакой да маёй далонi. - Хэры, - хрыпла прамовiў я, - не можа быць... - Перастань! Вочы яе былi заплюшчаны, павекi ўздрыгвалi, чорныя вейкi датыкалiся да шчок. - Дзе мы, Хэры? - У нас. - А дзе гэта? На iмгненне яна расплюшчыла адно вока i адразу ж зноў заплюшчыла, паказытала вейкамi маю далонь. - Крыс! - Што? - Мне так добра. Я сядзеў над ёй не кратаючыся. Падняў галаву i ўбачыў у люстэрку над рукамыйнiкам частку ложка, рассыпаныя валасы Хэры i свае голыя каленi. Я падсунуў нагой нейкi напалову абгарэлы прадмет, адзiн з тых, што валялiся на падлозе, падняў яго, прыклаў вострым канцом да нагi, там, дзе ружавеўся паўкруглы сiметрычны шрам, i ўваткнуў у цела. Боль быў рэзкi. Я пазiраў на буйныя кроплi крывi, якiя сцякалi па назе i бязгучна падалi на падлогу. Усё дарэмна. Страшныя думкi, якiя круцiлiся ў галаве, набывалi ўсё больш пэўныя абрысы, я ўжо не паўтараў: " Гэта сон", я даўно перастаў верыць у яго, зараз я думаў: " Трэба абараняцца". Я паглядаў на спiну Хэры, на лiнiю бядра, на босыя ногi, якiя звiсалi з ложка. Я выцягнуў руку i асцярожна пакратаў яе ружовую пятку, правёў пальцам па падэшве. Яна была далiкатная, як у немаўляцi. Зараз я быў перакананы: гэта не Хэры, я амаль што безаглядна верыў у гэта - нават яна сама не ведае аб тым. Яе босая ступня здрыганулася ў маёй далонi, цёмныя губы Хэры трэслiся ад бязгучнага смеху. - Перастань... - прашаптала яна. Я цiхенька вызвалiў руку з-пад яе шчакi, устаў i пачаў спешна апранацца. Хэры сядзела на ложку i пазiрала на мяне. - Дзе твае рэчы? - спытаўся я i адразу ж пашкадаваў пра гэта. - Мае рэчы? - Няўжо ў цябе толькi адна сукенка? Зараз гэта была ўжо гульня. Я iмкнуўся трымацца будзённа, свабодна, быццам мы рассталiся толькi ўчора, не, быццам мы наогул нiколi не разлучалiся. Хэры ўстала, знаёмым лёгкiм i моцным рухам паправiла сукенку. Мае словы заiнтрыгавалi Хэры, але яна прамаўчала. Толькi цяпер яна ўважлiва ўсё агледзела i, вiдаць, здзiўленая павярнулася да мяне. - Не ведаю, - прамовiла яна бездапаможна, - магчыма, у шафе?.. - дадала Хэры i адчынiла дзверы. - Не, там толькi камбiнезоны, - адказаў я. Я знайшоў каля рукамыйнiка электрабрытву i пачаў галiцца. Стараўся не стаць плячыма да дзяўчыны, кiм бы яна нi была. Хэры хадзiла па кабiне, зазiрала ва ўсе куткi, углядалася ў iлюмiнатар, нарэшце падышла да мяне i прамовiла: - Крыс, у мяне такое адчуванне, быццам нешта здарылася. I змоўкла. Я выключыў брытву i чакаў. - Быццам я нешта забылася... быццам шмат што забылася. Ведаю... памятаю толькi цябе... i... i нiчога больш. Я слухаў яе, стараючыся нiяк не выявiць сябе. - Я была... хворая? - Ну... можна сказаць i так. Нейкi час ты хварэла. - Ага, вось, значыць, у чым справа. Хэры адразу супакоiлася. Я не магу перадаць мой стан: калi яна маўчала, хадзiла, сядзела, усмiхалася, перакананасць, што перада мной Хэры, была мацнейшая за гнятлiвую трывогу. Пасля мне зноў пачало здавацца, што гэта не Хэры, а толькi яе спрошчаны вобраз, заснаваны на некалькiх характэрных словах, рухах, жэстах. Яна наблiзiлася да мяне амаль ушчыльную, уперлася кулачкамi ў мае грудзi i спыталася: - Як у нас з табой? Добра цi дрэнна? - Цудоўна, - адказаў я. Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася. - Калi ты так гаворыш, значыць, дрэнна. - Што ты, Хэры! Ведаеш, дарагая, мне трэба зараз выйсцi, - хуценька прамовiў я. - Пачакай мяне, добра? А мо ты галодная? - дадаў я i раптам сам захацеў есцi. - Галодная? Не. - Яна пакруцiла галавой, яе валасы рассыпалiся па плячах. - Мне чакаць цябе? Доўга? - З гадзiну... - пачаў я. - Я пайду з табой, - перабiла Хэры. - Табе нельга iсцi са мной, мне трэба працаваць. - Я пайду з табой. Гэта была зусiм iншая Хэры: тая ў падобных выпадках нiколi не настойвала. Нiколi. - Дзiцятка маё, гэта немажлiва... Яна пазiрала на мяне знiзу, пасля ўзяла за руку. Я правёў далонню па яе руцэ, плячо было пругкае i цёплае. Зусiм не жадаючы, я лашчыў яе. Уся мая iстота прагнула яе, я хацеў яе насуперак розуму, насуперак усiм аргументам, насуперак страху. З усяе сiлы стараючыся захаваць спакой, я паўтарыў: - Хэры, гэта немагчыма, ты павiнна застацца. - Не. Як гэта прагучала! - Чаму? - Н-не... ведаю. Яна азiрнулася i зноў падняла вочы на мяне. - Я не магу... - прамовiла яна цiха. - Чаму?! - Не ведаю. Не магу. Мне здаецца... Мне здаецца... Яна з цяжкасцю шукала адказу, а калi знайшла, то i для яе самой ён прагучаў нечакана: - Мне здаецца, што я павiнна бачыць цябе... заўсёды. Спакойная iнтанацыя хавала не пачуццi, а нешта зусiм iншае. Я гэта адчуў. Знешне ўсё заставалася па-ранейшаму: я абдымаў яе, гледзячы ў вочы, але пацiху пачаў заломваць ёй рукi за спiну, нерашучыя рухi сталi ўпэўненымi - я знайшоў сваю мэту. Вачыма я ўжо шукаў, чым можна звязаць яе. Яе локцi, адведзеныя мною назад, стукнулiся i адначасова напружылiся з такой сiлай, якая звяла на нiшто мае намаганнi. Я змагаўся мо хвiлiну. Яна стаяла, выгнуўшыся назад, ледзь не краналася падлогi. У такiм становiшчы нават атлет не здолеў бы супрацiўляцца. А яна, няпэўна ўсмiхаючыся, вызвалiлася з маiх абдымкаў, выпрасталася i апусцiла рукi. Твар яе нават не здрыгануўся. Яе вочы сачылi за мной гэтак жа спакойна, з цiкаўнасцю, як i напачатку, калi я прачнуўся. Яна, вiдаць, нават не заўважыла маiх адчайных высiлкаў, выклiканых прылiвам страху. Зараз яна стаяла абыякавая, засяроджаная, крыху здзiўленая, нiбыта нечага чакаючы. Мае рукi апусцiлiся. Я пакiнуў яе пасярод пакоя i падышоў да палiцы ля рукамыйнiка. З адчуваннем, што трапiў у неверагодную пастку, я шукаў выйсця, мяркуючы зрабiць усё, што патрабавала сiтуацыя. Калi б нехта спытаўся, што са мной сталася i што ўсё гэта азначае, я не здолеў бы выцiснуць з сябе нiводнага слова, але я паступова зразумеў: тое, што адбываецца на Станцыi з усiмi намi, гэта непарыўнае цэлае, такое ж страшнае, як i незразумелае. Аднак у той момант я быў заняты iншым - спрабаваў знайсцi хоць нейкi ход, нейкую шчылiну для выратавання. Я ўвесь час адчуваў на сабе позiрк Хэры. Над палiцай у сцяне была маленькая аптэчка. Я хутка агледзеў яе, знайшоў слоiк са снатворнымi парашкамi i кiнуў чатыры таблеткi - максiмальную дозу - у шклянку. Я нават не хаваў свае манiпуляцыi ад Хэры, цяжка сказаць чаму, я не задумваўся над гэтым. Налiў у шклянку гарачай вады i пачакаў, пакуль таблеткi растворацца, падышоў да Хэры, якая ўсё яшчэ стаяла пасярод пакоя. - Ты гневаешся? - спыталася яна цiха. - Не. Выпi вось гэта. Не ведаю, чаму я лiчыў, што Хэры паслухаецца. Сапраўды, яна моўчкi ўзяла ў мяне шклянку i выпiла яе залпам. Я паставiў пустую шклянку на столiк i сеў у кут памiж шафай i кнiжнай палiцай. Хэры няспешна падышла да мяне, уселася на падлозе ля крэсла, яна рабiла гэта i раней, падкурчыла ногi i добра знаёмым рухам адкiнула валасы назад. Хоць я ўжо больш не верыў, што гэта Хэры, усё адно кожны раз, калi я пазнаваў яе прывычкi, штосьцi сцiскала маё горла. Гэта было незразумела i страшна, а страшней за ўсё тое, што я i сам паводзiў сябе вераломна, робячы выгляд, што прымаю яе за Хэры, але ж яна сама лiчыла сябе Хэры, i, згодна з яе разуменнем, тут не было нiякай хiтрасцi. Не магу растлумачыць, як я здагадаўся, што ўсё менавiта так, але я быў упэўнены ў гэтым, калi наогул яшчэ магла iснаваць хоць нейкая ўпэўненасць! Я сядзеў, а дзяўчына абаперлася плячыма на мае каленi, яе валасы казыталi маю руку. Мы сядзелi нерухома. Некалькi разоў я непрыкметна пазiраў на гадзiннiк. Мiнула паўгадзiны, снатворнае павiнна падзейнiчаць. Хэры нешта цiхенька прамармытала. - Што ты сказала? - спытаўся я. Яна не адказала. Я палiчыў гэта адзнакай яе санлiвасцi, хоць - далiбог, у глыбiнi душы сумняваўся, што на яе падзейнiчае лякарства. Чаму? Не ведаю. Верагодна, таму, што такое выйсце было б занадта простае. Яе галава паволi апускалася на мае каленi, цёмныя валасы ўпалi на твар; Хэры дыхала спакойна, як чалавек, якi спiць. Я нахiлiўся, каб аднесцi яе на ложак. Не расплюшчваючы вачэй, яна крыху турзанула мяне за валасы i гучна рассмяялася. Я здранцвеў, а яна залiвалася смехам i, прымружыўшы вочы, назiрала за мной. Выраз яе твару быў наiўны i хiтры. Я сядзеў ненатуральна прама, аглушаны i бездапаможны, а Хэры хiхiкнула яшчэ раз, прыцiснулася шчакой да маёй рукi i змоўкла. - Чаго ты смяешся? - глуха спытаўся я. Яе твар зноў стаў неспакойны, задумлiвы. Я бачыў, што яна хоча быць шчырай. Хэры паднесла палец да носа i прамовiла, уздыхаючы: - Сама не ведаю. У яе словах прагучала шчырае здзiўленне. - Я здаюся табе iдыёткай, праўда? - працягвала яна. - Неяк раптоўна мне... але i ты добры... сядзiш насуплены, як... як Пельвiс... - Як хто? - перапытаў я. Мне падалося, што я дрэнна пачуў. - Як Пельвiс, ты ж ведаеш, той таўстун... Несумненна, Хэры не магла нi ведаць, нi чуць пра яго ад мяне: ён вярнуўся са сваёй экспедыцыi сама малае гады праз тры пасля яе смерцi. Я таксама не ведаў яго раней i нават уяўлення не меў, што ён, калi старшынюе на сходах Iнстытута, неверагодна зацягвае гэтыя пасяджэннi. Яго прозвiшча Пеле Вiлiс, што скарочана ўтварае мянушку, якую да яго вяртання таксама нiхто не ведаў. Хэры абаперлася локцямi на мае каленi i пазiрала мне ў твар. Я правёў далонямi па яе руках, плячах, шыi, адчуў пульсуючыя жылкi. Гэта можна было лiчыць ласкай. Мяркуючы па яе позiрку, яна менавiта так гэта ўспрыняла. А я проста хацеў пераканацца, што дакранаюся да звычайнага цёплага чалавечага цела, што пад яе скурай ёсць мускулы, косцi, суставы. Пазiраючы ў яе спакойныя вочы, я адчуў неадольнае жаданне з усяе сiлы схапiць яе за горла. Мае пальцы амаль сцiснулiся, але тут я згадаў акрываўленыя рукi Снаўта i адпусцiў Хэры. - Як ты дзiўна пазiраеш... - прамовiла яна спакойна. Маё сэрца калацiлася так, што я не мог гаварыць. На iмгненне я заплюшчыў вочы. Нечакана ў мяне ўзнiк план. Адразу ўвесь, з усiмi дэталямi. Не губляючы нi секунды, я ўстаў з крэсла. - Я мушу iсцi, Хэры, але калi ты вельмi хочаш, то можаш пайсцi са мной. - Добра. Яна ўсхапiлася на ногi. - Чаму ты босая? - спытаўся я, падыходзячы да шафы i выбiраючы сярод рознакаляровых камбiнезонаў два - сабе i ёй. - Не ведаю... вiдаць, некуды закiнула туфлi... - сказала яна няпэўна. Я не звярнуў на гэта ўвагi. - Здымi сукенку, iнакш ты не апранеш камбiнезон. - Камбiнезон?.. Навошта? - спыталася яна, адразу сцягваючы сукенку. Але тут высветлiлася дзiўная рэч - сукенку нельга было зняць- яна аказалася без усялякай зашпiлькi. Чырвоныя гузiкi пасярод былi толькi аздобай. Нiякiх зашпiлек няма. Хэры разгублена ўсмiхалася. Робячы выгляд, што гэта сама звыклая справа, я падняў з падлогi iнструмент, падобны на скальпель, надрэзаў iм сукенку, там, дзе на спiне пачыналася дэкальтэ. Цяпер яна магла зняць сукенку праз галаву. Камбiнезон быў ёй трохi велiкаваты. - Мы паляцiм?.. Разам? - дапытвалася яна, калi мы, апрануўшыся, выходзiлi з пакоя. Я кiўнуў галавой. Я надта баяўся, што мы сустрэнем Снаўта, але калiдор, якi вёў да ўзлётнай пляцоўкi, быў пусты, а дзверы радыёстанцыi, мiма якiх мы прайшлi, зачынены. На Станцыi панавала мёртвая цiшыня. Хэры сачыла, як на невялiкай электрычнай калясцы я вывозiў з сярэдняга бокса на свабодную паласу ракету. Я метадычна праверыў стан мiкрарэактара, тэлекiраванне рухавiка, затым разам са стартавай каляскай перакацiў ракету на круглую ролiкавую плоскасць стартавага стала пад цэнтрам лейкападобнага купала, прыняўшы адтуль пустую капсулу. Гэта была невялiкая ракета для сувязi Станцыi з Сатэлоiдам; яна прызначалася для перавозак грузу, людзi ў ёй ляталi ў выключных выпадках ракета не адчынялася знутры. Мне патрабавалася менавiта такая ракета. Вядома, я не збiраўся запускаць яе, але рабiў усё, як перад сапраўдным стартам. Хэры неаднойчы суправаджала мяне пад час палётаў i крыху разбiралася ў падрыхтоўцы да старту. Я праверыў стан кандыцыянераў i кiслароднай апаратуры, запусцiў iх, а калi запалiлiся кантрольныя лямпачкi, вылез з цеснага бокса i звярнуўся да Хэры, якая стаяла ля трапа: - Заходзь. - А ты? - Зайду пасля цябе. Мне трэба зачынiць люк. Я не баяўся, што яна адгадае мой намер. Калi яна па трапе паднялася ў ракету, я адразу ж усунуў галаву ў люк i спытаўся, цi добра ёй там; пачуў глухое " ага", адступiўся i з усяе сiлы зачынiў века. Я дарэшты зацiснуў абедзве засаўкi i загадзя падрыхтаваным ключом пачаў закручваць пяць шрубаў, якiя замацоўвалi ў пазах века люка. Металiчная сiгара стаяла вертыкальна i была гатова вось-вось узляцець. Я ведаў, той, якую я замкнуў, нiчога не пагражае - у ракеце дастаткова кiслароду, нават харчу крыху ёсць; зрэшты, я зусiм не збiраўся трымаць яе там да бясконцасцi. Я iмкнуўся любой цаной здабыць хоць некалькi гадзiн свабоды, каб усё абдумаць, звязацца са Снаўтам i пагаварыць з iм ужо на роўных. Калi я закручваў апошнюю шрубу, дык адчуў, што металiчныя мацаваннi, на якiх трымаецца ракета, устаноўленая толькi на выступах з трох бакоў, уздрыгваюць, але вырашыў, што гэта я сам з дапамогай вялiкага ключа неасцярожна расхiстаў стальную глыбу. Я адышоўся на некалькi крокаў i ўбачыў тое, чаго не хацеў бы бачыць больш нiколi ў жыццi. Ракета расхiсталася ад удараў знутры. Ды якiх удараў! Каб там быў стальны робат, а не чорнавалосая стройная дзяўчына, то i ён не здолеў бы гэтак трэсцi васьмiтонную ракету! На палiраванай паверхнi снарада мiгцелi i пералiвалiся водблiскi агнёў касмадрома. Я не чуў нiякiх гукаў - унутры было цiха, толькi шырока расстаўленыя апоры стартавага стала, на якiх стаяла ракета, страцiлi дакладнасць абрысаў. Яны вiбравалi, як струны, - я нават спалохаўся, што ўсё можа развалiцца. Дрыготкiмi рукамi зацiснуў апошнюю шрубу, кiнуў ключ i саскочыў з трапа. Паволi адступаючы, я ўбачыў, як амартызатары, разлiчаныя толькi на пастаянны цiск, падскокваюць у сваiх гнёздах. Мне здалося, што стальная абшыўка мяняе свой колер. Як звар'яцел'ы, я падбег да пульта дыстанцыйнага кiравання, абедзвюма рукамi штурхануў угору рубiльнiк пуску рэактара i ўключэння сувязi; тады з рэпрадуктара, якi быў спалучаны з ракетай, пачуўся не то пiск, не то скавытанне, зусiм не падобнае на чалавечы голас, i ўсё-ткi я разабраў: " Крыс! Крыс! Крыс!!! " Зрэшты, гучала гэта не вельмi выразна. Кроў лiлася з разбiтых костачак, так хаатычна i прымусова стараўся я запусцiць снарад. Блакiтны водблiск упаў на сцены стартавага стала; з адлюстравальнiка газаў павалiлi клубы дыму, якiя ператварылiся ў сноп асляпляльных iскраў; усе гукi накрыў высокi працяжны гул. Ракета ўзнялася на трох струменях полымя, якiя адразу ж злiлiся ў адзiн вогненны слуп, i, пакiдаючы за сабой дрыготкае марыва, вылецела праз шлюзавую адтулiну, якая адразу ж зачынiлася. Аўтаматычныя вентылятары пачалi падаваць свежае паветра ў залу, дзе яшчэ вiхурыўся едкi дым. Я на ўсё гэта не звяртаў увагi. Рукамi трымаўся за пульт, твар гарэў ад апёку, валасы абгарэлi ад цеплавога выпраменьвання; я сутаргава хапаў паветра, якое пахла гарэлым i азонам. Хоць пад час старту я iнстынктыўна заплюшчыў вочы, рэактыўны струмень асляпiў мяне. Даволi доўга перад вачыма стаялi чорныя, чырвоныя i залатыя кругi. Паступова яны растварылiся. Дым, пыл, туман знiкалi ў трубах вентылятараў, якiя цяжка стагналi. Перш за ўсё я ўбачыў зялёны экран радара. Я пачаў шукаць ракету з дапамогай радыёлакатара. Калi нарэшце злавiў, яна была ўжо за межамi атмасферы. Нiколi ў жыццi я не запускаў снарад так паспешна, усляпую, не ведаючы, якое паскарэнне яму надаць, куды наогул яго скiраваць. Я падумаў, што прасцей за ўсё вывесцi ракету на арбiту вакол Салярыс з радыусам каля тысячы кiламетраў. Тады я здолеў бы выключыць рухавiкi. Калi яны будуць працаваць, можа адбыцца катастрофа, вынiкi якой цяжка ўявiць. Тысячакiламетровая арбiта - як я пераканаўся з таблiцы - была стацыянарная. Але i яна, калi гаварыць праўду, нiчога не гарантавала. Проста я не мог прыдумаць нiчога iншага. У мяне не хапiла адвагi ўключыць радыёсувязь, якую я выключыў адразу пасля старту. Я зрабiў бы ўсё, абы толькi не чуць гэтага страшнага голасу, у якiм ужо не засталося нiчога чалавечага. Усе маскi былi сарваны - у гэтым можна прызнацца, - i пад выявай Хэры адкрылася iншая, сапраўдная выява, такая, што шаленства стала ўяўляцца сапраўдным збавеннем. Была роўна гадзiна, калi я пайшоў з касмадрома. " МАЛЫ АПОКРЫФ" Скура на маiх руках i твары была абпаленая. Я ўспомнiў, што калi шукаў снатворнае для Хэры (калi б у мяне была сiла, я пасмяяўся б над сваёй наiўнасцю), то заўважыў у аптэчцы бутэлечку з маззю ад апёкаў, i пайшоў да сябе. Адчынiў дзверы i ў чырвоным святле захаду ўбачыў, што ў крэсле, ля якога Хэры стаяла нядаўна на каленях, нехта сядзiць. На нейкую долю секунды мяне апанаваў страх, я запанiкаваў i адскочыў, гатовы ўцякаць. Той, хто сядзеў, падняў галаву. Гэта быў Снаўт. Заклаўшы нагу за нагу, спiнай да мяне (на iм былi тыя ж шарачковыя штаны з плямамi ад рэактываў), ён праглядаў нейкiя паперы. Яны ляжалi на столiку побач. Пасля адклаў паперы i пачаў змрочна разглядаць мяне з-пад апушчаных на кончык носа акуляраў. Не кажучы нi слова, я падышоў да рукамыйнiка, дастаў з аптэчкi мазь i пачаў мазаць ёю лоб i шчокi, там, дзе былi сама моцныя апёкi. На шчасце, я паспеў тады зажмурыцца, i вочы мае ацалелi. Некалькi вялiкiх пухiроў на вiсках i шчоках я прапароў стэрыльнай iголкай i шпрыцам высмактаў з iх вадкасць. Пасля наклеiў на твар дзве марлевыя накладкi з маззю. Снаўт па-ранейшаму назiраў за мной. Мне было ўсё адно. Твар мой гарэў усё мацней. Я закончыў свае працэдуры i сеў у другое крэсла, зняўшы з яго сукенку Хэры. Гэта была сама звычайная сукенка, толькi без усялякiх зашпiлек. Снаўт, склаўшы рукi на касцiстым калене, крытычна сачыў за маiмi рухамi. - Ну што, пагаворым? - прамовiў ён, калi я сеў. Я прамаўчаў, прыцiскаючы марлю, якая спаўзала са шчакi. - Былi госцi, праўда? - Праўда, - адказаў я суха. Я не меў нiякай ахвоты падладжвацца пад яго тон. - I пазбавiўся ад iх? Ну, ну, iмпэтна ты за гэта ўзяўся. Снаўт памацаў лоб, на якiм лушчылася скура. Праз яе свяцiлася маладая ружовая скурка. I тады я ўсё зразумеў. Чаму я вырашыў, што гэта загар? На Салярыс жа нiхто не загарае... - Але пачаў ты вельмi сцiпла, - працягваў Снаўт, не звяртаючы ўвагi на маё хваляванне. - Магчымыя наркотыкi, яды, амерыканская барацьба, хiба не так? - Што ты хочаш? Давай пагаворым сур'ёзна. Калi ты хочаш блазнаваць, лепей iдзi. - Часам мiжволi даводзiцца блазнаваць, - адказаў ён i падняў на мяне прымружаныя вочы. - Ты ж не будзеш запэўнiваць, што не карыстаўся нi вяроўкай, нi малатком? А чарнiлiцу ты выпадкам не кiдаў, як Лютэр? Не? О, - скрывiўся ён, - тады ты проста малайчына! I рукамыйнiк цэлы, ты нават не спрабаваў расквасiць галаву, i ў пакоi ўсё цэлае. Ты проста раз, два, i гатова пасадзiў, запусцiў на арбiту, i квiты?! Снаўт зiрнуў на гадзiннiк. - Значыць, гадзiны дзве, а мо i тры ў нас ёсць, - закончыў ён, непрыемна ўсмiхаючыся. Пасля працягваў: - Так, значыць, ты лiчыш, што я свiння? - Сапраўдная свiння, - сказаў я цвёрда. - Ага, а ты паверыў бы, калi б я табе расказаў? Паверыў бы хоць аднаму майму слову? Я не адказаў. - Спачатку гэта адбылося з Гiбарыянам, - працягваў Снаўт з той жа непрыемнай усмешкай. - Ён замкнуўся ў сваёй кабiне i гаварыў з намi толькi праз дзверы. Ты ведаеш, што мы вырашылi? Я ведаў, але прамаўчаў. - Ну вядома. Мы думалi, што ён звар'яцеў. Ён расказаў нам трохi праз дзверы, але не ўсё. Магчыма, ты нават здагадваешся, чаму ён не сказаў, хто ў яго. Так, ты ўжо ведаеш: suum cuique*. Але Гiбарыян быў сапраўдны даследнiк. Ён запатрабаваў, каб мы далi яму шанц. * Suum cuiquе (лац. ) - кожнаму сваё. - Якi шанц? - Ён спрабаваў усё класiфiкаваць, разабрацца, зразумець, працаваў ноччу. Ведаеш, што ён рабiў? Вядома, ведаеш! - Разлiкi. У шуфлядзе. На радыёстанцыi. Гэта яго? - Так. Але тады я пра гэта нiчога не ведаў. - Колькi гэта працягвалася? - Гасцяванне? Мо з тыдзень. Мы вялi размовы праз дзверы. Што там тварылася! Мы думалi, у яго галюцынацыi, псiхамоўнае ўзбуджэнне. Я даваў яму скапаламiн. - Як гэта... яму?
|
|||
|