Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Станіслаў Лем 11 страница



Я ведаў не ўключаныя ў гэты каталог салярыстычнай класiкi, бадай што несправядлiва, арыгiнальныя працы некалькiх эўрапейскiх псiхолагаў, якiя мелi з салярыстыкай даўнiя зносiны, вывучалi грамадскую думку, збiралi сама звычайныя, часам некампетэнтныя выказваннi i выявiлi дзiўную залежнасць адносiн неспецыялiстаў да гэтага пытання ад працэсаў, што адбывалiся ў асяроддзi навукоўцаў.

У сферы каардынуючай групы iнстытута планеталогii, там, дзе вырашалася пытанне пра матэрыяльную падтрымку даследаванняў, таксама адбывалiся змены пастаянна, хоць i паступова, скарачаўся бюджэт салярыстычных iнстытутаў i ўстаноў, фiнансаванне экспедыцый на планету.

Галасы пра неабходнасць скарачэння даследаванняў злучалiся з патрабаваннямi выкарыстаць больш дзейсныя сродкi. Найбольш максiмалiсцкiмi былi патрабаваннi адмiнiстратыўнага дырэктара Ўсезямнога касмалагiчнага iнстытута. Дырэктар настойлiва пераконваў, што жывы Акiян не iгнаруе людзей, ён проста не заўважае iх, як слон - мураша, якi паўзе па яго спiне, i, каб прыцягнуць увагу i сканцэнтраваць яе на нас, патрэбны магутныя раздражняльнiкi i машыны-велiканы ў маштабах усёй планеты. Цiкава, што, як з'едлiва падкрэслiвала прэса, такiх дарагiх мерапрыемстваў патрабаваў дырэктар Касмалагiчнага iнстытута, а не Iнстытута планеталогii, якi фiнансаваў салярыстычныя даследаваннi. Гэта была шчодрасць за чужы кошт.

А пазней мiтусня гiпотэз, крыху падноўленых, неiстотна змененых, забыццё адных або перабольшаная ўвага да другiх, заводзiла салярыстыку, да гэтага часу зразумелую, нягледзячы на шматлiкiя адхiленнi, у цёмныя i бесперспектыўныя завулкi лабiрынта. У атмасферы агульнай абыякавасцi, застою, расчаравання iншы акiян - акiян бясплодных публiкацый супернiчаў з салярысным.

За два гады да таго, як я, выпускнiк Iнстытута, стаў працаваць у лабараторыi Гiбарыяна, быў заснаваны фонд Мета - Iрвiнга, якi прызначаўся для заахвочвання тых, хто знойдзе спосаб выкарыстання для патрэб чалавека энергii акiянiчнага глею. Гэта зваблiвала i раней, i неаднойчы касмiчныя караблi дастаўлялi на Зямлю груды плазматычнага сцюдзеню. Доўга i настойлiва вывучалi спосабы яго кансервацыi, скарыстоўвалi высокiя або нiзкiя тэмпературы, штучныя мiкраатмасферу i мiкраклiмат, што адпавядалi салярысным, фiксавалi апраменьванне, прымянялi тысячу хiмiчных рэактываў - i ўсё дзеля таго, каб назiраць больш або менш вялы працэс распаду, зразумела, як i ўсе iншыя шматразова выкладзены сама найлепшым чынам у розных стадыях: самазнiшчэння, высыхання, звадкавання, пярвiчнага i другаснага, ранняга або позняга. Аналагiчныя вынiкi давалi ўсе пробы, якiя бралiся ў розных частках Акiяна i з утварэнняў плазмы. Адрознiвалiся толькi шляхi, якiя вялi да вынiку, а ён быў аднолькавы: лёгкая, як попел, металёва блiскучая, вытанчаная аўтаферментацыяй субстанцыя. Яе састаў, суадносiны элементаў i хiмiчныя формулы кожны салярыст мог назваць нават у сне.

Усе спробы захаваць па-за планетай жыццё (альбо хоць часовую вегетацыю, нават пры звышнiзкiх тэмпературах) большай або меншай часткi пачвары, заканчвалiся няўдачай. Гэта паклала пачатак тэорыi, якую распрацавала школа Менье i Прароха, аб тым, што трэба адкрыць адну-адзiную таямнiцу, i калi да яе будзе падабраны адпаведны ключ, усё стане зразумела...

На пошукi гэтага ключа, гэтага фiласофскага каменя Салярыс дарэмна гублялi час i энергiю людзi, якiя часта не мелi нiякiх адносiн да навукi, а ў чацвёртай дэкадзе iснавання салярыстыкi стала гэтулькi камбiнатараў-маньякаў, якiя выйшлi з асяродкаў, не звязаных з навукай, i апантаных сваiм захапленнем мацней, чым iхнiя папярэднiкi - прарокi " перпетуум-мобiле" i " квадратуры круга", што гэта ўжо набыло характар эпiдэмii i турбавала некаторых псiхолагаў. Аднак праз некалькi гадоў страсцi сцiхлi. Калi я рыхтаваўся да палёту на Салярыс, праблема Акiяна i шум вакол яе ўжо даўно знiклi са старонак газет i з размоў, гэтыя пытаннi больш не абмяркоўвалiся.

Ставячы на палiцу том Гравiнскага, я заўважыў - бо кнiгi стаялi ў алфавiтным парадку - маленькую, ледзь прыкметную сярод iншых фалiянтаў брашурку Гратэнстрама, якая таксама была адным з кур'ёзаў кнiжнай салярыстыкi. Гэта была праца, скiраваная - у барацьбе за разуменне звышчалавечага - супраць самiх людзей, супраць чалавека, гэта своеасаблiвы пасквiль на род чалавечы, праца самавука, хоць i вызначалася яна матэматычнай сухасцю. Спачатку ён надрукаваў шэраг нязвыклых дадаткаў да некаторых надта спецыфiчных i другарадных раздзелаў квантавай фiзiкi. У гэтай сваёй галоўнай, хоць усяго на некалькi старонак, працы ён высiльваўся паказаць, што навука, нават на першы погляд сама абстрактная, найбольш тэарэтычная, матэматычна абгрунтаваная, у сапраўднасцi дасягнула не надта шмат - на крок альбо два аддалiлася ад дагiстарычнага, груба пачуццёвага, антрапамарфiчнага разумення акаляючага нас свету. Вышукваючы ва ўраўненнях тэорыi адноснасцi, у тэарэмах сiлавога поля, парастатыцы, гiпотэзе адзiнага касмiчнага поля сляды цела, усё, што з'яўляецца вытворным нашых органаў пачуццяў, будовы нашага арганiзма, абмежаванасцi i ўбоства жывёльнай фiзiялогii чалавека, Гратэнстрам прыходзiў да канчатковых высноў - нi пра якiя " кантакты" з нечалавекападобнымi цывiлiзацыямi не павiнна быць i нiколi не будзе нiякай гаворкi. У пасквiлi на ўвесь чалавечы род нi разу не згадваўся Акiян, якi мае мажлiвасць мыслiць, але яго прысутнасць, у форме пагардлiва ўрачыстага маўчання, адчувалася амаль у кожнай фразе. Ва ўсякiм разе, калi я ўпершыню знаёмiўся з брашурай Гратэнстрама, я ўспрымаў яе менавiта так. Гэта была дзiўная праца, якая не мела адносiн да салярыстыкi ў звыклым разуменнi. Яна знаходзiлася ў класiчным зборы толькi таму, што туды паставiў яе сам Гiбарыян, якi, зрэшты, i даў яе мне пачытаць.

З дзiўным, падобным на павагу, пачуццём я асцярожна паставiў на палiцу тонкi, без вокладкi адбiтак. Я дакрануўся да зялёна-карычневага " Салярыстычнага альманаха". Хоць i панавалi вакол нас хаос i безнадзейнасць, нельга, аднак, аспрэчваць, што дзякуючы таму, што мы перажылi на працягу некалькiх сутак, мы разабралiся з шэрагам галоўных праблем, якiя на працягу многiх гадоў служылi тэмай бясплодных спрэчак, дзеля вырашэння якiх было змарнавана мора чарнiла.

Упарты i схiльны да парадоксаў чалавек мог па-ранейшаму сумнявацца, што Акiян - жывы. Але аспрэчваць iснаванне яго псiхiкi - усё адно, што разумець пад гэтым словам, - было ўжо нельга. Стала вiдавочна, што Акiян рэагуе на нашу прысутнасць. Такое сцвярджэнне закрэслiвала цэлы напрамак у салярыстыцы, якi даказваў, што Акiян - " свет у сабе", " жыццё ў сабе", што ў вынiку паўторнага адмiрання ён пазбаўлены ранейшых органаў пачуццяў i таму нiяк не рэагуе на знешнiя праявы i аб'екты; што Акiян сканцэнтраваны толькi на кругавароце вялiзных цячэнняў, адрознасць якiх у здольнасцi думаць, а iх крынiца, творца i стваральнiк знаходзiцца ў безданi, якая бурапенiць пад двума сонцамi.

I далей: мы выявiлi, што Акiян умее тое, чаго мы самi не ўмеем - ён штучна сiнтэзуе чалавечае цела i нават удасканальвае яго, невядомым чынам мяняе субатамную структуру, вiдаць, у залежнасцi ад пастаўленай мэты.

Значыць, Акiян iснаваў, жыў, думаў, дзейнiчаў. Магчымасць звесцi " праблему Салярыс" да бязглуздзiцы або да нуля, меркаванне, што Акiян - зусiм не iстота, а таму мы нiчога не губляем, - усё гэта закрэслiвалася назаўсёды. Цяпер людзi, хочуць яны гэтага цi не хочуць, павiнны ўлiчваць такое суседства на шляху iх экспансii, хоць зразумець яго цяжэй, чым увесь астатнi Сусвет.

Верагодна, што мы знаходзiмся на паваротным этапе гiсторыi, думаў я. Рашэнне адступiцца, адысцi магло быць актуальным зараз або ў хуткай будучынi, нават лiквiдацыю самой Станцыi я лiчыў магчымай i цалкам рэальнай. Я толькi не верыў, што гэта дасць хоць нейкую палёгку. Само iснаванне велiкана, якi можа мыслiць, заўсёды будзе турбаваць чалавека. Салярыс будзе вечным выклiкам, кiнутым чалавеку, нават калi мы абшнарым усю Галактыку i наладзiм кантакты з iншымi цывiлiзацыямi падобных на нас iстот.

I яшчэ адзiн невялiкi том у скураным пераплёце знайшоўся сярод штогоднiкаў " Альманаха". Я ўглядаўся ў пераплёт, якi заплямiўся ад дотыку рук, пасля разгарнуў кнiгу. Гэта было старое выданне, " Уводзiны ў салярыстыку" Мунтывуса. Мне прыгадалася ноч, якую я правёў за кнiгай, i ўсмешка Гiбарыяна, калi ён даваў мне свой экземпляр, i зямное святло ў акне, калi я дачытаў кнiгу да канца. " Салярыстыка, - пiсаў Мунтывус, - гэта своеасаблiвая рэлiгiя касмiчнага веку, вера ў апратках навукi; кантакт, мэта, да якой мы iмкнёмся, такая ж замглёная i цёмная, як жыццi святых або прыход Месii. Нашы даследаваннi - гэта лiтургiя ў метадалагiчных формулах; пакорная праца вучоных - чаканых дабравесця, звеставання. Бо няма i не можа быць нiякай сувязi памiж Салярыс i Зямлёй. Гэтыя i шмат iншых фактаў - адсутнасць супольнага вопыту, агульных паняццяў, якiмi можна абмяняцца, - салярысты адпрэчваюць, як вернiкi адпрэчвалi аргументы, якiя абвяргалi iхнюю веру. Зрэшты, на што спадзяюцца людзi, чаго яны чакаюць ад " наладжвання iнфармацыйнай сувязi" з морамi, якiя мысляць? Рэестра перажыванняў, звязаных з iснаваннем, бясконцым у часе, iснаваннем гэткiм старадаўнiм, што, бадай, самi моры не памятаюць свайго пачатку? Апiсання жаданняў, азартных пачуццяў, надзей i пакут, што нараджаюцца ў жывых гарах пад час iмгненных утварэнняў, пераўтварэння матэматыкi - у быццё; адзiноты i пакорлiвасцi - у iснасць? Але ўсе гэтыя веды немагчыма нi перадаць, нi перакласцi на зямную мову. Усялякi пошук каштоўнасцi i значэння будзе марны. Зрэшты, не гэткiх, хутчэй паэтычных, чым навуковых адкрыццяў чакаюць прыхiльнiкi Кантакту. Нават не прызнаючыся сабе ў гэтым, яны чакаюць адкрыцця, якое раскрыла б перад iмi сутнасць самога чалавека! Салярыстыка адраджэнне даўно памерлых мiфаў, яркая праява мiстычнага смутку, пра якi чалавек не адважваецца гаварыць адкрыта, на ўвесь голас, а краевугольным каменем усяго будынка салярыстыкi з'яўляецца надзея на спакушэнне.

Але няздольныя прызнаць гэтую праўду салярысты старанна абыходзяць усялякае тлумачэнне Кантакту. Яны аднеслi яго да лiку святых, з часам ён стаў для iх вечнасцю i небам, хоць напачатку, яшчэ пры цвярозым падыходзе, Кантакт быў асновай, уступам, выйсцем на новую дарогу, адну з многiх... "

Просты i горкi аналiз Мунтывуса, гэтага " ерэтыка" планеталогii, дасведчанага ў адмаўленнi, у развенчваннi салярыснага мiфа, мiфа аб мiсii чалавека. Першы голас, якi наважыўся прагучаць яшчэ ў рамантычны перыяд развiцця салярыстыкi, у перыяд поўнага даверу, быў цалкам праiгнараваны, на яго нiхто не адгукнуўся. Усё гэта зразумела, бо калi прызнаць тлумачэннi Мунтывуса, то неабходна закрэслiць тую салярыстыку, якая iснавала. Новая салярыстыка, цвярозая, непрадузятая, дарэмна чакала свайго фундатара. Праз пяць гадоў пасля смерцi Мунтывуса, калi яго кнiга стала бiблiяграфiчнай рэдкасцю, яе цяжка было знайсцi ў Зборах як па салярыстыцы, так i па фiласофii, з'явiлася школа яго iмя, утварылася суполка нарвежскiх вучоных. Сярод паслядоўнiкаў Мунтывуса было некалькi яркiх iндывiдуальнасцей, якiя па-свойму тлумачылi яго спадчыну. У Эрла Энесона спакойнае выкладанне Мунтывуса змянiлася з'едлiвай iронiяй; у Фаэлангi яно ператварылася ў нейкую грубаватую ўжытковую, iнакш кажучы - утылiтарную салярыстыку. Фаэланга iмкнуўся сканцэнтраваць усю ўвагу на канкрэтнай карысцi, якую можна выцiснуць з даследаванняў, i адпрэчыць усе фантастычныя спадзяваннi на Кантакт, на сувязь двух iнтэлектаў. Побач з бязлiтасным, дакладным аналiзам Мунтывуса працы ўсiх ягоных духоўных настаўнiкаў здаюцца, аднак, другараднымi, калi зусiм не папулярызатарскiмi, выключэнне складаюць толькi творы Энесона i бадай што Такаты. Уласна, Мунтывус сам давёў усё да канца, назваўшы першы перыяд салярыстыкi перыядам " прарокаў" (да iх ён адносiў Гiзэ, Голдэна, Севаду), другi - " вялiкiм расколам" (тады адзiная салярысная вера распалася на мноства сектаў, якiя змагалiся мiж сабой). Мунтывус прадбачыў i трэцi перыяд дагматызму i схаластычнага закасцянення, якi надыдзе, калi будзе вывучана ўсё, што толькi можна вывучыць. Але гэта не адбылося. Гiбарыян, думаў я, меў усё ж рацыю, калi лiчыў развагi Мунтывуса надзвычайным спрашчэннем, якое не брала пад увагу ўсё, што кантраставала ў салярыстыцы з элементамi веры; Гiбарыян сцвярджаў, што ў салярыстыцы сама галоўнае не вера, а карпатлiвая штодзённая праца, вывучэнне канкрэтнай, матэрыяльнай планеты, якая круцiцца вакол двух сонцаў.

У кнiгу Мунтывуса быў уваткнуты складзены папалам, зусiм пажоўклы адбiтак з квартальнiка " Дадаткi да салярыстыкi", адна з першых прац Гiбарыяна, якую ён напiсаў, калi не быў яшчэ кiраўнiком Iнстытута. Пасля назвы " Чаму я стаў салярыстам" iшоў кароткi, амаль канспектыўны пералiк з'яў, якiя даказвалi рэальную магчымасць Кантакту. Гiбарыян належаў да таго бадай што апошняга пакалення даследнiкаў, у якога хапiла адвагi прыняць эстафету першых поспехаў салярыстыкi i не адмовiцца ад своеасаблiвай, што выходзiць за межы навукi, веры, зрэшты, зусiм матэрыялiстычнай, веры ў плённасць намаганняў, калi яны дастаткова настойлiвыя i працяглыя.

Гiбарыян грунтаваўся на добра вядомых, класiчных даследаваннях бiяэлектронiкаў эўразiйскай школы: Хо Ён, Мiна, Нг'янi i Кавакадзе; iх працы прадэманстравалi, што iснуе нейкае падабенства памiж электрычнымi iмпульсамi i пэўнымi разрадамi энергii, якiя адбiваюцца ў плазме Акiяна, што папярэднiчаюць узнiкненню такiх утварэнняў, як полiморфы (на пачатковых стадыях) i блiзняты салярыды. Гiбарыян адпрэчыў антрапамарфiчныя iнтэрпрэтацыi, розныя мiстыфiкацыi псiхааналiтычных, псiхiятрычных, нейрафiзiялагiчных школ, якiя спрабавалi перанесцi на глеевы Акiян чалавечыя захворваннi, напрыклад, эпiлепсiю (аналогiю якой яны бачылi ў сутаргавых вывяржэннях асiметрыяд). Сярод прыхiльнiкаў Кантакту ён быў адзiн з найбольш асцярожных i цвярозых вучоных i зусiм не пераносiў сенсацый, якiя, праўда, усё радзей выпадалi на долю таго цi iншага адкрыцця. Дарэчы, гэткай таннай сенсацыяй стала мая дыпломная праца. Яна знаходзiлася недзе тут, у бiблiятэцы. Праца, вядома, была не апублiкавана, а проста скапiраваная на плёнку, яна захоўвалася сярод мiкрафiльмаў. У сваёй працы я абапiраўся на цiкавыя даследаваннi Бергмана i Рэйнальдса. Iм удалося з мазаiкi розных працэсаў выдзелiць i " адфiльтраваць" кампаненты, што суправаджалi сама моцныя эмоцыi: адчай, жалобу, асалоду. Я ж супаставiў гэтыя звесткi з разрадамi акiянiчных iмпульсаў, вызначыў амплiтуду i профiлi крывых (на пэўных участках вяршынь сiметрыяд, ля асновы няспелых мiмоiдаў i iнш. ) i выявiў памiж iмi аналогiю, што заслугоўвае ўвагi. Адразу ж у бульварнай прэсе з'явiлiся публiкацыi пад блазенскiмi назвамi накшталт " Студзiна ў адчаi" або " Планета ў аргазме". Але ўсё гэта мне толькi дапамагло (ва ўсякiм разе я лiчыў так да нядаўняга часу). Гiбарыян, як i iншыя салярысты, не чытаў усiх прац па салярыстыцы (iх з'яўлялiся тысячы), а тым болей прац навiчкоў. Але на мяне ён звярнуў увагу, i я атрымаў ад яго лiст. Гэты лiст закончыў адзiн i распачаў другi этап майго жыцця.

СНЫ

Праз шэсць дзён мы паўтарылi эксперымент, бо Акiян нiяк не рэагаваў на яго. Станцыя, якая да гэтага вiсела нерухома на перасячэннi сорак трэцяй паралелi са сто шаснаццатым мерыдыянам, паплыла, застаючыся на вышынi чатырохсот метраў над узроўнем Акiяна, у паўднёвым напрамку, дзе, згодна з паведамленнямi радарных чуйнiкаў i радыёграм Сатэлоiда, актыўнасць плазмы павялiчылася.

Двое сутак змадуляваны маёй энцэфалаграмай пучок прамянёў з iнтэрваламi некалькi гадзiн наносiў нябачныя ўдары па амаль што гладкай паверхнi Акiяна.

Напрыканцы другiх сутак мы былi ля самага полюса. Не паспяваў дыск блакiтнага сонца схавацца за гарызонтам, як на супрацьлеглым баку хмары налiвалiся бурштынам, папярэджваючы аб узыходзе чырвонага. Бясконцая чарната Акiяна i пустое неба над iм запаўнялiся тады асляпляльнай гульнёй фарбаў: рэдкiя, ядавiта-зялёныя, з водблiскам распаленага металу прамянi сутыкалiся з прыглушанымi пурпуровымi сполахамi, Акiян перасякалi прамянi двух супрацьлеглых дыскаў, двух палаючых ачагоў - ртутнага i барвовага. Варта было з'явiцца ў зенiце сама лёгкаму воблачку, як водблiскi на цяжкай пене, якая сцякала з грабянёў хваль, станавiлiся непраўдзiва вясёлкавымi. Адразу ж пасля заходу блакiтнага сонца на паўночным захадзе з'явiлася сiметрыяда - пра яе папярэдзiлi ўжо сiгналiзатары. Яна была ледзь бачная ў рыжаватым тумане i толькi люстрана паблiсквала, нiбыта вялiзная шкляная кветка, якая вырасла там, дзе неба злiвалася з акiянскай пенай. Станцыя не змянiла курсу, i праз чвэрць гадзiны калос, якi ззяў рубiнавым святлом, зноў схаваўся за гарызонтам. Мiнула яшчэ некалькi хвiлiн, высокi тонкi слуп, асновы якога мы не бачылi, бязгучна падняўся ў атмасферу на некалькi кiламетраў, засведчыўшы тым самым пагiбель сiметрыяды. Адна палова слупа ззяла крывавым святлом, а другая была падобная на ртуць; ён вырас, як двухколернае дрэва, затым ператварыўся ў грыбападобнае воблака, верхняя частка яго, якую адносiў вецер, знiкла ў прамянях двух сонцаў, а нiжняя паволi ападала, своеасаблiвымi гронкамi заняўшы трэць гарызонту. Праз гадзiну знiк i апошнi след гэтага вiдовiшча.

Мiнула яшчэ двое сутак, эксперымент паўтарылi апошнi раз, рэнтгенаўскiя прамянi абшарылi ўжо значную частку Акiяна, на поўднi з'явiлiся выдатна бачныя з нашай вышынi, хоць i было больш за трыста кiламетраў, Арэнiды - ланцуг з шасцi скалiстых вяршыняў. Пiкi Арэнiд здавалiся заледзянелымi, але на самай справе iх пакрываў налёт арганiчнага паходжання - горны ланцуг некалi быў дном Акiяна.

Мы памянялi курс, скiраваўшы на паўднёвы ўсход, i праз нейкi час iшлi ўздоўж горнага бар'ера, якi злiваўся з хмарамi, тыповымi для чырвонага дня; пасля ўсё знiкла. Мiнула дзесяць дзён з часу першага эксперымента.

За ўвесь гэты час на Станцыi нiчога не адбылося. Аўтаматычная апаратура паўтарала эксперымент згодна з распрацаванай Сарторыусам праграмай, i я нават не ведаю, цi кантраляваў хто-небудзь дзеяннi аўтаматаў. I ўсё адно на Станцыi нешта адбывалася. Зрэшты, не памiж людзьмi. Я баяўся, што Сарторыус зноў запатрабуе пачаць працу над анiгiлятарам; акрамя таго, я чакаў, як адрэагуе Снаўт, калi даведаецца ад Сарторыуса, што я падмануў яго, перабольшыўшы небяспеку, якую магло выклiкаць знiшчэнне нейтрыннай матэрыi. Аднак нiчога не здарылася, i на першым часе я не мог даўмецца, у чым справа. Вядома, я разлiчваў на нейкую лавушку, лiчыў, што падрыхтоўка i сама праца трымаюцца ў тайне, i таму кожны дзень зазiраў у памяшканне без акон пад галоўнай лабараторыяй - там знаходзiўся анiгiлятар. Нi разу нiкога я там не заспеў; калi меркаваць па слою пылу, якi пакрываў ахоўны кажух i кабелi, да апаратуры нiхто не дакранаўся шмат тыдняў.

Снаўт, як i Сарторыус, таксама некуды знiк, i з iм нельга было звязацца яго вiдэафон не адказваў. Нехта, вiдаць, кiраваў рухам Станцыi, але хто канкрэтна - не ведаю, бо мяне гэта, як нi дзiўна, мала турбавала. Я быў зусiм абыякавы i да таго, што Акiян нiяк не рэагаваў на доследы; праз два-тры днi я не толькi перастаў чакаць альбо баяцца нейкай рэакцыi, а наогул забыўся i пра яе, i пра эксперымент. Я цэлымi днямi праседжваў у бiблiятэцы альбо ў кабiне разам з Хэры, якая хадзiла за мной, як цень. Я бачыў, што нашы справы дрэнь i што гэткi стан тупой апатыi не можа доўжыцца бясконца. Трэба было неяк пераадолець яго, нешта памяняць у нашых адносiнах, але я не мог прыняць нiякага рашэння i адганяў ад сябе нават думку пра перамены. Магу патлумачыць гэта толькi адным - мне здавалася, што ўсё на Станцыi, i асаблiва нашы ўзаемаадносiны з Хэры, знаходзiцца ў стане надзвычай няўстойлiвай раўнавагi i ад любога штуршка развалiцца. Чаму? Не ведаю. Дзiўна, што Хэры адчувала тое ж самае. Калi я думаю цяпер пра гэта, мне ўяўляецца, што няпэўнасць, няўстойлiвасць, прадчуванне магчымага землятрусу былi выклiканы пранiзваючай усю Станцыю прысутнасцю, якая нiчым iншым сябе не выяўляла. Хоць, магчыма, на прысутнасць што-нiшто звяртала ўвагу, а менавiта - сны. Нi раней, нi пасля нiколi ў мяне не было гэткiх прывiдаў, таму я вырашыў запiсваць iх. Дзякуючы запiсам я магу зараз паспрабаваць расказаць пра свае сны, але расказ мой будзе фрагментарным i пазбаўленым непаўторнай разнастайнасцi прывiдаў. Нейкiм незразумелым чынам у прасторы, дзе не было неба, зямлi, падлогi, столi, сцен, я, цi то скурчаны, цi то звязаны, апынаўся ў чужой мне субстанцыi, урастаў у нежывую, нерухомую, бясформенную глыбу, а можа, я i сам станавiўся глыбай, цела маё знiкла, вакол мяне снавалi ледзь прыкметныя ружовыя плямы, яны плавалi ў асяроддзi, якое па аптычных уласцiвасцях адрознiвалася ад паветра: толькi на вельмi блiзкай адлегласцi рэчы набывалi выразныя - нават занадта, ненатуральна выразныя - абрысы. Увогуле ў маiх снах наваколле было значна больш канкрэтным i матэрыяльным, чым на самай справе. Калi я прачынаўся, то адчуваў дзiўны стан: рэальнасцю, сапраўднай рэальнасцю быў сон, а тое, што я бачыў, калi расплюшчваў вочы, - толькi яе бледны адбiтак.

Такi быў пачатак, той клубочак, з якога размотвалася нiтка сноў. Вакол мяне нешта чакала свайго вырашэння, маёй унутранай згоды, а я адчуваў штосьцi ўнутры ў мяне адчувала - я не павiнен паддавацца незразумелай спакусе, бо чым большая спакуса, тым страшнейшы канец. Уласна, я гэтага не ведаў. Калi б я гэта ведаў, то баяўся б, а страху я не адчуваў. Я чакаў. З ружовага туману вакол мяне нараджаўся першы дотык, я, нерухомы, як калода, застыў у той масе, што была навокал i паралiзавала мяне, я не мог нi адсунуцца, нi паварушыцца, а тое нешта абмацвала маю турму сляпымi i адначасова зрокавымi дотыкамi i станавiлася рукой, якая стварала мяне; да гэтай хвiлi я быў сляпы, i вось я пачынаю бачыць - пад пальцамi, якiя абмацваюць мой твар, з нiчога нараджаюцца мае губы, шчокi, i разам з тым, як гэты падзелены на бясконца малыя долi дотык пашыраецца, у мяне з'яўляецца i твар, i дыханне, выклiканыя з небыцця гэтым актам стварэння - узаемным, бо i я, якога ствараюць, таксама ствараю - i ўзнiкае твар, якога я нiколi ў жыццi не бачыў, чужы i знаёмы, я спрабую зазiрнуць яму ў вочы, але не магу - усе прапорцыi парушаны, няма нiякiх напрамкаў, проста ў малiтоўным маўчаннi мы спазнаём адно аднаго i становiмся адно адным. I вось ужо я стаў самiм сабой, але ў ступенi бясконцасцi, а тая iншая iстота - жанчына? - знерухомела разам са мной. У нас адзiн пульс, мы адно цэлае, i вось у гэтую замаруджаную сцэну, па-за якой нiчога не iснуе i не можа iснаваць, закрадваецца нешта незвычайна жорсткае, немажлiвае, ненатуральнае. Той самы дотык, якi стварыў нас i залатым покрывам ахiнуў нашыя целы, ператвараецца ў мiрыяды злосных джалаў. Нашыя целы, голыя i белыя, расплываюцца, чарнеюць, аблепленыя мноствам чарвякоў, якiя выходзяць з нас, як паветра. I вось ужо я станаўлюся - мы становiмся - я станаўлюся блiскучым, сплеценым i расплеценым зноў, лiхаманкава вёрткiм клубком, якi не канчаецца i не скончыцца; у гэтай бясконцасцi я i сам бясконцы, бязгучна крычу, малю пра канец i раптам якраз у гэтае iмгненне разбягаюся адразу, ва ўсе бакi, i ўва мне расце спачуванне, у шмат разоў мацнейшае, чым на самай справе, сканцэнтраванае дзесьцi ў чорнай i чырвонай далячынях спачуванне, якое то цвёрдае, як скала, то блiскучае агнём iншага сонца i iншага свету.

Гэта - самы просты сон, iншыя я не здолею расказаць, бо страх, перажыты ў iх, нельга параўнаць нi з чым на свеце. У сне я нiчога не ведаў пра iснаванне Хэры, дзённыя ўражаннi i перажываннi наогул не адбiвалiся ў маiх снах.

Былi i iншыя сны, калi ў застылай, мёртвай цемры я адчуваў сябе аб'ектам скрупулёзных, няспешных даследаванняў, без усялякiх вядомых нам iнструментаў; гэта быў дотык, драбленне, растварэнне аж да абсалютнага знiкнення, а за ўсiм гэтым - за маўчаннем, за паступовым знiшчэннем - стаяў страх: ранкам толькi ад успамiнаў пра яго пачынала трымцець сэрца.

А днi доўжылiся - аднастайна, сонна, бясколерна, прыносiлi самотную агiду да ўсяго. Я баяўся толькi начэй, але не ведаў, як ад iх уратавацца. Хэры магла зусiм не спаць, я таксама iмкнуўся да гэтага. Я цалаваў i лашчыў яе, разумеў, што справа тут не ў ёй i не ўва мне; мне проста страшна заснуць. Хоць я нi слова не казаў Хэры пра свае кашмары, яна, вiдаць, пра нешта здагадвалася: у яе пакорлiвасцi я адчуваў маўклiвую крыўду i пачуццё знявагi, але нiчога зрабiць не мог. Я ўжо казаў, што за ўвесь час не бачыўся нi са Снаўтам, нi з Сарторыусам. Аднак Снаўт часам заяўляў пра сябе - зрэдку запiскай, а часцей выклiкам па вiдэафоне. Ён пытаўся, цi не заўважыў я якой-небудзь новай з'явы, нейкiх перамен, чаго-небудзь, што магло быць рэакцыяй на гэтулькi разоў паўтораны эксперымент. Я адказваў адмоўна i сам пытаўся пра тое ж самае. Снаўт на экране толькi круцiў галавой.

На пятнаццаты дзень пасля заканчэння эксперымента я прачнуўся раней звычайнага i быў так змучаны кашмарамi, што нiяк не мог ачомацца, нiбыта пасля глыбокага наркозу. Праз незацемнены iлюмiнатар падалi першыя промнi чырвонага сонца, цэлая рака пурпуровага агню перасякала гладкую паверхню Акiяна, i я заўважыў, што паверхня, якая да гэтага часу была безжыццёвая, становiцца мутнай. Яна ўжо была не чорная, а пабялела, нiбыта яе ахiнула iмгла, iмгла i на самай справе была даволi густая. Дзе-нiдзе ўзнiкалi неспакойныя асяродкi, затым бязмэтны рух ахапiў усю бачную прастору. Чорную паверхню закрыла смуга, светла-пурпуровая на грабянях хваляў i жамчужна-карычневая ва ўпадзiнах. Спачатку гульня фарбаў стварала з гэтага дзiўнага акiянскага покрыва доўгiя шэрагi застылых хваляў, пасля ўсё перамяшалася, увесь Акiян пакрыўся пенай, вялiзныя лахманы яе ўздымалiся ўгору i пад Станцыяй i вакол яе. З усiх бакоў адначасова ўзляталi ў рыжае, пустое неба перапончатакрылыя пенныя воблакi, не падобныя на звычайныя хмары. Iхнiя берагi напаўнялiся паветрам, як шары. На фоне нiзка палаючага над гарызонтам сонечнага дыска адны здавалiся вугольна-чорнымi, iншыя, у залежнасцi ад таго, пад якiм вуглом асвятлялi iх промнi ўсходу, успыхвалi рыжымi, вiшнёвымi, малiнавымi водблiскамi. Здавалася, Акiян лушчыцца, крывавыя шматкi то адкрывалi чорную паверхню, то засланялi яе новым налётам зацвярдзелай пены. Некаторыя ўтварэннi ўзляталi ўгору зусiм блiзка, за некалькi метраў ад iлюмiнатараў, а адно сваiм шаўкавiстым з выгляду берагам нават зачапiла шкло. Тыя ж раi, што ўзляцелi першыя, былi ўжо ледзь бачныя, як птушкi, што разляцелiся ва ўсе бакi, яны расплывалiся, знiкалi ў зенiце.

Станцыя знерухомела i стаяла на адным месцы каля трох гадзiн, а незвычайнае з'явiшча не знiкала. Нарэшце, калi сонца сышло ўжо за гарызонт, Акiян пад намi ахутала цемра, мiрыяды лёгкiх ружаватых сiлуэтаў бясконцымi вяршынямi ўздымалiся ў неба ўсё вышэй i вышэй, быццам слiзгалi па нябачных струнах. I гэтае небывалае ўзнясенне доўжылася да поўнай цемры.

Усё гэтае з'явiшча, страшнае сваiм спакоем, уразiла Хэры, але я нiяк не мог яго растлумачыць: мне, салярысту, яно было такое ж новае i незразумелае, як i ёй. Зрэшты, формы i ўтварэннi, не адзначаныя нiдзе ў сiстэматыцы, можна назiраць на Салярыс два-тры разы за год, а калi пашанцуе - то i часцей.

Наступнай ноччу, прыкладна за гадзiну да ўсходу блакiтнага сонца, мы сталi сведкамi яшчэ аднаго феномена:

Акiян фасфараваў. Спачатку на яго нябачнай у цемры паверхнi дзе-нiдзе з'явiлiся плямы святла, а дакладней, слабае свячэнне, бялявае, размазанае, якое рухалася разам з хвалямi. Плямы злучалiся, павялiчвалiся, нарэшце прывiднае ззянне дасягнула лiнii гарызонту. Iнтэнсiўнасць ззяння нарастала на працягу прыкладна пятнаццацi хвiлiн; затым усё скончылася дзiўным чынам: Акiян стаў патухаць, з захаду насоўваўся фронт цемры шырынёй у некалькi соцень мiль, а калi ён дасягнуў Станцыi i мiнуў яе, усё яшчэ ахопленая ззяннем частка Акiяна, якая фасфаравала, стала падобнай на адступiўшае на ўсход i застылае высока ў небе зарыва. Калi зарыва дасягнула гарызонту, яно стала падобным на паўночнае ззянне i адразу знiкла. Неўзабаве зноў узышло сонца, i зноў пад iм распасцерлася нежыццёвая пустыня, зрэзаная маршчынамi хваляў, якiя пасылалi ў iлюмiнатары Станцыi ртутныя водблiскi. Ззянне Акiяна было апiсана ўжо неаднойчы; часта яго назiралi перад выбухам асiметрыяд, наогул жа яно было тыповай прыкметай лакальнага павелiчэння актыўнасцi плазмы. Аднак за наступныя два тыднi нi на Станцыi, нi за яе межамi нiчога не адбылося. Толькi аднойчы, пасярод ночы, я пачуў далёкi крык, якi даносiўся адначасова нiадкуль i адусюль. Гэты крык быў незвычайна высокi, рэзкi i працяглы, быццам у сто разоў узмоцнены плач немаўляцi. Раптоўна абуджаны ад кашмару, я доўга ляжаў i прыслухоўваўся, не зусiм перакананы, што мне не снiцца i гэты крык. Напярэдаднi з лабараторыi, якая часткова размешчана над нашай кабiнай, чулiся прыглушаныя водгукi, нiбыта там перасоўвалi цяжкi груз або апаратуру; мне здалося, што крык таксама чуецца наверсе, зрэшты, было незразумела, як ён пранiкае праз гуканепранiкальны слой, якi падзяляе абодва ярусы. Гэты перадсмяротны крык доўжыўся амаль паўгадзiны. Мокры ад поту, амаль што шалёны, я хацеў ужо кiнуцца наверх, бо нервы мае не вытрымлiвалi. Але нарэшце крык сцiх, i зноў было чуваць, як перасоўвалi нешта цяжкае.

Праз два днi, вечарам, калi мы з Хэры сядзелi на маленькай кухнi, раптоўна ўвайшоў Снаўт. Ён быў у касцюме, сама сапраўдным, такiм, якiя носяць на Зямлi. У iм Снаўт здаваўся вышэйшым, старэйшым. Не звяртаючы ўвагi на нас, ён падышоў да стала, схiлiўся над iм i стоячы пачаў есцi з хлебам халодныя мясныя кансервы проста з бляшанкi. Снаўт чапляўся рукавом за бляшанку, i на iм заставалiся тлустыя плямы.

- Ты заплямiшся, - папярэдзiў я.

- М-мм? - прамармытаў ён з поўным ротам.

Снаўт еў так, нiбыта ў яго некалькi дзён i макавага зернейка не было ў роце. Пасля налiў паўшклянкi вiна, адным глытком выпiў, выцер губы i, адсопшыся, паглядзеў на нас пачырванелымi вачыма. Павярнуўшыся да мяне, Снаўт прамармытаў:

- Адпусцiў бараду?.. Ну, ну...



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.