|
|||
З’ява IX. З’ява апошняя ⇐ ПредыдущаяСтр 5 из 5 З’ява IX
Тыя самыя і Ціхон Пратасавіцкі, яго жонка, Цюхай-Ліпскі, яго сын Грышка, Цімох Альпенскі і іншая шляхта
Ціхон. Жонка, а жонка! Будзе бяда! Паглядзі, як у найяснейшай кароны вус адзін уніз, а другі ўгору задраўся. Ідзі ты наперад ды пакланіся яму, хрэн яму ў вочы. Куліна. Што ты мяне пасылаеш! Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся. Ціхон. Ты – кабета, хрэн табе ў вочы, – ён жа цябе не з’есць! Вазьмі гэтыя грошы, – тут іх пяць дзесятак, – пакланіся ў ногі ды палажы на стол; ён жа юрыста, не адцураецца грошай, – тады і дзела пойдзе, як па салу. Куліна. Ну, што рабіць, – папытаю. (Яна боязна падыходзіць, кладзе грошы на стол, пасля нізка кланяецца станавому. ) Найяснейшая карона... Кручкоў. Цішэ! (Куліна са страху адыходзіць ад стала ды хаваецца за мужа; Кручкоў, трымаючы паперу, устаў ды, не пазіраючы на шляхту, гаворыцъ. ) Па ўказу Пінскага земскага суда от 23-го мая сего года за № 2312 прыбыл я в околіцу для расследованія уголовного дзела о побоях, нанесенных Ціхоном Протосавіцкім Івану Цюхаю-Ліпскому... Ліпскі, маеш сведкаў? Ліпскі. Маю, найяснейшая карона. Кручкоў. Пусць выступят вперед! (Трое шляхтаў выходзяць наперад. ) Пратасавіцкі, за што ты яго біў? Ціхон. Дык ён жа назваў мяне мужыком, – хрэн яму ў вочы. Кручкоў. Маеш сведкаў? Ціхон. Маю, Куторгу. Кручкоў. Яго няможна ставіць, – ён пад судом. (Абярнуўшыся да сведкаў Ліпскага. ) Вы бачылі, як Пратасавіцкі біў Ліпскага? Тры сведкі (боязна кланяючыся). Бачылі, найяснейшая карона. Кручкоў (абярнуўшыся да іншай шляхты). А вы бачылі? Усе іншыя. Не, не бачылі, найяснейшая карона! Кручкоў. Ну, дык добра! Следства кончана, цяпер будзе суд, а наўперад: па указу всеміласцівейшай гасударыні Елісаветы Петровны 49-га апреля 1893-га года і всеміласцівейшай Екацярыны Вялікай от 23-го сенцябра 1903-га года, а равномерно в смысле Статута літоўскаго раздзела 8-га, параграфа 193-га, коім назначается в пользу суда от цяжушчыхся грывны. Обжалованный Протосавіцкі імеет зараз жа ўплаціць пошлін 20, прогонных 16 і на канцэлярыю 10 рублёў. Жалуюшчыйся Ліпскі ў палавіне того; сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, – па 9-ці рублёў, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, – па 3 рублі. Плаціце! (Садзіцца на месца ды піша; шляхта шэпчацца паміж сабою, пасля выбраны ўсімі зборшчык Цімох Альпенскі падыходзіць да Пратасавіцкага, Ліпскага і іншае шляхты, збірае грошы і, злажыўшы грошы ў адзін мяшок, падносіць, баючыся, да станавога ды кладзе на стол. ) Ціхон (адлічыўшы зборшчыку грошы, калі той пайшоў збіраць ад другіх). Э... глядзі ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца, – хрэн яму ў вочы! Куліна. Чаго тут дзівіцца? Відаць, судовы чалавек, дык ён на тым і зубы згрыз, – такая, бач, парода. Кручкоў (як Альпенскі палажыў на стол грошы), А ўсе? Альпенскі. Да капеечкі, найяснейшая карона! Кручкоў. Ладна, ідзі! Зараз будзе дэкрэт. Ціхон. Ух, госпадзі! Што гэта будзе, – хрэн яму ў вочы?! Куліна. А што будзе? Вядома, юрыста, – абдзярэ ўсіх дачыста дый паедзе з Богам дахаты. Ціхон. Хрэн табе ў вочы, – каб прынаймні шкура была цэла, а то як дабярэцца да яе, будзе нячысты інтэрас! Кручкоў (устаў і выходзіць з папераю на сярэдзіну сцэны). Слухайце з увагаю!.. (Усе кланяюцца. ) Буду чытаць дэкрэт. (Зноў кланяюцца. ) Па указу его імператарскаго вялічаства, во врэменном прысуцтвіі, в комплекце, саставленном із участковага заседацеля і его пісьмавадзіцеля, слушалі дзело, коего абстаяцельства следуюшчыя: Іван Цюхай-Ліпскі назвал Ціхона Протасавіцкаго мужыком; тот за такую обіду пабіл Ліпскаго, на что сей последній прэдставіл і свідзецелей. Расследовав таковое дзело, врэменнае прысуцтвіе, сообразно указу всеміласцівейшаго гасудара Пятра Вялікаго в 1688 г. марта 69 дня паследававшего і прымяняясь к Статуту літоўскаму раздела 5-га, параграфа 18-га, – опрэдзеліло: а) Ціхону Протосавіцкаму, как угалоўнаму прэступніку, назначается: 1-е) 25 лоз на голай земле без дывана, і 2-е) штрафа 25 руб. в пользу врэменнаго прысуцтвія; б) Івану Цюхаю-Ліпскаму, как нанёсшаму лічнае аскарбленіе Протосавіцкаму, назначается: 1-е) 15 лоз на дыване і 2-е) 15 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; в) свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся, – 1-е) па 10 лоз на дыване і 2-е) па 10 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; д) всей прочэй шляхце, каторая не відзела дракі, за то, што не відзела, а цем самым не магла і разняць дзерушчыхся, назначается: 1-е) па 5 лоз на дыване і 2-е) па 5 руб. штрафа в пользу того же прысуцтвія. Напаследак: г) прымяняясь к указу яе вялічаства Анны Іаанаўны 1764 г. акцябра 45-га чысла за негербовую бумагу, упатрэблённую і імеюшчуюся ўпатрэбіцца па сему дзелу, – Протосавіцкі 5, Ліпскі 3, свідзецелі па 2, а все прочыя па 1 рублю ўплоцят... Кончэна! Цяпер зборшчык няхай збірае грошы, пасля жа прымемся за лазу.
(Падыходзіць да стала і ўглыбляецца ў паперы. )
Ціхон. У... у... у... бацькі мае родныя! Хрэн яму ў вочы, – 25 лоз ды яшчэ і не на дыване, а на голай зямлі! Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі.
Кручкоў нібыта ўглыбляецца ў чытанне папераў; зборшчык збірае грошы, пачынаючы ад Пратасавіцкага, каторы, аддаўшы зборшчыку грошы, падкрадваецца к Пісулькіну, адклікае таго ўбок і совае 25-рублёвую бумажку.
Ціхон. Дабрадзею, ратуй няшчаснага ды навучы, як ад лазы збавіцца! Пісулькін (убок, разглядаючы бумажку). Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека, маляваныя госцікі! (Паказваючы на бумажку. ) Самі ў карман лезуць, не нада і рук выцягваць. (Да, Ціхона. ) Не ведаю, што рабіць! Ён сам баіцца, каб, зрабіўшы вам палёгку, перад судом не адказваць. Але папробуйце. (Тут падыходзіць другая шляхта і слухае яго рады. ) Злажыце яму добры гасцінчык, авось паквапіцца? Пагаварыце з сабою і злажыце, а я, тым часам, папрабую ўгаманіць яго.
(Падыходзіць да Кручкова і шэпча, той злосна адказвае. )
Кручкоў. Не магу, не магу! Знаеш, па всеміласцівейшаму ўказу нашага гасудара 1881 года, сенцября 75-га дня какой вялікі адказ за паблажку сторанам в угаловнам прэступленіі?! Не толькі пасаду магу страціць, но і лічнасць падвергнется опасносці. Ціхон. Жонка, а жонка, – хрэн табе ў вочы! Прынясі шкураны мяшок, што ляжыць у кубле з грэчкаю; там ёсць сто рублёў, трэба выкупіць шкуру. Ох, даражэй яна каштаваць будзе, – хрэн ёй у вочы! Куліна. Што? Нацярушыў бяды, а цяпер расплачвайся. (Выходзіць ды праз мінуту варочаецца з мяшком. ) Грышка (да бацькі). Ану, бацька, рассупонь свой мяшок ды вынь якіх рублёў з 50, – можа і тваю пашануюць шкуру. (Да іншае шляхты. ) І вы разварушыцеся; каторыя бачылі драку – па дзесяць, а каторыя не бачылі – па пяць рублёў, – злажыце ў кучу ды паднясіце найяснейшай кароне. Дык ён зжаліцца над вамі і дзела кончыць; вось як яны, людзі судовыя, умеюць: і воўк будзе сыты, і козы цэлы.
Шляхта збірае грошы, пасля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхаючы яго да станавога і ўгаворваючы, каб ён асмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім.
Ліпскі. Ідзі ты, сынку, – палажы на стол ды прасі і малі, каб ён памілаваў нашу шкуру ды скасаваў строгі свой дэкрэт. Грышка. Бачыце, бацька, як нядобра, што вы зводзіцеся з суседзямі. Добра, я асмелюся падысці, толькі каб вы пагадзіліся з Ціхонам ды каб паслалі ад мяне сватоў к яго дачцэ Марысі. Ліпскі. Д’ябал яго бяры! Няхай толькі ўладзіцца дзела, а я не адкажуся. Ідзі, прасі!
Грышка з аднаго, а Пратасавіцкі з другога боку баязліва падыходзяць да стала, пры каторым Кручкоў, нібыта ўглыблены ў чытанне папераў, ды кладуць мяшок з грашыма; Грышка, моцна кашлянуўшы, кланяецца нізка станавому ды гаворыць
Грышка. Найяснейшая карона! Мы – адвеку пінская шляхта і ты шляхціц. Не глумі ж, не пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй строгі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны, – паміры майго бацьку з Ціхонам, ствары мае і Марысі шчасце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць! Пісулькін. І я вас прашу, ваша благародзіе, – пусць подадут міровую і канцы в воду. Кручкоў (да Пісулькіна, але моцна). Харашо! Для вас это здзелаю, прыму грэх і ответ на себя... Ціхон Пратасавіцкі і Цюхай-Ліпскі! Падыдзіце сюды бліжэй. (Тыя падыходзяць, за ім і Грышка і Марыся. ) Абніміцеся і пацалуйцеся на згоду, – ну, што ж? (Марыся свайго бацьку, а Грышка свайго патхаюцъ, каторыя потым абнімаюцца і цалуюцца з сабою. ) Ціхон! На згоду каб быў крупнік*. * Крупнікам завецца пітво, прыгатаванае на агні з гарэлкі і патакі з рознымі прыправамі.
Ціхон. Гатовы, найяснейшая карона! Схадзіце, жонка і Марыся, ды прынясіце, – хрэн вам у вочы. (Куліна і Марыся ідуць у хату. ) Кручкоў. Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што ж рабіць? Служба – не дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру; толькі пад такою кандыдацыяй, каб Ціхон з Ліпскім навек з сабою памірыліся ды каб я з-за вас не ўлез у нерат. Канечна трэбую, каб тут жа, пры мне, дзетак сваіх заручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі. ) Ну, што, Ціхон, – аддасі за Грышку сваю Марысю? Куліна (ставячы міску). Гарачая, ой, гарачая, найяснейшая карона! Кручкоў. Адкуль жа ты ведаеш? Куліна. Дык я ж сама яе зладзіла... Кручкоў. Што? Куліна. Да гарэлку. Толькі што перагарэла, шафрану і розных прыпраў насуліла многа, мёду ж цэлы кадобчык укінула. Кручкоў. А... ты талкуеш аб крупніку! Ціхон. Хрэн табе ў вочы! Чуеш, што найяснейшая карона кажа? Куліна. А як жа, аб прыправе... Ціхон. Аб якой прыправе? Хрэн табе ў вочы, – аб Марысі! Ці аддасі яе за Грышку Ліпскага... Куліна. А што будзе з Куторгаю? Ціхон. Хрэн яму ў вочы! Твой Куторга толькі хваліцца ўмее, а як прыйшло да дзела, дык чуць у бяду з сабою разам і мяне не ўцяг. Кручкоў. Вот я тут зараз цэлую справу кончу. Налівайце кубкі! (Куліна з Ціхонам наліваюць, падаюць Кручкову, Пісулькіну і ўсім іншым. ) Грышка, любіш ты Марысю? Хочаш з ёю да шлюбу? Грышка. Ой, хачу, вельмі хачу! Найяснейшая карона! Бог мяне пакарай, калі я не дам ёй шчасця адружыўшыся. Кручкоў. А ты, Марыся, любіш Грышку? Хочаш з ім век дзяліць шчасце і гора? (Марыся, засаромеўшыся, паварочваецца тварам да сцяны ды дзёрпае яе пальцам. ) Ну, што? Чаго маўчыш? Марыся. А ўжо ж, калі маўчу... Кручкоў. Дык – хачу? Ладна! Любіш ты Грышку? Марыся (сарамліва). Але... Кручкоў. Крэпка яго любіш?
Марыся Раманс Найяснейшая карона! Трудна мне без Грышкі жыці. Hiяка земска прэпона Не ў сілах нас разлучыці! Сэрца маё – яго менне, Яго любоў – мая сіла. Без яго мне смерць – спасенне, Без яго мне свет – магіла. Няхай бацькі лаюць, мучаць, Hi з кім другім не зручуся. Калі з ім мяне разлучаць, Я ў Прыпяці ўтаплюся.
Кручкоў. Ну, калі так крэпка яго мілуеш, дык ужо няма чаго раздумваць. Панове бацькі! Трэба іх злучыць, а то новае ўгалоўнае дзела зваліцца на вашы голавы. Пане Ліпскі, чы прымаеш, вашэ, мяне за свата для свайго сына? Ліпскі. Ды ўжо ж, найяснейшая карона! Задумалі дзела, то і канчайце яго з Богам, – я рад буду благаславіць. Кручкоў. Дайце сюды ручнік! (Падаюць, і ён закідае яго сабе на плячо) Ну, вот я і сват! Што, панове Пратасавіцкія, – аддаеце вашу дачку за Грышку? Ціхон. Такога свата трудна не ўважыць. Хадзі, жонка, хадзі, пане Ліпскі, – хрэн табе ў вочы! Паблагаславім дзяцей, а там потым адгуляем вяселле. На пасаг дам два гарцы грошай і шляхецкую худобу, а па смерці ж нашай і самі ўсё забяруць. Куліна. Ды і на выправу не пашкадуем, – яна ж у нас ядыначка: што маем, тое ўсё яе, каб толькі Бог даў ім шчасную долю. (Бацькі сходзяцца і злучаюць маладым рукі. ) Кручкоў. Вот так, добра! Цяпер, панове бацькі, падпішыце міравую і злажыце міравых пошлін па тры капейкі. (Тыя падпісваюцца трыма крыжыкамі. Пісулькін за іх распісваецца. ) Альпенскі (убок). Не быў бы судовы чалавек! Пабраў рублі ды яшчэ па капейкі сягае. У іх ужо такая натура: без капеек і чвэрцяў, як без солі ў страву, ніяк не абойдуцца: капейкі і чвэрці – да скарбу, а рублі – сабе. Кручкоў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць. ) Прывядзі сюды Куторгу! (Дзесяцкі выходзіць. ) Ну, што ж, – налівайце зноў кубкі ды вып’ем за здароўе маладой пары. Усе (падымаючы ўгору кубкі). Будзьце здаровы, маладыя! Дай Бог вам век з сабою шчасліва пражываць!
З’ява апошняя
Тыя самыя і Куторга
Куторга (кланяецца ўсім). Дзякуй, дзякуй, панове грамада! Буду старацца ўшчаслівіць Марысю. Кручкоў. Маўчы, стары хрэн, не аб табе тут ідзе дзела! Бяры кубак ды выпі за здароўе маладых, Грышкі Ліпскага з Марысяю, і падзякуй Богу, што так лёгка вырабіўся ад суда. Куторга. Дык гэта не я – малады? Не за мае пілі здароўе? Кручкоў. Пакінь, стары хрыч, думаць аб жаніцьбе, а заматай сабе на вус, каб крэпка дзяржаць язык за зубамі. Куторга. Ой, найяснейшая карона! Буду сабе часта браць на розум філасофскую прыпавесць: на тое Бог даў людзям язык, каб умець маўчаць. (П’е з кубка. ) Кручкоў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць. ) Коні гатовы? Дзесяцкі. Запрагаюць, найяснейшая карона! (Выходзіць. ) Кручкоў. Ну, панове шляхта-брацця! Я вам родны, я вам брат, дык на прашчанне вып’ем яшчэ па кубку крупніку, заспяваем нашу родную песню ды паскачам на заручынах. Пане Куторга, у цябе яшчэ не вельмі курыцца чупрына, – ты вядзі пункты, а мы пакруцімся, прыпяваючы. Усе. Віват наш брат, найяснейшая карона!
Хор Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!
Куторга Нашы Пінскі акаліцы – Жыцце хоць цару, царыцы! Ўсяго досыць – прызірніся: Еж, пі, хоць расперажыся.
Хор Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!
Куторга Ёсць гарэлка, луста хлеба, Уюны і сушона рыба. Чаго ж болей людзям трэба? Пінчуку тут даў Бог неба!
Хор Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!
Куторга Як збяром дабро дачыста, Завязём на торг да места, Тады квартаю чырвонцы, Гарцам мерым карбавонцы.
Хор Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!
Куторга Дзяўчаты нашы, як лані, Харашэйшы як ясны пані. Зіркне катора – маспане! – Сэрца з-пад жыбра дастане.
Хор Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!
Чуваць звонікі. Шляхта, ап’янелая, хістаецца па сцэне без парадку; гутарка агульная без сэнсу; Куторга пасярэдзіне сцэны выпускае з рук кубак i зaсынае; Кручкоў бярэ ўбок Альпенскага і кажа яму
Кручкоў. Ведаеш, што на цябе казаў Статкевіч? Альпенскі. А што? Кручкоў. Ён казаў, што ты не шляхціц. Альпенскі. Што? Ён мяне так зневажае? Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва! Кручкоў. Не пры мне, – як паеду, тады з ім расправішся! (Адыходзіцца, бярэ ўбок Статкевіча. ) Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком. Статкевіч. Ён смеў назваць мяне мужыком? Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў грамату, – дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва! (Шугаецца да Альпенскага і пачынаюцъ біцца. ) Ліпскі. Найяснейшая карона! Шляхта напілася і завялася біцца. Бойцеся Бога, раздыміце, а то і з вас штраф будзе належыць! Кручкоў. Не ка мне, не ка мне, – няхай у суд падаюць, тады прыеду на следства! Бывайце здаровы! (Выходзіць з Пісулькіным. ) Ціхон. Віват, найяснейшая карона!! Усе (апрача тых, што б’юцца). Віват, найяснейшая карона! (Заслона апускаецца, пакідаючы наперадзе сцэны Куторгу; той прачынаецца. ) Куторга. Што? Ужо разышліся? А там чутна і бойка! Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап’ецца, то напэўна падзярэцца. (Да публікі. ) Ды вы ўжо, найяснейшыя панове, спаць хочаце? А што? Няпраўда? Дык:
Найяснейшая публіка! Прашу цябе, не дзівіся, Бяда гэта невяліка, Што мы крыху папіліся. Няхай шчасная развязка Пінскай шляхце ад вас будзе, – Дайце брава, калі ласка, Ды і з Богам, добры людзі! http: //knihi. com/Vincent_Dunin-Marcinkievic/Idylija. html#1 – спасылка на п’есу “Ідылія”.
|
|||
|