Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





З’ява IV. З’ява VI. З’ява VII



З’ява IV

 

Тыя ж і Куторга

Куторга. Ах, ты, паганец! (Устаючы. ) Татарын ты нехрышчоны! Вот збіў мяне, як шведаў Хадкевіч пад Кіргольмам. Пачакай жа, я ж табе не дарую гэтай штукі, − не цяпер, то ў чацвер. (Вітаецца. ) Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (Цалуе яе ў руку. ) Відна, відна, − дзякуй богу! Здаровы, як рыжкі баровы... А я к вам з вялікаю навіною. Не ведаеце? Толькі што пан асэсар прыехаў, а такі сярдзіты, не дапускай госпад! Як ліхі татарын. Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў − дзесяцкіх, соцкіх! Сабраць усю шляхту да Ціхона Пратасавіцкага, ды каб Іван Цюхай-Ліпскі прыйшоў з сынам туды ж.

Ціхон. Хрэн яму ў вочы, − будзе бяда, будзе! Гэты сабака Ліпскі падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ, як ліпку!

Куторга. Вот дзіва, − на тое ён і асэсар! Заўваж толькі − у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае − белае ўсё перадзелае.

 

Гдзе унадзіцца юрыста,

Вымеце хату дачыста,

Такіх дзіваў нагаворыць,

Так многа кручкоў натворыць,

Што, пачасаўшы затылак,

Не рассупоніш памылак.

Не дасі, − цябе замучыць.

Добра стара казка вучыць:

Дзярэ каза ў лесе лозу,

Воўк дзярэ у лесе козу,

А ваўка − мужык Іван,

А Івана − ясны пан,

Пана ўжо дзярэ юрыста,

А юрысту − д’яблаў трыста!

 

Ціхон. Хрэн табе ў вочы! Добра табе прастарэкаваць, калі няма на шыі бяды. Ось скажы лепш, што рабіць? Пане Куторга, ты ж такі пісьменны чалавек, − можаш падаць разумную раду.

Куторга. А прымеце ж чэсна маіх сватоў да вашай Марысі?

Куліна. Бойся Бога, пане Куторга, − яна ж яшчэ маладзенькая! Гэта ж дзіця горкае.

Ціхон. Які чорт дзіця, калі з хлопцамі цалуецца!

Куторга. Дык чаго ж чакаць! Гэта, кажуць, кепскі тавар: мый ды чашы, потым спяшы, − заплаці каму, каб вывез з даму.

Ціхон. Добра, пане Куторга, − бяры сабе дачку, і пасаг дам, толькі зрабі ласку: выцягні з бяды.

Куторга. Як чорта з балота.

Куліна. Парадзъ, пане Куторга, − ты ж такі чалавек бывалы і па судах цягаўся.

Куторга. Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не нацалавацца.

Ціхон. Ратуй, ратуй, пане Куторга! Марысю ты ладам угамоніш, − чалавек ты разумны. Як падпусціш лёстачак, як падплывеш селезнем, дык яна і расплывецца.

Куторга. То ведаеце што, пане Пратасавіцкі? Як прыйдзе к вам асэсар, то стаўляйце мяне ў сведкі; хоць я і не бачыў, але буду сведчыць, што ён цябе біў, а ты толькі бараніўся. Не жаль для Марысі скрывіць душою. Толькі ж, пані Пратасавіцкая, прышліце сюды Марысю, каб я мог з ёю пагаварыць ды ўгаманіць дурную, бач, каб не цуралася разумнага чалавека.

Куліна. Памагайце толькі майму Ціхону, а ўжо Марыся будзе ваша; я ёй сама ладам напілую вушы... Пойдзем, Ціхон, прыгатуемся, каб па-гаспадарску прыняць найяснейшую карону. А ты, пане Куторга, пачакай, − зараз прышлю Марысю. (Выходзіць з Ціхонам. )

 

З’ява V

 

Куторга (адзін)

 

Куторга. Ну, хвала Богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайсці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць. Прынадны, бач, кусочак. (Цалуе пальцы, як бы смакуючы. ) Тварык − як сонейка яснае, шчочкі − як малінкі красныя, губкі − моў тыя каралі, а як засмяецца срэбным галасочкам ды вышчарыць зубкі − то, здаецца, бачыш два перлавыя шнурочкі. Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў, а стары грошы асьмінаю мерыць; у гумне поўна, у хаце дастатак, і абора багата. Добра гутарка кажа: калі абора цячэ, − гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ, − гаспадар з хаты ўцячэ. Дык няхай жа дзень у дзень блінамі гасцей прымае. Праўда, век не схожы: я ўжо шосты дзесятак дажываю, а яна − семнаццаты гадок. Будзе клопату нямала, − о-ёй! Не раз пачашу патыліцу, − моладзь, як пчолы ў вуллі, будуць аблягаць маю хату; прыяцеляў копамі лічыць буду. Дык што ж рабіць? Не я першы, не я апошні, − дурных дзядоў нямала на Божым свеце. Каб сарваць такую прыгожую і багатую кветачку, не шкода і ў балоце пакачацца.

 

Хто на старасць парыскуе,

Той хоць часам бяду чуе.

А пры маладзенькай жонцы,

Пры руплівай гаспадыньцы

Быць філосафам – то значыць:

Не бач, што не трэба бачыць.

 

(Выцягвае над галавою пальцы, паказваючы рогі. )

 

Вырастуць над галавой грушы,

Думай, што даўгія вушы.

Гуляе жонка паночы, −

Ты мэрам спіш, зажмур і вочы.

Тады табе − жыццё небам:

Ўсялякім тваім патрэбам

Жонка рада дагадзіці;

Стане крэпка ця любіці.

Скажа: муж мой, хоць старэнькі,

Ды разумны і міленькі!

 

Так, так! У цяперашнім разумным веку хочаш спакойна жыць? Будзь філосафам: бачыш − не бачыш, чуеш − не чуеш, − ба, ба, бы! Ды вось і Марыся ідзе сюды. Якая красачка! Гледзячы на яе, аж слінка па губах цячэ. Ану, Куторга, падпусці ёй лёстачкі...

 

З’ява VI

 

Марыся і Куторга

 

Куторга (салодка пасміхаючыся, заляцаецца). Дабрыдзень, панна Мар’яна!

Марыся (сарамліва). Дабрыдзень, пан Куторга!

Куторга. А як панна Мар’яна прыгожа выглядае, які свежы тварык, моў ружачка толькі што з пучка! З якой нецярпячкай я ждаў шчаслівага моманту, каб пацалаваць беленькую ручку панны. (Падыходзіць з камічнай зграбнасцю і цалуе руку Марысі. Тая, адступіўшы назад, абцірае руку фартушком. ) Панна Мар’яна! Вы не чуеце, вы не ведаеце, як я вас крэпка люблю, як па вас ныю.

 

Раманс

Рвецца маё сэрца да красненькай розы,

Быццам бы пры колах атоса із лозы.

Па панне Мар’яне душа ўся сумуе,

Быццам бы зязюля жалосна кукуе.

Як не бачу панны, жыццё мне − магіла,

Галоўцы цяжэнька, уцякае сіла.

Ой, высах я, высах, як лапаць у печы!

Горка ж мая доля, хто мяне улечы?

Як цетраў ў лясочку жалосна балбоча,

Так мае сэрцайка да панны сакоча.

Hi верашчака, каўбасы дзялянка, −

Нішто не смакуе без цябе, каханка!

Дам табе зэгар вялікі, як рэпа,

Няхай ён пры сэрцы крэпка тваім клепа

Ды напамінае, як цяжка я ною

І ні ўдзень, ні ўночы не маю спакою...

 

Марыся (перабіваючы). А ведаеце ад чаго гэта, пане Куторга? − Ад старасці! Ды ты ўжо нямала пажыў, − пара аб дзяўчатах перастаць думаць, а маліцца Богу, каб даў спасенне.

Куторга. Стары, стары!! (У гневе. )

 

Дуэт

Кажаш, што я ладам стары, –

Але – відны, але – яры!

Буду крэпка ця любіці,

Век табе верай служыці.

Малады ж – часта няшчэры,

Не шукай ў ем добрай веры:

Пры табе – табе клянецца,

А з другой – з цябе смяецца.

 

Марыся

Ды што мне з мужа старога?!

Я хачу майго мілога,

Бо стары, заміж гуляці,

Будзе кашляць і стагнаці.

Грышка мой – хлапец матарны,

Малады, відны ды гарны,

Глядзь! Аж душа к яму рвецца

І сэрцайка мацней б’ецца.

 

Куторга

Але Грышка твой няшчэры,

Не шукай ў ём добрай веры!

Пры табе – табе клянецца,

А з другой – з цябе смяецца.

 

Падчас спеву ўваходзяць станавы з Пісулькіным і хаваюцца па баках, каб падслухаць іх размову

 

Куторга. Бач, сабака Грышка! Ён клешчам упіўся табе ў сэрца, ды нічога з таго не будзе. Бацька твой дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сведкай проціў Цюхая-Ліпскага. Найяснейшая карона прыехаў на прасоку па жалобе Цюхая на твайго бацьку, што ён яго пабіў; і калі ты пойдзеш за мяне, дык я гатоў і душою пакрывіць, ды даказаць на следстве, што бацька твой не біў Цюхая; а калі мае не ў лад, то я з сваім назад. Заспрачаўся толькі, дык я зараз буду сведкай проціў твайго бацькі. Уехаў твой родны ў нерат – ні ўзад, ні ўперад. Папаўся юрысту ў кіпці, – выссе ён яго, як упыр непамысную дзяўчыну. А калі б яму і ўдалося перапрасіць найяснейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: чорт бяду перабудзе – адна згіне, дзесяць будзе. Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіка на вуголлях, – адцураецца і сваіх.

Марыся. Дарма ты мяне палохаеш! Мы з Грышкам паклонімся ў пояс найяснейшай кароне, дык ён пагодзіць нашых бацькоў, а табе за крывое паказанне дасць харошую гонку.

Куторга. Што?! Ты думаеш, я баюся асэсара? Ды я такой задам яму пары, што ён не згадае, дзе ўюны зімуюць. Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю ладам яго вывесці ў поле, як зайчыка пад хартоў.

 

З’ява VII

 

Тыя самыя, Кручкоў і Пісулькін, Кручкоў падыходзіць ціха к Куторгу ды б’е яго па плячы; Пісулькін жа з камічнаю ўхваткаю падыходзіць да Марысі, каторая сарамліва і баючыся кланяецца.

 

Кручкоў. Дык ты мяне думаеш вывесці ў поле? Хочаш павучыць, дзе ўюны зімуюць? Пачакай жа, галубчык! Я ж цябе навучу, куды няправых сведкаў садзяць. Гэй, дзесяцкі!

Куторга (зляканы). Ваша благароднае сіяцельства! Найяснейша карона! Ды я ж толькі сабе жартаваў, – вот страшыў дурное дзяўчатка, каб яна прызволіла пайсці за мяне замуж. Бацькі благаслаўляюць, а яна казырыцца, – дык я вось так здуру сказаў ёй.

Кручкоў. Здуру хочаш крыва прысягнуць? А знаеш, чым гэта пахне? Па ўказу ўсеміласцівейшага цара Пятра Вялікага, 1779 года, аўгуста 10-га і па Статуту літоўскаму раздзела 3-га, параграфа 375-га гэта ўгалоўнае прэступленне, Сібірам пахне. Сібір, Сібір, галубчык! Гэй, дзесяцкі! (Дзесяцкі ўваходзіць. ) Пасадзі гэтага моладца ў асобую святліцу ды глядзі, каб ён не бачыўся ні з кім, а барані Божа, з гаспадаром не згаварыўся.

Куторга (выходзячы з дзесяцкім). Найяснейшая карона! Бойцеся Бога, не губіце беднага чалавека! Мала што язык малоў, – добра прыказка кажа: млын меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе. Выбачайце майму дуру!

Кручкоў. Якому дуру? Ты ж чалавек бывалы і нядаўна хваліўся сваім розумам.

Куторга (з бакавых дзвярэй). Які тут у чорта розум, калі так неасцярожна папаўся ў бяду, бы швед пад Палтавай! (Выходзіць з дзесяцкім. )

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.