|
|||
З’ява VIII
Тыя самыя, апрача Куторгі
Кручкоў. Ну, пане Пісулькін, пакінь ваша заляцанне, а бярыся за дзела. Тут, брат, нам харошае жніво!.. Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць. ) Пастаў тут пасярэдзіне стол ды накрый яго судовым сукном. (Дзесяцкі выпаўняе прыказанне. ) Харошая пагода, можна і на дварэ папрацаваць. Садзіся, пане Пісулькін, ды прыбяры бумагі. (Пісулькін важна садзіцца, вымае корак з чарніліцы, разбірае паперы і іншыя падае станавому, каторы садзіцца таксама пры стале, задам да Пісулькіна, а потым гаворыць да Марысі. ) Ну, Марыся, хадзі сюды, пабліжэ, дык кажы мне шчырую праўду, – ты ж бачыш, што ў мяне вусы не натапыраны, дык я не сярдзіты, – кажы: любіш ты Грышку Ліпскага? Марыся (саромячыся і перабіраючы фартушок). Ну, дык што?.. Кручкоў. За што ж ты яго палюбіла? Марыся. Сама не ведаю, – вот так штось прыпаў к сэрцу. Ды як жа яго не любіць, калі ён малады, прыгожы хлопец, а сэрца ў яго залатое. Кручкоў. Дык хош за яго замуж выйсці? Марыся (з сарамлівасцю). Але, хочу... калі за яго не пайду, то ўжо век мне, беднай, гараваці дзеўкай. Найяснейшая карона! Злітуйцеся над намі ды сатварыце наша шчасце! (Кланяецца яму. ) Кручкоў. Чаго ж ты хочаш ад мяне? Марыся. Найяснейшая карона! Скончыце дзела няшчаснае між нашымі бацькамі не па-судоваму, а па хрысціянскаму абычаю: пагадзіце іх з сабою, – няхай больш не індычацца, ды прымусьце, каб яны нас з Грышкам злучылі. Найяснейшая карона! (Кланяецца яшчэ ніжэй і жаласліва кажа далей. ) Ты ж такі, хоць чалавек судовы, чыноўны, ды, пэўна, верыш у Бога, – дык дзеля ласкі Божай сатвары ты нам ласку, зладзь нашае шчасце, а мы век будзем за цябе, тваіх дзетак і ўнучкаў Бога прасіць. Кручкоў. Но, но, мілая, будзь спакойна! Я хоць чалавек, як кажаш, судовы, але ўсё зраблю па-хрысціянску ды яшчэ на тваім вяселлі паскачу... Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць. ) А чы сабралася шляхта з ваколіцы? Дзесяцкі. Усе сабраліся, хто з курыцаю, хто з кадобчыкам мёду, а хто з сушонай рыбай. Чакаюць, што ваша міласць ім прыкажа. Кручкоў. Добра! Няхай усе аддадуць хурману, ды спакуйце там харашэнька ў возе... Ты пакліч сюды Ціхона Пратасавіцкага з кабетаю. А Цюхай-Ліпскі з сынам ёсць? Дзесяцкі. Цюхай, апроч мёду і рыбы, прыцяг дзесяць вянкоў сушаных баравікоў, а сын яго – капу ражынкаў-уюноў. Кручкоў. Добра, добра! Усё ўпакаваць асцярожна! Ды кліч усіх сюды!
Дзесяцкі выходзіць. Кручкоў строіць сур’ёзную фізіяномію: адзін вус ставіць угору, другі ўніз. З глыбіні сцэны выходзіць шляхта, баіцца, кланяецца нізка і хаваючыся адзін за другога. З бакавых дзвярэй выходзіць Ціхон Пратасавіцкі з жонкаю. Марыся зыходзіцца ў глыбіні сцэны з Грышкам і ціха шэпчуцца паміж сабою.
|
|||
|