|
|||
Жыллёвая праблемаРанейшая жыллёвая праблема стала асабліва вострай з прычыны разбурэнняў, прынесеных вайной у БССР. Уканцы 1950 г. у зямлянках і на падсяленні заставаліся яшчэ тысячы сем’яў калгаснікаў, рабочых саўгасаў, леспрамгасаў і МТС. Асабліва цяжка было ў гарадах. Пераезд у горад тысячаў сялян, якія ратаваліся ад калектывізацыі і галечы, яшчэ больш абвастрыў жыллёвы крызіс. Перанаселенасць камунальных кватэр стварала вялікую колькасць праблем: сваркі паміж суседзямі, судовыя спрэчкі. Становішча на Брэст-Літоўскай чыгунцы паказвае на ўзровень бытавога забеспячэння працоўных. Расселеныя ў вёсцы рабочыя не былі забяспечаны ложкамі і бялізнай. Маладыя працаўнікі жылі ў халодных, не прыстасаваных да жылля таварных вагонах, і для абагравання былі вымушаны красці паліва для цеплавозаў. У бруднай, без табурэтак, сталовай гатавалася і прадавалася няякасная ежа. Такая сітуацыя стала прычынай масавага дэзерцірства (сыходу) рабочых. Дэфіцыт жылля быў настолькі востры, што, нават маючы сувязі, было цяжка чагосьці дамагчыся. На сярэдзіну 1948 г. матэрыяльна-бытавое становішча нават міліцыянтаў заставалася кепскім. 625 чалавек шараговага і сяржанцкага складу міліцыі Мінска жылі ў інтэрнаце, які знаходзіўся ў аварыйным стане, і дзе на чалавека не прыходзілася нават 1 метра. Праз адсутнасць жылля некаторыя былі вымушаны жыць асобна ад сем’яў (цягам года і болей), што прыводзіла да разладаў і распаду сям’і. Каб атрымаць жыллё, выкарыстоўвалі розныя, нават незаконныя, сродкі. Людзі пры ўладзе маглі злоўжываць сваім становішчам. Невінаватага маглі абгаварыць, калі хацелі завалодаць яго кватэрай. Напрыклад, спадарыня Л. А. Дамброўская была асуджана за “разгульны лад жыцця і ўтрыманне прытона”, паводле абвінавачання, пабудаванага на паказаннях маёра міліцыі Ліхтэрмана, які гэткім чынам спрабаваў завалодаць яе кватэрай. Скаргу асуджанай разбіраў нават Вярхоўны суд, і толькі больш чым праз восем месяцаў утрымання пад вартай Л. А. Дамброўская была апраўдана. У вырашэнні жыллёвага пытання, як, дарэчы, і іншых, перавага аддавалася меркаванням партыйных органаў, а не судовым рашэнням. За нязгоду з рашэннямі партыйнай арганізацыі маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Так, К. В. Кляўза была асуджана на тры месяцы папраўча-працоўных работ па месцы працы з утрыманнем 25% з заробку за тое, што абразіла супрацоўнікаў швейнай майстэрні спецгандлю, бо яны незаконна высялялі яе з кватэры. Жыллёвы крызіс абвастрыў стаўленне да яўрэяў. Вялікая колькасьць кватэр і дамоў, што да вайны належалі яўрэям, былі занятыя кіруючымі работнікамі рэспубліканскіх і абласных арганізацый. Далёка не ўсе пагаджаліся выселіцца. А тыя, хто дамагаўся аб’ектыўнага разгляду спраў, часта рабіліся ахвярамі рэпрэсій.
|
|||
|