Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне



 

Ірына КАШТАЛЯН. СТРАТЭГІІ ШТОДЗЁННАГА ЖЫЦЦЯ Ў БССР 1944—1953 гг.

Сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя і культурныя трансфармацыі, якія мелі месца ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, былі часткай тых агульных зменаў, што адбыліся ў Савецкім Саюзе. Актыўна развіваліся прамысловасць і транспарт, стваралася энергетычная база, адбудоўвалася жыллё. У той жа час у БССР як памежным рэгіёне, які знаходзіўся пад акупацыяй, паўстала шмат праблем — дэмаграфічны крызіс, павелічэнне колькасці злачынстваў, стварэнне новых “сацыяльна чужых” груп з тых, хто добраахвотна ці прымусова быў прыцягнуты да супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі. Гэтыя праблемы былі толькі часткай складанай карціны штодзённага жыцця беларускага грамадства.

Пасляваенны перыяд — гэта таксама час, калі старая палітычная сістэма функцыянавала, захоўваючы тыя змены, якія былі прынесены вайной, у тым ліку і жорсткім ваенным заканадаўствам. Чаканні значнай часткі насельніцтва не апраўдаліся, жыць пасля вайны стала не лягчэй, а савецкія ўлады не пайшлі па шляху лібералізацыі. Як і раней, праводзілася актыўная рэпрэсіўная палітыка, узмацняўся ідэалагічны кантроль, асабліва ў адносінах да тых, хто жыў на акупаванай тэрыторыі, супраціўляўся са зброяй у руках, не хацеў калектывізацыі, быў рэпатрыянтам ці ваеннапалонным.

Праца на прадпрыемствах і ва ўстановах, з аднаго боку, стымулявалася, а з іншага — жорстка рэгулявалася. Масавае дэзерцірства было сведчаннем незадаволенасці людзей захаваннем строгай адказнасці па законах ваеннага часу. Дзве скрайнія пазіцыі ў стаўленні кіраўніцтва ўстаноў і прадпрыемстваў паказвалі, што тыя фактычна не ведалі, які найбольш аптымальны шлях пераадолення пасляваенных цяжкасцяў. Адны імкнуліся пазбегнуць адказнасці, фармальна выконваючы законы, прыцягваючы да адказнасці невінаватых паводле жорсткіх нормаў таго часу. Другія не імкнуліся пераследваць і тармазілі асуджэнне г. зв. дэзерціраў, адказных за выпуск недабраякаснай прадукцыі, а таксама і іншых “шкоднікаў”, дзейнасць якіх была абвешчана крымінальнай вышэйшым кіраўніцтвам краіны.

Напрыканцы разгляданага перыяду падатковая палітыка, што ажыццяўлялася метадамі прымусу, ужо не давала чаканых вынікаў: моц вёскі была падарвана. Калгаснікі былі пераведзены дзяржавай у стан фактычна бяспраўнай працоўнай сілы.

“Касмапалітызм” стаў асноўнай зброяй прапаганды ў палітычных кампаніях па ўзмацненні кантролю над інтэлігенцыяй. Цэнзура істотна абмяжоўвала і перашкаджала прафесійнай дзейнасці творчых асоб. Ахвярамі станавіліся і лаяльныя да ўлад людзі, якія шчыра верылі партыйным ідэалагічным устаноўкам. Пры гэтым нават знаходжанне ў партыі не было гарантыяй недатыкальнасці. Цэнзура і ідэалагічныя кампаніі ў БССР прывялі да заняпаду духоўнага і інтэлектуальнага жыцця.

Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне

Як я ўжо адзначала вышэй, страх быў на той час галоўным псіхалагічным фактарам, які ўплываў на паводзіны чалавека ў самых розных жыццёвых сітуацыях. А. Тулееў і Ю. Сыравецкі вызначылі чатыры асноўныя формы залежнасці чалавека ад дзяржавы, звязаныя з адчуваннем страху:

— сілавую залежнасць — страх перад фізічным і адміністратыўна-прававым прымусам;

— матэрыяльную — страх перад магчымасцю пазбаўлення ці неатрымання тых ці іншых матэрыяльных умоў жыцця, сродкаў існавання;

— інфармацыйную — страх перад невядомасцю і немагчымасцю атрымаць неабходную інфармацыю;

— афектыўную (эмацыйна-адчувальную) — страх перад верагоднасцю пазбавіцца ці не атрымаць станоўчыя эмоцыі і перажыванні.

Гэтыя віды залежнасці акурат і характарызавалі спосабы уздзеяння ўлады на людзей ды ўплывалі на выбар імі жыццёвых стратэгій у той час.

Значная колькасць людзей, вядома, выбірала актыўнае прыстасаванне, што асабліва характэрна для Усходняй Беларусі, якая ўжо працяглы час знаходзілася ў СССР. Рэпрэсіі 1930-х гг. прадэманстравалі яе жыхарам, што паказальная актыўнасць дапамагае выжыць, а супраціўленне жорстка караецца. Страх рэпрэсій ды афцыйная прапаганда паступова фармавалі скажонае ўспрыманне рэчаіснасці ў большасьці насельніцтва, якое пачынала ідэалізаваць савецкую ўладу, а рэпрэсіўную палітыку ўспрымала як адназначна правільную.

Факты супраціўлення замоўчваліся ці падаваліся ў змененай ідэалогіяй форме.

Вывучаючы паводзіны сялян, Ш. Фіцпатрык вылучала тры тыпы актыўных прыстасавальнікаў да існуючай улады: “традыцыяналістаў” (якія хацелі, каб усё засталося па-старому і ім далі магчымасьць працягваць працаваць ды, хоць і паводле савецкага мінімуму, але забяспечваць сябе і сваю сям’ю), “прадпрымальнікаў” (якія хацелі не толькі забяспечваць сябе, але і атрымліваць прыбытак) і “дзяржаўных утрыманцаў” (якія хацелі, каб дзяржава давала ім усе магчымыя ільготы). Такі падзел існаваў і адносна іншых груп, прычым пры правядзенні савецкай унутранай палітыкі захоўвалася хутчэй тэндэнцыя ўмацавання статусу дзвюх апошніх.

Асноўным шляхам актыўнага прыстасавання было імкненне займаць кіруючыя пасады ў партыі і адміністрацыі, быць актывістам. Гэта давала эканамічныя і ўладныя перавагі. Чалавек, які абіраў такі тып паводзін, мусіў, праўда, улічваць і некаторыя негатыўныя моманты, напрыклад, пагрозу для жыцця. Бо асабліва ў першыя пасляваенныя гады ў БССР, пераважна ў заходніх абласцях, былі распаўсюджаны тэракты супраць савецкіх службовых асоб; існавала рызыка прыцягнення да адказнасці за невыкананне планавых паказчыкаў. Дзейнасць прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, у сваю чаргу, знаходзілася пад моцным ўплывам настрояў і чаканняў насельніцтва. Яны не маглі не ўлічваць указанні вышэйшых структур і ў той жа час павінны былі шукаць падтрымку мясцовага насельніцтва, каб стабілізаваць сітуацыю ды ўмацаваць уладу ў спецыфічных умовах заходняй БССР.

Найбольш шырокім было, канечне, пасіўнае прыстасаванне. Людзі абіралі гэты шлях нават тады, калі не пагаджаліся з савецкім ладам. Асноўнымі прычынамі такога падпарадкавання былі асабісты інтарэс, абыякавасць, да таго, што адбываецца наўкола, але ў першую чаргу страх перад магчымымі рэпресіямі і пакараннем. Асаблівасць пасіўнага прыстасавання заключалася ў тым, што сяляне, напрыклад, на афіцыйных сходах маглі станоўча выказвацца пра калгасны лад, але на справе ў прыватных размовах лаялі калгасы.

Найбольш моцны ўплыў страх аказваў на жанчын, якія баяліся за лёс сваіх дзяцей. У той жа час жанчыны, каб аберагчы сваіх мужоў, маглі вальней (з таго, што ім нібыта даравальна) выказваць свае погляды ды нязгоду з вырашэннем тых ці іншых побытавых праблем. Напрыклад, пры арганізацыі перасялення з памежнай 800-метровай паласы ў некаторых вёсках арганізаваныя групы жанчын зрывалі сходы. У в. Орля Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. 16 мая 1947 г. быў скліканы агульны сход жыхароў, на які прыйшлі адны жанчыны. Выслухаўшы прадстаўніка райвыканкама, яны ўзнялі шум, і сход быў сарваны. Калі на другі дзень у гэтую вёску прыбыла камісія, яна была сустрэта натоўпам жанчын, якія, укленчыўшы, прасілі іх не перасяляць.

Характэрнай стратэгіяй прыстасавання робіцца адмаўленне ад мінулага, хаванне розных сумнеўных з гледзішча ўлады біяграфічных звестак, бо за іх выключалі з ВНУ, звальнялі з працы, маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, а тых кіраўнікоў, якія падтрымлівалі такіх асоб, чакалі рэпрэсіі. Тыя, хто баяўся быць выкрытым, уцякалі на працу ў іншыя мясцовасці, у горад, дзе пасля рабілі новыя дакументы. Даносы сталі эфектыўнай формай барацьбы ўлад з гэтай з’явай. Пры гэтым, хаця і заахвочвалася адмаўленне ад мінулага ды публічнае пакаянне, напрыклад, святароў, гэта не перашкаджала ўладам адмаўляць ім у прыёме на працу. Такім чынам, кляймо кепскага палітычнага мінулага сфармавала вялікую катэгорыю людзей, якіх пазбаўлялі самых розных правоў.

А падставаў стаць ворагам было мноства (дастаткова было быць яўрэем, заможным селянінам, знаходзіцца падчас вайны на акупаванай тэрыторыі і г. д. ). Пастаянная падазронасць да сваіх грамадзянаў з боку розных органаў мела на мэце выявіць іх нелаяльнасць. І калі партыйная арганізацыя ці адпаведныя органы абвяшчалі нейкага чалавека палітычна ненадзейным, то ён, як правіла, заставаўся па-за грамадствам, без працы і сродкаў для існавання; астатнія трымаліся ад яго на адлегласці. Такім чынам, рэпрэсіўныя фактары ўнутранай палітыкі СССР навязвалі як стыль паводзін канфармізм, фактычна “жыццё ў масцы”, уцёкі ад рэчаіснасці ды цалкам ірацыянальную веру ў камуністычныя ідэалы і т. зв. светлую будучыню.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.