Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Сыход. Актыўны супраціў



Сыход

Сыход (эскейпізм — уцёкі), міграцыя насельніцтва з’яўляліся важнай жыццёвай стратэгіяй у БССР. Матывы пераезду былі рознымі, часам змешанымі — пошук лепшай долі, адукацыі, заробку, уцёкі ад пагрозы рэпрэсій. У асноўным уцякала сельскае насельніцтва ў гарады. Рабілася гэта праз адыходы на промыслы, працяг адукацыі, мабілізацыю ў Чырвоную Армію. Большасць пакідала вёску назаўсёды, а тыя, хто заставаўся, як правіла, былі маральна зламанымі людзьмі.

Але і ў горадзе было не нашмат лягчэй. Той, хто збягаў, сутыкаўся з цяжкімі ўмовамі працы, інтэнсіўнай стамляючай працай на мяжы немагчымага, з крымінальнай адказнасцю за спазненні, прагулы, бытавой незабяспечанасцю. Звальненне было праблематычным, бо гэта пагражала тым, што чалавек мог патрапіць у катэгорыю г. зв. “летуноў”, якіх маглі выслаць у адміністратыўным парадку ў аддаленыя мясцовасці. У Заходняй Беларусі была яшчэ адна магчымасць сыходу — праз абмен насельніцтвам з Польшчай, у часе якога прыехала ў БССР 27. 806 і выехала 241. 152 чалавек. Вялікая колькасць тых, хто з’ехаў і жадаў гэтага, нават не з’яўляючыся палякам, паказала, што такім чынам людзі выказвалі сваю нязгоду з рэжымам — галасавалі супраць “нагамі”.

Некаторыя беглі нават праз межы іншых рэспублік, як, напрыклад, настаўнікі з Маладзечна М. А. Аверчанка і К. А. Казлоўская, якія ў ноч з 14 на 15 студзеня 1950 г. перайшлі іранскую мяжу. Затрыманныя на іранскім баку, яны заявілі, што баяліся пераследу МДБ. У дакументах перапіскі савецкіх і іранскіх службоўцаў адзначалася, што яны стаялі на ўліку як па-антысавецку настроеныя асобы. Адпаведныя карныя органы сабралі ўсю магчымую інфармацыю, каб скампраметаваць іх ды абвясціць уцекачоў здраднікамі, якія пазбеглі кары (закладнікамі апынуліся сваякі ўцекачоў; некаторыя былі асуджаны як антысаветчыкі).

Дзесяткі тысяч беларускіх жыхароў, што былі добраахвотна ці прымусова вывезены на тэрыторыю Германіі ў часе вайны, знайшлі прытулак на Захадзе, не жадаючы вяртацца ў СССР. Сярод тых, хто застаўся ў эміграцыі, найбольш было сялянаў і жыхароў мястэчак Заходняй Беларусі.

Самазабойствы былі яшчэ адной жахлівай стратэгіяй сыходу. Самазабойствы, як правіла, старанна расследавалі. Але найчасцей трактавалі іх як доказ віны чалавека.

Актыўны супраціў

Актыўны супраціў улучае ў сябе антысавецкія дзеянні, шматлікія праявы пратэсту, якія адбываліся як у мірных, так і ў гвалтоўных формах: ад чутак, выказванняў да тэрактаў супраць партактыву і сельскай адміністрацыі. У большасці выпадкаў такія дзеянні разглядаліся як контррэвалюцыйныя і караліся паводле арт. 63—76 Крымінальнага кодэкса БССР. Гэтыя артыкулы давалі магчымасць асудзіць усіх нязгодных з існуючым ладам.

1. Чуткі

Чаканне ліберальных змен (паслабленняў) пасля вайны стала асновай распаўсюджвання чутак, большасць з якіх былі палітычнымі. Чым менш было афіцыйнай інфармацыі адносна нейкай падзеі, тым больш яна абрастала рознымі чуткамі, часам самымі неверагоднымі. Сялян раздражняла пастаяннае выпампоўванне фінансавых сродкаў ды сельскагаспадарчай прадукцыі. У заходніх абласцях існавала ваеннае становішча, якое суправаджалася правядзеннем чэкісцка-вайсковых аперацый, скіраваных супраць антысавецкага падполля. Найбольш распаўсюджанымі ў СССР былі ў той час чуткі пра роспуск калгасаў і пачатак амерыканска-савецкай вайны, а таксама чаканне канца свету. Частка насельніцтва ўспрымала магчымую вайну не як катастрофу, а як выратаванне.

Пры гэтым улады актыўна цікавіліся настроямі людзей. Асаблівая ўвага надавалася незадаволенасці моладзі. І таму некаторыя чуткі ствараліся і распаўсюджваліся самімі ўладамі з мэтай справакаваць ды прааналізаваць рэакцыю насельніцтва. Збор інфармацыі рабіўся рознымі шляхамі: агітатары фіксавалі рэакцыю насельніцтва адносна розных дзяржаўных мерапрыемстваў; рыхтаваліся справаздачы на падставе вытрымак з перлюстраванай спецыяльным аддзелам МДБ карэспандэнцыі (правяралі да 80% лістоў грамадзян).

Людзі, у сваю чаргу, ведалі пра пакаранне за адкрытыя антысавецкія выказванні, таму паводзілі сябе стрымана. Напрыклад, у размовах з агітатарамі насельніцтва ў Мінску задавала такія асцярожныя пытанні: чаму права быць выбраным даецца толькі грамадзянам, якія дасягнулі 23 гадоў? Чаму ў дакладзе Молатава ў канстытуцыі гаворыцца, што праявы антысемітызму караюцца законам, а на практыцы гэтага няма? Ці можна залічыць яўрэяў да славянаў? Ці хутка будзе адменена карткавая сістэма? Ці будуць асвятляцца вуліцы і г. д.

Органы дзяржбяспекі збіралі розныя звесткі і цікавіліся меркаваннямі людзей і праз сваіх агентаў і інфарматараў у арганізацыях. Такім спосабам, напрыклад, былі сабраныя наступныя звесткі, якія кваліфікаваліся як праявы антысаветызму:

23 студзеня 1947 г. жыхар сяла Юнсечы Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. Н. С. Давядзюк сказаў аднавяскоўцам: “Калі будуць выбары, кінуць бы гранату і ўзарваць пакой, дзе галасуюць”.

Рабочы крухмальнага завода Казлоўшчынскага р-на А. І. Юргель заявіў: “Як мне плацяць за работу, так я буду галасаваць”.

Старшына 85 ОБС 55-гадовы С. Д. Іванчанка ў размове пра выбары ў Вярхоўны Савет БССР заявіў: “У нас выбары праходзяць не на дэмакратычных пачатках. Высоўваюць кандыдата, упісваюць яго ў бюлетэнь, а я павінен за яго галасаваць. Пры галасаванні я не маю права дапісваць і выкрэсліваць кандыдатаў, а гавораць, што гэта дэмакратычныя выбары. Вось у капіталістычных краінах, як, напрыклад, у Англіі, там кожны мае права галасаваць так, як ён захоча”.

Намеснік камандзіра па забеспячэнні капітан Л. В. Сакалоў у адказ на скаргі дэмабілізаваных з Узброеных сіл пра кепскае забеспячэнне рэчамі, сказаў: “Чаго вы крыўдзіцеся на мяне, крыўдуйце на таварыша Сталіна і савецкі ўрад” (за што быў выключаны з партыі і арыштаваны).

2. Антысавецкае падполле

Самай радыкальнай формай пратэсту насельніцтва стала ўзброеная індывідуальная ці групавая барацьба. Адзінкавыя выступы былі рэдкімі і звычайна замоўчваліся. Сярод прыкладаў — г. зв. “тэрарыстычны выпад” М. П. Федзія, камандзіра ўзвода 10 танкавай дывізіі, які ў сакавіку 1951 г. прымацаваў замест мішэні для прыстрэлкі партрэт І. В. Сталіна.

Спробы актыўнага антысавецкага супраціву былі, акрамя ўсяго іншага, звязаныя і з чаканнем вайны СССР з саюзнікамі ў час Другой сусветнай вайны. Гэтыя спадзяванні падтрымліваліся чуткамі і антысавецкім падполлем на працягу ўсяго разгляданага перыяду. Далёка не ўсе, нават арганізаваныя, дзеянні можна было звязаць з нацыянальным супрацівам, у першую чаргу гэта былі пратэсты супраць парушэння інтарэсаў і правоў беларускага насельніцтва. Напрыклад, 15 мая 1947 г. камісія Высакоўскага райвыканкама на чале са старшынём райвыканкама Расляковым у в. Вялічкавічы склікала сход жыхароў у сувязі з пытаннем адсялення, на які прыйшлі адны жанчыны. Спадарыня А. Шаўчук, дачка рэпрэсаванага, заявіла, што было б лепш, каб іх расстралялі ці забілі, але пераязджаць яны нікуды не будуць. Жанчыны падтрымалі яе, і сход быў сарваны. На наступны сход прыйшлі ўсе гаспадары дамоў, якія пагадзіліся перасяляцца. Але потым усе жыхары сышлі з вёскі (частка з іх схавалася ў лесе). 17 мая 1947 г. прыбыў атрад на чале з Расляковым (30 чалавек), каб дапамагчы перасяленню, але жанчыны з палкамі (больш за 100 чалавек) не пусцілі іх у вёску. І толькі пасля таго, як былі арыштаваныя тры самыя актыўныя жанчыны, працэс перасялення быў распачаты.

Надзея на змены да лепшага ці, у некаторых драматычных выпадках, безвыходнасць былі асноўнымі псіхалагічнымі фактарамі, якія штурхалі людзей да розных формаў актыўнага супраціву. Напрыклад, ведаючы пра тое, што яны будуць арыштаваныя, некаторыя былыя сябры калабаранцкіх арганізацый змагаліся ў пасляваенны перыяд супраць Саветаў. І не ўсе тыя, хто быў змушаны абставінамі знаходзіцца на нелегальным становішчы, далучаліся да атрадаў супраціўлення. Многія хаваліся каля сваіх вёсак або нават у іншых вёсках і гарадах. У той жа час на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі атрады, якія змагаліся супраць камунізму ці то з ідэйных меркаванняў, ці то на знак супраціву рэпрэсіўнай палітыцы савецкай улады. Дзейнічалі і нацыянальныя падпольныя фармаванні, як беларускія, так і польскія і ўкраінскія. Былі атрады, якія змагаліся з савецкімі ўладамі, перамяшчаючыся з тэрыторыі суседніх савецкіх рэспублік.

Супрацьстаянне антысавецкага падполля і ўладаў прыводзіла да таго, што многія мясцовыя жыхары рабіліся нявольнымі закладнікамі сітуацыі, бо знаходзіліся пад пагрозай фізічнай расправы як з боку органаў бяспекі, так і антысавецкага падполля. Напрыклад, перад святам Перамогі ўвечары 8 мая 1947 г. узброены атрад выразаў 250 м. тэлефонных дратоў паміж Алтушскім сельскім саветам і Маларытай, а паміж Збуражскім сельскім саветам і райцэнтрам — 170 м. У калгасе “Перамога”, спалілі жывёлу разам з пуняй, не дазваляючы яго патушыць. Ні калгаснікі, ні сяляне не насмеліліся данесці пра здарэнне ў раённы аддзел МДБ—МУС ў той самы дзень.

Не спыняючыся падрабязна на тэме нацыянальна арыентаванага антысавецкага падполля, якое асвятляецца ў іншых лекцыях, варта адзначыць адно (выключэнне складае дзейнасць моладзевых арганізацый) характэрныя для іх этапы:

1. У другой палове 1944—1946 г. выявілася актыўнасць беларускага падполля ў правядзенні адкрытых акцый супраць савецкай улады. Пры гэтым сярод значнай колькасці насельніцтва панавалі спадзяванні на тое, што дзяржаўны лад будзе зменены. У выніку шырокамаштабных чэкісцка-вайсковых аперацый адкрыты супраціў быў задушаны.

2. У 1947—1952 гг. ва ўмовах строгай канспірацыі існавалі раздробленыя структуры антысавецкага падполля, але савецкія карныя органы іх метадычна знішчалі.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.