Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Хадайніцтвы, скаргі, даносы



Распаўсюджаным у той час было напісанне даносаў, хадайніцтваў, скаргаў на крыўдзіцеляў. Больш за тое, даносы на грамадзян заахвочваліся, а тыя, хто іх рабіў, даволі часта лічылі сябе патрыётамі. Улады, як правіла, рэагавалі на ўсе “сігналы”. Але пераважная большасьць такіх сігналаў была насамрэч звычайнымі даносамі, якія рабіліся з карыслівых ці кар’ерных меркаванняў. Напрыклад, справа В. М. Стрэчань, якую арыштавалі 29 снежня 1944 г. па абвінавачанні ў тым, што яна ў сакавіку 1944 г. нібыта аддала нямецкім карным органам двух партызанак. Аднак пасля высветлілася, што ўсе сведчанні грунтаваліся на словах іншай жанчыны, П. Мароз, якая мела асабістую непрыязнасць да В. М. Стрэчань. Таму справа была спынена.

Даносчыкі маглі быць у любой установе і арганізацыі. Пры напісанні даносаў часта карысталіся тыповымі вызначэннямі вобраза ворага, каб паказаць вінаватасць чалавека. Маглі нават фальсіфікаваць узрост абвінавачаных, калі справа датычыла непаўнагадовых. Напрыклад, Н. І. Шышко быў непаўнагадовым падчас вайны, але яго крыўдзіцелі адмыслова паказалі на тое, што ён нібыта быў старэйшы, каб абвінаваціць яго ў тым, што ён быў паліцэйскім. Малады чалавек праседзеў у турме 3 гады (з 23 снежня 1944 г. да 20 сакавіка 1947 г. ).

Дзяржава заахвочвала даносы, бо выкарыстоўвала іх для збору кампраметавальнай інфармацыі, кантролю за грамадзянамі, службовымі асобамі, а грамадзяне імкнуліся такім чынам скарыстаць дзяржаву для сваіх мэтаў. Пакрыўджаныя, у сваю чаргу, часта помсцілі. І ўсё разам гэта стварала надзвычай змрочную атмасферу страху і ўсеагульнай падазронасці.

Скаргі і хадайніцтвы мелі дзве формы — лістоў і хаджэнняў на асабісты прыём да службовых асоб. Насельніцтва часта не давярала мясцовым уладам, таму лісты правадырам сталі важнай формай “пошуку праўды”. Як правіла, просьбы былі невялікія — вырашыць жыллёвыя, сямейныя ці іншыя праблемы. Вышэйшыя інстанцыі, да якіх звярталіся грамадзяне, каб “праверыць інфармацыю” накіроўвалі заявы назад у рэспубліканскія, абласныя, раённыя арганізацыі. І вырашэнне пытання заяўніка магло патрапіць (і часта трапляла) у рукі таго, супраць каго ён змагаўся. У выніку заяўніка маглі пераследаваць, выкарыстоўваючы самыя розныя ўскосныя сродкі і метады.

У ліку найбольш характэрных — скаргі на тое, што ў сялян адбіраюць зямлю ці адразаюць зямельныя ўчасткі, на павелічэнне паставак дзяржаве, нявыдачу прадуктаў па картках. Распаўсюджанымі былі скаргі па судова-следчых пытаннях, просьбы аб памілаванні і зняцці судзімасці. Напрыклад, на аснове скаргі 13-гадовага піянера В. Гуто была праверана справа па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці яго бацькі І. С. Гуто. І было прызнана, што ён быў асуджаны памылкова. Але пераважна скаргі вырашаліся нездавальняюча — іх разгляд зацягваўся, не заўсёды яны разглядаліся тымі, каму накіроўваліся, кантроль за разглядам і праходжаннем скаргаў адсутнічаў. Тым, хто падаваў скаргі, не заўсёды паведамлялі пра прынятыя меры.

Стратэгіямі пасіўнага супраціўлення былі таксама апатычная праца, пазбяганне партыйных актывістаў, уцёкі з сельскай мясцовасці і інш... Супраціўленне было звязана ў тым ліку з рэлігіяй. Прызнанне сябе вернікам пры агульнай атэістычнай прапагандзе стала формай пратэсту, які пераследаваўся. У той самы час рэлігійнасць бацькоў часта рабілася перашкодай пры паступленні ў ВНУ, была прычынай выгнання з навучальнай установы.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.