|
|||
Высновы. Голад 1946—1947 гг.Высновы Дзяржава вызначала шляхі існавання грамадства, накінуўшы на сваіх грамадзянаў вялікую колькасць інструкцый, правіл і законаў. Пэўная частка насельніцтва шчыра верыла партыі і савецкаму кіраўніцтву і выконвала іх патрабаванні. У той жа час пераважная колькасць людзей абрала стратэгію прыстасавання. Характэрнымі, праўда, былі і такія паводзіны, калі чалавек толькі рабіў выгляд, што выконвае ўказанні цэнтральных і мясцовых органаў улады, але імкнуўся дзейнічаць, зыходзячы з пазіцыі ўласных патрэб і магчымасцяў. Стратэгіі супрацьдзеяння, якія выбіралі жыхары БССР, вар’яваліся ад пасіўнай, негвалтоўнай, да актыўнай, тэрарыстычнай формы. Пераважала пасіўная форма. Распаўсюджаным відам стасункаў чалавека і дзяржавы было напісанне хадайніцтваў, скаргаў, даносаў. Прыкладамі пасіўнага супраціву былі апатычная праца, пазбяганне партыйных актывістаў, уцёкі з сельскай мясцовасці і інш. Да катэгорыі актыўнага супраціву можна аднесці пратэсты, якія выяўляліся ў мірных і гвалтоўных формах — ад чутак, выказванняў да тэрактаў супраць партактыву і сельскай адміністрацыі. Самай радыкальнай формай стала ўзброеная індывідуальная ці групавая барацьба, асабліва характэрная для тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе антысавецкі рух быў выкліканы новым усталяваннем савецкай улады (“Другія Саветы”). Разнароднае па сваім складзе антысавецкае падполле з’явілася крайняй формай пратэсту насельніцтва супраць Саветаў. Яго існаванне падтрымлівалі неабгрунтаваныя рэпрэсіі савецкай улады. У выніку шырокамаштабных чэкісцка-вайсковых аперацый гэты супраціў быў задушаны. Узброеная барацьба ў пачатку 1950-х гг. здавалася большасці ўжо бессэнсоўнай, таму асноўнай стратэгіяй жыцця зрабілася прыстасаванне. Голад 1946—1947 гг. Пасля вайны склалася вельмі цяжкая эканамічная сітуацыя, бо параўнальна з іншымі савецкімі рэспублікамі тэрыторыя БССР зазнала найбольшыя разбурэнні. Пры гэтым дэфіцыт самага неабходнага ператварыўся ў неад’емную частку штодзённасці. Большасць жыла ў дамах без выгодаў. У горадзе і вёсцы не хапала прадуктаў і самых неабходных тавараў, лекаў. Агульная эканамічная сітуацыя характарызавалася затрымкамі выплаты заробкаў, высокімі цэнамі, штогадовымі прымусовымі дзяржаўнымі пазыкамі, павелічэннем падатковага ціску. Заробкі ў большасці былі мінімальныя — 250—300 руб., выжыць дапамагалі адносна нізкія камунальныя выплаты і кошты на прадукты харчавання. Хаця ў краіне і заахвочвалася шматдзетнасць, прадуктаў, якія выдавалі па картках на дзяцей, не хапала. Дзеці былі кепска апранутыя і абутыя: паводле тагачасных нормаў не перадугледжвалася атрыманне прамысловых тавараў. Часта пры вялікай колькасці дзяцей толькі адзін чалавек у сям’і працаваў, атрымліваючы нізкі заробак. Усё гэта прыводзіла да жабрацтва тых, хто не мог сябе ўтрымліваць: інвалідаў (у тым ліку пакалечаных вайной), састарэлых, дзяцей школьнага ўзросту, а таксама сельскіх жыхароў, якія збеглі ў горад у пошуках лепшага лёсу. Голад 1946—1947 гг. быў выкліканы засухай і неўраджаем, ён закрануў галоўным чынам паўднёвыя раёны БССР. Сітуацыя была цяжкай, пра што сведчылі выпадкі канібалізму. Нягледзячы на голад, дзяржава ставіла выкананне планаў вышэй за інтарэсы грамадзян. Замест рэальнай дапамогі галадаючых змушалі збіраць на пазыку дзяржаве грошы, якія не вярталіся, што яшчэ больш пагаршала становішча насельніцтва. Для таго, каб выканаць планы, у заходніх абласцях Беларусі нарыхтоўшчыкі хлеба ўключалі як мага больш гаспадарак, у тым ліку і серадняцкіх, у спісы кулацкіх, каб абкласці іх дзяржаўнымі пастаўкамі па завышаных нормах. За невыкананне пагражала прыцягненне да суду. Формай пратэсту сялян стала нежаданне сеяць, бо чакалі, што хлеб усё адно забяруць, і гэта адбілася на пасяўной кампаніі 1947 г. Улады канстатавалі наяўнасць адмоўных палітычных настрояў у БССР, звязаных з засухай 1946—1947 гг. Напрыклад, шараговец 95 гвардзейскага танкавага палка, 8 механізаванай дывізіі Собалеў заявіў, што ў БССР народ мае кепскі настрой, бо забралі ўвесь хлеб і бульбу для тых раёнаў Украіны, дзе неўраджай, і гэта прывядзе да таго, што працэнт галасавання за кандыдатаў у дэпутаты будзе нізкім. Голад павялічыў колькасць злачынцаў, у тым ліку дзяцей, адбыўся рост колькасці крадзяжоў, забойстваў і інш. Пайкова-карткавая залежнасць гараджан ад дзяржавы, адсутнасць нармаванага забеспячэння харчаваннем жыхароў сельскай мясцовасці ўзмацнялі страх людзей перад голадам, ускладнілі крымінальную сітуацыю. Каб здабыць прадукты, галадаючыя ехалі ў тыя часткі СССР, дзе неўраджаю не было. Па хлеб і бульбу людзі ездзілі нават на падножках і дахах вагонаў. Сярод іх было шмат спекулянтаў, якія шукалі выгаду ад перапродажу тавараў на пацярпелых ад голаду тэрыторыях. Павялічылася колькасць раскраданняў зерня, адказнасць за якое ўзмацнілася. У мэтах зберажэння дзяржаўнага хлеба ў заходніх абласцях БССР выкарыстоўвалі нават сілы вынішчальных батальёнаў. У перыяд уборкі ўраджаю і хлебанарыхтовак у 1946 г. у асобных раёнах БССР (у тым ліку пацярпелых ад неўраджаю) мелі месца выпадкі падману дзяржавы з боку службовых асоб “Заготзерно”, калгасаў, саўгасаў і сялян-аднаасобнікаў. Некаторыя працаўнікі “Заготзерна” выпісвалі фіктыўныя квітанцыі калгасам, аднаасобным сялянскім гаспадаркам на быццам бы прыняты ад іх хлеб, у той час як на дзяржаўныя склады ён не паступаў. Былі выпадкі, калі калгасы, саўгасы выдавалі распіскі нарыхтоўчым пунктам, а ад іх атрымлівалі паперы, паводле якіх яны нібыта здалі дзяржаве хлеб. У другой палове 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК УКП(б) прынялі дзве пастановы, скіраваныя на ўзмацненне кантролю выкарыстання і захавання хлеба. “Разбазарваннем” лічылася выдача хлеба авансам, выдача хлеба з семяннога фонду, выдача на працадні ці на грамадскае харчаванне да таго, як калгасы цалкам не разлічыліся з дзяржавай па абавязковых пастаўках. Згаданыя пастановы выклікалі шмат спраў супраць старшыняў калгасаў (толькі ў другой палове 1946 г. у БССР да крымінальнай адказнасці прыцягнулі 345 чалавек, асабліва ў раёнах, пацярпелых ад неўраджаю. Аналіз гэтай практыкі выявіў, што вялікая колькасць асуджаных была прыцягнутая да адказнасці незаконна. Яшчэ падчас вайны гараджане, а таксама часткова жыхары сельскай мясцовасці (за выключэннем калгаснікаў) былі пераведзены на сістэму нармаванага забеспячэння, г. зн. яны атрымлівалі прадукты па картках. Існавалі рабочыя карткі першай і другой катэгорыі, а таксама спецыяльныя карткі для служачых, дзяцей і ўтрыманцаў (самыя нізкія). Нормы выдачы прадуктаў па картках, а таксама цэны (пайковыя) на іх былі строга фіксаванымі і істотна ніжэйшымі за цэны на тыя ж прадукты на рынку ці ў камерцыйных крамах. Нізкія нормы, калі не хапала нават элементарных прадуктаў харчавання, штурхалі людзей на парушэнне законаў, што стала асабліва характэрным з надыходам неўраджаю 1946 г. Частымі былі крадзяжы картак. Праведзеныя на пачатку 1947 г. праверкі паказалі, што многія карткавыя бюро незаконна выдавалі хлебныя і харчовыя карткі. Былі і іншыя злоўжыванні — выдаваліся хлебныя карткі асобам, якія працавалі ў сельскай гаспадарцы, прысвойваліся харчовыя карткі памерлых, краліся хлебныя карткі ў друкарнях. У верасні 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК УКП(б) падвысіў пайковыя цэны ў сярэднім утрая. Адначасова зніжаліся камерцыйныя цэны на прадукты харчавання, але ўсяго на 10—20% у сярэднім. Між тым, перадугледжаная кампенсацыя ў выглядзе падвышэння заработнай платы аніяк не пакрывала расходы на набыцццё прадуктаў харчавання. Так, заработная плата нізкааплатных катэгорый насельніцтва была падвышана ў сярэднім толькі ў 2 разы. У той самы час людзі, якія атрымлівалі вялікі заробак, — партыйныя і савецкія работнікі, лаўрэаты Сталінскай прэміі, артысты — забяспечваліся прадуктамі і таварамі праз спецзабеспячэнне па танных коштах, а ў камерцыйных крамах і на рынках былі вымушаны набываць менш аплочваемыя катэгорыі насельніцтва, г. зн. рабочыя, служачыя. Было шмат выпадкаў, калі даводзілася прадаваць асабістыя рэчы, каб набыць у камерцыйных крамах прадукты для хворых дзяцей. 1 кастрычніка 1946 г. была істотна скарочана колькасць тых, хто знаходзіўся на нармаваным забеспячэнні. Гэта спарадзіла яшчэ большую незадаволенасць ў грамадстве, чым падвышэнне цэн. Акрамя гэтага, было прынята рашэнне скараціць камерцыйны гандаль хлебам. Карткавая сістэма робіцца выключна гарадской з’явай. У выніку праз нейкі час назіраецца яшчэ большы прыток працоўнай сілы ў гарады. У 1947 г. сталася відавочнай неэфектыўнасць карткавай сістэмы, бо дэфіцыт захоўваўся, а злоўжыванні раслі. У сувязі з гэтым ідэя адмены картак як галоўнай прычыны харчовых цяжкасцей, робіцца папулярнай у штодзённай свядомасці. Улады вырашылі спалучыць адмену картак з антыінфляцыйнай грашовай рэформай. Але, маючы адмоўны папярэдні досвед, людзі баяліся новаўвядзенняў. Падрыхтоўка рэформаў, у сваю чаргу, праводзілася ва ўмовах сакрэтнасці. Асноўнай крыніцай інфармацыі для звычайных людзей сталі чуткі, згодна з якімі чакалі павышэння цэн, знікнення тавараў з крамаў, кепскага курсу абмену старых грошай. Напярэдадні рэформы павялічыліся чэргі ў крамах і ашчадных касах. У канцы лістапада 1947 г. шмат людзей імкнуліся зняць свае ўклады і захаваць грошы, купляючы дарагія рэчы. Між тым, ва ўмовах таварнага голаду грашовая маса пастаянна расла, асабліва на вёсцы, і людзі баяліся страціць тое, што, як ім падавалася, было рэальнымі грашыма, якія яны ашчаджалі. Умовы грашовай рэформы для большасці сталі шокавымі. Абмен (Пастанова Савета Міністраў СССР і ЦК УКП(б) ад 14 снежня 1947 г. ) старых наяўных грошай на новыя праводзіўся зусім не на карысць насельніцтва: за 10 рублёў старых грошай давалі 1 рубель новых. Абмен усіх наяўных грошай праводзіўся толькі на працягу тыдня, пачынаючы з 16 снежня. Грашовыя ўклады ў ашчадных касах і Дзяржаўным банку пераацэньваліся на больш ільготных умовах, чым абмен наяўных грошай: уклады да 3 тыс. руб. абменьвалі рубель за рубель. Былі канверсаваны ўсе раней выпушчаныя дзяржаўныя пазыкі, за выключэннем пазыкі 1947 г. Іх аб’ядналі ў адну. Абмен праводзіўся паводле наступных суадносін: 3 рублі ў аблігацыях папярэдніх пазык на 1 рубель у аблігацыях новай адзінай пазыкі. Заработная плата не пераводзілася. Памер яе заставаўся ранейшым. Адначасова з правядзеннем грашовай рэформы была адменена карткавая сістэма, ажыццяўляўся пераход да адкрытага продажу тавараў па адзіных дзяржаўных цэнах пры зніжэнні пайковых цэн на хлеб і крупы. Пайковыя цэны на хлеб зніжаліся ў сярэднім на 12%, на крупы — на 10%, у параўнанні з камерцыйнымі цэнамі яны зніжаліся больш чым у 2, 5 разы. Замест карткавай сістэмы ўводзілася норма продажу “ў адны рукі”: хлеба — не больш за 2 кг, крупаў і мяса — 1 кг, алею — 400 г, малака — 1 л, абутку — 1 пара, запалак — 2 пачкі, газы — 2 л, мыла гаспадарчага — 1 кавалак. З гэтага часу на працягу разгляданага перыяду зніжэнне цэн на тавары масавага спажывання адбывалася штогод. Улады чакалі розных парушэнняў. Галоўным чынам іх было два віды, звязаныя з доступам да інфармацыі пра планаваныя рэформы: хаванне тавараў ад пераўліку, каб прадаць за новыя, а потым унесці старыя грошы; незаконны прыём грашовых укладаў пасля 14 снежня. Сярод парушальнікаў апынуліся нават партыйныя актывісты і суддзі. Згаданыя вышэй парушэнні паказваюць, што ўцечкай інфармацыі скарысталіся не шарагоўцы. Большасць насельніцтва не мела аніякага выйгрышу, але мэта рэформы была дасягнута — аб’ём грашовай масы значна зменшыўся не толькі ў насельніцтва, але таксама і ў калгасаў. З адменай карткавай сістэмы рознічныя цэны на сельгаспрадукты зніжаліся, што пацягнула падзенне цэн на калгасных рынках. Такім чынам, гэтая рэформа яшчэ больш адасобіла вёску ад горада. Сама дзяржава не была падрыхтавана да адмены карткавай сістэмы. Праз кароткі час узнікае рэзкі дэфіцыт тавараў, асабліва ў дзяржаўных крамах, што пашырыла такую з’яву як спекуляцыя. Прапагандысцкія заявы пра паляпшэнне становішча кантраставалі з чэргамі па хлеб і цэнамі, вышэйшымі за даваенны ўзровень. Усё гэта выклікала незадаволенасць і трывогу, асабліва ў шматдзетных сем’ях, дзе жанчыны не дачакаліся сваіх мужоў з фронту.
|
|||
|