Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Тыя, хто заўсёды ўраўнаважаныя і непрадузятыя, ужо адолелі народзіны й скон. Стаўшы бездакорнымі, як Брахман, яны знаходзяцца ў Брахмане.



ТЭКСТ 19

 

іхаіва таір джітах сарго
йешам самйе стхітам манах
нірдошам хі самам брахма
тасмад брахмані те стхітах

 

іха - тут (у гэтым жыцьці); эва - без сумневу; таіх - тымі; джітах - зваявана; саргах - народзіны й сьмерць; йешам - якіх; самйе - у раўнавазе; стхітам - які знаходзіцца; манах - розум; нірдошам - бездакорны; хі - безумоўна; самам - ураўнаважаны; брахма — падобны да Ўсявышняга; тасмат - таму; брахмані - ва Ўсявышнім; те - яны; стхітах - якія знаходзяцца.

Тыя, хто заўсёды ўраўнаважаныя і непрадузятыя, ужо адолелі народзіны й скон. Стаўшы бездакорнымі, як Брахман, яны знаходзяцца ў Брахмане.

 

КАМЭНТАР: Як ужо было сказана, раўнавага розуму зьяўляецца прыкметай таго, што чалавек усьвядоміў сваё сапраўднае «я». Лічыцца, што той, хто насамрэч ўстаў на гэтую ступень, ужо вызваліўся ад матэрыяльнай абумоўленасьці, то бок перамог народзіны й сьмерць. Пакуль чалавек атаясамляе сябе з матэрыяльным целам, ён знаходзіцца ў абумоўленым стане, але, усьвядоміўшы сваю духоўную прыроду й зрабіўшыся спакойным, ён вызваляецца з палону абумоўленага жыцьця. Гэта значыць, што ён больш ніколі не народзіцца ў матэрыяльным сьвеце і пасьля сьмерці трапіць у духоўны прыстанак. Госпада завуць бездакорным, таму што Ён ні да каго не адчувае асаблівай прыхільнасьці ці непрыязі. І калі жывая істота зжывае прыхільнасьць і непрыязь, яна таксама робіцца бездакорнай і годнай таго, каб увайсьці ў духоўнае царства. Такіх людзей трэба лічыць вызваленымі душамі, і пазнаць іх можна па прыкметах, пералічаных у наступным вершы.

 

 

ТЭКСТ 20

 

на прахрішйет прійам прапйа
нодвіджет прапйа чапрійам
стхіра-буддхір асаммудхо
брахма-
від брахмані стхітах

 

на - не; прахрішйет - будзе цешыцца; прійам - прыемнае; прапйа - атрымаўшы; на - не; удвіджет - засмуціцца; прапйа - атрымаўшы; ча - і; апрійам - непрыемнае; стхіра-буддхіх - цьвёрды інтэлектам; асаммудхах - не схільны да ілюзіі; брахма-віт - той, хто спасьціг Усявышняга; брахмані - на духоўным узроўні; стхітах - які знаходзіцца.

Хто не радуецца прыемным падзеям і не засмучаецца з-за непрыемнасьцяў, хто валодае непахісным розумам (інтэлектам), хто не схільны ўплыву ілюзіі і абазнаны ў навуцы пра Бога, той ужо дасягнуў духоўнага быцьця.

 

КАМЭНТАР: Тут пералічаны прыкметы, па якіх можна вызначыць чалавека, які ўсьвядоміў сваю духоўную прыроду. Перш за ўсё такі чалавек не схільны ўплыву ілюзіі, бо ён перастаў атаясамляць сябе з матэрыяльным целам. Ён выдатна ведае, што адрозьніваецца ад цела і зьяўляецца часьцінкай Вярхоўнай Асобы Бога. Таму ён не радуецца набыткам і не смуткуе пра страты, зьвязаныя  зь ягоным целам. Такога ўраўнаважанага чалавека завуць стхіра-буддхі, што значыць «той, хто валодае непахісным розумам (інтэлектам)». Такі чалавек ніколі не зблытае матэрыяльнае цела з душой і не будзе лічыць цела вечным ці адпрэчваць існаваньне душы. Маючы гэтае веданьне, ён робіцца здольным у дасканаласьці авалодаць навукай пра Aбсалютную Ісьціну, то бок спасьцігнуць тры яе аспэкты: Брахман, Параматму й Бхагавана. Ён разумее сваё сапраўднае становішча і ня робіць безнадзейных спробаў зраўнацца з Усявышнім. Такі чалавек ужо спазнаў Брахман, а значыць, і сваю духоўную прыроду. Гэтая ўстойлівая сьвядомасьць называецца сьвядомасьцю Крышны.

 

 

ТЭКСТ 21

бахйа-спаршешв асактатма
віндатй атмані йат сукхам
са брахма-йога-йуктатма
сукхам акшайам ашнуте

 

бахйа-спаршешу - да вонкавых, пачуцьцёвых задавальненьняў; асакта-атма - той, хто не прывязаны; віндаті - адчувае; атмані - у сабе; йат - якое; сукхам - шчасьце; сах - ён; брахма-йога - засяроджваньнем розуму на Брахмане; йукта-атма - зьвязаны з сапраўдным «я»; сукхам - шчасьце; акшайам - бязьмежнае; ашнуте - смакуе.

Такога чалавека, вольнага ад мірскіх прыхільнасьцяў, не прыцягваюць матэрыяльныя, пачуцьцёвыя асалоды: ён заўсёды пагружаны ў транс і чэрпае радасьць у сабе. Так чалавек, які спасьцігнуў сваё сапраўднае «я» і заўсёды засяроджаны на Ўсявышнім, цешыцца бязьмежным шчасьцем.

 

КАМЭНТАР: Шры Ямуначар'я, вялікі адданы Крышны, казаў:

йад-авадхі мама четах крішна-падаравінде
нава-нава-раса-дхаманй удйатам рантум асіт
тад-авадхі бата нарі-сангаме смарйамане
бхаваті мукха-вікарах суштху ніштхіванам ча

«З тае пары як я прысьвяціў сябе трансцэндэнтнаму любоснаму служэньню Крышне й знайшоў у Ім крыніцу асалоды, якая ўвесь час абнаўляецца, толькі я падумаю пра цялесныя ўсьцехі, як вусны мае крывяцца ў агідзе і я сплёўваю». Той, хто дасягнуў узроўня брахма-йогі, ці сьвядомасьці Крышны, так паглынуты любосным служэньнем Госпаду, што ў яго зьнікае ўсялякі смак да мірскіх задавальненьняў. Вышэйшай формай матэрыяльнай асалоды зьяўляецца асалода сэксу. Увесь сьвет знаходзіцца ў ягоным палоне, і ніводны матэрыяліст не стаў бы працаваць без гэтага стымулу. Але чалавек, які разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, можа працаваць зь велізарным запалам, не імкнучыся пры гэтым да сэксуальных задавальненьняў і, больш за тое, нават унікаючы іх. Гэта азнака, па якой можна судзіць пра духоўнае ўзрастаньне чалавека. Духоўнае разьвіцьцё й сэксуальныя задавальненьні несумяшчальныя. Чалавека, які валодае сьвядомасьцю Крышны, не прыцягваюць ніякія пачуцьцёвыя задавальненьні, бо ён зьяўляецца вызваленай душой.

 

 

ТЭКСТ 22

 

йе хі самспарша-джа бхога
духкха-йонайа эва те
адй-антавантах каунтейа
на тешу рамате будхах

 

йе - якія; хі - безумоўна; самспарша-джах - спароджаныя судотыкам з матэрыяльнымі пачуцьцямі; бхогах - задавальненьні; духкха - пакутаў; йонайах - крыніцы; эва - вядома; те - яны; аді - пачатак; анта - канец; вантах – якія маюць; каунтейа - о сын Куньці; на - не; тешу - у тых; рамате - адчувае задавальненьне; будхах - разумны.

Разумны чалавек цураецца задавальненьняў, народжаных ад судотыку матэрыяльных пачуцьцяў з аб'ектамі ўспрыманьня, бо такія задавальненьні зьяўляюцца крыніцай пакутаў. Усе матэрыяльныя задавальненьні, о сын Куньці, маюць пачатак і канец, таму мудрэц ніколі не цешыцца імі.

 

КАМЭНТАР: Матэрыяльныя задавальненьні ўзьнікаюць ад судотыку матэрыяльных пачуцьцяў з аб'ектамі ўспрыманьня. Такія задавальненьні часовыя, таму што само матэрыяльнае цела тленнае. Вызваленую душу не цікавіць нішто часовае. Дык ці  можа той, хто зьведаў вышэйшую, духоўную асалоду, здавольвацца ілюзорнымі радасьцямі? У «Падма-пуране» сказана:

раманте йогіно 'нанте
сатйананде чід-атмані
іті рама-паденасау

парам брахмабхідхійате

«Для йогаў Aбсалютная Ісьціна зьяўляецца крыніцай бязьмежнай духоўнай асалоды. Таму Вышэйшую Aбсалютную Ісьціну, Асобу Бога, завуць Рамай».

 

У «Шрымад-Бхагаватам» (5.5.1) наконт сказана наступнае:

найам дехо деха-бхаджам нрі-локе
каштан каман архате від-бхуджам йе
тапа дівйам путрака ена саттвам
шуддхйед йасмад брахма-саукхйам тв анантам

«Дарагія сыны, жывой істоце, якая атрымала цела чалавека, ня мае сэнсу працаваць рупліва дзеля пачуцьцёвых задавальненьняў, бо такія задавальненьні даступныя нават паглынальнікам калу [свіньням]. Вы павінны прысьвяціць жыцьцё аскезе, каб ачысьціцца ад матэрыяльнае гнюсі й зьведаць бязьмежную духоўную асалоду».

Такім чынам, сапраўдныя йогі й мудрацы не імкнуцца да пачуцьцёвых задавальненьняў, якія прыкоўваюць жывую істоту да матэрыяльнага сьвету. Чым мацьней мы прывязаны да матэрыяльных задавальненьняў, тым больш пакутаў выпадае на нашу долю.

 

 

ТЭКСТ 23

 

шакнотіхаіва йах содхум
прак шаріра-вімокшанат
кама-кродходбхавам вегам
са йуктах са сукхі нарах

 

шакноті - можа; іха эва - тут (у сваім цяперашнім целе); йах - які; содхум - трываць; прак - калісьці; шаріра - ад цела; вімокшанат - вызваленьня; кама - жаданьнем; кродха - і гневам; удбхавам - спароджанае; вегам - падахвочваньне; сах - той; йуктах - зьмешчаны ў траньсе; сах - той; сукхі - шчасьлівы; нарах - чалавек.

Калі чалавек у сваім цяперашнім целе навучыўся стрымліваць пазывы матэрыяльных пачуцьцяў і таймаваць свае жаданьні і гнеў, значыць, ён ужо дасягнуў дасканаласьці і знайшоў сапраўднае шчасьце ў гэтым сьвеце.

 

КАМЭНТАР: Той, хто хоча няўхільна рухацца наперад па шляху самаўсьведамленьня, павінен навучыцца стрымліваць пазывы органаў пачуцьцяў, а менавіта жаданьне гаварыць, парывы гневу, пазывы розуму, страўніка, полавых органаў і языка. Чалавека, які ўтаймаваў свае пачуцьці й розум, завуць госвамі ці свамі. Госвамі вядуць упарадкаваны лад жыцьця і цалкам валодаюць сваімі пачуцьцямі. Нездаволеныя матэрыяльныя жаданьні выклікаюць гнеў, у выніку чаго розум прыходзіць ва ўзрушанасьць, вочы наліваюцца крывёю і чалавек пачынае цяжка дыхаць. Таму, перш як пакінуць матэрыяльнае цела, трэба навучыцца ўтаймоўваць свае жаданьні. Той, хто валодае такой здольнасьцю, ужо ўсьвядоміў сваю духоўную прыроду і знайшоў духоўнае шчасьце. Кожны, хто ідзе духоўным шляхам, павінен прыкласьці ўсе намаганьні да таго, каб утаймаваць свае жаданьні і гнеў.

 

 

ТЭКСТ 24

йо 'нтах-сукхо 'нтар-арамас
татхантар-джйотір эва йах
са йогі брахма-нірванам
брахма-бхуто 'дхігаччхаті

 

 йах - які; антах-сукхах - той, хто знайшоў шчасьце ў сабе самым; антах-арамах - той, хто чэрпае асалоду ў сабе самым; татха - а таксама; антах-джйотіх - той, чые памкненьні скіраваны ўсярэдзіну; эва - безумоўна; йах - які; сах - той; йогі - йог-містык; брахма-нірванам - вызваленьне (і зразуменьне прыроды Ўсявышняга); брахма-бхутах - які ўсьвядоміў сваю духоўную прыроду; адхігаччхаті - знаходзіць.

Той, хто чэрпае шчасьце, асалоду й бадзёрасьць духу ў сабе самым і чый позірк заўсёды зьвернуты ўсярэдзіну, сапраўды дасканалы йог-містык. Ён атрымлівае вызваленьне і ўрэшце прыходзіць да Ўсявышняга.

 

КАМЭНТАР: Пакуль чалавек не адкрые крыніцу радасьці й асалоды ў сабе самым, ён не зможа адмовіцца ад вонкавай дзейнасьці, якая прыносіць яму толькі ілюзорнае шчасьце. Вызвалены чалавек адчувае сапраўднае шчасьце, таму ён можа дзе заўгодна сядзець і маўкліва цешыцца ўнутраным духоўным жыцьцём. Такі чалавек больш не жадае вонкавага, матэрыяльнага шчасьця. Гэта - узровень брахма-бхуты, і той, хто дасягнуў яго, абавязкова вернецца дамоў, да Бога.

 

ТЭКСТ 25

 

лабханте брахма-нірванам
рішайах кшіна-калмашах
чхінна-дваідха йататманах
сарва-бхута-хіте ратах

 

лабханте - знаходзяць; брахма-нірванам - вызваленьне (зразуменьне Вярхоўнага Брахмана); рішайах - тыя, чый позірк накіраваны ўсярэдзіну; кшіна-калмашах - тыя, хто ачысьціўся ад грахоў; чхінна - адсечана; дваідхах - тыя, кім дваістасьць; йата-атманах – хто ідзе шляхам самаўсьведамленьня; сарва-бхута - усіх жывых істотаў; хіте - у дзейнасьці для выгоды; ратах - занятыя.

Тыя, хто выйшлі з-пад уплыву дваістасьці, спароджанай сумневамі, і скіравалі розум усярэдзіну, хто ачысьціліся ад гнюсі граху й заўсёды рупяцца пра выгоду ўсіх істотаў, атрымліваюць вызваленьне й спасьцігаюць Вышэйшую Ісьціну.

 

КАМЭНТАР: Толькі чалавек, які цалкам разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, можа займацца дзейнасьцю дзеля дабра ўсіх істотаў. Тот, хто сапраўды зразумеў, што Крышна - крыніца ўсяго існага, і хто дзейнічае ў такой сьвядомасьці, прыносіць дабро кожнаму. Людзі пакутуюць з-за таго, што яны забыліся Крышну й не разумеюць, што Ён – галоўны з тых, хто атрымлівае асалоду, вярхоўны ўладар і лепшы сябар кожнага. Таму той, хто абуджае ў людзях такую сьвядомасьць, займаецца найвышэйшай формай дабрачыннай дзейнасьці. На гэта здольны толькі той, хто атрымаў вызваленьне й спазнаў Вышэйшую Ісьціну. Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, ніколі ня сумняецца ў вярхоўным становішчы Госпада, бо цалкам ачысьціўся ад граху. Такая ёсьць прырода боскай любові.

Той, хто клапоціцца толькі пра матэрыяльны  дабрабыт грамадзтва, насамрэч  ня можа нікому дапамагчы. Часовая палёгка, якую ягоная дзейнасьць прыносіць целам і розумам іншых людзей, не можа задаволіць іх цалкам. Сапраўдная прычына цяжкасьцяў, зь якімі сутыкаецца чалавек у сваім змаганьні за існаваньне, у тым, што ён забыўся на свае адносіны зь Вярхоўным Госпадам. І той, хто цалкам усьвядоміў свае адносіны з Крышнай, атрымлівае вызваленьне, нават застаючыся ў матэрыяльным целе.

 

 

ТЭКСТ 26

 

кама-кродха-вімуктанам
йатінам йата-четасам
абхіто брахма-нірванам
вартате
відітатманам

 

кама - ад жаданьняў; кродха - і ад гневу; вімуктанам - тых, хто вызваліўся; йатінам - сьвятых; йата-четасам - тых, чый розум утаймаваны; абхітах - вельмі хутка; брахма-нірванам - вызваленьне (зразуменьне Вярхоўнага Брахмана); вартате - ёсьць; відіта-атманам - тых, хто ўсьвядоміў сваё сапраўднае «я».

Тыя, хто вызваліліся ад гневу і ўсіх матэрыяльных жаданьняў, усьвядомілі сваё сапраўднае «я», утаймавалі розум і нястомна імкнуцца да дасканаласьці, вельмі хутка знойдуць вызваленьне, спасьцігнуўшы Вышэйшую Ісьціну.

 

 

КАМЭНТАР: З усіх сьвятых, якія імкнуцца да вызваленьня, лепшым зьяўляецца той, хто ідзе шляхам сьвядомасьці Крышны. «Бхагаватам» (4.22.39) пацьвярджае гэта:

йат-пада-панкаджа-палаша-віласа-бхактйа
кармашайам гратхітам удгратхайанті сантах
тадван на рікта-матайо йатайо 'пі руддха-
срото-ганас там аранам бхаджа васудевам

«Пакланяйся Вярхоўнаму Госпаду, Васудэву, служачы Яму зь любоўю й адданасьцю. Нават вялікія мудрацы ня здольныя стрымліваць парывы сваіх пачуцьцяў гэтак жа пасьпяхова, як гэта робяць тыя, хто зьведаў незямную асалоду служэньня лотасавым ступням Госпада й тым самым зжыў у сабе глыбока ўкаранелае імкненьне да карысьлівай дзейнасьці».

Жаданьне абумоўленай душы цешыцца пладамі сваёй працы пусьціла такія глыбокія карані, што нават вялікім мудрацам цяжка ўтаймаваць яго, хоць яны прыкладаюць да гэтага тытанічныя высілкі. Але адданы Госпада, увесь час заняты дзейнасьцю ў сьвядомасьці Крышны і які ўсьвядоміў сваю духоўную прыроду, вельмі хутка атрымлівае вызваленьне й спасьцігае Ўсявышняга. Дасканала авалодаўшы навукай самаўсьведамленьня, ён заўсёды знаходзіцца ў стане трансу. Зразумець гэта можна на наступным прыкладзе:

 

даршана-дхйана-самспаршаір
матсйа-курма-віхангамах
сванй апатйані пушнанті
татхахам апі падма-джа

«Адным толькі паглядам, думкай ці дакрананьнем рыба, чарапаха й птушка ўзгадоўваюць сваё нашчадзтва. Тое ж самае раблю і Я, о Падмаджа».

Рыба гадуе малькоў, проста гледзячы на іх. A чарапаха клапоціцца пра сваё нашчадзтва з дапамогай думкі. Яна адкладае яйкі на сушы і, вярнуўшыся ў вадаём, думае пра іх. Падобна гэтаму, адданы Крышны, нават знаходзячыся ўдалечыні ад Ягонага прыстанку, зможа дасягнуць яго, калі будзе няспынна думаць пра Госпада, дзейнічаючы ў сьвядомасьці Крышны. Такі адданы перастае адчуваць матэрыяльныя пакуты. У гэтым стане, што завецца брахма-нірвана, чалавек не адчувае матэрыяльных пакутаў, бо заўсёды паглынуты думкамі пра Ўсявышняга.

 

 

ТЭКСТ 27-28

 

спаршан крітва бахір бахйамш
чакшуш чаівантаре бхрувох
пранапанау самау крітва
насабхйантара-чарінау

йатендрійа-мано-буддхір
мунір мокша-парайанах
вігатеччха-бхайа-кродхо
йах сада мукта эва сах

 

 

спаршан - аб'екты пачуцьцёвага ўспрыманьня (такія, як гук); крітва - пакінуўшы; бахіх - знадворку; бахйан - вонкавыя; чакшух - зрок; ча - таксама; эва - безумоўна; антаре - паміж; бхрувох - броваў; прана-апанау - узыходны й сыходны струмені паветра; самау - ураўнаважаныя; крітва - зафіксаваўшы; наса-абхйантара - у ноздрах; чарінау - якія рухаюцца; йата - утаймаваны; індрійа - пачуцьці; манах - розум; буддхіх - той, чый розум (інтэлект); муніх - йог; мокша - вызваленьне; парайанах - той, чыя мэта; вігата - ухілены; іччха - жаданьні; бхайа - страх; кродхах - той, чый гнеў; йах - які; сада - увесь час; муктах - вызвалены; эва - безумоўна; сах - той.

Цалкам адмовіўшыся ад аб'ектаў пачуцьцёвага ўспрыманьня, засяродзіўшы позірк на міжброўі, ураўнаважыўшы ў ноздрах удых і выдых і спыніўшы дыханьне, йог, які імкнецца да вызваленьня, утаймоўвае такім чынам свой розум, пачуцьці і інтэлект і зжывае жаданьні, страх і гнеў. Той, хто заўсёды знаходзіцца ў такім стане, безумоўна, вызваленая душа.

 

КАМЭНТАР: Разьвіўшы ў сабе сьвядомасьць Крышны, чалавек адразу ўсьведамляе сваю духоўную прыроду і потым падчас адданага служэньня спасьцігае Вярхоўнага Госпада. Дасягнуўшы дасканаласьці ў адданым служэньні, ён сьцвярджаецца на духоўным узроўні і атрымлівае здольнасьць адчуваць прысутнасьць Госпада ў любой сваёй дзейнасьці. Такі стан завецца вышэйшай ступеньню вызваленьня.

Расказаўшы Aрджуне пра гэтую ступень вызваленьня, Госпад кажа, як дасягнуць гэтага стану, займаючыся практыкай аштанга-йогі, што складаецца з васьмі ступеняў: ямы, ніямы, асаны, пранаямы, працьяхары, дхараны, дх'яны ды самадхі. Гэта практыка йогі дэталёва апісана ў шостай частцы «Бхагавад-гіты», тутака ж, у канцы пятай часткі, дадзены толькі папярэднія зьвесткі пра яе. На ступені працьяхары йог павінен адарваць пачуцьці ад аб'ектаў успрыманьня, такіх, як гук, датыкальнае адчуваньне, форма, смак і пах, а потым, прыплюшчыўшы вочы, засяродзіць пагляд паміж броваў ці накіраваць яго на кончык носа. Вочы ня трэба заплюшчваць зусім, таму што так можна лёгка заснуць. Не мае сэнсу і трымаць іх шырока адкрытымі, каб не адхіляцца на аб'екты ўспрыманьня. Ураўнаважыўшы ўзыходны й сыходны струмені паветра ў целе, йог затрымлівае дыханьне ў ноздрах. Той, хто займаецца такой практыкай йогі, падпарадкоўвае сабе пачуцьці, адхіляецца ад аб'ектаў успрыманьня і такім чынам падрыхтоўвае сябе да таго, каб атрымаць вызваленьне й спасьцігнуць Вышэйшую Ісьціну.

Гэтая практыка йогі дапамагае чалавеку пазбавіцца ад любых праяваў страху й гневу, устаць на духоўны ўзровень і адчуць прысутнасьць Звышдушы. З гэтага вынікае, што самым лёгкім з усіх відаў йогі зьяўляецца мэтад сьвядомасьці Крышны. Пра гэта будзе дэталёва расказана ў наступнай частцы. Тутака ж можна сказаць, што чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны і заўсёды заняты адданым служэньнем Госпаду, ніколі не рызыкуе страціць кантроль над сваімі пачуцьцямі й не дазволіць ім знайсьці сабе іншы занятак. Гэты мэтад дазваляе кіраваць пачуцьцямі значна лепш, чым мэтад аштанга-йогі.

 

 

ТЭКСТ 29

 

бхоктарам йаджна-тапасам
сарва-лока-махешварам
сухрідам сарва-бхутанам
джнатва мам шантім річчхаті

 

 

бхоктарам - таго, хто цешыцца; йаджна - ахвяраваньняў; тапасам - зарокаў і стараньніцтва; сарва-лока - усіх плянэт і напаўбагоў, якія імі загадваюць; маха-ішварам - Вярхоўнага Валадара; су-хрідам - дабрадзея; сарва - усіх; бхутанам - жывых істот; джнатва - спасьцігнуўшы; мам - Мяне (Госпада Крышну); шантім - вызваленьне ад матэрыяльных пакутаў; річчхаті - знаходзіць.

Чалавек, які цалкам ўсьвядоміў, што Я - адзіны, хто цешыцца ўсімі ахвяраваньнямі й пладамі стараньніцтва, што Я вярхоўны валадар усіх плянэт і напаўбагоў, а таксама сябар і дабрадзей усіх істот, пазбаўляецца ад матэрыяльных пакутаў і знаходзіць поўнае супакаеньне.

 

КАМЭНТАР: Абумоўленыя душы, што знаходзяцца ў кіпцюрах ілюзорнай энэргіі, імкнуцца знайсьці супакой у матэрыяльным сьвеце. Але яны не ведаюць формулы міру, якая выкладзена ў гэтым вершы «Бхагавад-гіты». Гэта формула вельмі простая: пладамі ўсіх нашых дзеяньняў цешыцца Госпад Крышна. Усё, што мы маем, трэба выкарыстоўваць у трансцэндэнтным служэньні Госпаду, бо Ён - уладыка усіх плянэт і валадар напаўбагоў, якія імі кіруюць. Няма нікога больш вялікага, чым Госпад. Ён больш вялікі, чым самыя вялікія напаўбагі: Госпад Шыва й Госпад Брахма. Гэта пацьвярджаецца ў Ведах: там ішваранам парамам махешварам (Шветашватара-упанішад, 6.7). Уведзеныя ў зман жывыя істоты спрабуюць зацьвердзіць сваё панаваньне над сьветам, хоць самі знаходзяцца пад уладай матэрыяльнай энэргіі Госпада. Госпад - валадар матэрыяльнай прыроды, а абумоўленыя душы знаходзяцца пад уладай  яе суровых законаў. Пакуль людзі не зразумеюць гэтых простых рэчаў, яны ня будуць ведаць супакою - ні кожны паасобку, ні ўсе разам. У гэтым іста сьвядомасьці Крышны: Госпад Крышна - гэта вярхоўны ўладар, а ўсе жывыя істоты, у тым ліку й вялікія напаўбагі, - Яго падданыя. Сапраўднае супакаеньне знаходзяць толькі тыя, хто ў поўнай меры валодае сьвядомасьцю Крышны.

 

У пятай частцы расказвалася пра мэтад сьвядомасьці Крышны, які вядомы пад назвай карма-йога. У ёй даецца адказ на філязофскае пытаньне пра тое, як карма-йога можа прывесьці чалавека да вызваленьня. Дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны - значыць дзейнічаць, цалкам усьведамляючы сваю падуладнасьць Госпаду. Такая дзейнасьць эквівалентная духоўным ведам. Бхакці-йога - гэта сьвядомасьць Крышны як яна ёсьць, а г'яна-йога - шлях, які вядзе да бхакці-йогі. Валодаць сьвядомасьцю Крышны - значыць дзейнічаць, ні на хвіліну не забываючы пра свае адносіны зь Вярхоўным Aбсалютам, і вышэйшай ступеньню сьвядомасьці Крышны зьяўляецца зразуменьне Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога. Чыстая душа, бясконца малая часьцінка Бога, зьяўляецца Яго вечнай слугой. Жадаючы панаваць над майяй, жывая істота трапляе ў яе ілюзорнае царства й тым самым выракае сябе на незьлічоныя пакуты. Пакуль жывая істота знаходзіцца ў матэрыяльным сьвеце, яна змушана дзейнічаць, каб задавальняць патрэбы свайго матэрыяльнага цела. Аднак мэтад сьвядомасьці Крышны прыводзіць чалавека да духоўнага жыцьця, нават калі той знаходзіцца пад уладай матэрыяльнай энэргіі, бо з дапамогай гэтага мэтаду ён можа абудзіць у сабе духоўную сьвядомасьць. Чым далей рухаецца чалавек па гэтым шляху, тым менш ён залежыць ад матэрыяльнай прыроды. Госпад непрадузяты. Наша духоўнае разьвіцьцё залежыць ад таго, наколькі добра кожны з нас выконвае свае абавязкі ў сьвядомасьці Крышны. Дзейнасьць у сьвядомасьці Крышны дапамагае нам утаймаваць пачуцьці й перамагчы ў сабе жаданьні й гнеў. Той, хто зацьвердзіўся ў сьвядомасьці Крышны, хто ўтаймаваў свае пачуцьці, жаданьні і гнеў, ужо дасягнуў духоўнага ўзроўня, узроўня брахма-нірваны. Дзейнасьць у сьвядомасьці Крышны раўнацэнна займаньням васьміступеністай містычнай йогай, бо прыводзіць чалавека да той жа мэты. Яма, ніяма, асана, пранаяма, працьяхара, дхарана, дх'яна й самадхі - гэта ступені паступовай эвалюцыі сьвядомасьці. Але ўсе яны - толькі подступы да дасканаласьці, якой магчыма дасягнуць з дапамогай адданага служэньня, бо толькі адданае служэньне прыносіць чалавеку сапраўдны мір ды  супакой. Адданае служэньне - гэта вышэйшая ступень дасканаласьці.


Так заканчваецца камэнтар Бхакціведанты да пятае часткі «Шрымад Бхагавад-гіты», якая называецца «Карма-йога - дзейнасьць у сьвядомасьці Крышны».

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.