Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Пакорлівыя мудрацы, якія валодаюць сапраўдным веданьнем, аднолькава глядзяць на вучонага й выхаванага брахмана, карову, слана, сабаку й сабакаеда [недатыкальнага].



ТЭКСТ 15

 

надатте касйачіт папам
на чаіва сукрітам вібхух
аджнаненаврітам джнанам
тена мухйанті джантавах

 

на - не; адатте - прымае; касйачіт - чыю-небудзь; татам - грэшную дзейнасьць; на - ні; ча - таксама; эва - безумоўна; су-крітам - набожную дзейнасьць; вібхух - Вярхоўны Госпад; аджнанена - невуцтвам; аврітам - пакрытае; джнанам - веданьне; тена - тым; мухйанті - памыляюцца; джантавах - жывыя істоты.

Вярхоўны Госпад не адказвае за грэшныя й праведныя ўчынкі жывых істотаў. Увасобленыя ў целе істоты знаходзяцца пад уладай ілюзіі, таму што іх сапраўднае веданьне схавана невуцтвам.

КАМЭНТАР: Слова вібху ў перакладзе з санскрыту азначае «Вярхоўны Госпад, які у поўнай меры валодае бязьмежнымі ведамі, незьлічонымі багацьцямі, бязьмежнай магутнасьцю, славай, прыгажосьцю й самаадрачэньнем». Самазадаволены й самадастатковы, Ён застаецца безуважным да грэшнай і набожнай дзейнасьці жывых істотаў. Не Госпад зьмяшчае іх у тыя ці іншыя ўмовы - яны самі, неадукаваныя і зьбітыя з панталыку, хочуць апынуцца ў пэўным становішчы, і з гэтага пачынаецца ланцуг дзеяньняў і іх наступстваў. Прыналежная да вышэйшай энэргіі Госпада, жывая істота па прыродзе сваёй споўненая веданьня. І ўсё ж з-за абмежаванасьці сваіх сілаў яна схільная трапляць пад уладу невуцтва. У адрозненьне ад жывой істоты, Госпад усемагутны. Госпад - вібху, усяведны, а жывая істота - ану, бясконца малая. Будучы духоўнай іскрай, жывая істота валодае свабодай волі і здольнасьцю жадаць. Але выканаць яе жаданьні можа толькі ўсемагутны Госпад. Таму, калі жывую істоту апаноўваюць матэрыяльныя жаданьні, Госпад дазваляе ёй ажыцьцявіць іх, але Сам Ён не нясе адказнасьці за дзеяньні і іх наступствы, спароджаныя тымі акалічнасьцямі, у якіх жывая істота апынулася па сваім жаданьні. Зьбітая з панталыку абумоўленая душа атаясамляе сябе з тленным матэрыяльным целам і адчувае радасьці й нягоды, якія таксама зьяўляюцца часовымі. Госпад у вобразе Параматмы, ці Звышдушы, заўсёды знаходзіцца побач зь індывідуальнай душой і ведае пра ўсе яе жаданьні, падобна таму як, знаходзячыся побач з кветкай, мы можам адчуць яе водар. Жаданьне зьяўляецца тонкай формай абумоўленасьці жывой істоты, і Госпад выконвае яе жаданьні ў той ступені, у якой яна таго заслугоўвае: чалавек маракуе, а Бог выракуе. Такім чынам, індывідуальная жывая істота не здольная сама зьдзейсьніць свае жаданьні. Але Госпад можа выканаць іх усе, і, зьяўляючыся непрадузятым, не перашкаджае мізэрным жывым істотам, надзеленым некаторай незалежнасьцю, выражаць любыя свае жаданьні. Але, калі прадметам іх жаданьняў робіцца Сам Госпад, Крышна,Ён праяўляе аб іх асаблівы клопат і скіроўвае іхныя жаданьні так, каб яны маглі спасьцігнуць Госпада й знайсьці вечнае шчасьце. Ведычныя гімны абвяшчаюць: эша у хй эва садху карма карайаті там йам эбхйо локебхйа уннінішате. эша у эвасадху карма карайаті йам адхо нінішате - «Госпад дазваляе жывым істотам рабіць добрыя справы, каб яны маглі ўзвысіцца, і Ён жа дазваляе ім грашыць, каб яны маглі апынуцца ў пекле» (Каўшытакі-упанішад, 3.8).

аджно джантур анішо 'йам
атманах сукха-духкхайох
ішвара-преріто гаччхет
сваргам вашв абхрам эва ча

«Шчасьце й гора жывой істоты цалкам залежаць ад Вярхоўнага Госпада. Як хмара, што нясецца ветрам, па волі Ўсявышняга душа можа трапіць у рай ці ў пекла».

Такім чынам, жывая істота, якая са спрадвечных часоў імкнецца пазьбегнуць сьвядомасьці Крышны, сама зьяўляецца прычынай уласнага невуцтва. Хоць па прыродзе сваёй жывая істота вечная, споўненая веданьня і асалоды, будучы мізэрна малой, яна забывае пра тое, што па сваёй прыродзе прызначана служыць Госпаду, і трапляе ў сеткі невуцтва. І гэтае ж невуцтва прымушае яе ўзвальваць адказнасьць за сваё абумоўленае існаваньне на Вярхоўнага Госпада. У «Веданта-сутры» (2.1.34) сказана: ваішамйа-наіргхрінйе на сапекшатват татха хі даршайаті - «Госпад ні да каго не адчувае ні любові, ні нянавісьці, хоць здаецца, што гэта ня так».

 

ТЭКСТ 16

 

джнанена ту тад аджнанам
йешам нашітам атманах
тешам адітйа-вадж джнанам
пракашайаті тат парам

 

джнанена - веданьнем; ту - але; тат - тое; аджнанам - невуцтва; йешам - якіх; нашітам - расьсеяна; атманах - жывой істоты; тешам - тых; адітйа-ват - падобнае да ўзыходнага сонца; джнанам - веданьне; пракашайаті - адкрывае; тат парам - сьвядомасьць Крышны.

 

Але калі жывая істота атрымлівае веданьне, сьвятло гэтых веданьня расьсейвае цемру недасьведчанасьці і адкрывае ёй сапраўдную прыроду рэчаў, падобна таму як сонца, падымаючыся над гарызонтам, азарае ўсё вакол.

 

КАМЭНТАР: Жывыя істоты, што забыліся Крышну, ня могуць пазьбегнуць ілюзіі, аднак яна не ўладная над тымі, хто валодае сьвядомасьцю Крышны. У «Бхагавад-гіце» (4.36 - 38) гаворыцца: сарвам джнана-плавена, джнанагніх сарва-кармані і на хі джнанена садрішам. Веданьне - гэта неацэнны дар. Што ж яно сабой уяўляе? Дасканалым веданьнем валодае той, хто аддаўся Крышне: бахунам джанманам анте джнанаван мам прападйате (Бы.-г., 7.19). Калі, пражыўшы ў гэтым сьвеце мноства жыцьцяў, чалавек уручае сябе Крышне, трэба разумець, што ён знайшоў дасканалае веданьне; іншымі словамі, калі чалавек знаходзіць сьвядомасьць Крышны, яму адкрываецца ўсё, гэтак жа як усё вакол адкрыта нашаму позірку пры сьвятле сонца. Ілюзія, пад уладай якой знаходзіцца жывая істота, шматаблічная. Нарыклад, калі жывая істота па глупству аб'яўляе сябе Богам, яна насамрэч трапляе ў апошнюю пастку ілюзіі. Але калі жывая істота - Бог, то як яна магла апынуцца пад уладай недасьведчанасьці? Хіба можа Бог апынуцца пад уладай недасьведчанасьці? Калі так, то недасьведчанасьць, ці Сатана, магутней за Бога.

 

Сапраўднае веданьне можна атрымаць толькі ад таго, хто ў поўнай меры валодае сьвядомасьцю Крышны. Таму трэба знайсьці сапраўднага духоўнага настаўніка і пад ягоным кіраўніцтвам авалодаць навукай сьвядомасьці Крышны, бо сьвядомасьць Крышны расьсейвае цемру недасьведчанасьці, падобна таму як сонца расьсейвае начную цемру. Нават той, хто ўсьвядоміў сваё адрозьненьне ад матэрыяльнага цела й сваю духоўную прыроду, можа ня бачыць розьніцы паміж душой і Звышдушой. Аднак гэтае веданьне адкрыецца яму, калі ён прыме заступніцтва сапраўднага духоўнага настаўніка, які валодае сьвядомасьцю Крышны. Спасьцігнуць Бога і свае адносіны зь Ім можна толькі з дапамогай Яго прадстаўніка. Прадстаўнік Госпада ніколі не аб'яўляе сябе Богам, хоць яго шануюць нароўні з Богам за тое, што ён валодае веданьнем пра Бога. Кожны павінен зразумець розьніцу паміж Богам і звычайнай істотай. У другой частцы «Бхагавад-гіты» (Б.-г., 2.12) Госпад Шры Крышна кажа, што ўсе жывыя істоты зьяўляюцца індывідуальнымі асобамі, гэтак жа як і Сам Госпад. Яны валодалі індывідуальнасьцю ў мінулым, валодаюць ёю ў сучаснасьці й захаваюць сваю індывідуальнасьць у будучыні, нават пасьля таго, як атрымаюць вызваленьне. У начной цемры ўсё здаецца аднастайным, але, калі ўзыходзіць сонца, мы атрымліваем здольнасьць ясна адрозьніваць усе прадметы. Разуменьне таго, што ў духоўным быцьці жывая істота захоўвае сваю індывідуальнасьць, і ёсьць сапраўднае веданьне.

 

 

ТЭКСТ 17

 

тад-буддхайас тад-атманас
тан-ніштхас тат-парайанах
гаччхантй апунар-авріттім
джнана-нірдхута-калмашах

 

тат-буддхайах - тыя, чый інтэлект заўсёды паглынуты Ўсявышнім; тат-атманах - тыя, чый розум заўсёды засяроджаны на Ўсявышнім; тат-ніштхах - тыя, хто верыць толькі ва Ўсявышняга; тат-парайанах - тыя, хто цалкам даручыў сябе Яму; гаччханті - ідуць; апунах-авріттім - да вызваленьня; джнана - веданьнем; нірдхута - ухілены; калмашах - тыя, чые грахі.

 

Калі розум, інтэлект, вера й спадзяваньні цалкам скіраваны на Ўсявышняга, чалавек, дзякуючы дасканаламу веданьню, зжывае ўсю гнюсь граху, і тады перад ім адкрываецца шлях да вызваленьня.

 

КАМЭНТАР: Вышэйшая Трансцэндэнтная Ісьціна - гэта Госпад Крышна. Стрыжнем «Бхагавад-гіты» зьяўляецца сьцьверджаньне, што Крышна - Вярхоўная Асоба Бога. Гэта абвяшчаюць усе ведычныя пісаньні. Пара-таттва значыць «Вышэйшая Рэальнасьць», спасьцігнуць якую могуць тыя, хто ўсьвядоміў тры іпастасі Ўсявышняга: Брахман, Параматму й Бхагавана. Бхагаван, ці Вярхоўная Асоба Бога, зьяўляецца вышэйшым аспэктам Aбсолютнае Ісьціны. Вышэй за гэта няма нічога. Сам Госпад пацьвярджае гэта: маттах паратарам нанйат кінчід асті дхананджайа (Б.-г., 7.7). Нават безасабовы Брахман трывае на Крышне: брахмана хі пратіштхахам. Таму ва ўсіх адносінах Крышна - гэта Вышэйшая Рэальнасьць. Той, чый розум, інтэлект, вера й спадзяваньні скіраваныя на Крышну, хто цалкам аддаўся Яму, іншымі словамі, той, хто цалкам разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, бяз сумневу, ужо пазбыўся ад усяе гнюсі граху і ў дасканаласьці спасьціг усе аспэкты трансцэндэнтнага быцьця. Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, выдатна разумее навуку пра Крышну, якая ўключае канцэпцыю адначаснай тоеснасьці і адрозьненьня, і, узброены гэтым трансцэндэнтным веданьнем, няўхільна рухаецца па шляху, які вядзе да вызваленьня.

 

 

ТЭКСТ 18

відйа-вінайа-сампанне
брахмане гаві хастіні
шуні чаіва шва-паке ча
пандітах сама-даршінах

 

відйа - адукаванасьць; вінайа - і выхаванасьць; сампанне - у тым, чыё багацьце; брахмане - у брахмане; гаві - у карове; хастіні - у слане; шуні - у сабаку; ча - і; эва - безумоўна; шва-паку - у сабакаедзе (недатыкальным); ча - таксама; пандытах - мудрацы; сама-даршінах - тыя, якія бачаць аднолькава.

Пакорлівыя мудрацы, якія валодаюць сапраўдным веданьнем, аднолькава глядзяць на вучонага й выхаванага брахмана, карову, слана, сабаку й сабакаеда [недатыкальнага].

 

КАМЭНТАР: Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, не праводзіць разьмежаваньняў паміж жывымі істотамі, што належаць да розных формаў жыцьця, роўна як і паміж прадстаўнікамі розных кастаў. Хай брахман і недатыкальны стаяць на розных ступенях сацыяльнай лесьвіцы, а сабака, карова й слон адносяцца да розных відаў, - для мудраца, які спазнаў Aбсалютную Ісьціну, адрозьненьні паміж целамі ня маюць ніякага значэньня. Ён разумее, што ўсе жывыя істоты зьвязаныя з Усявышнім, паколькі Госпад у выглядзе адной са Сваіх поўных экспансый, Параматмы, знаходзіцца ў сэрцы кожнага. Такое разуменьне Ўсявышняга й ёсьць сапраўднае веданьне. Госпад аднолькава добры й міласьцівы да ўсіх жывых істотаў, незалежна ад іх касты ці формы жыцьця, бо лічыць кожную зь іх Сваім сябрам і ў вобразе Параматмы заўсёды суправаджае жывую істоту, у якіх бы ўмовах яна ні апынулася. Госпад у вобразе Параматмы знаходзіцца ў сэрцы недатыкальнага і ў сэрцы брахмана, хоць яны маюць розныя целы. Цела - гэта спараджэньне гун матэрыяльнай прыроды, але душа й Звышдуша, зьмешчаныя ў целе, маюць адну, духоўную прыроду. Аднак якасная тоеснасьць душы і Звышдушы не робіць іх роўнымі ў колькасным дачыненьні, таму што індывідуальная душа можа знаходзіцца толькі ў адным целе, тады як Параматма знаходзіцца ўва ўсіх целах. Чалавек, які разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, ясна разумее гэта, таму ён валодае сапраўдным веданьнем і аднолькава ставіцца да ўсіх жывых істот. Душу й Звышдушу яднае тое, што абедзьве яны валодаюць сьвядомасьцю, існуюць вечна і споўненыя асалоды. Аднак сьвядомасьць індывідуальнай душы абмежаваная межамі аднаго цела, тады як сьвядомасьць Звышдушы распаўсюджваецца на ўсе целы. Звышдуша прысутнічае ў целе кожнай істоты, да якой бы формы жыцьця яна ні адносілася.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.