|
|||
Сны імператара 4 страница ⇐ ПредыдущаяСтр 5 из 5 - Калі карабель выходзіць у акіян? - пытаецца ён. - Заўтра на досвітку, мой імператар, - адказвае Рабо, усім сваім выглядам дэманструючы адвагу. - Зараз, - прыцішыўшы голас, уступае ў размову камердынер, - мы мусім паасобку вярнуцца ў дом. Мой імператар, вам давядзецца пакінуць Лонгвуд ужо сёння. Мяне непакояць паводзіны графа Манталона. Апрача таго, візіты Рывара маглі насцярожыць ангельцаў. Імператару да душы Маршанава расхваляванасць. - Перамена адзення і грымоўка не павінны заняць болей за паўгадзіны, - працягвае той. - Абставіны такія, што вы можаце ўзяць мінімум рэчаў. Самыя каштоўныя рукапісы... На дарозе за чвэрць мілі ад Лонгвуда праз гадзіну будзе чакаць экіпаж. Рабо прыкладае руку да сэрца: - Ваша вялікасць, я малю вас паспяшацца. - Рабо застанецца ў Лонгвудзе, - дадае камердынер. - Я буду суправаджаць вас да карабля. Як яны прымуць ягоныя словы? Імператар праводзіць рукою па стаўбуры старэйшай, самай мудрай вярбы - нібы просіць у яе яшчэ крыху рашучасці. Потым абдымае слугаў за плечы - дзеля гэтага высокаму Маршану даводзіцца нагнуцца. - Сябры мае... - пачынае імператар. - Мы зробім прасцей... Апошняя каламуць сумневаў асела на дно. - Мы зробім прасцей. Я застануся ў Лонгвудзе, а цябе, Рабо, за чвэрць мілі ад дома будзе чакаць экіпаж. Не, сябры мае, не пярэчце, а выслухайце мяне і пастарайцеся зразумець. Я меў уладу, якая набліжалася да Гасподняй. Я прынёс на зямлю такія няшчасці, якія дадзена пасылаць толькі Ўсявышняму. Пакуты на гэтай скале пасярод акіяна - маё пакаранне і выкупленне. - Мы адмаўляемся верыць вашым словам. Хіба тры пражытыя тут гады - недастатковая цана? - Не, Луі. Хрыстос не быў бы Богам, каб не памёр на крыжы... Драма майго жыцця скончыцца тут, на сцэне, а не за кулісамі гісторыі. - Ваша вялікасць... - разгублена кажа Рабо. - Значыцца, усё марна... - Не, Франсуа. Людскія ўчынкі не бываюць марнымі. Наш план застаецца ў сіле. Гэта мой загад. Ты вернешся ў Эўропу, паселішся ў Вероне і будзеш гандляваць оптыкай і каштоўнымі камянямі. Ты таемна сустрэнешся з маёй жонкаю і з маленькім Напалеонам II... - Але... - Вы, месье Рывар, атрымаеце самыя падрабязныя інструкцыі. Ну а мне давядзецца выканаць вашу ролю. Буду гаварыць вашым грубаватым голасам. Буду забываць, дзе ляжаць знаёмыя рэчы. Здзіўлю ўсіх няпамятлівасцю. А Маршан абавязкова падзеліцца з астатнімі сваімі падазрэннямі. Мы з вамі яшчэ дамо клопату гісторыкам і біёграфам. Ужо даўно ён не падабаўся сабе так, як у гэтыя хвіліны. Апошнія яго словы прагучалі амаль што весела. - Я ведаю, табе цяжка гэта чуць, Луі. Няхай цябе суцяшае, што мы з табою застанемся разам да апошняга дня. А табе, Рабо, няхай будзе суцяшэннем багатае жыццё веронскага гандляра. Колькі хвіляў пад вербамі чуваць толькі голас крыніцы. На залаціста-брунатны стаўбур апускаецца блакітная стрыбаўка. Аднекуль адразу ж з'яўляюцца і атачаюць яе мурашкі. Імператар не хоча, каб з гэтаю жамярыцай прычынілася тое самае, што ўчора з яе супляменніцай. Уцякай! - у думках загадвае ён і з палёгкаю бачыць, як стрыбаўка ўзлятае і мурашкі застаюцца ні з чым. - Заўтра каля паўдня, - кажа Маршан, - карабель пройдзе каля паўночнай часткі вострава, недалёка ад Лонгвуда. Мы з Рабо збіраліся прыйсці на бераг, каб назаўсёды развітацца з вамі. - Мы з табой прыйдзем на бераг, каб развітацца з Рабо. Дай я цябе абдыму, дарагі Франсуа. Калі ў мяне ёсць такія падданыя, я пражыў жыццё недарэмна. З вачэй у Франсуа бягуць на фальшывую бараду слёзы. Імператар расшпільвае сурдут, дастае канверт і працягвае яго двайніку. - Тут ты знойдзеш колькі карысных парадаў, што могуць спатрэбіцца табе ў Вероне. Франсуа змагаецца са слязьмі. - Весялей, месье Рывар! Няўжо вам не хочацца хутчэй трапіць у Верону? Дарэчы, не забывайце, што гэта радзіма Рамэо і Джульеты. На вашым месцы я не шкадаваў бы падарункаў бедным закаханым. Імператар адварочваецца і чакае, пакуль крокі не аціхнуць. Як шкада, што маленькая жанчына з ягоных сноў не чула размовы пад вербамі. Зрэшты, чаму не чула, калі яна ўвесь час была з ім? Яна ўсё ведае, і таму яны з ёю, як і з Рабо, болей не сустрэнуцца. Ён заслужыў спакой. Ён падстаўляе далонь пад струмень крыніцы. Няхай сплываюць згрызоты і трывогі апошніх дзён, няхай застаецца адно найвялікшы скарб гэтага свету - спакой. Нізкі сонечны прамень прабіваецца аднекуль з-за скалы і афарбоўвае празрысты струмень чырванню. Ён адрывае руку, як ад вару, і ўважліва разглядвае яе. Не, так нельга. Ён зрабіўся занадта прымхлівы. Гэтыя сны... Але сёння ён заслужыў спакой. Ён уяўляе, што ўвечары ў ягоным ложку, там, дзе яго абдымалі і лашчылі рукі Альбіны, там, адкуль ён вяртаўся ў снах у свае найлепшыя дні, у яго ложку мог упершыню засынаць Рабо. Ад гэтае думкі яму робіцца непамысна, і ён цешыцца, што ляжа ў свой ложак сам. Нават калі сцены вакол яго дыхаюць смерцю. Ён заслужыў спакой.
Пасля кароткай нарады з маршаламі ён застаецца на самоце. Сканчваецца яшчэ адна дзея трагедыі. Сканчваецца не ў сталіцы, не ў царскіх і не ў губернатарскіх палацах - у занесеным снегам мястэчку, у цеснай мураванцы, дзе мог бы на добры лад кватараваць капрал. У гэтай дзеі ён яшчэ раз выйдзе на сцэну, але пад чужым імем. Ён успамінае, як, адпраўляючы ад'ютанта Ларыстона да Кутузава, не загадваў, а маліў: «Мне трэба мір, я хачу падпісаць мір. Я заплачу любую цану, толькі б уратаваць гонар». Уратаваць гонар не ўдалося. Малаяраславец, Вязьма, Чашнікі, Полацак, Бярэзіна... Толькі чужыя памылкі дазволілі яму выратаваць частку войска... Трупы, трупы... Заваленыя трупамі палі бітваў. Заледзянелыя, прыцярушаныя снегам трупы на ўзбочынах гасцінцаў. Трупы ля чорных плямін пагаслых вогнішчаў на прыдарожных лясных галявінах. Азызлыя, пачварна вялікія трупы на дне Бярэзіны... Свет, у якім мёртвых болей, чым жывых. Тысячы і тысячы галодных абмарожаных істотаў, што праз дзень ці праз тыдзень таксама ператворацца ў трупы, сагрэўшыся ў свае астатнія імгненні ўспамінам пра сады на беразе Роны ці вінаграднікі ласкавага Праванса... Вялікая армія, з якою ён марыў дайсці да берагоў Ганга... Натоўпы абадранцаў, апранутых ва ўсё магчымае і немагчымае, адабранае ў сялянаў і адзін у аднаго адзенне. - Vive l'empereur! Сёння раніцой ён пад'язджаў да гэтага мястэчка. Побач з трактам варылі каніну былыя ўланы, якіх хоць і з цяжкасцю яшчэ можна было пазнаць па форме. Згледзеўшы імператарскую кавалькаду, яны засталіся абыякавыя, ніхто нават не паспрабаваў падняцца. Два дзесяткі галодных вачэй слізганулі па конніках і зноў утупілі прагныя позіркі ў закураны саган над агнём. Ён паспешліва адвёў вочы і ўбачыў наперадзе паласаты верставы слуп і побач - захутанага ў жаночую хустку жаўнера. Той угледзеў імператара і, абдымаючы адной рукою слуп, намагаўся ўстаць. - Чым мы можам дапамагчы яму? - павярнуўся ён да спадарожнікаў, і ад'ютант, прыспешыўшы каня, выехаў наперад. Кавалькада спынілася. - Ваша вялікасць, - вярнуўшыся, прамовіў ад'ютант, - мы не дапаможам гэтаму няшчаснаму. Адно тады ён змеціў на галаве ў жаўнера белую стрэшку. Снег ляжаў і на паднятай руцэ, якая вітала смерць. - Vive l'empereur! - Закрыйце яму вочы! - прышпорваючы каня, загадаў ён. Вызваляючыся ад таго позірку шкляных вачэй з застылым у іх белым бязмежжам, ён трасе галавой і выклікае ад'ютанта. - Загадайце падрыхтаваць мундзір... Праз нейкую гадзіну ён пакіне армію, каб хутчэй пакінуць і гэтую краіну, якая прагнула вызвалення і якой ён прынёс кроў і смерць. Яму распавялі, што ў гэтым мястэчку з барбарскаю назваю Смаргонь князі Радзівілы трымалі мядзведжую муштроўню. Вучоныя звяры разыходзіліся адсюль са сваімі павадырамі па ўсёй Эўропе і весялілі жыхароў на гарадскіх пляцах і вясковых кірмашах. Кажуць, яны даходзілі да Парыжа і забаўлялі каралёў у Луўры. Сёлета ў дзень яго нараджэння адзін такі касалапы цыркач выступаў перад ім. Мішка таньчыў мазурку, хадзіў на задніх лапах і вельмі пацешна паказваў, як дзячок вяртаецца з хрэсьбінаў і як уцякае ад Вялікай арміі цар Аляксандар. Каго цяпер весяліць той буры артыст? Чые ўцёкі ўдае пад рогат гледачоў? Ёсць нешта наканавана-сімвалічнае ў тым, што ён здыме сваю трохвуголку, надзене чужы мундзір і назавецца чужым імем не дзе-небудзь, а менавіта тут, у гэтым мястэчку. Маскарад - таксама цырк. Зрэшты, хіба не цырк - усё чалавечае жыццё? Ад вялікага да смешнага - толькі крок. Але толькі крок і ад смешнага да вялікага. Ён сыграе гэтую дзею нанова і пераканае свет, што першы варыянт быў адно няўдалаю рэпетыцыяй. А зараз пара ў грымёрную. Ён звоніць, і ад'ютант развешвае на крэслах мундзір польскага ўлана. - Мы яшчэ вернемся сюды, - расшпільваючы паходны сурдут, кажа ён. - Няма ніякіх сумневаў, мой імператар. - Такая акалічнасць шмат каму будзе здавацца дзіўнай, але запомніце, Жэрар, усе мае памылкі ў гэтай кампаніі - вынік стомы. Я стаміўся ад дакучлівых патрабаванняў людзей, якія былі побач са мною. Я паслухаў сваіх маршалаў і страціў у часе адступлення армію. Я хацеў рушыць з Масквы на Пецярбург або адыходзіць паўднёва-заходнім шляхам. Я ніколі не думаў адступаць на Смаленск і Вільню. Гэта быў чарнавік, няўдалая рэпетыцыя. - Так, мой імператар. - Я вярнуся сюды, і са мною будзе трыста тысяч жаўнераў. Гэтага хопіць, каб паставіць Расею на калені. - Вядома. Яму не даспадобы такая гатоўнасць з усім пагадзіцца. Апрача таго, у ад'ютантавых адказах чуецца і нейкая недагаворанасць. - Вы хацелі паведаміць мне яшчэ нешта, Жэрар? - Так, ваша вялікасць, аднак я не ўпэўнены, што... - Я вас слухаю, - уладна кажа ён. - Мой імператар, у час нарады з маршаламі вашага прыёму дабівалася адна маладая асоба... - Я слухаю... - Начальнік варты знайшоў у яе ў муфце дамскі пісталет. - Дзе яна цяпер? Жэрар марудзіць з адказам, і ён чамусьці не хоча прыспешваць ад'ютанта, як бы даючы таму магчымасць знайсці найлепшы адказ. - У вас няма падстаў хвалявацца, мой імператар, - кажа ад'ютант. - А зараз трэба спяшацца. Коні чакаюць. Ён выходзіць на ганак, і начны марозны вецер наводліў б'е яго па твары...
Калючы марозны вецер наводліў б'е яго па твары, і ён прачынаецца. Ён ляжыць тварам да сцяны з падазронаю абіўкай. За вокнамі глыбокая ноч. У кандэлябры на туалетным століку патрэскваюць свечкі. Яго абуджэнне зусім не такое, як у папярэднія дні. Разам з ім прачынаецца боль у нагах і ў страўніку. Боль, які пасяліўся ў ім ужо даўно і з кожным месяцам адваёўваў сабе новыя і новыя пазіцыі, гэты боль, адступіўшы на колькі дзён, вярнуўся ў сваё жытло - у ягонае, яшчэ хвіліну таму такое дужае цела. Боль настолькі моцны, што яму здаецца, нібыта тры апошнія дні ён жыў у крэдыт, за кошт сённяшняга. Каб неяк утаймаваць, прыспаць гэты боль, ён не рухаецца і заплюшчвае вочы. - Мой імператар, - чуе ён не зусім упэўненыя Жэраравы словы, - у час нарады з маршаламі вашага прыёму дабівалася адна маладая асоба... - Дзе яна? - У вас няма падстаў хвалявацца... Голас ад'ютанта - як удар бізуна. Шырока расплюшчанымі вачыма ён глядзіць на сцяну. Гэта была яна! Ён думаў, што, адмовіўшыся пакінуць востраў, купіў сабе спакой. Як ён памыліўся! Ён пазбегнуў сустрэчы з ёю ў Смаргоні, але яна здагнала яго тут. Яна помсціла яму ў абліччы графіні Манталон, падсыпала атруту ў віно і хавала мыш'як за шпалерамі і ў прыскрынках стала. Яна прымусіла яго зневажаць свой розум генія нікчэмнымі думкамі і падазрэннямі. А потым, ужо ў сваім сапраўдным абліччы, прыйшла ў ягоныя сны. Яна вярнула яму сілы, зрабіла здаровым, каб потым катаваць яшчэ больш жорстка. Яна прыйшла судзіць яго ад імя свайго і ўсіх іншых народаў. Яна перашкодзіла яму вярнуцца ў Эўропу, але ёй гэтага мала. Сцяна ў нязыркім святле свечак амаль чорная, атрутная наквець ружаў набрыняла крывёю. Чаму ён не згадзіўся на прапанову Рабо? Можа, яшчэ не позна? Можа, ён яшчэ паспее на карабель? - Луі! - кліча ён, усхопліваючыся з ложка. За туалетным столікам спінаю да яго сядзіць жанчына ў белым. Жах робіць цела нерухомым і бязважкім. Жанчына пачынае павольна паварочваць галаву.
1990
|
|||
|