|
|||
Сны імператара 1 страницаУ. Арлоў. Сны імператара Агні, агні... Шматкалёрна-святочныя, хмельныя, як маладое віно. Цёплы вецер пагойдвае іх і на фіялетавым аксаміце неба, і на цёмна-срэбным люстры завані. А можа, і не вецер, а тысячагалосае «Vive l'empereur! »*. * Няхай жыве імператар! (фр. ) Портафэраё ззяе ілюмінацыяй. Увесь горад на беразе, а ён стаіць на пірсе. Стаіць, падняўшы ў маўклівым прывітанні руку, і адчувае, як сэрца кожным новым ударам разбурае цэлю, дзе было замураванае нязмерна доўгія дзесяць месяцаў. Ён толькі што пяшчотна развітаўся з маці і з сястрою. Наперадзе - невядомае, але што б там ні было, гэтыя хвіліны ўжо належаць вечнасці. На ім трохвуголка і шэры, зашпілены на ўсе гаплікі і гузікі сурдут - поўная паходная форма. У думках ён кідае позірк на сябе зводдаль, з гарбатых прыморскіх вулачак, застаецца задаволены ўбачаным і адразу ўяўляе гэты малюнак у выглядзе гравюры: залітыя аліўкавым святлом поўні камяні старажытнага пірса, слямга бліжэйшае фялюгі і ягоная постаць на парозе нязведанага. Войска чакае загаду, але ён марудзіць. Няхай востраў развітаецца з ім, няхай кожны назаўсёды захавае гэтыя імгненні ў памяці, каб апавядаць пра іх дзецям і ўнукам. І ён таксама хоча развітацца з востравам, на які навекі лёг водсвет ягонае славы. - Vive l'empereur! Vive l'empereur! Ён прыжмурвае вочы, і з калейдаскапічнаю хуткасцю перад ім мільгаюць пражытыя тут дні, напоўненыя зусім не роспаччу... Не, ён не крывіў душою, калі загадаў выразаць на сцяне ў егіпецкім пакоі свайго дома ў Сан-Марціна словы, якія шмат каму з візітантаў здаваліся няшчырымі - «Я шчаслівы паўсюль». За дзесяць месяцаў да вострава прыстала тысяча дзвесце караблёў. І кожны падарожнік, кавалеры і дамы, сярод якіх асабліва шмат было ангельцаў, імкнуліся сустрэцца з ім. Яны хацелі пераканацца, што цяпер ягоная імперыя сапраўды абмежаваная маленькім востравам. Яны думалі, што ён ужо ўвесь у мінулым, што ён ператварыўся ў жывы музейны рарытэт. Яны абавязкова куплялі яго бюсты і партрэты, каб мець копіі рарытэта ў сваіх задушлівых салонах і спакойна спаць у цёплых ложках. Як яны памыляліся! Наколькі мудрэйшы быў той цемнаскуры барбар, капітан тунісійскага карабля і, безумоўна, таемны пірат, які, высадзіўшыся на бераг яго карлікавага каралеўства, запытаўся, ці праўда, што тут жыве зямны бог. Калі ён прыехаў прывітаць госця, той салютаваў з усіх гарматаў, а потым кінуўся ніцма на дол каля ягоных ног. Барбар сказаў, што яго, імператаравы, вочы зіхцяць, нібыта два крышталі, як і належыць вачам Божых абранцаў. Тысяча дзвесце караблёў, але ніводны з іх не прывёз тых, каго ён найболей чакаў. Прыехалі не жонка з сынам, якім з першага дня тут былі падрыхтаваныя адмысловыя пакоі, прыехала пані Валеўская, яго колішняе каханне. А Марыя-Луіза так і не выбралася сюды з недалёкае Пармы. Яму дакладвалі, што нейкі афіцэр у мундзіры венгерскага гусара хутка суцешыў несуцешную імператрыцу. Афіцэр бліскуча грае на клавесіне, а Марыя-Луіза да самазабыцця любіць музыку... Але ён велікадушны, ён дараваў гэтай зямной жанчыне, якую ягонае каханне таксама зрабіла неўміручай. Ён дараваў ёй на ўсё жыццё наперад, бо яна падаравала яму спадкаемца, якому ён даў пры нараджэнні тытул рымскага караля і якому перадасць імперыю. Той пірат-афрыканец пытаўся ва ўсіх, чаму французы здрадзілі свайму зямному богу. Тады ён, імператар, зразумеў, што небяспека ад марскіх разбойнікаў яму ўжо не пагражае. Пад сцягам імператара Эльбы пачалі неўзабаве плаваць усе гандлёвыя караблі з Генуі, Ліворна, Чывітавэкія. Гэты сцяг - тры залатыя пчалы на белай асноведзі з касымі чырвонымі палосамі - падняты ўжо і на караблях яго маленькага ваеннага флоту. Наперадзе невядомае, але калі гісторыя - плоць часу, дык ён - творца гэтае плоці. Французы вераць, што ён здольны выгнаць ненавісных Бурбонаў і арыстакратаў. Спадзяванні народа хутка спраўдзяцца. Ён рэзка - нібы ўдар шабляю - апускае руку, і пасадка пачынаецца. Шэсцьсот старых грэнадзёраў, чатыры сотні карсіканскіх стралкоў, сотня польскіх кавалерыстаў - усё яго сённяшняе войска... На момант тое, што адбываецца, здаецца яму тэатрам. Заслона паднятая. Пачалася новая дзея. Няхай тэатр, думае ён. Але сцэнаю зноў будзе ўвесь свет. Гнаная лёгкім спадарожным ветрам флатылія - дзве фялюгі і пяць ненашмат большых вадаплаваў - ужо аддаляецца ад порта. Агні ілюмінацыі спачатку страчваюць шматкалёрнасць, потым зліваюцца ў суцэльны зіхоткі пасак. Раптам наперадзе ён бачыць у месяцавым святле карабель і пазнае французскі каралеўскі фрэгат «Зефір». Няўжо Бог пакіне яго і гэтая дзея ягонае драмы скончыцца, ледзь паспеўшы пачацца? Фрэгат, мяняючы галсы, імкліва набліжаецца. Ён, імператар, дае каманду рыхтавацца да бою, ды перад гарматамі ваеннага карабля яго флатылія, па сутнасці, безабаронная. На фрэгаце ўжо ўбачылі сцяг з залатымі пчоламі. - Як маецца імператар? - кпліва крычыць са свайго мастка капітан каралеўскага карабля. - Цудоўна! - патрапляючы яму ў тон, адгукаецца капітан фялюгі. - Імперыя квітнее! - Прывітанне імператару ад іх каралеўскае вялікасці! - ляціць з фрэгата. - Сем футаў пад кілем! Патрульны фрэгат ужо далёка ззаду. Неба спрыяе. Ён сам перадасць прывітанне іх каралеўскай вялікасці. Паказваецца бераг. Ён загадвае падняць заміж эльбскага сцяга трохкалёрны французскі і раздае жаўнерам стужкі на ордэн Ганаровага легіёна. Знячэўку бездакорная логіка сну парушаецца, і сярод вусатых твараў грэнадзёраў мільгае жаночая галоўка з русымі кудзеркамі. На карме, падставіўшы злёгку птушыны профіль ветру, стаіць маленькая жанчына ў белай сукенцы з палярынай. Аднаўляючы суладнасць снення, ён выганяе няпрошаную госцю з фялюгі, аднак разам з яе юным, незнаёмым, а мо і сустраканым недзе, але забытым, задаўненым тварам пакрысе знікаюць і твары жаўнераў. Спярша яны робяцца празрыста-бязважкімі, потым, падхопленыя ветрам, адлятаюць у марскую далеч у чарадзе белых чаіц. Следам ляціць вялікі чорны птах, у якім ён пазнае сваю трохвуголку. Але яна мае крылы і драпежную дзюбу, акурат як на агіднай ці то ангельскай, ці то расейскай карыкатуры, дзе ягоны, імператараў, профіль утвораны з гары трупаў, з вусцішнага перапляцення чалавечых рук і ног. Ён застаецца на фялюзе адзін. У руках у яго апошняя ордэнская стужка. Вецер шкуматае ўчарнелы раптам ветразь, вырывае стужку, абкручвае яе вакол шыі і цягне яго пад слямгу. І ўсё ж яму стае змогі выпрастацца і гучна загадаць ветру ўгамавацца. Ветразь набывае ранейшы белы колер, грэнадзёры вяртаюцца са свайго выраю, ды ўжо насоўваецца непазбежнае абуджэнне.
За вокнамі глуха шумяць дрэвы. Знаходзячы нябачныя шчыліны, вецер пранікае ў спальню і зыбае ў кандэлябры агеньчык начной свечкі. Скрозь прачыненыя дзверы чуваць сцярожкія крокі. Камердынер ужо ўстаў. Мой верны Луі, думае імператар на гэтай няпэўнай мяжы явы і сну, у які ён так прагне вярнуцца. Луі Маршан, аднайменнік таго генерала Маршана, камандзіра грэнобльскага гарнізона... Праз колькі дзён пасля высадкі ў Кане генерал вырашыў падняць баявы дух гарнізона паведамленнем, што людзей у яго, імператара, зусім мала, усяго адна тысяча. «Чаму вы не лічыце нас? » - адказаў на гэта нейкі мужны гвардзеец. Але генерал Маршан усё ж паслаў насустрач яму заслон. Імператар заплюшчвае вочы, і бог Марфей зноў падначальваецца ягонай волі.
Грэнобльцы зусім блізка. Так блізка, што чуваць бразгат зброі. Ён загадвае сваім жаўнерам спыніцца і пакласці стрэльбы на левае плячо, а сам ідзе насустрач тым, каму загадалі забіць яго. - Вось ён! Страляйце! - крычыць ад'ютант Маршана, але грэнобльцы маўчаць і трасуцца ад страху. - Жаўнеры пятага палка! Вы пазналі мяне? Ён здымае капялюш і расхінае паходны сурдут. - Калі сярод вас ёсць гатовыя страляць у імператара, я ахвотна аддаю сябе вашым кулям! -Vive l'empereur! Лічаныя дні застаюцца да таго, як на ягоны бок пяройдзе пасланы каралём Нэй. Яны разам увойдуць у Парыж. Ён заваюе Францыю за тры тыдні, не зрабіўшы ніводнага стрэлу. - Vive l'empereur!
У спальні яшчэ лунае водгулле вівату. Знадворку неахвотна цэдзіцца скупое святло. Па шырокім бляшаным падвоканні сякуць струмені ранішняга дажджу. Першым чынам імператар прыслухоўваецца да свайго цела і з радасцю адчувае, што сёння яму лепей. Ён не хоча варушыцца, баючыся, што ўсцешлівае адкрыццё станецца падманам, але ўсё ж наважваецца падняць руку, потым падкурчыць і выпрастаць ногі. Упершыню за шмат дзён болю няма, і ён пачуваецца амаль здаровым. Яму сорамна за спароджаную болем учарашнюю мару дажыць да наступнага траўня, да дня, калі ён быў абвешчаны імператарам французаў. Ніякавата і за напісаны ўчора тастамант, адрасаваны ўсім валадарам Эўропы: Пакідаю вам у спадчыну жах і ганьбу маіх апошніх дзён... Ён яўна паспяшаўся. Можа, і не на адзін год... Перажытае ў сне ўзрушэнне працягвае трымаць у сваёй гаючай абладзе, і ён просіць Усявышняга, каб пазбавіў болю хоць да вечара, да вяртання ў выратавальнае царства сну. Ну а што да сноў, дык тут ён з ранняе маладосці адчувае сябе амаль роўным Богу. Здольнасць зноў перажываць уначы нават самыя далёкія дні - да драбніцаў выяўна, з усімі падзеямі, з аналізам дзяржаўных спраў, з імёнамі, з пачуццямі і адценнямі пачуццяў, гэтую здольнасць ён здавён лічыць адной з праяваў свае геніяльнасці. Дастаткова нязначнага намагання думкі - і ў сне ён трапляе ў родны дом у Аяча або ў Брыенскую вайсковую школу, пад Аўстэрліц або пад Фрыдлянд... Ён здольны спрасаваць некалькі дзён у адну ноч, а можа, наадварот, запаволіць раку часу і, як гурман смакуе ўлюбёную страву, перажываць падзеі аднаго дня дзве ці тры ночы запар. Почасту яму здаецца, што гэта зусім не сны, што невідочная, незваротная для астатніх плынь часу падуладная яго волі і ягоны карабель імкліва ляціць супроць гэтае плыні, робячы прыпынкі ў абраных ім портах. Дзверы спальні, як заўсёды, прачыненыя, але крокаў не чуваць. Напэўна, Луі піша ў кутку за канторкай. На добры лад, штодзённыя запісы камердынера трэба было б старанна адрэдагаваць, каб у рукі нашчадкаў не трапіла нічога неістотнага і нявартага памяці пра яго. Напрыклад, сумленна занатаваных звестак, што перад ад'ездам сяброў і знаёмых з вострава ён, імператар, дорыць кожнаму свае валасы. Праўда, у гэтых падарунках ёсць свой разлік. Яго новы лейб-медык Антамаркі лічыць, што лабараторнае даследаванне валасоў (на жаль, абсалютна немагчымае тут, на востраве) магло б выявіць утрыманне мыш'яку і адказаць на пытанне, што не першы месяц займае ягоны розум. Дакладней - з таго часу, як яго пазбавілі чалавека, якому ён верыў так, як Аляксандар Македонскі свайму лекару Філіпу. Вайсковы доктар ангельскага флоту ірландзец О'Міра служыў на караблі, што вёз імператара ў выгнанне. Ён пазнаёміўся з доктарам, узышоўшы на гэты плывучы кавалачак варожай тэрыторыі, і ўжо не разлучаўся да самага ягонага ад'езду. Шмат разоў ён вяртаў сабе тыя дні ў снах - іхнія з доктарам падарожжы ў экіпажы, верхам і пешкі, няспешныя гутаркі з жыхарамі вострава і з іх дзецьмі, якія заўсёды нагадвалі яму сына. Калі пасля тых вандровак ён садзіўся пісаць мемуары, пяро лёгка бегала па паперы, а былі дні, у якія яму здавалася, што ён узяўся за мемуары занадта рана, што ўсё яшчэ магчыма. Такое адносна вольнае жыццё доўжылася, пакуль на востраў не прыбыў адмірал Гудзон Лаў. Вельмі хутка ён пачаў называць новага ангельскага губернатара не іначай як «мой кат». Тупы і баязлівы адмірал, відаць, і ў сне калоціцца ад страху, што яго зняволены ўцячэ. Даходзіць да смешнага. Губернатар загадаў абкапаць ягоную, імператараву, рэзідэнцыю Лонгвуд равамі і абкружыць суцэльным ланцугом вартавых. Сам Лаў або яго афіцэры ўвесь час блукаюць вакол дома: яны павінны штодня бачыць палонніка. Каб прымеў, губернатар, мусіць, збудаваў бы вакол вострава нешта накшталт Вялікай Кітайскай сцяны. Імператар звоніць, і ў дзвярах імгненна вырастае цыбатая постаць Луі. Адзяваючыся, ён ніяк не можа абагнацца ад думак пра свайго ката. Гэтая сумесь сіцылійца з прусаком альбо выконвае загад засмажыць яго на павольным агні, альбо хоча забіць з асабістае нянавісці. Апрача ўсяго іншага, Лаў абрэзаў сродкі на ягонае ўтрыманне, і цяпер, каб прыстойна харчавацца, ён мусіць прадаваць сваё сталовае срэбра. Неяк губернатар убачыў, што галіны аднаго з дрэў працягнуліся над ровам. Садоўніку было загадана неадкладна спляжыць дрэва і надалей сачыць, у які бок растуць галіны ў астатніх. Кажуць, у Лаўва быў такі выгляд, нібы яго палоннік ужо не на востраве, а недзе ў акіяне на паўдарозе да Францыі. Так можа дайсці да таго, што яму забароняць нават праходкі да крыніцы пад ягонымі вербамі. Штодзённы, ужо амаль звыклы боль дагэтуль не вярнуўся, і на думкі пра губернатара кладзецца водцень самазадаволенасці. Ён, як прыкуты да скалы Геракл, усё адно ўнушае валадарам Эўропы, і найперш Бурбонам, смяротны жах. - Ваша вялікасць, - кажа камердынер, - учора да вострава прыстаў амерыканскі гандлёвы карабель. Імператар не адразу спраўляецца з гузікам. Словы Луі прагучалі акурат тады, як ён уявіў губернатараў твар у тым разе, калі б яму сапраўды ўдалося пакінуць востраў... Каб не сустракацца з Лаўвам і ягонымі памагатымі, ён імкнецца як мага радзей выходзіць з дому. Вядома, гэта таксама не спрыяе здароўю, але галоўным ударам, што забраў у яго не адзін год жыцця, была высылка доктара О'Міры. Не дабіўшыся адстаўкі, губернатар пачаў цкаваць яго і ўрэшце забараніў выходзіць за межы Лонгвуда, паставіўшы афіцэра ангельскай службы ў становішча палоннага. Цяпер О'Міра ў Эўропе. Ён паведаміць свету, у якіх умовах жыве геній стагоддзя. О'Міра павінен дзейнічаць. Якія ж навіны прывёз амерыканскі карабель?
Імператар снедае ў змрочнай сталовай Лонгвуда ўдвух з графам Манталонам, адным з тых, хто самахоць раздзяліў ягоны лёс выгнанніка. Гэтыя гады, думае імператар, наклалі свой адбітак і на графа. Цяпер ён выглядае, прынамсі, зусім не на свае трыццаць пяць. Пасля ад'езду графіні імператар адчувае сябе з яе мужам зусім нязмушана. Цяжка ўявіць, што граф мог не ведаць, хто саграваў ложак лонгвудскага вязня. Безумоўна, ведаў, аднак трымаўся заўсёды бездакорна. Імператар з тужлівай пяшчотаю думае пра Альбіну Манталон. Яго апошняя страсць... Іх ціхія начныя размовы і сціплыя балюшкі пад уздыхі ветру за цёмнымі вокнамі... Яе густыя і эфірна-бязважкія валасы з пахам прывялае травы... Яе пышная, але па-маладому лёгкая постаць на асноведзі цёмных дзвярэй у світальную гадзіну... Яму было добра з ёю нават тады, калі здароўе рэзка пагоршылася і яго адносіны з графіняй пачалі нечым нагадваць паводзіны маладога расейскага цара. Кажуць, у юнацтве Аляксандар ствараў міфы пра свае любоўныя перамогі, імітуючы раніцою вяртанні ад каханак... - Як вы сёння пачуваецеся, мой імператар? - адсоўваючы талерку з салатаю, пытаецца Манталон. Ягоныя чорныя вочы свецяцца спакойнай увагаю. - Дзякуй, граф. Сёння я здаровы роўна настолькі, наколькі гэта дазволена мужчыну майго веку. - Бязмерна рады чуць вашы словы. Твар у імператара застаецца непарушна спакойным, але сэрца здрадліва падскоквае. На змену афарбаванаму ўдзячнасцю і смуткам пачуццю, з якім ён толькі што ўзгадваў Альбіну, прыходзіць іншае. Яго верны Луі перад ад'ездам графіні бачыў на ейным стале старадаўні зборнік рэцэптаў, сапраўдны падручнік па атручванні. Сярод яе рэчаў былі і «Біяграфіі» Плутарха - таксама з рэцэптамі розных атрутных зелляў. - Ва ўсім, дарагі Маршан, трэба ўмець знаходзіць свае перавагі, - сказаў ён тады камердынеру. - У тым разе, калі мяне кормяць мыш'яком, маё цела лепей захаваецца ў труне, і калі мае сябры адкапаюць яго, каб везці ў Парыж, яны ўбачаць зусім не спарахнелы шкілет. Ну а калі гэта будуць не сябры, а ворагі, напрыклад, ангельцы, іх чакае колькі вясёленькіх хвілінаў. Луі Маршан - сын старой пахолкі іхняга карсіканскага роду. Ён давярае яму, як сабе, але... Ён хоча памерці сваёй смерцю і лепей згадзіўся б на рак. Ягоны бацька памёр ад гэтае хваробы, не дажыўшы і да сарака. Ён, імператар, гаворыць з дактарамі пра магчымасць раку без усялякага страху. Аднойчы на лекарскім аглядзе ён уразіў доктара Антамаркі тым, што з алімпійскім спакоем афарыстычна зазначыў: «Рак - гэта Ватэрлоо, якое ўвайшло ў чалавека». Урэшце, хіба можна атруціць яго, калі пасля першага адрачэння ад трону ён выпіў смяротную дозу цыяністага калію і, адпакутаваўшы ноч, уранні зноў быў здаровы. Ён супакойваў сябе, ды пазбыцца падазрэнняў ужо не мог. Асабліва ў апошнія месяцы, калі пачалі выпадаць валасы і крышыцца зубы, калі ўзмацніўся боль у жываце і сталі азызаць і налівацца свінцовым цяжарам ногі. Не чакаючы слугі, ён налівае графу Манталону свайго віна і ўважліва глядзіць на яго. Нешматлікія насельнікі Лонгвуда ядуць тыя самыя стравы, што й імператар, але да нядаўняга часу пілі тутэйшае віно. Пасля трывожнага паведамлення Луі віном дзю Кап з Паўднёвае Афрыкі, якое раней прызначалася толькі імператару, пачалі раз-пораз частаваць і астатніх. - Ваша вялікасць, - заўсёдным роўным голасам гаворыць граф, - у Джэймстаўн прыбыў карабель пад амерыканскім сцягам. Магчыма, у Лонгвудзе з'явяцца госці. Імператар загадвае падаваць каву. Ён чуе навіну ўжо другі раз за гэтую раніцу, і ў душы праклёўваецца парастак хвалявання. Дождж за высокімі вокнамі аціхае. Вецер таксама суняўся. Сёння зноў паўторыцца звычайнае ў гэтую пару згубнае надвор'е. Вядома ж, Лонгвуд адвялі яму пад рэзідэнцыю зусім невыпадкова. Цяжка ўявіць мясціну, клімат якой быў бы горшы, чым тут, на поўначы вострава, узнятага Госпадам з акіянскіх глыбіняў Атлантыкі паміж Афрыкай і Амерыкай. Цягам аднаго дня спачатку лье ледзяны дождж, потым скварыць сонца, потым апускаецца непраглядны туман або вокамгненна ўсходжваецца, пагражаючы сарваць з будынкаў дахі, страшэнная бура. Таму нічога і не атрымалася з ягоных заняткаў садоўніцтвам: клімат забівае ўсялякую расліннасць, а разам з ёю пагубіць і яго. Няўжо Лаў і тыя, хто стаіць за ім, не разумеюць, што палонны імператар трэба Англіі жывы і здаровы - каб утаймоўваць амбіцыі Бурбонаў, ва ўяўленні якіх рэвалюцыя тоіцца ўжо ў адным толькі ягоным імені. Тым часам з-за хмараў паказваецца сонца. Высыпаная жвірам сцежка, што пачынаецца ад параднага ўвахода, увачавідкі падсыхае, і ён, перш чым сесці за пачаты нядаўна разбор войнаў Юлія Цэзара, вырашае зрабіць мацыён. Маршрут звычайны - да крыніцы пад трыма ніцымі вербамі. Калі б гэтыя дрэвы маглі адчуваць яго душу, яны безліч разоў жаўцелі б і асыпаліся ад роспачы і зноў расцвіталі б залацістымі вясновымі каташкамі. Вось сюды, у скалістую зямлю пад імі, ляжа, закончыўшы свой зямны шлях, сын карсіканскага адваката Карло Буанапартэ і Летыцыі Рамаліна, былы валадар Эўропы. Ён ужо зрабіў адпаведнае распараджэнне. Ён ніколі не сумняваўся, што ягоны прах будзе спачываць на беразе Сены, у самым сэрцы французскага народа. Яго пахаваюць так, як і належыць аддаваць зямлі генія, і ля яго ног будуць выгравіяваныя золатам назвы гарадоў, што сталі месцам ягоных перамогаў і вечнае славы. Праўда, мяркуючы па ўсім, гэта здарыцца не адразу. Больш таго - з губернатарскага дома даходзілі звесткі, што Лаў збіраецца вывезці ягоныя парэшткі ў Англію, каб ананімна пахаваць у Вестмінстэры. На той выпадак, калі гэта здарыцца, ён загадаў сілаю вярнуць прах у Францыю. Ну а перш чым назаўсёды спачыць у Парыжы, давядзецца заручыцца з зямлёю пад гэтымі вербамі. Часам яму хочацца, каб іх карані перапляліся з ягонымі касцямі. Тады ён мог бы і адтуль глядзець на скалы, на неба і сонца. І потым, пасля апошняга марскога падарожжа, яго частка назаўсёды застанецца тут, і ён аддзячыць сваёй славаю гэтым любым сэрцу дрэвам і крыніцы, што даўно зрабілася яго ўлюбёным люстэркам, бо ў ім ён бачыць не пляшывага старога з амаль бяззубым ротам (і гэта ў нейкія пяцьдзесят гадоў), а - сябе ранейшага. Вось і цяпер адтуль, з плыткага і ўадначас бяздоннага люстэрка на яго ўважліва пазірае чалавек з вялікай галавой і каштанавымі валасамі, з высокім шырокім ілбом. У гэтага чалавека блакітныя вочы з халодным бляскам і валявы падбародак. Некалі яму казалі: італьянскі тып, які нагадвае класічныя формы. Камплімент гучаў двухсэнсоўна: ён хацеў быць французам. Напэўна губернатар не дазволіць высекчы на надмагільным камені нават два словы: Napoleon Bonaparte... Па стаўбурку маладой вярбы мурашкі заклапочана цягнуць буйнога, чорнага, з блакітным адлівам крылаў жука. Колькі імгненняў імператар, не хочучы акрэсліваць думку-аналогію, проста сочыць за імі і зноў нахіляецца над крыніцаю. Яму прыгадваецца сённяшні сон, і ў жывым пералівістым люстэрку знячэўку ўзнікае дрыготкае жаночае аблічча - мяккі авал твару, русыя кудзеркі, зялёныя вочы з чорнымі іскрынкамі... Ён бачыў гэты твар не толькі ў сне, але і яшчэ недзе. Зараз ён узгадае... Ён не паспявае пераступіць мяжу ўспаміну: з крыніцы зноў пазірае на яго чалавек з вялікай галавой і шырокім ілбом. Аднак гэтым разам імператару мроіцца, што гэта не ён, што адтуль, адкуль не вяртаюцца, на яго глядзіць Кіпрыяні. Ад раптоўнай знямогі імператар апускаецца на канапку з разьблёным прыслонам. Побач з вербамі ўжо ёсць адна магіла. Летась камяні вострава Святой Алены сталі апошнім прыстанкам лонг-вудскаму мажардому Кіпрыяні, ягонаму двайніку. Кіпрыяні, як і ён, нарадзіўся і вырас у Аяча. Былы мажардом належаў да людзей, бязмежна адданых Корсіцы, і ўваходзіў у падпольную патрыятычную арганізацыю. Калі ў Францыі пачалася рэвалюцыя і войска было распушчанае, ён, імператар, вярнуўся на радзіму і таксама далучыўся да сепаратыстаў. Але неўзабаве зразумеў, што барацьба за свабоду Корсікі была памылкаю і сама па сабе і - у ягоным жыцці. Яму было наканавана не вызваліць нейкі востраў, а перакроіць мапу ўсёй Эўропы. Цяпер яго карсіканскі патрыятызм прыгадваецца яму з паблажлівай усмешкаю. Прыкладна так, як і той выпадак, калі на пачатку рэвалюцыйных войнаў ён ледзь не зрабіў на плячы наколку «Смерць каралям! ». Забаўна было б узысці з такой татуіроўкаю на французскі трон... Ён вярнуўся з Корсікі ў Парыж і праз дванаццаць гадоў быў абвешчаны імператарам. Кіпрыяні ніколі не мог дараваць яму гэтае «здрады», не мог зразумець ягонага прадвызначанага Ўсявышнім шляху. Падпольныя карсіканскія таварыствы заўсёды былі пад кантролем ангельцаў, значыцца, тут, на востраве Святое Алены, мажардом мог быць іхнім выведнікам. Праўда, яго віна так і засталася недаказанай. Абвінавачаны ў шпігунстве, Кіпрыяні падазрона хутка памёр. Ці то сам прыняў атруту, ці то пра яго паклапаціўся хтосьці іншы. Мо граф і графіня Манталоны? Калі дапусціць, што яны выконваюць даручэнне Бурбонаў, а мажардом служыў ангельцам, атрымліваецца даволі лагічна. У кожным разе ён страціў двайніка, і магіла пад вербамі можа дапамагчы губернатару «памыліцца» тады, калі ля крыніцы будзе ўжо дзве магілы. На такі выпадак ён пакідае таемны тастамант, дзе падрабязна апісана, як яго трэба пахаваць. Ён ляжа ў зямлю ў мундзіры палкоўніка гвардзейскіх конных егераў, паўзверх якога будзе стужка ордэна Ганаровага легіёна з Тэрмінальным крыжам. На левым штрыфелі будуць яшчэ тры ордэны. У нагах - трохвуголка з кукардаю. Дзве вазы - з сэрцам і з пячонкаю - паставяць у кутах труны. Кіпрыяні пахавалі з барадою, яго ж абавязкова паголяць праз дванаццаць і праз дваццаць чатыры гадзіны пасля смерці. Апрача таго, Маршан склаў поўнае апісанне труны і адзення, у якіх пахаваны мажардом. Па гэтых дакументах тыя, хто прыедзе па яго з Францыі, змогуць лёгка заўважыць падмену. Але якія навіны прывёз амерыканскі карабель? Ён ловіць сябе на тым, што чакае гэтых навінаў больш прагна, чым мае права чалавек у яго становішчы. Жука на стаўбуры ўжо няма, а мурашы па-ранейшаму нястомна снуюць па жоўта-зялёнай кары. Пазіраючы на іх, імператар успамінае іншых сваіх двайнікоў. Яшчэ калі ён быў на шляху да вострава, пад Марселем з'явіўся чалавек, якога звалі Фелікс. Тамтэйшыя жыхары вырашылі, што гэта збеглы імператар, і па наваколлі пранеслася пагалоска, нібыта ён стане на чале велізарнага арабска-турэцкага войска. Фелікс старанна пазбягаў людзей і неўзабаве апынуўся ў турме. Больш сябрам у Францыі не ўдалося даведацца анічога. Далібог, яго двайнік мог бы паводзіць сябе з большаю годнасцю. Летась яму напісалі пра яшчэ аднаго «імператара». Манах-капуцын Ларыён з ваколіцаў Нанта жыў у старым замку, дзе прымаў вар'ятаў і бесхацінцаў. Гаворка і вытанчаныя манеры выдавалі ў ім чалавека з найвышэйшага свету. Безумоўна, паліцыя не магла пакінуць яго па-за ўвагаю, і капуцына напаткаў лёс небаракі Фелікса. Бог стварыў гэтых людзей падобнымі да яго, вось і ўся іх віна... Бурбоны баяцца, што двайнікі могуць дапамагчы яму пакрыёма пакінуць востраў. Сённяшні сон і гэты амерыканскі карабель... На сцежцы чуюцца крокі. Ён падымае вочы і бачыць камердынера. Поруч з рослым, бялявым і гнуткім Луі ідзе незнаёмы - невысокі, шыракалобы, з тварам, які да вачэй схаваны кучаравай і чорнаю як смоль барадой. За тыя колькі імгненняў, пакуль Луі са спадарожнікам падыходзяць, ён паспявае заўважыць у барадатага вайсковую выпраўку. Луі з незнаёмым кланяюцца, і камердынер адрэкамендоўвае госця: - Месье Рывар, гандляр оптыкай і каштоўнымі камянямі. Прыбыў на востраў на амерыканскім караблі. Нейкія ноткі ў голасе слугі змушаюць імператара наструніцца і падрыхтавацца да неспадзяванага працягу. Ён не памыляецца. Камердынер вядзе месье Рывара пад старую вярбу, галіны якой дастаюць да зямлі, утвараючы кшталт жывога зялёнага намёта. Затым, робячы рукою знакі, Луі запрашае ў засень і яго самога. - Ваша вялікасць, прашу вас яшчэ бліжэй. Імператар падыходзіць, прыхінаецца да дрэва плячыма і, скрыжаваўшы на грудзях рукі, чакае. Здаралася, што ён меней хваляваўся перад бітвамі. - Тут можна не баяцца чужых вачэй, - кажа камердынер і глядзіць на трэцяга ўдзельніка загадкавага манеўра. Месье Рывар аберуч бярэцца за сваю шыкоўную бараду і цягне яе ўніз. Баронячыся, імператар выстаўляе перад сабою рукі. Насупроць стаіць яго двайнік. - Кі-пры-яні... - задыхаючыся, вымаўляе ён непаслухмянымі вуснамі. - Не, мой імператар, - кажа гандляр оптыкай, і ён адразу пазнае гэты глухаваты, з расколінкаю, голас: - Франсуа?! Франсуа Эжэн Рабо! Мой стары прыяцель Рабо! - Гэта я, мой імператар... - У вачах у двайніка блішчаць слёзы. На тры гады маладзейшы, Рабо быў так падобны да яго, што атрымаў у палку мянушку Імператар. Чутка пра гэта разляцелася імгненна, Франсуа Рабо хутка ператварыўся з простага жаўнера ў аднаго з прыдворных і няраз дапамагаў у тых выпадках, калі сапраўднаму імператару трэба было адначасова прысутнічаць у двух месцах. - Калі не памыляюся, апошні раз мы бачыліся пад Ватэрлоо?.. - Так, мой імператар. Пасля той бітвы, дзе Госпад пазбавіў нас свае міласці, я вярнуўся дадому ў Балейкур і гадаваў трусоў. Пакуль... Пакуль мне не сказалі, што я яшчэ магу паслужыць вам. Вам і Францыі. - Ваша вялікасць, - камердынер спрытна прыладжвае Рабо фальшывую бараду, - я не давяраю Манталону. Нікому, апрача вас. Губернатар не шкадуе грошай на подкуп. Ягоныя людзі ўжо тройчы спрабавалі весці перамовы нават са мною... Праз два дні карабель падыме кітвагу*. Вы разумееце, пра што я кажу... * Якар. Вось яно, думае імператар. Доктар О'Міра і ўсе яго прыхільнікі не марнавалі часу. Ён вернецца ў Эўропу, убачыць сына... Загадаўшы сабе не паддавацца першым эмоцыям, ён адступае на крок і пільна ўглядаецца ў двайніка. Твар відавочна маладзейшы, валасы гусцейшыя і амаль без сівізны, зубы, напэўна, таксама такія, што разгрызуць любы гарэх... Доктар Антамаркі раскрые падман на першым аглядзе. Луі адразу прачытвае гэты позірк. - Ваша вялікасць, вы памятаеце, як я загрымаваў вас, калі вы пакідалі армію? Грымоўка - вялікае мастацтва... У нас ёсць два дні. Мы з Франсуа прысвяцім іх неабходным заняткам. Ён вывучыць вашы тутэйшыя звычкі і ўсё астатняе. Вы ведаеце, Франсуа заўсёды быў здольным вучнем. Зрэшты, ён шмат чаго памятае. Рабо ківае. - Дзеля вас, мой імператар, я гатовы на ўсё. - Ну а калі доктар Антамаркі забудзе, што маўчанне - гэта не толькі золата, але вельмі часта і жыццё... - працягвае камердынер, - калі ён на сваё няшчасце забудзе гэта, у вас ужо будзе ў запасе, прынамсі, тыдзень. Па-ранейшаму свеціць сонца, цурчыць вада, спачывае ў вербавых шатах вецер, але ўсё змянілася. Імператар зноў - не ў сне, а наяве - чуе тую сілу, якая рабіла амаль усемагутным, якая вяла яго праз усю Эўропу - ад Пірэнеяў да вусцішных расейскіх абшараў, якая падаравала сто дзён трыумфальнага вяртання, а потым пакінула яго пад Ватэрлоо, асудзіўшы на ганебнае выгнанне. Двое верных слуг чакаюць адказу, ды ён не дазваляе сабе, паддаўшыся першаму парыву, абвясціць рашэнне. Маўчанне здоўжваецца. - Пакіньце мяне аднаго, - просіць ён. Маршан і Рабо абменьваюцца позіркамі і кланяюцца, каб ісці. - Як твая сястра, Франсуа? - спыняе іх імператар. - Яна засталася ў Балейкуры даглядаць трусоў? Луі і Франсуа зноў пераглядваюцца, гэтым разам значна весялей. - Не, мой імператар. Нам давялося знікнуць з Балейкура абаім. Сястра пасялілася ў Туры. Што б са мною ні здарылася, ёй да скону дзён будзе забяспечана заможнае жыццё. - Цяпер ідзіце, - загадвае імператар. - Я хачу пабыць на самоце. - Ваша вялікасць, у нас з вамі два дні, -насмельваецца нагадаць камердынер.
|
|||
|