|
|||
Сны імператара 2 страницаІмператар робіць рукою нецярплівы рух і адварочваецца. Адмовіўшыся ад такога шанцу, ён здрадзіць самому сабе. Ён павінен пакінуць сваю вязніцу нават толькі дзеля таго, каб убачыць сына. Розум пачынае працаваць дакладна, нібы машына, з ужо забытым, ліхаманкавым напружаннем. У свядомасці, быццам бліскавіцы над начным морам, успыхваюць дзесяткі планаў і варыянтаў...
За абедзенным сталом, дзе, як зазвычай, сабраліся ўсе жыхары Лонгвуда, імператар шмат жартаваў і кпіў з губернатара. Ён дасціпна распавёў, як па дарозе дадому сустрэў ангельскага афіцэра і па-змоўніцку падміргнуў яму. Ад неспадзяванкі афіцэравы падкручаныя вусы палезлі ўгору і ледзьве не выкалалі гаспадару маленькія віжацкія вочы. Яшчэ больш ён здзівіў прысутных, калі, папалуднаваўшы, адкінуўся ў крэсла і зусім як за часам доктара О'Міры запытаўся: - На які спектакль мы выпраўляемся сёння? Па-едзем слухаць Тальму або Флеры? Ён загадаў прынесці Мальера, і ўсе сядзелі з кнігамі да позняга вечара. У ложку яму зноў прыгадалася графіня Манталон. Калі б сёння яна трапіла ў ягоныя абдымкі, ён даказаў бы, што яшчэ можа быць страсным каханкам. Ён не даў сабе аддацца летуценням пра новае жыццё, перад брамаю якога стаяў. У яго будзе досыць часу ў марскім падарожжы. Дзьмухнуўшы на свечку, ён заплюшчыў вочы. Яму заманулася ўбачыць піраміды, гэтыя сведкі і доказы самой вечнасці. Праз колькі хвілін ён пераадолее велізарныя адлегласці прасторы і часу, каб разбіць каля пірамідаў войска мамелюкоў і ўступіць у Каір...
Ноздры казыча гаркавы пах дыму. Гараць прадмесці. Ягоная армія займае Каір. Але чаму заместа магаметанскіх мінарэтаў з паўмесяцамі ён бачыць над местам спічакі з хрысціянскімі крыжамі, што вянчаюць барочныя і гатычныя храмы? Чаму людзі, якія ловяць кожны ягоны рух і кожнае слова, зусім не падобныя да арабаў? Ён чуе свой стамлёна-ўрачысты голас: - На вашым месцы я думаў бы і рабіў, як вы, бо любоў да Айчыны - галоўная дабрачыннасць адукаванага чалавека. У маім становішчы даводзіцца лічыцца з мноствам інтарэсаў і выконваць безліч абавязкаў, але, калі б я быў імператарам французаў у час падзелаў вашае Айчыны, я ўзброіў бы ўвесь мой народ, каб падтрымаць вас... Я люблю вашу нацыю. Вось ужо шаснаццаць гадоў я бачу вашых воінаў, што змагаліся поплеч са мною на палях Італіі і Гішпаніі. Няхай Літва, Самагіція, Віцебск, Полацак і Магілеў натхняюцца тым самым духам, які я сустрэў у Польшчы, і Ўсявышні пашле поспех вашай святой справе. - Vive l'empereur! - Vive le libé rateur! * * Няхай жыве вызваліцель! (фр. ) Толькі цяпер ён разумее, што вецер прыносіць дым не з каірскіх прадмесцяў, а з боку падпаленых казакамі магазінаў са збожжам. Казакі адступілі з Вільні зусім нядаўна, а дзевятай раніцы. Тады загарэўся і абвязаны саломаю, абліты смалою Зялёны мост. Сёння 28 чэрвеня 1812 года. Яшчэ чатыры дні таму Аляксандар танцаваў тут, у Вільні, на раскошным балі. Там расейскаму імператару і паведамілі, што Вялікая армія перайшла Нёман... Ён першы ў Францыі ўсвядоміў значнасць хаўрусу з Расеяй. У перамовах з імператарам Паўлам ён амаль дасягнуў поспеху. Але Паўла задушылі ў Міхайлаўскім замку... Аляксандар і Расея заслужылі свой лёс... Ён добра разумее тых, чые галасы не стамляюцца славіць яго. Ён аддаў нямала дзён на вывучэнне гэтага краю і не сумняваўся менавіта ў такой сустрэчы. Дыпламаты, гувернанткі і гувернёры, прафесійныя выведнікі- усе дакладвалі яму пра няпэўны стан літоўскіх і беларускіх губерняў. Некаторыя з іх не былі ў складзе Расейскае імперыі яшчэ і двух дзесяцігоддзяў. Будучыню дзяржавы, што некалі даставала рамёнамі ад мора да мора, на загад Кацярыны перакрэсліў сваімі штыхамі Сувораў. Калі ж васемнаццаць гадоў таму гэтая краіна паўстала разам з Польшчаю, Сувораў заліў яе крывёю... Аляксандар спрыяў тут развіццю польскай адукаванасці і польскага характару дзяржаўнага жыцця і - нястомна разбураў гэты парадак сваімі ўказамі і загадамі. Пад уплывам фаварытаў цар увесь час вагаўся, быццам маятнік, - ад думкі аднавіць Вялікае Княства Літоўскае да ідэі канчаткова ператварыць яго ў расейскую правінцыю. На шляху ў Вільню ён думаў пра шматгадовыя спробы тутэйшых магнатаў атрымаць ад яго і Францыі гарантыі адраджэння свае дзяржавы. Ён ахвотна вёў гэтыя дыпламатычныя гульні... На нейкі час іх спыніў толькі Тыльзіцкі мір. На грыву ягонага каня ляціць букецік фіялак, ён паспявае падхапіць яго і, прыладжваючы да трохвуголкі, зрывае апладысменты. Прадчуваючы вайну, вёў сваю гульню і Аляксандар. Замест Адама Чартарыйскага, які, здаецца, ужо спасціг цану царовых абяцанак, Аляксандар знайшоў заўзятых гульцоў у асобе магнатаў Агінскага і Друцкага-Любецкага. Яшчэ сёлета ў красавіку расейскага імператара ці не з такім самым захапленнем, як зараз яго, прымалі ў Вільні, але тым разам, даносілі выведнікі, пра аднаўленне Вялікага Княства ён ужо маўчаў і абмяжоўваўся адно рэверансамі шляхце і ласкавым абыходжаннем з арыстакратыяй. Дэманструючы адданасць трону, магнаты стварылі камітэт забеспячэння расейскага войска. Царская ўлада ахвотна прымала ахвяраванні - найперш, каб не пакінуць фуражу і правіянту яго Вялікай арміі. Але ён ведаў, што большасць мясцовага дваранства не давярала ні магнатам, ні Аляксандру, а нецярпліва сачыла за падзеямі на тым беразе Нёмана. Бюлетэні Вялікай арміі пераходзілі з рук у рукі, і ягоныя прыхільнікі дасягнулі значна большага, чым Агінскі і Друцкі-Любецкі. Нездарма, нездарма бегла да яго адсюль моладзь. Некаторыя ваявалі пад ягонай рукою яшчэ на берагах Ніла. А хутка жаўнераў, народжаных на гэтай зямлі, будзе ў Вялікай арміі не меней, чым у Аляксандра. Прычым пад штандарамі цара ваююць рэкруты, а ў яго, Напалеона, будуць валанцёры. Да прыходу расейцаў гэтая краіна не ведала рэкруцкіх набораў. Цяпер рэкруты з берагоў Нёмана, Дзвіны і Дняпра служаць 25 гадоў. Расея, як разбойная шація на лясной дарозе, прыставіла да горла нож і вывернула захопленай краіне кішэні. Дзяржаўныя падаткі збіралі тут, у адрозненне ад усёй імперыі, толькі ў звонкай манеце, і гэта пры курсе, калі 100 папяровых рублёў роўныя 22 срэбным. Плаціць асігнацыямі дазволена толькі летась. А калі сюды дадаць яшчэ колькі спусташальных паходаў расейскіх войскаў і немагчымасць пасля Тыльзіцкага міру вывозіць збожжа ў Англію... Кацярына і яе сын Павел абяцалі тутэйшаму люду палёгку, ды замест гэтага раздалі паўмільёна сялянаў расейскім памешчыкам, прычым не ўсе з таго паўмільёна былі раней прыгонныя. Трынаццаць з лішкам тысяч душ і горад Кобрын атрымаў за заслугі генерал-фельдмаршал Сувораў. Апрача таго, кожныя восем з дзесяці жыхароў краіны - грэка-католікі, якіх Пецярбург пачынае пераганяць у праваслаўе, каб адабраць магчымасць гаварыць з Богам на сваёй мове і хутчэй зрабіць у душы расейцамі. На гэты конт ён, імператар, выдасць адмысловы ўказ. Ён памятае, што вуніяцкія святары не чыталі ў сваіх храмах пасланне расейскага сінода, дзе з падказкі царскага двара яго, Напалеона, абвяшчалі папярэднікам Антыхрыста. Расея сама абрала свой лёс. Яна паставіла яго перад выбарам: вайна або ганьба... - Vive le libé rateur! - крычыць за колькі крокаў ад яго юнак у канфедэратцы. Гэты бязвусы маладзён таксама стане пад ягоныя сцягі. У Вялікую армію, марачы пра незалежнасць Бацькаўшчыны, уліваюцца і шляхцічы, і студэнты, і простыя мужыкі, і з кожным днём іх будзе ўсё болей. Ён прыйшоў сюды як вызваліцель і за абяцанне аднавіць Вялікае Княства атрымае не толькі правіянт і фураж, але і стотысячнае войска, якое Агінскі дакляраваў імператару Аляксандру. - Vive Napolé on! Ён думае пра ўсё гэта і ганарыцца сённяшнім тонкім тактычным прыёмам. Першы пад сваімі бел-чырвона-белымі сцягамі ўвайшоў у горад 8-ы полк кавалерыі Дамініка Радзівіла. Ён, імператар, не звязаў сабе рук ніякімі абяцаннямі і ўадначас як бы засведчыў самыя рашучыя намеры. Вільня ля ягоных ног. На пляцы перад катэдраю ён загадвае выбіць медаль з нагоды ўзяцця яшчэ адной сталіцы. Ён, пераможца, едзе з почтам па старых вулачках. Вядома, Вільня - не Мілан і не Варшава, але горад падабаецца яму. У разнасцежаных сонечных вокнах і на гаўбцах - жанчыны з кветкамі. Сапраўдны дождж з кветак. Ён купаецца ў кветках і ў захопленых жаночых позірках, часам весела заўважаючы ў вачах у мужчын рэўнасць. - Vive le libé rateur! Вузкія, пакручастыя, як у далёкім Аяча, вулачкі, старадаўнія камяніцы, храмы... Барадаты вуніяцкі святар, які шырока хрысціць яго. Гурт юнакоў, падобных да студэнтаў. Адзін з іх падбягае да ад'ютанта: дзе можна запісацца ў Вялікую армію? Але што гэта там, водбліз рэчкі? Ён міжволі прытрымлівае каня, і ўслед за ім спыняецца ўвесь почат. Наперадзе маленькае дзіва з чырвонае цэглы. Такую дасканалую готыку рэдка сустрэнеш і ў эўрапейскіх сталіцах. Усё ж Вільня - Эўропа. Гэтым храмам мог бы ганарыцца любы французскі горад. - Сабор святой Ганны, - чуе ён пачцівае тлумачэнне. - Каб прымеў, я перанёс бы яго на далоні ў Парыж, - кажа ён, ведаючы, што яго словы безліч разоў будуць паўтараць каля гэтых казачна-суладных муроў і праз стагоддзі. На нецярплівым маладым кані пад'язджае ад'ютант. - Ваша вялікасць, адна маладая асоба просіць у вас аўдыенцыі. - Вы забыліся пра мой загад? - рэзка пытаецца ён, не адводзячы вачэй ад сабора. - Я адмяніў усе сустрэчы да канца тыдня. - Мой імператар, яна настойвае... - Я не прывык мяняць рашэнні, - уквелена адказвае ён. - Яна зусім юная... Ваша вялікасць, я падумаў, што... Ён хоча адказаць зусім груба, ды чырвоныя карункі святое Ганны гасяць гнеў. - Хто яна? - паварочваецца ён да ад'ютанта і ўжо незласліва заўважае ў вачах у таго змоўніцкія агеньчыкі. - Яна тут. - Ад'ютант ківае на экіпаж пад старым берастам леваруч сабора. Побач з экіпажам у профіль да імператарскае кавалькады стаіць юная жанчына ў белай сукенцы з палярынай. Знячэўку ён пазнае гэтую русявую галоўку ў кудзерках. Ля карэты жанчына з яго ўчарашняе ночы. - Перадайце, - кажа ён да ад'ютанта, - што сёння ўвечары я прыму яе. Ён едзе далей, дзівячыся, што сонца схавалася і неба ў момант вока заткалі па-восеньску нізкія хмары. Вуліцы пустэльныя, нікога няма ні на галубцах, ні за шыбамі зачыненых вокнаў. Колькі хвіляў таму на яго сыпаўся град кветак, а брук ужо чыста падмецены. За павароткаю да касцёла святога Казіміра ён нарэшце разумее, што з таго першага, пераможна-бесклапотнага віленскага адвячорка праляцела болей за два тыдні.
Ён паспеў знелюбіць горад, які з такой шчырасцю вітаў яго, які чакаў яго, магчыма, яшчэ больш прагна, чым Варшава. Бываюць хвіліны, калі ён ледзьве трывае гэтую былую сталіцу, што ўсё меней нагадвае яму Эўропу. Дапамагаюць адно штодзённыя конныя прагулянкі да святой Ганны. Толькі яна яшчэ можа супакоіць ягоную душу боскім хараством. Мо якраз яна і паслала яму гэтую жанчыну? У лістах у Парыж ён піша, што стварае Часовы ўрад Княства, ды калі быць перад сабою шчырым, ён проста вымушаны сядзець у Вільні, каб здабыць войску прыпасы, бо, адступаючы, расейцы паляць усе наладаваныя царскімі прыхільнікамі магазіны. У вёсках пачаліся хваляванні, і ён мусіць пасылаць супроць сялянаў войскі... Лета дажджлівае, дарогі размяклі, і армія не можа ісці так хутка, як хацелася. Днямі яму пераклалі хроніку з мясцовай газеты: «Непераможныя палкі вялікага Напалеона... веліканскімі крокамі... » Гэта настолькі нагадвала здзек, што ён ужо меўся быў арыштаваць рэдактара. Асабліва няўтульна робіцца вечарамі, калі паняверка і трывога, здаецца, глядзяць у кожнае вакно. Таму ён чакае сённяшні вечар з лёгкім хваляваннем і - з надзеяю. Ён ведае: жанчына можа дапамагчы і ў самым безнадзейным становішчы - не, зусім не мудрымі парадамі, а толькі тым, што яна - жанчына і яна з табою, няхай усяго толькі адзін вечар ці адну ноч. Такое ўжо здаралася з ім і ў цяжкія дні ў Гішпаніі, і ў выгнанні на Эльбе. Лёс пасылаў яму жанчын, што зноў рабілі яго ўсемагутным. Праўда, ён паслаў і гішпанку, у якой вартавыя знайшлі ў карсажы бутлік з атрутаю, але ўспамінаць пра яе ён не хоча. Ён чакае госцю ў кабінеце, пераглядаючы паперы. На стале перад ім - выбіты ў гонар узяцця Вільні медаль: ягоная галава ў лаўровым вянку трыумфатара... Учора ў катэдральным саборы граф Жозэф Серакоўскі заклікаў жыхароў краю падтрымаць Вялікую армію, а ён не адчувае з гэтае прычыны ніякай радасці. Яшчэ адно паведамленне пра сялянскі бунт. Загінула трое жаўнераў і капрал. Белая сукенка з палярынай. Экіпаж ужо едзе па віленскіх вуліцах. Часовы ўрад Княства прысягнуў яму, але выконваць абавязкі саюзнае дзяржавы яўна не спяшаецца. Разлікі на стотысячнае войска, пэўна, давядзецца перавесці ў разрад летуценняў. Гэтыя паны значна больш заклапочаныя тым, каб атрымаць ад яго згоду на федэрацыю з Польшчай. Яны, здаецца, не разумеюць, што ідзе вайна і ягоныя думкі занятыя найперш вайною. Ён падпісаў указ аб стварэнні ў кожным павеце роты жандармерыі. Афіцэрамі і унтэр-афіцэрамі будуць мясцовыя дваране. Кожны дзень ён атрымлівае звесткі пра іхнюю незадаволенасць. Распешчаная вольнасцямі шляхта бачыць ва ўказе абразу годнасці. Урад Княства таксама не ў захапленні, бо залежыць ад французскага камісара. Яны, відаць, думалі, што забяспечваць французскае войска будзе нейкі добры чараўнік. Страшэнна марудна ідзе і камплектаванне новых палкоў. Ён задаволены, бадай, адно генералам Канопкам са Слоніма. Полк уланаў, які генерал набірае са шляхецкае моладзі, ён загадае прылічыць да імператарскай гвардыі і пакіне яго на радзіме супроць Тармасава. Часовы ўрад дакладвае, што ў бліжэйшы час зможа даць Вялікай арміі пяць пяхотных палкоў і чатыры - уланскія. Менская і Віленская губерні выставяць па тры тысячы, Гарадзенская - дзве з паловаю, Беластоцкая - паўтары. Вакол галавы ўецца сапраўдны рой імёнаў, лічбаў, назваў... З гэтага рою вылятае і балюча джаліць адна з іх - Мір. Пад Мірам казакі з ар'ергарда Платава разбілі дзевяць уланскіх палкоў польскай кавалерыі. Ён касавурыцца на гадзіннік з пазлачоным богам вайны Марсам. Сёння зухаватага ваяку павінна змяніць на варце Венера. Ён ужо загадаў падрыхтаваць вячэру на дваіх. Калі не пахаладнее, яны маглі б павячэраць на тэрасе... Весткі пра ахвяраванні на Вялікую армію. Нейкі наваградскі шляхціч не пашкадаваў на шапкі французскім сапёрам ажно цэлае футра з сібірскага мядзведзя. Які чуллівы клопат пра вызваленне Бацькаўшчыны! Ад князёўны Радзівіл атрымана 30 бочак мукі, 2 - крупаў, 10 валоў і 12 бараноў. І гэта найбагацейшы род, пра які склалі прымаўку: кароль у Варшаве, а Радзівіл у Нясвіжы. Кажуць, адзін з Радзівілаў калісьці купіў у Парыжы перад сваім домам цэлы квартал, а потым загадаў гэты квартал знесці - каб не блукалі, ідучы ў суседнюю цукроўню па ўлюбёныя княжыя цестачкі, ягоныя пахолкі. 2 бочкі крупаў... Гонар роду ратуе князь Дамінік, які забяспечыў зброяю і рыштункам увесь свой полк. 12 бараноў... А вось яшчэ адно шчодрае ахвяраванне вызваліцелям: рэшата яек і тры фунты масла. І пра такую шчодрасць яны яшчэ адважваюцца пісаць у газетах! Дрэнны знак... Непераможныя палкі вялікага Напалеона... веліканскімі крокамі... Vive l'empereur! Vive le libé rateur! Нарэшце ён чуе крокі ад'ютанта. Твар у таго непранікальны, але пра ўсё кажуць вочы. Яны зычаць поспеху. Ён павінен скінуць з плячэй стому і няўпэўненасць. Гэта трэба не толькі яму - Францыі, усёй Эўропе... Залаціста мігцяць свечкі. Тэраса абвітая плюшчом, і ад яго кладуцца зялёныя цені - на абрус, на буйныя белыя лілеі ў багемскай вазе, на тую самую белую сукенку, у якой ён убачыў яе каля сабора святой Ганны. Ціхі звон келіхаў, ціхі смех. Пенлівае шампанскае. Лёгкасць і нязмушанасць першых словаў. Яе такое натуральнае «мой імператар»... - Мой імператар, сёння я чытала ўсходні гараскоп. Вы ведаеце, што нарадзіліся ў год Быка? Гэтыя гады дораць свету геніяльных палкаводцаў. У год Быка нарадзіўся Аляксандар Македонскі... Вы ведаеце... Ён ведае, і ўсё адно яму надзіва прыемна. Нізкія хмары, якія колькі дзён стаялі над Вільняю і над душой, увачавідкі разыходзяцца. Свежы ветрык, поўны тонкага водару язміну, што цвіце пад вокнамі палаца, - ветрык, які з'явіўся на тэрасе разам з ягонаю госцяй, разганяе змрочныя прадчуванні і поўніць сэрца чаканнем блізкае ночы з яе неспадзяваным шчасцем. Гэтая жанчына, амаль дзяўчынка, дарунак святой Ганны, павінна падараваць так неабходнае яму цяпер вызваленне ад паняверкі. Неабходнае, каб упакорыць велізарную імперыю, у якую ён уступіў, і рухацца далей, у Індыю... Лёгкія дотыкі рук... Келіх бургундскага. Зялёныя цені гусцеюць і робяцца амаль чорнымі. На горад апускаецца птушка ночы. Яна не вырывае рукі, не адводзіць вачэй, але пачынае гаварыць дзіўныя, зусім не тыя словы. - Мой імператар, вы пралілі столькі нявіннае крыві... Ён пралівае нявінную кроў? -... але Бог даруе вам, калі вы вызваліце мой народ. Хіба ён не вызваліў яе народ? - Мой імператар... Вы зрабілі вольнымі сялян у герцагстве Варшаўскім. Сяляне ў нашых губернях таксама чакаюць вызвалення ад прыгону. Ну вось, яшчэ... - Мой імператар... Не забывайце, што слава моцных у свабодзе слабых... Яна відочна не з тых, каго прыводзіць да яго ў ложак уласцівы шмат каму з цудоўнай паловы чалавецтва снабізм, той снабізм жанчыны, калі яна назаўтра ж дзеліцца з канфідэнткамі або маўчыць да скону дзён, але ўсё жыццё ганарыцца, што яна, няхай адну толькі ноч, была каханкаю самога Цэзара. - Мой імператар... Вас паўсюль вітаюць як вызваліцеля, аднак шмат нашых дваранаў жыве ў глушы вёсак і баіцца гэтага вызвалення, як чорт крыжа. У іх няма ніякіх думак пра будучыню, яны жывуць па-старому - весела, шумна, з балямі і балюшкамі, з паляваннямі і паездкамі на кірмашы. Гэтыя людзі хочуць толькі, каб іх не чапалі, не вельмі залазілі ў гаманцы, не адбіралі звычных правоў, а хто і што пануе ў краіне - ім амаль абыякава. Два месяцы таму шляхта крычала «віват! » імператару Аляксандру, а яшчэ праз два можа закрычаць зноў. Яна дазваляе сабе ўсё-такі зашмат. Напэўна, ёй здаецца, што яна выконвае вялікую місію... Зрэшты, у гэты вечар і ў гэтую ноч яна вольная казаць усё, што заўгодна. - Я пачаў кампанію пераходам праз Нёман, а закончу яе ў Менску і ў Смаленску. Там я спынюся. Я ўмацую два гэтыя гарады і вярнуся сюды, у Вільню, дзе будзе мая галоўная кватэра. Узімку я займуся праблемамі вашай краіны, якая павінна канчаткова скінуць з сябе маскоўскае ярмо... Я не перайду Дзвіны. Прысягаю вам. Ісці сёлета далей - тое самае, што самахоць ісці насустрач гібелі... - Мой імператар, калі вы забудзеце свае словы, калі не вернеце нам свабоду, Усявышні пракляне вас... Яна кажа гэта яму, генію, пераможцу дзесяткаў краін і народаў, стваральніку імперыі, якая абдымае ўсю Эўропу і межы якой няўхільна пашыраюцца ў Азіі. Але няхай... Бо яе словы мінаюць ягоную свядомасць, як птушыны вырай мінае чужыя рэкі і горныя вяршыні. Няхай... Бо ейную віну выкупляюць мініяцюрныя вушкі і маленькія далоні, яе кудзеркі і гэты, можа, крыху занадта масіўны падбародак, яе зялёныя вочы з закутымі ў іх, як у бурштыне, чорнымі мушкамі-іскрынкамі - тры ў адным і пяць у другім. Яна не прыгажуня, ды ў яго на першым месцы заўсёды былі не прыгожыя, а - мілыя. Ён заўважаў, што нізкарослыя мужчыны маюць яўную ці прыхаваную схільнасць да жанчын вышэйшых за сябе. Яму таксама заўсёды падабалася быць валадаром высокіх дачок Евы. А сёння - дзіўная рэч! - ён рады якраз таму, што можа зірнуць на гэтую маленькую жанчыну хоць самую крыху, але зверху ўніз. - Вы замужам? - пытаецца ён. Яна не адказвае. На безыменным пальцы яе левае рукі пярсцёнак з рубінам. - Як вас завуць? Зноў маўчанне. А ноч агортвае іх сваімі крыламі. Ветрык, які ягоная госця прынесла з сабою, ужо аціх і задрамаў, пакінуўшы па сабе густы халаднаваты водар язміну. Ейныя кудзеркі, напэўна, таксама будуць пахнуць язмінам... Ды за дзвярыма спальні яны чамусьці запахлі дымам... А маленькае крамяна-пругкае цела пахла суніцамі, пахла ледзь улоўна, але паміж нечакана развітых грудзей гэты непараўнальны пах рабіўся мацнейшым... Хвалюючыся, як хлапчук, молячы неба, каб яно не ператварыла яго ў бездапаможнага вучня вайсковай школы, які трыццаць гадоў таму ўпершыню застаўся сам-насам з жанчынаю, ён гасіць свечку і прыпадае вуснамі да круглых цёплых каленяў, падымаючыся ад іх вышэй і вышэй... Ужо як бы нечым чужым слыхам ён чуе дзесьці на ўскраіне стрэлы. Свет памяншаецца спачатку да памераў спальні, потым знікае і спальня - застаюцца толькі іхнія целы. Застаюцца недзе паміж зямлёю і зоркамі, створаныя адно дзеля аднаго, дзеля гэтае ночы, гэтых абдымкаў, дзеля радасці першага дотыку і шаленства наступных хвілінаў, якія роўныя вечнасці, дзеля кароткага светлага адпачынку, калі ён, перш чым усцешана скарыцца новай хвалі жадання, паспявае ўспомніць сказаныя кімсьці ў далёкай старажытнасці або ў далёкай прышласці (паміж мінулым і будучыняй зараз няма аніякае розніцы) словы, што найвялікшы дарунак лёсу - жанчына, якая аддаецца з радасцю і без трагедыі. Пах дыму, пах суніцаў... Захапленне яе талентам жанчыны, які немагчыма набыць ніякім досведам, які даецца рэдкім абранніцам ад нараджэння... Недзе сярод гэтых мацнейшых за любы трунак пахаў, сярод гарачых прыліваў і адліваў жадання і пяшчоты, ён успамінае, што перайшоў Нёман і ступіў на яе зямлю ў ноч на Янаў дзень, калі тут святкуюць старажытнае паганскае свята. Гэтая ноч была калісьці хваласпевам вольнаму каханню. Жанчына, якую ён трымае ў абдымках, нібыта з'явілася адтуль, з дахрысціянскіх часоў, з той ночы, асветленай агнямі паганскіх вогнішчаў і напоенай водарам чарадзейных траваў. Так аддана тысячу гадоў таму ў высокай мяккай траве на беразе ракі любілі жанчыны гэтае зямлі, якую ён далучыць да сваёй імперыі. Ці не дым тых вогнішчаў заблытаўся ў ейных валасах? Урэшце, хто яна? Чаму не хоча назваць свайго імя? На колькі імгненняў яму робіцца ніякава-сцішнавата, але новая гарачая і духмяная хваля падхоплівае яго і нясе да салодкае бездані. Ужо на самым краі стромы яго паспявае дагнаць зусім рэальная і цвярозая думка: заўтра ён пакіне Вільню і паедзе ўслед за войскамі на ўсход. Пах дыму, пах салодкага жаночага поту, пах суніцаў...
На вуснах яшчэ не растаў непараўнаны суніцавы смак яе смочак. Ён ляжыць у шчаслівай разгубленасці. Зараз ён павінен быў вярнуцца з Егіпта. Ён ужо не памятае, калі ягоная ўлада над снамі аказвалася такой слабою. Гэтая маленькая жанчына з'явілася на фялюзе ва ўчарашнюю ноч, каб цалкам завалодаць сённяшняй. Яўны замах на ягоную свабоду, ды ён не чуе аніякае ўквеленасці. Усё-такі як яе звалі? Няўжо яна так і засталася тады безыменнаю? А потым, у Віцебску? Маргарыта? Не, Маргарытаю была тая ганарлівая халодная графіня з карлікавага нямецкага княства. Але гэта неістотна. Цяпер ён удзячны начной госці не меней, чым тады, у Вільні. Ён не хоча ўзгадваць ейных слоў, ён памятае яе саму, і памяць поўніць яго сілаю. Можа, якраз дзякуючы яе прыходу хвароба адступіла, і ён чуецца зусім здаровым, такім, як там, у сне, у той віхуры асалоды. Далібог, і сёння ў абдымках жанчыны ён не адчуваў бы сябе лішнім. Імператар здзіўлены. За шэсць гадоў ён, здаецца, ні разу не прыгадаў яе. Яна страціла аблічча, бясследна згубілася сярод тых, што дзялілі з ім ложа на дарогах Эўропы, сярод белатварых і смуглявых, русых і чорнавалосых, мармурова-халодных і страсных, сярод францужанак, немак, італьянак... Ён называў яе падарункам святой Ганны, але яна магла з'явіцца і па волі вельмі зямных сілаў. Тры стагоддзі таму нехта з Радзівілаў зрабіў сястру каханкаю польскага караля, а потым, праўда, зусім ненадоўга, і каралеваю. Каралева-маці з італьянскага роду Сфорца - а ўсе Сфорца ў такіх справах заўсёды былі сапраўдныя мастакі - хутка выправіла нявестку ў вельмі далёкую дарогу. Можа, Радзівілы дзейнічалі і тады, у Вільні?.. Князь Дамінік так марыў пра незалежнасць. Што засталося ад тых мараў?.. Расейскае войска разрабавала яго Нясвіж, і толькі верны замкавы аканом паспеў, па чутках, таемна закапаць дванаццаць срэбных апосталаў... Ягоны скарб таксама застаўся там, на лясістых раўнінах краіны, куды ён уступіў у ласкавую летнюю ноч і якую пакінуў праз паўгода ў чужым адзенні і пад чужым імем. Перш чым падняцца з ложка, ён на хвіліну заплюшчвае вочы і бачыць застылыя ў жывым зялёным бурштыне іскрынкі-мушкі. - Калі вы забудзеце, Усявышні пракляне вас... - чуе ён грудны голас безыменнае госці, ды сэнс ейных слоў, як і ў сне, не кранае яго. У пакоі ў Луі цішыня. Напэўна, камердынер і Рабо абмяркоўваюць план уцёкаў недзе ў ваколіцах Лонгвуда, бо ў доме маюць вушы не толькі сцены, але і падлога, і столь. Дзіўна, што пра амерыканскі карабель і веронскага гандляра оптыкай і каштоўнымі камянямі Рывара ён думае так, быццам гэта датычыць не яго, імператара, а нейкага проста знаёмага яму чалавека. Між іншым, Луі перакананы, што ў доме паўсюль замураваныя галаснікі і, ведаючы іхнюю сістэму, Манталон можа ў любы момант падслухаць чужую размову. Калі гэта праўда, граф цэлыя тры гады меў магчымасць цікава бавіць час, слухаючы ягоную спальню. Зрэшты, камердынер лічыць, што граф з графіняю заадно і Альбіну да яго ў ложак паслаў сам Манталон. І ўсё ж ён, імператар, відаць, ніколі не пагодзіцца, што Альбіна прыспешвала ягоную смерць. Пасля той гісторыі з Плутархам і зборнікам рэцэптаў Луі зрабіўся страшэнна падазроным. Яму ўжо мроіцца, што ў лонгвудскіх камянёў, апрача вушэй, ёсць і джалы. Днямі ён казаў, што мыш'як можна схаваць у спальні пад шпалерамі. Яго могуць забіваць і газамі, якія ў вільготным клімаце вострава ідуць ад абцягнутых дэкаратыўнай тканінай сценаў кабінета і спальні. Луі падазрае, што ўзоры на тканіне зробленыя фарбамі на мыш'яку. Пагатоў у спальні гэтыя ўзоры з'явіліся пасля ад'езду графіні Альбіны. Імператар зноў дзівіцца свайму спакою. Як гэты спакой трэба разумець? Як згоду на прапанову Рабо і Маршана? З усіх планаў вяртання ў Эўропу, часам настолькі фантастычных, накшталт прапанаваных яму аднойчы ўцёкаў на мангальф'еры, што яны нараджалі не надзею, а горкую ўсмешку, з усіх праектаў і пражэктаў цяперашні, безумоўна, самы просты і, нягледзячы на немалую рызыку, самы жыццёвы. Паслязаўтра ён зможа дыхаць вольным ветрам Атлантыкі. Адыдуць у мінулае ўсе пакутлівыя падазрэнні, якія не горш за саму атруту па кроплі забіраюць у яго жыццё. Стануць адно ўспамінамі штодзённыя знявагі ад губернатара і позіркі ангельскіх афіцэраў, паміж якіх даўно бракуе сапраўдных джэнтльменаў. На чаканне другой такой мажлівасці пойдзе, бадай, уся рэшта жыцця. А віжы адмірала Лаўва дзень пры дні робяцца ўсё больш нахабнымі і хутка, мусіць, пачнуць выглядаць нават з-пад ложка. Як дарэчы, што якраз цяпер хвароба адступіла і да яго вяртаюцца сілы. Чаму ж тады не засталося ні каліва радасці, што агарнула яго ўчора ля крыніцы? Але, можа, менавіта спакой і патрэбны яму цяпер найболей. У кароткай лонгвудскай анфіладзе па дарозе ў сталовую ён сустракае доктара Антамаркі. - Сёння мне зноў няма патрэбы звяртацца да вас, дарагі доктар, - адказвае ён на маўклівае пытанне лейб-медыка. - Далібог, наш цудоўны клімат пачынае рабіць дзівосы. У вачах у доктара недавер. Як гэты эскулап будзе трымацца, калі яму, імператару, удасца паслязаўтра пакінуць востраў? - Мне здаецца, дарагі Антамаркі, што вы можаце смела рабіць свае агляды не штодня, а раз на тыдзень... - Ваша вялікасць, я бясконца рады, але... - Ніякіх «але», доктар!.. За сталом ён выпівае паўкеліха віна і з прыемнасцю адзначае, што да яго канчаткова вярнуўся смак да ежы. Як і калісьці, дзеля лепшае працы розуму, ён вырашае скончыць сняданне з пачуццём лёгкага голаду і адмаўляецца ад улюбёнага дэсерту - вяршкоў з персікамі. Граф Манталон сустракае такое рашэнне здзіўленым позіркам. - Кожнаму чалавеку, дарагі граф, - кажа імператар, як і ўчора падліваючы Манталону віна дзю Кап са свайго графіна, - наканавана з'есці за ўсё жыццё пэўную колькасць ежы. Чым хутчэй ён справіцца з ёю, тым хутчэй яму давядзецца збірацца ў лепшы свет. Слуга за плячыма ціха смяецца. Імператар таксама задаволены сабой. На бледных графавых шчоках выступае румянак, а пальцы, што сціскаюць келіх, наадварот, бялеюць ад напружання. Доктар Антамаркі, наморшчыўшы лоб і ўтупіўшыся ў філіжанку, вырашае нейкую праблему. Луі глядзіць на абодвух з дрэнна схаванай непрыяззю. Адмірал Лаў можа цешыцца: у Лонгвудзе ўжо ніхто нікому не давярае. Учора, застаўшыся з ім, імператарам, з вока на вока, падзяліўся падазрэннямі і граф Манталон. - Ваша вялікасць, мяне насцярожвае месье Рывар, што прыбыў на амерыканскім караблі. Я двойчы бачыў яго з вашым камердынерам. Такое хуткае знаёмства абуджае ўва мне самыя змрочныя думкі. - Жончын ад'езд зрабіў вас занадта падазроным, граф. Нашаму роду верна служылі яшчэ бацькі Луі. - Я не сумняваюся ў вернасці Маршана, але, мой імператар, людзі простага паходжання часта бываюць занадта даверлівымі... Ён згадвае размову, ідучы заўсёднаю дарогаю да крыніцы, і не можа стрымаць усмешкі. Манталон не памыліўся. Месье Рывар з ягоным гандлем оптыкай - асоба, бясспрэчна, надзвычай сумнеўная. Ну а сам граф, які ніколі не належаў да банапартыстаў, якога да з'яўлення ў ягоным акружэнні абвінавачвалі ў прыўлашчэнні чужых грошай і маглі аддаць у рукі правасуддзя, сам граф, вядома, лічыць сябе чалавекам з бездакорнаю рэпутацыяй. Мусіць, ён мяркуе, што гэтай рэпутацыі спрыяе і яго колішняя блізкасць да графа Артуа, што мае славу самага бурбоністага з Бурбонаў.
|
|||
|