Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Сны імператара 3 страница



Калісьці імператара насцярожыў і шлюб графа з прыгажуняю Альбінай, якая перад тым паспела ўжо атрымаць два разводы. Тым не менш ён даверыўся Манталонам, бо на ўсю поўніцу зведаў і здраду паплечнікаў, і шчырую дапамогу былых ворагаў.

Такім чынам, граф трымае на падазрэнні Рывара і Маршана. Забаўна, думае ён, уладкоўваючыся на канапцы пад вярбою. Як жа будуць разгортвацца падзеі, калі яны з Рыварам-Рабо памяняюцца месцамі? У Лонгвудзе, безумоўна, заўважаць, што імператар змяніўся - зрабіўся грубаваты, страціў вытанчаныя манеры. Непазбежнымі будуць і «правалы ў памяці». Камердынеру давядзецца падкінуць астатнім думку, што імператар, каб неяк разнастаіць манатоннае жыццё, проста вырашыў сыграць такую ролю.

Дзеля ягонага выратавання Луі пойдзе на ўсё. Ён намякаў, што спакойнаму плаванню да берагоў Францыі магла б паспрыяць раптоўная смерць доктара Антамаркі, а магчыма, і самога «Напалеона»-Рабо. Вядома, ён загадаў камердынеру забыць сваю прапанову, хоць, трэба аддаць Луі належнае, яго наведваюць арыгінальныя ідэі...

Сёння мурашкі на вярбе шчыруюць вакол стрыбаўкі. Яны абступілі мёртвыя слюдзяныя крылцы мядовага колеру і смарагдавую галоўку і ўпэўнена цягнуць жамярыцу ў свае сховы.

Імператар адводзіць позірк. А што, калі падазрэнні Манталона маюць пад сабою грунт? Раптам і ён зробіцца бездапаможны, як гэтая стрыбаўка, і будзе цацкаю ў нейчай гульні? Ён узыдзе на карабель і назаўсёды знікне для ўсяго свету. Знікне больш надзейна, чым на гэтым востраве...

Ну а калі ён памысна дасягне Эўропы? Што чакае яго, чалавека, які ўвасобіў усе супярэчнасці эпохі, які некалі захоплена сустрэў рэвалюцыю, мужна абараняў яе, каб потым, праз гады, сказаць, што рэвалюцыю задумваюць героі, робяць дурні, а плёнам ейным карыстаюцца авантурысты, вырадкі й прайдзісветы?.. Ён успамінае Канта: што я магу ведаць, што я павінен рабіць, на што магу спадзявацца?

Жыццё пад імем Рывара ў праслаўленай Шэкспірам Вероне сярод нашчадкаў Мантэкі і Капулеці. Гандаль оптыкай у падрыхтаванай яму краме. Рэдкія пакрыёмыя спатканні з сябрамі. З Марыяй-Луізай і з маленькім герцагам Рэйхштадскім, іхнім сынам, якому ўжо сем гадоў...

Няўжо зноў магчыма за тры тыдні, не праліўшы ні кроплі крыві, заваяваць Францыю? «Tempus consilium dabit». - «Час дасць параду», - сказаў некалі на пачатку аднаго з паходаў Юлій Цэзар. Свой разгляд войнаў Цэзара, як і Фрыдрыха Вялікага, ён забярэ з сабою разам з мемуарамі...

Ці пазнае сын бацьку? Ягоны хлопчык, якога ён, адракаючыся ад трона, абвясціў Напалеонам II, якога ўсе банапартысты лічаць законным спадкаемцам...

Імператар нахіляецца над крыніцай, углядаецца ў яе жывое срэбра і мімаволі ўздрыгвае: з глыбіні глядзяць на яго зялёныя вочы з чорнымі іскрынкамі.

Абганяючыся ад наслання, ён згадвае другую ноч з той дзіўнай жанчынай - праз два тыдні, напярэдадні яго дня нараджэння. Палац, дзе яны зноў былі разам, стаяў на высокім беразе, і перад сустрэчаю ён бачыў на рацэ асначоў...

З одуму яго выводзяць нягучныя галасы.

Гэта Маршан і Рабо. Ён сардэчна вітаецца і хаваецца з імі пад шатамі старэйшае вярбы.

- Якім месье Рывару падаўся мой востраў? - пытаецца імператар.

Рабо відавочна разлічваў пачуць нешта іншае.

- А што месье скажа наконт тутэйшага клімату? - тым самым тонам працягвае імператар, заўважаючы цёплы шалік, што захутвае двайніку горла.

- Я з радасцю застануся тут, мой імператар, - прастуджаным голасам адказвае той.

Ён распытвае двайніка пра жыццё ў родным Балейкуры. Луі і Франсуа чакаюць іншых слоў, але яму хочацца пацвяліць іх.

- Мой імператар, - нарэшце не вытрымлівае камердынер. - Мы хацелі б пачуць вашы загады. У нас застаўся толькі заўтрашні дзень.

- У нас застаўся цэлы заўтрашні дзень, Луі, - папраўляе ён, па-ранейшаму забаўляючыся нецярплівасцю суразмоўнікаў. - Ты памятаеш, што мы паспелі зрабіць за адзін дзень пад Фрыдляндам? Расейская армія страціла дваццаць пяць тысяч.

- Мой імператар... - пачынае камердынер, аднак ён спыняе яго рухам рукі.

- Пакіньце мяне аднаго, сябры, - нечакана для самога сябе просіць ён.

Ціха цурчыць ручаінка, што пачынаецца з крыніцы і спяшае па стромкім схіле скалы. На пералівісты струмень паволі апускаецца і, падхоплены плынню, хутка знікае жаўтлявы, вузкі і востры, як штылет, лісток. Крыніца бруіць, перамывае на дне жвір, точыць сваё каменнае ложа. У параўнанні з крыніцаю ягоная душа - глыбачэзная студня з незварушным люстрам паверхні. Але там, на невідочным дне, таксама ідзе жыццё...

Дадому імператар вяртаецца пазней, чым зазвычай. Зачыніўшыся ў кабінеце, ён раскладвае рукапісы, адбіраючы самае неабходнае. Сёння ў сне ён зноў хоча ўбачыць безыменную зеленавокую жанчыну. Магчыма, у яго жаданні ёсць разлік: ён не хацеў бы, каб гэтая жанчына яшчэ раз аказалася мацнейшая за яго волю.

 

 

Лагодны жнівеньскі вецер надзімае бэзавы цюль. Несучы з сабою вільготныя пахі ракі, вецер залятае ў расчыненыя вокны, кратае на стале пёры, змушае прыціскаць паперы масянжовым фаўнам-каламарам і вазаю з чырванабокімі яблыкамі.

Ён толькі што прыняў дзве дэпутацыі і цяпер адпачывае. Прадстаўнікі месцічаў прыходзілі са скаргаю на рабункі. Частка войска пераправілася праз Дзвіну наўплаў за трыццаць вёрстаў ад горада і ўвайшла ў Віцебск на дзень раней за яго. Тады і ў наступную ноч жаўнеры сапраўды далі сабе волю. Выслухаўшы дэпутатаў, ён загадаў у некалькі разоў павялічыць патрулі.

Следам прыбыла дэлегацыя ад мясцовага дваранства: яны згодныя, як вымагаюць абвесткі, з'явіцца ў бернардзінскі кляштар, каб прысягнуць яму, Напалеону, ды просяць пісьмовым загадам вызваліць іх ад прысягі расейскаму трону. Загад гатовы.

Там, за ракою, гандлёвая прыстань, купецкія сховішчы, а далей - разлогі паплавоў са стажкамі сена, падобнымі да фішак на занятках па тактыцы ў вайсковай школе. Хутка па-над лугамі паплывуць блакітныя пасмы туману, а пакуль прастора крынічна празрыстая да самага далягляду з роўным цёмна-зялёным паскам лесу.

Ён перачытвае свой указ аб рэквізіцыях. У жніўні ў пяці заваяваных губернях рэквізіцыі падлягае яшчэ 53 тысячы кароў. Так, гэта жорстка. Але ён не можа асудзіць Вялікую армію на голад. Калі віленскі ўрад лічыць сябе ягоным саюзнікам, няхай корміць яго жаўнераў. Пагатоў, выстаўляць сваіх не вельмі спяшаецца.

Ён адкладае паперы, выходзіць з кабінета і спускаецца па парадных сходах. На пост заступіла вячэрняя варта, і мацакі-гвардзейцы аддана глядзяць на яго з вышыні свайго двухметровага росту.

Палац на стромым беразе Дзвіны, водбліз таго месца, дзе яна сустракаецца з рэчкаю, якая дала гораду такое цяжкае французскаму вуху і языку імя - Віцебск.

Ён спыніўся ў апартаментах, што летась рыхтавалі герцагу Аляксандру Вюртэмбергскаму. Цар прызначыў герцага губернатарам дзвюх беларускіх губерняў*. Цяпер гэтыя губерні належаць яму, Напалеону.

* У XIX ст. Віцебская, Магілеўская і Смаленская губерні называліся беларускімі, а Менская, Гарадзенская і Віленская мелі традыцыйную назву літоўскіх. Такі падзел захаваўся ў абыходку і пасля 1840 г., калі Мікалай I забараніў карыстацца найменнем «Беларусь» у афіцыйных дакументах, увёўшы назву «Северо-Западный край».

У адным з колішніх герцагавых пакояў ён загадаў зрабіць хатнюю царкву. Імшу правіць ксёндз Палонскі. Той самы, што сказаў перад сабранымі ў езуіцкім касцёле грамадзянамі прамову, заклікаючы да прысягі на вернасць імператару Францыі. Хто прысягнуў, абавязаны насіць на рукаве каляровую кукарду. Месцічам без кукарды на вуліцах лепей не з'яўляцца.

Ён павольна ідзе сцежкаю ўздоўж палаца.

Ад свае рэзідэнцыі ён у захапленні. Галоўны фасад з парадным уваходам просты і строгі. Масіўныя калоны нясуць на ўзроўні другога паверха цяжкаваты антаблемент з верандаю. Вузкія выцягнутыя вокны з тонкімі пераплётамі робяць будынак больш лёгкім і высокім. Ён на хвіліну прыпыняецца, каб паглядзець на бакавы фасад, што выходзіць на раку вокнамі яго кабінета і спальні. Калоны, рустоўка сценаў ніжняга паверха, паўкалоны верхняга, порцік... Ва ўсім дакладнасць, разлік і прыгажосць - як у баявых шыхтах перад бітвай. Калі б Усявышні не стварыў яго палкаводцам, дойлідам самой гісторыі, ён, магчыма, стаў бы архітэктарам.

За домам цягнецца ўсцяж ракі вялікі сад - з альтанкамі, лавачкамі, з мудрагелістымі сонечнымі ўзорамі на сцежках. За дзесяць дзён ён паспеў палюбіць гэты стары сад, дзе ў часе вечаровых прагулянак яму так добра думаецца.

Ён уваходзіў у Віцебск раніцой, роўна праз месяц пасля ўступлення ў Вільню. На досвітку шукаць кватэры штабу, генералам і імператару ў горад паскакалі два эскадроны егераў і мамелюкоў. Потым пайшлі пяхотныя палкі. Яны ставілі стрэльбы ў козлы, скідвалі ранцы і шыхтаваліся абапал вуліц.

Сышоўшы з каня, ён сядзеў пры гасцінцы і, спусціўшы ногі ў канаву, глядзеў на войскі.

Потым ён ехаў ступою на сваім буланым па гэтым жывым калідоры сярод генералаў і маршалаў у шытых золатам мундзірах. На ім быў сціплы зялёны мундзір з зоркаю, паўзверх - расшпілены шэры сурдут. Здымаючы трохвуголку без пяра, ён ветліва адказваў на паклоны месцічаў. Кветак амаль не было. На скрыжаванні каля сінагогі стаяў натоўп паважных пэйсатых габраяў. «Што яны крычаць? » - павярнуўся ён да тлумача. «Дзякуй Богу, нашы прыйшлі! » - пераклаў той.

Праехаўшы да смаленскай заставы, ён праскакаў вярсты тры па Пецярбургскай дарозе і вярнуўся ў падрыхтаваны яму дом. У пакоі адшпіліў шпагу, кінуў яе на завалены разгорнутымі мапамі Расеі стол і абвясціў: «Тут я спынюся, злучу карпусы маёй арміі, дам ёй спачын і займуся ўладкаваннем гэтай краіны. Ваенная кампанія 1812 года - скончаная! »

На ўсе грудзі дыхаючы чыстым вечаровым паветрам, ён думае, што ў тыя хвіліны проста паддаўся стоме.

Усе віцебскія дні ён шмат і з асалодаю працуе. Ён стварыў вярхоўную губернскую камісію, куды прызначыў прэфектамі і мэрамі некаторых мясцовых дваран. Праз кур'ераў ён кіруе парыжскім жыццём. Піша штодня па сто лістоў. А шостай раніцы - развод войскаў, на якім ён абавязкова прысутнічае са штабам. Пляц пад разводы зрабілі побач з палацам, разабраўшы колькі драўляных дамоў і муры недабудаванае царквы.

Першыя дні ён з вялікім почтам шмат ездзіў верхам па горадзе і ваколіцах. Вывучыўшы Віцебск, ён заняўся падрыхтоўкаю на выпадак раптоўнай атакі. На вуліцах выраслі барыкады з гостраканечнымі частаколамі і землянымі валамі. За ракой, у царкве святога Сімяона, ён паставіў гарматы, ператварыўшы вокны храма ў амбразуры. Дзвіну перасеклі тры масты. На пляцы перад домам дваранскага сходу і ў самім доме зладзілі хлебныя печы. Успенскі сабор ён ператварыў у шпіталь, царкву Ўваскрэсення на рынку - у склад сена і саломы. Кляштар бернардзінаў стаў правіянцкім складам, яшчэ адзін храм Уваскрэсення - млынам, а старая Барысаглебаўская царква, што самотна стаяла над Дзвіною, - парахавым сховішчам.

Апрача ўсяго гэтага, ён абдумвае перамовы з расейскім імператарам, калі той зноў папросіць міру.

Так, не ўсё склалася паводле ягоных разлікаў. Армія Тармасава разбіла пад Кобрынам саксонскі корпус, а Баграціён паспеў перавесці свае дывізіі на левы бераг Дняпра. Яму не ўдалося ўцягнуць у вялікую пагібельную бітву Барклая дэ Толі. Барклай здолеў трыма дывізіямі спыніць ягоны 25-тысячны авангард каля мястэчка Астроўна. Тры дні ад раніцы да позняга вечара ішлі несупынныя баі. Тры дні ён амаль не сыходзіў з каня, не спыняючыся ні ў вёсках, ні ў шляхецкіх дамах. На дзесяці вёрстах шляху ад Астроўна да Лучосы забітыя ці параненыя ляжалі на кожным метры, але расейскай арміі ўсё ж удалося адарвацца. Тады ён і вырашыў спыніць пераслед і даць войскам адпачынак.

Не самыя ўсцешлівыя рэляцыі прыходзяць і з Полацка. Днямі пад Клясціцамі расейскі корпус Вітгенштэйна сустрэўся з Удзіно. У Вітгенштэйна было 17 тысяч войска і 108 гарматаў, Удзіно меў 29 тысяч і 114 гарматаў. Яго маршал, наступаючы па Пецярбургскім тракце на поўнач, заняў Клясціцы, аднак расейцы на чале з Якавам Кульнёвым контратакавалі і праз дзень вярнулі вёску сабе. Гэта былі тыя самыя гарадзенскія лейб-гвардзейцы, якіх яшчэ ў 1807 годзе ягоныя жаўнеры з павагаю і страхам празвалі «сінімі гусарамі». Здаецца, штандары ў «сініх» амаль такія самыя, як у палка Дамініка Радзівіла, таго, што першы ўступіў у Вільню. Толькі ў адных - двухгаловы расейскі арол, а ў другіх - Пагоня, герб Вялікага Княства.

Divide et impera! *

* Падзяляй і ўладарнічай! (лац. )

Сам Кульнёў загінуў. Адны сцвярджаюць, што ядро трапіла яму ў ногі, а Марбо, які быў за два крокі ад месца здарэння, паведаміў, што ўдарам шаблі ў горла генерала забіў французскі конны стралок. Ён, імператар, паслаў у Парыж дэпешу: «Адзін з найлепшых афіцэраў расейскай лёгкай кавалерыі генерал Кульнёў забіты пад Дрысаю».

Тым часам маруду Макдональда як быццам нейкія чары прыкавалі да Дынабурга. Гэта ратуе Вітгенштэйна, і ён, імператар, вымушаны аддаць Удзіно 6-ы баварскі корпус Сен-Сіра. На пераходзе праз Нёман у ім было 25 тысяч, ды корпус ішоў у хвасце Вялікай арміі і, па сутнасці, з самага пачатку галадаваў. Добра, калі ў Полацак прыйдзе хоць палова.

Але няхай. Няхай ён няраз прайграваў. Няхай сарваўся пераможны марш Удзіно на паўночную сталіцу. Затое ўся Беларусь і Літва ўжо заваяваныя. Ён прайшоў ад Нёмана сотні вёрстаў і за паўтара месяца набыў пяць мільёнаў новых падданых.

Так, ён пераацаніў Вялікую армію. Наіўна было марыць пра маналітнасць войска, дзе на няпоўныя трыста французскіх батальёнаў пяхоты і 38 тысяч французскай кавалерыі прыпадае 307 пяхотных батальёнаў і 42 тысячы кавалерыстаў з іншых краін Эўропы.

Так, яму не ўдалося пазбегнуць дэзерцірства. Прыклад паказалі няўдзячныя гішпанцы, якіх ён выратаваў ад жахаў інквізіцыі. Злыя языкі кажуць, што дэзерцірамі ён страціў ужо болей, чым забітымі і параненымі.

Дэзерціры аслабляюць не толькі войска, але - сваімі жорсткімі рабункамі - і тыл. Ды рабуюць не адны яны. Ён пакінуў выязджаць на конныя прагулянкі, бо мусіў выслухоўваць несканчоныя скаргі. Аднаго разу на вуліцы нейкі дваранін запрасіў яго зайсці ў дом і паглядзець, як паводзяць сябе жаўнеры. Гаспадарам сапраўды цяжка было пазайздросціць. На фартэпіяна стаялі рондалі, гаршкі і патэльні. Сад быў ператвораны ў стайню і пашу. Не ўважаючы на поўную дрывотню, жаўнеры ламалі на дровы згароду, секлі ў пакоях мэблю. У гасцёўні, калі ён убачыў паміж фамільнымі партрэтамі развешаныя на сценах кавалкі сырога мяса, яго ледзь не званітавала.

Зрэшты, на вайне як на вайне.

Трэба канчаткова развітацца і з наіўнай мараю атрымаць ад гэтых губерняў стотысячнае войска. Сёння людзей у яго беларуска-літоўскіх палках разы ў чатыры меней. У корпус Панятоўскага ўвайшла артылерыйская батарэя. Да палка слонімскага шляхціча Канопкі далучыўся эскадрон беларускіх татараў. Уланскія палкі дагэтуль не скамплектаваныя, пяхотным бракуе рыштунку і зброі...

Усё гэта суадносіцца з мажорнымі чэрвеньскімі планамі прыкладна так, як ваза з яблыкамі ў ягоным кабінеце з яблыняю пад вакном, што дала яму малую частку сваіх пладоў.

Не, параўнанне яўна няўдалае. Плады спеюць...

Праз колькі дзён яму споўніцца сорак тры. Дзень нараджэння будуць святкаваць сто мільёнаў жыхароў яго імперыі. У Беларусі і Літве таксама ідзе падрыхтоўка. Яму даносяць, што ў гарадах ужо гатовыя партрэты са святочнымі надпісамі. «Уся цвердзь зямная памятае: у гэты дзень прыйшоў на свет той, хто пакараў пыхлівых і вызваліў слабых». Або: «Усемагутны і справядлівы Госпад выяўляе волю сваю ў Напалеоне»...

Яго народжаны летась сын успадчыў імперыю ад Пірэнеяў да Масквы. Тут, у губернатарскім палацы, у гэтым садзе, у першыя жнівеньскія дні ён прыняў адно з галоўных у жыцці рашэнняў: ісці на Смаленск і Маскву.

Сонца стамлёна кранулася сіняга ад смугі зарэчнага лесу. Чыстае неба паглыбела. На горад апускаецца вечар, і ў садзе гусцее сутонне.

Ён выходзіць з зялёнага прыцемку на высокі бераг. Па шырокай дзвінскай роўнядзі, удзень серабрыста-сонечнай, а цяпер цёмнай, быццам навальнічная хмара, ідуць плыты. На плытах стаіць з бусакамі ў руках колькі людзей у белых кашулях і белых, высока падкасаных портках. Хтосьці заўважае чалавека на строме і, паказваючы на яго, крычыць астатнім.

Асначы паварочваюць твары, глядзяць угору, і ён, вітаючы гэтых мужных людзей, ужо яго падданых, падымае руку і нават крыху здзіўляецца, не чуючы ў адказ «Vive l'empereur! ».

Сам сабе ўсміхаючыся, ён бачыць, як асначы нечакана хутка вяртаюцца да сваіх клопатаў, спрытна ўпраўляючыся з вялізнымі бусакамі. Яны і не здагадваюцца, хто глядзіць на іх з-пад старога ясеня на строме.

Заместа прывітальных крыкаў знізу даносіцца песня.

Доўгая чарада плытоў хаваецца за рачным паваротам. Знікае з вачэй і вогнішча на апошнім плыце, дзе гэтыя простыя людзі гатуюць сабе простую вячэру. Дзвіна нясе іх далей, а ў наструненым і чуйным вечаровым паветры яшчэ лунае іхняя песня. Зліваючыся з небам і з бяздоннай цёмнай ракой, яна гучыць працяжна і журботна, і ўадначас ён чуе ў ёй нешта пакрыёма-пагрозлівае.

Відаць, ад песні на незразумелай мове, ад народжанай ёю няўцямнай трывогі вогкі ветрык, што цягне ад ракі, здаецца яму зусім халодным.

- Мой імператар... - чуе ён і знячэўлена паварочваецца на знаёмы голас.

Пад ясенем стаіць безыменная жанчына з віленскай ночы. Яна з'явілася так раптоўна, як магла б, напэўна, прыйсці да чалавека, саслізнуўшы з пераплеценых галінаў, сама дрыяда.

- Як вы сюды трапілі? - пытаецца ён, і сэрца пачынае абмываць струмок радасці.

Заміж адказу - усмешка.

Яна такая самая - і фрызура, і белая сукенка з лёгкай палярынаю... У руцэ букецік дробных блакітных кветак з жоўтымі вочкамі...

- Як вам удалося прайсці праз варту?

- Я сказала, што вы мяне чакаеце.

- Вы... сказалі праўду.

Той раз яна дапамагла яму пазбыцца паняверкі. Які падарунак чакаць ад яе сёння? Зрэшты, падарунак - ужо само ейнае з'яўленне, такі неспадзяваны працяг песні плытагонаў.

Яму адно здавалася, што ён забыў яе. Ён чакаў сустрэчы. Ён хацеў ведаць, прыйшла яна сама ці хтосьці прыслаў яе. Хацеў даведацца, хто яна, жанчына, што так чулліва спрабавала выконваць ролю заступніцы свайго народа? Хацеў паглядзець у зялёныя вочы...

Ён ужо чуе гукі і пахі іх першае ночы і прадчувае ноч сённяшнюю. Ён успамінае яе цела...

- Як называюцца вашы кветкі? - гаворыць ён, каб запоўніць пярэрву.

- У народзе іх завуць жабіны вочкі. Праўда, падобныя?

- Вы так лёгка апрануліся... Пойдзем у дом.

Ён падае ёй руку, і яны ідуць да палаца. Вокны прытульна свецяцца. Над садам песціцца сярод першых зорак шчарбаты луідор месяца, і ад дрэваў кладуцца на сцежку вычварныя цені.

Каля ўвахода іх сустракае ад'ютант. Імператар не можа зразумець, чаго ў вачах у ад'ютанта болей: ухвалы ці здзіўлення? Але хіба не ён загадаў прапусціць госцю ў сад?

Яны, як і першы раз, вячэраюць удваіх. Бязгучна і непрыкметна з'яўляюцца і знікаюць слугі. У збанку побач з вазаю, поўнай садавіны, мініяцюрны букецік яе жабіных вочак.

- Расея будзе ўпакораная!

Ён падымаецца ад стала і пачынае хутка пахаджаць ад вакна да дзвярэй.

- Расея будзе ўпакораная, - адрывіста гаворыць ён. - Я іду на Смаленск. Потым я вазьму Маскву. Гэта будзе ўдар у самае сэрца Расеі.

Ён ледзь стрымліваецца, каб не сказаць, што на сваёй мапе пазначыў ужо стрэлкамі паход на Індыю.

Яна маўчыць. Маленькая рука цягнецца да вазы і бярэ чорную ад спеласці вішню.

Яе маўчанне злёгку бянтэжыць яго. Напэўна, зараз ён пачуе нешта з таго, што ўжо чуў у Вільні. О, гэтая роля ратавальніцы! Але няхай. Такая - яна яшчэ больш жаданая.

Ён гаворыць пра баі пад Астроўнам і Лучосай, пра бяссонныя ночы, узнагародаю за якія будзе сённяшняя ноч у гэтым утульным палацы над Дзвіною, па якой недзе далёка плывуць пад начным небам са сваёй трывожнаю песняй асначы.

- Вы не думалі, - нарэшце загаварыла яна, - чаму так адчайна біліся царскія палкі пад Астроўнам? Там служаць пераважна віленцы і віцябляне. Гэта благі знак, мой імператар...

Так, ён не памыліўся.

- Вы збіраецеся ісці на Маскву... Зусім нядаўна я чула ад вас іншыя словы. Вы прысягалі, што не пойдзеце сёлета далей Беларусі. Вы памятаеце? Я нагадаю вам вашыя словы: «Ісці сёлета далей - тое самае, што самахоць ісці насустрач гібелі... »

Ён смяецца. Яна зноў у сваёй ролі.

- На вайне, мая дарагая, абставіны могуць змяніцца імгненна. Так, як налятае віхура.

- Мой імператар, калі вы і цяпер не падтрымаеце імкнення маёй краіны да волі, калі не дасцё згоды на федэрацыю Княства і Кароны, вы здратуеце не толькі нашы надзеі. Вы перакрэсліце і свае.

Як яму надакучылі гэтыя размовы пра аднаўленне федэрацыі, пра незалежнасць! Ад іх ужо даўно цягне на позехі.

- Вы забываеце, што за паўтара месяца я вызваліў усю вашу краіну ад расейскага прыгнёту.

- І, каб мы не забывалі пра гэта, запатрабавалі, апрача новых падаткаў, сплаціць вам усе нашы старыя даўгі цару. Хіба вы не ведаеце справядлівасці гэтых даўгоў, хіба не ведаеце, што падаткі ў нашых губернях былі ў пяць разоў цяжэйшыя, чым у Расеі?

Як ёй пасуе хваляванне і бледны румянак на шчоках! Ён сочыць ужо не столькі за яе словамі, як за ёю самой.

Ягонай арміі трэба надзейны тыл.

Яна клапоціцца пра яго тыл! Брава!

Сяляне чакаюць скасавання прыгону, як у Польшчы, а ён вымагае бясконцых паставак фуражу і харчу. Пад выглядам ахвяраванняў жаўнеры бяруць з кожнага двара па два пуды сена і саломы і па пяць - жыта і аўса.

Яна нядрэнна дасведчаная...

- Мой імператар, цярпенне ў сялянаў канчаецца. Яны хутка падымуць зброю супроць вас.

Няўжо яна сапраўды лічыць, што ў гэтай правінцыі, на краі цывілізаванага свету, а мо - пасля сарака гадоў расейскага панавання - ужо і за межамі цывілізацыі, няўжо яна верыць, што менавіта тут можа вырашацца лёс Эўропы і ўсёй эйкумены?

Якая яна мілая зараз, калі ад хвалявання ці ад гневу ў яе заірдзеліся не толькі шчокі, але і вушкі... Ён чуе знаёмы пах дыму, што струменіць ад ейных валасоў.

- Мая дарагая, палітыка і яе працяг, вайна, - не для жаночых галовак. Таму я схіляюся перад вашаю мудрасцю. Далібог, вы з поспехам маглі б замяніць сяго-таго з маіх маршалаў.

Ён цалуе ёй руку і глядзіць у зялёны бурштын з чорнымі іскрынкамі.

- Паверце, я не забыў ніводнага свайго слова і не адмаўляюся ад іх. У гонар нашае сустрэчы, у гонар ночы, якую вы мне падорыце, я зраблю Віцебск сталіцаю заваяваных земляў.

Слугі пакінулі іх. Цяпер яны самі - ён, імператар Эўропы, і яна, безыменная жанчына, адна з мільёнаў яго падданых, - робяцца слугамі і падданымі ночы.

І зноў пах дыму, пах і смак суніцаў...

І цёмная начная рака, што плыве за вокнамі ў невядомасць.

 

 

Яна і тады, у палацы над Дзвіною, не назвала свайго імя. Што змушала яе так старанна захоўваць incognito? Простая боязь кампраметацыі ці нешта іншае, загадкавае? Хто прысылаў яе? Ён абганяецца ад недарэчнай, бязглуздай думкі, што на хвілю перацінае дыханне. Толькі містыкі яму і не хапала...

Не, віцебскую ноч лепей забыць, не ўспамінаць. Лепей не думаць пра тое, што за адзін год краіна гэтай маленькай зеленавокай жанчыны страціла мільён жыхароў. Яму ёсць чым заняць думкі - блізкая размова з Маршанам і Рабо, заўтрашні дзень.

Няўжо ў ейных словах была праўда? Калі б ён спыніўся, калі б не пайшоў далей Беларусі, калі б вызваліў сялянаў і даў краіне не папяровую, а сапраўдную незалежнасць, калі б дазволіў Польшчы і Вялікаму Княству злучыцца ў федэрацыю... Няўжо тады ён мог бы выйграць расейскую кампанію? Мог бы выйграць наогул, не апынуцца ў выгнанні, кожны дзень бачыць сына і ведаць, што перадасць яму трон?

За Смаленск ён заплаціў дваццаццю тысячамі забітых і параненых. У войсках, што абаранялі горад, было шмат яе суайчыннікаў. Узяўшы Смаленск, ён у гневе даў дазвол рабаваць. Дзве тысячы месцічаў схаваліся ў саборы і сядзелі там два тыдні, пакуль горад не абабралі да апошняе ніткі.

Смаленск бараніла і сялянскае рушэнне. Сяляне ваявалі не горш ад старых жаўнераў. У той час яны ўжо не зводзілі падрахункаў з панамі, не палілі сядзібаў і не прыводзілі сабе на дапамогу марадзёраў. Сяляне ўжо страцілі надзею.

Яе словы, сказаныя ў віцебскую ноч, хутка спраўдзіліся. Мужыкі ўзяліся за зброю. Кожны дзень яны забівалі тых, ад каго яшчэ ўчора чакалі паратунку. Забівалі кулямі і штыхамі, а калі не было стрэльбаў - сахарамі, аглоблямі, косамі... Яны замкнулі аблогаю дванаццацітысячны віцебскі гарнізон. Каб уратаваць гарнізон ад галоднае смерці, ён перад самым Барадзіном мусіў паслаць у Віцебск дзесяць тысяч пяхоты і кавалерыі.

З дна памяці выплылі і насунуліся на яго барадатыя сялянскія твары...

Аднойчы ён загадаў прывесці да сябе палонных партызанаў. Стоўпіўшыся, яны стаялі каля дзвярэй пад наведзенымі рулямі стрэльбаў і маўчалі. Два дні таму яны выразалі атрад фуражыраў, адпусціўшы толькі маркітантку.

Палонныя адмовіліся адказваць на пытанні, і - гэта найбольш уразіла яго - на іх шырокіх тварах быў не страх блізкае смерці, а страшная змрочная радасць. Такую радасць ён бачыў аднаго разу ў трох гішпанскіх юнакоў, амаль дзяцей, якіх расстрэльвалі на горнай дарозе за спуск лавіны, што змяла ў бездань цэлы эскадрон кавалерыі.

Нечакана адзін з мужыкоў, самы нізкарослы і страхалюдны, з залітым крывёю лобам і вуглямі шалёных вачэй, пачаў штосьці раз'юшана выгукваць. Ён, імператар, загадаў тлумачу-студэнту перакладаць, ды той чамусьці марудзіў, і загад давялося паўтарыць.

- Ваша вялікасць, - запінаючыся, прамовіў тлумач, - гэты чалавек... гэты чалавек называе вас апакаліпсічным зверам...

Ён успомніў лісты сінода, якія аб'яўлялі яго пасланцом Люцыпара.

- Спытайце, дзе ён гэта пачуў? У царкве?

- Ён кажа, - пераклаў тлумач, - што ведае гэта і без папоў.

- Якой ён веры?.

- Ён грэка-католік.

- Скажыце, - папрасіў ён тлумача, - што я хачу абараніць яго рэлігію ад расейскіх цароў.

Нізкарослы выкрыкнуў яшчэ колькі словаў і адвярнуўся.

- Што ён сказаў?

- Ваша вялікасць, ён кажа, што... перапрашаю... такія словы немагчыма перакласці... сэнс у тым, што спачатку яны вам верылі, але тая вера ўжо згарэла ў агні. Ён кажа, што вы не абаранілі нават яго дачку.

- Ад чаго яе трэба было бараніць?

Тлумач марудзіць.

- Я слухаю!

- Ён кажа, што вашыя жаўнеры, іх было шмат, гвалцілі яго дачку на вачах у маці, пакуль абедзве не страцілі розум.

- Скажы, што французы не маглі зрабіць гэтага.

Мужык, сціскаючы звязаныя вужоўкаю рукі, маўчыць.

- Хто б яны ні былі, яны прыйшлі з вашаю арміяй, - перакладае гэтае маўчанне тлумач.

Імператар адварочваецца ад вусцішных барадатых абліччаў і кладзецца тварам да сцяны.

У спальню ліецца святло новага дня. На сіняй тканіне, якою абцягнуты сцены, распускаецца наквець чырвоных ружаў. Ён глядзіць на ружы са страхам. Мо і сапраўды ад гэтых кветак ідзе нячутны водар, які павінен прыспешыць ягоную смерць? Ён здрыганаецца. Ён ужо гатовы паверыць, што ў кожным з тых пахаў, якімі дыхаў дзве апошнія ночы, у паху язміну і дыму, поту ад яе падпашак, у вільготным паху ракі і ў самым непараўнаным - суніцаў, паўсюль хаваўся водар смерці.

Вялікім намаганнем ён змушае сябе не ўскочыць з ложка і не кінуцца з гэтага прытулку салодкае смерці прэч.

На шчасце, у дзвярах з'яўляецца Маршан.

- Мой імператар, вы памятаеце, які сёння дзень? - дапамагаючы гаспадару адзявацца, пытаецца камердынер.

- Ад раніцы дажджлівы, - адказвае ён, пацепваючыся ад холаду, - потым, як заўсюды на нашым гнілым востраве, на пару гадзін выблісне сонца. Але нават калі яно сёння адпачывае, мы сустрэнемся ля крыніцы. Спадзяюся, з табой прыйдзе і наш сябар.

Імператар сядае за туалетны столік і пачынае займацца пазногцямі.

- Луі, перадай, каб сняданне падалі ў кабінет.

Выходзячы са спальні, ён глядзіць на абіўку з ружамі і ўспамінае, што «сінія гусары», якія выйгралі ў тое лета бітву пад Клясціцамі, у чатырнаццатым годзе першыя прайшлі ўрачыстым маршам па Парыжы.

Ён снедае адзін. Яму дастаткова маўклівага дыялога з безыменнай жанчынаю, голас якой несціхана гучыць у ім насуперак волі.

Сурвэтку кратае сонечны прамень. Усё як зазвычай: дождж, сонца, потым халодны вечаровы туман. Тое самае паўторыцца і заўтра, і паслязаўтра...

Сябры вынайшлі бліскучы план уцёкаў, і ён прымае яго. Праўда, з адной агаворкаю...

Імператары не маюць права хавацца за кулісы.

Ён падыходзіць да канторкі і пачынае хутка пісаць. Запячатаўшы канверт, хавае яго ў кішэню камізэлькі, зашпільвае сурдут і бярэ ў рукі ўлюбёную кавеньку з ільвінаю галавой. Час выпраўляцца да крыніцы.

Бянтэжачыся ад свае чуллівасці, ён дотыкам далоні вітаецца з вербамі і затоена - нібы ў тое казачнае люстэрка, што можа прадказаць будучыню - углядаецца ў крыніцу.

Хто гэты чалавек, адлюстраванне якого зыбаецца на бруістай воднай паверхні? Рэвалюцыянер? Тыран, асуджаны на павольную агонію на забытым Богам востраве? Зрэшты, тыранаў нараджаюць якраз рэвалюцыі. Геній? Блазан? Ад вялікага да смешнага - адзін крок. Няхай нашчадкі вырашаюць, ці зрабіў гэты крок ён.

Павеў ветру сцірае ягоны твар. Зараз рабацінне супакоіцца, і, калі пільна ўгледзецца, ён убачыць іншае аблічча.

Гісторыю Напалеона будуць нанова перапісваць кожныя пяцьдзесят гадоў, але ніхто не даведаецца, ніхто і ніколі не здагадаецца, якая роля належала ў ёй маленькай безыменнай жанчыне з мушкамі-іскрынкамі ў вачах.

Думка прыносіць яму задавальненне. Гэтая таямніца - толькі ягоная, і ён забярэ яе з сабою ў магілу, каб там не было самотна.

Чакаць Луі і Франсуа даводзіцца нядоўга. Імператар глядзіць на іх і забаўляецца здагадкамі, як прыяцелі сустрэнуць ягонае рашэнне.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.