Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дзея трэцяя



 

Палац Кадука. Вельмі светла. Але святло нейкае нежывое, сляпучае. Кругом блішчыць пазалота. На вялікім шыкоўным ложку спіць князёўна Даратэя, багата і ярка апранутая. Каля ложка - накрыты на дваіх столік, прыгожыя крэслы з высокімі спінкамі, трумо з усялякай парфумай. На падлозе - пушысты кілім-самалёт, прыкаваны залатым ланцугом да спецыяльнага слупка. Янук падыходзіць да Даратэі.

 

Янук. Ты спіш, мая панна! Я ведаю, пракляты Кадук зачараваў цябе. Але я ведаю, як цябе пабудзіць - пра гэта напісана столькі казак! Прабачце, мая дарагая, што вымушаны скрасці пацалунак з вашых чароўных вуснаў! (Схіляецца над князёўнай, хоча яе пацалаваць. )

Даратэя (сонным голасам). Гэта ты, стары чорт? Што ты мне прынёс? (Расплюшчвае вочы, палохаецца. ) Ой, хто гэта?

Янук (становіцца на калена). Шаноўная панна Даратэя, няўжо вы не пазнаяце вашага адданага рыцара? Ваша кветка заўсёды каля майго сэрца (дастае кветку, паказвае), а ваша імя - на маіх вуснах! Я прыйшоў вызваліць вас!

Даратэя. А, помню... Юнак пад балконам... Значыцца, ты прыйшоў вызваліць мяне? Гэта прыемна. (Устае з ложка, садзіцца перад люстэркам, прыхарошваецца. )

Янук. Шаноўная панна! Хутчэй пойдзем адсюль!

Даратэя. Пойдзем? Спадзяюся, ты прыехаў у карэце? З табой многа слуг?

Янук. (разгублена). Па праўдзе кажучы, я... (Глядзіць на ганарлівы твар князёўны і паныла паўтарае сваю легенду. ) Дарогай здарылася са мною страшнае няшчасце. У мяне была цудоўная залатая карэта, запрэжаная коньмі з каралеўскае стайні... Але іх з'елі ваўкі...

Даратэя. Разам з карэтай?

Янук. Карэта, пазбаўленая такім подлым чынам коней, пакацілася пад адхон і, упаўшы ў глыбокае возера, затанула...

Даратэя. Разам з фурманам і лёкаямі?

Янук (адчуваючы, што князёўна з яго насміхаецца, спрабуе змяніць тэму размовы). Але я не смею больш займаць каштоўны час высакароднай паненкі аповедамі пра свае няшчасці. Даратэя, прашу вас, хутчэй пойдзем адсюль!

 

У пакой заходзіць Кадук. Ён зусім нястрашны. Таўшчэзны стары, які маладзіцца. Апрануты ў чорны сурдут і капялюш-цыліндр, відавочна з іншай эпохі. Белая кашуля, лакіраваныя чаравікі, у пятлічцы - кветка. У руках - вялікі прыгожы букет штучных кветак і куфэрачак.

 

Кадук (здзіўлены з'яўленнем Янука). Вось нечаканыя госці!

Янук (выхоплівае меч). Абараняйся, подлы выкрадальнік паненак! Я, Янук Шукайла-Залескі, выклікаю цябе на смяротны бой!

 

Князёўна Даратэя ўскрыквае і падае ў непрытомнасці на ложак, што не перашкаджае ёй час ад часу прыўзнімаць галаву, каб сачыць за падзеямі.

 

Кадук (спакойна і лагодна). Ай-яй-яй, малады чалавек! Як не сорамна! Толькі ўвайшоў у чужую хату, адразу з мячом на безабароннага старога гаспадара... А яшчэ шляхціц!

 

Янук сумеўся. Не ведае, што рабіць, апускае меч.

 

Давай лепш прысядзем, спакойна абмяркуем усе прэтэнзіі і прапановы.

Жытнічак (выглядвае з-за трумо). Не слухай Кадука! Ён цябе падмане!

 

Янук сядае на прапанаванае крэсла, але адчувае, што не можа з яго ўзняцца. Дарэмна спрабуе юнак вырвацца.

 

Янук. Гэта несумленна! Не па-шляхецку!

Кадук (павучальна). Якія неспакойныя маладыя людзі ў наш час... Толькі ўсадзіш іх на ўтульнае месца - адразу кудысьці імкнуцца, то князёўнаў ратаваць, то Кадукоў забіваць...

 

Тым часам прыбягаюць Кадуковы слугі - Страхі, звязваюць юнака, адбіраюць у яго меч. Кадук са смехам кладзе букет і куфэрак на ложак, каля князёўны Даратэі. Ён скідвае цыліндр і сурдут, слугі падаюць яму чорны, з залатой аздобай плашч, карону і меч. Цяпер Кадук сапраўды падобны на злога чараўніка. Ён падымае меч і падыходзіць да Янука.

 

Даратэя (прыўзнімае галаву). Кадучок, няўжо ты так жорстка абыдзешся з гэтым прыгожым маладым чалавекам?

Кадук. А што зробіш, сонца маё? У маім становішчы нельга цярпець канкурэнтаў, асабліва калі яны маладыя і прыгожыя.

Даратэя. Але ж ён такі бескарыслівы, такі адданы... (Капрызна. ) Мне яго шкада!

Кадук (падыходзіць да Даратэі, гаворыць напаўголаса). Падумай сама, дыяменцік мой. Калі я зараз не скончу з ім, ты можаш застацца не толькі без гэтага (дастае з куфэрка, які нёс у падарунак, прыгожае калье), але і без усяго гэтага (абводзіць рукою шыкоўны пакой). А ўспомні пра ўласны кілім-самалёт (паказвае), пра бурштынавы палац на беразе мора! А птушынае малачко, што спецыяльна для цябе прыносяць Мроі з Млечнага Шляху!

 

Даратэя кажа сваё штучнае «Ах! » - і зноў падае на ложак.

 

Жытнічак. Хутчэй пабягу па дапамогу! Мятлушка павінна нешта прыдумаць! (Выбягае. )

 

Кадук зноў, не спяшаючыся, набліжаецца з мячом да Янука. Той глядзіць проста ў вочы свайму кату, сцяўшы вусны, спакойны і мужны.

 

Кадук

 

Што перад бляскам золата і сталі

Пялёсткі дабрыні, агеньчык веры?

Хто ўбачыць хараство Мятлушкі шэрай?

Хто непахіснасць рыцара пахваліць?

Чароўнай Даме дораць дыяменты,

А не ўздыханні, мой ты рыцар бедны...

 

Падымае меч, але раптам чуюцца крыкі: «Мятлушка, стой, ты загінеш! »

Улятае Мятлушка. Яркае святло асляпляе яе, яна прыкрываецца рукою. Кадук адступае, бачачы, што Мятлушка трымае ў другой руцэ месячны прамень. Страхі таксама адступаюцца, з бояззю паглядаючы на чароўную зброю ў руцэ дзяўчыны.

 

Не падыходзь! Табе тут не месца, дзіця ночы! Калі ты наблізішся да майго святла, загінеш! Пашкадуй сябе! Ляці назад!

Мятлушка. Мне ўсё роўна!

 

Лячу на прывідны агонь,

Мая любоў зямная.

Хай ночы цёмнае крыло

Мяне не захінае.

Імгненні ёсць - калі нішто

І боль, і страх, і згуба.

 

(Хістаючыся, набліжаецца да Кадука, з-за спіны якога зіхаціць яркае бязлітаснае святло. )

Янук. Мятлушка, ты загінеш! Стой!

Мятлушка. Жыві і помні, любы! (Кідае ў Кадука месячны прамень. )

 

Зацямненне. Кадук падае. Сцены палаца разбураюцца. Страхі разбягаюцца. Мятлушка на хвіліну апраменьваецца яркім святлом і падае...

Зноў святло. Але не такое сляпучае, як раней. На месцы палаца застаўся толькі прыкаваны да слупка кілім-самалёт. Вакол - лес. Над ім узыходзіць сонца. Над Мятлушкаю схіліліся Жытнічак і Лесавічок.

 

Жытнічак (плача). Мятлушка!

Лесавічок (стрымлівае слёзы). Мятлушачка!

 

Янук устае. Яго нішто больш не трымае. Глядзіць на Мятлушку, на Даратэю.

 

Даратэя (азіраецца вакол). Ну вось! Нічога не засталося! (Глядзіць на свае пальцы, шукаючы пярсцёнкі, намацвае завушніцы. ) Ніколі, ніколі ў жыцці ў мяне не будзе больш такіх скарбаў! Гэй ты, мой рыцар!

 

Янук паварочваецца да князёўны.

 

Ты вызваліў мяне. Цяпер можаш правесці мяне дадому. Па меншай меры, кілім-самалёт застаўся... Не ісці ж мне пешкі! (Змяняе тон на какетлівы. ) Урэшце, ты ж дзеля мяне столькі перанёс, праявіў такую мужнасць і вернасць! Дарогаю раскажаш мне пра свае подзвігі - ты так цудоўна расказваеш! Ну, доўга цябе чакаць? (Сама адчэплівае кілім-самалёт ад слупка. )

 

Але Янук праходзіць паўз яе да Мятлушкі, схіляецца над ёю разам з Лесавічком і Жытнічкам, становіцца на калена.

 

Янук. Мая Чароўная Дама! Прысягаю табе ў вернасці і любові! Клянуся, што ніколі не забуду цябе і ні на кога не прамяняю. З тваім імем на вуснах, у тваю светлую памяць я здзейсню мноства слаўных подзвігаў! (Схіляецца над Мятлушкаю і цалуе яе. )

 

Раптам зноў гасне святло, а калі яно ўспыхвае, Мятлушка павольна падымаецца. З ёй адбылася дзіўная змена: адзенне праменіцца яркімі колерамі, вочы ззяюць, валасы зрабіліся залацістымі, вусны - яркімі, як маліны. Толькі крылы зніклі назаўсёды.

 

Жытнічак. Мятлушка, ты зноў жывая!

Лесавічок. Якая ты прыгожая!

Жытнічак. У яе больш няма крылаў...

Лесавічок. Але яна зусім не баіцца сонца!

Мятлушка (кладзе руку на плячо Янука). Высакародны рыцар Янук Шукайла-Залескі! Ты верна служыў дабру, а значыць - мне. Я пасвячаю цябе ў свае рыцары!

Янук. Ад сёння - назаўсёды!

Даратэя. Ды што ж гэта такое - апошняе адбіраюць! Янук! Ты ж мой рыцар!

 

Янук не звяртае на яе словы ўвагі, бярэ Мятлушку за руку. Мятлушка і Янук глядзяць адно аднаму ў вочы так, што Лесавічок і Жытнічак дружна ўздыхаюць.

 

Лесавічок. Эх, Мятлушка... А я думаў: будзеш ты некалі гаспадыняй майго ляснога маёнтка...

Жытнічак. А я марыў, што падару табе сваё залатое поле...

Янук. А яна будзе ўладарыць у замку маіх продкаў. Там няма золата і слуг, няма коней з каралеўскае стайні і дыяментаў з каралеўскага куфэрка, але я дару ёй сябе і сваё каханне!

Мятлушка. Дурненькі! У нас будзе ўсё зорнае неба, усё сонечнае святло, усе кветкі і крынічная вада! У нас будуць дні і ночы, песні і казкі, каханне і згода! Мы - самыя багатыя ў свеце!

Даратэя (стоячы на кіліме-самалёце, тупае нагой). Здаецца, пра мяне забыліся? Я не магу больш заставацца ў гэтым дзікім і пустэльным - па вашай міласці - месцы. Хачу дадому! У свой палац! (Тупае нагою. )

 

Нечакана кілім уздымаецца. Князёўна ад нечаканасці нязграбна падае на яго і з віскам знікае разам з кілімам.

 

Янук. Хай сонца паліць...

Лесавічок. Хай дождж імжыць...

Жытнічак. Зліецца неба з зямлёй!..

Усе разам.

А рыцар мусіць заўжды служыць

Чароўнай Даме сваёй!

 

Заслона

 

http: //knihi. com/Ludmila_Rubleuskaja/Zamak_miesiacnaha_siajva. html#1 – спасылка на зб. “Замак месячнага сяйва”.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.