Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дзея другая



 

Чорнае балота. Янук з цяжкасцю прабіраецца па карчах.

 

Янук. Хай... сонца паліць... Хай... дождж імжыць... Зліецца... неба з зямлёй... А рыцар... О халера! (Ледзь не падае. ) Мусіць заўжды... служыць... Чароўнай Даме сваёй... О халера! (Правальваецца ў дрыгву. )

 

З'яўляецца Мятлушка.

 

Мятлушка. Трымайся, рыцар! (Дапамагае юнаку выбрацца на цвёрдую глебу. )

Янук (адчувае сябе прыніжаным). Дзякуй табе... Але я б і сам выбраўся...

Мятлушка. Ты б выбраўся! Недарэка! Ты ж зусім не ўмееш хадзіць па балоце. Глядзі, бачыш - высокая белая трава? Гэта сівец. Трэба ступаць толькі там, дзе ён расце. А ты палез проста ў багну!

Янук. Калі-небудзь я пастараюся таксама выратаваць цябе...

Мятлушка. Ну чаму ты ўвесь час задаешся? Трэба быць простым, як гэтыя зоры, як кветкі, тады зробішся мудрым.

 

Янук хоча ісці далей, але небарака зусім згубіў арыентацыю. Памкнуўся ў адзін бок, у другі. Спрабуе ступіць на купіну, але зноў ледзь не правальваецца ў багну. Тады, спрабуючы захаваць шляхецкую годнасць, звяртаецца да Мятлушкі, якая з добразычлівай і крыху іранічнай усмешкай сочыць за яго дзеяннямі.

 

Янук. Можа быць, добразычлівая панна падкажа мне, у якім баку знаходзіцца палац Кадука?

Мятлушка. Падкажу, калі пан Янук такі ўпарты...

Янук. Я хачу вызваліць князёўну Даратэю!

Мятлушка. Ну тады пайшлі, я цябе правяду. (Паказвае дарогу). А што, князёўна Даратэя прыгажэйшая за мяне?

Янук (узнёсла). Яна - прыгожая, як сонца! Не, ты, канешне, таксама прыгожая... Толькі... нейкая шэрая.

Мятлушка (з уздыхам). Я - начны матылёк, дух месячнага лесу. Мае колеры спяць. А вось і балота скончылася. Ой, глядзі! Сюды ідуць Начніцы! Яны вартуюць шлях да палаца!

 

Набліжаюцца Начніцы - прыгожыя дзяўчаты ў цёмна-сініх туніках, густа ўсыпаных зоркамі-блішчынкамі.

 

Першая Начніца. О рыцар! Хадзі са мною - я зраблю цябе самым багатым у свеце! Я аддам табе сто патаемных скарбаў - ты купіш сэрцы першых прыгажунь і мячы найлепшых вояў! (Перасыпае з рукі ў руку золата. )

Мятлушка (шэпча). Не вер ім, яны хочуць загубіць цябе!

Другая Начніца. Хадзі са мною, рыцар! Я дапамагу табе здабыць славу! У мяне ёсць зачараваныя даспехі і зброя, ты будзеш пераможцам на ўсіх рыцарскіх турнірах! (Паказвае залаты лаўровы вянок. )

Трэцяя Начніца. Са мною! Толькі са мною, рыцар! Ты разумны і адважны, табе павінна належаць улада! Я зраблю цябе каралём вялікай дзяржавы, ты будзеш караць і літаваць, аб'яўляць вайну і заключаць мір. Вялікія дзеянні чакаюць цябе, рыцар! (Працягвае Януку карону. )

Янук. Шаноўныя пані, дазвольце мне прайсці, бо я - верны рыцар панны Даратэі і магу служыць толькі ёй.

 

Начніцы круцяцца вакол Янука, нашэптваюць сваё: «Улада! », «Слава! », «Багацце! ».

 

(Спрабуе вырвацца з іх кола, нарэшце выхоплівае меч. ) Прэч адсюль, морак начны!

 

Начніцы разлятаюцца.

 

Мятлушка. Малайчына, Янук! Начніцы служаць Кадуку, бо зло аднолькавае і ўдзень, і ўначы. Але гэта яшчэ не перамога! Сюды набліжаюцца Страхі - слугі Кадука. Мне страшна, Янук!

Янук. Не бойся, Мятлушка, я з табою!

 

Мятлушка хаваецца за Янука. Падыходзяць Страхі - пачварныя істоты. Яны стараюцца напалохаць Янука, прымусіць яго адступіць.

 

Страхі (разам)

 

Мужнасць і вернасць

Растануць, як дым.

Страх - не ўначы.

Страх - у сэрцы тваім.

Страхі ўладараць людскою душой!

Рыцар, спыніся!

 

(Крычаць адзін за адным. )

 

Ты мой!

Ты мой!

Ты мой!

Ты мой!

 

Янук разганяе Страхі мячом. Раптам святлее і наперадзе паказваюцца вялікія залатыя вароты.

 

Мятлушка. Вось ён, уваход у палац Кадука!

Янук. Нарэшце! Даратэя, даражэнькая, я тут! Я хутка! (Падбягае да варот і спрабуе іх адчыніць. Яго спыняюць крыкі. )

Лесавічок. Пачакай! Не адчыняй вароты, пакуль не адыдзе Мятлушка!

Жытнічак. Мятлушка! Мілая! Ледзь знайшлі цябе!

Мятлушка. Сябры! Як вы сюды трапілі? Як вы перайшлі праз Чорнае балота? У вас жа няма крылаў, як у мяне!

Лесавічок. Бываюць імгненні, калі ў кожнага вырастаюць крылы.

Жытнічак. Мы паспелі своечасова. Ляці хутчэй дадому, хавайся!

Янук. А што пагражае шаноўнай паненцы?

Лесавічок. Хіба ты не ведаеш, што ёй нельга паказвацца на сонцы? Сонца спаліць яе крылы! Сонца заб'е яе! А там, у палацы Кадука, увесь час - поўдзень!

Мятлушка. Праўда... А я нібыта і забылася...

Янук. Ну што ж, калі так - дзякуй табе, Мятлушка... (Падыходзіць, паціскае ёй руку. ) Ляці, хавайся! Толькі хутчэй!

 

Мятлушка падыходзіць да Жытнічка, просіць.

 

Мятлушка. Жытнічак, міленькі! Я пайду, схаваюся... Ты залацісты, як сонечны прамень, ты зможаш прайсці незаўважна ў Кадукоў палац... Прыгледзь за Януком, каб не здарылася з ім бяда. Тады раскажаш мне.

Жытнічак. Добра, Мятлушка... Толькі дзеля цябе!

 

Лесавічок і Мятлушка, узяўшыся за рукі, уцякаюць. Янук адразу ж расчыняе вароты і заходзіць у палац. За ім крадма прабіраецца Жытнічак.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.