|
|||
Сэрца мармуровага анёла 3 страницаЖартуе, ці што? - Ну, Вінцук... Віктар Іванавіч, з такой паблажлівасцю можна зайсці вельмі далёка. Злачынствы нельга апраўдваць тым, што злачынцы былі перакананы, што робяць правільна. - Але ж Віта сапраўды нічога благога мне не хацела, - сур'ёзна патлумачыў Вінцук. - Яна шчыра верыла, што ўсяму віной - толькі мая ўпартасць. Думаю, я не быў ёй зусім абыякавы. Варта мне было пагадзіцца, і я выйшаў бы на волю і меў бы такое жыццё, якое Віта натхнёна абяцала мне. Але я сапраўды ўпарты. Ёсць межы, якія я не магу пераступіць проста таму, што перастану паважаць сябе. А з усіх няшчасцяў гэта для мяне - самае страшнае. Можна часам ненавідзець сябе, можна сумнявацца ў сабе... Але страціць унутраную павагу - нельга, гэта смерць, пачатак духоўнай пустэчы. Апошнія словы прагучалі так, як павінны гучаць словы выпакутаванай веры. Вінцук памаўчаў, адкінуў з ілба пасмачку валасоў і працягваў спакойным голасам: - Апошні год Віта не прыходзіла. Са мной пачалі абыходзіцца менш жорстка. Я лічыўся ціхапамешаным, маляваў насценгазеты для ўсяе бальніцы, нават зрабіў роспіс у сталовай. І вось выйшаў я на волю. За той час, што быў фактычна ізаляваны ад свету, памерла маці - інфаркт. Кубачак у руках Вінцука здрыгануўся, і ён паставіў яго на стол. Прымружыўся, як ад стрыманага болю... - Сябры расказвалі, што яна прыйшла ў бальніцу адведаць мяне, ну ёй і паказалі сыночка - прывязанага да ложка, з пенай на губах і вачыма, што глядзелі ў розныя бакі. Наўшпільвалі ў мяне, напэўна, багата ўсялякай поскудзі... Я пасля бальніцы тры месяцы не мог чытаць. Проста не ўспрымаў сэнсу літар. Вінцук зноў замаўчаў і раптам спытаў неяк дзіўна абыякава, гледзячы ўбок: - Вам не надакучыла выпадкам мая споведзь? У мяне перахапіла голас ад усведамлення, што ён, магчыма, першы раз камусьці ўсё гэта расказвае. Але я разумела, што гэты чалавек не хоча, каб яго шкадавалі. Таму толькі моўчкі пахітала галавою - маўляў, не надакучыла... - Ну, што ж... Тады давайце налью вам яшчэ гарбаты... Тым больш дэтэктыўная частка сюжэта тут заканчваецца. Калі ажаніўся, Віту прапісаў да сябе, і аказалася, што цяпер у мяне няма кватэры. Яе на законных падставах прадала па даверанасці клапатлівая жонка, і жылі там зусім іншыя людзі. Госць з дурдома зрабіў на іх тужлівае ўражанне. Людзі аказаліся някепскія, аддалі тое, што засталося з маіх асабістых рэчаў. Спакаваў я чамаданчык і пайшоў... Куды? Прыйшоў у сваю былую майстэрню. Сярод нашага брата хапае кліентаў псіхбальніцы, адзін Ван Гог чаго варты... Так што адхрышчвацца ад мяне не сталі, так я і пачаў жыць - у кутку. Нехта прыцягнуў старую канапу, нехта падзяліўся зімовым адзеннем... Кожны дзень прыходзіў хто-небудзь міласэрны з бутэлькай суцяшальнага рэчыва і, даведаўшыся, што я не п'ю, шматзначна ківаў галавою: ну так, «зашыўся» у бальніцы... - А як жа карціны? - спытала я. - Чаму нідзе раней не бачыла вашых твораў? Іх немагчыма не запомніць, на любой выставе я іх вылучыла б... - Карціны... - задумліва паўтарыў Вінцук. - Вядома, мне хацелася зноў пісаць, як хочацца выпрастаць доўга прывязаную ў сагнутым становішчы руку... Але я згубіў веданне - для чаго павінен гэта рабіць. Мусіць, я проста перарос самога сябе былога, як рак-пустэльнік перарастае сваю ракавіну... Тады ён выпаўзае з яе і, безабаронны, мяккацелы, паўзе і шукае новую, большую. Так зрабіў і я. Тым больш, пакуль я лячыўся ад наіўнасці, маё месца ў майстэрні было паабяцана аднаму графіку. Някепскі графік, дарэчы, толькі зануда. А тут я з'яўляюся... Графік палічыў, што гэта спецыяльна падстроена, каб яго пакрыўдзіць. Пачаў дабівацца справядлівасці. Палецкі, маўляў, хворы чалавек, нічога не піша, творча скончыўся, а яго выкарыстоўваюць, каб не даць развіцца магутнаму таленту графіка. П'янкі ўчыняюць кожны дзень, тлум... Пакрыўджаны нават прывёў цесляроў, каб яму адгарадзілі законную трэць майстэрні. Так што маю канапу не было ўжо дзе ставіць. Пасмяяўся я над гэтым змагаром і пайшоў у рэстаўрацыю. - А як прозвішча графіка? - Радаслаў Дудкоўскі. Мне стала горача. Ну, Радзік, абаронца ісціны... Хаця... Хто абагаўляе мяшчаначку з кветкамі, хто захапляецца грамадзянскай пазіцыяй дробнага эгаіста... Вінцук працягваў: - Рэстаўрацыя - добрая школа. Я шмат ездзіў па краіне, па блізкім замежжы, працаваў у закінутых храмах, на вышыні, пад купаламі, калі, здаецца, за табой зблізку назіраюць вочы нябесных сіл. Стаў думаць пра Бога. І неяк па-новаму пераацаніў усё, што са мной адбылося. Я адчуў, што паступова набываю апірышча. Адчуў у сабе сілу пісаць... Але ніякага жадання вяртацца ў багемны асяродак у мяне не было. Знаёмая паэтка неяк казала мне: ёсць тры рэчы, якія нельга набыць стараннем. Мудрасць, мужнасць і пакора. Яны толькі даюцца нам звыш. У спрыяльны перыяд свайго жыцця я нічога з пералічанага не меў. Цяпер у мяне ёсць падставы чакаць, што мне нешта дасца. Прынамсі, пакора як абыякавасць да кар'еры ў любым выглядзе. Падчас працы ў адным з кляштараў Гарадзеншчыны да мяне падышоў жвавы дзядзечка ў гадах. Пацікавіўся, ці я - Віктар Палецкі. У іх мястэчку быў княжацкі род з такім прозвішчам, можа, я маю адносіны да тых князёў... Гэта быў Нічыпар Хведаравіч Цудко. Нехта з мастакоў расказаў яму пра мяне, колішняга таленавітага юнака, які «загрымеў» у псіхушку, а цяпер зусім апусціўся. Слова за слова, і я пагадзіўся на месца вартаўніка школы і Наўеўскага краязнаўчага музея з правам мець майстэрню ў тэхнічных памяшканнях будынка. Нічыпар Хведаравіч быў душэўны чалавек, ён паабяцаў не афішыраваць, што я - з тых Палецкіх і што я - мастак, выдаў за сваяка, дапамог пазбегнуць некаторых фармальнасцей. Затое я не хацеў хаваць сваё мінулае. Цудко і сам лічыў мяне псіхам, ад якога няшмат толку. Напачатку я маляваў у сутарэннях. Потым, калі дах зусім абваліўся і школу перавялі ў новы будынак, абсталяваўся бліжэй да неба. Я моўчкі глядзела на спакойны твар вартаўніка. Мне падалося, што дом Вінцуковых продкаў таксама задумліва маўчыць, нібыта ахоўваючы спакой свайго апошняга ўладара... На жаль, гэта была ненадзейная ахова. І прывідная ўлада. - Слухайце, калі б вы пачалі прадаваць гэтыя свае карціны, вы б маглі купіць кватэру ў горадзе. - А навошта? - Тады дом у вёсцы, - раззлавалася я. Падумаеш, незразуметы Дыяген у бочцы з-пад мазуту. Вінцук толькі ўздыхнуў: - Справа ў тым, што мая эпапея яшчэ не скончаная. Але гэта доўгая гісторыя... А вам трэба працаваць. Ды і мне таксама. Ну вось, зараз зноў замкнецца ў сваіх таямніцах... Я запэўніла вартаўніка, як магла, у сваёй шчырай зацікаўленасці. Або ён усвядоміў, што ад мяне не адмаўчыцца, або сапраўды яму трэба было выказацца, але зноў наліў у кубкі гарбаты і працягваў аповед. - Цудко быў «завернуты» на адкрыцці мастацкіх шэдэўраў. - Ведаю, нацярпелася ад яго энтузіязму. - Ён натрапіў на след сапраўды каштоўнай, унікальнай рэчы. Ён жа збіраў сямейныя архівы, і сярод іх быў архіў павятовай паненкі Анэлі Дубовіч, сардэчнай сяброўкі маёй прабабкі Даратэі Вяржбіцкай. - Гэта тыя паперы, што вы давалі мне чытаць? - Так. Нічыпар Хведаравіч вычытаў у іх пра сямейны талісман Вяржбіцкіх - залаты крыж з вялікай чорнай перлінай. - Пра перліну вы мне нічога не гаварылі, - пакрыўдзілася я. - Зразумейце, чаму... Крыж падарыла аднаму з маіх продкаў, лоўчаму з-пад Наўя Грыню Вяржбіцкаму, сама каралева Бона. Нібыта за тое, што падчас палявання спыніў ашалелага каня, які ледзь не скінуў каралеву. Але была адна тагачасная плётка... Не ведаю, наколькі праўдзівая... Быццам на самай справе Грынь дагадзіў каралеве інакш. Узяў у яе маленькую бутэлечку з бясколернай вадкасцю і прыхапіў з сабою на баль да пана старосты мсцібогаўскага Рыгора Валовіча, які пра каралеву-італьянку дужа кепскія размовы вёў. Пасля таго балю пан Валовіч «смерцію хуткаю памрэ». - Цалкам магчымая гісторыя, - пацвердзіла я. - Бона - з роду Сфорцаў, майстраў атручваць. І на нашыя землі прывезла італьянскія звычаі. Паатручвала ворагаў багата! - Не ведаю, за забойства ці за выратаванне быў падораны крыж, але Грынь Вяржбіцкі загадаў пакласці каралеўскі падарунак сабе ў магілу. А ўдава была практычнай жанчынай... І крыж пачаў пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Вось толькі шчасця не прыносіў. Род заняпаў, і ў дзевятнаццатым стагоддзі сапраўды дайшоў амаль да жабрацкага становішча. Крыж з перлінай быў фактычна адзіным пасагам прабабкі. Калі прадзед прайграўся ў карты дашчэнту, то прымушаў маладую жонку прадаць ейны крыж ці хаця б перліну з яго. Сума была б і на тыя часы досыць вялікая. Прабабка адмовілася. Яна была гордым чалавекам. Падобна на тое, што яна паклала крыж у магілу Грыня Вяржбіцкага, як той і наказаў. - Вось адкуль ваша непрактычнасць! Успадчыненая ад прабабкі, - пажартавала я. - Напэўна, - засмяяўся Вінцук. - Але... З мясцовых аповедаў вядома, што пасля ад'езду жонкі прадзед зацята шукаў магілу старога лоўчага. - І не знайшоў? - Мяркуючы па ўсім, не. - Чаму? Хіба не захавалася помніка, архіваў? - Дзіўна, але, відаць, так. Нібыта нехта паклапаціўся, каб і памяці пра майго продка не засталося. Нічыпар Хведаравіч «дастаў» мяне сваімі роспытамі. Корпаўся ў архівах, звяртаўся па парады да розных знаўцаў. Аднойчы трапіў да вядомага менскага антыквара. У таго былі спісы каштоўнасцей, месцазнаходжанне якіх сёння невядомае, хаця яны недзе ёсць. Там значыўся крыж каралевы Боны з чорнай перлінай. Нават вага той перліны значылася. - Чакайце, гэта ж колькі год таму крыжу? Не менш як чатырыста? - Выходзіць, так. - Хіба перліна не папсавалася за такі час? Вінцук паціснуў плячыма. - Я не спецыяліст па каштоўнасцях... Але гаворка пра асаблівы, дужа рэдкі гатунак перлін. Мусіць, і якасці ў яго асаблівыя. Прынамсі, антыквар дужа зацікавіўся. Цудко «расцвіў» ад таго, што прафесіянал нарэшце жадае паслухаць пра ягоныя вышукі. Расказаў усё, што ведаў. І тое, што ў іх школе працуе вартаўніком нашчадак Палецкіх і Вяржбіцкіх, які такія-сякія звесткі пра радавыя таямніцы можа распавесці... Небарака марыў пра шыльдачку з яго імем у сталічным музеі і артыкулы ў навуковых часопісах. І не падазраваў, што мае справу са звычайным мафіёзі. - Ну вось, а вы казалі, што дэтэктыўная частка скончылася, - папракнула я Вінцука. Той паморшчыўся: - Які там дэтэктыў... Гэта хутчэй «мыльная опера». Антыквар меў неафіцыйную гаспадыню, пастаянную кліентку, якая вельмі цікавілася старажытнымі каштоўнасцямі і заўсёды ведала, чаго хоча. Так у Наўі пачала з'яўляцца прыгажуня Вера Сцяпанаўна, жонка мільянера Бутава. Якая ведала, што хоча займець каралеўскі крыж, і ведала нашчадка Палецкіх... Якога вельмі хацела нарэшце «паставіць на месца»... Каб зразумеў, што ісціна - на баку моцных, тых, хто мае ўладу і грошы. Каб убачыць, як ён локці сабе кусае, што страціў сваю «багіню» з-за ўласнага глупства, што не захацеў паслухацца яе... І каб нарэшце паслухаўся. - Жонка Бутава - ваша Віта?! Вінцук не адказаў, падняўся і пачаў прыбіраць кубкі са стала, за якім яго прадзед, магчыма, і прайграў суседнюю вёску. - Адчуваю сябе Атосам, які распавёў д'Артаньяну страшную таямніцу Мілэдзі... - Калі ёй патрэбны крыж, чаму яна імкнецца патрапіць у скляпенне? - Перш за ўсё, каб пераламіць мой супраціў. Шчасце яшчэ, што не ведае пра майстэрню, пра мае карціны. Па-другое, у скляпенні - архівы, фрагменты надмагілляў з касцёла. На месцы старых могілак нічога ж няма, бульдозерам раўнялі. Калі ўскрывалі труны, панаехала «людзей у цывільным». І як было каля касцей нешта каштоўнае - пярсцёнак ці крыжык - складалі ў спецыяльныя пакеты. Але антыквар, з якім гаварыў Цудко, сцвярджае, што калі б рэч такой каштоўнасці знаходзілася ў нечых руках, ён абавязкова ведаў бы. - Гэта праўда. Мяне самую часам здзіўляе абазнанасць такіх дзялкоў, але магу пацвердзіць: у іх зарэгістраваныя ўсе вартыя ўвагі каштоўнасці і ў прыватных калекцыях, і ў самых патаемных сейфах дзяржавы, і ва ўладанні крымінальнікаў. І ўсе перасоўванні такіх прадметаў адсочваюцца. Так што паспрабуй збыць такому дзялку, скажам, сыгнет караля Жыгімонта Старога... Ён за камп'ютэр - і выдае табе, што такі сыкгнет належаў да сярэдзіны семнаццатага стагоддзя Сангушкам, пасля перайшоў як шлюбны падарунак у род Чартарыйскіх... А з верасня мінулага года належыць уладальніку валютнага стрыпціз-клуба бісексуалаў па мянушцы Рванае Вуха... Так што ў вас, даражэнькі, падробка! Мы рассмяяліся, а пасля Вінцук неяк сур'ёзна сказаў: - І самае паганае, што ўсё роўна яны прыйдуць і возьмуць, што хочуць. Але трэба, каб на іх шляху стаялі тыя, каго можна перамагчы, але нельга пераступіць. Цудко якраз такім і быў - з ім яны пралічыліся. Ганьба не ў тым, што ты слабы. Ганьба, калі ты не заступаеш шлях злу. - Я згодна з вамі... Мы паглядзелі адно аднаму ў вочы. Гэтыя вернуцца. Але саступаць ім нельга. Яны перамогуць. Але мы не павінны здавацца.
На панадворку пачуўся вясёлы голас: - Кася! Ты дзе там, вандроўніца? Нюта! Прыехала! Мая сяброўка, аддыхваючыся ўсім сваім пышным целам, увалілася ў княскі дом разам з невычэрпным запасам весялосці. - О, чарапкі! Ай, які цуд, маёліка! Геральдычная кафля! О! Я з цяжкасцю адарвала сяброўку ад скарбаў у скрыні, вынесенай са скляпення. - Ты яшчэ паглядзіш, якая скульптура! А хто з табой прыехаў? - Ну ты летуценніца. Начальства нашага не ведаеш. Зіма, дзеўкі грыпуюць, хто сюды пацягнецца? Падзякуй, што я прыехала. Вінцук злавіў мой позірк, я неўпрыкмет кіўнула - маўляў, усё ў парадку, поўная канспірацыя, - і ён выйшаў, шоргаючы галёшамі на вяровачках. Нюта недаўменна паглядзела яму ўслед: - Хто гэта? Нейкі... нетутэйшы з выгляду. - Вартаўнік мясцовы. Будзе нам дапамагаць. Я ўгаварыла Нюту пачаць не з чарапкоў, а са скульптур. Каб справа ішла хутчэй, паклікала зноў насцярожанага Вінцука - няма чаго выстаўляць сябе бажаволкам. Няхай дапамагае. Нічога з таго, што было ў скляпенні, Цудко ў рэестры не занёс. А трэба было занатаваць усе гэтыя багацці на паперы. Вінцук моўчкі цягаў фігуры, дапамагаў Нюце з абмерамі, я запісвала і рабіла прамалёўкі. Мы вырашылі, што забяром алтарную разьбу, некалькі драўляных скульптур, мармуровага анёла і тое-сёе з керамікі і шкла. Астатняе - варта перадаць у раённы музей. Мы агледзелі надмагіллі. Пад адным з іх, чорным, з выявай перакуленай паходні, некалі спачывалі Ганна Даратэя Палецкая з роду Кішак і Антоній Валенты Палецкі, яе муж. Абое жылі ў васемнаццатым стагоддзі. Яшчэ адна пліта, з прыгожага шэрага, з ружовымі жылкамі мармуру была з магілы іх дачкі, Агнесы Палецкай, памерлай у шаснаццацігадовым узросце. Пліта была трэснутая напалам, відаць, таму яе і не забралі сучасныя марадзёры. У цёмным куце ляжала яшчэ адно надмагілле, на якім некалі, па старым звычаі, быў высечаны барэльеф у выглядзе статуі нябожчыка. Каму перашкаджала выява памерлага - невядома, але ад статуі добра захаваліся толькі ступакі ног, па якіх было зразумела, што тут ляжаў рыцар у поўным узбраенні. Відовішча жудаснае, нібыта сапраўдны зганьбаваны труп. - Ну, дасць Бог, сёння збольшага ўсё агледзім, - прагаварыла Нюта, падвязваючы шчыльней вакол галавы стракатую хустку ў кветкі. - Заўтра і дахаты. Табе добра, ты вольны птах, а ў мяне дома кіндэры. Пакінь іх надоўга - невядома, што вытвараць. І бацька не ўпільнуе. Вінцук павесялеў - цудкоўская калекцыя набывала афіцыйны статус. Заставалася агледзець анёла. Ён быў вялікі, у рост чалавека. Здавалася, яго немагчыма скрануць з месца - анёл схіліў калені ў самым куце, упёршыся крыламі ў сцены, там, дзе пачыналіся стэлажы. Вінцук памармытаў у бараду, прынёс тоўстую вяроўку і абкруціў анёла, які ў жаху пазіраў на свайго катавальніка белымі вачыма. - Ён што, адзін збіраецца яго зрушыць? - прашаптала мне Нюта. Та-ак, відаць, з мазгамі ў майго Монтэ-Крыста сапраўды не таго... Між тым Вінцук нацягнуў вяроўку, напружыўся... і анёл скрануўся з месца. Нюта таксама ўхапілася за вяроўку, учапілася і я. Анёл пасоўваўся наперад рыўкамі, нібыта грэшнік поўз на каленях да месца пакарання. Нарэшце ён спыніўся, якраз пад лямпачкай пасярэдзіне скляпення. Нюта па-сяброўску пхнула Вінцука ў плячо: - Ну ты, Геркулес, спецыяльна трэніраваўся, ці што? - А гэта я, каб пацвердзіць прымаўку - сіла ёсць, розуму не трэба, - прабурчэў задыханы Вінцук. - Як, ты яшчэ і гаварыць умееш? - не прапусціла «ўшчыкнуць» наўеўскага мізантропа мая сяброўка. Вінцук зачырванеўся, закашляўся... І мы ўтраіх пачалі абмяркоўваць скульптуру. Відаць па ўсім, шаснаццатае стагоддзе. Вінцук заўважыў, што хаця майстар і мясцовы, і адчуваецца адсутнасць школы, аднак за ўзор узятая італьянская скульптура. У Гародні ў касцёле ёсць анёл дакладна ў такой самай позе. - На жаль, - замагільным голасам абвесціў Вінцук, - мы, беларусы, вельмі любім наследаваць чужым узорам, замест таго каб працаваць, як Бог паклаў на нашу, беларускую, душу. Таму й атрымліваецца ў нас усё наперакасяк. - Глядзіце, тут нешта напісана! - падала голас Нюта. Сапраўды, злева, там, дзе засталіся рэшткі ад п'едэстала, на якім некалі стаяў анёл, віднеліся літары... Верхняя частка надпісу. Мы пачалі разбіраць яго, і ў нас атрымалася нешта накшталт «Segitur Nemupodus ultor atergo deus». На жаль, знаўцаў латыні сярод нас не было, і мы пачалі гадаць. - «Deus» - гэта зразумела, Бог, «ultor», здаецца, ці то «гнеў», ці «помста»... Вінцук уздыхнуў і наважыўся прызнацца пры Нюце: - У мяне тут лацінскі слоўнік ёсць... Праўда, маленькі... Па Вінцуковым слоўніку мы вызначылі, што «ultor» сапраўды значыць «помста», «segatur» - «пераследуе». Слова «tergo» мы вызначылі як форму ад «tergum» - «спіна». У спалучэнні з прыназоўнікам «a» гэта мусіла значыць прыблізна «за спінай». Значыць, гнеў Божы пераследуе нейкага «немвподуса». Нічога падобнага на таямнічага «немвподуса» ў слоўніку не было. - Або гэта значыць «грэшнік» ці «злачынца», або гэта нейкае асабістае імя або мянушка... - стомлена сказала Нюта. - Можа... - пагадзілася я. - Немвподус... А можа, мы нешта не так прачыталі? Вінцук зноў нахіліўся з ліхтаром да анёла, пашкроб літары пазногцем. - Па-мойму, тут не «p», тут «r». Цяжка прачытаць, кавалак адбіты. - Значыць, «немвродус»... - Ну і што нам гэта дае? - скептычна зазначыла Нюта. - Немвродус... Немврод... - мяне асяніла. - Радуйцеся, што я такая інтэлектуальная! Так называлі Ісава, брата Іакава, з біблейскай прыпавесці. Таго самага, які прадаў брату права першародства за талерку супу! Нават цытату памятаю: «Немврод - моцны паляўнічы перад Госпадам Богам! » Паляўнічы! Паляўнічы... Лоўчы! І помста Божая за неадплачанае злачынства! Я пераможна зірнула на Вінцука. Анёл некалі вартаваў магілу лоўчага Грыня Вяржбіцкага! - Ну вось і сапраўды знайшлі ключ ад таямніцы. Цяпер пастараемся высветліць, дзе раней гэты анёл быў. Андрэевіч, на кватэры якога я жыву, кажа, што памятае, як яго трактарам сюды валаклі. - Які ключ? Што ты зноў за таямніцы развяла? - накінулася на мяне Нюта. Але я моўчкі складала паперы. Андрэевіч, якога я нахабна выцягнула з утульнага кабінета новай школы, доўга вадзіў нас па заснежанай пустцы між прадуктовай крамай і нарыхтоўчым пунктам, дзе некалі знаходзіўся касцёл. Правільней, вадзіў адну мяне - Вінцук, які змяніў галёшы-пантофлі на валёнкі, моўчкі цёгся за намі, нібыта ў якасці носьбіта майго мальберта, а здарожаная Нюта пажадала мне хутчэй угаманіцца і пайшла адпачываць. Мы знайшлі месца, дзе некалі знаходзіўся анёл, - не ў самім касцёле, а звонку, у нішы. Там захаваліся рэшткі сцяны. Што ж, месца вядомае. І што цяпер рабіць? Раскопваць гурбы?
У дырэктаравым доме Нюта пасябравала з гаспадыняй і дапамагала ёй чысціць бульбу. У такія моманты я заўсёды востра адчуваю сваю недасканаласць. Ну чаму я не здольная вось так нязмушана сыходзіцца з людзьмі, гэтак спрытна ўпраўляцца са спрадвечнымі жаночымі справамі... Ды яшчэ не ўмею схаваць, што ад гэтых спрадвечных... мяне нудзіць. На кухні накрылі стол. Нюта спявала народныя песні, на што яна вялікая майстрыха. Андрэевіч з жонкай на ўвесь голас падцягвалі. Дзеці смяяліся. Паласатая котка вуркатала і церлася аб ногі. Весела было... Як на хрэсьбінах у багатага суседа. Я ледзь выпрасілася да ложка, атрымаўшы ад Нюты абвінавачванне ў адарванасці ад народу. Я стаяла ў цёмным пакоі і глядзела на будынак панскага дома. Снег блішчэў у блакітным святле месяца, як атлас. Я ўспомніла карціну Вінцука, і падалося, што над вёскай сапраўды ляціць прывідная кавалькада... Сэрца сціснула туга. Я ўявіла, як мой новы знаёмец сядзіць цяпер адзін у пустым доме сваіх продкаў, куды штохвілю могуць завітаць нягоднікі... Але, хутчэй за ўсё, ён - у сваёй майстэрні і працуе, адасоблены ад свету, недасяжны для зямнога і жорсткага. Я машынальна круціла ў руках ліхтарык. Націснула кнопку... Уявіла, як прамень ляціць, паступова рассейваючыся ў цёмным паветры, бяссілы асвятліць тое, што аддзелена ноччу... Раптам у далёкім акне былой школы таксама загарэўся і згас агеньчык ліхтара. Як быццам стукнуўся ў маё сэрца... Значыць, мы цяпер глядзім адно на аднаго, самотныя ў гэтай начы, у гэтым холадзе, у гэтым свеце... Знізу даносілася песня пра Касю, якая пайшла воду браці. Я раптам адчула такую тугу, такую адвержанасць ад гэтага месца - са мной бывае, - што апранула футра і кінулася ўніз. Нюта, занятая размовай з Андрэевічам, няўважна зірнула на мяне праз прыадчыненыя дзверы кухні. На ўсялякі выпадак я прагаварыла: - Я хутка... Няхай думаюць, што пайшла ў прыбіральню. Услед даносілася:
- Конь ваду п'е, п'е, Ножкаю б'е, б'е. Уцякай, Касенька, Ён цябе заб'е. Хай забівае, Хай забівае. Я нікуды не пайду, Бо цябе кахаю.
Ціха... Толькі снег парыпвае пад нагамі, злятае срэбнымі мятлушкамі з чорнага неба. Зоры, знізаныя ў каралі сузор'яў, ажно сляпілі вока. Адчуванне дзіўнай волі пад гэтым цёмным небам, пад гэтымі вострымі зорамі, пах дыму, брэх сабак, светлыя адбіткі на снезе ад вокнаў зліваліся ў адну неверагодна жывую карціну, якую б я хацела - але ніколі не здолею напісаць. За маімі плячыма не было магутнага дырэктара, таму я думала толькі асцярожна падысці да музея і паглядзець, ці няма слядоў новага нападу. Наблізілася да варотцаў і ціха стаяла, углядаючыся ў цёмныя вокны. Здаецца, усё нармальна. Снег замятаў ледзь бачную сцяжынку да дзвярэй. Раптам яны расчыніліся. На парозе стаяў Вінцук і моўчкі глядзеў на мяне. Я адчула сябе няёмка. Падумаеш, князь... Пракрычала ад варотцаў: - У вас усё ў парадку? Ён падбег да мяне, заграбаючы снег галёшамі. Чамусьці выглядаў усхваляваным, нават голас дрыжэў. - Я так часта доўгімі начамі стаяў перад акном, углядаўся ў цемру... Марыў, што да мяне вось-вось нехта прыйдзе. Нечая постаць выплыве з вераснёвага дажджу ці студзеньскай завірухі... І ведаў, што гэта толькі мары. І вось - вы... Я не была падрыхтаваная да такіх рамантычных слоў і зусім разгубілася. Вінцук, відаць, зразумеў, уздыхнуў і зноў загаварыў звыкла спакойна і крыху іранічна: - Ведаеце, Кацярына Аляксееўна, я ціхі не толькі ўзімку. Абяцаю схаваць рамантычныя настроі ў кішэню ватоўкі. Князь Палецкі запрашае вас у свой палац, і можаце быць спакойныя за сваю рэпутацыю. І раптам неяк па-дзіцячы пакрыўджана: - Слухайце, я зараз змерзну.
Мы зноў сядзелі сярод карцін і старой мэблі. І... сварыліся. Я сцвярджала, што трэба найхутчэй абнародаваць інтрыгу з каралеўскім крыжам, магчыма, праз публікацыю ў прэсе. Арганізаваць раскопкі на месцы гіпатэтычнай магілы Грыня Вяржбіцкага. Карацей, зрабіць усё магчымае, каб каштоўнасць не трапіла ў мафіёзныя рукі. Вінцук, наадварот, прапаноўваў захаваць у таямніцы ўсё, пра што мы даведаліся, і пакінуць памерлым іх маёмасць разам з праклёнам. - Грэх выцягваць з магілы на Божы свет тое, што вечна будзе несці з сабой спакусу сквапнасці і зайздрасці! Вы ўявіць сабе не можаце, які ланцуг злачынстваў можа за ім пацягнуцца! Нават калі, у лепшым выпадку, вы паспееце выкапаць крыж першай, наўрад ці вам удасца перадаць яго ў музей. У вас ёсць гарантыя, што не знойдзецца майстар, які заменіць яго падробкай? Вы ўпэўненыя, што нашы «органы аховы правапарадку» застрахаваныя ад элементарнай карупцыі ці шантажу, што вас жа не арыштуюць за зніклую таямнічым чынам каштоўнасць? У Льва Талстога ёсць прыпавесць пра двух святых манахаў, перад якімі зваліўся проста з неба мех з грашыма. Адзін манах кінуўся бегчы прэч. Другі падумаў, што хоць грошы і ад злой сілы, але могуць паслужыць дабру, і ўзяў іх. Пачаў будаваць лячэбніцы, раздаваць жабракам міласціну. Калі манахі сустрэліся зноў, выявілася, што той, што збег ад спакусы, захаваў сваю святасць, а другі, які ўзяў грошы, страціў яе! - Вы проста іпахондрык! - крычала я. - Вы і з карцінамі сваімі так - нібыта талент дадзены вам для ўласнае ўцехі. Не вамі дадзена - не вам яго і хаваць ад людзей! І пра скульптуру - вы ж ведалі яе сапраўдную каштоўнасць, а дзеду не сказалі. Няхай бы стары пры жыцці парадаваўся. - Чаму вы думаеце, што я не гаварыў? Ды хто ж вар'ята слухае. А карціны... Вы б хацелі, каб я зладзіў выставу, учыніў перформанс, уразіў артыстычны свет сваёй ватоўкай і галёшамі ў спалучэнні з вытанчанай каларыстыкай? Навошта? Для мяне нічога няма важней за ўнутраную волю. А сувязь з матэрыяльнымі рэчамі, прывязанасць да каштоўнасцей свету гэтую волю парушаюць. Як толькі чалавек перастае быць гатовым без жалю пакінуць усё, што мае, ён робіцца рабом гэтага! - А хто вам даў права лічыць сябе вольным ад свету? - абуралася я. - Вы не змаглі стацца пустэльнікам, не падманвайцеся. Вас моцна трымаюць зямныя жарсці. А вы не думалі, што Гасподзь абраў вас сваім інструментам, каб праз вашы творы нешта дадалося да агульнай духоўнасці? Хіба можна адпрэчыць галоўны сэнс мастацтва - служыць камертонам прыгажосці, які настройвае душы на ўспрыняцце ісціны?! Пан Палецкі толькі іранічна бліснуў вачыма. - Сучаснае мастацтва ідзе хутчэй па шляху дэструкцыі, разбурэння прыгажосці, вам хіба не ведаць. І не трэба навязваць мне месіянства - цяпер гэта модна, але прэтэндаваць на званне «божага інструмента» - і грэх, і наіўнасць. Так што раю і вам адмовіцца ад гэтай ролі - бязгрэшнай статс-дамы, апякункі дабрадзейнасці пры каралеўскім двары. Вы праносіце сябе па жыцці, як чашу Грааль, вынайшлі для сябе высокі востраў. Быў у мяне сусед па псіхушцы, якому здавалася, што ўсё навокал бруднае, а ён адзін чысты. Так што небараку даводзілася сілком карміць і ўкладваць на ложак, бо ён баяўся запэцкацца. Як вы. Пакуль недасканалыя людзі, якія не могуць адрозніць Канта ад Конта, цягнуць на сабе жыццёвыя крыжы, кожны як можа, і ствараюць тое жыццё, без якога вы - проста мармуровы анёл без сэрца. - Што?! Гэта я - без сэрца? Мы злосна глядзелі адно на аднаго. Вось вам рамантычнае спатканне. Мяне разабраў смех. Вінцук няёмка кашлянуў... і таксама рассмяяўся. Злосць знікла бясследна. Сапраўды, што нам дзяліць у гэтым свеце? У словах кожнага была горкая ісціна. Але крытэрыі, па якіх мы спрабавалі намацаць шлях да адзінай Ісціны, былі ў нас адны. Ёсць крыж, няма, ці нам кідацца ў залатую ліхаманку? Княскі нашчадак раптам спытаў таямнічым шэптам: - Падарожжы ў часе любіце? Я няпэўна паціснула плячыма... Што ён прыдумаў? Вінцук падышоў да бронзавага падсвечніка, які стаяў на камодзе, і запаліў свечкі. А тады выключыў лямпачку. Па пакоі шаргатнуліся цені. Столь згубілася недзе ў вышыні. Цьмяна засвяціліся металічныя аздобы мэблі і рамкі карцін. А вочы на партрэтах зрабіліся бяздоннымі і жывымі. Так, жывымі. Я забылася, што яшчэ нядаўна паблажліва называла гэтыя карціны дылетанцкімі. Мне нібыта адкрылася іншае, сапраўднае, аблічча гэтага дома. Вінцук паднёс падсвечнік да аднаго з партрэтаў. На мяне сярдзіта зірнуў самавіты вусач, лысы, як медаль. - Дазвольце прадставіць вам пана Кабылянскага, палкоўніка ў адстаўцы, уладальніка суседняй вёскі і заўсёднага партнёра майго прадзеда па картах... Вінцук цырымонна пакланіўся. А я што, горш за Папялушку? І прысела ў рэверансе. Ніколі не забуду той вечар. Мы, як дзеці, размаўлялі з партрэтамі, з вазамі, з мэбляй, смяяліся, прыдумлялі страшныя «гатычныя» гісторыі... Баль ценяў... Якія ніколі не пакідалі гэты дом, проста хаваліся па кутах. І гэта можа быць знішчана! Я пачала марыць, каб узамен за знойдзены крыж дзяржава выдзеліла грошы на аднаўленне дома і ўтварэнне ў ім вялікага музея. - А галоўным экспанатам будзе прамы княскі нашчадак! Вінцук скептычна пахітаў галавой: - Два гады таму ў суседнім мястэчку экскаватаршчыкі выкапалі скарб - спрэс золата, срэбра ды каштоўныя камяні. На некалькі сотняў тысяч даляраў. Улады «пранюхалі», змусілі рабацяг здаць скарб і выплацілі на ўсіх... дзвесце даляраў. На падставе афіцыйных актаў аўтарытэтнай эспертызы. І ў самых лепшых абставінах прабабчын крыж нават у музей не змесцяць - ён жа з-за каштоўнасці перліны трапіць у дзяржаўны валютны фонд. Мы ўселіся ў крэслы і чамусьці пачалі ўспамінаць свае жыцці. Я не заўважыла, як расказала Вінцуку пра Альберта, пра Радзіка... Пра свой няўдалы шлях у мастацтва... Чамусьці мне было лёгка расказваць яму ўсё. Як ціха... Утульна... Толькі каміна ўсё-ткі не хапае. Пачуўшы пра маю настальгію па камінах, Вінцук адчыніў дзверцы грубкі, і агонь пачаў выконваць мне свой складаны рытуальны танец. Не хочацца зноў ісці на холад, але Нюта, напэўна, хутка заўважыць маю адсутнасць. Я прыўзнялася. - Ну, мяне чакаюць... Вінцук неяк дзіўна глядзеў на мяне. Як на кітайскую вазу. Раптам устаў, узяў са стала ліхтар.
|
|||
|