|
|||||||
Дагератыпная майстэрня 19 страницаАле гэта было не самае страшнае. Значна горш было другое. Алесь не хацеў чакаць, пакуль выйдзе падрыхтаваны маніфест аб адмене прыгону. I Кастусь з гэтым згаджаўся – калі ўжо яны хацелі мець падтрымку сярод сялян наваколля. Адпусціць людзей трэба было хутчэй, каб мужыкі сарака з лішнім вёсак атрымалі волю раней за іншых, адчувалі, ад каго атрымалі, і ў будучым верылі б ва ўсім гэтаму чалавеку. Загорскі так і зрабіў. Ішла перапіска з Выбіцкім і Вежам. Яшчэ восенню пачалося масавае засведчанне дакументаў аб вызваленні. Мужыкоў вызвалялі з самым мінімальным выкупам (толькі каб не лямантавалі суседзі) і з перадачай у поўную іхнюю ўласнасць той зямлі, якой яны валодалі яшчэ ў прыгоне. У адпускных было таксама агаворана, што, калі справы былога пана з цукроўнямі і іншым пойдуць добра – мужыцкі надзел можа быць павялічаны за кошт панскай зямлі. I вось тут здарылася дзіўная, незразумелая рэч. Што сычэла навакольная шляхта – гэта было зразумела. Сычэла, але баялася, прыціснутая старым Вежам, які, дарэчы, сваіх пераводзіў толькі на лёгкі аброк, даючы магчымасць Алесю гаспадарыць у сваіх вёсках толькі пасля ягонай, Вежавай, смерці. Што раiла адмовiцца ад даравання волi начальства – таксама нiкога не здзiвiла. Пабойвалiся бунту ў наваколлi. I нiчога, аднак, не маглi зрабiць. Пан быў гаспадаром, i ў дзеяннях ягоных не было вар'яцтва. Падпалi ён свой уласны палац – справа iншая, тады i апеку можна было б накласцi. А так яны толькi раiлi ды ўгаворвалi, нацiскаючы на тое, што вызваленне ўсё адно хутка прыйдзе i пры гэтым чаканнi вольныя вёскi сярод прыгонных будуць як фiцiль, забыты ў бочцы з порахам. Здзіўляла іншае: бурчанне мужыкоў. Паўсюль яшчэ было прыхаванае, але ў Татарскай Грэблі і Сцюдзеным Яры вылілася ледзь не ў мяцеж. Сяляне адмовіліся браць волю. Доўга ніхто нічога не разумеў. I толькі потым па наваколлі, невядома кім пушчаная, папаўзла цёмная чутка: – Не бярыце, хлопцы, ашукаюць. Царская воля выгаднейшая. Ніякага выкупу, зямля – уся. Падман задумалі. I на цукроўні не ідзіце. Зноў заняволяць… Алесь напісаў Кастусю і атрымаў параду: абумовіць у водпусках, што, калі надзел і выкуп у "царскай волі" будуць больш выгадныя для мужыка – ён, Загорскі, адпаведна павялічвае надзел і адмяняе выкуп. …I тут, у ясны лютаўскі дзень, запалала нядаўна застрахаваная цукроўня. Тая самая, з двума верхнімі драўлянымі паверхамі, якія Алесь усё збіраўся перабудаваць на мураваныя. Падпалілі невядомыя людзі. Наўрад ці "Ку‑га". Пра яе з дня размовы Вежы з Таркайлам ніхто не чуў. Хутчэй за ўсё нехта з Грэблі. Згарэла ўшчэнт. Успомнілі аб страхоўцы. Пагражаў суд. Уратавала толькі тое, што ў "водпусках" было агаворана аб цукроўнях. Хіба вар'ят будзе, адпускаючы людзей, нішчыць свой жа набытак. Алесь валасы на сабе рваў. Людзі не хацелі даброт. Людзі помсцілі невядома за што, аддавалі жорава ў руках на сініцу ў небе. Трэба ехаць на радзіму. Вось толькі трэці дзень, як у Маскве Кастусь. I сёння нарада аб далейшай арганізацыі. Адседзець і паехаць. Бліжэй да спраў. …Да "Вярбы"[51] было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Кнігі ляжалі на подсціле з лапніку і на сталах. Тут і павінны былі сустрэцца Загорскі і Кастусь. Алесь стаў ля аднаго з гандляроў, няголенага чалавечка з абыякавымі вачыма, і пачаў так, ад няма чаго рабіць, перакладаць кнігі. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі "Северной пчелы". А вось гэта што? "И что собрала посохомъ вымлатила и знашла ячменю… три меры". Што такое? Пальцы гарталі старонкі. "Ту справа всякого собрани людского и всякого града еже верою соединеннемъ ласки и згодою посполитое доброе помножено бываець". Алесь гартаў яшчэ. " Предъсловие доктора Франъциска Скорины з Полоцька во всю бивлию…" Алесь прымусіў твар быць спакойным. – Прадаяце? – Бярыце, гаспадзін. – Ну, і, скажам, колькі? – абыякава спытаў ён. – Калі тры рублі дасцё… Алесь пакруціў кнігу ў руках. – Добра ўжо… Наце… Алесь адышоў ад гандляра, не адчуваючы пад сабою ног. Усё, здаецца, было вакол як раней. Тыя ж муры, плошча, аблокі над ёй. Тое і не тое. Вызваленая ад селядцовага лёсу, ляжала ў яго на далонях кнiга. Ляжала i маўчала. Ён адчуваў, што задыхаецца. Гандлявалі Скарынай. Гандлявалі даўнінай. Гандлявалі ўсім: розумам, праўдай, сумленнем. – Здароў, Алесь, – сказаў за спіною Кастусёў голас. – Здароў. Хадзем? Нам далёка? – Больш за гадзіну добрай хады, – сказаў Каліноўскі. – Ля Дзмітраўскага гасцінца. Сажалкі хутарскія. – То, можа, рамізніка? – Возьмем на Цвярской. Ля Страснога манастыра. Пройдземся давай крыху. Спусціліся да Ахотнага рада. – Ведаеш, што ў мяне ёсць? – спытаў Кастусь. Трохі асіметрычныя вочы Каліноўскага смяяліся. Ён засунуў руку за пазуху і трохі выцягнуў адтуль нумар газеты, якую па адным выглядзе Алесь адрозніў бы ад тысячы іншых. – "Колокол" за васемнаццатага лютага. Свежанькі, лічы. I ў ім – першы такі за ўвесь час заклік да паўстання. – Хто? – Невядомы. Подпіс "Рускі чалавек". – 3 Лондана? – Не, адсюль. Ліст з рускай правінцыі. Магчыма, нейкі хлопец накшталт Волгіна. – Як піша? – "Наша становішча жахлівае, нясцерпнае, – сурова і ціха, на памяць, шапацеў Кастусь, – і толькі сякера можа нас уратаваць, і нішто, акрамя сякеры, не дапаможа! Да сякеры клічце Русь!.." Во так, грамадзянін нігіліст Загорскі. Зразумела? – Становішча сапраўды нясцерпнае, – сказаў Алесь. – Ён мае рацыю. Як думаеш, будзе рэформа падманам? – Яна нічым іншым быць не можа, Алеська. Лаялі Растоўцава, а як здох, то выяўляецца, ён яшчэ нічога быў. Гэта ў нас заўсёды так: "Явился Бирюков, за ним вослед Красовский. Ну, право, их умней покойный был Тимковский". Чуеш, што Панін на пасадзе Растоўцава выкідвае? Конікі якія? – Ну вось. Тады і пачнем, калі зразумеюць падман. Раней мужыка на бунт не ўзняць. А без яго мы пералёты, на корані адсохлыя. Ішлі моўчкі. – А ў цябе што? – заўважыў Кастусь. Загорскі моўчкі працягнуў яму кнігу. Кастусь зірнуў. На хвіліну ў яго задрыжалі вусны. – Першая наша ластаўка, – сказаў Алесь. – Бедная. – Не, – сказаў Каліноўскі. – Не бедная. Ён асцярожна, азірнуўшыся, выцягнуў газету і, расхінуўшы кнігу, паклаў танюткія аркушы ў сярэдзіну тома. Загарнуў. – Хай ляжыць. Тут ёй і месца. – А што, – сказаў Алесь. – Ад першага славянскага водціску і аж да гэтага. Братка ты мой, які доўгі шлях! – Пэўна, яшчэ не канец яму, – Кастусь засунуў кнігу за пазуху Загорскаму. – Пэўна ж, не канец. Яны ішлі якраз паўз Камергерскі завулак. I тут Алесь, узяўшы сябра за руку, моцна завярнуў яго. – Давай, братка, на хвiлiну сюды. Кастусь ускінуў вочы. – Невядома, калi сустрэнемся. Над дзвярыма была шыльда:
Дагератыпная майстэрня
|
|||||||
|