Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня 18 страница



– Ляжы. Ляжы. Ляжы нагі пад нагім небам. Халодна – укрыйся. Горача – расхініся. Не ўставай. Не ўставай. Над табою неба, неба, неба. Ачысціся. Засяродзься на простым… простым… простым. Яны не падмануць… не падмануць… не падмануць.

Ён страціў на хвіліну прытомнасць, а калі ачуняў ад ачышчальнага сну – адчуў, што яго нясуць, відаць, на насілках і над галавою, бо ён не бачыў тых, што неслі. Ён проста нібы плыў між небам і зямлёй, твар і твар з сонцам і небам. І недзе за ім срэбна і звонка, нібы з жарала крыніцы, нібы з жураўлінага горла, спявала труба.

Ён ляжаў.

Мяккая посцілка была пад ім. Халодная прасціна ляжала ў нагах. Ложа стаяла пасярэдзіне альтанкі. Людзі прынеслі яго сюды і пакінулі аднаго, нагога, сам‑насам з небам. Вакол былі ружова‑аранжавыя калоны, узнесеныя ў неба. Ён нічога не бачыў, акрамя іх і неба.

Так ён і ляжаў.

Ён толькі піў ваду і часам браў лёд і прыкладаў да галавы і вадзіў ім па грудзях і руках.

Ва ўсім гэтым, што вакол, была вялікая чысціня і адлучанасць. І ён нібы плыў на сваім ложы насустрач аблокам. Між небам і зямлёй, як на паветраным караблі.

Сядала макавая кветка сонца. Халаднела. Срэбныя трубы пачыналі звінець. Ціха‑ціха, нібы ў іх лілася крыштальная і звонкая вада. І сумна‑сумна, нібы сама зямля развітвалася з сонцам.

Ён амаль не ўставаў. Толькі ў гарачыню абліваўся вадой. Ніхто не прыходізў да яго. Людзей не было. Ён не ўспамінаў і не думаў.

Уначы, прыемна халаднеючы пад прасціной, ён чуў праз дрымаоту крыкі соў. Глядзеў у неба, бачыў, як каціліся з яго зоры.

Прыходзіў дзень. Трубы пачыналі награвацца і звінець радасна. І яму, які саграваўся разам з імі, пачало прааз некалькі дзён здавацца, што гэта ў ім самім звініць цеплыня і вецер, і тое, што вярталася аднекуль, поўнячы свежае цела.

І зноў крычалі совы. І зноў радасна ляцеў сіні зімародак да далёкай ракі. Купаўся ў сонцы. І ўсё гэта было не даўжэй за хвіліну: чаргаванне начных жахаў і цёплага дня, зор і блакітнага неба. Усяго, з чым ён быў сам‑насам.

А калі ён уставаў – бачыў злева Дняпро і парк, у якім як не было будынкаў, а справа – дзікі парк і яр, дзе тады Гелена… Не, ён не думаў пра яе і наогул пра людзей. Людзей не было зусім. Былі там проста вытокі Жараліцы, выйсце вод, выйсце крыніц.

Так ішлі дні. Уначы падалі зоркі. Дзве з іх яны калісьці назвалі сваімі імёнамі. Якія? Ці не ўсё адно?

Не трэба было думаць пра гэта, калі кожны дзень ён уздымаўся пад лятучыя аблокі, прасякнутыя блакітам і гарачым святлом.

Так мінула два тыдні. Ява адступала. Яна з'яўлялася ўсё радзей. Таму што былі неба, аблокі і сонца. І яшчэ вецер і, адзін раз, уначы, навальніца з маланкамі. Свет расколваўся навокал, і Алесь ляжаў нібы ў шатры са сляпучых бліскавіц, схаладнелы ад незразумелага захаплення.

Потым пачало часам прыходзіць узбуджэнне. І яшчэ, нібы праявы, думкі аб жыцці. Спачатку яны былі непрыемныя, а потым сталі нават саграваць. Бо вакол былі зоры і аблокі.

І, галоўнае, неба.

Ён ужо еў. Ён ляжаў і думаў пра ўсё на свеце.

Прыйшла раптам у адзін з дзён пяшчотная туга па кімсьці. І з вострым пранікненнем у праўду ён зразумеў, што няма шчасця ў тым, калі толькі цябе кахаюць.

Кахаць – вось што было шчасце.

І гэта не толькі з жанчынамі. Гэта і ў любові да людзей. Шчасце было – аддаваць. Усё аддаваць жанчыне‑сонцу і ўсім незлічоным чалавечым сусветам, якія жылі і рухаліся вакол.

Праявы жыцця наплывалі аднекуль усё часцей. Чырвоная ад промняў захаду дзічка… Туман, што збягае з зямлі, і паўсюль белыя… белыя коні… Бацька прыкладае да вуснаў рог… Сіняе павуцінне ў паветры… Тромб на сляпучым пяску арэны… Вочы маці, што ўсміхаюцца яму… Кастусь і ён на кані над стромай… Каласы пад сярпом на камені… Кроер, што ўзносіць карбач… Чорныя вішні на падвоканні мансарды… Крынічка варушыць пясок… Твары Кагутоў… Аблічча Стафана… Галіна дуба, працягнутая між зор… Салаўіны пошчак… І зноў Кастусь… І Майчына рука, што паказвае на зоры…

Зямля… Зямля… Зямля…

Аднойчы ў начы ўсё гэта лінула на яго з такой сілай, што ён закалаціўся ад жалю па страчаным часе і ад прагі дзейнасці.

Ён не мог больш ляжаць вось так. Досыць! Мінула тры тыдні. Тры тыдні нібы выкінуты з жыцця.

Была ноч. Ён паспрабаваў устаць, але не здолеў – праваліўся ў кароткі і моцны сон.

… Была ўсё тая самая ноч. Але з цёмнай зямлі – вакол узнесенай у неба альтанкі і наколькі магло ахапіць вока – цягнуліся ўздзетыя ў маленні рукі. Яны цягнуліся бліжэй і бліжэй. І вышэй, нібы на кожную расціснутую далонь павінна была легчы свая, толькі ёй адной прызначаная зорка.

Глухі гул далятаў адусюль, нібы нябачныя людзі наракалі і задыхаліся пад зямлёй.

Рукі цягнуліся вышэй і вышэй. Крычала зямля.

… Ён прачнуўся і ўбачыў край узыходзячага сонца. Сонца пералівалася і гуляла над шатамі дрэў.

Але голас бязмежнага гора яшчэ ляцеў ад зямлі.

І тады ён зрабіў намаганне і ўстаў. Устаў насустрач сонцу і, захінуўшыся ў прасціну, пайшоў з альтанкі.

Спявалі птушкі. Ён ішоў, і крокі рабіліся мацнейшыя і мацнейшыя.

…Ля алеі насустрач Алесю бег Кірдун.

– Паніч Алеська! Паніч Алеська!

І кінуўся яму на грудзі.

– Бож‑жа ж мой! А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць? Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Нават ад Міхалінкі чапавека не пусцілі.

Алесь абняў гэтага першага чалавека са зноў здабытага свету.

– Ну кінь, Халімоне. Бачыш, усё добра. Жывы.

Прагна спытаў:

– Што там новага?

Кірдун зразумеў па гэтым пытанні, што з хваробай усё скончана.

– Трэба, трэба было, каб устаў. Прыбягаў хлапец ад Міхаліны. Вяселле скора. Падганяе пан Яраш.

Алесь адчуў, як сабралася пад скурай пасвяжэлае цела. Вочы звузіліся жорстка.

– Я сказаў, што хворыя. Яе не пушчаюць. Бегчы хацела, – захлынаўся Халява.

– Яшчэ што? – сурова спытаў Алесь.

– Лухта, паніч. За гэты час некаторыя нават не паслалі спытаць, як з вамі… Стары пан пасмейваецца. Кажа: "Б‑бай‑кот", вось як. Увесь заходні попуст наваколля – Таркайлы, ды Браніборскі, ды іншыя… Хаданскі крычаў, стары Мікіта: "Выдыхае старое кубло! Чаго чакаеце, малодшыя?! Хутка і Вежу здыхаць! Ганіце яго, пакуль тая справа, з камітэта ды адусюль. Чырвань з гэтых "чырвоных" пусціць трэба!" Добра, што на зборні большасць малодшых паўсталі на іх. Пана Кастуся Кроера Юллян Раткевіч за дзверы выкінуў. Дуэля была… да першай крыві.

– Забілі некага? – спытаў Алесь.

– Падрапіны ў абаіх.

– Ну, байкот – гэта лухта, – спяшаўся Алесь. – Яшчэ што?

– "Ку‑га" зрабіла аблаву на Чорнага Войну.

– Забілі?

– Выслізнуў… А потым прыйшоў ліст з пагрозаю ад "Ку‑гі" Юлляну Раткевічу.

– За што?

– А д'ябал яго ведае, – Кірдун раптам стаў. – Панічыку, сакрэт.

Нешта такое было ў ягоным голасе, што Алесь таксама спыніўся.

– Думаю, Кроер са злосці прыслаў… Са злосці на Юлляна… Толькі маўчыце…

– Не жартуй, – сурова сказаў Алесь. – Чаму думаеш?

– А каму Юллян калі зашкодзіў… І потым… Памятаеце, Таркайла казаў, што людзі "Ку‑гі" перапынілі лёкая ягонага, Пятра, і далі папярэджане…

– Ну?

– Пятро нічога не ведае, – шэптам сказаў Кірдун. – Я нібы выпадкова загаварыў з ім. Ніхто яго не перапыняў. Нічога ён, Пятро, не перадаваў.

Алесь аслупянеў.

– Таркайлы?

– Яны, пане Алесь, – проста сказаў Кірдун.

Алесь пайшоў, амаль пабег газонам. Белая прасціна лунала ў паветры.

– Наконт Кроера – кінь і думаць. Доказу няма, хоць і падобна на яго. А Таркайлы – маеш рацыю.

Чырвань кінулася яму ў шчокі, вочы блішчэлі.

– Рыхтуйся, Халімон. Мы ім тут зараз дубоў наломім.

Стары Вежа яшчэ здалёк пачуў гоман і зразумеў: абышлося.

І ўсё ж ён звыкла стрымаўся і не выявіў сваіх пачуццяў. Паглыбіўся ў кнігу, а потым кінуў на Алеся такі позірк, нібы нічога і не здарылася, нібы толькі гадзіну назад яны разышліся.

– Чаго гэта крык і шум вялік, і рэчы многія ва ўсіх баярэх?

Алесь расказаў.

– Ну і што думаеш рабіць?

– Украду.

– Ты, братачка, раней чым красці, хоць апраніся. Як ты жаніхацца паедзеш такім Хрыстом. Тут табе не Палясціна і не Эмаус. – І ўсміхнуўся: – Дальбог, ачуняў. Бач ты, як адразу да дзейнасці яго павяло. Ідзеш на шлюб як на злом галавы… Ну, гэта ўсюды так. А яшчэ што?

– Таркайлу трэба правучыць.

– Як? – іранічна спытаў дзед.

– Двабой.

– З ім? Па‑першае, гэта ўжо не двабой, а трыбой. Іх жа двое. А па‑другое, не пойдзе ён з табою біцца. Ён гандляр, хоць і дваранін.

– Трэба, каб Ісленьеў ведаў.

– Нашто? І так яму з намі клопату. Рускія людзі блізка бяруць да сэрца чужыя беды. А яму іх хапала і сваіх, яшчэ з часоў мяцяжу… У справу з Таркайлам старога не цягні. – Падумаў. Затым сказаў: – На Таркайлу нельга глядзець як на роўнага. Загадай, каб запрэглі коней.

…Упершыню за ўвесь час дзед пераапрануўся ў парадную вопратку. Сядзеў побач з унукам велічны і строгі. Маўчаў усю дарогу да дома Таркайлаў. Калі фурманка спынілася, сказаў Алесю:

– Чакай мяне тут.

Пайшоў у дом. На парозе паспрабавала была ўтрымаць Сабіна.

– Брата няма дома. Толькі панскі брат.

– Ён мне і патрэбен.

І прайшоў паўз яе.

Тодар Таркайла ўбачыў Вежу і разгубіўся.

Па сполаху ў вачах Вежа ўпэўніўся: ён.

– То як панавы справы?

– Якія? – спытаў Таркайла.

– Пан ведае якія. Не мне іх яму нагадваць.

– Я, прабачце, не разумею…

– Дарма. А манастыр пан Тодар помніць?

– Дальбог жа, не…

– До, – кінуў Вежа. – Не будзем траціць часу. І ты ведаеш усё, і я. Не мне гэта ўсё ўдакладняць. І не мне, вядома, на цябе даносіць. Але папярэджваю, Тодар, каб ведаў, на што ўздымаеш руку. Хлопчык мой Алесь… Крыўдзіць яго і цару не дам, а табе і пагатоў.

– Вы забываецеся…

– Я – не. А вось ты забыўся. Ты ніколі не думаў, чаму твае вэксалі Платон Рылаў з Веткі на спагнанне не падае?.. А дарма. Падумай. Вэксалі тыя ў мяне. Не хацеў я ганьбы чалавеку адной зямлі, двараніну. Трэба табе прыйсці – да каго ўжо сам ведаеш – і прасіць дазволу tirer mon épingle du jeu[49].

– Я не разумею…

– Кінь. Кінь, кажу. Усё разумееш. З тваім розумам не ў палітыку лезці. Толькі ў гароху сядзець. І іншым скажы, Вежа іх таксама ведае. І не злітуецца. А таму, калі яшчэ нехта ў загорскім наваколлі хоць раз кугакне – я цябе жабраваць пушчу.

Памаўчаў.

– І гэта яшчэ не ўсё. На месцы манастыра – попел. Будзе ён і на месцы вашых дамоў – колькі іх ні ёсць. Цярпеў я. Дарма трываў. Больш не буду. На тым – бывай.

…Коні беглі мерна. Стары маўчаў. І толькі ля павароткі на Вежу раптам пачаў гаварыць, нібы сам сабе:

– Лесінг казаў, што трэба заўсёды выбіраць левую руку або імкненні, а не правую або даброты… Вось ты і кіраваўся б гэтым… Ды хіба вас пераканаеш хоць якой мудрасцю.

І нелагічна раззлаваўся.

– А ты – лабідуда. Хіба ў нас такія былі? Я б зараз на разведку паехаў – pour préparer et sonder le terrain, et pour que cette visite ne présent pas le pas le caractére peu satisfaisant de la premiére[50].

Сціснуў кій.

– Я б Раўбічаву дачку жывою звёз. Павянчаўся. Царква мая. У Мілым. Гэтага смярдзючага племя, папоў, бліжэй чым на сем вёрст не цярплю, але на такі выпадак – нічога…

 

XI

 

Сіні мяккі дзень ляжаў над паплавамі. Сонца ўжо хілілася на захад. Невялічкі лясны астравок над спакойнай і па‑асенняму густа‑сіняй Равекай здалёк здаваўся бязлюдным і ціхім. Пажоўклыя бярозы стаялі над плынню, гарэлі добрым і негарачым агнём, асыпалі часам на траву рэдкія жарынкі лісцяў.

Праз Равеку, ірвучы конскімі грудзьмі гарлачыкі, ехаў унаброд коннік. Праставаў да ляснога астраўка. На ўзлессі азірнуўся і знік між дрэў.

…Астравок быў поўны людзьмі. Прывязаўшы да хмызоў коней, яны чакалі.

– Што чуваць, Кандарт?

Кагут наблізіўся да Алеся, скочыў з каня.

– Пан Яраш гамоніць са старым Хаданскім. Зачыніліся з гадзіну таму, і не відаць, каб хутка скончылі. Тэкля, карыстаючыся выпадкам, збірае сякія‑такія рэчы паненкі.

– Што загадала перадаць?

– Каб на захадзе сонца чакалі ля пралому ў агарожы.

Кандрат раптам усміхнуўся.

– Бачыш, дзе мы?

– Нягож, – сказаў Алесь. – Апошні наш начлег. Калі Война на нас наехаў. Вунь яно.

Андрэй Кагут усміхнуўся.

– А там далей мы чулі, як Раўбіч з гармат страляў, калі малодшая нарадзілася.

Маўчалі. Алесь успамінаў словы з апошняй Майчынай запіскі: "Дзед меў рацыю калісь. Цяжкасці зрабілі сваё. Вазьмі, забяры мяне адсюль, родны, любы".

Ён паклаў руку на кішэнь, ля сэрца, намацаў там запіску, і яму стала цёпла.

– Што ж, хлопцы, трэба, відаць, выбірацца. Мсціслаў, ты тут?

– Але?

– Значыць, колькі нас… Ты, я, блізнюкі… Мацей Біскуповіч, Янка Клейна, Кірдун, Паўлюк… Восем чалавек. І яшчэ Кандраці з шасцю палясоўшчыкамі. Т‑так. Ну, гэтых адразу кіруй у Мілае. Хай трымаюць царкву. Каб ніякага выпадку не магло быць.

– Не будзе, – сказаў Кандрацi. – Людзi верныя, з тых… Памятаеш, што пан схаваў, калi банду Прайдзiсвета пабiлi. Дзецi ды ўнукi iхнiя. Жыццём абавязаныя людзi.

Старшы пад'ехаў да купкі людзей, нешта растлумачыў ім. Праз хвіліну людскі ланцужок праскакаў да Равекі, успеніў ваду, выбраўся на сухое і папраставаў полем у бок Мілага.

– Ну вось, – сказаў Алесь. – Кранулі. Ля агарожы бяром яе і скачам чуйдух. Коней не шкадаваць: за кубкі заплачана – біце. На выпадак калі трывога – ты яе, Мсціслаў, бярэш і скачаш, а мы…

– Хто з ёю вянчацца збіраецца? – спытаў Мсціслаў. – Ты ці я? Гэта, брат, не вайна. Тут хочаш не хочаш – будзеш уцякаць першы. Кагуты з табою… Не… Паўлюк з табою і Янка…

– А я? – спытаў Андрэй.

– Ты з Кандратам і я прыкрываем, – сказаў Маеўскі. – Будуць даганяць – біце па конях.

Засмяяўся:

– Калі ў каго з вас коней падаб'юць, астанецца Ян Клейна. Яго ў цемры не спаймаюць.

– Зайздросціш? – весела спытаў арап.

– Нешта ты мяне забыў, – сказаў малодшы Біскуповіч.

– Ну, ты, вядома, са мною. Разам шкодзілі – разам і адказ… То давайце, хлопцы, па стрымянной дый да Раўбічаў.

Выпілі з пляшак. Крэбс падвёў коней:

– Пістолі ў саквах.

Змужнелы рашучы Паўлюк першы ўскочыў у сядло.

– Спяшаецца наш акадэмік, – сказаў Кандрат. – Нібы гэта яму жаніцца.

– Два курсы адолеў, – сумна ўсміхнуўся Андрэй. І не ўбаяўся "бездны премудрости".

Тромб заскакаў пад Алесем.

Загорскі ўзяў павады Касюнькі. Янка Клейна са стрэльбаю ўскінуўся на Ургу.

– Коні немаладыя, – сказаў ён.

– Нічога, – сказаў Крэбс. – Коні верныя. Калі ўжо налажыць галавою, то з коньмі, з якімі жыццё пражыў.

Картэж рушыў. Крэбс сцепануўся – прыпякла гарэлка – і шчасна засмяяўся:

– Вось гэта жыццё! Не жыццё, а балада.

Асветленыя, залітыя сумнай барвай захаду, конікі рушылі.

Ступою, каб перадчасна не стаміць коней, хаваючыся, дзе можна, у ярах, мінулі паплавы. Узбуджэнне ўзрастала. Калі пад'язджалі да паркавай агарожы – Андрэй забыўся да таго, што знянацку для самога сябе зацягнуў:

 

Вой жа вы коні,

Коні,

Коні,

Ночка цёмная…

 

Кандрат даў яму ў каршэль.

Алесь адчуваў, што баіцца ў гэтай кампаніі, відаць, толькі адзін ён. І не за сябе, а за тое, што можа сарвацца. А ўсе астатнія – нібы п'яныя. Ім лёгка. Сарвецца справа, і ўсё. У горшым выпадку шыю скруцяць, упаўшы з каня. А як быць яму, Алесю?

Ён згаджаўся, аднак, што яны маюць рацыю. На іхнім месцы і ён ехаў бы як п'яны.

– Алесь!

Ён зірнуў праз краты ў парк і ўбачыў яе. Яна бегла ля агарожы, дакранаючыся да яе рукою. Шукала і не знаходзіла месца, дзе быў выламаны пруток.

Кандрат памчаўся наперад:

– Сюды! Сюды! Майка, сюды!

Яна бегла да пралому, які ён паказваў. Дзіўна, ёй яшчэ зарана было з'яўляцца. І рэчаў не было ў руках.

Ён зразумеў чаму, пачуўшы нейкі вэрхал у глыбіні парку. Нешта перашкодзіла.

– Сюды, Міхаліна, сюды!

Рукі Кандрата падхапілі яе. Потым Кагут нібы вырваў яе з‑за кратаў, панёс дарогаю да коней.

Алесь схіліўся, падхапіў на рукі, узняў з адчуваннем, што мог бы падкінуць і да неба, пасадзіў у Касюньчына сядло. І толькі тут здагадаўся, што магло насцярожыць раўбіцкіх.

На Міхаліне былі нагавіцы і дзве паласы з шатландкі, што ўтваралі нібы сукенку, разрэзаную па баках. Нічога падобнага на звычайную польскую ці рускую амазонку. Не для жартаў, не для паездачак, як тая. Сапраўдны строй для скачкі не на жыццё, а на смерць, на злом галавы. Наважылася, наважылася на ўсё. Насцеражыла ўсіх.

– Дурнічка, дурнічка мая!

Паркам беглі да агарожы нейкія людзі. Ён не бачыў у паўцемры, якая ўжо стаяла між дрэў, – хто?

– Ходу! Ходу, хлопцы! – хрыпла сказаў ён.

Коні рванулі з месца. Закурэў пыл, пацягнуўся ўсё даўжэйшым і даўжэйшым хвастом. Пошчак падкоў пралунаў у халаднаватым вячэрнім паветры.

Сядала за даляглядам, злева, вялізнае халоднае сонца. Амаль стоячы ў страмёнах, схіліўшыся, адарваўшы цела ад высокай лукі сядла, яны імчалі ў сутонне шалёным намётам, калі не звяртаюць увагі, што на дарозе, што вакол.

 

Царква ў Мілым была храмам‑крэпасцю. Іншых тут бадай што і не будавалі чатырыста – пяцьсот год назад. Вязіны прастакутнік з мурамі ў два сажні таўшчынёй, з круглымі вежамі на кожным рагу. Вокны‑байніцы толькі на вышыні чацвёртага паверха, у тры ярусы: для ніжняга, сярэдняга і верхняга бою. Крутыя стрэхі са свінцовай чарапіцы. Нізкія дзверы, акутыя жалезам, з кратамі, што падаюць са скляпення на каменную падлогу. Вакол – роў.

Царква ўзвышалася над усім наваколлем, і, калі кавалькада ўзляцела да муроў, людзі ўбачылі недзе далёка‑далёка, вёрст за дзесяць, і ля Раўбічаў дробныя бліскаўкі паходняў.

Алесь зняў Міхаліну з каня.

– Крэбс, бярыце коней і ганіце з імі ў Вежу.

Мсціслаў паказаў на бліскаўкі.

– Не губляйце часу. Давайце, Крэбс, хутчэй. Калі возьмуцца страляць – хай Вежа ведве: здавацца не будзем, хоць бы яны сюды полк прывялі.

– Давайце ў царкву, – сказаў Мсціслаў.

Завалілі за сабою дзверы.

У царкве ўсё было прыгатавана. Поп, вядома, не мог ухваляць гэтых богаабрыдных уцёкаў, але звязвацца са старым панам баяўся яшчэ больш. Выганіць і адсюль. Ды і ў Мілым сядзець не так ужо і дрэнна. Толькі што пашаны менш, але бог ужо з ёю, з пашанай, калі грошай – хоць мятлою мяці. А пашана што ж? Пашана – даброта часовая.

Алесь не мог нават уявіць, што ўсё гэта адбываецца з ім, што гэта для яго гучаць галасы пеўчых, што гэта для яго ляжаць на аналоі крыж і евангелле, што сябры сышліся тут таксама для яго і на гулянку і на смерць, якая вось‑вось можа прыскакаць да гэтых муроў.

І ён не мог і падумаць, што гэтая дзяўчына, злева, звязваецца з ім усім гэтым у нешта апошняе і неразрыўнае.

Ён скоса глядзеў на Міхаліну і здзіўляўся нават таму, што яна тут. Такая нейкая чужая і не свая. Вялікае шчасце, што Мсціслаў паклапаціўся аб уборы: ведаў, што магла нічога не паспець узяць.

Дзіўна, якая чужая яна стаяла побач з ім. І гэты водбліск свечкі, што дае ёй у руку поп.

Адразу за гэтай думкай ён адчуў пякучы сорам. Здрадай гэта можна было назваць, вось чым.

І ўсё ж гэты пярсцёнак, што зараз знялі з прастола… Трэба што, абмяняцца ім? Тройчы? Што гэта азначае? Што ўзаемна будуць палягчаць жыццёвы цяжар? Адкуль ён ведае, які ён, гэты цяжар, каму трэба рабіць палёгку? Ён жа не ведае нават яе, той, з якой назаўсёды хоча звязаць жыццё! Гэта назаўсёды можа быць і доўгае, а можа і скончыцца праз гадзіну ад залпа, які рване па галерэі, знадворку. І, аднак, ён ведаў, чым рызыкаваў, ідучы сюды.

Голас папа замілаваны. Ён уздымае вочы ўгору.

Алесь зноў пакасіўся на яе. На вуснах блукае ўсмешка. Агеньчыкі свечак адбіваюцца ў шырокіх і сініх,

як марская вада, вачах.

Халоднае золата старога вянца лягло на лоб. Старая рэліквія загоршчынскай царквы. Не менш як трыццаць пакаленняў адчувалі яго вось так, лобам.

Суровыя твары сяброў былі каля сцен і вакол. І між іх, побач з ім, стаяла яна, гатовая на ўсё.

– Пане божа наш, славаю і гонарам вянчай я, – пралунала.

Чаша з віном ля вуснаў. І вось яе рука ў ягонай руцэ. Невядома адкуль з'явілася раптам радасць. Толькі

адзін дотык рукі вярнуў яе, і цяпер ужо назаўсёды… назаўсёды… назаўсёды… Ён паўтараў гэтае слова, як клятву.

Абкружылі сябры. Пайшлі ў іх атачэнні да прыступак на хоры. Узняліся амаль на палову вінтавых сходаў, калі знізу, ад дзвярэй, даляцеў поўны і гулкі, бы ў бочку, гук: ударылі чымьсці цяжкім.

…З вышыні галерэі яны ўбачылі паплямаваны паходнямі поплаў і коннікаў. Чалавек пяцьдзесят.

Ля самых дзвярэй у царкву стаяў дзіўна кароткі – з вышыні – Франс Раўбіч. Трохі далей, ля коней, стаялі малады і стары Хаданскія. Яшчэ далей – Раўбічава шляхта, Браніборскі, яшчэ і яшчэ людзі, Мнішак.

Апошні сустрэўся вачыма з вачыма Янкі Клейны, крэкнуў і, махнуўшы рукою, павёў каня з паплаўца. Астатнія стаялі.

– Адчыні, – сказаў бляднейшы, чым заўсёды, Франс.

– Што табе трэба, Франс? – спытаў Алесь.

– Злодзей, – сціснутым голасам сказаў Франс.

Магчыма, ён і не сказаў бы гэтага, каб не пёк сорам перад Хаданскімі.

– Злодзей цяпер ты, – спакойна сказаў Алесь. – Тут няма цяпер Майкі Раўбіч. Тут ёсць мая жонка перад богам і людзьмі – Міхаліна Загорская… Я раю табе лепей ехаць дадому, Франс. Мы можам сустрэцца потым, калі хочаш.

Франс развёў рукамі.

– Відаць, досыць, – сказаў ён. – Давайце бярвенні, людзі.

– Не рабі гэтага, – сказаў Алесь. – Не рабі таго, аб чым пашкадуеш. Я люблю цябе, браце. Ты сапраўды цяпер мой брат. Не я завёў тую свару. Я заўсёды хацеў, каб быў мір. Нам абрыдла, што з‑за дурной спрэчкі гінуць лепшыя нашы гады. І таму я вымушаны быў пайсці на гэта, хоць я вельмі шкадую, Франс. І я прашу твайго даравання.

Раўбіч, здаецца, не ведаў, што яму казаць.

– Бач, запяяў, – сказаў, – сказаў Ілля Хаданскі.

– Я не баязлiвец, Франс, ты ведаеш. Я проста хачу мiру. Не крыўдзь сваёй сястры, а маёй жонкi.

– Досыць, Франс, – сказаў стары Хаданскі. – Ты можаш ісці. За крыўды адплацім мы.

– Як? – спытаў Франс.

– Яна зробіцца ўдавой Загорскага, не паспеўшы зрабіцца жонкай.

Алесь змрочна кінуў:

– Я не хачу і тваёй крыві. А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі не стану страляць у цябе. Мне дарагая мая жонка.

– А калі стрэлю я? – спытаў Франс.

Алесь паціснуў плячыма.

– Не прыніжайся, – раўнуў раптам Мсціслаў.

– Я не прыніжаюся, ты бачыш.

– Мы яму не дамо расстрэльваць цябе, – пачырванеў Паўлюк. – Я буду страляць. Чуеш, я?!

– Чуеш, Франс? – сказаў Алесь. – Магчыма, яны. Але не я.

– Адчыні, – сказаў Раўбіч, – не заўдавай сабе ганьбы.

– Я не магу гэтага зрабіць, – спакойна сказаў Алесь. – Я не веру вунь тым. Я схіліў на гэтую справу сяброў і адказваю за іхняе жыццё і бяспеку.

Франс адышоў прэч ад царквы. Нешта горача казаў яму Ілля Хаданскі. Раўбіч ашчаперыў рукамі галаву. Хаданскі казаў далей. Франс ківаў галавою. Потым глыбока ўздыхнуў і агледзеў вежы і гульбішча царквы.

– Франс, – сказаў Алесь, – адумайся, пакуль не позна.

Замест адказу пралунаў стрэл з купкі дваран ля старога Хаданскага. Паляцела грубая жоўтая атынкоўка

ля галавы Алеся.

У адказ галерэя залапатала нягучнымі стрэламі.

– Людзі! Людзі! Адумайцеся! – гарлаў Алесь. – Што вы робіце? Людзі!

Замалаціла свінцовым бобам па свінцовых чарапіцах над галавой.

Мсціслаў сунуў у Алесевы рукі стрэльбу.

– Бі! Бі і не крычы! Яны гэта не так зразумеюць!

І тады Загорскі, захлынаючыся гневам і роспаччу, прыпаў да прыклада.

Стрэльба была новая, пістонная. Яна нечакана зручна лягла да пляча. Алесь убачыў на канцы рулі галаву Іллюка Хаданскага і націснуў курок.

Ілля схапіўся за галаву і павольна заваліўся назад, на рукі сябрам.

– Няўжо забіў?

– Ну і чорт з ім, хоць і забіў, – прахрыпеў з правага боку мурын.

– Не забіў! – раптам амаль з радасцю крыкнуў Андрэй Кагут. – Не! Бач, устае. Аглушыў, відаць, толькі.

Ра‑та‑та, – сыпанула па чарапіцах. – Ра‑та‑та.

– Бач ты, – сыпануў Кандрат. – Гэтак вельмі проста і забіць могуць.

Стрэлы з галерэі нібы паступова апаясвалі царкву.

Янка Клейна, першы з закранутых, сядзеў на каменных плітах падлогі і, лаючыся, накладаў корпію на прастрэлены мускул прадплечча.

– Глядзі, – сказаў Кандрат. – Чырвоная.

– Яна, браце, ва ўсіх чырвоная ды аднолькавая, – сказаў Андрэй. – Ва ўсіх людцаў, колькі іх чыста ёсць на зямлі… Сволачы… Навалач, прама сказаць… Што, Янка, кусь?

– Кусь, – усміхнуўся той. – Нічога, неяк зажыве.

Мсціслаў прыглядаўся, што робіцца ўнізе.

– Глядзі, – сказаў ён. – Вось нягоднікі.

Людзі ўсталёўвалі наводдаль дзве гарматы. Парадныя. З Раўбічавага ганка.

Алесь адчуў холад у пазваночніку. Холад пракаціўся некуды ўніз і знік у нагах.

– Гэта, калі і не пацэліўшы, у галаву патрапіць, – сказаў Кірдун. – То пэўна дзірка будзе з палац пана

Вежы.

Запанавала маўчанне. Потым стары Кандраці павольна перажагнаўся.

– Гарматы, – сказаў адзін з палясоўшчыкаў.

Кандрат Кагут абвёў усіх вачыма.

– Мы народ сур'ёзны, – сказаў ён. – Жартаваць не любім.

Са свістам хвастанула па балюстрадзе і даху карцеч.

– До жартаў, хлопцы, – сказаў Мсціслаў. – Біце па гарматах, іначай жывыя не выйдзем.

Алесь высунуў галаву. Ілля Хаданскі падносіў шматок зыркага пакулля да запальніка. На галаве ў Іллі

бялела павязка.

І раптам нешта здарылася. Чыясьці рука выхапіла кнот з рукі ў графа. Той паспрабаваў быў перахапіць яго назад. І тады тая самая рука гучна прыпячаталася да шчакі маладога чалавека.

– Чакайце, хлопцы, – непаразумела сказаў Мсціслаў. – Не страляць. Баба.

Сапраўды, між людзей, што трымалі абдогу, рухаліся дзве жаночыя постаці.

– Дамоў, – сказала жанчына голасам Надзеі Клейны.

– Я раіў бы ісці дамоў вам, пані Надзея.

– Ідзі дамоў, Франс, – паўтарыла Клейна. – Там зараз адна Ядвінька. Яна баіцца. Нават лекара яшчэ няма. Паслалі ў Вежу.

– Гэта нашто?

– Маўчы. Хадзем, Эвеліна.

Клейна ўзяла руку Раўбічаву пад руку і рушыла з ёю да царквы.

– Гэй, – сказала яна, – кідай зброю! Янка, гэта ты там, паршывец? Кідай зброю, кажу.

Янка крэкнуў.

– Мужыкі‑і, – сказала Клейна. – Вайны ім пільна не хапала. Жонкам ды маткам варта было б за вас узяцца. Ды каб кожная па галаве знянацку дала, каб аж Маскву ўбачылі… Ану, кідай зброю! Хто там галоўны? Загорскі малады? Ану ўставай, яны страляць не будуць. Ды Міхаліну сюды, скура б на ёй так гарэла.

Паўлюк і Андрэй пабеглі па Майку. Прывялі.

– Ты што ж гэта нарабіла, га? – спытала ваяўніца. – Бачыш, маці ледзь на нагах трымаецца. Канчай вайну. Міхаліна!..

– Што? – сказала ледзь жывая ад сораму Майка.

– Дрэнныя справы, доня. З тваім бацькам удар.

Склала рукі.

– Міхаліна, сыдзі. Богам клянуся, ніхто не зачэпіць. Іначай Франсу давядзецца ў маці страляць, і іншым – у жанчыну. Сыдзі, дзетухна. Зробім выгляд, што памылковая трывога… Можа, яму і жыць нядоўга.

Майка глядзела на Алеся.

– Не ведаю, Міхаліна.

– Алесь, – сказала Клейна, – не ўпірайся. З'едзеш адсюль месяцы на два далей ад улад, пакуль мы будзем кругавую паруку трымаць. Вернешся – пан Яраш ачуняе. А тады – слова табе даю – тут сама яе прывяду.

Алесь глядзеў у зямлю.

– Алесь, – сказала Майка.

– Ідзі, – сказаў ён. – Я пачакаю. Я цябе заўсёды буду чакаць.

– Я таксама буду чакаць, Алесь.

Яна рушыла па прыступках уніз. Зніклі ногі, грудзі, плечы. Галава ўскінула на яго вялікія вочы і сумна схілілася.

Ляснулі ўнізе завалы. Потым Майка з'явілася побач з Клейнай, і тая паклала ёй на плячо руку. Франс зрабіў крок да іх.

– Адкасніся, – сказала Клейна. – Яна – мая, пакуль мужу ў рукі не перадам.

 

XII

 

Алесь ішоў вуліцамі Масквы. Сакавіцкі набрынялы снег мякка паддаваўся пад нагамі. Ззялі непадалёк купалы крамлёўскіх сабораў. Праляталі часам з Замаскварэчча, Краснай плошчай і на Манежную купецкія тройкі: пачыналася масленіца.

Загорскі скінуў шапку, праходзячы паўз Іверскую, а потым спыніўся і пачаў глядзець на плошчу. Другі месяц ён жыў у Маскве, і кожны раз пагрозлівай і гордай прыгажосцю ўражаў яго гэты куток зямлі.

Вярнуцца да берагоў Дняпра ўсё не выпадала. Праўда, гісторыя з Майкай амаль забылася. Адразу пасля штурму царквы ў Мілым Клейна завезла Міхаліну ў Раўбічы, супакоіла пана Яраша і вырашыла, разам з Майкай і Ядвіняй, знікнуць на пару месяцаў з наваколля.

Адразу пачала дзейнічаць кругавая парука. Пад ціскам грамадскай думкі нават Хаданскія, што не хацелі хлусіць, вымушаны былі сказаць, што ніякай аблогі не было.

Пан Яраш ужо трохі хадзіў. Адпусціла. Але пра Алеся з ім баяліся і гаварыць, тым больш што Франс сказаў аднойчы: "Яна яго жонка і не можа быць больш нічыёй. Але і ягонай яна не будзе".



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.