|
|||
Дагератыпная майстэрня 13 страница– Спрачацца з вамі будуць, сварку завядуць. Баючыся бунтаў у сваіх вёсках. А тыя паўставаць будуць, бо вашым пазайздросцяць. – І правільна. Яны не горшыя. Наіўны і ўсё яшчэ маладжавы твар пана Адама чырванеў: – Дык гаспадары ж аб'яднаюцца супраць вас. Ці мала ў іх спосабаў?! Прычэпяцца да нейкай лухты, дуэль – і ўсё… Глотку перарвуць. – Хай паспрабуюць, – суха сказаў Алесь. – І вось што я вам скажу. Прашу вас не лічыць гэтую маю меру канчатковай. Не забывайце аб гэтым ніколі. Я пайшоў на гэтую паступавасць са зразумелай чалавечай боязі: каб перадчасна не адсеклі магчымасці весці справу далей. – Як? – спытаў нехта. – А вось як. Цалуйце евангелле і стаўце подпіс пад дакументам. У ім умова між мной і вамі, што вы ручаецеся сваёй маёмасцю і гонарам за маўчанне аб тым, што вы тут пачуеце. – Княжа… – сказаў з дакорам нехта. – Я ведаю. І ведаю, што нашы мужчыны ўмеюць маўчаць. Але, магчыма, нехта… маладой жонцы… І тады будзе перадчасны бунт мужыкоў у іншых вёсках, прыйдуць салдаты, будуць страляць і нічога не дадуць давесці да канца. Так што прашу разглядаць евангелле не як крыўду, а як знак вышэйшага майго даверу да вас. Бо ў вашы рукі я аддаю сваё жыццё і гонар… Людзі паставілі подпісы. – За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова надзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Большага мы пакуль зрабіць не можам, але і на гэта прыйдзе час. У Выбіцкага былі ў вачах слёзы. – Княжа, – сказаў ён, – гэтага мы вам ніколі на забудзем. Не трэба было евангелля, княжа. – Ну, а маладой жонцы? – усміхнуўся Алесь. Усе зарагаталі, зразумеўшы, што малады князь мае рацыю. – Праўда, – сказаў Адам. – Калі нешта прасочыцца – мы ўсе адмаўляемся. І я кажу вам усім: таго, хто звякне, я заб'ю самачынна. Хто пойдзе са мной? Людзі схілілі галовы на знак згоды.
Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга. Алесь вырашыў перабудаваць пры першай магчымасці цукроўні, каб былі каменныя. Ён, урэшце, зрабіў тое, на што ніяк не мог адважыцца пан Юры: застрахаваць усе будынкі. І няхай навакольныя святошы лямантуюць, што гэта нібы змаганне з воляю пана бога. Ля Азярышча заклалі на стапелях восем барлін: на кіеўскім кантрактовым кірмашы заўсёды вялікім попытам карысталася паўночная бульба для бровараў. "Паклалі рад" з аршанскімі вапеннымі капальнямі і залажылі вышэй Оршы яшчэ шэсць лайбаў: паўднёвым заводам трэба была вапна. Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку. Усё адразу. Усё на гэтым тыдні, сёння, зараз. Здохнем, калі не зробім. Рызыка? Без рызыкі жыццё не жыццё. Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія. У вёсцы Бель, самай закінутай з яго вёсак, за Копысем, адсутнасць промыслаў і неўраджаі давялі людзей ледзь не да роспачы. Карчма давяршыла справу гарэлкай, пазыкамі, распустай. Даведаўшыся аб гэтым, Загорскі наляцеў туды, сунуў у зубы прайдзісвету‑карчмару мужыцкі доўг і выгнаў яго з сяла. Жонкам былі дадзены грошы, і пад гэтыя грошы да самага ворыва мужчыны пацягнуліся на аршанскія стапелі: валіць лес і ламаць вапну. Губернатар Аляксандр Беклемішаў выклікаў быў яго да сябе і паспрабаваў крычаць, што яго дзеянні пахнуць разбоем: пагнаў людзей, збіў карчмара і сядзельцаў. Не на таго напаў. – Пане Аляксандр… Вось вам вартасць карчмы, а вось падманныя распіскі карчмара на ўпяцёра большую суму. Я не патрабую яе ад казны. І дазвольце мне самому ведаць, што я магу і чаго не магу рабіць у сваіх уладаннях. Спойваць народ я не дам. Раю таксама ўспомніць, што губернская казна дагэтуль вінна нашаму роду за пабудову школ і шлюзаванне Друці. Я не думаю, што мне было б прыемна спагнаць гэтыя грошы сёлета, усяго праз год пасля сканчэння тэрміну… – Супакойцеся, – сумеўся губернатар. – Чорт з ім, з карчмаром. – Гэта прайдзісвет. Капейку ў скарб і рубель сабе. Ціхенька прапоўз па наваколлю, а там – як Мамай прайшоў! Вы далі яму месца ў Доўску? – Скарбу патрэбны грошы, – сказаў губернатар. – Скарб – справа святая. – І вы казалі мне пра разбой, – з дакорам сказаў Алесь. – Я не раіў бы вам трымаць такіх людзей… – Я падумаю, – губернатар сапраўды вырашыў не сварыцца, бо помніў, чым усё гэта скончылася для Жэгуліна, фон Берга і яшчэ некаторых, што заеліся з Вежам і таму не праседзелі на пасадзе і года. І губернатар сказаў: – У беднасці вінавата пасіўнасць тутэйшых людзей, а не мы. Аддалі гандаль у рукі стараверам ды жыдам. Алесь засмяяўся, але так, што губернатару стала ніякава. – Пры чым тут яны? – сказаў Загорскі. – У гэтым вінаваты мы з вамі, пан губернатар, наша нецярпімасць, наша гнілая прадажнасць… І тых і другіх гоняць за веру… У нас яны калісьць знайшлі прытулак. І мы жылі з імі добра. Нам было дзікавата, што моляцца не так, што адны трымаюць для нас асобныя кубкі, а другія чамусьці раз на год будуюць буданы і ядуць там… Ну і чорт з імі, кожны вар'яцее па‑свойму… Але іх знайшлі. За тое, што ксцяцца двума пальцамі, тройчы рабілі з Веткі пустыню, забівалі, палілі жыўцом. За адзін палец здымалі галаву, а яна ў чалавека – адна. А раскольнікі – харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй – мову, звычаі – збераглі, не растрэслі… То іх у падзяку, забываючы словы Пятра, што абы падаткі плаціў, а маліся, як хочаш, мёртвых кастрамі складалі ды дзяўчат гвалціла салдатня… І іншыя дасталі… Полацкіх усіх жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі… Апрычнік у расе, пёс шалёны – Грозны, кацюга. Зрабілі ім зямлю гэтую – чужой. То чаго здзіўляцца?! З чужога – грабі! – Князь… князь… Супакойцеся. – Вось так, – саромеючыся прыпадку гневу, сказаў Алесь. – Гэта маё вам, пан губернатар, слова. І не вінавацьце нашых людзей у пасіўнасці. Яны проста грэбуюць гандлем, таму што гандаль таксама зрабілі разбоем. І яшчэ імя гэтай пасіўнасці – няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежала ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Ну іх да д'ябла. Калі малады Загорскі пайшоў – губернатара доўга яшчэ нібы вадзіла. Чорт! Манеры ледзь не версальскія, мова мужыцкая, вопратка разбойніцкая, думкі – якабінскія… Але не якабінскімі былі думкі Алеся. Балела душа, бо ўсюду было адно банкруцтва. Палі, зарослыя пырнікам, бо не было капеек на жалезную барану, варварская падсочка дрэў, знішчаная адкідамі ватнай фабрыкі рыба ў Пуцейне, бярозавыя прысады і абсады якраз на вапенніках і пясчаных землях, дзе так патрэбна вада, бязглузда асушаныя балоты – ад рэзкага зніжэння вадзянога слою пасохлі навакольныя лясы. Страты, страты, страты… Грошы, пушчаныя на вецер. – Лепей бы вы iмi печы палiлi, галовы яловыя! Вёска галадуе, жыве ў цемры, зямля знясілена. Прамысловасць – саматужная, гандлю няма. І спяць, спяць усе, як учадзелыя, не ведаючы, што сон учадзеламу – смерць. І злуюцца, калі будзяць. То цягні, цягні іх гвалтам з чаднай хаты. Няхай кусаюцца – цягні! Вясна пазнілася. На пачатку красавіка яшчэ ляжаў снег, і было золка і дрыготка, а ноччу марозіла. У адзін з вечароў Алесь абыходзіў конскі завод. Коней трэба бало перавесці ў запасныя стайні, каб зрабіць генеральную прыборку, пабелку, чыстку. Гэта збіраліся рабіць сёння ж. Пераводзіць было даволі лёгка. Звыклыя да вольнага выпасу ўлетку, коні і за зіму не адвыклі слухацца табуннага важака і верхавода, вогненнага жарабца Дуба. Куды ён – туды і табун. Дуб раптам здурэе і пагоніць напрасткі – і астатнія за ім. Алесь адпусціў людзей вячэраць, а сам апошні раз аглядаў новыя стайні, а потым пайшоў па старых, каб пасля Зміцёр, Логвін і іншыя ўпраўляліся ўжо без яго. Ён хацеў памыцца, пагаварыць з маці і потым ехаць у сухадольскую зборню. Майка паведаміла, што браты і Наталя сёння гасцююць у Клейнаў, бацька астаўся дома, і яна будзе ў зборні толькі з маці, а магчыма – і адна. Алесь сумаваў без яе. І таму спяшаўся, хацеў сёння рашуча пагаварыць з Міхалінай і неяк рассекчы нерат, у якім яны так даўно блыталіся. Дуб быў ацяжэлы ўжо, але ўсё яшчэ магутны і грузлаваты дзікун. Касіў крывавым вокам і палохаў, задзіраў верхнюю губу, паказваючы зубы. Алесь якраз частаваў Дуба падсоленым жытнім сухаром, калі за сцяной, на праварыне, прагучаў і рэзка абарваўся шалёны пошчак капытоў. Дуб сваволіў і не хацеў браць. Устрывожаны Алесь кінуў яго і пайшоў быў да выхада, але ў гэты момант у стайню ўварваўся чырвоны ад ветру і хвалявання Паўлюк Кагут. Сэрца Алеся ўпала. – Што? – спытаў ён. Паўлюк хапаў ротам паветра, нібы бег ён, а не конь. Нарэшце вымавіў: – Раўбіча пайшлі граміць!.. – Хто?! – Людзі Корчака. – Ты што, здурэў? – Але… Але… Забіваць будуць. – Ды няма яго за што! Паўлюк не мог ведаць аб размове ў чаўнах, калі Кандрат, пакутуючы за дзядзькаванага брата, навёў людзей людзей Корчака на Раўбічаў маёнтак. Ён ні аб чым не здагадваўся. Нават аб вялікім плане нападу, што песціў у душы былы півошчынскі мужык. Але ён, пястун Янькі і адзіны, з якім яна была да канца шчырая, дазнаўся ад яе, што ў "нашага Алеські з Раўбічавай паненкай зноў, здаецца, ладзіцца справа…" Ні Кандрат, ні Андрэй нічога аб патаемным міры між Алесем і Міхалінай не ведалі. А здарылася так. Корчаку вельмі была патрэбна зброя. І яму, як і прадбачыў бялявы Іван Лапата, ніяк не ўдавалася ўзняць вялікую колькасць людзей. Чуткі аб блізкай волі прымушалі кожнага чакаць як мыш пад венікам. Не варта было ламаць шыю, калі ўсё адно вось‑вось зваліцца прыгон. Корчак здавольваўся ўсе гэтыя гады рабункам паштовых карэт, пагрозлівымі знакамі (чалавек у масцы, стрэльба і труна) на бяросце, якія клалі на ганак арандатарам‑пасрэднікам, ды зрэдку стрэлам у падатковага чыноўніка (аднаго падранілі, астатнія абышліся лёгкім перапудам). Большасць мужыкоў ад яго пайшла ў двары, былі дома, хоць і памагалі – "на ўсякі выпадак, а можа, спатрэбіцца". З чатырма дзесяткамі верных людзей ён адседжваўся ў пушчах. Пра яго пачалі казаць: нястрашны. Яму конча была патрэбна зброя. Бо Чорны Багдан Война, сустрэўшы аднойчы на лясной сцежцы ўсю гурму, здзекліва паехаў проста на яе, толькі паклаўшы руку на пісталет і свідруючы людзей падазронымі вачыма. Багдана баяліся: "Як сам чорт яму памагае. Няйначай, пярэварацень", – і саступілі з дарогі. А Багдан з'едліва ўсміхнуўся, выцягнуў пісталет і кінуў: – На, атаман. Вазьмі. На беднасць. Такога Корчак стрываць не мог. Гэты адзін ходзіць столькі год. І месяца не пройдзе, каб погаласка не пайшла: "Напаў адзін на паліцэйскі пост… Застрэліў… Коней адбіў і раздаў…" І Корчак, памятаючы словы Кандрата, вырашыў: "Раўбіч – будучы сваяк Хаданскіх… Не сцеражэцца… Будзе зброя… Ухвала і падтрымка з боку Кагутоў, а значыць – і азярышчанцаў". На Кроера ісці – было не па зубах: у таго ўсё яшчэ сядзелі чаркесы, ці што… Вялікага паходу распачаць таксама нельга: войска паўсюль. А Раўбіч не сцярогся. Корчак сяк і так картаваў карты. Выпадала адно: ісці на Раўбіча. …Нічога гэтага не ведалі Алесь і Паўлюк. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне. – Адкуль ведаеш? Паўлюк, відаць не падумаўшы, ляпнуў: – Стаю з Кахновай Галінкай ля плота… Подаўна ўжо… – Што? З Кахновай? Паўлюк заліўся чырванню. – Як жа гэта ты так?.. Ва ўласных братоў?.. Ты як ім цяпер у вочы глядзець будзеш? І тут Паўлюк раззлаваўся: – А што?! Самі вінаваты. Адзін аднаму дарогу саступаюць. Яна мне сказала: "Абрыдлі мне яны, Павёлка…" І потым, любая яна мне… І тут гумар сітуацыі дайшоў да Алеся. Загорскі зарагатаў. – "І ўстаў брат на братоў, а племя на племя…" Нічога, горшага б не было. Сурова кунуў: – Далей. Стаіш ты, значыць, з Кахновай Галінкай… – Кінь… Дык вось, стаю я, значыцца… Тфу!.. І чую, ідуць людзі. А насустрач ім чалавек стаў на грэблі… Паўлюк змоўчаў, што стаў насустрач людзям Пятрок, улюблёны Галінчын брат. – "Прасачылі, – кажа. – Раўбіч большасць людзей на фэст адпусціў. З ім у маёнтку чалавек восем". – "Добра, – кажа адзін з тых. – Рушым". – "Хлопцы, – кажа гэты, што ўстаў, – вы хаця душ жывых не губіце. Самі душы маеце". – "Змоўч, не зацінайся". Дый рушылі. – Даўно пайшлі? – бледны, спытаў Алесь. – Подаўна. Больш за гадзіну. Майка магла яшчэ быць там. Майка магла не паспець ад'ехаць… І яшчэ ён успомніў вочы Яраша, цёмныя вочы без райка, якія выпрабоўвалі… Гэта бацька Майкі. Гэта проста – Чалавек, жывы, і слабы, і моцны. Адно неўтаймаванае жаданне расло зараз у душы. Хутчэй, хутчэй ратаваць. – Што ж рабіць? – мармытаў ён. – Што ж рабіць? І раптам зразумеў, што рабіць. Зняў са сцяны вартаўнікову дубальтоўку, патранташ. – Зараз ты дапаможаш мне, а потым … клікнеш людзей тут і паскачаш на Чакан. Раткевіч цяпер на хутары. Падымай усіх. Скажы – Раўбічы гінуць. Стаў выводзіць, брытаючы на хаду, вогненнага Дуба. – Адвальвай дзверы. Усе адвальвай. – Ты што задумаў? – Потым будзеш пытаць. Адвальвай. Дзверы рыпелі, адлятаючы ад вушакоў, ляскалі ў сцены. Са стайні ляцела гігатанне. Алесь кінуўся да рыжага інаходца. – Як толькі крыкну – гані коней. – На глум? Паб'юцца ж! – Мой клопат. Праз некалькі хвілін у загарожу пачала, як павольны паток лавы, выцякаць цёмная конская маса. Здзіўленыя раптоўнай, у цемры, воляй, узбуджаныя коні пачалі ціха, а потым мацней і мацней іржаць, пакуль іржанне не ператварылася ў хаос гукаў. Гарачыя двухгодкі лёталі вакол табуна, узбрыквалі і хапалі храпамі адзін аднаго. І Дуб, нібы зразумеўшы, што чыніцца непарадак, загігатаў таксама, гнеўна. Алесь бачыў, як коні ўзнялі галовы на тонкіх шыях і замерлі. Слабае святло нованароджанага месяца мігцела ў насцярожаных дзікаватых вачах. Час! Загорскі павольна зрушыў Дуба, а за ім, таксама павольна, стаў плысці з двара табун – сто восемдзесят галоў. Нельга было гнаць, як ні хацелася. Коні маглі кінуцца і разбіцца аб бярвенні агарожы вакол праварыны. Азірнуўся: апошнія з табуна міналі браму. І толькі тут падумаў, што паспяшаўся і зрабіў дрэнна, не асядлаўшы Дуба. Давядзецца ехаць ахлюпкай, як у начлег. – Гані па людзей! – крыкнуў ён Паўлюку. І, паддаўшы пятамі ў бакі Дубу, з месца пусціў яго галопам. За спіною нібы абурылася зямля. Рознагалосы грукат разарваў ноч. Крычаць. Увесь час крычаць, каб хто не трапіў пад капыты. – Гэй! Гэ‑эй!.. Чорта з два пачуюць. Страляць зрэдку трэба, вось што. Слуп агню. Грукат. Дуб збіўся з нагі, але зноў кінуўся наперад яшчэ з большым імпэтам. – Гэй! Гэй! – язык агню. – Гэй! Табун! Табун імчаўся за ім шалёна. Нарастаючы грукат капытоў быў неўтаймавана грозны. Прыціснуўшыся да спіны каня, Алесь гнаў і гнаў яго. Праз ноч. Прысады. Пад шкляны звон у замерзлых лужынах. Кінуўся нехта ўбок, за дрэва, пачуўшы тупат. Чалавек? Звер? А, усё адно! Стрэл. Крык. Пошчак капытоў. Та‑та‑та, та‑та‑та, – рытмічна расколваў зямлю тупат. Коні ляцелі ў ноч… …Яраш Раўбіч стаяў, звязаны, перад чорным ганкам дома, трохі ў баку ад вялікаі галерэі. Адбіткі чырвонага агню скакалі па ягоным твары. Чуга была раздзёртая на грудзях, валасы зліпліся ад поту, на шчацэ наліваўся сіняк. Перад ім стаяла некалькі Корчакавых людзей. Яны мала чаго знайшлі са зброі, хоць абшукалі ўжо ўвесь дом. Дзве ці тры стрэльбы, шабля. Адзін з мужыкоў ледзь варочаў абедзвюма рукамі радавую святыню – двухручны меч. – Што напісана? – спытаў, разглядаючы вязь. Раўбіч усміхнуўся. – "Помні: цяжка вымаецца. Выняў – напой". – Дзякуй, – сказаў Корчак. – Мы вынялі… Напоім, дзякуй. Чорныя дрымуючыя вочы Корчака глядзелі з‑пад белай кучмы проста ў вочы Раўбічу. Але ён не ведаў, што такое позірк Раўбіча, які вытрымлівалі адзінкі, і, прынізліва адчуваючы, што вось‑вось, зараз, апусціць вочы, сказаў: – Павярніце яго, хай пакажа, дзе… – Баішся мяне, бандыт, – са спакойным здзекам сказаў Раўбіч. Нехта штурхнуў яго. – Труну сваю штурхаеш, сабачая косць. Людзі адкаснуліся. Раўбіч стаяў і глядзеў на свой дом, на шыбах якога скакала вінна‑чырвонае зарыва. Здавалася, што дом гарыць усярэдзіне. Дом, у якім ён пражыў жыццё і для якога зараз загіне. Страху ён не адчуваў. Канец дык канец. З таго дня, як пачаў самастойна думаць, знясільвала і прыгнечвала думка аб лёсе родная зямлі, аб тым, што шчаслівыя на ёй толькі мёртвыя. То няхай ужо. Добра, што нікога няма дома. На хвіліну ён успомніў Алеся. Дрэнна абышліся з хлопцам. Зганьбілі, аплявалі. А хлопец быў нішто. Любіў яго калісь. І вельмі, вельмі любіў Міхаліну. Дрэнна зрабілі, дрэнна. Лютасць душыла яго. Так трапіць! Так па‑дурному трапіць! Людзі знянацку, знялі, як соннага пеўня з куросадні. Людзі ўцяклі ад неспадзеўкі. Як па‑дурному канчаецца жыццё. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання. І раптам нічога не ўбачыць, загінуць. Ад рук нейкай наброднай банды, якая рушыла сюды, бо ён не сцярогся. Сюды, а не на сапраўдных цмокаў. Запясце Корчака абвіваў рамень кісцяня. Кісцень пагойдваўся. Калючы сталёвы шар, падобны на шышку дурнап'яну. – Зброя? – спытаў Корчак. – Не для вас назапасіў. Знайшлі тры стрэльбы – хопіць ад зайцоў адстрэльвацца. – У цябе колькі галоў? – спытаў адзін з лесавікоў, нізкалобы хлопец. – На адну больш, чым у цябе, – усміхнуўся Раўбіч. – Зраўняем, – сказаў Корчак. – Дзе зброя? Раўбіч маўчаў. – Ану, трасяні яго. Падцягні да вогнішча, – сказаў Корчак. І нібы, апраўдваючыся, дадаў: – Будзе ведаць, як у крыжы страляць. Здзярыце з яго чугу. Чуга лягла на скручаныя рукі, як крылы. – Дзе? Яраш маўчаў. Безвалосая гладкая скура паступава чырванела ад блізкага агню. Нізкалобы раптам засычэў. Ён трымаў Раўбіча за плячо, і валасы на суглобах ягоных пальцаў пачалі скручвацца і спякацца: – Ч‑чорт! Мужык, які толькі што адкінуў убок непатрэбны стары меч, раптам крыкнуў: – Корчак! Пабойся бога. Што ж ты робіш, кацюга? Чаго Юстына падбіваеш? Ты ж ведаеш, ён галавою скрушны… Нізкалобы Юстын непаразумела глядзеў на іх, трасучы рукою ў паветры. – Змоўч! – сказаў Корчак. – Змоўч, Брона. – Я пайду ад цябе, – спакойна сказаў Брона. – Я не кат. І ўсе мы, з Кроераўшчыны, не каты. Адна ў нас душа. А ты – як вурдалак прагны. Дачакаешся срэбнай кулі ды асінавага кала. Белыя вейкі мужыка дрыжалі, але казаў ён з запалам, смела. – Не будзе табе такое поспеху. Таксама і ў яго – гонар. Корчак трохі засмуціўся: – То што, можа, ужо васпан прапануе што? – Забі, а не здзекуйся… Ды ён сам скажа… Скажы, пане, не губі душы. Раўбіч глядзеў ў яго светлыя вочы: – Ідзі, хлопча Брона, у мой пакой, трэці ад залы. Яны не знайшлі… – Ну во, – узрадаваўся Брона. – А вы, сыраядцы… – …а там, за шторай, вісіць мой штуцэр. Для цябе ўжо адну стрэльбу знайду. Трымай на памяць… – А ім не скажаш? – спытаў Брона. – Ім не скажу, – проста кінуў Раўбіч. – Яны расамахі. Падлай харчуюцца. Кроў не па іх. – І, памаўчаўшы, сказаў: – Дабівайце, ці што. Брона глядзеў на Яраша са спакойнай варожасцю і павагай. – Т‑так, – сказаў Корчак. – І сапраўды… Паміраць стоячы будзеш? – Але. – Нажыліся мы тут, хлопцы. Дзякуй трэба сказаць аднаму дабрадзею за параду. – Не трэба яму тваёй падзякі, – спакойна сказаў Брона. – Ён сказаў праўду. Ёсць у гэтага чалавека зброя. Ды толькі ўсё вы ўлічылі, акрамя яго. Корчак глядзеў на Яраша. Потым выняў з похваў корд і старчма кінуў яго ў зямлю. – Ты не бойся, раўбіцкі пан. Удараць дакладна. – Я не баюся. Брона пабег па штуцэр і прынёс яго. – Ух‑х, які, – усміхаўся ён. – Аж рукі прыкіпелі. Вось гэта дык зброя. Ну, трымайцеся цяпер… Раўбіч усміхнуўся. Выгляд у хлопца быў як у дзіцяці, што атрымала цацку. – Ну, дзякуй… Ты – нічога!.. Ты нават падумаць не пасмееш, я пастараюся ўжо, – спяшаўся Брона і нібы растлумачыў: – Жонку маю з дзецьмі Кроер некуды ў Расейшчыну прадаў за непаслухмянасць… А што яна там? – Я разумею, – проста сказаў Раўбіч. – Вядзіце коней, хлопцы, – сказаў Корчак. – Дом паліць не будзем. Хай удаве будзе дзе жыць. – І усміхнуўся: – Мо і для мяне нешта знойдзеш? Раўбіч з жарсткаватай усмешкай пакруціў галавой. – Ды я жартую, – сказаў Корчак. Людзі з коньмі сталі трохі ўбаку і не глядзелі на іх. Нікому не хацелася глядзець на забойства. Брона выцягнуў з зямлі корд і стаў з левага боку і трошкі спераду ад Раўбіча. Глядзеў яму ў вочы спакойнымі і чужымі вачыма. – Маліся, – сказаў Корчак. Пан Яраш узняў галаву і, гледзячы на языкі высокага полымя, пачаў чытаць апакрыфічную малітву паноў‑латнікаў, супраць якой чатырыста год дарэмна змагалася царква. Беспаспяхова, бо чыталі яе адзін раз і потым не было каго караць. Брона слухаў, як падалі словы. Маўчаў і глядзеў чужымі вачыма. І ляцелі, ляцелі ў неба языкі агню. – " Воіны бога прыйшлі па мяне", – спакойна чытаў Раўбіч. Корчак адышоў да коней. – "Воіны бога прыйшлі па мяне… Яны прыйшлі – і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі – і не здрыгануліся калені мае… Цямноцце было вакол. І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў… …Як повень блізіліся яны… Як лава раслі яны… Як ураган раслі яны… Як сонца ў час смерці раслі яны". Дзіўны гук нарадзіўся недзе. Нібы пачынаўся абвал. Далёка‑далёка. Брона не здзівіўся. Так яно і павінна было быць. Што ж, калі на чалавека ішлі воіны бога… – "Як чорны агонь былi вочы iх: Як сухая трава ў агнi былi валасы iх: Як вежы ў пажар былi крылы iх: Як расплаўненая сталь былi мячы iх. …І разверзлася неба – і пажар быў за спінамі іх. Але не трапятала душа мая". Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Потым даляцелі два стрэлы, а праз хвіліну яшчэ два. – Што такое? – спытаў Корчак. – Вялікі атрад, – сказаў нехта. – Войска, – мармытнуў Юстын. – Наўцёкі, хлопцы! – Ці‑ха! – сказаў Корчак. Зямля грымела ўжо, нібы з жалеза была. – І праўда до, – сказаў Корчак і ўскінуўся ў сядло. – Заседзеліся… Брона, канчай ды даганяй. Людзі кранулі коней. Абвал ужо грымеў на ўсю сілу. Брона зрабіў крок і сустрэў вочы Раўбіча. – "Бо не баяўся я смерці дзяцей – ніжэ сваёй канчыны без канца і прычасці, без слёз і памяці…" Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю. Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам. …Алесь вырваўся паперадзе табуна на паплавец і ўбачыў разбітыя вокны, пашчапаныя дзверы дома – у іх білі сякерамі, – зыркі агонь, а ля яго нерухомага чалавека. Палалі флігель для гасцей, дом аконама і карэтная падпаленыя, каб было святлей. Рудое, як ільвіная грыва, полымя з гарачым гулам ляцела ў ноч. Курчыліся дахі, тясячамі рубінаў ззялі праз вэлюм агню бярвенні. Раўло, сыпала іскры, несла. І грозна круціўся ва ўсе бакі, пагражаючы мячом, флюгер – коннік на даху флігеля: гарачая труба паветра круціла яго. Варты жалю, маленькі і грозны коннік над морам агню. Алесь скочыў з каня і схіліўся над нерухомым целам. – Пан Яраш! Пан Яраш! …Яраш здзіўлена глядзеў на яго. Потым сеў, паціраючы запясці. – Нічога, – рэзка сказаў ён. – Дзе салдаты? – Якія салдаты? Я адзін.
У гэты момант людзі Корчака скакалі ўжо на тым баку возера. Спяшаліся хутчэй пакінуць між сабою і карным атрадам як найбольш вёрстаў. – Няўдача, – сказаў Корчак. – Ані зброі, анічога. Атрад нехта навёў. Гналі коней як апантаныя. І толькі пасля доўгага маўчання Корчак сказаў: – Нічога. Аднаго такі каюкнулі. Брона паціснуў плячыма. – Баюся, што не. Баюся, што ён застанецца жывы. – Ты што? – Часу не было. Калі я ўдарыў яго – мне здалося… корд напаткаў жалеза. – Бран‑за‑лет, – пахаладзеў Корчак. Брона моўчкі скакаў побач з Корчакам. Ён не шкадаваў ні аб чым. "Воіны бога прыйшлі па мяне". Ён усміхнуўся змрочна і пагладзіў у цемры варанёны ствол штуцэра.
Яраш непаразумела глядзеў на Алеся, запэцканага, з чорнымі пісягамі пад носам, відаць, пакінутымі бруднай рукой. Пад зблытанай чупрынай дзёрзка гарэлі доўгія шэрыя вочы. – А салдаты? – Ды адзін я, адзін. Уставайце. Яны паўцякалі. Раўбіч убачыў успенены табун, што ціснуўся далей ад агню. Перад табуном стаяў, прыціснуўшы вушы, вялізны жарабец і глядзеў на полымя. "Конь нябожчыка Юрыя. На ім ён быў, калі папярэдзіў… Тады, ля кургана. Не, ніколі не пайшоў бы пан Юры ў закалат". І гэты… Сапраўдны, адзін. Прыскакаў і садзьмуў іх, як віхурай. І ўбачыў яго на зямлі, ачмурэлага. Яшчэ, можа, падумаў, што самлеў, як баба. Яраш адчуў страшнае прыніжэнне. Ён, мужчына, а васьмю слугамі, са зброяй у доме, трапіў у рукі гэтым свінням і цэлую гадзіну цярпеў здзек, нібы чакаючы, што гэты шчанюк з'явіцца на дапамогу. Адзін, з бескарысным, як лёсачка, драбавіком у руках. Прыскакаў на дапамогу таму, каму "помсціў пагардай". Вядома, такім трэба скакаць на дапамогу, хіба яны самі абароняцца? – Уставайце. Яны не паранілі вас? Яраш нечакана лёгка ўзняўся, пачаў быў абабіваць бруд з жывата і каленяў і ледзь не застагнаў. Прыніжэнне шматавала яго. "Адзін… Адзін… Божа мой, ратуй мяне ад ганьбы… Ратуй мяне ад гэтага ўратавання". Каб Алесь сказаў тое, што хацеў сказаць: "Хутчэй, пан Яраш, могуць вярнуцца, а нас двое", – усё, магчыма, абышлося б. Раўбіч убачыў бы ў ягоным учынку простую смеласць, жаданне памагчы бацьку дзяўчыны, якую кахаў. Але ён не сказаў гэтага. Проста ўбачыў Ярашавы вочы і страшэнна здзівіўся. У вачах было нешта бязмернае і страшнае. – Маеш маё жыццё, – глуха сказаў Раўбіч. – Трэба будзе – аддам. – Нашто так? – Я яго не хацеў. То хіба не ўсё адно, каму аддаць? – Пане Раўбіч… – Я дорага даў бы, каб гэтай дапамогі не было. – Грэбуеце браць з рук? – абражаны, спытаў Загорскі. – Не бяру падачак. – Бацька… – зрабіў апошні крок Алесь. Можа, Раўбіч і зразумеў бы, каб глядзеў у вочы. Але ён глядзеў убок. – Я ні аб чым не прасіў. Ні наогул людзей, ні асабіста вас. Коннік круціўся ў моры агню. І, адчуваючы, што і сам ён такі, Алесь сказаў: – Прабачце… Каб я ведаў, што гэта так, – я прыслаў бы замест сябе слугу… Я меў нахабства падумаць, што я зраблю гэта лепей за яго… Відаць, дарэмна. Голас быў сумны і строгі. – Вы сёння маеце права казаць мне ўсё. Але таму я і не хацеў жыцця з вашых рук… І таму я ўзяў жыццё з рук хлопа, што разрэзаў мае вяроўкі… – Раўбіч хацеў хоць чым‑небудзь уразіць гэтага чалавека, пасеяць у ім хоць цень сумнення ў тым, што ўратаваў ён. – Хлопы лепшыя за вас, – скончыў ён. – Вы ўжо лічыце гэтыя вяроўкі сваімі? – сумна спытаў Алесь. – Хутка прывыклі. А хлопы сапраўды лепшыя… Лепшыя за нас… Больш высакародныя і ўдзячныя… Бывайце, Раўбіч. – І пайшоў да свайго жарабца. Пару разоў ён спрабаваў сесці і зноў ставіў нагу на зямлю. І толькі потым, сабраўшыся з сіламі, ускінуў цела на спіну Дуба. Моўчкі крануў з двара. Табун павольна пацягнуўся за ім, пакідаючы дом, у вокнах якога скакалі зарыва, полымя і постаць пасярэдзіне паплаўца. Самотны коннік круціўся ў моры агню…
Жыццё сабе ішло і ішло, нібы нічога не здарылася, і дзед па‑ранейшаму, але ўжо за сябе і за нябожчыка сына змагаўся за як найбольшую справядлівасць у вызваленні людзей. Яшчэ раней імператар даручыў генерал‑ад'ютанту Якаву Растоўцаву, што падаў калісьці сваю прапанову[38] адмены, кіраваць падрыхтоўкай рэформы, тым самым ухваліўшы яго думку і даўшы зразумець, што праекты губернскіх камітэтаў састарэлі. Для рэдагавання іх у сакавіку былі арганізаваны дапаможныя ўстановы пры галоўным камітэце – рэдакцыйныя камісіі, што тады ж селі за працу пад кіраўніцтвам Мікалая Мілюціна[39]. Людзі Мілюціна і ён сам былі ўсё ж лепшыя за многіх. Не лібералізмам, а тым, што гэта былі звычайныя людзі. Цікава, што магло б здарыцца, каб вызваленне, няхай намінальна, даручылі былому шэфу жандараў, а ў той час старшыні Дзяржаўнага савета і камітэта міністраў, Аляксею Арлову? Ад мінулага ў яго асталіся пэўныя схільнасці. У сучасным было поўнае фізічнае і маральнае падзенне, аж да таго, што ён маўчаў, поўзаў па падлозе і еў з пастаўленай на ёй місы, як сабака[40]. Невядома, што магло апраўдаць знаходжанне такога чалавека на высокай дзяржаўнай пасадзе. Тут не магло быць нават пытання аб дэкоруме, але гэта факт. Поўны вар'ят, жывёла з замашкамі жандара, больш за год займаў гэты пост. Не першы і не апошні выпадак. І пасля гэтага нехта мог казаць, што "Гісторыя горада Глупава" – пасквіль.
|
|||
|